Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вучэбны дапаможнік.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
653.06 Кб
Скачать

Навучанне творчаму расказванню

У аснове творчага расказвання ляжаць творчыя ўяўленні, фантазія. Дзеці сінтэзуюць уяўленні памяці, у новых камбінацыях пераўтвараюць засвоеныя раней веды.

У дзяцей дашкольнага ўзросту пераважаюць узнаўнальныя (рэпрадуктыўныя) уяўленні. У практычнай, прадметнай дзейнасці (гульні, канструяванні, маляванні) такія ўяўленні шырока праяўляюцца ўжо ў раннім і малодшым дашкольным узросце. Пры гэтым яны ўзнікаюць без свядома пастаўленай мэты, г. зн. міжвольна. Затым разам з далейшым развіццём неадвольных яўленняў з'яўляецца якасна новы тып уяўленняў - адвольныя ўяўленні. На гэтым этапе ўяўленні набываюць актыўны, творчы характар. Вобразы ўяўленняў дашкольнікаў адрозніваюцца асаблівай яркасцю, нагляднасцю, рухавасцю. Напрыклад, падлога - гэта рака, дыванчык — лодка, калі сысці з дыванчыка-лодкі, патонеш. У той жа час, адзначаў В..А. Запарожац, уяўленням дашкольніка ўласцівы своеасаблівы рэалізм, імкненне прытрымлівацца праўды паводзін у жыцці. Так, на пытанне, ці можа шчотка размаўляць, дзіця адказвае, што ў казцы можа. Але калі яно чуе ў казцы, што хлопчык замест дрэннага пяра ўзяў шчотку, каб прыгожа пісаць, пачынае аспрэчваць такі паварот сюжэта: «Шчотка вялікая і брудная, ёю нельга пісаць!»

Прадуктам творчага расказвання дзяцей выступае лагічны паслядоўны расказ сюжэтнага або апісальнага характару. Па змесце ён можа быць рэалістычным. Напрыклад, прыдумваючы апавяданне пра жыццё выдуманага героя, дзіця робіць аналіз падобных выпадкаў са свайго вопыту, перажытых асабіста або пачутых ад іншых, а потым творча сінтэзуе новую з'яву, стварае новы сюжэт, новы вобраз героя і абставін яго жыцця. Творчы расказ можа быць з элементамі фантазіравання (прыдумванне казак).

Пытанні навучання дзяцей творчаму расказванню раскрываюцца ў працах Л. I. Ціхеевай, А. А. Флёрынай, Л. А. Пеньеўскай, Н. П. Арланавай, Э. П. Каратковай, А. С. Ушаковай, Н. Ф. Вінаградавай, Л. М. Бародзіч, Л. У. Варошнінай і інш. А. М. Бародзіч папярэджвае: «Кіруючы прыдумваннем расказаў, трэба сачыць, каб стваральнае, творчае ўяўленне не ператваралася ў пустое фантазіраванне, якое ў псіхалогіі ацэньваецца як адмоўная якасць, што характарызуецца адсутнасцю крытычнасці розуму. У працэсе прыдумвання расказаў фарміруецца адначасова і крытычнае мысленне дзяцей (Ці магло так быць?)»61. Заняткі па навучанні творчаму расказванню праводзяцца з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту. Але падрыхтоўка да іх пачынаецца значна раней.

Прыдуманыя дзіцячыя расказы класіфікуюцца ў залежнасці ад выкарыстанага матэрыялу. Творчыя расказванні на нагляднай аснове — гэта распавяданні па сюжэтным гульнявым абсталяванні, сюжэтнае апавяданне пра адну цацку; прыдумванне пачатку або канца падзей, адлюстраваных на карціне, апісанні прыроды. Творчыя апавяданні на слоўнай аснове — гэта прыдумванне канца апавядання або казкі, распачатага выхавальнікам; расказванне на тэму, прапанаваную выхавальнікам, самастойнае стварэнне дзецьмі гісторый.

Навучанне дзяцей расказванню пачынаецца з найбольш лёгкіх варыянтаў расказаў з элементамі творчасці, напрыклад расказванне пра цацку. Для заняткаў такога віду можна выкарыстоўваць вобразныя і дыдактычныя цацкі: вежачкі, сцяжкі, матрошкі і інш. Пасля апісання цацкі трэба расказаць, як з ёю можна гуляць.

Больш складаным відам работы з'яўляецца расказ па сюжэтным гульнявым абсталяванні. Гэтыя заняткі набліжаюцца да разгорнутага творчага распавядання з апорай на наглядны матэрыял. Дзеці складваюць невялікае сюжэтнае апавяданне пра групу цацак. Спачатку варта стварыць найпрасцейшую гульнявую сітуацыю з невялікай колькасцю цацак. Напрыклад, дзецям прапануецца тэма «У гасцях у лялькі Аленкі». Выхавальнік абстаўляе лялечны пакой, у якім за сталом сядзяць тры-чатыры лялькі і разглядваюць кнігу. Дзеці расказваюць, хто прыйшоў да Аленкі ў госці, што новага расказала або паказала ім Аленка. 3 дапамогай нагляднасці можна змяняць сюжэт, дапаўняць яго новымі прадметамі або часткова замяняць іх. Можна скласці серыю апавяданняў («Дзень нараджэння лялькі», «Лялька частуе гасцей» і да т. п.). На першых этапах выхавальнік дае дзецям узоры апавяданняў, затым абмяжоўваецца толькі тэмай або планам.

Больш складанай работы ўяўлення патрабуюць творчыя апавяданні пра адну цацку. Дзіцяці трэба самастойна прыдумаць вобразныя сітуацыі, дзеянні з цацкай. Таму гэтае заданне ставіцца толькі старэйшым дашкольнікам. Спачатку дзецям можна прапанаваць розныя цацкі. Пра адну з іх расказвае выхавальнік, пра іншыя - расказваюць дзеці. Мэтазгодна дазволіць у час расказвання ўзяць цацку ў руку, паказаць некаторыя дзеянні з ёю. Больш складаным з’яўляецца заданне расказаць пра адну цацку, але з рознымі сюжэтамі Калі дзецям цяжка яго выканаць, выхавальнік можа прапанаваць варыянты развіцця сюжэту.

Калі дзеці авалодаюць уменнем складаць рэалістычныя апавяданні, можна прапанаваць ім скласці казку пра цацкі. Мэтазгодна ўключаць казачныя персанажы - Бураціна, Ката Мартына, Чырвоную Шапачку і іншых, а таксама цацкі-жывёлы, якія часта дзейнічаюць у казках — зайца, мядзведзя, лісіцу. Потым можна даваць для складання казак і звычайныя цацкі. Напрыклад, дзеці могуць прыдумаць казку пра тое, куды пайшла лялька, з кім яна сустрэлася, якія прыгоды з ёю здарыліся.

Разнавіднасцю такіх творчых апавяданняў з'яўляюцца апавяданні-інсцэніроўкі, якія прыдумваюць і выконваюць самі дзеці. Выхавальнік дае тлумачэнні і ўзор: «Трэба расказваць пра цацку і адразу перасоўваць яе па стале. Паглядзіце, як я раблю. Аднойчы маленькая мышка прыбегла да мамы (перасоўвае цацку) і гаворыць: «Мама, я бачыла нейкага вялікага звера. Ён рыжы з доўгім пушыстым хвастом. Вельмі ласкавы. Можна з ім пагуляць?» У час дыялогу выхавальнік трохі рухае тую цацку, якая нібыта гаворыць, і паказвае дзеянне да канца. Выклікае дзіця паўтарыць. Далей дзеці расказваюць самастойна прыдуманыя сюжэты і інсцэніруюць іх. На наступных занятках з дэманстрацыйным, а потым і з раздатачным матэрыялам можна выкарыстоўваць ўжо дзве цацкі, а таксама элементы дэкарацый (хаткі, жывёлы, дрэвы, стол, посуд і г. д.). На занятках-інсцэніроўках дзецям патрэбна даваць больш часу для абдумвання задання, праігрывання сюжэта ва ўяўленні.

Э. П. Караткова прапануе таксама выкарыстоўваць завадныя і музычныя цацкі62.

Паводле А. М. Бародзіч, можна праводзіць заняткі і з раздатачным матэрыялам, аднолькавым для ўсіх дзяцей (напрыклад, дробныя матрошкі, машынкі, лялькі, жывёлы). Дзеці, разгледзеўшы свае цацкі, па ўзоры або па плану выхавальніка складаюць апавяданне. Затым адно дзіця расказвае, а іншыя, выкарыстоўваючы свае цацкі, моўчкі выконваюць дзеянні, пра якія ідзе размова ў апавяданні. У працэссе заняткаў дзеці кантралююць адзін аднаго.

Л. I. Ціхеева прапанавала прыём сумеснага складання апавядання падгрупамі дзяцей. Дзецям, якія сядзяць за адным сталом, прапануюць адзін набор цацак. Яны складаюць апавяданне, а потым самі вырашаюць, хто будзе яго расказваць і паказваць.

Праводзяцца заняткі па складанні творчых апавяданняў па карціне. Творчае апавяданне па карціне ўключае ў сябе: падзеі, якія папярэднічаюць адлюстраванаму, момант, які зафіксаваны на карціне, і наступныя падзеі (або толькі два з трох названых элементаў). Выхавальнік прапануе расказаць пра тое, што не намалявана на карціне, але пра што можна здагадацца, дапамагае пытаннямі.

Найбольш складанымі для дзяцей з'яўляюцца апісанні прыроды. Таму гэтыя заняткі праводзяцца з дзецьмі канца шостага года жыцця. Асаблівасці і методыку навучання дзяцей творчаму расказванню пра прыроду даследавала Н. Ф. Вінаградава63. Яна раіць спачатку прапанаваць дзецям расказаць пра канкрэтную пару года (пра надвор'е, расліны і жывёл, пра тое, як у гэтую пару года працуюць дарослыя і дзеці). Далей распавяданні будуюцца на параўнанні прыродных з'яў (зіма і лета, рака ўвесну і ўвосень і да т. п.).

Навыкі, набытыя дзецьмі на занятках з апорай на нагляднасць, даюць магчымасць перайсці да творчых апавяданняў без апоры на нагляднасць. Гэта працяг апавядання або казкі, распачатых выхавальнікам, складанне апавядання або казкі па плану, дадзенаму педагогам, а затым і на прапанаваную тэму.

Пачатак творчага апавядання, прапанаваны выхавальніка, павінен мець выразную завязку, кульмінацыйны момант, што накрэсліваў бы некалькі магчымых шляхоў развіцця задумы і завяршэння дзеяння. Гэта дае штуршок творчаму ўяўленню дзіцяці. Пачатак можа быць рэалістычным або ў форме казкі, але не мець завершанага характару. Прыцягваючы дзяцей да працягвання апавядання, выхавальнік паведамляе план, якога трэба прытрымлівацца. Дзеці прыдумваюць розныя варыянты падзей. Разнастайнымі метадычнымі прыёмамі выхавальнік актывізуе дзіцячую памяць і ўяўленні, дапамагае ў складанні змястоўных, эмацыянальных апавяданняў.

Большай самастойнасці патрабуе прыдумванне аапавядання або казкі па плану выхавальніка. План намячае толькі паслядоўнасць распавядання, а развіццё зместу дзеці ажыццяўляюць самастойна. План даецца не па пунктах, а ў натуральна-гутарковай форме. Напрыклад, да казкі «Дзень нараджэння зайкі”

выхавальнік можа даць наступны план: «Спачатку раскажыце, як зайка запрасіў да сябе сяброў, каго ён запрасіў, потым прыдумайце, што звяры падарылі зайку, чым ён іх частаваў”.

Найскладанейшым відам творчага расказвання з’яўляецца складанне апавядання або казкі на тэму, прапанаваную выхавальнікам. У ім дзіця павінна самастойна расказаць пра ўмовы, у якіх адбываецца падзея, апісаць героя, вызначыць і раскрыць ход дзеянняў, прыдумаць канец.

Л. Варошніна прапануе два этапы навучання дашкольнікаў творчаму расказванню: падрыхтоўчы этап і этап навучання расказванню па прыдуманых сюжэтах (тэмах).

У змест навучання на падрыхтоўчым этапе ўключаецца азнаямленне дзяцей з кампазіцыяй апавядання і выразнымі формамі раскрыцця вобразу. 3 кампазіцыяй апавядання дзеці знаёмяцца ў працэсе авалодання пераказам і рознымі відамі расказвання. Адначасова дашкольнікі набываюць наступныя ўменні: апісваць адзенне выдуманага героя (элементаў касцюма, яго частак, спалучэнняў колераў і г. д.); прыдумваць партрэт героя (колер вачэй, валасоў, форма носа, вуснаў); апісваць пачуцці і настрой герояў; апісваць прыроду і месца дзеяння. Затым дзеці вучацца ствараць апавяданне, уключаючы ў яго засвоеныя раней элементы апавядання і выразныя сродкі.

Аўтар прапануе і такі від творчага апавядання, як расказ па літаратурным ўзоры. Дзецям пранануецца замяніць герояў, захаваўшы сюжэт літаратурнага твора. Напрыклад, у апавяданні К. Ушынскага «Бішка» галоўнага героя замяніць на карову Ласку. Дзеці трансфармуюць знаёмы тэкст у адпаведнасці з творчай задачай. Гэты варыянт творчага расказвання можна выкарыстоўваць на занятках па пераказу літаратурных твораў. Другі варыянт — пакінуць герояў, але прыдумаць новы сюжэт.

Адным з важнейшых метадычных пытанняў навучання творчаму расказванню з'яўляецца пытанне выбару сюжэта. Сюжэт павінен выклікаць у дзяцей жаданне прыдумаць апавяданне, казку з выразнай кампазіцыйнай будовай, з унясеннем у іх элементаў апісання. Ён павінен адпавядаць вопыту дзіцяці, узроўню яго маўленчага развіцця, узбуджаць маральныя і эстэтычныя пачуцці, актывізаваць уяўленні, паглыбляць цікавасць да маўленчай дзейнасці. Так, Л. I. Ціхеева сфармулявала шэраг канкрэтных тэм і намеціла распрацоўкі сюжэтаў: «Каця зламала ляльку», «Прыгоды на горцы», «Як дзеці ляпілі снегавіка». В. I. Салаўёва прапанавала такія тэмы: «Як Сяргейка памог Наташы», «Як Ваня хадзіў з татам у лес» і інш. Цікавыя сюжэты пра дзіцячыя гульні і забавы распрацаваны Э. П. Каратковай: «Сярожу падарылі новую цацку», «Люда і Света гуляюць у школу» і г. д. Шэраг сюжэтаў арыентуе дзяцей на прыдумванне апавяданняў маральна-этычнага зместу: «За што бабуля сказала ўнуку дзякуй», «Іра і Света — добрыя сяброўкі» і г. д. ІПмат сюжэтаў ствараюць у дзяцей цікавасць да свету жывёл, да прыроды, напрыклад: «Сярожа гуляе са сваім шчанюком», «Забаўныя прыгоды кацяняці», «Волечка дапамагае бабулі даглядаць курку з куранятамі».

Цікавым варыянтам творчага расказу з'яўляецца складанне апавядання на тэму скорагаворкі (А. С. Ушакова). Напрыклад, пасля работы над правільным вымаўленнем і дыферэнцыяцыяй гукаў з — ж, тэмпам маўлення і сілай голасу з дапамогай скорагаворкі «Воўк на лужайцы — задрыжалі зайцы» выхавальнік прапануе дзецям прыдумаць расказ на тэму, абазначаную ёй.

Разам з рэалістычнымі сюжэтамі дашкольнікам прапануюцца казачныя. Паводле В. А. Сухамлінскага, стварэнне казак – адзін з найцікавейшых для дзяцей відаў паэтычнай творчасці. Прыёмам складання казак трэба дзяцей спецыяльна вучыць. Як паказваюць даследаванні (А.Я.Шыбіцкай, А.С.Ушаковай, Н.П.Арланавай), у казках, якія прыдумваюць дзеці, прыкметны ўплыў фальклору.

Э.П. Караткова нагадвае, што для дашкольнікаў даступнымі і цікавымі ў першую чаргу з'яўляюцца казкі пра цацкі і прапануе цікавыя сюжэты казачнага характару: «Лялька ідзе ў грыбы», «Дзюймовачка ў гасцях у лялек», «Самазвал і пад'ёмны кран дапамагаюць лялькам будаваць хатку», «Заяц, ліса і мядзведзь захацелі стаць музыкантамі» і інш. Спачатку можна інсцэніраваць сюжэт з дапамогай цацак, а потым ужо знаёміць дзяцей з цацкай як персанажам казкі без інсцэніравання сюжэта. Выхавальнік дапамагае падмеціць асаблівасці знешняга выгляду цацкі, рысы характару (забаўнае, дапытлівае медзведзяня, палахлівы заяц, вясёлая рухавая вавёрачка). вучыць дзяцей прыдумваць і перадаваць у казцы ўяўныя эпізоды, у якіх праяўляюцца гэтыя рысы.

Праводзяцца заняткі без паказу цацак. Выхавальнік знаёміць дзяцей з сюжэтам казкі (напрыклад, «Пра дзяўчынку і зайчыка», «Як шчаняты гулялі ў хованкі з коцікам»), паведамляе план расказвання, актывізуе слоўнік дзяцей. Усё гэта стварае ўмову для авалодання новымі спосабамі творчай маўленчай дзейнасці. У некаторых выпадках мэтазгоднп выкарыстоўваць прыём сумесных дзеянняў — выхавальнік пачынае казку, а дзеці працягваюць і заканчваюць яе.

Узорам стварэння цікавых уяўляльных сітуацый, творчых маўленчых гульняў для дзяцей з'яўляецца «Граматыка фантазіі» Джані Радары64. Вялікі казачнік увёў такое паняцце, як “біном фантазіі”: гэта два словы, суседства якіх незвычайнае (святло і чаравік, сабака і шафа). Дзеці імкнуцца ўстанавіць роднасць паміж названымі ім словамі, стварыць адзінае, фантастычнае цэлае. Гэта, на думку аўтара, аптымальныя ўмовы для прыдумвання займальнага апавядання. У кнізе Дж. Радары выхавальнік знойдзе безліч падобных прыёмаў, якія дапамогуць яму наладзіць творчую вучэбна-маўленчую дзейнасць дзяцей.

У цяперашні час створаны вельмі плённыя методыкі развіцця творчага расказвання на падставе мадэліравання, напрыклад методыка В. М. Дзьячэнка65. Першыя заданні аўтар прапануе ўжо дашкольнікам трох гадоў, таму што ўжо ў гэтым узросце ў дзяцей з'яўляюцца першыя праменьчыкі накіраванага ўяўлення, тыя яго элементы, якія неабходны для «дарослай» творчасці.

На першым этапе малым у якасці мадэлей прапануюцца асобныя геаметрычныя фігуры (квадрацікі, кружочкі, трохвугольнікі, авалы) рознага колеру, палачкі рознай даўжыні і да т. п. Дзеці прыдумваюць, на што ці на каго тая ці іншая фігура падобна. Напрыклад, выхавальнік паказвае жоўты кружок. Дзеці прыдумваюць: «Гэты кружок падобны на рэпку. Гэта куранятка, калабок, дзьмухавец». Такіх заняткаў праводзіцца даволі многа. Паступова дзеці імкнуцца не проста адназначна адказаць, а развіць свой адказ, перайсці ўжо да некаторага сюжэта. Напрыклад, выхавальнік пытаецца, на што ці на каго па-добны доўгая і кароткая палачкі. Малыя прыдумваюць: «Гэта могуць быць мама і дачка. Яны ўзяліся за рукі і пайшлі гуляць».

Затым заданні ўскладняюцца: уводзіцца мадэліраванне персанажаў казак. Так, расказаўшы казку «Бычок — смаляны бачок», выхавальнік паказвае аранжавы кружок і прапануе прыдумаць, хто такі мог прыляпіцца да бычка, а потым нешта прынесці ў падарунак. Дзеці фантазіруюць: «Гэта можа быць вавёрачка. Яна з дрэва скокнула і прама на бычка. А потым арэхі прынесла».

Такім чынам, на першым этапе дзеці вучацца ўяўляць прадметы, адштурхоўваючыся толькі ад адной бачнай прыкметы. На другім этапе, які прыпадае на сярэдні дашкольны узрост, малым даюцца заданні ўявіць, прыдумаць некаторую цэласную сітуацыю, хаця і з апорай яшчэ на наглядную рэальнасць.

Выхавальнік паказвае ліст ватмана, на якім толькі схематычны малюнак – чалавек або домік,. Або якая-небудзь жывёла або машына і да тп. Выхаванцы “разготваюць” зададзеную схему. Напрыклад, працуючы са схемай чалавека, прыдумваюць хлопчык гэта ці дзяўчынка, як яго ці яе клічуць, якога колеру вочы, валасы, як апрануты, дзе жыве гэты чалавек і г.д. педагог каляровым фламастэрам або крэйдай дамалёўвае карціну. Калі карціна закончана, кожы можа прыдумаць пра чалавепка любую гісторыю, якую захоча.

Далей заданні ўскладняюцца. Па-першае, індывідуалізуецца задача, каб дзеці абапіраліся ўжо не на калектыўную выдумку, а кожны на свае ўяўленні. Па-другое, памяншаецца апора на рэальнасць. Кожнаму малому індывідуальна даецца па дзве-тры, а потым і чатыры геаметрычныя фігуры рознага колеру. Трэба прыдумаць, хто гэта такія і што з імі аднойчы здарылася.

На трэцям этапе, у старэйшым узросце, дашкольнікі працуюць з планам-схемай казкі. Напрыклад, дзецям прапануецца такі план-мадэль: чатыры прамавуголькі адзін за адным злучаны стрэлкамі. У першым прамавугольніку намалявана схема чалавечка; у другім - схемы чалавечка і дрэва; а вось у трэцім – схемы чалавечка, дрэва і выявы нейкага незвычайнага звярка; у чацвёртым прамавугольніку — зноў схема чалавечка. Педагог тлумачыць, што тут намалявана казка, а якая — трэба прыдумаць самім. Неабходна звярнуць увагу дзяцей на структуру казкі: пачатак (першы блок), працяг (другі і трэці блокі), канец (чацвёрты блок). Наяўнасць у схеме фантастычнай істоты дае штуршок дзіцячай фантазіі. Дзеці прыдумваюць пра яе шматлікія гісторыі, як яе клічуць,

адкуль яна ўзялася, што з ёй здарылася.

Да самастойных творчых праяўленняў дашкольнікаў трэба ставіцца вельмі беражліва. Калі дзеці адчуюць цікавасць выхавальніка да іх сачыненняў, яны будуць імкнуцца ствараць новыя свае творы. Можна, напрыклад, завесці спецыяльны «творчы» альбом, куды запісваюцца найбольш удалыя даіцячыя творы, намаляваць да іх ілюстрацыі.

Кантрольныя пытанні і заданні

1. Раскрыйце змест паняцця “тэкст”.

2. Рскрыйце асаблівасці развіцця маналагічнага маўлення ў дашкольным узросце.

3. Ахактарызуйце дзіцячыя маналогі з розных пунктаў гледжання: па форме, крыніцы выказвання, вядучаму псіхічнаму працэсу, на які абапіраеца дзіця.

4. Назавіце і ахарактарызуйце прыёмы навучання маналагічнаму маўленню з пункту гледжання іх выкарыстання ў залежнасці ад ўзросту і ўзроўню маўленчых уменняў дзяцей.

5. Пакажыце прыкладную паслядоўнасць работы па навучанні апісальным расказам пра цацкі і прадметы. Вылучыце прыёмы развіцця звязнасці дзіцячага маўлення.

6. Раскрыце асаблівасці фарміравання структуры апавядальнага маўлення ў сярэднім і старэйшым дашкольным узросце.

7. Назавіце віды дзіцячых расказаў па карціне і раскрыйце іх своеасаблівасць.

8. З чаго складаецца каштоўнасць серыі сюжэтных малюнкаў, на якіх паслядоўна разгортваецца дзеянні, як метадычнага дапаможніка па навучанні дзяцей расказванню.

9. Пакажыце асаблівасці выкарыстання ўзору расказа з асаблістага вопыту, ахарактарызуйце патрабаванні да яго і яго ўплыў на якасць дзіцячых маналогаў.

10. Назавіце этапы фарміравання дзіцячай слоўнай творчасці. Абгрунтуйце паслядоўнасць навучання дзяцей творчым расказам у старэйшым дашкольным узросце.

11. Дакажыце, што мастацкая літаратура і іншыя віды мастацства з’яўляюцца важным фактарам развіцця дзіцячай слоўнай творчасці.

12. Растлумачце сутнасць выкарыстання мадэляў і схем у навучанні маналагічнаму маўленню.