2 Гукавыя сродкі стварэння вобразнасці
Паэзія дзейнічае на нас інакш, чым проза: яна ўваходзіць у душу не змястоўнымі падзеямі, разгорнутымі ў займальную фабулу, не не разнастайнасцю характараў і лесу персанажаў. Усе гэта, безумоўна, прысутнічае і ў паэзіі, але падаецца збіральна, кандэнсавана і зашыфравана ў наборы метафар, сімвалаў, метаніміі, выступае ў страсных маналогах, спавядальных прызнаннях, элегічных раздумах, дасціпных выслоўях. Таму і запамінаецца паэзія асабліва. У нашу памяць уразаюцца і застаюцца там надоўга вершаваныя радкі, строфы, цэлыя вершы, а часам усяго толькі ўдала зрыфмаваныя канцы радкоў ці трапны эпітэт, параўнанне - адзін акорд, адзін штрых.
І тут, вядома, на першым плане-змест, здольнасць паэтычнага тэксту несці тыя духоўныя каштоўнасці, якія нам хочацца прыняць або адкінуць. Эстэтычны змест выяўляецца ў паэзіі больш згушчана, кідка, чым у прозе, таму майстэрства на ўзроўні тропаў, алітэрацый, і асанансаў, а таксама зрокавых маляўнічых і пластычных вобразаў, ёмістасць афарызмаў, нават зехоткасць каламбураў мае тут іншую вагу, чым ў прозе. Для прозы гэта ўсяго дэталі, а для паэзіі - значныя кампаненты, важныя эквіваленты, ідэі.
У паэзіі важнае значэнне маюць не толькі словы і словазлучэнні, але і гукавая арганізацыя, асобны гук. Майстэрства пісьменніка, мастака слова, выяўляецца не толькі ў тым, што ён умела карыстаецца слоўнікавым, фразеалагічным і сінтаксічным багаццем мовы, але і ў тым, што добра адчувае гучанне слова, мае, так сказаць, “абсалютны музычны слых”.
Своеасаблівую ролю ў стварэнні мастацкіх вобразаў адыгрывае гукапіс. Гукапіс - інструментоўка, гукавыя паўторы ў вершаванай мове, якія ўзмацняюць яе мілагучнасць і сэнсавую выразнасць; раздзел паэтыкі, які вывучае іх. Больш поўнае азначэнне гукапісу даецца рускім даследчыкам Л.І.Ціхаміравым: “ Гукапіс або гукавая арганізацыя мовы - мастацка-выразнае выкарыстанне ў празаічным ці вершаваным тэксце тых або іншых элементаў гукавога складу мовы: зычных і галосных гукаў, націскных і ненаціскных складоў, паўз, розных відаў інтанацый, аднародных сінтаксічных зваротаў, паўтораў слоў і г.д, якія выконваюць пэўныя стылістычныя функцыі”[5, с. 43] . Калі ўсе гэта абагульніць, то можна даць наступнае кароткае азначэнне гукапісу - гэта выкарыстанне гукавай арганізацыі паэтычнай мовы пры стварэнні паэтычнага вобраза.
Гукапіс часта атаясамліваюць з фонікай. Фоніка (ад грэч. phonikos - той, што гучыць) - гукавая арганізацыя вершаванай мовы, а таксама раздзел паэтыкі, што яе вывучае [5, с.56].
У шырокім сэнсе да гукавай арганізацыі вершаванай мовы адносяцца рытм, рыфма, строфіка, асобныя фігуры паэтычнага сінтаксісу, інтанацыя, а таксама ўласна гукапіс, або гукавая інструментоўка верша.Інструментоўка ўплывае на мілагучнасць верша, на яго сэнсавую выразнасць і своеасаблівасць інтанацыйнага малюнка. Гукі самі сабой нейтральныя ў выяўленчых адносінах, але ў мастацкім творы яны могуць набыць эстэтычную вартасць. Гэтым самым гукапіс садзейнічае ўзмацненню выяўленчых мажлівасцей паэтычнай інтанацыі. Таму “роля гукавых паўтораў, -як слушна падкрэслівае Л.Цімафеў, - не столькі непасрэдна гукавая, колькі ў шырокім сэнсе інтанацыйная”[3, с.164]. Інтанацыйна-гукавая арганізацыя паэтычнай мовы залежыць ад эмацыянальна-сэнсавай напоўненасці таго ці іншага твора, творчай індывідуальнасці паэта, літаратурнага метаду ці напрамку, да якога ен належыць, фанетычных асаблівасцей нацыянальнай мовы.
Аднаго якога-небудзь універсальнага спосабу гукавай арганізацыі вершаванай мовы, прыдатнага для ўсіх твораў і тым больш для ўсіх паэтаў, няма. Ды і формы гукапісу існуюць надзвычай разнастайныя. Сярод іх вылучаюцца алітэрацыя, анафара, асананс, дысананс, гукаперайманне, кальцо, стык, эпіфара і інш.
Як ужо адзначалася, у аснове гукапісу ляжаць гукавыя паўторы. Размяжоўваць гукавыя паўторы па іх якасці (алітэрацыя і асананс), і па месцы (анафара, эпіфара,стык, кальцо). У паэтычнай практыцы яна выкарыстоўваецца ў спалучэнні з лексікай, інтанацыйна-сінтаксічнай арганізацыяй вершаванага радка.
Вядома, не кожнаму творцу ўласціва тонкае ўменне “іграць” гучаннем слова, пленна карыстацца сэнсавымі нюансамі гукапісу – алітэрацыяй, асанансам, паўторам слоў і г.д. Гэтага нельга сказаць пра Р. Барадуліна. Ён – майстар асанансаў і амітэрацый.
Нельга не пагадзіцца з В. Бечыкам, які гаворыць, што “Барадулін, здаецца, можа зрабіць з вершам ўсё, што хоча, такая яго ўлада над словам. Захоча – прарыфмуе наскрозь целы верш, сугуччы ўвайдуць у глыб радкоў; захоча – надасць імклівы рытм, раздзеліць словы на склады, звяжа ў вобразнае адзінства любыя асацыяцыі… творыцца паэзія вялікай пераканаўчасці, духоўнай змястоўнасці і сілы” [4, с. 472].
Камбінацыі розных вершаваных памераў, змены рытму, паўторы, унутраная рыфма дапамагаюць перадаць ледзь улоўныя зрухі настраёвасці адценні лірычнага перажывання ў межахаднаго верша.
У залежнасці ад характару гукаў, якія паўтараюцца ў суседніх словах выказвання, адрозніваюць два асноўныя тыпы гукавых паўтораў: алітэрацыя і асананс.
Алітэрацыя (ад лац. ad – пры, litera - літара) – паўтарэнне аднародных зычных гукаў у вершаваных радках, якое ўзмацняе гукавую і інтанацыйную выразнасць верша [5, с.66].
З найбольшай поўнасцю наш слых успрымае паўтарэнне зычных, якія знаходзяцца ў пераднаціскных складах і ў абсалютным пачатку слова. Мы заўважаем паўтарэнне не толькі аднолькавых гукаў, але і падобных па якой-небудзь прыкмеце (месцу ці спосабу ўтварэння, звонкасці-глухасці, цвердасці-мяккасці і інш.). Алітэрацыя – самы распаўсюджаны тып гукавога паўтору, што плумачыцца дамінуючым становішчам зычных у фанетычнай сістэме беларускай мовы. Яна спрыяе стварэнню шматлікіх прыдметна-сэнсавых асацыяцый, таму выяўленчыя магчымасці алітэрацыі больш шырокія, чым асанансаў. Часцей за ўсе ў вершаванай мове адзначаецца алітэрацыя шыпячых і свісцячых зычных [с],[с,],[з],[з,], [ш], [ж], выбухных [т],[д],[ц,],[дз,], мяккіх і цвердых санорных [л], [м], а таксама дрыжачага [р].
Паўтарэнне свісцячых [с],[з],[с,],[з,], дзякуючы іх акустычным асаблівасцям , выкарыстоўваецца для таго, каб засяродзіць увагу, падкрэсліць ці стварыць пэўныя гукавыя асацыяцыі, звязанныя са свістам, шыпеннем, шоргатам і г.д. Так, ва ўрыўку з верша “Матчыны рукі”аўтар ўжывае алітэрацыю зычных [с],[з] для таго, каб стварыць асацыяцыю шаласцення саломы:
І залатой саломаю
Сяннік калоўся восенню.
З салаўкам сны салодкія
Ішлі за статкам босыя [ 4.II т., с. 36].
Ёсць яшчэ шмат прыкладаў з вершаў, дзе адзначаюцца выпадкі алітэрацыі названых свісцячых для абазначэння гукаў прыроды, якія асацыіруюцца з гэтымі зычнымі :
Каласы вуселі,
Каласы вузелі,
Даўніх песень галасы
Клікалі вяселлі [4.I т., с.36];
Не мог суняць свой верад сівер –
Скуголіў,
Енчыў,
Сіп,
Стагнаў,
Калі нарэшце пал сагнаў,
Найшло спакоем перазём’е [4.I т., с. 46].
Алітэрацыя шыпячых [ш],[ж] у суседстве з галоснымі, а таксама ў кантэксце з [ч],[шч] ужываюцца для перадачы глухіх гукаў , шыпення, шоргату:
Шнурам бікфордавым
Schneel зашыпела,
І ўдарыла раптам
Рэзкае weg [4.I т., с.159].
У гэтым выпадку паўтарэнне зычнага [ш] узмацняе, дапаўняе эффект перамяшчэння агню па бікфордавым шнуры і раптоўны выбух.
У кожным асобным фрагменце вершаў Р.Барадуліна алітэрацыя шыпячых мае адметны індывідуальны характар:
Прайсці “жалезку”!
Прарвацца на захад!
“Жалезка” сустрэла
Жалезам,
Жахам [4. II т. , с.157];
Дзе квактух лесавых асцерагае?
Дзе рассыпаны жар журавін?
Шынамі зашарпана дарога.
Мчыць усемыслены статак машын [4.ІІ т. , с.28].
У апошнім прыкладзе спалучэнне свісцячых і шыпячых дапамагае стварыць гукавы вобраз імклівай плыні машын, якія імчаць па шырокай аўтастрадзе.
Выбухныя зычныя [п],[б],[т],[к],[д] і [ц] у якасці алітэрацыі сустракаюцца ў тых выпадках, калі ўзнікае неабходнасць перадаць гукі хуткаплыння, рэзкія ці рытмічныя: бульканне вады ў крыніцы, стук дзятла, цапоў, рух аленя і г.д.
Вечнай плыні часін
Ты гадуеш крыніцы
Беларусь –
Бераг белых буслоў [4.II т., с. 21];
Чуў, што жывуць
Па-людску ў Слуцку
Ды зразумеў, і слуцакоў
Таксама лес не толькі гуцкаў,
А й малаціў у пяць цапоў [4.II т., с.42].
Санорныя [л],[л’,],[р] часцей за ўсе ўжываюцца для абазначэння плаўных гукаў ці скрыпу:
Было ў санях сліпуча-бела,
Вятры вялі марозны рэй.
А бацькава імя рыпела,
Як старадрэвіна:
Андрэй. [4.II т.,с.42];
Ёсць развага астраўка,
Плынь з вірамі ўперак
Забароннасці рака
У дазволу бераг.
Роспач радасцю рыўка
Кпі над сівярамі.
Забаронносці рака
Прывітай вірамі! [4.II т., с.31].
Паўтарэнне зычнага [р] у гэтым ўрыўку выкарыстана Р. Барадуліным для таго, каб стварыць уяўленне аб шуме вады, віраванні хуткай плыні. У другім урыўку алітарацыя [р] можа перадаваць адчуванне марознай скрыпучай раніцы:
Рэха ў іржэўі параніцца,
Росам свой боль раздае.
Доўга на стрэхах раніцы
Белы мароз растае [4.I т., с.380].
Для выражэння мяккіх, павольных рухаў, лёгкасці і спакою часцей за ўсе ўжываецца алітэрацыя санорных [л],[л’], якія па сваей прырозде плаўныя гукі. Найбольш яскрава гэтая асаблівасць санорных адлюстравана ў вершы “Матылек”:
Лілею млявы плес люляе,
З-пад злежаных аблок здалек
Ляціць віхлясты і бялявы,
Пялестак лёгкі – матылек.
Ён кліча ў блакіт лілею,
Каб не любіла больш да слез
Бліскучы ад лускі і глею,
Самлены, абмялелы плёс…[4.I т., с.113].
Гэты верш выклікаў бурную рэакцыю крытыкі ў свой час.
Папракалі паэта за бяздумнасць, за фармальны вышук, і тым не менш уяўляецца, што думка ў верша есць. І, прычым, думка вельмі значная. Паэт як бы сутыкае тут свет легкаважнай захопленносці жыццем і свет бытавой паўсядзеннасці, тым самым сцвярджаючы супярэчлівую жыццёвую рэальнасць. Рамантычны летуценнік, які кліча ў блакіт лілею, асуджаны на адзіноту і сум, бо не мае перад сабой мэты. Гэты верш Р.Барадуліна сваей музычнасцю нагадвае верш М.Багдановіча “Па-над белым пухам вішняў”. Аднак твор М.Багдановіча – гэта імпрэсія, настрой, спеў, музыка. У вершы ж Р.Барадуліна, як лічаць некаторыя крытыкі (і ў прыватнасці М.Арочка), празмернае паўтарэнне лі-ле-ля-лю-ла і г.д. ўсяго 58 разоў, разбурае музыку пачуццяў і здаецца назойлівым.
Мы згодны з такімі даследчыкамі, як Л.Гарэлік, М.Цікоцкі, і лічым, што ў гэтым творы і многіх іншых творах Р.Барадуліна алітэрацыя гука [л] выступае не як выпадковая “слоўная ігра”, а як дзейсны сродак стварэння мастацкага вобраза. Яна абумоўлена ўсёй вобразна-ідэйнай задумай твора, дапамагае ўвасобіць яе найбольш глыбока, найбольш пераканаўча, цесна звязана з іншымі сродкамі мовы ў сістэме мастацкага твора.
Алітэрацыя гука [м] стварае таксама разнастайныя ўражанні, уяўленні. Так, нечым маладым, бадзёрым вее ад наступных радкоў:
Над стэпам маладзік бяссонны,
Над стэпам маладзік праменны,
Працуе поплеч шчыра сёння
Ён з намі ў начную змену…[4.I т., с.39].
Апісваючы свае роднае ўшацкае возера Вечалле, паэт здолеў з дапамогай паўтору гука [в] перадаць пэўную таямнечую велічнасць. Тут есць і сведчанне непарыўнасці паэзіі з жыццем, вечнасці як жыццевых высноў, пераемнасці пакаленняў. Зачэплена і цэлае “гняздоўе” слоў: вечалле-веча-вечар-вечнасць:
Спадчыннае возера мае,
Вечнасцю прывечанае
Вечалле.
Променем ляшчыны
Вудаўе
З бацькавай рукі
Цябе прысвечвала. [4.I т., с.19].
У шэрагу вершаў для таго, каб падкрэсліць важнасцьпрадмета або перадаць жорсткія глухія гукі, ужываецца алітэрацыя фрыкатыўных [х],[ч]:
Счубанеў хмель.
Сухмень сеглух.
Хмялее чмель.
Чмялее луг…[4.I. т, с.260].
Галосныя гукі ў стылістычных мэтах радзей выкарыстоўваюцца ў паэзіі. Гэта тлумачыцца тым, што галосныя маюць меншую семантычную значнасць, чым зычныя. Аднак галосныя ў большай меры дапамагаюць падкрэсліць асобныя словы, ствараюць мілагучнасць вершаванага радка, узмацняюць інтанацыйна-гукавую выразнасць.Стылістычнае ўжыванне галосных ажыцяўляецца ў выглядзе асананса (гармоніі галосных).
Асананс (ад франц. Assonance – сугучнасць) – прадвызначае пэўнымі мастацкімі задачамі паўтарэнне ў вершаванай мове аднолькавых або падобных галосных гукаў [5, с. 63]. У аснове асанансу звычайна ляжыць паўтарэнне толькі націскных галосных, таму што ў ненаціскным становішчы гукавыя характарыстыкі галосных звычайна змяняюцца. Часцей за ўсё выкарыстоўваюцца галосныя [і],[ы],[а],[у], раздей [е],[о]. У некаторых выпадках асананс можа дапаўняцца і паўтарэннем ненаціскных слаба рэдукаваных [і], [ы],[у]:
Іскрыстая цішыня
Пінгвін на льдзіне радасны
Пад пахаю пінгвіня
Трымае,
Як ранішні градуснік [4.I т., с.33];
Нібы шыпячых зычных збег,
Спакойны, сыпкі
З самай раніцы
Спадаў на сцежкі
Ціхі снег,
Баяўся аб ігліцу зраніцца…[4.I т.,с. 328].
У гэтых выпадках з дапамогай асанансу галосных [і],[ы] аўтар падкрэслівае цішыню, празрыстасць паветра ў марозны зімовы дзень, узмацняючы мілагучнасць вершаваных радкоў. Аналагічны настрой перадаецца і ў наступным урыўку:
Конек змоўк.
Нават мора расчулена ціхае.
Толькі гадзіннікі ў цішы цікаюць,-
Здаецца -
траскочуць конікі…
Паслухайце –
тоненька –
тоненька…[4.I т., с.106].
У паэзіі Р. Барадуліна часам сустракаецца недакладная рыфма, якую называюць дысанансам. Дысананс (ад лат. dissonans -разнагучны) – негарманічнае спалучэнне гукаў, адзін з відаў недакладнай рыфмы, у якой супадаюць пераважна зычныя і ненаціскныя галосныя гукі, а націскныя не супадаюць [5, с.69]:
Сузор,і віснуць выспелай рабінай:
Як крохне грона ўніз – чакаеш нават.
З адчаем хваля б’ецца ў бераг рыбінай,
Што ненарокам трапіла ў невад …[4.I т., с.97].
Р.Бярозкін пісаў, што аддаючы перавагу рыфме “слыхавой”, а не “зрокавай” і “графічнай”, Бадулін звяртае асаблівую ўвагу не на супадзенні канцавых гукаў, а на пераклічку ўсягогукавога комплексу, што стаіць налева ад націску, і ў першаю чаргу на апошнюю зычную…
Узмацненне гукавой інструментоўкі, часам не абумоўленае ідэйнай задумай, ператвараецца ў гульню. Так, у вершы “Сталасці пара” рыфмы паўтараюць, як рэха, галоўнае слова, вынесенае ў назву: [па-ра-а-ара-па]. Аднак ад злоўжывання гукапісам траціцца думка, расвараючыся ў ім. Аналагічная з,ява назіраецца і ў вершы “Станцыя Грамы”:
Касяк гусей над борам парадзеў.
Сумуе бор пад крык сыты качыны.
У рыжай верасовай барадзе
Прабілася сівінка павуціны [4.I т., с.62].
У лінгвістычнай стылістыцы вядома і іншая класіфікацыя гукавых паўтораў, у аснове якой ляжыць размеркаванне гукаў, якія паўтараюцца ў тэксце. У залежнасці ад месца паўтарэння гукаў у словах ці вершаванай страфе паўторы атрымалі розныя назвы: анафара і эпіфара.
Анафара (ад грэч. anaphero “паўтарэнне”) – паўтор аднолькавых гукаў (гукавая анафара), слоў (лексічная анафара), канструкцый (сінтаксічная анафара) у пачатку сумежных вершаваных радкоў або строф [5, с. 86]. Анафара быць і раздзельнай. Пры сумежнай анафары сугучныя словы стаяць побач:
У кожнай эпохі
Свае блохі,
Свае сарокі,
Свае скамарокі,
Свае сурокі,
Свае зарокі,
Свае сенсацыі,
Свае прарокі,
Свае сен – сансы! [4.II т., с.226].
Характэрнай рысай тварчасці Р.Барадуліна з’яўляецца ўжыванне вакалічнай анафары, калі паўтараюцца пачатковыя галосныя, што стварае пэўны сэнсавы і эмацыянальны эффект:
Умеў гаспадару
У час паднесці шапкі,
Узняць свае ў гару
Усе чатыры лапкі [4.II т., с.58].
Эпіфара (грэч. epiphorce - паўтарэнне) – паўтарэнне аднолькавых гукаў, слоў ці выразаў у канцы вершаваных радкоў або строфаў [5, с. 89]. Як і анафара, эпіфара можа быць сумежнай і раздзельнай. Пры сумежнай эпіфары сугучныя словы звычайна граматычна залежныя ў адрозненне ад раздельнай.
Ад завірух калючых пацяру
Наскрозь дорога уезджаная ўзарта [ 4.I т., с.125].
Асаблівую меладычнасць вершаванай мове надае спалучэнне эпіфары і анафары – сімплака.
Якія будуць сніцца сны
Нашчадкам нашы
Ці дзень вясны,
Ці цень сасны,
Ці шум лясны,
Ці нашым? [4.II т., с. 90];
Тым застоллям,
Тым пасцелям,-
Дзякуй,
Дзе я гасцяваў,
Дзе начаваў…[4.II т., с.11].
Адным з відаў гукапісу з’яўляецца гукаперайманне. Гукаперайманне ў паэтычнай мове – імітацыя з дапамогай гукаў мовы тых ці іншых гукаў рэчаіснасці. Дасягаецца не толькі назапашваннем гукапераймальных слоў з аднароднымі, блізкімі гукамі. Інструментоўка на асобныя (перш за ўсе зычныя) гукі асацыятыўна ўзнаўляе, напрыклад, грукат грому.
Хакне хорт,
Гакне гром,
Першы ліст развінецца… [4.II т., с.21].
Гэта ўрывак з верша “Спадчына”, які быў напісаны паводле матываў творчасці Янкі Купалы. “Купалаўская лексіка, вобразнасць, інтанацыі, гукапіс прысутнічаюць тут вельмі натуральна, нязмушана. Паэт вяртае вершу даўнюю яго прывілею – яго хочацца чытаць”.
Аднак толькі сродкамі паэтычнага гукапісу нельга дакладна ўзнавіць пэўныя гукі рэчаіснасці. Да гукапераймання адносіцца анаматапея (ад грэч. onomatopoieia – выбар назваў) – ужыванне гукапераймальных слоў, якія імітуюць асобныя гукі прыроды, крыкі птушак, звяроў [5, с. 93].
Крумкач падымацца-
шух –
шух –
шух –
Хаваў тут калісьці
касці ворага [4.I т., с.139];
“Курлы –
курлы” –
І два крылы
Шчымлівы сум вяслуе [4.I т., с.300].
Такім чынам, выкарыстанне гэтых гукавых сродкаў дапамагае лагічна выдзеліць суб’ект або аб’ект пэўнага дзеяння, дазваляе паказаць устойлівасць пэўных якасцей, нарастанне, паслядоўнасць, мэтанакіраванасць дзеяння, працяглыя аднатыпныя адрэзкі часу, дае магчымасць паказаць узмацненне эмацыянальнага і псіхалагічнага стану.
