Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вучэбны дапаможнік.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
653.06 Кб
Скачать

Асаблівасці ўспрымання твораў мастацкай літаратуры дзецьмі дашкольнага ўзросту

Успрыманне мастацкага твора з'яўляецца адным з асноўных кампанентаў мастацка-маўленчай дзейнасці. Яно ўяўляе сабой складаны працэс, які ўключае слуханне, уяўленне, усведамленне праслуханага і разуменне яго зместу.

Слуханне мастацкага твора прадстаўляе сабой працэс перцэптыўнай дзейнасці, у ходзе якой дзіця ўспрымае твор пры дапамозе слыхавога і зрокавага аналізатараў. Першы забяспечвае адчуванне дзецьмі інтанацыйнай выразнасці мастацкага твора, другі -- абумоўлівае ўспрыманне пэўнай мімікі і жэстаў у час яго расказвання педагогам.

Успрыманне мастацкай літаратуры непарыўна звязана з пранікненнем у мастацка-вобразны змест яе твораў. У літаратурных мастацкіх вобразах адлюстроўваецца рэальнае навакольнае жыццё. Зразумела, што іх успрыманне апасродкавана мінулым вопытам дзіцяці, які з цягам часу ў яго ўдасканальваецца.Чым цяснейшая сувязь паміж зместам мастацкага твора і жыццёвым вопытам дашкольнікаў, тым большай эмацыянальнасцю вызначаецца іх успрыманне. Спасціжэнне літаратурных твораў суправаджаецца глыбокім эмацыянальным водгукам — пачуццём захаплення, радасці. сумнення, смутку.

У эстэтычным развіцці дашкольнікаў вызначаюць два перыяды, якія маюць якасныя адрозненні і звязаны з развіццём асобы дзіцяці ў цэлым. Як вызначае К. І. Чукоўскі, першы перыяд працягваецца ад “дзвюх да пяці” – калі малое дзіця яшчэ недастаткова адрознівае жыццё ад мастацтва. Пасля пяці гадоў пачынаецца другі перыяд , калі мастацтва слова выступае як асобная дзейнасць.

Аб магчымасці дашкольнікаў глыбока ўспрымаць змест літаратурных твораў як мастацтва слова, пранікаць у іх маральна-эстэтычны сэнс сведчаць псіхалагічныя даследаванні А. Ул. Запарожца, Л. I. Бажовіч, Л. С. Славінай. У сваіх даследаваннях вучоныя адзначаюць, што ўспрыманне мастацкіх твораў дашкольнікамі суправаджаецца шчырасцю; праўдзівасцю; непасрэднасцю перажыванняў і зацікаўленасцю; захапляльнасцю; развіццём уяўленняў, на аснове якіх пераўтвараецца прошлы вопыт дзіцяці.

Дашкольны ўзрост з'яўляецца перыядам актыўнага станаўлення ўспрымання мастацкіх твораў. Малодшыя дашкольнікі, слухаючы апавяданне ці казку, “садзейнічаюць” з героям, больш старэйшыя дзеці “саудзельнічаюць” з ім і гэтае саудзельніцтва праяўляецца ў іх знешняй дзейнасці. Калі твор зацікавіў дзяцей, то яны ўвесь час перапыняюць ход расказвання, звяртаюцца да дарослага з пытаннямі, намагаюцца дапамагчы героям.

Успрыманне мастацкага твора малодшымі дашкольнікамі вызначаецца сваёй непасрэднасцю і міжвольнасцю. Увага маленькіх у большай ступені накіравана на саміх герояў твора. Дашкольнікаў цікавіць іх знешні выгляд, дзеянні, учынкі. Яны эмацыянальна ўспрымаюць падзеі, што апісваюцца ў творы, актыўна перажываюць усё, што адбываецца з героем, нават з фантастычным. Іх вельмі радуе перамога дабра над злом. . Ва ўспрыманні і ацэнках літаратурных твораў у малодшых дашкольнікаў у большай частцы пераважае палярнасць, якая вызначаецца або белымі, або чорнымі танамі.

Пасля чатырох гадоў мастацкі вопыт дзяцей удасканальваецца і ўзбагачаецца. Дашкольнікі пачынаюць адрозніваць межы паміж рэальнымі і казачнымі жанрамі, адчуваюць законы казачнай фантастыкі, што дазваляе паступова развіваць іх першыя ўяўленні аб некаторых асаблівасцях жанру (загадкі, казкі, апавяданні, небыліцы).

Бывае, што эмацыянальныя адносіны дзяцей да твораў мастацтва прыводзяць да нечаканых для дарослых дзеянняў. Спачуваючы літаратурнаму герою, дзіця спрабуе непасрэдна, практычна ўздзейнічаць на творы мастацтва. Чорнай фарбай замалёўвае на карцінцы адмоўнага героя, вырывае іілюстрацыю з яго выявай, прапускае у час пераказаў непрыемныя падзеі, мяняе іх ход, канцоўку твора.

У пяцігадовым узросце дзеці дастаткова асэнсавана ўспрымаюць мастацкі твор. Яны лёгка ўстанаўліваюць простыя прычынныя сувязі ў сюжэце, характарызуюць герояў кніг, часцей выказваюць правільныя меркаванні аб іх учынках, якія грунтуюцца на жыццёвых уяўленнях, аб пэўных нормах маральных паводзін, што ўжо склаліся. Эмацыянальныя адносіны да герояў кніг і літаратурных фактаў набываюць у дзяцей дзейнаснае значэнне. Дашкольнікі з'яўляюцца пасіўнымі ўдзельнікамі адлюстроўваемых падзей, якія яны імкнуцца перажыць у сваіх думках і разам з героямі. Выдатны дзіцячы пісьменнік і мовазнаўца К. І. Чукоўскі пісаў , што менавіта ў гэтую пару ў дзяцей заканчваецца перыяд зліяння паэзіі з крыкамі і тупатаннем ног і пачынаецца эпоха, якая вызначаецца больш высокай культурай , эпоха дыфферэнцыяцыі мастацтваў. Дзеці імкнуцца да спасціжэння ўнутранага сэнсу твора.Мастацтва слова становіцца для дзіцяці самацэнным.

Старэйшыя дашкольнікі могуць ужо ў пэўнай ступені перажыць у сваіх уяўленнях змест таго, пра што напісана ў кнізе. У гэтым узросце яны пераходзяць на стадыю асабіста мастацкіх адносін да літаратуры. Тут успрыманне мастацкага твора суправаджаецца спачуваннем, здольнасцю перажыць змест твора ў сваіх дзеяннях, патрэбай ў такога рода перажываннях.

А. У. Запарожац адзначаў, што дзяцей ужо не здавальняе такое вызначэнне сітуацыі, калі невядома хто добры, а хто дрэнны. Яны намагаюцца ў час успрымання адразу вызначыць станоўчых герояў, прыняць іх пазіцыю і негатыўна ставяцца да ўсіх тых, хто іх у гэтым творы не задавальняе. Бывае, што нават нежывыя рэчы падлягаюць суровай крытыцы, калі дзіця не знаходзіць таго, каго можна было б абвінаваціць у тым, што здарылася.

Характэрнымі асаблівасцямі ўспрымання становяцца неаднолькавыя адносіны дашкольнікаў да твораў пэўнага зместу і стылю (казачным, вандроўніцкім, прыродазнаўчым, гістарычным, фантастычным і інш.).

У працэсе ўспрымання мастацкага твора дзеці спрабуюць устанаўліваць шматлікія сувязі ў тэксце (логіку падзей, прычыны і вынікі ўзнікнення канфліктаў, матывы паводзін герояў, ролю мастацкай дэталі і інш.).

На шостым годзе жыцця дзеці ўспрымаюць літаратурнага героя ў яго розных праяўленнях. Іх цікавіць не толькі яго знешні выгляд, але і яго ўчынкі, перажыванні, думкі, якім яны імкнуцца даць пэўную ацэнку. Неабходна адзначыць, што адносіны да прачытанага ў старшых дашкольнікаў знешне праяўляюцца не так ярка, як у маленькіх, але разам з тым яны набываюць значна большую асэнсаванасць, глыбіню і ўстойлівасць

Па зазначэнні А. Ул. Запарожца “ дзіця праходзіць доўгі шлях развіцця адносін да мастацкага твора: ад непасрэднага наіўнага ўдзелу ў адлюстроўваемых падзеях да больш складаных форм эстэтычнага ўспрымання, якія для правільнай ацэнкі з’яў патрабуюць умення заняць пазіцыю па-за імі, паглядваючы на іх быццам бы збоку” 1.

Эмацыянальны водгук, які выклікаюць кнігі, узбагачае духоўны свет дзіцяці, рыхтуе яго да рэальнага жыцця, павышае цікавасць да ўнутранага свету людзей, дапамагае яму лепш убачыць драматычнае і камічнае ў жыцці, з гумарам адносіцца да некаторых жыццёвых сітуацый. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да фарміравання ў старшых дашкольнікаў мастацкага густу. У іх паяўляюцца любімыя апавяданні, казкі, пісьменнікі.

Асаблівае месца ў дзяцей дашкольнага ўзросту займае ўспрыманне казкі.

А. Ул. Запарожац сцвярджаў, што ў час успрымання казкі ў дзіцяці фарміруюцца «пэўныя рэалістычныя тэндэнцыі». Слухаючы казку, дашкольнік падыходзіць да яе ацэнкі з рэалістычных пазіцый.

Першая сустрэча дашкольнікаў з казачнай творчасцю адбываецца з дапамогай казак пра жывёл. Мастацкія вобразы гэтых казак вылучаюцца сваёй дасканаласцю і лагічнасцю. Своеасаблівы казачны склад ствараецца тут шырокім ужываннем пастаянных эпітэтаў, параўнанняў, уключэннем у жывую тканіну апавядання песень, прыказак, а таксама рознымі кампазіцыйнымі сродкамі: зачынам, канчатка, паўторамі . Натуральна, што кмпазіцыйная пабудова гэтых казак вызначаецца сваёй прастатой і лёгкасцю. У гэтых творах дзейнічаюць дзікія і свойскія жывёлы, а таксама птушкі і расліны. У працэсе ўспрымання казак пра жывёл перад дзецьмі паўстаюць не толькі вобразы цікавыя і жывыя, з характэрнымі асаблівасцямі паводзін і знешняга выгляду, але, у першую чаргу, вобразы абагульненыя, якія раскрываюць перад дашкольнікамі сяброўства і здраду, бескарыслівасць і прагнасць, справядлівасць і ашуканства і г.д.

Чарадзейныя казкі вабяць слухача прыгодамі сваіх герояў, дасканаласцю сваёй мастацкай формы.

1.Запорожец А.В. Психология восприятия ребенком-дошкольником литературного произведения // Труды Всероссийской научной конференции по дошкольному воспитанию.—М.,1949.- С.242.

Незвычайныя істоты і цудоўныя чарадзейныя рэчы, як і неверагодныя подзвігі герояў, захапляюць слухача, пераносяць яго ў нейкі незнаёмы, нават крышачку страшны, але вельмі цікавы свет.

Пэўнаму ўспрыманню казак садзейнічаюць характэрныя для іх эпізоды пераўтварэння чалавека ў розных жывёл, птушак, што надае творам яшчэ больш таямнічасці і чароўнай прыгажосці. Успрыманне гэтых казак прымушае дзяцей спачуваць пазітыўным героям. Яны нават стараюцца дапамагчы ім сваімі падказкамі.

Сацыяльна-бытавыя казкі таксама з’яўляюцца даступнымі для ўспрымання дзяцей дашкольнага ўзросту. Героі гэтых казак – простыя людзі, якія не валодаюць звышнатуральнай сілай, але здольныя перамагчы сваіх ворагаў дзякуючы кемлівасці, розуму, дасціпнасці, знаходлівасці. Дзейнічаюць героі гэтых казак ва ўмовах будзённага сялянскага жыцця. Раскрываецца змест бытавых казак часцей за ўсё не шляхам разгорнутага эпічнага апісання, а праз кароткія малюнкі, сцэнкі, эпізоды, у якіх , аднак, даволі выразна малююцца мастацкія вобразы. Прычым перабольшаны і гратэскава-карыкатурны паказ асобных з’яў і рыс персанажаў ніколькі не перашкаджае ўспрыманню дашкольнікамі праўдзівасці адлюстраванага ў гэтых казках жыцця. Наадварот, гэта дапамагае завастрыць увагу маленькіх слухачоў пераважна на тых камічных момантах і тых адметных якасцях, якія з найбольшай сілай вылучаюць і падкрэсліваюць галоўнае ў пэўным выпадку або ў адпаведнай з’яве. Таму гэтыя казкі і на сёняшні дзень маюць эстэтычна-выхаваўчае значэнне.

Дашкольны ўзрост лічыцца найбольш спрыяльным перыядам мастацкага ўспрымання паэзіі. У гады дзяцінства назіраецца асаблівае імкненне дзіцяці да рытмічна-арганізаванага складу маўлення. Дашкольнікі вельмі любяць слухаць і чытаць вершы. Яны аддаюць ім відавочную перавагу ў параўнанні з празаічнымі творамі. Дзяцей цягне да дынамічных рытмаў, радаснай мелодыкі, рыфмы. Яны без перапынку патрабуюць паўтараць кароткія, добра рытмізаваныя вершы з дакладнай, зразумелай і яркай рыфмай. “Непасрэднасць і эмацыянальнасць дапамагаюць маленькаму чытачу (дакладней слухачу) правільна ўлаўліваць агульную танальнасць верша, яго настрой, нават тады, калі ён не разумее значэнне многіх слоў ці адлюстроўваемых пэўных сітуацый. Там, дзе даросламу неабходна зразумець, каб атрымаць асалоду, маленькі слухач атрымлівае задавальненне непасрэдна ад гучання верша» 1.

Сапраўднаму глыбокаму ўспрыманню паэтычнага мастацтва дзяцей неабходна вучыць. «Калі дзеці вучацца спевам, слуханню музыкі, рытмічнай гімнастыцы і г. д., — пісаў К. I. Чукоўскі, — то іх, тым больш, неабходна вучыць успрыманню вершаў» 2.

Кола дзіцячага чытання

У першы пласт дзіцячага чытання ўваходзяць творы вуснай народнай творчасці , у тым ліку і казкі. Карысна знаёміць дзяцей не толькі з творамі вуснай народнай творчасці свайго народу, але і з лепшымі фальклорнымі ўзорамі слоўнага мастацтва братніх народаў ( рускіх, украінцаў), а таксама народаў усяго свету.

У другі пласт дзіцячага чытання ўваходзяць творы класічнай літаратуры, якія створаны спецыяльна для дзяцей, ці тыя, што перайшлі з “дарослага” ў разрад “дзіцячага чытання. Да іх у першую чаргу, адносяцца творы А. Пушкіна, Л. Талстога, І. Буніна, А. Купрына, А. Чэхава, К. Ушынскага, Я. Коласа, Я. Купалы, А. Блока, А. Фета, Ф. Багушэвіча, Ф. Цютчава, М. Багдановіча, В. Гюго і інш. Народны пісьменнік Беларусі Я. Колас падкрэсліваў неабходнасць уключэння ў кола дзіцячага чытання твораў пісьменнікаў-класікаў. Ён адзначаў, што пры кожным новым прачытванні гэтыя творы адкрываюць чытачам “ усё новыя думкі, настроі, пачуцці, ідэі ... і трэба як найраней прышчапляць дзецям любасць да гэтых пісьменнікаў. А гэтая любасць дасягаецца толькі чытаннем”1.

У трэцюю частку , якая складае кола дзіцячага чытання, увайшлі творы ўласна дзіцячай літаратуры, г. зн. творы, якія спецыяльна напісаны для дзяцей пэўнага ўзросту дзіцячымі пісьменнікамі К. Чукоўскім, С. Маршаком, А. Барто, Э. Агняцвет, В. Віткай, Д. Хармсам і інш.

1. Глоцер В. Дети пишут стихи. М., 1968. С. 45.

2.Чуковский К. И. От двух до пяти. Мн., 1978. С. 45. 1.

Сучаснае дзіця немагчыма сабе ўявіць без захапляючых кніг М. Карэма, Д. Бісета, Ф. Грубіна, А. Босева, Нагуці Удзе, Л. Берга, У. Дыснея, Р. Кіплінга, Л. Кэрала, Д. Хармса і інш. Спіс класічных і сучасных мастацкіх твораў і пісьменніцкіх імёнаў можна значна пашырыць. Аднак для таго, каб адбыўся кантакт паміж маленькім слухачом і кнігай , неабходна, каб дзіця праслухала прапанаваны яму твор і асэнсавала яго. Якія ж паказчыкі адпавядаюць сапраўднай дзіцячай кнізе, як вызначыць, што гэта цікавы мастацкі твор, а не яго літаратурны падробак? У адпаведнасці з высокай ацэнкай адукацыйнага і выхаваўчага значэння дзіцячага чытання слушныя патрабаванні да стварэння дзіцячай кніжкі былі выказаны народным пісьменнікам Беларусі Я. Коласам, які адзначаў, што твор павінен быць цікавым для дзяцей, каб выклікаць у іх ахвоту да чытання; выхоўваць спачуванне, маральную чуласць. Калі артыкул навуковага характару, то ён павінен даваць і верныя веды.

Па зазначэнні К.І. Чукоўскага, вызначальным для дзіцячай кніжкі з’яўляецца яе гульнявы характар. У сучаснай дзіцячай літаратуры даволі многа мастацкіх твораў, якія пабудаваны па правілах дзіцячай гульні. Пісьменнікі з дапамогай мастацкага тэксту прапаноўваюць дзецям сюжэтна-ролевую гульню, зместам якой з’яўляюцца падзеі рэальнай рэчаіснасці.

У адпаведнасці з даследаваннямі В.І. Салаўёвай, Н.С. Карпінскай,М.М. Конінай, Л.М. Гуровіч, добры твор для дзіцяці характарызуецца сугучнымі для дзяцінства асаблівасцямі: пастаянным рухам сюжэту, зменай сітуацый, пастаянным працэсам аднаўлення карцін жыцця, займальнасцю, даверам, добразычлівасцю, пяшчотнасцю ў адносінах да слухача.

Спісы твораў дзіцячай літаратуры знаходзяцца ў праграме выхавання і развіцця дашкоьнікаў, па якой працуе дзіцячая дашкольная ўстанова. Акрамя таго выхавальнік мае права самастойна уключаць у кола дзіцячага чытання тыя мастацкія творы, якія на яго погляд больш падыходзяць да ўспрымання іх

Колас Я. Зб. тв.: У 14 т. Мн., 1976.Т.12.С. 494.

дзецьмі пэўнай узроставай групы.