
- •Вучэбны дапаможнік
- •Развіццё маўлення і навучанне мове як метадычныя паняцці
- •Дзіцячае маўленне як навуковая дысцыпліна - анталінгвістыка
- •Гісторыя ўзнікнення і развіцця айчыннай і замежнай анталінгвістыкі
- •Асноўныя канцэпцыі асваення дзіцем роднай мовы
- •Фактары развіцця маўлення. Агульная перыядызацыя маўленчага развіцця
- •Даславесны этап развіцця маўлення
- •Актыўны рост лексічнага запаса, авалоданне значэннем слова Лексічная сістэма мовы. Паняцце значэння слова
- •Тыповыя памылкі ў засваенні слоўніка
- •Засваенне пераносных значэнняў слоў
- •Авалоданне фразеялогіяй
- •Авалоданне гукавой асновай маўлення Гукавыя сродкі мовы
- •Развіццё маўленчага слыху
- •Авалоданне вымаўленнем гукаў, слоў
- •Авалоданне марфалогіяй Пераход ад даграматычнага этапа да марфалагічнага.
- •Засваенне граматычных катэгорый.
- •Засваенне марфалогіі.
- •Словаўтваральныя інавацыі ў дзіцячым маўленні.
- •Авалоданне сінтаксісам
- •Развіццё камунікатыўных здольнасцей дзяцей дашкольнага ўзросту. Асаблівасці камунікатыўнага развіцця асобы ў дзяцінстве
- •Паняцце дыялагічнага маўлення ў дашкольным ўзросце
- •Станаўленне дыялога ў дашкольным ўзросце
- •Авалоданне спосабамі арганізацыі тэксту
- •Металінгвістычныя выказванні дзяцей і іх аналіз
- •Асаблівасці руска-беларускага двухмоўя ў дашкольнікаў
- •Станаўленне і развіццё айчыннай методыкі развіцця маўлення дашкольнікаў Гістарычныя перадумовы станаўлення дашкольнай лінгвадыдактыкі ў Беларусі.
- •Беларускія асветнікі пра ролю роднай мовы ў выхаванні асобы.
- •Стварэнне першых падручнікаў для дзяцей на беларускай мове
- •Ул. Ф. Луцэвіч – стваральніца сістэмы навучання дашкольнікаў беларускай мове сродкамі мастацкага слова
- •Распрацоўка зместу і метадаў навучання дзяцей мове, пастаноўка праблемы руска-беларускага двухмоўя ў дашкольнікаў у 40-я – 80-я гг.
- •Распрацоўка тэарэтычных асноў і метадычнага забеспячэння беларускай дашкольнай лінгвадыдактыкі ў канцы хх – пачатку ххі ст.
- •Функцыі маўлення. Родная мова як фактар развіцця і выхавання дзяцей
- •Сістэма работы па развіцці маўлення ў дашкольнай установе Задачы, змест і формы работы па развіцці маўлення дзяцей
- •Прынцыпы развіцця маўлення дашкольнікаў
- •Метады і прыёмы развіцця маўлення
- •Псіхолага-педагагічныя асновы навучання дашкольнікаў беларускай мове як другой
- •Развіццё маўлення дзяцей у розных формах зносін.
- •Методыка развіцця маўлення дзяцей ранняга ўзросту Станаўленне маўлення на першым годзе жыцця
- •Методыка развіцця разумення мовы дарослых і вымаўлення асэнсаваных слоў у дзяцей першага года жыцця
- •Асаблівасці развіцця маўлення дзяцей другога года жыцця
- •Методыка развіцця маўлення дзяцей другога года жыцця
- •Методыка развіцця маўлення дзяцей трэцяга года жыцця
- •Методыка слоўнікавай работы
- •I азнаямлення дзяцей 3 наваколлем Асаблівасці слоўніка дзяцей і задачы слоўнікавай работы
- •Прынцыпы слоўнікавай работы і яе змест
- •Асаблівасці слоўнікавай работы пры навучанні беларускай мове як другой
- •Прыёмы актывізацыі слоўніка.
- •Заняткі па першапачатковым азнаямленні з прадметамі і з'явамі
- •Заняткі па паглыбленні ведаў аб прадметах і з'явах
- •Заняткі па фарміраванні паняццяў
- •Загадванне і адгадванне загадак.
- •Методыка фарміравання граматычнага ладу маўлення
- •Метады і прыёмы фарміравання граматычнай правільнасці маўлення
- •Змест граматычнай работы ў дзіцячым садзе
- •Заняткі па фарміраванні граматычнай правільнасці маўлення
- •Методыка фарміравання гукавой культуры маўлення Паняцце гукавой культуры маўлення і задачы яе выхавання ў дашкольнікаў
- •Праверка маўлення дзяцей
- •Методыка работы над кампанентамі гукавой культуры
- •Методыка развіцця звязнага маўлення і маўленчых зносін Звязнае маўленне і задачы яго развіцця ў дашкольнікаў
- •Методыка навучання дыялагічнаму маўленню Размова выхавальніка з дзецьмі
- •Гутарка як сродак развіцця дыялагічнага маўлення
- •Маналагічнае маўленне і асаблівасці яго засваення дзецьмі
- •Навучанне пераказу мастацкіх твораў
- •Методыка навучання дзяцей маналогам-апісанням
- •Методыка работы з дыдактычнай карцінай
- •Навучанне дзяцей расказванню з асабістага вопыту
- •Навучанне творчаму расказванню
- •Азнаямленне дашкольнікаў з мастацкай літаратурай Змест праграмы і задачы дашкольнай установы па азнаямленні дзяцей з мастацкай літаратурай
- •Асаблівасці ўспрымання твораў мастацкай літаратуры дзецьмі дашкольнага ўзросту
- •Формы, метады і прыёмы работы з творамі мастацкай літаратуры
- •Азнаямленне дашкольнікаў з паэзіяй
- •Азнаямленне дашкольнікаў з кніжнай ілюстрацыяй
- •Драматызацыя і інсцэніраванне мастацкіх твораў
- •Цэнтр маўленчай актыўнасці для дашкольнікаў
- •Падрыхтоўка дашкольнікаў да навучання грамаце Тэарэтычныя асновы навучання грамаце
- •Азнаямленне дашкольнікаў з асноўнымі моўнымі паняццямі.
- •Развіццё фанематычнага слыху ў дзяцей
- •Планаванне работы па развіцці маўлення і навучанні роднай мове ў дашкольнай установе
Стварэнне першых падручнікаў для дзяцей на беларускай мове
ІІ перыяд развіцця айчынная лінгвадыдактыкі: пачатак ХХ ст. – 20—я гг. – стварэнне першых падручнікаў для дзяцей на беларускай мове, пошукі зместу моўнай адукацыі.
У ХІХ ст. на беларскай мове дазваляецца друкаваць толькі фальклорныя матэрыялы. На пачатку ХХ ст. на фоне барацьбы за беларускую школы пачалі распрацоўвацца методыкі навучання беларускай мове, стварацца вучэбныя даведнікі. Але беларускія выданні да рэвалюцыі 1905-1907 гг. Друкаваліся, як правіла, лацінскім шрыфтам. Так, у 1905 г. быў ананімна выдадзены на лацініцы “Беларускі лемантар, або Першая навука чытання” (аўтар В. Іваноўскі). Затым на яго аснове К. Каганец апублікаваў кірылічны варыянт лемантара (на думку некаторых даследчыкаў, аўтарам гэтага вучэбнага дапаможніка была Цётка).
Сярод першыў аўтараў беларускіх падручнікаў – Цётка (Э. Пашкевіч). Ею былі падрыхтаваны такія вучэбныя кнігі, як “Гасцінец для малых дзяцей” (на лацініцы) і “Першае чытанне для дзяцей-беларусаў” (абодва ў 1906 г.). Дзейнасць Цёткі па выданні чытанак для дзяцей першага года навучання паклала пачатак развіццю навучання на роднай мове. “Другое чытанне для дзяцей-беларусаў”, выдадзенае ў 1909 г., было падрыхтавана Я.Коласам.
Адзначым у справе выдання вучэбных кніг для дзяцей і В. Ластоўскага. Ім у 1915 г. быў выдадзены падручнік “Першая чытанка, кніжыца для беларускіх дзетак дзеля навукі чытання”. Асаблівасць гэтай вучэ най кнігі ў тым, что на яе старонках ўпершыню для вучняў пачатковай школы даваліся матэрыялы аб гістарычным мінулым Беларусі.
Усе аўтары першых беларускіх вучэбных кніг для дзяцей звярталі асаблівую ўвагу на развіцце вуснай мовы дзяцей.
З’яўленне першых вучэбных кніг для дзяцей на беларускай мове было крокам наперад у барацьбе за нацыянальную школу. Прынцыпы народнасці, даступнасці, развіцця нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей узбагачаліся і развіваліся наступнымі пакаленнямі беларускіх педагогаў.
Я. Колас – заснавальнік методыкі навучання беларускай мове
1. Роля Я. Коласа ў адраджэнні беларускай мовы ў школе
Вялікі ўклад у абарону беларускай мовы ўнес народны паэт Беларусі і педагог Якуб Колас. Уся дарэвалюцыйная педагагічная дзейнасць паэта была барацьбой за новы змест адукацыі. У аснову данай дзейнасці пакладзена ідэя народнасці, патрыятызму, глыбокая любоў да Радзімы, вера ў вялікія творчыя сілы народа, барацьба з сацыяльнай несправядлівасцю, дэмакратызацыю школы. Вялікая роля адводзілася ім навучанню на роднай мове, як «яркаму выяўленню народнасці». Паслядоўнік К. Дз. Ушынскага і іншых прагрэсіўных рускіх педагогаў-дэмакратаў, ён бачыў у ідэі навучання на роднай мове зыходную пазіцыю для барацьбы за прызнанне беларускай мовы, за ўвядзенне яе ў дарэвалюцыйных школах як прадмета.
У 1906 г. Я. Коласам надрукаваны артыкул «Беларуская мова ў казённай школе», у якім малады настаўнік спрачаецца з праціўнікамі беларускай мовы. Яга словы гучаць актуальна і ў наш час: «Адны кажуць: "Нашто беларуская мова? Нашто падымаць яе з магілы?» Другія гавораць, што мова беларуская — брыдкая мова... Адкуль жа гэткія нападкі на беларускую мову? Што іх парадзіла? Чаму беларуская мова — «мёртвая мова»? Чаму рэжа вуха яна нават таму ж самаму беларусу, які выйшаў з простага народа, інтэлігенту-беларусу?
Аўтар раскрывае некаторыя прычыны такога нацыянальнага нігілізму. Яны крыюцца ў характары ўнутранай расійскай казённай палітыкі. Як выхоўваецца беларус-інтэлігент? «Маленькі хлопчык-беларус вучыцца ў школе. Ці чуе ен там сваё роднае слова? Не. Ён чуе адну толькі насмешку над сваёю моваю...
Такім спосабам засяваецца нянавісць у душу будучага інтэлігента-беларуса к роднай мове, звычаю, парадкам».
Звяртаючыся да праціўнікаў беларускай мовы, Я. Колас усклікае: «Не, галубочкі! Не беларуская мова рэжа вам вушы, скрабе душу, а рэжа вам вушы і скрабуць душу тыя далекія ўспамінанні смеху над вамі, каторымі сустрачалі ваша слова ў школе. За ўсе часы вашага вучэння выстаўлялі на смех беларускую мову, тапталі ў балота ўсе ваша роднае. Не сваімі вачамі глядзіце вы на беларуса, не сваімі вушамі прыслухоўваецеся вы да яго мовы. От чаму беларуская мова здаецца вам нехарошаю».
3 нагоды таго, што беларускую мову называлі «мёртваю моваю», Я. Колас заўважае: «Што раз памерла, тое больш не жыве. А што жыве, тое не памерла. Не называйце ж беларускую мову мёртваю моваю. Як беларуса ні гналі, як яго ні душылі, як ні тапталі яго ў балота, усе ж ён захаваў сваю мову».
I ў далейшым народны паэт не раз паўтараў, што беларускі народ пранёс свае роднае слова, сваю мову праз вякі і не страціў яе.
У гэты час у Я. Коласа ўзнікла задума напісаць кнігу для чытання, па якой маглі б вучыцца дзеці ў беларускай школе. Такой кнігай і з'явілася «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў», выдадзенае ў Пецярбурзе ў 1909 г. Коласаўская чытанка для другога года навучання ў беларускай школе была прасякнута ідэямі народнасці і гуманізму, сваім зместам яна звязана з жыццем беларускай вескі. Падрабязна змест і структуру «Другога чытання» Я. Коласа разгледзем далей.
Як ужо адзначалася, у поглядах на родную мову, як найбольш поўнае адлюстраванне Радзімы і духоўнага жыцця народа, Я. Колас з'яўляўся паслядоўнікам К. Дз. Ушынскага. Абодва натхнённа любілі мову свайго народа і імкнуліся ў маладых выхаванцах выклікаць пачуцце любові і «замілавання» да яе. Я. Колас з болем адзначаў, што ў школе «мова маці зневажаецца і забываецца». Ен быў прыхільнікам той думкі, што нацыянальная культура і мова беларускага народа павінны не толькі захоўвацца, але і развівацца, змагаўся за навучанне дзяцей на роднай мове, бо яна больш блізкая і зразумелая дзецям. У 1914 г. ў газеце «Наша Ніва» ен пісаў: «Школа павінна задаволіць патрэбу навукі ў роднай мове, і самае важнае, яна не павінна стаяць збоку ад сям'і, не павінна закідаць зерны здрады ўсяго народнага».
Праблемы развіцця нацыянальнай школы былі ў цэнтры ўвагі паэта і педагога на працягу ўсяго яго творчага жыцця. Ужо ў 1947 г. у артыкуле «Шануйце і любіце сваю родную мову» Я. Колас звяртаецца да дзяцей: «Вы, дзеці беларускага народа, атрымалі магчымасць вучыцца ў школе на сваей роднай мове. I вы, савецкія школьнікі, павінны быць дастойнымі сваей вялікай Радзімы. Авалодваючы асновамі навук, вам трэба пазнаваць свет, законы, па якіх развіваецца грамадскае жыцце, ведаць і любіць свой народ і сваю Радзіму...»
Каб набыць гэтыя веды, падкрэслівае Я. Колас, неабходна вывучаць родную мову. «Роднае слова — гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаем жыццё і ака-ляючы нас свет. Пагэтаму вам неабходна так старанна вывучаць сваю родную мову, ведаць і любіць лепшыя творы беларускай літаратуры. I, перш за ўсе, трэба ведаць свой народ, яго гісторыю, яго багатую вусную творчасць».
Паэт неаднаразова адзначаў, што народ «вечны і нястомны творца». Трэба чула прыслухоўвацца да голасу свайго народа, браць усе лепшае, што стварыў ен за многавекавую гісторыю (легенды, казкі, песні, прыказкі).
2. Вучэбная кніга Я. Коласа «Другое чытанне для дзяцей беларусаў»
На працягу амаль усей педагагічнай дзейнасці Я. Колас шмат і натхнёна пісаў для дзяцей. У педагагічных артыкулах, публіцыстычных выступленнях, мастацкіх творах для дзяцей ён з'яўляецца перад намі не толькі як мастак слова, але перш за ўсе як чалавек, якога клапоціць лёс падрастаючага пакалення, як настаўнік, які ўсім сэрцам імкнецца, каб дзеці яго краіны раслі адукаванымі і выхаванымі. Кнігі, якія сталі падручнікамі жыцця для многіх пакаленняў юных чытачоў, і сёння служаць задачам гуманістычнага і патрыятычнага выхавання.
Вострая зацікаўленасць Коласа да асобы дзіцяці, да яго унутранага свету, паважлівыя адносіны да дзяцінства сталі дамінантай не толькі яго педагагічнай, але і літаратурнай творчасці.
Дапаможнік «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» уяўляе сабой арганічнае спалучэнне паэзіі і дыдактыкі, вобразнага і рацыянальнага адлюстравання свету. Выданне гэтага дапаможніка з'явілася заканамернай з'явай у развіцці педагагічнай думкі ў Беларусі. Кніга была прызвана садзейнічаць першапачатковаму выкладанню беларускай мовы ў народных школах.
Як выдатны педагог і метадыст, Колас лічыў паэтычныя творы найбольш удзячным матэрыялам для выхавання дзяцей. ён неаднаразова гаварыў пра тое, што вершаваныя творы найбольш дзейсна ўплываюць на эстэтычныя пачуцці дзяцей, фышталізуюць іх душу, развіваюць фантазію, уяўленні, узбагачаюць мову.
Увагу дзяцей адразу прыцягвала вокладка кнігі і найперш таму, што на фоне зімовага пейзажу быў намаляваны вясковы хлопчык, равеснік юнага чытача. Пачатая гэтым гаворка пра еднасць дзяцей з прыродай лейтматывам праходзіць амаль праз усе апавяданні і вершы чытанкі.
Дапаможнік Я. Коласа складаецца з сямі раздзелаў, у якіх выразнай, даступнай мовай пададзены маляўнічыя апісанні роднай прыроды, праўдзіва адлюстравана беларуская вёска.
Большасць вершаў «Другога чытання» — пейзажныя, у іх даюцца яркія штрыхі-замалеўкі розных пор года: вясны, лета, восені і зімы. У кожным малюнку адпаведныя фарбы, настрой.
Так, дынамічнасцю, зменлівасцю апісання вызначаецца верш «Вясна на Палессі», яго гучанне мажорнае, прыўзнятае. Аўтар гаворыць аб вясне, як аб жывой істоце, паказвае яе нястомнай працаўніцай. Весела бягуць маленькія вясновыя ручайкі, затым яны зліваюцца ў большы ручай, бо ім разам «весялей і лягчэй ваяваць з тымі парогамі, каторыя загараджаюць ім дарогу». Нават малюсенькі ручаёк, што цячэ, як слезы, па капельцы, у калектыве дужэе. Вясною, піша Я. Колас, шмат работы сонцу. гэта ад яго гарачых промняў плача зіма; гэта яно змагаецца «з цьмою і холадам, як ваюе і чалавек са злом і несправядлівасцю». Так даходліва і тактоўна Колас-настаўнік праз апісанне прыроды рыхтуе дзяцей да ўспрымання грамадскіх з'яў, выхоўвае любоў і павагу да ўсяго светлага, прыгожага, справядлівага.
Апісанне восені ў Я. Коласа зусім іншае. Яна навявае смутак (верш «Уво-сень»):
Дзень маркотны, невясёлы...
Па зямлі пайшоў туман.
Чуць відаць і лес, і селы
Чуць відзен з імглы курган ...
Зусім іншы малюнак і настрой у вершы «Зіма». Тут добра перададзена ўрачыстасць таго моманту, калі «белым снегам замятае вецер чорныя палі». Гэта дасягаецца і паглыбляецца дзякуючы энергічным клічным сказам, звароту аўтара да дзяцей, запрашэннем іх да гульні:
Даставайце з вышак сані —
Гайда снежкі праціраць
I на белым акіяне
Уздоўж і ўпоперак гуляць.
Верш «Зіма» — адзін з тых твораў «Другога чытання», якія пісаліся спецыяльна для дзяцей.
Важным жанрам дзіцячай літаратуры, які ў большай ступені садзейнічае разумоваму, маральнаму і эстэтычнаму выхаванню дзяцей, развіццю іх творчага мыслення, Колас лічыў казку, таму ў адным з раздзелаў «Другога чытання» ён змясціў адзінаццаць апрацаваных ім беларускіх казак. Апрацоўваючы народныя казкі для дзяцей, пісьменнік-педагог імкнуўся наблізіць іх да дзіцячага ўспрымання, а таму скарачаў апісанне, узмацняў дзеянне, уключаў дыялогі. У дапаможніку змешчаны такія казкі, як «Мужыкі пан», «Два маразы», «Леў і воўк» і інш.
Незабыўна прыгожыя, пластычныя пейзажныя замалёўкі ў «Другім чытанні». Празаічныя апісанні і замалёўкі ў чытанцы настолькі эмацыянальна насычаныя, лірычна-пранікненыя, што толькі ўмоўна іх можна назваць празаічнымі, правільней іх аднесці да вершаў у прозе: «Ціхі сон ночы вее над зямлею. Заснула поле пад чорнаю посцілкаю цьмы. Стары лес перастаў хістацца і махаць касматымі лапамі, стаіць як заварожаны, на краях поля і дрэмле на месяцы». Колас таленавіта перадае стракатасць колераў і фарбаў беларускага лесу, цішу спякотнага летняга поўдня, грымоты навальніцы, ціхае шапаценне срэбраных каласкоў, гуллівае бульканне ручая і, нават, «шум і звон крылаў мошак, пчолак, матылькоў». «А кветак, кве-так! — у захапленні гаворыць аўтар. — Якога толькі колеру не найдзеш тут кветак!»
Я. Колас дае магчымасць дзецям уволю налюбавацца хараством роднай зямлі і, як і ў вершах, але больш шырока, дэталева знаёміць іх з своеадметнасцю роднай прыроды. Кожнай пары года ў чытанцы прысвечаны асобныя цыклы замалёвак, па іх можна прасачыць, як пачынаецца тая ці іншая пара года, якія новыя прыкметы неўзабаве з'яўляюцца ў ёй, як яна ўваходзіць у сілу і як, нарэшце, ідзе на спад і змяняецца наступнай.
Я. Колас надзвычай уважліва аднёсся да запатрабаванняў сваіх чытачоў. Ен імкнуўся ўзбагаціць веды дзяцей, расказаў шмат новага пра жыцце прыроды, грамадства. Пісьменнік ведаў, што нават самыя прыгожыя пейзажныя замалеўкі хутка надакучаць дзецям, калі будуць пададзены ў аднастайнай манеры. Таму ён уключае ў пейзажныя апісанні невялікія апавяданні, гісторыі з жыцця дзяцей, эпізоды з побыту і працы сялян, дынамічныя дыялогі, рытарычныя пытанні, звароты, лірычныя адступленні. Гаворка ў чытанцы вядзецца ў размоўных інтанацыях, аўтар няспынна падтрымлівае кантакт з дзецьмі, прымушае іх разважаць, фантазіраваць і не толькі бачыць, але і слухаць родную прыроду, разумець яе мову: «Чулі вы, як шуміць стары лес зімою, у позні вечар, як сярдзіты вецер надрываецца і плача за акном?», «Чулі вы, як балбоча беспрэстанку і ўдзень, і ўночы пад гарою ручай?»
Ажыўляюць матэрыял чытанкі дзіцячыя вобразы. Ясь, Алесь, Пятрусь, Міхась растуць на ўлонні прыроды, ходзяць па ягады, грыбы, хоць і вельмі баяцца, што нарвуцца на лесніка; дзеці сябруюць, часам сварацца. Вобразы дзяцей у «Другім чытанні» створаны з веданнем асаблівасцяў дзіцячай псіхікі, яны добра запамінаюцца, бо ў кожным дзіцячым характары Колас знаходзіць нешта адметнае, своеасаблівае.
Настаўнік па прафесіі, Я. Колас разумеў, што літаратура павінна вырашаць не толькі адукацыйныя задачы, але і выпрацоўваць у дзяцей самастойнае мысленне, будзіць іх фантазію, творчую думку. Глыбокі філасофскі сэнс мае змешчаны ў кнізе алегарычны твор «Дуб і чароціна». Дуб на пытанне пахілай, тонкай чароціны аб вытоках яго жыццястойкасці адказвае: «Ты баішся жыцця, затым ты і слабая... Ты прывыкла да легкага жыцця і ўсю надзею кладзеш на другіх. А хто не надзеецца на сябе, той цягам бывае слабы. А я змалку надзееўся толькі на свае сілы і на сілы зямлі і сонца. Змалку навучыўся сам памагаць сябе. Нікому я не гнуўся. Лепей зламацца зусім, чым гнуцца ўсялякай сіле». Гэты твор выхоўвае пачуцце ўласнай годнасці, вучыць стойкасці і мужнасці.
Такім чынам, у многіх творах «Другога чытання» выяўляецца глыбокая сацыяльная і маральна-этычная праблематыка, якая падаецца і тлумачыцца ў даход-лівай для дзяцей форме.
Скласці дакладнае ўяўленне пра творы «Другога чытання» цяжка, бо царская цэнзура нямала «папрацавала» над гэтай кнігай. Некаторыя творы адкрытага сацыяльнага гучання былі цалкам выключаны, некаторыя значна скарсчаны.
«Другое чытанне для дзяцей беларусаў» мела вялікае значэнне як вучэбная кніга. Коласаўская чытанка ў многім прадвызначыла развіццё і ўмацаванне ў беларускай дзіцячай літаратуры прынцыпаў гуманізму, народнасці. Вопыт Коласа мастака, педагога, які так ярка выявіўся ў гэтай кнізе, і зараз павучальны для тых, хто імкнецца сваімі творамі дзейнасна ўплываць на фарміраванне ў юных чытачоў пачуцця прыгажосці, высокіх духоўных і маральных якасцей.
3. Асноўныя палажэнні методыкі навучання роднай мове
На пачатку 20-х гг. у школах Беларусі ўводзілася навучанне на роднай мове, таму востра адчуваўся недахоп у падручніках і метадычнай літаратуры.
Выкладаючы методыку беларускай мовы ў палітэхнікуме і універсітэце, Я. Колас уважліва сачыў за развіццём педагагічнай думкі ў нашай краіне, за метадычнай літаратурай па пытаннях выкладання моў. Размовы з настаўнікамі, асабісты вопыт стварылі ўяўленне аб праблемах выкладання роднай мовы, яго моцных і слабых баках, дапамаглі ўявіць круг метадычных пытанняў пры арганізацыі практычнай падрыхтоўкі студэнтаў — будучых настаўнікаў. Гэта вызначыла змест яго кнігі «Методыка роднае мовы», у якой упершыню была зроблена спроба паказаць практычныя магчымасці рэалізацыі галоўных дыдактычных прынцыпаў навучання ў працэсе выкладання беларускай мовы.
Трэба адзначыць, што метадычная канцэпцыя Я. Коласа стваралася ў перыяд, калі вельмі важна было не толькі абараніць, захаваць навуковыя асновы маладой навукі — методыкі беларускай мовы, але і адзначыць яе далейшае развіцце.
Выдадзеная ў 1925 г. «Методыка роднае мовы» — гэта вынік шматгадовай навукова-педагагічнай працы Я. Коласа. Як адзначаў сам аўтар, ён не прэтэндаваў на самабытнасць, арыгінальнасць сваей работы. Пры складанні падручніка паэт шырока карыстаўся «расійскімі метадычнымі прынцыпамі».
Заслуга Я. Коласа ў тым, што ён не адрываўся ад рэальных умоў жыцця школы і, па магчымасці, стараўся даць настаўнікам усё тое, што неабходна з педагагічнага і метадычнага погляду для плённай працы ў школе. Ен сістэматызаваў і абагульніў усё тое каштоўнае, што выказвалася ў педагагічнай літаратуры ў вобласці методыкі пачатковага навучання, і паднёс гэтыя палажэнні з улікам спецыфікі выкладання беларускай мовы. Аўтар бачыў сваю галоўную і першапачатковую задачу не ў тым, каб прапанаваць новыя прынцыпы, а каб даць правілы навучання, якія ўсталяваліся ў педагагічнай навуцы. Свае метадычныя погляды Я. Колас абгрунтаваў, зыходзячы як са свайго асабістага вопыту, так і з вопыту перадавых настаўнікаў. Нездарма ў пазнейшых публікацыях даследчыкаў педагагічнай спадчыны Я. Коласа адзначалася, што яго «Методыка...» з'явілася «своеасабівай энцыклапедыяй педагагічных ведаў для настаўнікаў Беларусі».
Я. Колас вызначыў месца роднай мовы сярод іншых прадметаў у пачатковай школе. Гэтае месца вызначаецца, на думку аўтара, трыма данымі: 1) агульна-асветнае значэнне яе, як мовы; 2) выхаваўчае значэнне, як роднай мовы; 3) практычнае значэнне па сувязі з чытаннем і пісьмом.
Агульнаасветнае значэнне мовы выходзіць з цеснай сувязі яе з нашым мысленнем. I псіхолагі, і мовазнаўцы прызнаюць, што развіццё мыслення цесна звязана з развіццем мовы і што развіццё кожнай навукі знаходзіцца ў сувязі з развіццём уласнай яе мовы. Удзел мовы ў дзейнасці мыслення заключаецца ў тым, што яна дае разуменням і ўяўленням, да якіх мае дачыненне мысленне, слоўныя вызначэнні. Абазначаючы кожнае пабудаванае намі разуменне словам, мы робім сталым яго змест. Без патрымкі словам наша мысленне было б перарваным і невыразным.
Галоўнай мэтай навучання Я. Колас лічыў развіцце ў вучняў творчага мыслення шляхам уключэння іх у самастойную, пазнавальную дзейнасць. Пры гэтым развіццё мыслення ен цесна звязваў з авалоданнем роднай мовай як інструментам мыслення.
Выхаваўчае значэнне роднай мовы Я. Колас, ва ўласцівай яму паэтычнай манеры, вызначае наступным чынам: «Скрозь адчыненыя дзверы роднай мовы льецца ў школу шырокая, магутная плынь, плынь асветы, людкуючы розум і пачуцці дзяцей».
3 прычыны таго, што навучанне роднай мове ў школе злучаецца з навучаннем чытанню і пісьму, яно набывае асаблівы характар, мэтай якога з'яўляюцца не столькі веды, колькі навыкі. Гэтае навучанне робіцца крыніцай новых і глыбокіх выхавальных уплываў на ўвесь псіхічны склад вучняў: чытанне пашырае кругагляд дзіцяці, узбагачае яго ўспрымальную душу яркімі вобразамі і малюнкамі, незнаёмага яму дагэтуль жыцця. Цераз кнігу дзіця набывае многа розных ведаў з розных навук.
Я. Колас фармулюе канчатковую мэту навучання роднай мове на ніжэйшай ступені навучання — гэта умелае карыстанне роднай мовай для выказвання ўласных думкаў і перажыванняў вучня. Вызначанае месца роднай мовы і мэта навучання ей абумоўліваюць задачы: 1) навучыць чытаць; 2) навучыць пісаць; 3) давесці да разумення самога ладу роднай мовы; 4) развіць вусную мову вучняў. Як бачым, задачы навучання роднай мове, вылучаныя Я. Коласам, блізкія да тых, што былі сфармуляваны К. Дз. Ушынскім (развіцце дару слова; увядзенне дзяцей у свабоднае валоданне скарбніцамі роднай мовы; засваенне логікі роднай мовы, гэта значыць, яе граматычных законаў ў іх лагічнай сістэме).
Кожная з названых асноўных задач навучання роднай мове, паводле Я. Коласа, падзяляецца ў сваю чаргу на некалькі прыватных.
Навучыць чытаць — гэта перш за ўсе навучыць тэхніцы чытання, прывучыць да свядомага чытання і развіць навык самастойнага чытання дома.
Другая задача — навучыць дзяцей пісаць — таксама складваецца з трох задач: навучыць тэхніцы пісьма, навучыць правапісу і выпрацаваць уменне складна запісваць свае думкі.
Трэцяя задача — увесці вучняў у разуменне будовы роднай мовы — ёсць справа граматыкі, якая павінна ўяўляць сабою першапачатковы аналіз роднай мовы.
Чацвёртая задача — развіцце ў дзяцей здольнасці вуснай мовы. Асобнае значэнне вуснай мовы выходзіць з яе цеснай сувязі з нашым мысленнем: слова — дзейсны супрацоўнік нашай думкі. Вялікі запас слоў — адна з умоў для больш дакладнага і яснага выказвання нашай думкі. Адгэтуль развіцце вуснай мовы — ёсць развіццё аднае з прылад нашага мыслення.
Развіцце вуснай мовы важна і ў другіх, чыста практычных, адносінах. Я. Колас пісаў, што вусная мова па самой сутнасці цесна звязана з пісьмовай мовай, і развіцце вуснай мовы — гэта развіцце пісьмовай мовы. Развіцце вуснай і пісьмовай мовы, на думку педагога, павінна аб'яднацца ў адзінае цэлае і ісці побач. У той жа час вусная мова мае свае асаблівасці. Таму ў школе неабходны спецыяльныя практыкаванні па развіцці як вуснай, так і пісьмовай моў. У малодшых класах першапачатковай школы асноўная ўвага павінна ўдзяляцца развіццю вуснай мовы, у старэйшых — пісьмовай.
Вельмі актуальным, з сучаснага пункту гледжання, з'яўляееца падыход Я. Копаса да развіцця маўлення вучняў як сродку зносін. Вучоны пісаў, што асноўная памылка ранейшай школы была ў тым, што яна разглядала родную мову як прадмет выкладання, у той час як яна, перш за усё, ёсць сродак сацыяльных зносін паміж членамі школьнага калектыву. У гэтым, на думку Я. Коласа, была педагагічна-арганізацыйная памылка, бо не было прынята пад увагу значэнне мовы як фактара сацыяльнай дысцыпліны ў школе.
Следам за псіхолагам Дз. Дзюі, Я. Колас адрознівае сацыяльнае і інтэлектуальнае ўжыванне мовы. Ён падкрэслівае, што настаўніку трэба ясна размяжоўваць мову як прадмет выкладання, ад мовы як фактару сацыянальных зносін дзяцей. Толькі тады ён зможа ўхіліць той канфлікт паміж гэтымі двума бакамі адной і той жа з'явы, які няўхільна вынікае пры аднабаковым падыходзе да мовы як прадмета выкладання, адарванаму ад жывой стыхіі дзіцячай гутаркі.
Адмоўная рыса старой школы навучання ў адносінах да заняткаў роднай мовай, лічыць Я. Колас, у тым, што адкідвалася мова дзяцей, а кніжная мова падручнікаў, штучна прыстасаваная, наадварот падносілася. Каб гэтага пазбегнуць, настаўніку трэба ўсвядоміць розніцу паміж роднай мовай як прадметам выкаладання і як жывой стыхіяй дзіцячых зносін. Задача настаўніка і будзе заключацца ў тым, каб устанавіць правількыя адносіны паміж роднай стыхіяй гаворкі і пэўнымі нормамі літаратурнай кніжнай мовы.
Такім чынам, педагог выступаў супраць схаластычнага выкладання мовы як збору правіл. Патрабаванне абапірацца на інтарэсы дзяцей, фарміраваць у іх мову як сродак зносін на блізкім іх жыццёваму вопыту матэрыяле, з'яўляецца вельмі актуальным і ў наш час.
На старонках падручніка «Методыка роднай мовы» Я. Колас даў шмат парад і рэкамендацый па методыцы навучання беларускай мове і чытанні ў пачатковых класах, апрабаваных самім аўтарам у працэсе яго працы ў школе.
Сярод разнастайных метадаў навучання ў пачатковай школе асобнае месца Я. Колас адводзіў вуснаму выкладанню. I гэта зразумела, таму што асаблівасць дадзенага метаду ў тым, што настаўнік, выкарыстоўваючы розныя эмацыянальныя ўздзеянні, імкнецца праз уплыў на псіхіку дзіцяці садзейнічаць развіццю ўсвядомленага і творчага ўспрымання вучзбнага матэрыялу. Мова настаўніка павінна быць яркай і вобразнай, эмацыянальнай і, самае галоўнае, выразнай па пастаноўцы думкі. А каб яна была больш даходлівай, настаўнік павінен шырока выкарыстоўваць сродкі нагляднасці.
Тлумачэнне, раіць вопытны педагог, трэба будаваць так, каб выклікаць у дзяцей цікавасць да новага, абуджаць іх думкі. Абавязковым кампанентам тлумачэння павінны быць меркаванні, высновы, доказы, пры гэтым настаўнік павінен звяртаць увагу на тыя моманты, якія асабліва вылучаюць галоўную думку, дапамагаюць яе разуменню. I ў той самы час тлумачэнні настаўніка павінны быць сціплымі і нешматслоўнымі.
Важнасць такога метаду, як гутарка, Я. Колас бачыў у тым, што яна з рознай мэтай можа быць выкарыстана на розных этапах навучання. Выкарыстоўваючы набыты вопыт, уменні і навыкі, настаўнік праз сістэму пытанняў падводзіць іх да засваення 'атрыманых ведаў. Поспех гутаркі заўсёды залежыць ад правільнага вызначэння яе тэмы, ад матэрыялу і лагічнай яе пабудовы. У сувязі з гэтым педагог пісаў: «План гутаркі, яе падрабязнасці, самі пытанні настаўнік адзначае сам, кіруючыся матэрыялам, узроўнем падрыхтаванасці вучняў, развіццем дзяцей і г. д.». Таксама яе эфектыўнасць залежыць ад таго, як настаўнік фармулюе пытанні, ад іх паслядоўнасці, ад умення ўключыць у работу ўвесь клас і, безумоўна, ад таго, якую рэакцыю выклікаюць у настаўніка адказы вучняў.
Я. Колас лічыў, што пытанні будуць мець «каштоўнасць і сэнс», калі будуць:
акрэсленымі і простымі;
паслядоўнымі, каб адзін вынікаў з другога;
не скупыя па змесце;
ставіцца так, каб настаўнік мог чакаць ад вучня правільны адказ;
ставіцца так, што ў саміх пытаннях не будзе змяшчацца падказак;
задавацца такія пытанні, на якія адказ не даецца ў форме простага пацвярджэння ;
задавацца так, што на адзін адказ — адно пытанне.
Але Я. Колас адзначаў, што настаўнік павінен быць уважлівы не толькі да пытанняў, але і да адказаў вучняў: «Адказы павінны быць багатымі па змесце і правільнымі па форме».
Акрамя гэтага, Я. Колас заклікае выкарыстоўваць у навучальным працэсе і гульнявыя метады. «Мы павінны ўлічваць гульнявыя інтарэсы і запатрабаванні дзіцяці. Методыка навучання ў пачатковых класах не павінна іх ігнараваць, бо яны садзейнічаюць развіццю ўяўлення, як важнай псіхалагічнай функцыі іх інтэлекту».
Праціўнік бяссэнсавага механічнага засваення ведаў, Я. Колас звяртаў увагу настаўнікаў на важнасць выяўлення ўнутраных магчымасцей самога працэсу навучання, якія б выклікалі ў вучняў цікавасць да розных відаў заняткаў і тым самым садзейнічалі ўдумліваму засваенню. «Трэба зацікавіць дзяцей самой работай», — гэта быў тэзіс педагога.
Усе адзначанае вышэй дае падставы зрабіць вынік, што Я. Колас быў выдатны настаўнік і метадыст свайго часу.
4. Я. Колас аб значэнні мастацкай літаратуры ў выхаванні і навучанні дзяцей
Вялікае значэнне ў агульнай сістэме выхавання Я. Колас надаваў мастацкай літаратуры. Педагагічныя погляды беларускага педагога і паэта, яго патрабаванні да дзіцячай кнігі і дзіцячага чытання мелі шмат агульнага з патрабаваннямі В. Р. Бялінскага, М. Г. Чарнышэўскага, М. А. Дабралюбава, К. Дз. Ушынскага, Л. М. Талстога, якія найважнейшай рысай новай рэалістычнай дзіцячай літаратуры пічылі народнасць. Колас добра ведаў жыццё і псіхалогію беларускага народа, яго мову і фальклор. Ен разумеў таксама, што дзецям патрэбна спецыфічная кніжка: зразумелая, яркая, цікавая. Як усе вядомыя дзіцячыя пісьменнікі, Колас вучыўся ў народа ўменню гаварыць з дзецьмі. Беларускія песні, казкі, загадкі, прыказкі і прымаўкі былі для яго ўзорам высокага паэтычнага і педагагічнага майстэрства.
Прызначэнне літаратуры Я. Колас бачыў у вобразным пашырэнні і паглыбленні ведаў дзіцяці, развіцці ў яго высокамаральных пачуццяў, фантазіі, узбагачэнні лексікона, у выпрацоўцы добрага эстэтычнага густу. У «Методыцы роднай мовы» Я. Колас, у прыватнасці, пісаў: «Чытанне пашырае кругагляд дзіцяці, узбагачае душу вобразамі і мыслямі... Чытанне з'яўляецца важнай крыніцай для развіцця мовы дзяцей. Чытаючы, вучань незаметна ўсвойвае новыя выразы, вобразы, каторымі ён і карыстаецца, свядома ці несвядома, у сваей жывой мове.
Чытанне служыць і эстэтычнаму выхаванню дзяцей. Яно ўзбагачае фантазію новымі вобразамі, даючы дзецям новыя разнастайныя перажыванні, выхоўвае ў іх густ да прыгожага, да паэзіі і мастацства... Яскравыя мастацкія вобразы, моцна адбіваючыся ў дзіцячай псіхіцы, могуць стаць для іх жывымі прыкладамі ўсяго прыгожа-адмысловага і добрага».
Асабліва важна, на думку Я. Коласа, вывучэнне класічнай літаратуры. Ён рашуча выступаў супраць тых педагогаў, якія сцвярджалі, што класічнай літаратуры не месца ў пачатковай школе, што яна недаступная дзецям, а таму яе трэба замяніць дзіцячай белетрыстыкай. Я. Колас лічыў наадварот: класічная літаратура даступна кожнаму ўзросту, кожны ўзрост чэрпае з яе свой змест і знаходзіць водгукі на свае запатрабаванні.
Творы пісьменнікаў-класікаў чытаюцца не адзін раз, і кожнае чытанне адкрывае «усе новыя і новыя думкі, настроі, пачуцці, ідэі». Глыбіня зместу вялікіх твораў адкрываецца паступова кожнаму чытачу, «і трэба як найраней прышчапляць дзецям любасць да гэтых пісьменнікаў. А гэтая любасць дасягаецца толькі чытаннем».
Клапаціла Я. Коласа і тое, што ў той час мала ўвагі надавалася вывучэнню літаратуры і мастацкаму выхаванню. Школа не давала нават асноў паэтычных ведаў, не раскрывала спецыфікі паэтычнага твора. У сваім выступленні на з'ездзе Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР Я. Колас сцвярджаў, што «школа ў першую чаргу павінна клапаціцца аб тым, каб наш чытач атрымаў у ей асновы мастацкэга выхавання».
Пісьменнік-педагог справядліва лічыў, што неабходна ўключыць у праграму па літаратуры вывучэнне не толькі высокамастацкіх твораў, але і жыццевых і творчых шляхоў вялікіх пісьменнікаў, іх грамадскую дзейнасць (з улікам узроставых асаблівасцей). У пачатковай школе «нельга абмяжоўваць матэрыял для чытання толькі дзіцячай літаратурай, неабходна «закінуць» у сэрца дзіцяці імены родных пісьменнікаў у сувязі з чытаннем іх твораў».
Важнейшай задачай настаўніка з'яўляецца ўзбраенне вучняў зместам ідэйна-накіраваных мастацкіх твораў праз раскрыцце станоўчых і адмоўных вобразоў. Усё гэта садзейнічае дасканаламу засваенню ведаў, фарміраванню маральных якасцей вучняў. Менавіта ў гэтым пісьменнік бачыў значэнне курса літаратуры, бо «мастацкі твор — гэта перш за ўсе людзі. Без іх думак, пачуццяў, без іх працы няма мастацкага твора».
Вядома, якую вострую і цяжкую барацьбу давялося весці савецкім пісьменнікам, педагогам у 20-я гг. супраць прыхільнікаў тэорыі шкоднасці і непатрэбнасці казкі для дзяцей. Я. Колас быў паслядоўнікам тых мастакоў слова, якія бачылі ў народнай казцы выдатныя якасці, і шмат увагі ўдзяляў публікацыі. У яго апрацоўцы асобнымі кніжкамі выйшлі некалькі беларускіх казак.
Нельга, аднак, абмежавацца толькі выданнем для дзяцей тэкстаў вуснай народнай паэзіі і лепшых твораў рускай і беларускай дэрэвалюцыйнай літаратуры. Неабходны былі новыя кнігі, якія б адпавядалі патрабаванням новай эпохі, выхоўвалі б у дзяцей «любоў да чалавека і яго працы».
Колас падкрэсліваў, што ў дзяцячыя гады, у перыяд першапачатковага фарміравання светапогляду і характару чалавека, літаратура мае найбольш выхаваўчае значэнне, бо «дзеці вельмі чулыя да пытанняў праўды і добра, каторыя так ці іначай закранаюцца тым ці іншымі апавяданнямі, байкамі, вершамі».
У адпаведнасці з высокай ацэнкай адукацыйнага і выхаваўчага значэння дзіцячага чатання, Колас шырока ставіць пытанне аб тым, якой павінна быць кніга для дзяцей:
«1. Твор павінен быць цікавым для дзяцей, каб выклікаць у іх ахвоту да чытання.
2. Калі артыкул навуковага характару, ён павінен даваць пэўныя і верныя веды.
3. Калі артыкул грамадска-палітычны, то ён павінен закранаць у дзяцей лепшыя струны іх, развіваць успагадлівасць, гатоўнасць стаяць за грамадзянскія ідэалы. Ён павінен выхоўваць спачуванне, маральную чуласць».
Пісьменнік клапаціўся аб удасканаленні школьных хрэстаматый, падкрэсліваючы неабходнасць выдання для дзяцей змястоўных і добра аформленых кніг. У сувязі з гэтым ён нагадваў словы К. Дз. Ушынскага: «Цікавы матэрыял, цудоўныя малюнкі, цэласнасць кампаноўкі — такія кнігі хочацца захаваць, і яны захаваліся да нашыхдзяцей».
Я. Колас вызначыў галоўную праблему далейшага развіцця беларускай літаратуры для дзяцей — гэта высокая якасць кніг для дзіцячага чытання. Неабходна, каб кніга, адрасаваная дзецям, «ад пачатку да канца чыталася з цікавасцю, каб кожная старонка ў ей давала ўсе болей глыбокі пазнаваўчы матэрыял»
У мастацкай творчасці для дзяцей Я, Колас заўседы кіраваўся прынцыпамі, якія выказваў у тэарэтычных і метадычных працах. Створаныя ім казкі, вершы і паэмы, апавяданні і аповесці разнастайныя сваей праблематыкай, багатыя на яскравыя вобразы, мастацка-выяўленчыя сродкі сведчаць аб глыбокім пранікненні пісьменніка ў дзіцячую псіхалогію, аб уменні пісаць цікава і займальна на самыя важныя і актуальныя тэмы. Лепшыя яго творы ўвайшлі ў дзіцячую класіку («Рак-вусач», «Міхасевы прыгоды», «Савось-распуснік» і інш.).
Я. Колас неаднаразова падкрэсліваў, што любоў да роднай мовы і літаратуры, цікавасць да чытання павінна прывіць дзецям школа. Эфектыўнымі ён лічыў толькі гыя ўрокі, на якіх выпрацоўваюцца і ўдасканальваюцца ў вучняў навыкі і ўменні асэнсаванага, правільнага і выразнага чытання мастацкіх твораў. Вялікую ўвагу педагог і паэт надаваў свядомаму засваенню прачытанага, а для гэтага «яшчэ мала зразумець асобныя словы і кожную думку, — трэба, каб вучні разумелі і самыя ад-носіны паміж мыслямі». Колас прапанаваў такія прыёмы работы над тэкстам, як гутарка, складанне плана, разнастайныя віды пераказу, вартыя ўвагі настаўнікаў і ў наш час.
Тэарэтычныя меркаванні Коласа-педагога надзвычай каштоўныя для беларускай дзіцячай літаратуры. Яны дапамагаюць зразумець спецыфіку літаратуры для дзяцей, яе асноўныя прынцыпы і задачы.
Такім чынам, у працах Я. Коласа адзначаецца, што родная мова бытуе ў народзе не толькі як сродак зносін у сумеснай дзейнасці людзей. Яна нясе ў сабе і зберагае назапашаны духоўны вопыт, унутраныя багацці душы чалавека з уласцівымі ей асаблівасцямі і адметнасцямі.
Сваей педагагічнай дзейнасцю, сваімі цудоўнымі мастацкімі творамі Я. Колас вучыць настаўнікаў разумець і любіць родную беларускую мову і літаратуру, дапамагае выхоўваць падрастаючае пакаленне.