Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
шпоры по АСП.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
517 Кб
Скачать
☆

57. Праблема антрапагенезу і яе прыродазнаўчыя аспекты

Праблема ўзнікнення чалавека і грамадства (антрапасацыягенезу) была ўведзеная ў прыродазнаўчы кантэкст у Новы час біёлагамі-эвалюцыяністамі. Праўда, Ламарк і Дарвін мелі ў гэтым плане сваіх папярэднікаў – Анаксімандра, пра якога гаварылася вышэй, італьянскага філосафа-пантэіста Л.Ваніні. Аргументаванае і абгрунтаванае пашырэнне эвалюцыйнага вучэння на разгляд антрапасацыягенезу выклікала каласальны рэзананс у грамадстве. Пасля выхаду ў свет дарвінаўскіх прац (і “Паходжання відаў”, хоць у ёй праблема ўзнікнення чалавека практычна не разглядаецца, і “Паходжання чалавека”) дадзеная тэма нікога не пакінула абыякавым. Нават брытанскі міністр фінансаў таго часу Б.Дызраэлі палічыў за неабходнае далучыцца да адпаведных дэбатаў. Ён публічна выказаў сваю пазіцыю, сутнасць якой была ў тым, што ў наяўнай сітуацыі, калі анёл і малпа прэтэндуюць на статус продка чалавека, ягоны выбар належыць анёлу. Духоўны стан і настрой думак набожных людзей у згаданых абставінах з абсалютнай дакладнасцю перадала жонка зацятага змагара з эвалюцыйным вучэннем, біскупа Вільберфорса: “Паходзіць ад малпы! Будзем спадзявацца, даражэнькі, што гэта няпраўда. А калі гэта праўда, дык будзем маліцца, каб пра яе ніхто не даведаўся”.

Надзеі спадарыні Вільберфорс не было наканавана споўніцца. Антрапасацыягенез і надалей заставаўся прадметам інтэнсіўнага навуковага (у тым ліку і прыродазнаўчага) вывучэння, і вынікі адпаведных даследаванняў зусім не былі набыткам невялікага кола дасведчаных спецыялістаў. Найпершым важкім біялагічным аргументам Дарвіна і яго паплечнікаў (сярод якіх неабходна вылучыць Т.Хакслі (1825-1895)) было выяўленае параўнальнай анатоміяй і фізіялогіяй падабенства чалавека з іншымі відамі, што належаць да хрыбетных (найбольш яскравае, безумоўна, у выпадку прыматаў).

Класічная біялогія не магла, аднак, спаслацца на выкапнёвыя знаходкі, якія ёсць у распараджэнні сучаснай навукі. Акрамя таго, сучасная навука пры разглядзе праблемы антрапасацыягенезу можа абаперціся на дасягненні генетыкі і малекулярнай біялогіі. Праведзеныя ў іх абсягу даследаванні выявілі істотнае падабенства малекулярных структур, уласцівых чалавеку і іншым жывым істотам. Паводле набору храмасом, напрыклад, чалавек надзвычай блізкі да шымпанзэ: у абодвух “яны вельмі падобныя па сваіх каляровых колцах, і толькі вялікая храмасома 2 чалавека не мае свайго эквівалента” ў гэтай малпы.

Той момант, аднак, што праблема антрапасацыягенезу з’яўляецца легітымным, паўнапраўным сегментам праблемнага поля прыродазнаўства (найперш біялогіі), ні ў якім разе не дазваляе надаваць ёй чыста прыродазнаўчы статус. Праз свой складаны, комплексны характар яна мусіць даследавацца рознымі навукамі, гэта сапраўды міждысцыплінарная праблема. Яе складанасць звязаная з комплексным, шматузроўневым характарам феномена антрапасацыягенезу. Акрамя таго, істотныя цяжкасці ў яго вывучэнні выклікае тая акалічнасць, што ўзнікненне чалавека і грамадства ўяўляе сабой унікальны працэс, які адбыўся ў далёкім мінулым. У сувязі з гэтым, з аднаго боку, робіцца праблематычным ужыванне пагрунтаваных на веданні законаў пэўных з’яў тлумачальных стратэгій, а з іншага,– увесь час адчуваецца недахоп эмпірычнага матэрыялу, што надае адпаведным тэарэтычным і гістарычным рэканструкцыям гіпатэтычны характар.

Складаны, шматаспектны характар антрапасацыягенезу можа быць адэкватна ахоплены толькі ў рамках цэласнай, комплекснай тэарэтычнай мадэлі, стварэнне якой павінна спалучацца з мадэляваннем яго паасобных узроўняў – біятычнага, псіхічнага, сацыяльнага. Пры гэтым патрэбна ўлічваць, што на розных этапах узнікнення чалавека і грамадства згаданыя ўзроўні выступалі ў розных суадносінах і мелі розную ўдзельную вагу. У дадзеным мадэляванні, якое адбываецца ў шырокім міждысцыплінарным полі, важнае месца належыць, безумоўна, біялогіі – асабліва ў кантэксце даследавання першапачатковых этапаў працэсу вылучэння чалавека з жывёльнага свету.

Неабходна адзначыць, што інтэнсіўныя пошукі, якія здзяйсняюцца на гэтым – надзвычай дынамічным – даследчым кірунку, прыносяць свой плён і карціна антрапасацыягенезу ўвесь час узбагачаецца, дапаўняецца і ўдакладняецца. У самым агульным плане (калі тэрмін “антрапасацыягенез” бярэцца ў найбольш шырокім сэнсе) у згаданай карціне можна вылучыць тры глабальныя перыяды. Першы з іх ахоплівае дачалавечую стадыю ўзнікнення чалавека і грамадства, другі мае пераходны характар, трэці можна ахарактарызаваць як антрапасацыягенез ва ўласным сэнсе (гэта пераход ад прымітыўных чалавечых формаў да чалавека і грамадства сучаснага тыпу).

Няма нічога дзіўнага ў тым, што храналагічныя рамкі гэтых перыядаў выклікаюць вострыя дыскусіі сярод навукоўцаў (дыскусійнымі з’яўляюцца шмат якія з прысвечаных антрапасацыягенезу пытанняў). Слушным падаецца той падыход, што звязвае дачалавечую стадыю са з’яўленнем і эвалюцыяй чалавекападобных малпаў (магчыма, каля 15 млн. гг. таму – каля 9 млн. таму). Пачаткам пераходнага перыяду можна лічыць набыццё гамінідамі здольнасці да прамахаджэння. (Варта адзначыць, што тэрмін “гамініды” па- рознаму вытлумачваецца ў навуковай літаратуры: часам у яго ўлучаюцца толькі чалавечыя істоты, часам людзі і чалавекападобныя малпы.) Прамахаджэнне было засвоена імі ў прамежак часу ад 9 да 6 млн. гг. таму. У выніку эвалюцыі найбольш ранніх іх відаў (сахельантрапаў, ардыпітэкаў – назвы, звязаныя з месцамі, дзе былі знойдзеныя іх рэшткі) паўсталі аўстралапітэкавыя (ад лац. australis – паўднёвы і старажытнагр. πίθηκοϛ – малпа). Завяршаецца пераходная ступень узнікненнем чалавека ўмелага (homo habilis), які ў сваёй дзейнасці выразна выяўляе ўжо чалавечыя рысы, па будове мозга, аднак, стаіць бліжэй да малпаў, чым да чалавека сучаснага тыпу. Варта адзначыць разам з тым, што напрыканцы пераходнага перыяду (каля 1,5 млн. гг. таму) суіснавалі розныя віды пераходных формаў ад малпы да чалавека і першабытных людзей. Станаўленне чалавека ва ўласным сэнсе (гаворка ідзе пра трэці перыяд) адбываецца на аснове віду homo erectus (у перакладзе з лац. – чалавек выпрастаны), у якім чалавечы пачатак дамінуе і ў плане працоўнай дзейнасці, і з нейрафізіялагічнага пункту гледжання.

Згодна з меркаваннем шэрагу даследчыкаў homo erectus эвалюцыянаваў у Еўропе ў неандэртальца (названага так паводле цясніны, якая месціцца ў Германіі, дзе быў знойдзены чэрап прадстаўніка гэтага віду), у той час як на аснове афрыканскіх яго папуляцый развіўся чалавек сучаснага тыпу. (У прысвечанай дадзенай праблеме літаратуры назіраецца тэндэнцыя пазначаць неандэртальца як homo sapiens, а чалавека сучаснага тыпу як homo sapiens sapiens, хоць часам гэта выклікае адмоўную рэакцыю – сучасны французскі біёлаг Ж.М.Пельт, напрыклад, характарызуе наданне прадстаўнікам нашаму віду статусу двойчы разумных як нахабства.) Неабходна адзначыць, што гіпотэзе, згодна з якой сучасны чалавек паўстаў у Афрыцы (у перыяд ад 200 тыс. да 100 тыс. гг. таму), супрацьстаіць мультырэгіянальная гіпотэза, прыхільнікі якой сцвярджаюць, што яго ўзнікненне адбывалася паралельна ў некалькіх рэгіёнах. Аднак генетычныя даследаванні пацвярджаюць хутчэй Out-of-Africa-тэорыю. Пэўны час чалавек сучаснага тыпу суіснаваў з іншымі відамі (палеаантраполагі знаходзяць у аддаленых рэгіёнах парэшткі прадстаўнікоў віду homo erectus, якія жылі прыкладна 50 тыс. гг. таму). Зямля была заваяваная, аднак, менавіта ім – чалавекам разумным (ці двойчы разумным), і ён застаўся апошнім жывым прадстаўніком роду homo.

Як ужо указвалася, у дачыненні да першапачатковых этапаў антрапасацыягенезу (як лічыць Ж.-М.Пельт, да ўзнікнення неандэртальца, а на думку сучаснага нямецкага філосафа-марксіста В.Янтцэна, да гома эрэктуса) мы можам зыходзіць з дамінавання ў ім біялагічных фактараў. Агульнае іх бачанне вызначаецца пазіцыямі пэўнага даследчыка адносна эвалюцыйнага працэсу ў цэлым. У гэтым плане ў літаратуры прадстаўленыя разнастайныя погляды (найперш, аднак, падкрэсліваецца фундаментальная роля ў станаўленні чалавека селектыўных і мутацыйных эвалюцыйных механізмаў). Тым не менш няшмат хто з даследчыкаў (пры ўсёй рознасці іх поглядаў) ставіць пад пытанне той факт, што вызначальнымі кірункамі ў біялагічным станаўленні чалавека былі ўзнікненне і дасканаленне прамахаджэння, развіццё рукі як воргана працоўнай дзейнасці і эвалюцыя мозга (так званая “гамінідная трыяда”). Што да прамахаджэння, дык яно было ўласціва ў поўнай ступені ўжо аўстралапітэкам (“аўстралапітэкі мелі добра збалансаваную артаградную паходку, і перасоўванне ў выпрамленым стане было для іх не менш звычайнай справай, чым для сучасных людзей”). Цалкам развітую кісць (амаль ідэнтычную кісці сучаснага чалавека) меў неандэрталец. Аб’ём яго мозга таксама быў блізкі да адпаведных характарыстык сучаснага чалавека (у неандэртальца ён складаў каля 1200 см3, у людзей, што прэтэндуюць на статус двойчы разумных, – каля 1400 см3).

Варта адзначыць, што трансфармацыі, якія адбываліся на гэтых кірунках зусім не былі пазбаўленыя вострых праблем і драматычных калізій. Так, прамахаджэнне першапачаткова не было надта добрым набыткам для надзеленых ім, хутчэй за ўсё, праз выпадковую мутацыю прыматаў. Справа ў тым, што яны жылі ў трапічных лясах, а для жыцця ў падобных умовах яно было не надта карысным. Прамахаджэнне магло быць перавагай у саванах, але тыя былі непрыдатнымі для жыцця ў гэты час. Каля трох мільёнаў гадоў таму, аднак, праз кліматычныя метамарфозы – дзякуючы пацяпленню – саваны змяніліся, і згаданыя прыматы атрымалі ў іх арэал для свайго самаразвіцця, у якім у іх не было вельмі шмат канкурэнтаў.

Гэтаксама і высокаразвіты ў выніку ўсёй чалавечай эвалюцыі мозг мог зрабіцца прычынай трагедыі нашага ўжо пасталелага віду: надта аб’ёмны, ён зрабіўся перашкодай пры нараджэнні дзіцяці. Таму дзеці людзей народжваюцца да канчатковага фармавання эмбрыёну, яны народжваюцца абсалютна непрыстасаванымі да самастойнага жыцця і могуць выжыць толькі пры ўмове клопату бацькоў пра іх. Нягледзячы на мацярынскі клопат, шмат хто з малых не выжываў (толькі адзін індывід з трох дасягаў узросту палавой спеласці). Такім чынам, чалавек мог зрабіцца лёгкай здабычай натуральнага адбору. Гэты апошні, аднак, дзейнічаў не так хутка, і людзі змаглі скарыстацца з тых магчымасцяў, якія даў ім развіты мозг.

На працягу ўсяго працэсу антрапасацыягенезу разам з чалавекам узнікалі і набіралі моц сацыякультурныя аспекты яго жыцця. Яны рабіліся усё больш важнымі фактарамі ягонага станаўлення. Якія з іх мелі пры гэтым найбольшае значэнне, застаецца прадметам вострых дыскусій. Досыць няпросты характар мае і пытанне пра іх узаемадзеянне з біялагічнымі аспектамі антрапасацыягенезу. У канчатковым выніку яно ўзыходзіць да пытання пра ўзаемадачыненні біялагічнага і духоўнага ў чалавечай існасці ўвогуле.