Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
uv-ny_w_interzhur.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
121.34 Кб
Скачать

2. Спэцыфіка і пэрспэктывы

Аўтары папулярнага дапаможніка па інтэрнэт-журналістыцы А.А.Калмыкоў і Л.А.Коханава наступным чынам сфармулявалі, што новага дае журналістыцы Сеціва.

Інтэрактыўнасьць. "Дыялёгавасьць, інтэрактыўнасьць закладзеныя ў саму тэхналёгію WWW, што прымушае журналістыку не на словах, а насамрэч адмаўляцца ад выключна аднаскіраваных спосабаў камунікацыі. Прычым ня толькі ўэб-журналістыку, але і журналістыку ўвогуле. Гэтая новая задача, відавочна, будзе ўносіць істотныя зьмены ў стылёвыя адметнасьці журналісцкай працы, у арганізацыйныя аспэкты выдавецкай дзейнасьці і да т.п. Павуціньне дае магчымасьць ня толькі нешта паведамляць абязьлічанаму чытачу, але і даведвацца пра ягоную рэакцыю і нават навучацца ў яго. Традыцыйныя падыходы, разьлічаныя на абстрактнага чытача, тут ня ёсьць вартымі".

Пэрсанальны падыход. "Зьявілася магчымасьць улічваць патрэбы і звычкі канкрэтнага чытача і/або групы чытачоў".

Інфацэнтрычнасьць. "Убудаваная магчымасьць як заўгодна глыбокай герархічнасьці інфармацыі дапускае пры ўдзеле чытача практычна любую ступень дэталізацыі выкладаньня безь перагрузкі непатрэбнымі дэталямі..."

Імгненнасьць. “Паколькі хуткасьць перадачы інфармацыі ў Сеціве пастаянна расьце, а яе перадача праз Інтэрнэт — сапраўднае масмэдыя”.

Вымяральнасьць. "Сеціва валодае інструмэнтамі (напрыклад, лічыльнікі наведваньняў), што дазваляюць хутка ацаніць папулярнасьць той або іншай публікацыі. Элемэнты мэдыя-маркетынгу, такім чынам, аказваюцца аўтаматычна ўбудаванымі ў саму сыстэму... Просты падлік клікаў карыстальнікаў на рэклямных матэрыялах дазваляе (прыблізна і нават з пэўнай дакладнасьцю) вызначыць, які матэрыял выклікаў цікавасьць, а які — не".

Гнуткасьць. "Дазваляе выкладаць матэрыял самым мудрагелістым чынам і хутка яго абнаўляць, дае магчымасьць наведнікам самім удзельнічаць у пабудове старонкі, падтрымліваючы такім чынам пастаянную цікавасьць да матэрыялу".

Узаемазьвязанасьць. “Маюцца на ўвазе магчымасьці гіпэртэксту”.

Эканамічнасьць. “Газэтныя рэдактары адразу адзначаюць эканамічнасьць інтэрнэт-выданьня. Ня трэба траціць грошы на паперу, друк, распаўсюд і г.д. Невялікую ўэб-старонку можна атрымаць ад правайдэра нават бясплатна. Разгалінаванае інтэрнэт-выданьне ёсьць, безумоўна, дастаткова складанай сыстэмай. Яно вымагае мноства прыладаў, у прыватнасьці, сыстэмаў аўтарызацыі, пошуку, бясьпекі і г. д. Каб распрацаваць зручныя праграмы кіраваньня сайтам, прывабны дызайн ды падтрымліваць сайт, трэба карыстацца паслугамі кваліфікаваных адмыслоўцаў. І ўсё ж інтэрнэт-газэта атрымліваецца нашмат болей таннай, чым традыцыйная, папяровая.

Дарэчы, адразу хачу падкрэсьліць: распачынаючы ці разьвіваючы інтэрнэт-праект, ня варта эканоміць на дызайне. Ён мусіць быць густоўным і функцыянальным. Салідныя інтэрнэт-праекты пэрыядычна ладзяць рэдызайн, каб не адставаць ад патрабаваньняў часу. Наведнік усё гэта ацэніць.

Тэарэтыкі інтэрнэт-журналістыкі А.А.Калмыкоў і Л.А.Коханава выкарыстоўваюць такі тэрмін, як "юзабіліці" (барбарызм, але сапраўды цяжка знайсьці адпаведнік). У іхняй трактоўцы "юзабіліці" — гэта сукупнасьць элемэнтаў сайту, што ўплывае на лёгкасьць дасягненьня наведнікам пастаўленых ім мэтаў.

"Юзабіліці, — пішуць аўтары, — вызначаецца складанасьцю для разуменьня элемэнтаў навігацыі, асаблівасьцямі структуры сайту, напаўненьнем сайту з гледзішча інтарэсаў карыстальнікаў".

Напрыклад, тэксты, што выстаўляюцца на сайт, у сярэднім меншыя паводле аб’ёму, чым газэтныя публікацыі. Бо з экрану чытаць цяжэй. Дый увогуле наведнік Сеціва звычайна праглядае інфармацыю ў болей шпаркім тэмпе. Так што трэба яе адпаведным чынам кампанаваць. Галоўная ж адметнасьць інтэрнэт-выданьня палягае ў іншай стылістыцы, іншай філязофіі канструяваньня тэкстаў.

А.А.Калмыкоў і Л.А.Коханава адзначаюць: "Неабходна яшчэ раз падкрэсьліць, што традыцыйнае пісьмо было замененае інтэрнэт-тэкстам з мноствам вонкавых сувязяў, што змушае і чытача, і пісьменьніка перайсьці ад бесьперапыннага і лінейнага ўспрыманьня інфармацыі да дыскрэтнага і аб’ёмнага (шматвымернага). Гэтым гіпэртэкст нагадвае думкавы працэс, які ідзе адразу ў некалькіх кірунках. Ідэі і вобразы ўсплываюць, афармляюцца і згасаюць адначасна на розных узроўнях, узаемадзейнічаюць адно з адным, узаемна пранікаючы і прымнажаючы адно аднаго. Гіпэртэкст дазваляе мадэляваць такія думкавыя сувязі, што дынамічна пераплятаюцца".

Пра гіпэртэкст мы яшчэ пагаворым далей.

Адзначым і такі важны момант: спэцыфіка Інтэрнэту дае магчымасьць рэдагаваць ужо выстаўленыя на сайт матэрыялы. Можна выкарыстоўваць, калі хочаце, знакаміты прынцып Парэта, або прынцып 80/20. То бок дзеля апэратыўнасьці выстаўляць матэрыял, калі ў ім ужо ёсьць галоўнае, на сайт, а потым ужо — дашліфоўваць і аздабляць дадатковымі дэталямі (напрыклад, дадаваць ілюстрацыі, рабіць болей гіпэрспасылак). Безумоўна, прынцыпам Парэта варта карыстацца разумна, каб на сайт не траплялі сырыя, не правераныя як сьлед матэрыялы.

Іншым разам і водгукі (на сеціўным слэнгу — "камэнты") чытачоў дапамагаюць выявіць нейкую недакладнасьць. Тады можна хутка яе выправіць. Што таксама немагчыма ў звычайным пэрыёдыку. Там адзінае выйсьце — зрабіць удакладненьне ў наступным нумары.

Варта сказаць і пра спэцыфіку аўдыторыі Інтэрнэту. Лічыцца, што ў Беларусі Сецівам карыстаецца ўжо траціна насельніцтва. Але да гэтай лічбы варта ставіцца крытычна. Бо яна атрыманая праз апытаньні. Нехта хоча проста выглядаць болей “прасунутым”, нехта зазірае ў Інтэрнэт зрэдзьчас. Доля актыўных карыстальнікаў, а менавіта яны і складаюць бальшыню аўдыторыі сеціўных СМІ, пакуль што не такая вялікая, як на Захадзе.

Наведнік сеціўных СМІ ў параўнаньні з традыцыйным чытачом ці гледачом — болей малады, адукаваны, “прасунуты”. Яго ў бальшыні выпадкаў ня трэба агітаваць, напрыклад, за рынкавую эканоміку. Яму бліжэйшыя каштоўнасьці дэмакратыі і эўрапейскага выбару.

Тэарэтыкі сеціўнай журналістыкі падкрэсьліваюць: праектуючы старонку, можна праектаваць і аўдыторыю інтэрнэт-выданьня. Дзеля гэтага трэба выкарыстоўваць нейкія найболей прыцягальныя для пэўнай аўдыторыі паняткі. Можна прыцягваць увагу мэтавай аўдыторыі, калі разьмяшчаць свае банэры на папулярных для яе сайтах.

Дарэчы, ў рэдакцыі ўэб-выданьня зьяўляецца магчымасьць тонка адчуваць сваю аўдыторыю. Канечне, і ў звычайныя газэты чытачы дасылаюць лісты (хаця і ня так актыўна, як было за савецкім часам). Але водгук на сайт, калі ствараецца адпаведная тэхнічная магчымасьць, можна закінуць імгненна. Акрамя таго, рэдакцыя можа ладзіць адмысловыя апытаньні. Яны, вядома, ня ёсьць рэпрэзэнтацыйнымі дасьледаваньнямі, але дапамагаюць зразумець, чым дыхае твой чытач.

Як адзначаюць адмыслоўцы, для ўэб-публікацыі важны момант тэхналягічнай "раскруткі". Гаворка ідзе пра тое, каб яе хутка знаходзілі розныя пошукавыя сыстэмы. Напрыклад, каб пры пошуку па нейкіх асноўных словах яна зьяўлялася ў першых радках выніку пошуку. Бо карыстальнік у бальшыні выпадкаў абмяжоўваецца менавіта гэтымі першымі радкамі.

Ўэб-праекты вымагаюць адмысловага мэнэджмэнту. Дзеля гэтага трэба валодаць комплексам сучасных ведаў і адпаведным досьведам. Пры дапамозе інтэрнэт-выданьняў могуць вырашацца рэклямныя, піяраўскія задачы. У інтэрнэт-сфэры пачынаюць круціцца ўсё большыя грошы, фармуецца адпаведная галіна бізнэсу. Зрэшты, гэта ўжо асобная тэма, якую мы тут разгортваць ня будзем.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]