Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Да заліку па белмове.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
144.38 Кб
Скачать

14. 15. Моўная сітуацыя ў рб. Праблема двухмоўя і паняцце інтэрферэнцыі

У канцы 80-х – пачатку 90-х гг. Рэспубліка Беларусь становіцца незалежнай, суверэннай дзяржавай. Была створана пэўная заканадаўчая база, якая юрыдычна замацавла курс на адраджэнне нацыянальнай мовы. Былі прыняты законы «Аб мовах у Беларускай ССР», «Аб культуры», «Аб адукацыі», разгорнута сетка беларускіх нацыянальных школ. Была распрацавана дзяржаўная праграма, якая сведчыла пра тое, што пачынаецца новы этап адраджэння беларускага слова, новы этап у развіцці і ўзбагачэнні беларускай мовы і беларускай культуры ў цэлым. У новых праграмах значная роля адводзілася вывучэнню беларускай мовы. Рыхтуюцца новыя падручнікі, а праз некалькі год гэты курс становіцца абавязковым для вывучэння ў ВНУ. Такі ўздым нацыянальнага адраджэння запаволіўся пасля рэспубліканскага рэферэндуму 1995 года. У «Закон аб мовах» і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь былі ўнесены праўкі, па якіх у якасці дзяржаўнай разам з беларускай названа і руская мова. Беларуская мова значна страціла свой нацыянальны прэстыж. Яна зноў стала выкарыстоўвацца пераважна ў сферах мастацкай літаратуры, публіцыстыкі, гуманітарнай навукі, адукацыі.

Сёння, гаворачы пра стан і перспектывы развіцця беларускай мовы, даследчыкі ўказваюць на сімвалічнае значэнне мовы, адзначаючы, што камунікатыўная роля ёй амаль не ўласціва. Н.Б.Мячкоўская зазначае, што «ў беларускай мове яе этнічная функцыя (быць нацыянальным сімвалам, кансалідаваць народ і адрозніваць яго ад іншых этнасаў) першынствуе над асноўнай (камунікатыўнай)». Яна выконвае важную сімвалічную функцыю, калі чалавек ведае, што ён беларус, што яго продкі жылі ў Беларусі, ён сам у пэўнай ступені валодае беларускай мовай, але ў рэальным жыцці можа ёю не карыстацца.

Моўная інтэрферэнцыя - з'ява адхілення ад нормаў у адной мове з-за прыкладання да яе нормаў іншай мовы. Можа ўзнікаць у абставінах двухмоўя або шматмоўя.

У сітуацыі двухмоўя ўзаемадзеянне моў, якія кантактуюць, прыводзіць да інтэрферэнцыі, гэта значыць пры маўленні на адной мове ўжываюцца элементы іншай мовы. Іншымі словамі, інтэрферэнцыя прыводзіць да парушэння нормаў суіснуючых моў. Узровень інтэрферэнцыі залежыць ад ступені авалодання другой мовай, ад умення свядома адрозніваць факты розных моў і інш.

Блізкароднасны характар беларускай і рускай моў абумоўлівае шматлікасць і ўстойлівасць інтэрферэнцыйных памылак пры маўленні на той ці іншай мове. Аднак яны не ўплываюць на працэс разумення выказванняў як на беларускай, так і на рускай мовах. Таму праблема інтэрферэнцыі для беларуска-рускага двухмоўя стаіць як праблема культуры беларускай і рускай моў ва ўмовах білінгвізму.

Беларуска-руская і руска-беларуская інтэрферэнцыя – з'ява распаўсюджаная і закранае ўсе сферы моўнай сістэмы: фанетыку, акцэнтуацыю, марфалогію, лексіку, сінтаксіс. Вылучаюць наступныя віды інтэрферэнцыі: марфалагічная, сінтаксічная, фанетычная, лексічная, словаўтваральная, акцэнтная.

16. Асноўныя фармы існавання беларускай мовы.

ХАРАКТЭРНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ ЛІТАРАТУРНАЙ МОВЫ. НОРМА І ВАРЫЯНТНАСЦЬ

Беларуская літаратурная мова – гэта важнейшая, унармаваная, стылістычна разгалінаваная форма нацыянальнай мовы, якая выступае ў вуснай і пісьмовай разнавіднасцях. Як вядома, на сённяшні дзень найбольш поўнае ўяўленне пра нацыянальную беларускую мову дае “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы, дзе зафіксавана звыш 105 000 слоўлітаратурных, абласных, прастамоўных, а таксама фразеалагізмаў, прымавак і прыказак. Беларуская мова існуе ў дзвюх формах: літаратурнай і дыялектнай. Літаратурная мова мае дзве формы выражэння: вусную і пісьмовую, а дыялекты існуюць толькі ў вуснай форме; літаратурная мова агульнапрынятая і абавязковая для ўсіх членаў грамадства, дыялектная мова характарызуецца тэрытарыяльнай неаднастайнасцю і абмежавана ў выкарыстанні; літаратурная мова ўвесь час развіваецца, дыялекты – з’ява статычная.

Нормы захоўваюцца і змяняюцца ў залежнасці ад многіх умоў: ад уплыву кніг на грамадства, ад моўнага акружэння.

Афіцыйнаму замацаванню змен моўнай нормы звычайна папярэднічае перыяд варыянтнасці. Варыянты – гэта разнавіднасці адной і той жа моўнай адзінкі, якія валодаюць аднолькавым значэннем, але адрозніваюцца па форме (дзіця-дзіцё; у адрас – на адрас). Варыянты існуюць на ўсіх моўных узроўнях (арфаэпічных, акцэнталагічных, марфалагічных, лексічных).

  • Арфаэпічныя нормы -- гэта правілы вымаўлення галосных і зычных гукаў, гукавых спалучэнняў, правілы інтанацыі. 

  • Акцэнталагічныя нормы – гэта сістэма націску ў сучаснай беларускай мове. Пры яго дапамозе адрозніваюцца розныя словы і словаформы ў межах адной часціны мовы

  • Марфалагічныя нормы -- гэта правілы формаўтварэння і словазмянення ў галіне самастойных часцін мовы.

  • Сінтаксічныя нормы. Сінтаксіс вывучае віды сувязей, на аснове якіх арганізуюцца словазлучэнні і сказы.

  • Лексічныя нормы. Адносна вызначэння лексічных норм паміж даследчыкамі няма адзінства. Адны з іх выдзяляюць лексічныя нормы, іншыя – не.

  • Стылістычная норма адносіцца да агульнамоўнай як прыватнае да агульнага. Іх нельга супрацьпастаўляць, але нельга і атаясамліваць. Стылістычная норма звязана з усімі стылямі, паколькі ўключае заканамернасці адбору і арганізацыі стылістычных сродкаў ва ўсіх функцыянальных стылях.