Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
uv-ny_w_interzhur.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
121.34 Кб
Скачать

5. Фэномэн блогерства

Блог (blog) — гэта скарачэньне ад ангельскага web log (сеціўны дзёньнік). У кнізе пра інтэрнэт-журналістыку мы чытаем: "Па форме гэта — старонка з кароткімі запісамі наступнага фармату: спасылка на месца ў Сеціве і невялікі, часта падкрэсьлена суб’ектыўны камэнтар. Ўэблог — гэта інфармацыйна напоўнены дзёньнік, то бок адна з формаў аўтарскага праекту. Аўтары ўэблогаў (блогеры) зазвычай пішуць пра тое, што зь імі адбываецца, выказваюць свае меркаваньні з нагоды тых ці іншых палітычных і культурных падзеяў, а таксама камэнтуюць публікацыі ў Інтэрнэце, зьвязваючы камэнтары гіпэрспасылкамі з крыніцай".

Цяпер — мода на блогі. Актыўна скарыстоўваюцца "Жывы часопіс", іншыя папулярныя плятформы. Шмат каго з карыстальнікаў Сеціва ахоплівае спакуса паспытаць сябе ў ролі блогера, апаноўвае ілюзія, нібыта кожны цяпер можа стаць журналістам. Але большасьць блогаў — дылетанцкія. І наведваньне ў іх, мякка кажучы, сьціплае.

Зрэшты, аўтарытэтны часопіс The Economist спрагназаваў, што блогеры выціснуць традыцыйную журналістыку на пэрыфэрыю. Зьявілася нават канцэпцыя "народнай журналістыкі". Ёсьць адпаведныя рэсурсы. Яны спэцыялізуюцца на друкаваньні такіх аўтараў-непрафэсіяналаў.

Але, думаю, выснова паважанага часопіса ёсьць перабольшаньнем. На "Форуме расейскіх рэдактараў” (http://editorsweblog.ru) давялося ўбачыць трапнае выказваньне Джона Бэрка: "У гэтай практыцы, якую ў нашыя дні гучна называюць народнай журналістыкай, няма нічога кепскага. Праўда, да журналістыкі яна ня мае ніякага дачыненьня".

Дакладней кажучы, аматарская журналістыка можа быць дапаўненьнем да прафэсійнай. Блогеры іншым разам наводзяць "звычайных" журналістаў на цікавую, актуальную тэму. Апошнія часта шукаюць для сябе тэмы ў блогах. Можна згадаць, што менавіта блогеры ўзьнялі тэму бойкі ў электрычцы "Менск — Пухавічы" пасьля Дня гораду ў верасьні 2006 г. У выніку мусілі зрэагаваць і дзяржаўныя мэдыі, і ўладныя структуры.

Але, на маю думку, блогерства не заменіць прафэсійную журналістыку. Бо квітнее дылетанцтва, аўтары часьцяком не адчуваюць адказнасьці за словы, не правяраюць зьвесткі ды і ня ўмеюць гэтага рабіць як сьлед.

Маскоўскі журналіст Андрэй Калесьнікаў напісаў добры артыкул пад назвай "Аффтар сжог, или Почему я не веду интернет-дневников" (http://www.rian.ru/authors/20061018/54898650.html). Назва, як вы разумееце, парадыйная. А піша ён пра ўзровень пісьма ды культуру дыскусіі на форумах і ў блогах, дакладней — пра яе брак. Андрэй Калесьнікаў зазначае: "Журналістыка, як бы ні прэтэндавалі на ляўры народных рэпартэраў насельнікі форумаў ды пісьменьнікі дзёньнікаў, усё ж ёсьць рамяством, якое падпарадкоўваецца пэўным правілам. Адна з таямніцаў рамяства — рэдактура, выбудоўваньне герархіі навінаў, фармаваньне кампазыцыі інфармацыйнага малюнку".

Хутчэй, маюць пэрспэктыву псэўдаблогі (тэрмін, які вынайшаў, здаецца, Андрэй Дынко — шматгадовы рэдактар "Нашай Нівы"). Гэта калі вядоўца — прафэсійны журналіст, які піша артыкулы без рэдактара, сам іх аздабляе і ставіць на сайт. Калі хочаце, гэта ў пэўнай ступені мімікрыя пад модны жанр (хаця і насамрэч выкарыстоўваюцца ягоныя "фішкі"). Ваш пакорлівы слуга, дарэчы, на прапанову згаданага Андрэя Дынька распачаў у кастрычніку 2006 г. весьці ўласны блог на сайце "Нашай Нівы". Адпаведная рубрыка атрымала назву "Аляксандар Класкоўскі. Кропкі над "і". Такім чынам пашэнціла адчуць сапраўды ўнікальныя магчымасьці, так бы мовіць, прафэсійнага блогерства.

Зноў жа падкрэсьлю такі канёк, як апэратыўнасьць. Калі адбываюцца нейкія важныя падзеі, ёсьць магчымасьць рэагаваць імгненна. І чытачы адразу адгукаюцца. Кантраст, розьніцу ў апэратыўнасьці асабліва выразна адчуваеш, маючы досьвед супрацоўніцтва з друкаванай вэрсіяй "Нашай Нівы", якая выходзіць раз на тыдзень.

Блог — гэта творчае самаабслугоўваньне. Ніякай рэдактуры (тым болей цэнзуры), ніякіх прамежкавых зьвёнаў між табой і чытачом.

Гэта і асаблівая стылістыка. Тут цалкам дарэчныя болей лірычныя, камэрныя, спавядальныя інтанацыі, зьяўляецца магчымасьць распавесьці пра тое, што ня лезе ў пракрустаў ложак традыцыйных жанраў.

Важны таксама момант зваротнай сувязі. Аўтары камэнтароў дапаўняюць аўтара артыкулу. Зрэшты, гэтую зваротную сувязь ня варта абсалютызаваць. Сярод заўсёднікаў блогу трапляюцца і дастаткова зласьлівыя. Іншым разам могуць і дапякаць. Тым болей што аўтар — пад перакрыжаваным агнём крытыкі, аўтары ж "камэнтаў" хаваюцца пад сеціўнымі псэўданімамі — нікамі. Ёсьць, вядома, і кодэксы сеціўнай этыкі. У прыватнасьці, адно з правілаў палягае у тым, што ня варта пісаць пад нікам тое, чаго не сказаў бы ў вочы. На жаль, ня ўсе гэтай этыкі блогераў прытрымліваюцца. Нецярпімасьць, адсутнасьць культуры дыскусіі — усё гэта мае месца. Так што зважаць на любую рэпліку, а тым болей трапляць у псыхалягічны палон, старацца дагадзіць усім наведнікам блогу — ня варта. Дый кожнаму і не дагодзіш.

Але разам з тым бясспрэчна, што водгукі дапамагаюць лепей адчуваць аўдыторыю. І, як ні банальна, адказнасьць за кожнае слова.

Блог — гэта асаблівая стылістыка, эстэтыка, структура тэксту. Кідкі загаловак і моцная ўрэзка набываюць асаблівае значэньне (зрэшты, гэта тычыцца любой інтэрнэт-публікацыі). Звышзадача — каб наведнік "клікнуў". Хаця ніхто цябе не абмяжоўвае, ня варта пісаць надта доўгія тэксты. Іх проста не дачытаюць.

Нарэшце, дзівосныя творчыя магчымасьці адкрывае гіпэртэкст. Гіпэрспасылкі дазваляюць пісаць болей ляканічна. Можна не разжоўваць перадгісторыю, усе акалічнасьці сюжэту, карацей, ня трэба рабіць вялікі "бэкграўнд". Гіпэрспасылкі насычаюць, узбагачаюць тэкст дадатковай інфармацыяй. Надаюць яму большую верагоднасьць, доказнасьць. Увогуле, задаюць іншую стылістыку (можна мімаходзь кінуць фразу "глядзеце вось тут", "гэты тэкст ляжыць тут" — і перакінуць ад яе масток-гіпэрспасылку на патрэбны рэсурс).

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]