Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вучэбны дапаможнік.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
653.06 Кб
Скачать

Азнаямленне дашкольнікаў з кніжнай ілюстрацыяй

Адным са сродкаў актыўнага ўспрымання і засваення літаратурнага твора з'яўляецца ілюстрацыя. Дзіця яшчэ не ўмее чытаць і яго першае знаёмства з кнігай адбываецца пры дапамозе ілюстрацый. Ілюстрацыя ў кнізе — гэта першая сустрэча дзяцей са светам выяўленчага мастацтва і кніжнай графікі. Выбіраючы кнігу для дзяцей, неабходна ацэньваць яе не толькі як літаратурны твор, але і як непарыўны комплекс слоўнага і выяўленчага мастацтваў. Ілюстрацыі, якія суправаджаюць тэкст, павінны быць высокамастацкімі, добра выкананымі графічна, пазнавальнымі, верагоднымі, дынамічнымі, даступнымі разуменню дзяцей, педагагічна жыццесцвярджальнымі.

Сярод ілюстратараў дзіцячых кніг ёсць цудоўныя мастакі: Т. Беразенская (казкі «Лісіца-хітрыца», «Жаронцы»), А. Лось (В. Вітка «Дударык»), Н. Паплаўская (Р. Кіплінг «Чаму ў слоніка доўгі нос»), Н. Селяшчук (зборнік казак «Бацькаў дар») і інш. Шырока вядомы такія рускія ілюстратары, як А. Пахомаў,У. Лебедзеў, Я. Чарушын, Я. Рачоў.

Разглядванне ілюстрацый пад кіраўніцтвам дарослых спрыяе эстэтычнаму ўспрыманню і лепшаму ўсведамленню тэксту літаратурнага твора.

Ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму ілюстрацыя дапамагае дзецям зразумець сэнс слова на другой мове, канкрэтызуе і ўдакладняе вобразы, якія выражаны ў мастацкім слове.

У большасці выпадкаў ілюстрацыі паказваюць дзецям пасля чытання мастацкага твора. Аднак бываюць і выключэнні. Так, каб зацікавіць дашкольнікаў мастацкім зместам твора, актывізаваць іх увагу, педагог перад чытаннем можа паказаць дзецям прыгожую каляровую вокладку. Разам з тым ёсць кнігі, дзе малюнак займае. усю старонку, і тэкст з'яўляецца толькі яго суправаджэннем. Напрыклад, «Ладачкі-ладкі» В. Віткі. У ходзе чытання такіх кніг выхавацель спачатку паказвае ілюстрацыю, а затым чытае адпаведны тэкст, які павінен ведаць на памяць. Для маленькіх увесь змест кніжак часта заключаецца ў ілюстрацыях (гэта так званыя кніжкі-карцінкі), дзе асноўннае месца адводзіцца яркаму малюнку і значна меншае невялічкаму вершаванаму тэксту. Разглядаючы малюнкі малыя ў першую чаргу звяртаюць увагу на асноўныя формы адлюстравання, дэталі ж застаюцца па-за іх увагай. Больш таго, дзіця малодшага дашкольнага ўзросту ўспрымае малюнак непасрэдна і канкрэтна. Таму выхавацелю неабходна звяртаць увагу ў першую чаргу на прадметнасць і псіхалагічную выразнасць ілюстрацый. Прадметы і з'явы ўспрымаюцца дзецьмі як рэальна існуючыя, з якімі хочацца дзейнічаць і размаўляць. У гэтым узросце кніжныя ілюстрацыі даюць шырокі прастор для развіцця ўяўленняў, маўлення дзяцей.Для малодшых дашкольнікаў у час азнаямлення з ілюстрацыямі вельмі важна пазнаць у малюнку адлюстраваныя прадметы. Вызначальную ролю пры гэтым выконвае слова выхавацеля, якое дапамагае асэнсаванаму і эмацыянальнаму ўспрыманню ілюстрацыі. Яно накіравана на тое, каб дапамагчы дзіцяці знайсці падабенства са знаёмым прадметам, назваць яго. (Што гэта? Як называецца?) .Пасля таго як прадмет названы, ставіцца цэлы шэраг пытанняў, якія адносяцца да яго характарыстыкі. Дзеці ў адказ называюць велічыню, форму прадметаў. Паказваючы дзецям ілюстрацыі, неабходна звяртацца да тэксту і чытаць найбольш выразныя месцы, выкарыстоўваючы прыём суаднясення адпаведных месц тэксту з малюнкамі. У гэтым выпадку будзе здейснена сапраўдная ўзаемасувязь паміж зместам тэксту і ілюстрацыяй.

Разглядванню ілюстрацый могуць быць прысвечаны спецыяльныя заняткі. Разнастайнасць прыёмаў, якія педагог выкарыстоўвае ў час іх правядзення, добра ўплывае як на ўспрыманне малымі самой ілюстрацыі, так і на ўспрыманне зместу ўсяго літаратурнага твора. Спалучэнне мастацкага слова з гульнявымі прыёмамі непасрэдна адбіваецца на актыўнасці ўспрымання, развівае назіральнасць і маўленне. Выхавацель сваімі пытаннямі ўключае дзяцей у спаборніцтва; «Хто больш дакладна разгледзіць карцінку. Калі дзіця заяўляе, што яно болей нікога не бачыць выхавацель падказвае, што яшчэ можна разглядзець.

Малодшым дашкольнікам можна прапанаваць вызначыць, да якога верша намалявана карцінка. Напрыклад, дзеці добра ведаюць забаўкі пра бычка, пра коціка. Паглядзеўшы ілюстрацыі да аднаго з вершаў, яны с задавальненнем пачынаюць адгадваць: «Гэта пра бычка», «Гэта пра коціка»,— гавораць яны і пачынаюць успамінаць мастацкі твор.

Для дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту характэрна актыўнае ўспрыманне ілюстрацыі . Яны імкнуцца паказаць тыя позы і рухі персанажаў, якія адлюстраваны на карцінцы. Гэту асаблівасць неабходна ўлічваць і час ад часу прапаноўваць перадаваць у позах і дзеяннях рухі адлюстраваных фігур.

Малым нават можна прпанаваць паставіць сябе на месца дзеючага персанажа ілюстрацыі. Калі дзіця такім чынам “уваходзіць” у змест ілюстрацыі, яно ў далейшым з вялікай зацікаўленасцю пачынае расказваць “ пра самога сябе”.

У сярэднім дашкольным узросце для актывізацыі ўспрымання дзецьмі ілюстрацый асаблівую значнасць набываюць пытанні выхавацеля, якія накіроўваюць увагу дашкольнікаў на вызначэнне выяўленчых сродкаў выразнасці . Тут, у першую чаргу, педагог звяртае ўвагу дзяцей на характарыстыку персанажаў, іх позы, жэсты, выразы твараў, пастаноўку фігур.

Пры разглядванні ілюстрацый вельмі важна ўмела спалучаць пытанні з тлумачэннямі і абагульненнямі педагога. Яны павінны быць, па магчымасці, вобразнымі і выразнымі, каб стварыць у дзяцей пэўны настрой, выклікаць адпаведныя пачуцці.

3 дзецьмі пяці гадоў можна праводзіць параўнальнае разглядванне ілюстрацый да аднаго і таго ж твора, якія напісаны рознымі мастакамі ці выкананы рознымі паліграфічнымі спосабамі.

Калі ў чатырох ці пяцігадовым узросце дзеці толькі называюць колер, то шасці-сямігадовых дашкольнікаў ужо можна падвесці да вызначэння святла як сродку перадачы пэўнага настрою.

У старэйшым дашкольным узросце дзеці ўжо здольныя да ацэнкі карцінак-ілюстрацый. Яны імкнуцца адказаць на пытанні: “Спадабалася ці не спадабалася карцінка? Чаму?»

Пры разглядванні ілюстрацый увага дашкольнікаў звяртаецца на іх сувязь з жанрам твора. Так, у гумарыстычных творах гумар падаецца на ілюстрацыях праз адпаведныя жэсты, міміку персанажаў, незвычайнасць сітуацый, дэталей.

Асобае месца займае ўспрыманне ілюстрацый да казак. Выхавацелю пажадана звярнуць увагу дзяцей на тыя выразныя сродкі, якія ствараюць атмасферу казачнасці (прыём узмацнення асобных рыс, своеасаблівы казачны каларыт).

Старэйшым дашкольнікам можна прапанаваць разглядзець ілюстрацыі да мастацкіх твораў паралельна з рэпрадукцыямі жывапісных карцін. Пры гэтым увага дзяцей звяртаецца на пейзаж, унутраны стан персанажаў.

У рабоце з дзецьмі дашкольнага ўзросту шырока выкарыстоўваюцца серыі карцін-ілюстрацый да казак. У малодшым ўзросце работа накіравана на тое, каб уважліва разглядаць ілюстрацыі і пазнаваць герояў казкі, у сярэднім — разумець сюжэт, апісваць ілюстрацыі па пытаннях выхавацеля. Старэйшыя дашкольнікі з дапамогай выхавацеля ўзнаўляюць у памяці і апісваюць падзеі ў той паслядоўнасці, у якой яны ўспрымалі казку. 3 дапамогай серыі ілюстрацый можна выкарыстаць прыём састаўлення калектыўнага расказвання па зместу казкі. Пачынае расказваць выхавацель, далей працягваюць дзеці. У старшай групе гэта таксама можа быць: прыдумванне па ілюстрацыі назвы да кожнага эпізоду, узнаўленне і расказванне эпізодаў казкі па ілюстрацыях, пераказ казкі па серыі ілюстрацый, гульнявыя літаратурныя віктарыны.