Максім багдановіч
У Максіма Багдановіча – трэцяга з літаратурных класікаў Беларусі, вельмі любімага ў народзе, – кароткі жыццёвы і творчы шлях. Нарадзіўся Максім Адамавіч Багдановіч 9.12. 1891 года ў горадзе Мінску ў сям’і служачага – беларускага фалькларыста, этнографа.
Па бацьку продкі будучага песняра былі прыгонныя, але ўсе людзі мастацкага складу і з прафесіямі – кухар, садоўнік. Бабуля Максіма валодала выдатнымі матэматычнымі здольнасцямі: будучы непісьменнай, складаныя падлікі рабіла ў галаве. Акрамя таго, цудоўна апавядала народныя казкі. Магчыма, дзякуючы ёй абудзілася ў маленькім Максіму любоў да народнай культуры. Бацька яго Адам Ягоравіч у сваіх фалькларыстычных працах у многім асноўваўся на тым, што пачуў ад сваёй маці.
Маці ж самога Максіма Марыля Апанасаўна была дачкой дробнага чыноўніка. Бацькі яе рана памерлі, але дзяўчынка спадабалася жонцы губернатара, і тая вывучыла яе за свой кошт. Ад маці Максім пераняў любоў да чытання, а таксама выключную дабрыню, эмацыянальнасць, летуценнасць.
Першыя дзіцячыя гады Максім правёў у Гродна менавіта пад уплывам маці. Але яна рана памерла ад сухотаў. Адам Ягоравіч узяў шлюб з сястрой жонкі Максіма Горкага – Аляксандрай Паўлаўнай. І сям’я пераехала з Беларусі на радзіму другой жонкі Адама Ягоравіча: з 1896 г. па 1908 г. жылі ў Ніжнім Ноўгарадзе. Некаторы час былі блізкія да сям’і Максіма Горкага. М.Горкі ўсё жыццё цаніў Адама Ягоравіча, дапамагаў яму.
Падчас родаў памерла мачаха Максіма Аляксандра Паўлаўна. Яго бацька трэці раз узяў шлюб з сястрой сваёй першай жонкі.
Максім Багдановіч вучыўся ў гімназіі ў Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі, дзе жыў з сям’ёй бацькі з 1908 г. па 1916 г. Гімназія ў царскай Расіі – гэта класічнае навучанне высокага ўзроўню. Максім выдатна ведаў антычную спадчыну, сусветную, рускую літаратуру. Але ў яго рана абудзілася цікавасць да культуры і мовы сваёй радзімы, ён пачаў пісаць творы па-беларуску, пасылаў іх у “Нашу Ніву”. У 1911 г. наведаў Беларусь, Вільню.
Скончыўшы Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй у Яраслаўлі, Максім восенню 1916 г. пераехаў у Мінск. Тут працаваў сакратаром губернскай харчовай камісіі. Ужо даўно ён хварэў на сухоты і таму вымушаны быў паехаць на лячэнне ў Крым, дзе памёр у Ялце 25 мая 1917 г. Там і пахаваны.
Першы твор Максіма Багдановіча – алегарычнае апавяданне “Музыкі” – было апублікавана ў “Нашай Ніве” ў 1907 г. Адзіны прыжыццёвы паэтычны зборнік “Вянок” выйшаў у Вільні ў 1913 г. Але шмат якія творы ў зборнік не ўвайшлі. Найбольш поўна творчасць Максіма Багдановіча прадстаўлена ў Зборы твораў у трох тамах, які выйшаў у Мінску ў 1992 г.
Працаваў Максім Багдановіч у розных жанрах: паэт, празаік, крытык, перакладчык. Многія яго творы пакладзены на музыку. Ёсць опера “Зорка Венера” Ю. Семянякі.
Зборнік “Вянок” пачынаецца цыклам “У зачараваным царстве”. Гэта як бы першае набліжэнне паэта да Беларусі – краіны казачнай, поўнай загадак, цудаў, надзвычай для яго прыцягальнай. Увогуле ж асноўная тэма творчасці Багдановіча – прырода і культура ў іх суаднесенасці і ва ўзаемапранікненні. Ён жыў сярод вобразаў мінулага (“хоць душой у прошлым патануць”), спачываючы ў ім ад жыццёвай мітусні, і часта разважаў пра тое, што знаходзіцца за краем часу і прасторы. У яго прыхільнасць да вечаровых і начных пейзажаў, што можна тлумачыць рамантычным светаадчуваннем – усе рамантыкі любілі ноч, бо толькі ноччу можна адчуць дыханне Вечнасці, засяродзіцца, як бы падключыцца да рытмаў Космасу, проста марыць. Для Багдановіча ноччу “жыццё чуваць з усіх старон, / Жыццём напоўнены ўвесь мрок”.
Прыцягвала яго і водная гладзь, глыбіня. У Багдановіча – асаблівая прыхільнасць да азёраў (“Возера”, “Над возерам” і пад.). Звычайна возера ў творах Багдановіча звязана з міфалагічным вобразам лесуна. У вобразе ляснога духа ў трактоўцы паэта шмат загадкавага. Напрыклад, менавіта возера – люстэрка чамусьці лесуна, а не вадзяніка. Пры гэтым у шэрагу вершаў лясун – стары, нямоглы, хоць у “Хрэсьбінах лесуна” ён як бы адроджаны, весела калышацца ў небе, і яго ў нябеснай купелі хрысціць месяц. Таямніцай застаецца, ці можна “душу дзікую” ахрысціць, і ў чым сэнс такога хрышчэння, якое пазначана менавіта хрысціянскімі атрыбутамі – купеллю, крыжамі ялін? Лясун – душа лесу – валодае мудрасцю, таму ён і стары, уласна як старымі заўсёды былі язычніцкія жрацы-вешчуны. Прычым нягледзячы на старасць, лясун “усім калышэць, дзвіжэць у бару” (“Лясун”). Увогуле, немагчыма ўявіць маладым лесавіка, калі ён жыве з невядома якой далёкай даўніны. Старасць міфалагічных істот у Багдановіча гаворыць пра іх архаічнасць. Калі ж лесавік загінуў, бо вырубілі стары бор, то пакінуў пасля сябе возера-люстэрка – уваход у іншасвет: “Як у нязнаны свет акно, / Ляжыць, халоднае, яно, / Жыццё сабою адбівае / I ўсё, што згінула даўно, / У цёмнай глыбіні хавае”. Менавіта ў іншым вымярэнні, паводле Багдановіча, цяпер жыве лесавік, раз для яго не аказалася месца на зямлі. На дне ракі ці возера, значыць, у адлюстраваным свеце, як бы “свеце наадварот”, ляжыць і вадзянік (“Вадзянік”, “Асенняй ночай”).
Адносна ж чалавека Багдановіч-хрысціянін спадзяваўся, што “напоўненая” думкамі, пачуццямі чалавечая душа згінуць проста так, зусім без следу, не можа, таму і заклікае свайго чытача: “Жыві і цэльнасці шукай, / Аб шыраце духоўнай дбай. / I ў напружанні паўнаты / Свайго шырокага жыцця / Без болю, ціха зойдзеш ты / У краіну забыцця”. Гледзячы на свет, Багдановіч уносіў яго ў душу, як бы уносіў Бога: нейкую незалежную ад нашага “я” светлую рэальнасць. Ва ўсіх сваіх вершах міфалагічнага цыклу і прыродаапісальных Багдановіч выступае як паэт-пантэіст, для якога Бог раствораны ў прыродзе, Бог і ёсць прырода. Гэта зноў-такі філасофія рамантызму. І адначасова вельмі нацыянальная філасофія, нацыянальная рэлігія, для якой характэрныя набажэнства на прыродзе, крыжовыя ходы, ушанаванне зорак, святых крыніц, дрэў.
Ідэал чалавека для Багдановіча – Мадонна. Копія з карціны Рафаэля “Сіксцінская мадонна” вісела ў яго над ложкам. Багдановіч ставіўся да жанчыны ўзвышана. Перш за ўсё ён шанаваў жанчыну-маці, цаніў у жанчыне чысціню і адданасць. Вось адкуль яго цыкл “Мадонны”.
Паэту арганічна ўласцівае пачуццё прыгожага. Яго так і называюць – “пясняр красы”. Самае прыгожае, што ёсць у свеце, – пачуццё каханне. У Багдановіча інтымная лірыка багатая на розныя матывы. Ёсць творы сумныя, з трагічнымі нотамі, што звязана з асабістымі перажываннямі. Не вельмі яму, хвораму чалавеку, шанцавала ў каханні. У цыклу “Каханне і смерць” радасць і пакута пастаўлены побач.
Шмат якія вершы М. Багдановіча – сапраўдныя, сусветнага ўзроўню, шэдэўры. Усе народы міфалагізавалі зорнае неба, здаўна Венера была багіняй кахання, але толькі ў Багдановіча закаханыя звязваюцца адзін з адным праз сузіранне зоркі Венеры (“Зорка Венера”). Шукаючы ў небе пуцяводную зорку, што кожны дзень суправаджае узыход і заход сонца, паэт бачыць у ёй жанчыну і адначасова пазнае праз яе вялікія творчыя сілы прыроды. У вершах “Зорка Венера” і “Маладыя гады” Багдановіч перадае светлыя пачуцці юнацтва, адчуванне маладосці як шчасця. Радасцю і шчасцем прасякнуты таксама яго пейзажныя вершы: “Зімой”, “Зімовая дарога”, “Добрай ночы, зара-зараніца!”, “Па-над белым пухам вішняў!”. Прыгажосць прыроды ў Багдановіча паўстае як велізарная жыццёвая сіла з яе каласальнымі творчымі магчымасцямі, неверагоднай разнастайнасцю ліній, форм, фарбаў, гукаў.
У Багдановіча шмат вершаў і патрыятычнага характару, дзе згадваецца багатае гістарычнае мінулае Беларусі. Калі ў Вільні ён наведаў беларускі музей, яму асабліва спадабаліся слуцкія паясы. На аснове ўбачанага ён стварыў цыкл “Старая Беларусь”. У ім найбольш значныя творы: “Слуцкія ткачыхі”, “Летапісец”, “Перапісчык”. З сацыяльных варта назваць верш “Мяжы”, у якім мяжа – сімвал няволі, адзіноты, адчужанасці чалавека ад чалавека ў буржуазным грамадстве.
Аднак у творчасці Багдановіча няма адчаю і безнадзейнасці. Будучае ўяўляецца яму светлым і шчаслівым. Яно малюецца ў вобразах усходу сонца, вясны, залацістага яснага дня. Сімвал увогуле характэрны для творчасці Багдановіча. Так, у вершы “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі” з зярнятамі – сімвалам самога жыцця – паэт звязвае адраджэнне сваёй радзімы, спадзяецца на жыццёвыя сілы народа. З гэтымі шчырымі спадзяваннямі ён і ўвайшоў у беларускую літаратуру як яе класік.
