
3. Творчая кухня
Пісаць у сеткавае выданьне — гэта зусім іншае, чым як у звычайную папяровую газэту. Цяжкасьці, зьвязаныя са спэцыфікай Інтэрнэту, напачатку зьведваюць і тыя аўтары, што ўжо зьелі зубы на традыцыйнай журналістыцы.
Калі зірнуць на кароткую гісторыю інтэрнэт-журналістыкі, то варта прызнаць, што ля яе вытокаў стаялі пераважна аматары, якія ў бальшыні сваёй ня мелі дачыненьня да традыцыйных мэдыяў. Гэтае аматарства і сёньня яскрава выяўляецца, напрыклад, у блогерстве.
Зь іншага боку, як ужо адзначалася, віртуальны абсяг пакрысе пачалі абжываць і профі з традыцыйных, найперш папяровых мэдыяў. Яны прынесьлі свой досьвед, традыцыі. У прыватнасьці, традыцыі акуратнай працы з фактамі, пісьменнасьці, увагі да стылю і г.д. Але газэтчыкам напачатку зазвычай цяжка даецца, напрыклад, спэцыфіка гіпэртэксту.
Тэарэтыкі (А.А.Калмыкоў, Л.А.Коханава) адзначаюць, што "падрыхтоўка матэрыялу для Web мае на ўвазе неабходнасьць лягічна яго структураваць адпаведна з патрабаваньнямі гіпэртэксту. Такога кшталту праца называецца лягічным дызайнам, элемэнтамі якога ёсьць ня толькі тэкст, але і графіка, а таксама гіпэртэкставыя сувязі. Дзеля ўсяго гэтага неабходна вельмі разнастайнае праграмнае забесьпячэньне, якое таксама варта разглядаць як кампанэнт абсталяваньня працоўнага месца".
Гэтыя ж аўтары заўважаюць: "Існуе думка, што падрыхтоўка зьместу (кантэнту) публікацыі і яе гіпэртэкставае афармленьне — гэта дзьве розныя задачы, якія могуць выконваць розныя адмыслоўцы: зьмест рыхтуе журналіст, а кадаваньне ў HTML ажыцьцяўляе ўэб-дызайнэр ці ўэб-майстар. Такое становішча рэчаў мае часовы характар. Пакуль журналісты не навучацца думаць і пісаць катэгорыямі гіпэртэкстуальнай рэальнасьці, он-лайнавая журналістыка будзе заставацца традыцыйнай журналістыкай".
Такім чынам, дзьве плыні ўэб-журналістыкі, умоўна кажучы, блогерска-аматарская і прафэсійна-газэтная, пакрысе збліжаюцца, пераплятаюцца, ствараюць нейкую сынтэтычную зьяву. Напрыклад, цяпер вельмі папулярныя блогі прафэсійных аўтараў. Такі жанр практыкуецца на сайтах шэрагу салідных замежных выданьняў. Пра блогі будзе асобная гаворка ў гэтай лекцыі.
У мэдыях, што заснаваныя на сучасных тэхналёгіях, зьяўляецца ўнікальная магчымасьць камэнтаваць падзеі ў рэжыме рэальнага часу. Гэта вымагае асаблівай апэратыўнасьці ды тэхналягічнасьці ў працы над матэрыялам.
Такім чынам, сеціўная журналістыка дае дадатковыя тэхнічныя магчымасьці. Але ня толькі ў гэтым рэч. Як адзначаюць ў сваёй кнізе пра інтэрнэт-журналістыку А.А.Калмыкоў і Л.А.Коханава, "было б вельмі проста вызначыць інтэрнэт-журналістыку толькі як журналістыку, што выкарыстоўвае новыя тэхналягічныя магчымасьці. Аднак ёсьць важкія падставы меркаваць, што ў абліччы інтэрнэт-журналістыкі мы маем справу зь якасна новым культурным і цывілізацыйным фэномэнам. Гэтая выснова напрошваецца хаця б праз тое, што Інтэрнэт напачатку спарадзіў інтэрнэт-журналістыку дэ-факта, а потым ужо журналістыка стала асвойваць Інтэрнэт як асяродзьдзе сваёй прафэсійнай дзейнасьці ды прызнала ўэб-журналістыку дэ-юрэ".
Дык вось, у інтэрнэт-выданьні ад газэтчыка патрабуецца, калі хочаце, мэнтальная перабудова. Кібэржурналістыка дыктуе іншую стылістыку, у нейкім сэнсе — іншы творчы спосаб.
Варта падкрэсльліць, што праца ў інтэрнэт-выданьні вымагае асаблівага напружаньня. Канечне, і ў звычайнай газэце даводзіцца напружвацца. Але там ёсьць такі панятак, як графік выхаду нумару. Здалі нумар у друкарню — расслабіліся. На радыё, тэлевізіі — свая цыклічнасьць. Таксама "адстраляліся", паставілі выпуск у этэрную сетку — і адпачываюць. Што ж да інтэрнэт-газэты, то яна ў ідэале мусіць абнаўляцца 24 гадзіны на суткі.
Трэба нястомна маніторыць іншыя рэсурсы, вылучаць галоўнае ды імгненна рэагаваць. Важна адразу ацаніць важнасьць і падтэкст нейкага факту, падзеі. Трэба ўмець аддзяляць зярняты ад шалупіньня. Чыньнік апэратыўнасьці становіцца асабліва важным. Бо калі страціш момант, ужо стрэліць паведамленьнем на гэтую тэму іншы інтэрнэт-рэсурс.
Трэба хутка фармуляваць фразы, хутка набіраць тэкст, хутка выходзіць на экспэртаў і вылучаць галоўнае ў іх думках. Нарэшце, мець добрую эрудыцыю, бо мала часу, каб праверыць усю фактуру, знайсьці ўсе даведкі па тэме. Многае мусіш даваць па памяці.
Так што праца інтэрнэт-журналіста ў пэўным сэнсе катаржная. Разам з тым, гэта, калі хочаце, новае вымярэньне творчае свабоды. Атрымліваеш незвычайную асалоду, калі выходзіш на аўдыторыю без пасярэднікаў. Бо дасьведчаны сеціўны журналіст сам афармляе тэкст у адпаведнасьці з патрабаваньнямі Інтэрнэту і нярэдка сам закідае матэрыял на сайт. Праз хвіліну цябе чытае ўвесь сьвет. Тэарэтычна. Хаця і на практыцы наведваньне папулярных рэсурсаў сапраўды глябальнае. Празь некалькі месяцаў працы "Беларускіх навінаў" у іх актыве былі ўжо чытачы прыкладна са 120 краінаў сьвету, у тым ліку і афрыканцы, і аўстралійцы, і жыхары розных экзатычных выспаў. Такая аўдыторыя газэтчыку і ня сьнілася.
У сеціўнай журналістыцы размываюцца межы ня толькі паміж дзяржавамі, але і паміж жанрамі. У прыватнасьці, праз выкарыстаньне гіпэртэксту (напрыклад, у нататцы, то бок інфармацыйным матэрыяле, можа быць спасылка на нейкі камэнтар, то бок матэрыял аналітычны). Разам з тым у аснове працы ўэб-журналіста ляжаць тыя ж традыцыйныя жанры.