
- •Гісторыя развіцця са старажытнасці да другой паловы 20 ст. … 4
- •Каваныя вырабы са старажытнасці да другой паловы 20 ст. …. 7
- •Кавальскае рамяство з другой паловы 20 ст. Па наш час ….…... 13
- •Уводзіны
- •Кавальства
- •Гісторыя развіцця кавальства да другой паловы 20 ст.
- •Каваныя вырабы ў народным дойлідстве і побыце да другой паловы 20 ст.
- •Кавальскае рамяство з другой паловы 20 ст. Па наш час
- •Заключэнне
- •Літаратура:
- •Інтэрнэт-рэсурс: Сахута я.М. - Народнае мастацтва Беларусі / Народное искусство Белоруссии [1997, pdf, blr]
Змест
Уводзіны …….……………………………………………………………….. 3
Кавальства ……….…………………………………………………………. 4
Гісторыя развіцця са старажытнасці да другой паловы 20 ст. … 4
Каваныя вырабы са старажытнасці да другой паловы 20 ст. …. 7
Кавальскае рамяство з другой паловы 20 ст. Па наш час ….…... 13
Заключэнне ………..………………………………………………………... 16
Літаратура ………………………………………………………………...… 17
Уводзіны
Кавальства, апрацоўка чорных металаў, з’яўляецца найбольш старажытным відам рамяства. З вытворчасцю і апрацоўкай жалеза ў найстаражытны час звязана ўдасканаленне прылад працы і, як вынік, пераход чалавецтва на больш высокі ўзровень жыцця. З цягам часу кавальства стала служыць не толькі для вытворчасці вырабаў бытавога і гаспадарчага скарыстання, але і для вырабу рэчаў дэкаратыўна-ўжытковага прызначэння, каваныя вырабы выконваюць і ўтылітарную, і дэкаратыўную функцыі. У сучаснасці кавальскае рамяство адраджаецца ўжо ў новай якасці. Не з’яўляецца выключэннем і кавальства на Беларусі. Аб тым, як яно развівалася і развіваецца ў нашай краіне, можна даведацца з кніг Я.М. Сахуты “Народнае мастацтва Беларусі” і “Сучаснае народнае мастацтва Беларусі”. У дадзеных работах прадстаўлены багаты матэрыял пра найболей распаўсюджаныя мастацкія рамёствы і промыслы, у тым ліку і пра кавальства. Прапаную вашай увазе агляд гісторыі развіцця гэтага віду народнага мастацтва, яго характэрныя і адметныя рысы, становішча мастацкай апрацоўкі метала на сённяшні дзень.
Кавальства
Гісторыя развіцця кавальства да другой паловы 20 ст.
З чаго ўсё пачалося? Прыблізна ў 7 – 6 век да н.э. чалавек навучыўся здабываць жалеза з мясцовых балотных руд. Першыя з ім пазнаёміліся плямёны, расселеныя ў басейне Прыпяці, на Сярэднім і Верхнім Падняпроўі, праз 1 – 2 стагоддзі яно стала вядома плямёнам цэнтральнай і паўночнай Беларусі. Асновы апрацоўкі жалеза былі закладзены ў канцы 1-га тыс. н.э., без асаблівых зменаў яны дайшлі да нашых дзён. Майстры валодалі не толькі прасцейшымі прыёмамі апрацоўкі, але і загартоўкай, цэментацыяй, зваркай жалеза і сталі.
Асартымент вырабаў быў досыць шырокі: прылады працы, прадметы бытавога і гаспадарчага прызначэння, рыштунак конніка і каня, зброя, упрыгожанні. Хутчэй за ўсё жалеза апрацоўвалася паўсюдна: пры раскопках амаль кожнага паселішча знаходзяць сляды здабычы і апрацоўкі металу. Нягледзячы на дрэнную захаванасць вырабаў, некаторыя прадметы, перш за ўсё ўпрыгожанні, вызначаюцца дасканалай формай, што, як трапна прымеціў Я.М. Сахута, “ўжо само па сабе сведчыць пра мастацкія памкненні кавалёў”.
На першапачатковым этапе асваення жалеза майстры сумяшчалі ў адной асобе і металурга, і каваля. З развіццём феадальных адносін, ростам попыту на кавальскія вырабы адбылося размежаванне спецыяльнасцяў. Адначасова ў старажытнарускія часы, а гэта 11 – 12 стст., рамяство раздзяляецца на гарадское і сельскае. Калі сельскія кавалі прадаўжалі карыстацца старажытнай тэхналогіяй, то гарадскія, што абслугоўвалі феадалаў і цэрквы, павінны былі пастаянна удасканальваць сваё рамяство, актыўна засвоіваць тэхнічныя дасягненні суседзяў. Развіццю рамяства садзейнічаў і рынак, на які пачалі працаваць многія гарадскія кавалі.
Вырабы гарадскіх майстроў часоў Кіеўскай Русі ўражваюць разнастайнасцю і шырынёй асартыменту. Выкарыстоўвалася не толькі свабоднае гарачае каванне, але зварка і паянне жалеза са сталлю, цэментацыя жалеза, тэрмічная апрацоўка сталі, абточванне на тачыльным крузе, абпілоўванне напільнікам, паліраванне вырабаў, інкрустацыя (насечка) і пакрыццё каляровымі металамі. Шмат стагоддзяў, дзякуючы пералічаным спосабам апрацоўкі металу, кавалі надавалі вобразнасць і выразнасць сваім работам. Асноўнымі тэхналагічна-вобразнымі сродкамі ў мастацкім кавальстве з’яўляюцца лінія, рытм і сілуэт.
Новы значны крок зрабіла кавальскае рамяство ў 15 – 16 стст. Гэта быў перыяд інтэнсіўнага развіцця розных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пашыраецца працэс спецыялізацыі рамёстваў, расшчаплення асобных відаў рамесніцкай вытворчасці на больш вузкія спецыяльнасці. Апрацоўкай жалеза займаюцца слесары, кавалі, мечнікі, нажэўшчыкі, кацельшчыкі, аружэйнікі і інш. Ствараюцца цэхі. Дзякуючы інтэнсіўным гандлёвым сувязям з краінамі Заходняй Еўропы, мастацкае кавальства з таго часу развіваецца ў рэчышчы агульнаеўрапейскіх мастацкіх стылявых накірунках. Сельскае рамяство, як і раней, мае значна больш нізкі ўзровень.
Пэўныя змены ў становішчы сельскага рамяства распачаліся ў другой палове 16 ст., калі з’явіліся фальварачныя гаспадаркі. Адзначаецца і некаторы падзел па спецыяльнасцях: катляры, слесары (замочнікі), збраяры. Сельскія майстры займаліся акоўваннем транспартных сродкаў, аснашчэннем каванымі дэталямі архітэктурных збудаванняў і інш.
У другой палове 17 ст. становішча кавальскага рамяства значна пагоршылася ў сувязі з частымі войнамі і эканамічным заняпадам гарадоў. Вялікая колькасць рамеснікаў перасялілася ў Рускую дзяржаву і на Украіну. Толькі ў сярэдзіне 18 ст. у сувязі з адноснай грамадска-палітычнай стабілізацыяй, стала назірацца аднаўленне рамесніцкай вытворчасці. Да ўжо вядомых металаапрацоўчых спецыяльнасцяў дадалося чыгуналіцейнае рамяство.
Ў сярэдзіне 19 ст. сацыяльна-эканамічныя змены ў дзяржаве прывялі да таго, што гарадское і местачковае кавальскае рамяство становіцца заняткам прыватных майстэрняў і невялікіх прадпрыемстваў капіталістычнага тыпу. Развіццё капіталізму, сацыяльна-эканамічныя змены ў вёсцы садзейнічалі пашырэнню сельскага рамяства. Амаль у кожнай вёске быў каваль са сваёй кузняй. Сельскае рамяство набывае самастойнасць, аддзяляецца ад сельскай гаспадаркі.
У канцы 19 ст. павышэнне матэрыяльных і эстэтычных запатрабаванняў вёскі выклікала пашырэнне ў народным жыллі долі дэкаратыўных тканін, роспісу, выцінанкі, прапілоўкі і інш. Тое ж самае датычыцца і каваных вырабаў, асабліва тых, што былі навідавоку: дзвярныя завесы і клямкі, акоўванне транспартных сродкаў, акоўка куфраў і скрыняў. Сярод замоўцаў асаблівае месца займаюць мясцовыя храмы.
У пачатку 20 ст., першую яго чвэрць, кавальскае рамяство працягвала актыўна забяспечваць насельніцтва сваімі вырабамі. Ў пасляваенные часы, калі актыўна вялося аднаўленне разбуранай гаспадаркі, назіраецца павышэнне яго ролі ў народнай гаспадарцы. Аб далейшым становішчы кавальства на Беларусі мы пагаворым пасля падрабязнага агляду ўсіх груп каваных вырабаў, створаных у разгледжаны перыяд.