
- •Вучэбны дапаможнік
- •Развіццё маўлення і навучанне мове як метадычныя паняцці
- •Дзіцячае маўленне як навуковая дысцыпліна - анталінгвістыка
- •Гісторыя ўзнікнення і развіцця айчыннай і замежнай анталінгвістыкі
- •Асноўныя канцэпцыі асваення дзіцем роднай мовы
- •Фактары развіцця маўлення. Агульная перыядызацыя маўленчага развіцця
- •Даславесны этап развіцця маўлення
- •Актыўны рост лексічнага запаса, авалоданне значэннем слова Лексічная сістэма мовы. Паняцце значэння слова
- •Тыповыя памылкі ў засваенні слоўніка
- •Засваенне пераносных значэнняў слоў
- •Авалоданне фразеялогіяй
- •Авалоданне гукавой асновай маўлення Гукавыя сродкі мовы
- •Развіццё маўленчага слыху
- •Авалоданне вымаўленнем гукаў, слоў
- •Авалоданне марфалогіяй Пераход ад даграматычнага этапа да марфалагічнага.
- •Засваенне граматычных катэгорый.
- •Засваенне марфалогіі.
- •Словаўтваральныя інавацыі ў дзіцячым маўленні.
- •Авалоданне сінтаксісам
- •Развіццё камунікатыўных здольнасцей дзяцей дашкольнага ўзросту. Асаблівасці камунікатыўнага развіцця асобы ў дзяцінстве
- •Паняцце дыялагічнага маўлення ў дашкольным ўзросце
- •Станаўленне дыялога ў дашкольным ўзросце
- •Авалоданне спосабамі арганізацыі тэксту
- •Металінгвістычныя выказванні дзяцей і іх аналіз
- •Асаблівасці руска-беларускага двухмоўя ў дашкольнікаў
- •Станаўленне і развіццё айчыннай методыкі развіцця маўлення дашкольнікаў Гістарычныя перадумовы станаўлення дашкольнай лінгвадыдактыкі ў Беларусі.
- •Беларускія асветнікі пра ролю роднай мовы ў выхаванні асобы.
- •Стварэнне першых падручнікаў для дзяцей на беларускай мове
- •Ул. Ф. Луцэвіч – стваральніца сістэмы навучання дашкольнікаў беларускай мове сродкамі мастацкага слова
- •Распрацоўка зместу і метадаў навучання дзяцей мове, пастаноўка праблемы руска-беларускага двухмоўя ў дашкольнікаў у 40-я – 80-я гг.
- •Распрацоўка тэарэтычных асноў і метадычнага забеспячэння беларускай дашкольнай лінгвадыдактыкі ў канцы хх – пачатку ххі ст.
- •Функцыі маўлення. Родная мова як фактар развіцця і выхавання дзяцей
- •Сістэма работы па развіцці маўлення ў дашкольнай установе Задачы, змест і формы работы па развіцці маўлення дзяцей
- •Прынцыпы развіцця маўлення дашкольнікаў
- •Метады і прыёмы развіцця маўлення
- •Псіхолага-педагагічныя асновы навучання дашкольнікаў беларускай мове як другой
- •Развіццё маўлення дзяцей у розных формах зносін.
- •Методыка развіцця маўлення дзяцей ранняга ўзросту Станаўленне маўлення на першым годзе жыцця
- •Методыка развіцця разумення мовы дарослых і вымаўлення асэнсаваных слоў у дзяцей першага года жыцця
- •Асаблівасці развіцця маўлення дзяцей другога года жыцця
- •Методыка развіцця маўлення дзяцей другога года жыцця
- •Методыка развіцця маўлення дзяцей трэцяга года жыцця
- •Методыка слоўнікавай работы
- •I азнаямлення дзяцей 3 наваколлем Асаблівасці слоўніка дзяцей і задачы слоўнікавай работы
- •Прынцыпы слоўнікавай работы і яе змест
- •Асаблівасці слоўнікавай работы пры навучанні беларускай мове як другой
- •Прыёмы актывізацыі слоўніка.
- •Заняткі па першапачатковым азнаямленні з прадметамі і з'явамі
- •Заняткі па паглыбленні ведаў аб прадметах і з'явах
- •Заняткі па фарміраванні паняццяў
- •Загадванне і адгадванне загадак.
- •Методыка фарміравання граматычнага ладу маўлення
- •Метады і прыёмы фарміравання граматычнай правільнасці маўлення
- •Змест граматычнай работы ў дзіцячым садзе
- •Заняткі па фарміраванні граматычнай правільнасці маўлення
- •Методыка фарміравання гукавой культуры маўлення Паняцце гукавой культуры маўлення і задачы яе выхавання ў дашкольнікаў
- •Праверка маўлення дзяцей
- •Методыка работы над кампанентамі гукавой культуры
- •Методыка развіцця звязнага маўлення і маўленчых зносін Звязнае маўленне і задачы яго развіцця ў дашкольнікаў
- •Методыка навучання дыялагічнаму маўленню Размова выхавальніка з дзецьмі
- •Гутарка як сродак развіцця дыялагічнага маўлення
- •Маналагічнае маўленне і асаблівасці яго засваення дзецьмі
- •Навучанне пераказу мастацкіх твораў
- •Методыка навучання дзяцей маналогам-апісанням
- •Методыка работы з дыдактычнай карцінай
- •Навучанне дзяцей расказванню з асабістага вопыту
- •Навучанне творчаму расказванню
- •Азнаямленне дашкольнікаў з мастацкай літаратурай Змест праграмы і задачы дашкольнай установы па азнаямленні дзяцей з мастацкай літаратурай
- •Асаблівасці ўспрымання твораў мастацкай літаратуры дзецьмі дашкольнага ўзросту
- •Формы, метады і прыёмы работы з творамі мастацкай літаратуры
- •Азнаямленне дашкольнікаў з паэзіяй
- •Азнаямленне дашкольнікаў з кніжнай ілюстрацыяй
- •Драматызацыя і інсцэніраванне мастацкіх твораў
- •Цэнтр маўленчай актыўнасці для дашкольнікаў
- •Падрыхтоўка дашкольнікаў да навучання грамаце Тэарэтычныя асновы навучання грамаце
- •Азнаямленне дашкольнікаў з асноўнымі моўнымі паняццямі.
- •Развіццё фанематычнага слыху ў дзяцей
- •Планаванне работы па развіцці маўлення і навучанні роднай мове ў дашкольнай установе
Методыка развіцця звязнага маўлення і маўленчых зносін Звязнае маўленне і задачы яго развіцця ў дашкольнікаў
Важнейшым, як бы завяршаючым звяном у цэласнай сістэме навучання дашкольнікаў роднай мове з’яўляецца развіццё прадуктыўнага маўлення.
Вуснае маўленне выступае ў дзвюх асноўных формах: дыялогу і маналогу. А.А. Лявонцьеў адзначае, што істотнай характарыстыкай дыялогу з'яўляецца, перш за ўсё, яго рэактыўны характар, а маналогу — разгорнутасць маўлення. Дыялог не патрабуе разгорнутых сказаў, таму што іх змест дапаўняецца мімікай, жэстамі, інтанацыяй, а таксама сітуацыяй, у якой знаходзяцца субяседнікі. У маналогу, наадварот, параўнальна мала выкарыстоўваецца немаўленчай інфармацыі, якая вынікае з сітуацыі размовы. Так, замест таго, каб указаць на прадмет, у маналогу яго называюць, а пры неабходнасці даюць яго апісанне. I дыялог, і маналог уяўляюць сабой звязнае маўленне, якое складаецца з лагічна звязаных фраз, сказаў і якое забяспечвае зносіны і ўзаемаразуменне людзей. Л. С. Рубінштэйн, раскрываючы асаблівасць звязнага маўлення, акрамя лагічнай звязнасці падкрэсліваў і значэнне такога яе кампаненту, як вобразнасць.
Працэс стварэння звязнага выказвання падзяляецца на ўнутранае праграміраванне і знешнюю маўленчую дзейнасць, якая прадстаўлена тэкстам. У лінгвістыцы тэкст разглядаецца як моўная адзінка, якая складаецца звычайна з сукупнасці асэнсаваных сказаў і ўтварае сэнсавае цэлае. Апошняе гаворыць пра тое, што звязны тэкст — гэта не набор сказаў. Фразы ў тэксце ўступаюць у разнастайныя сувязі для раскрыцця змястоўных суадносін выказваемых думак. Па словах псіхалінгвіста М. I. Жынкіна, у тэксце выказваецца больш, чым у кожным са сказаў. Гэта большае цалкам вызначаецца сувяззю сказаў. Такая сувязь называецца міжфразавай. Міжфразавая сувязь — гэта перш за ўсё пераход ад сказа да сказа, развіццё думкі, таму яна падпарадкавана логіцы развіцця думкі. Вылучаюцца наступныя фармальныя прыкметы тэксту: звязнасць, лагічная цэласнасць, структурная аформленасць, завершанасць.
Задачы развіцця звязнага беларускага маўлення дашкольнікаў вынікаюць з яго асаблівасцей. Перш за ўсё прадугледжваецца навучанне дашкольнікаў двюм формам звязнага маўлення - дыялагічнаму і маналагічнаму. Неабходна вучыць дзяцей выбіраць змест, які павінен быць перададзены ў маўленні, падбіраць найбольш дакладныя словы для выказвання думкі, будаваць сказы розных тыпаў. Не менш важна вучыць выкарыстоўваць неабходныя для звязнага маўлення моўныя сродкі: інтанацыю, лагічны націск, розныя віды сувязі сказаў і структурных частак тэксту паміж сабой. Істотнай характарыстыкай як дыялагічнага маўлення, так і маналагічнага выказвання з'яўляецца яго выразнасць.
Методыка навучання дыялагічнаму маўленню Размова выхавальніка з дзецьмі
Найбольш простай формай вуснага маўлення з’яўляецца гутарковае маўленне, якое выкарыстоўваецца ў штодзённым жыцці. У залежнасці ад умоў і сітуацыі зносін гутарковае маўленне можа прымаць розны характар і розныя адносіны звязнасці рэплік: складацца з пытанняў і адказаў на іх, сцвярджэнняў і пярэчанняў, прапаноў, кароткіх паведамленняў, дабаўленняў, тлумачэнняў, доказаў і г.д. Структура рэплік звычайна простая па сінтаксісу, сітуацыйны характар маўлення дапускае ўжыванне аднаслоўных або нават незакончаных сказаў, выклічнікаў. У гутарковым маўленні сустракаюцца незвычайныя словаўжыванні, нязвыклыя словаўтварэнні, фанетычныя скарачэнні. Усё гэта адбываецца дзякуючы недастатковаму кантролю свядомасці пры спантанным дыялозе.
Гутарковаму маўленню ўласціва недагаворанасць, няпоўнасць выказвання. Недахоп слоўнай інфармацыі дапаўняецца жэстамі, мімікай, інтанацыяй, выразным позіркам і г.д. Пры гэтым міміка і жэсты могуць мець значэнне інтанацыі і тым самым змяняць сэнс слова. Невербальныя сродкі надаюць гутарковаму маўленню эмацыянальнасць, жывасць.
Дзеці дашкольнага ўзросту авалодваюць гутарковым маўленнем пад кіраўніцтвам педагога. Адным з асноўным метадаў развіцця гутарковага маўлення дзяцей з’яўляюцца размовы выхавальніка з дзецьмі. Вялікае значэнне надавала такім размовам Л.І.Ціхеева, уключыўшы іх у склад “заняткаў па жывым слове”. Значэнне гутарковых зносін складаецца з таго, што ў дзяцей праяўляюцца і фарміруюцца інтарэсы да пэўных тэм, удакладняюцца веды, складваюцца і праяўляюцца адносіны, узнікаюць розныя формы маўлення. Размаўляючы з дзіцем пра бачанае, пра тое, што ўразіла дзіця, пра перажытае ім, выхавальнік развівае і ўзбагачае маўленне дзяцей. З другога боку, размовы з выхавальнікам дастаўляюць дзіцяці радасць ад духоўных зносін з ім. У дзяцей складваецца цікавасць да суразмоўцы, да другога чалавека ўвогуле.
Гутарковыя зносіны характаразуюцца свабодай выбару тэмы, свабодай ўдзелу з размове, свабодай выказвання і яго афармлення. Размовамі суправаджаюцца рэжымныя працэсы, гульні дзяцей, працоўная, самастойная мастацкая дзейнасць. У штодзённым жыцці часта ўзнікаюць нагоды для правядзення рознага роду размоў.
Тым не менш размовы дзецьмі неабходна кожны дзень планаваць, адзначаючы, з кім з дзяцей будзе арганізавана размова, пра што іменна. Запланаваныя размовы праводзяцца з дзецьмі ўранку, на дзённай і вячэрняй прагулках. Цікавасць да размоў падтрымліваецца і замацоўваецца ў тым выпадку, калі гутарковыя зносіны развіваюцца дарослым.
Вылучаюцца чатыры напрамкі ў кіраўніцтве маўленчымі зносінамі дзяцей дашкольнага ўзросту (паводле В.І.Логінавай):
1. Развіццё і ўзбагачэнне зместу размоў па меры назапашвання ведаў, вопыту дзейнасці, складвання інтарэсаў.
2. Развіццё формы гутарковага маўлення.
3. Развіццё ініцыятыўнасці зносін і дынамікі пераходу ад індывідуальных да калектыўных размоў.
4. Асваенне этычных нормаў маўленчых зносін.
Усе названыя лініі развіцця гутарковага маўлення ў дзяцей у дзіцячым садзе ажыццяўляецца пад непасрэдным педагогагічным уздзеяннем і кіраўніцтвам выхавальніка.
Тэматыка і змест размоў вызначаюцца вопытам і ведамі дзяцей, узроўнем іх зносін, штодзённай дзейнасцю групы, падзеямі іх жыцця, якія выхавальнік лічыць цікавымі і карыснымі для разумовага і маральнага развіцця дашкольнікаў. Агульная лінія развіцця зместу размоў з дзецьмі дашкольнага ўзросту заключаецца ў паступовым пераходзе ад тэм, звязаных з непасрэдным успрыманнем фактаў, з’яў, падзей навалькольнай рэчаіснасці да тэм, заснаваных на ведах і ўражаннях, атрыманых апасродкаваным шляхам, г.зн. ад сітуацыйных да кантэкстных маўленчых зносін.
Зместам размоў з маленькім дзіцем з’яўляюцца прадметы і людзі бліжэйшага асяроддзя. Для наладжвання размоў выкарыстоўваюцца такія прыёмы, яе дэманстрацыя гучальных, рухомых, плаваючых прадметаў, малюнкі, інсцэніроўкі. З дзіцем можна пагаварыць пра тое, у якой сям’і яно жыве, якія ў яго цацкі; пра адзенне дзіцяці; пра браціка, сястрычку; аб тым, як дзіця дапамагае бацькам і г.д. Нагодамі для размоў з’яўляюцца назіранні за з’явамі прыроды ў кутку прыроды, праз акно на вуліцу, на пляцоўцы дзіцячага сада; з’явы грамадскага жыцця, якія дзеці непасрэдна ўспрымаюць падчас прагулак. Выхавальнік звяртае ўвагу на істотныя асаблівасці аб’ектаў назірання, выхоўвае інтарэс да гэтых з’яў, назіральнасць, жаданне абмеркаваць пабачанае, падзяліцца ўражаннямі аб ім.
Размовы з дзецьмі пра аб’екты і з’явы, якія тыя ўспрымаюць непасрэдна, захоўваюцца на працягу ўсяго дашкольнага дзяцінства. Аднак цікавасць дзяцей паступова змяшчаецца да больш складаных фактаў і з’яў, веды і ўяўленні пра якія ўспрымаюць за межамі дзіцячага сада і апасродкавана. Так, у сярэднім дашкольным узросце з дзецьмі можна абмеркаваць падзеі хатняга жыцця (як дзіця дапамагае бацькам; якія ў яго цацкі, з кім і як яно гуляе дома; дзе быў і што бачыў у выхадны дзень і г.д.). Дзеці з цікавасцю ўключаюцца ў размовы пра звычкі жывёл, абмяркоўваюць змест мультфільмаў, спектакляў, якія бачылі. З дзецьмі гэтага ўзросту можна раглядваць і абмяркоўваць дзіцячыя малюнкі, пабудовы, кнігі.
Са старэйшымі дзецьмі тэматыка размоў больш складаная – у дзяцей багацейшы вопыт, больш выразныя ўяўленні аб навакольным жыцці, дзеці больш актыўныя і дапытлівыя. З імі можна пагаварыць аб тым, дзе працуюць бацькі, што яны робяць; як вучацца старэйшы брат, сястра; дзе і як дзіця адпачывала з бацькамі летам; пра свята; пра касманаўтаў; аб спартыўных спаборніцтвах і г.д. Для такіх размоў выхавальнік выкарыстоўвае матэрыялы з газет, часопісаў, кніжак, уласныя ўражанні (расказы з асабістага вопыту). У дзяцей 5-7 гадоў назіраецца яскрава выражаная цікавасць да людзей, іх унутранага свету, іх хвалюе маральная ацэнка тых або іншых учынкаў. Размовы на маральныя тэмы прывабліваюць старэйшых дашкольнікаў, становяцца пастаяннымі ў гэтым узросце.
Каб сфарміраваць ў дзяцей патрэбу да маўленчых зносін, выхавальніку трэба клапаціцца аб ўзбагачэнні ўражанняў і ведаў і прапанаваць дзецям тэматыку і змест размоў, якія пастаянна ўскладняюцца. Як падкрэслівае беларуская даследчыца дзіцячага маўлення Г.А.Любіна, педагог павінен зыходзіць з патрабаванняў асобы дзіцяці, са ўсімі яе эмацыянальнымі і сацыяльнымі якасцямі, самасвядомасцю, самаўпрыманнем і статусам у групе равеснікаў; у развіцці маўлення зыходзіць з дзейнаснага падыходу, планаваць развіццё і ўдасканаленне маўлення праз зносіны – на аснове цікавай для дзіцяці дзейнасці і яе абмеркавання.
Аўтарам прапануюцца новы падыход да планавання размоў з дзецьмі праз “праекты”. “Праект” – гэта вылучаемая педагогам і прапануемая ўвазе дзяцей з’ява жыцця, культуры, якая праецыруецца на розныя напрамкі дзіцячай дзейнасці і актыўнасці. Часцей за ўсё ў якасці “праектаў” плануецца падрыхтоўка і правядзенне свята, спартыўнай забавы, любой цікавай для ўсіх справы, якая стане цэнтрам арганізацыі ўсіх відаў дзіцячай актыўнасці. Ажыццяўленне “праекта” развівае і заахвочвае ў дашкольнікаў дапытлівае стаўленне да жыцця, павышае іх ініцыятыўнасць, робіць жыццё дзяцей больш цікавым і рознастайным, а маўленнебольш разгорнутым, правільным, камунікатыўна мэтазгодным, дакладным, ясным53
Кіраўніцтва маўленчымі зносінамі накіравана на асваенне дзіцем складаных маўленчых форм. Менавіта ў размове дзіця вучыцца быць суразмоўцам, разумець звернутыя да яго пытанні і адказваць на іх ў адпаведнасці са зместам і формай пытання. Калі выхавальнік ставіць перад дзецьмі рознастайныя пытанні, ён пабуджае іх да складання кароткіх апісальных расказаў, аргументаваных суджэнняў пра што-небудзь, да фармулёўкі доказаў. Пры гэтым педагог дапамагае дзіцяці пабудаваць адказ канкрэтызуючымі пытаннямі, якія разбіваюць пытанне на некалькі больш какрэтных, што дапамагае дзіцяці ўзгадаць факты, устанавіць паслядоўнасць падзей і расказаць пра кожнае. Напрыклад, з кім ты прыйшоў у дзіцячы сад? А як вы з мамай дабіраліся да дзіцячага сада? На чым вы прыехалі? Як ты ехаў у аўтобусе? Што ты бачыў па дарозе (праз акно аўтобуса)?
Фарміраванню ўмення адлюстроўваць у адказе паслядоўнасць сваіх дзеянняў служыць прапанаваны Л.І.Ціхеевай прыём даручэння дзіцяці са справаздачай аб яго выкананні. Спачатку дзіця павінна выслухаць і зразумець заданне. Затым правільна яго выканаць. Нарэшце, неабходна расказаць, як было выканана даручэнне, што фарміруе ўменне будаваць адказ у адпаведнасці са зместам задання, ў адэкватнай маўленчай форме, зразумелай слухачу.
Паступова выхавальнік задае дзецям больш складаныя маўленчыя задачы, якія пабуджаюць да апісання прадметаў, з’яў (“Раскажы пра сваю сабаку, каб я яе нібы ўбачыла”; “Раскажы пра парк, дзе вы гулялі з бабуляй”), да складання кароткага апавядання з жыцця дзіцяці (“Раскажы, як святкавалі твой дзень нараджэння”) і да т.п.
Старэйшым дашкольнікам становіцца даступнай такая форма маўлення, як тлумачэнне, разважанне, доказ. Для развіцця гэтай формы маўлення карысна прапаноўваць дзецям праблемна-маўленчыя сітуацыі: складанне ліста (дзеці дыктуюць, а выхавальнік запісвае); тлумачэнне адно аднаму задання або правілаў гульні; тлумачэнне ўласнага ўчынка або разважанні з нагоды ўчынка равесніка; разважанні па дагляду за жывёламі, якія ёсць дома ці ў жывым кутку; разважанні пра незвычайнае. Выхавальнік накіроўвае разважанні дзяцей, пабуджае да пошуку падстаў для правільных суджэнняў пытаннямі, часам прамымі суджэннямі пра штосьці, падказкай і да т.п., дапамагае фармуляваць іх у маўленні.
Можа стацца так, што інтарэсы і жаданні дзіцяці даволі шырокія і разнастайныя, яго ўяўленні самабытныя і пазасітуацыйныя, а вось выказаць іх, расказаць даступна і зразумела яго не можа. Тут дапамогуць зносіны дзяцей паміж сабой. Як паказала даследаванне А.Э.Рэйнстэйн, маўленне дзяцей, звернутае да равесніка – больш звязнае, больш зразумелае, лексічна больш разгорнутае, чым маўленне тых жа дзяцей у зносінах з дарослым. Дарослы і так усё разумее. А равесніку неабходна выказваць выразна, зразумела свае намеры і жаданні. Зносіны з равеснікамі больш разнастайныя па характары і па функцыях, больш эмацыянальныя, раскаваныя, ствараюць умовы для маўленчага развіцця.
Вучыць дзяцей размаўляць адзін з адным лепш не праз прамое навучанне, а арганізацыю ўмоў для зносін. Часцей за ўсё ажыўленыя дыялогі паміж дзецьмі ўзнікаюць пры сумесным выкананні якога-небудзь задання. Тармазіць або спыняць маўленне дзяцй, што суправаджае іх практычныя дзеянні, не трэба. У выказваннях дзеці плануюць паслядоўнасць будучых дзеянняў, апісваюць мяркуемы вынік.
Велізарнае значэнне для станаўлення новай мысліцельнай функцыі маўлення мае ролевая гульня. У працэсе гульні пераход ад сітуацыйных выказванняў да пазасітуацыйных адбываецца як бы сам па сабе, без апоры да прадметы і дзеянні з імі. Дзіця пераходзіць ад канкрэтнай сітуацыі ва ўяўную, называючы прадметы і людзей новымі імёнамі (аловак – гэта шпрыц, Каця - доктар) і абазначаючы дзеянні з гэтымі прадметамі і персанажаў гульні. Без дамоўленасці і ўзаемнага разумення ўмоўная гульнявая сітуацыя распадзецца. Таму ў ходзе гульні маўленне вызваляецца ад сітуацыйнай звязанасці.
Важным жыццёвым уменнем з’яўляецца ўменне пачаць размову, уступіць у яе і працягнуць абмеркаванне якога-небудзь зместу. Ужо на трэцім годзе жыцця дзеці часта становяцца ініцыятарамі зносін з дарослым, звяртаючыся да яго з тымі або іншымі паведамленнямі, запытамі. Тут праяўляецца імкненне дзіцяці да маўленчых кантактаў з выхавальнікам, які з’яўляецца для яго крыніцай цікавай інфармацыі. Таму выхавальнік павінен быць уважлівым для зваротаў дзяцей, іх пытанням і выказванням, падтрымліваць размову, пабуджаць дзяцей да пытанняў.
Асаблівай увагі патрабуюць дзеці маўклівыя, неактыўныя, замкнутыя, якія па сваёй ініцыятыве не ўступаюць у размову. Выхавальнік павінен шукаць неабходныя шляхі для кантактаў з імі, выступаць ініцыятарам маўленчых зносін з такім дзіцем. Трэба знайсці цікавую для яго тэму, паказаць новую цацку, малюнак, прывабную рэч (тачылку, гадзіннік і інш.), выклікаць у дзіцяці пэўныя эмоцыі.
Малодшыя дзеці лепш рэагуюць да індывідуальныя звароты, таму размовы праводзяцца з асобнымі дзецьмі, што дазваляе ўлічваць стан і настрой кожнага з іх. Паступова дзіця пачынае праяўляць цікавасць да размоў выхавальніка з іншымі дзецьмі, спачатку моўчкі слухаць іх, а потым і само ўключаецца ў размову, імкнецца прыцягнуць да сябе ўвагу. Гэта служыць падставай да стварэння невялікіх пагруп дзяцей, з якімі праводзяцца размовы на тую ці іншую тэмы.
К старэйшаму дашкольнаму ўзросту калектывы дзяцей, уцягнутых у размову, павялічваюцца. Дзеці самі становяцца ініцыятарамі размоў, вядут іх без непасрэднага ўдзелу выхавальніка. Яны з цікавасцю размаўляюць адно з адным на працягу дня, дзеляцца сваімі ўражаннямі, абгаворваюць якую-небудзь падзею. Матэрыялам для размовы можа быць і кніжка з малюнкамі, і цікавая гульня, і назіранні на сваёй пляцоўцы або ў час прагулкі па гораду (вёсцы). Выхавальнік накіроўвае і дапаўняе такую размову з дапамогай падказкі, зацікаўленага пытання, дадатковай інфармацыі.
Такім чынам ад прамой ініцыятывы ў кіраўніцтве размовамі выхавальнік пераходзіць да выкарыстання ўскосных прыёмаў, спачатку становячыся роўнапраўным удзельнікам размоў, а потым уключаецца ў іх толькі па меры неабходнасці (у тым ліку ў выпадку канфлікту), падтрымлівае актыўнасць, ініцыятыву дзяцей.
Значную ролю ў развіцці гутарковага маўлення адыгрываюць арганізаваныя зносіны дзяцей розных узроставых груп. Каштоўнасць рознаўзроставых аб’яднанняў дзяцей з мэтай развіцця іх маўлення адзначала Л.І.Ціхеева. Дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту, даглядаючы малых, унутрана падцягваюцца, больш адказна ставяцца да свайго маўлення, сваіх учынкаў. Дзеці малодшага ўзросту намагаюцца пераймаць маўленне старэйшых, ахвотна уступаюць з імі ў зносіны. Таму выхавальнік па магчымасці наладжвае сумесныя прагулкі, гульні дзяцей рознага ўзросту.
Фарміраванне ў дзяцей уменняў весці размову з суразмоўцам уключае не толькі моўныя задачы, але і авалоданне этычнымі нормамі маўленчых зносін, г.зн. выпрацаванымі і сацыяльна-замацаванымі правіламі паводзін людзей у працэсе размоў. Неабходна выхоўваць камунікатыўныя якасці асобы (ветлівасць, таварыскасць, тактоўнасць, вытрыманасць), шэраг навыкаў паводзін (размаўляць у спакойным тоне, залішне не жыстыкуляваць і г.д.). Асаблівая ўвага надаецца засваенню “формул ветлівасці”, такіх слоў, як “калі ласка”, “дзякуй”, “даруйце”, “дазвольце звярнуцца” і г.д.
Выхаванне культуры маўленчых зносін пачынаецца з ранняга ўзросту, нават у дамаўленчы перыяд, калі дзеці вучацца вітацца, выражаць падзяку, нахіляючы галоўку, рабіць ручкай “да пабачэння” і г.д. На працягу ўсяго дашкольнага перыяду выхавальнік фарміруе ў дзяцей добразычлівыя адносіны да людзей, пабуджае да добрых учынкаў, да імкнення пажалець таго, каго пакрыўдзілі, падзяліцца цацкай, ласункам. Нормы этыкету выпрацоўваюцца і падчас спецыяльных практыкаванняў, гульняў, інсцэніровак, паказаў, што ўключаюць вырашэнне задач, связаных з засваеннем правілаў паводзін. Старэйшых дашкольнікаў вучаць правільным зносінам па тэлефоне: уменню ветліва пачаць размову, выказвацца коратка, пра самае галоўнае і інш.
Некаторыя даследчыкі, напрыклад А.Г.Арушанава, лічаць што дыялагічным зносінам неабходна вучыць не толькі падчас штодзённых кантактаў з дзецьмі, але і ў форме спецыяльна арганізаваных сеансаў актывізуючых зносін. Сцэнарый зносін можа ўключаць размову выхавальніка з дзецьмі, дыдактычныя, рухавыя, народныя гульні, інсцэніроўкі, гульні-драматызацыі, заняткі выяўленчым мастацствам, канструяваннем, імітацыйныя практыкаванні, абследаванні прадметаў (разглядванне цацак, прадметаў, карцін) – такія віды дзейнасці, у якіх маўленне выступае ва ўсіх рознастайных функцыях, нясе асноўную нагрузку пры вырашэнні практычных і пазнавальных задач. Асноўнае адрозненне паміж навучальнымі заняткамі і сеансамі актывізуючых зносін складаецца з таго, што ў апошнім выпадку дарослы выступае як старэйшы партнёр па зносінах. Гэта чалавек, які імкнецца да ўстанаўлення роўнапраўных, асобасных узаемін. Ён паважае права дзіцяці на ініцыятыву, яго жаданне гаварыць на тэмы, што яго цікавяць, пазбягаць непрыемных сітуацый (не адказваць на незразумелыя і нецікавыя пытанні, не паўтараць за выхавальнікам тое, што ўжо ўсе чулі і да т.п.). Выхавальніка цікавіць перш за ўсё ўласнае ініцыятыўнае маўленне маленькага чалавека, дыялогі паміж дзецьмі, іх лінгвістычныя эксперыменты (песенькі, рыфмоўкі, словатворчасць). Удзел дзяцей у такіх занятках добраахвотны54.
Калі дзіця істотна адстае ў развіцці зносін, не можа падтрымаць простую размову, не ўмее слухаць іншых і выказваць свае думкі словамі, неабходна вучыць яго новым маўленчым формам зносін з дарослым на спеціяльных занятках. Методыка іх распрацавана А.Смірновай55. Агульны прынцып арганізацыі такіх заняткаў – апераджальная ініцыятыва дарослага. Выхавальнік дае дзіцяці ўзоры тых зносін, якімі той яшчэ не валодае. Пры гэтым ён не проста дэманструе больш дасканалыя і пакуль недасягальныя для дзіцяці формы зносін, а вядзе яго за сабой, уключае ў гэтыя зносіны, робіць іх прываблівымі і неабходнымі для самога дзіцяці.
Выхавальніку неабходна ведаць і разумець тыя інтарэсы і ўяўленні дашкольніка якія ўжо склаліся, каб апапірацца на ўжо дасягнуты ўзровень. Для гэтага ён назірае за дзецьмі, стараючыся вызначыць, якія варыянты адхіленняў у правільным развіцці маўлення характэрныя для выхаванцаў яго групы, ці ўсе дзеці здольныя падтрымаць простую размову на пазнавальную і асобасную тэмы.
Дзяцей, якія затрымаліся на ўзроўні сітуацыйна-дзелавых зносін, выхавальнік паступова ўцягвае ў размову на пазнавальную тэму. Пазнавальныя гутаркі працягляасцю ад 5 да 15 мінут праводзяцца індывідуальна або з невялікай групай дзяцей. Ім расказваюць аб жыцці і звычках жывёл, пра машыны, з’явы прыроды, працу людзей, выкарыстоўваючы наглядны ілюстрацыйны матэрыял. З дзецьмі, якія авалодваюць беларускай мовай як другой роднай, карысна праводзіць пазнавальныя гутаркі па матывах беларускіх народных казак і паданняў. Беларуская мова гутаркі ў такім выпадку ўспрымаецца дзецьмі як зусім натуральная56. Паж час гутаркі педагог не проста паведамляе ціквыя звесткі, а стараецца ўключыць дзяцей у размову, падтрымлівае і заахвочвае любую пазнавальную актыўнасць, любыя праяўленні дапытлівасці.
Інакш будуе педагог заняткі, накіраваныя на фарміраванне пазасітуацыйна-асобасных маўленчых зносін. Яго задача – стварыць умовы, якія дазваляюць дзіцяці ўсвядоміць і ацаніць уласныя дзеянні і ўчынкі. Спачатку размова засноўваецца на канкрэтных прадметных дзеяннях. Выкананае заданне (лепку, аплікацыю і да т.п.) ацэньвае і абгрунтоўвае сам выканаўца, затым яго таварыш. Дарослы таксама выказвае і абгрунтоўвае свае стаўленне да вынікаў дзейнасці, але не навязвае яго як адзінае.
Наступныя заняткі лепш праводзіць індывідуальна, пажадана з чытання і абмеркавання прачытаных кніг пра падзеі з жыцця дзяцей. Дзіця расказвае, хто з персанажаў яму больш спадабаўся і чаму, на каго больш хацелася б паходзіць. Калі дзіцяці цяжка сфармуляваць думку, педагог выказвае сваё меркаванне і абгрунтоўвае думку з даступнай форме.
Паступова гутарка пераводзіцца ад канкрэтнай гісторыі да якой-небудзь агульнай тэмы, якая звязана з жыццём дзіцяці і акружаючых яго людзей. Выхавальнік паказвае суразмоўцы, што ў навакольным жыцці, у яго адносінах з іншымі дзецьмі можна ўбачыць тыя ж праблемы, што і прачытанай кнізе. Пры гэтым дарослы не толькі пытаецца, ён актыўны ўдзельнік: выказвае думкі аб канфліктах і падзеях, якія адбываюцца ў групе, расказвае пра сябе, пра сваіх знаёмых. Працягласць асобаснай гутаркі вызначае само дзіця. Калі выхавальнік адчувае, што таму надакучыла размова, лепш закончыць заняткі або перавесці іх у гульню.
Тэма, якую абмяркоўваюць ў ходзе заняткаў па развіцці пазнавальнай або асобаснай формы маўленчых зносін, павінна быць пастаяннай. Таму выхавальнік загадзя прадумвае некалькі тэм, блізкіх і зразумелых дзецям.
Такім чынам, для правільнага развіцця маўлення дзіцяці неабходны зносіны з дарослымі, равеснікамі і дзецьмі іншых ўзроставых груп. Але асноўны праваднік у свет маўленчай культуры для дзіцяці – дарослы, ад якога залежыць і сама арганізацыя змястоўных дзіцячых зносін.