Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
МТО(фк)-62 лк.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1.52 Mб
Скачать

МИНИСТЕРСТВО ОБРАЗОВАНИЯ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ

Учреждение образования

«Мозырский государственный педагогический университет

им. И.П. Шамякина»

И.А. Карабанов

МЕТОДИКА ТРУДОВОГО ОБУЧЕНИЯ

Курс лекций-62 ч

МОЗЫРЬ

2007

Содержание

  1. Предмет, задачи и методология методики трудового обучения и технологического образования (4 ч)

  2. Принципы трудового обучения (4 ч)

  3. Системы трудового обучения (4 ч)

  4. Методы трудового обучения (4 ч)

  5. Профессиональная ориентация и профессиональное самоопределение (6 ч)

  6. Организация общественно полезного, производительного труда (2 ч)

  7. Организационные формы трудового обучения, связь обучения с воспитанием в средних классах (16 ч)

  8. Подготовка и проведение занятий (6 ч)

  9. Проверка, оценка и учёт знаний и умений (2 ч)

  10. Внеклассная работа по техническому творчеству и труду (2 ч)

  11. Учебно-материальная база трудовой подготовки школьника (2 ч)

  12. Трудовое обучение старшеклассников (10 ч)

Всего: 62 ч

Предмет, задачи и методология методики трудового обучения и технологического образования (4 ч)

Предмет и задачи методики трудового обучения. Методическая подготовка учителя. Взаимосвязь методической подготовки с будущей профессиональной деятельностью учителя и содержанием курса методики трудового обучения.

Для якаснага ажыццяўлення працоўнай падрыхтоўкі вучняў у агульнаадукацыйных установах настаўнік павінен быць узброены сістэмай ведаў аб працэсе навучання. Агульныя заканамернасці адукацыі і навучання ў сучаснай школе даследуе навука дыдактыка — тэорыя навучання. Але ў школе, як вядома, вывучаецца шэраг вучэбных прадметаў, у аснове якіх ляжаць адпаведныя навукі. Выкладанне кожнага школьнага прадмета мае сваю спецыфіку і адрозніваецца ад навучання па іншых дысцыплінах не толькі сваім зместам, але і задачамі, метадамі, формамі арганізацыі. Таму гэтыя асаблівасці навучання па асобных прадметах выкладаюцца ў прыватных методыках (методыках выкладання).

Па меры набыцця вопыту работы распрацоўваецца практычна, афармляецца навукова і ўдасканальваецца агульная методыка працоўнага навучання ці, прасцей, методыка працоўнага навучання. Такім чынам, методыка працоўнага навучання з'яўляецца прыватнай дыдактыкай, методыкай выкладання, адной з галін педагагічнай навукі.

Апрача агульнай методыкі працоўнага навучання распрацоўваюцца прыватныя методыкі па асобных накірунках (раздзелах) працоўнага навучання. Напрыклад, методыка працоўнага навучання ў школьных майстэрнях, у старэйшых класах на ВВК; методыка навучання школьнікаў розным відам працы (тэхнічнай, сельскагаспадарчай, абслуговай); розным профілям прафесійнай падрыхтоўкі (аўтасправе, сталярнай справе, такарнай справе і інш.), асобным разделам праграмы (апрацоўка драўніны, апрацоўка металаў і інш.).

Прадметам методыкі працоўнага навучання, як галіны тэхналагічнай навукі, з'яўляецца працэс працоўнай падрыхтоўкі вучняў у агульнаадукацыйных установах. Іншымі словамі, прадмет методыкі працоўнага навучання — гэта працэс узбраення вучняў элементамі агульнатэхнічных і спецыяльных ведаў, уменнямі і навыкамі выканання асноўных тэхналагічных аперацый па апрацоўцы розных матэрыялаў ручным і механізаваным спосабамі, вырошчванню раслін, а таксама кіравання асобнымі тэхналагічнымі машынамі. У ходзе гэтых працэсаў ажыццяўляецца політэхнічная адукацыя, выхаванне, сувязь навучання з грамадска карыснай, прадукцыйнай працай вучняў, азнаямленне іх з масавымі рабочымі і іншымі прафесіямі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, сферы абслугоўвання.

Працэс працоўнага навучання мае два бакі: дзейнасць настаўніка (выкладанне) і дзейнасць вучняў (вучоба), якія ажыццяўляюцца ў адзінстве і ўзаемасувязі. Такая двухбаковасць адзінага навучальнага працэсу характэрна для ўсіх школьных прадметаў. Разам з тым своеасаблівасць зместу, мэт і задач прадмета працоўнага навучання (тэхнікі, тэхналогіі) уплывае на асаблівасці арганізацыі яго вывучэння.

Методыка працоўнага навучання і тэхналагічнай адукацыі даследуе гэтыя своеасаблівасці, на аснове іх высвятляе заканамернасці працэсу навучання тэхніцы, працы і тэхналогіі, фармулюе практычныя правілы выкладання кожнага раздзела (блока, модуля) вучням розных узроставых груп. У гэтым — агульная задача методыкі працоўнага навучання і тэхналагічнай адукацыі. Яна абапіраецца як на дзейнасны, так і на асобавы падыход у навучанні і выхаванні. Сутнасць такога падыходу ў абагульненым выглядзе заключаецца ў разглядзе сумеснай дзейнасці настаўніка і вучняў у працоўным навучанні і тэхналагічнай адукацыі як працэсу актыўнага ўздзеяння на асобу вучня як на катэгорыю цэласную. Пры гэтым такое ўздзеянне не адмаўляе, а нават узмацняе, істотна закранае структуру асобы вучня, усе яе падструктуры, разнастайныя яе кампаненты, адценні, рысы.

Важная адметнасць агульнай задачы методыкі працоўнага навучання і тэхналагічнай адукацыі — метадычная і метадалагічная падрыхтоўка настаўніка да ўмення прафесіянальна "кампанаваць" у вучняў гатоўнасць да працы ў сферы матэрыяльнай вытворчасці, абслугоўвання і іншых відах дзейнасці. Гатоўнасць да працы як аб’ект навукі, паводле азначэння А.І.Кочатава, характарызуецца сутнасцю – "магчымасцю і здольнасцямі чалавека ствараць духоўныя і матэрыяльныя каштоўнасці".

Сутнасць як катэгорыя навуковая ўключае ў сябе абавязковую наяўнасць сістэмы ўнутры аб’екта навучання і выхавання пры захаванні ўстойлівых сувязей паміж элементамі гэтай сістэмы.

Сістэмны падыход у методыцы працоўнага навучання і тэхналагічнай адукацыі прадугледжвае:

- навуковы аналіз асноў сучаснай вытворчасці, народных рамёстваў, адпаведных школьнаму ўзросту тэхналогій у мэтах выдзялення і адбору асобных блокаў (модуляў) для наступнага цэласнага структурнага мадэлявання вучэбна-выхаваўчага працэсу;

- пабудову, кампаноўку цэласнай сістэмы навучання і выхавання;

- педагагічнае кіраванне змадэляванымі кампанентамі сістэмы працоўнага навучання і тэхналагічнай адукацыі школьнікаў у працэсе рэальнага функцыянавання гэтых кампанентаў;

- даследаванне ўзаемазвязаных з’яў, заканамернасцей пабудаванай сістэмы, выкарыстанне атрыманай інфармацыі як у цэлым, так і ва ўзаемадзеянні з іншымі сістэмамі ў мэтах пастаяннага ўдасканалення вучэбна-выхаваўчага працэсу агульнаадукацыйных устаноў;

- навуковае прагназаванне далейшага развіцця працоўнай падрыхтоўкі школьнікаў, іх тэхналагічнай адукацыі.

3 агульнай задачы методыкі працоўнага навучання вынікае шэраг прыватных задач, сярод якіх важнейшымі з'яўляюцца наступныя.

1. Абгрунтаванне навучальных і выхаваўчых задач працоўнага навучання і тэхналагічнай адукацыі з улікам канкрэтнага этапа развіцця грамадства і тых патрабаванняў, якія ён прад’яўляе да школы.

Разгледзім на асобных прыкладах, як змяняліся гэтыя задачы ў апошнія дзесяцігоддзі на падставе пэўных дакументаў, што прымаліся кіраўніцтвам краіны. Да снежня 1977 года ў працэсе працоўнага навучання школа павінна была даваць вучням першапачатковае кола неабходных для жыцця ведаў і ўменняў у розных відах працы. Ажыццяўлялася таксама арыентацыя выпускнікоў на далейшы працяг вучобы ў вышэйшых навучальных установах.

Са снежня 1977 года і да красавіка 1984 года школа павінна была даваць пэўны аб'ём ведаў і ўменняў, неабходных для ўключэння вучняў у грамадска карысную, прадукцыйную працу, ушчыльную падвесці іх да авалодання канкрэтнай прафесіяй.

Пасля красавіка 1984 года і ў наступныя гады стаяла задача авалодання пэўнай прафесіяй кожным вучнем да моманту заканчэння сярэднай школы.

У сувязі з рэформай школы ў Рэспубліцы Беларусь у канцы 90-х гадоў пачала шырока ажыццяўляцца падрыхтоўка старшакласнікаў у профільных класах. Гэта дазваляла лепш улічваць інтарэсы, імкненні і схільнасці вучняў. Пытанне аб набыцці ў школе прафесіі (ці не) пачало вырашацца па жаданню вучняў і іх бацькоў.

Асноўнымі крыніцамі для вызначэння задач працоўнага навучання на працягу шэрагу гадоў станаўлення айчыннай школы былі творы відных тэарэтыкаў мінулага, вядомых вучоных, а таксама важнейшыя пастановы, якія прымаліся кіраўніцтвам дзяржавы. Як бы ні складваліся абставіны ў грамадстве, безумоўна, правільна пастаўленае працоўнае навучанне павінна спрыяць перш за ўсе ўсебаковаму развіццю асобы кожнага школьніка, узмацненню сувязі школы з жыццём, фарміраванню ў вучняў політэхнічнага кругагляду, падрыхтоўцы іх да працы ў сферы матэрыяльнай вытворчасці і абслугоўвання, абгрунтаванаму выбару прафесіі.

Задачы працоўнага навучання і выхавання вызначаюцца таксама ў залежнасці ад тэндэнцый развіцця навукі, тэхнікі і тэхналогіі, ад патрабаванняў сучаснай вытворчасці да працоўнай падрыхтоукі моладзі. Набылі значэнне такія задачы працоўнага навучання і выхавання, як развіццё тэхнічнага мыслення, творчых здольнасцей, фарміраванне ўменняў планаваць сваю дзейнасць, ажыццяўляць самакантроль, выхаванне адказнасці, добрасумленных адносін да працы і агульнай працоўнай культуры.

У працэсе працоўнага навучання і тэхналагічнай адукацыі школьнікаў вырашаюцца і спецыфічныя задачы, што вызначаюцца зместам вучэбнага матэрыялу (навучанне прыёмам карыстання рознымі інструментамі, уменню шыць, гатаваць ежу, вырошчваць ураджай раслін, выконваць правілы бяспекі працы і інш.).

2. Абгрунтаванне зместу працоўнага навучання вучняў розных узроставых груп, фармулёўка рэкамендацый па складанню праграм і падручнікаў, праверка гэтых рэкамендацый у ходзе доследнай работы ў школе.

Для пабудовы зместу вучэбнага прадмета неабходна, па-першае, выбраць вучэбны матэрыял з таго, што мае адпаведная навука або галіна тэхнікі, і, па-другое, сістэматызаваць яго ў вызначанай паслядоўнасці з улікам узроставых асаблівасцей вучняў, іх ведаў па іншых прадметах.

Методыка працоўнага навучання, асабліва ў сярэдніх класах, у гэтых адносінах знаходзіцца ў найбольш цяжкім і складаным становішчы. Вучням неабходна азнаёміцца з апрацоўкай розных матэрыялаў, элементамі тэхнiкi і тэхналогіі бытавымі рамонтнымі работамі, разнастайнымі раслінамі, тканінамі і інш.

Аб'ём ведаў, назапашаных да цяперашняга часу ў любой сферы дзейнасці чалавека, вельмі вялікі. Патрэбна ж выдзеліць асноўнае, галоўнае, але даступнае разуменню вучняў. Возьмем, напрыклад, апрацоўку канструкцыйных матэрыялаў, якая займае большую частку часу заняткаў у школьных майстэрнях. Для выбару тэхнічных звестак у гэтыя раздзелы патрэбна абапірацца на такія навуковыя дысцыпліны, як тэорыя рэзання, тэхналогія машынабудавання, разлік і канструяванне рэзальных інструментаў, тэорыя машын і механізмаў і інш.

Такім чынам, прыходзіцца з вялікай колькасці ведаў і уменняў выдзяляць, вылучаць тыя, якія найбольш адпавядаюць задачам політэхнічнай адукацыі і могуць стварыць у вучняў правільнае ўяўленне аб тэарэтычных асновах і практычным выкарыстанні вывучаемых вытворчых працэсаў.

Для таго, каб вырашыць, які вучэбны матэрыял мае найбольшую навучальную і выхаваўчую вартасць, важна мець крытэрыі для яго выбару. Распрацоўка такіх крытэрыяў таксама з'яўляецца справай методыкі працоўнага навучання (тэхнікі, тэхналогіі).

Ва ўмовах імклівага навукова-тэхнічнага прагрэсу вобласць тэхнікі і тэхналогіі набывае значную дынамічнасць. 3'яўляюцца новыя машыны, новыя тэхналогіі і матэрыялы. Пагэтаму змест вучэбных праграм па працоўнаму навучанню не можа заставацца нязменным. У сувязі з гэтым методыка працоўнага навучання павінна займацца карэкціроўкай зместу працоўнага навучання.

Асаблівае значэнне мае сістэматызацыя вучэбнага матэрыялу. Яго ў вучэбнай праграме неабходна размясціць з улікам як унутранай логікі, так і заканамернасцей успрымання і засваення, аб’ектыўнай складанасці. Для паляпшэння засваення вучэбнага матэрыялу патрэбна ўлічваць і міжпрадметныя сувязі.

3. Пабудова працэсу навучання і працоўнага выхавання школьнікаў. Сюды ўваходзіць адбор метадаў, прыёмаў і форм арганізацыі вучэбна-выхаваўчай работы з тым, каб сфарміраваць цэласную асобу вучня, асобу чалавека-працаўніка. Асоба фарміруецца, як адзначаў Ф.І.Івашчанка, у сямейным і грамадскім асяроддзі, у навучанні і выхаванні і ў вядучай дзейнасці. У тэхналагічнай адукацыі — гэта, як вядома, дзейнасць працоўная. Менавіта ў ей развіваюцца і спецыялізуюцца такія "сутнасныя сілы" (Ф.І.Івашчанка), як увага, успрыманне, мысленне, пачуцці, здольнасці.

Мысленне вучня ў працоўнай дзейнасці набывае новыя адценні: тэхнічнае, практычнае, тэхналагічнае. Школьнік пад кіраўніцтвам настаўніка міжволі пераўтварае свае знешнія практычныя дзеянні ў разумовыя, мысленныя аперацыі. Пад уздзеяннем працы адбываецца "культывацыя" пачуццяў вучня: адны з іх адсейваюцца як непатрэбныя, на іх месца прыходзяць іншыя — захапленне працай, пачуццё адказнасці, гонару за сваю працу. Пры гэтым інтэнсіўна развіваюцца тэхнічнае і прасторавае ўяўленні, назіральнасць, лоўкасць рук, вокамер. Задача методыкі — рацыяналізаваць вучэбны працэс тэхналагічнай адукацыі ў гэтым накірунку, зарыентаваць увесь асобавы патэнцыял школьніка на фарміраванне мэт працоўнага дзеяння, кантроль ходу яго, ацэнку вынікаў.

3 выхаваўчага пункту гледжання вельмі важна забяспечыць грамадска карысную накіраванасць працы вучняў. Аднак без спецыяльных трэніровачных практыкаванняў часта немагчыма забяспечыць дакладнасць і якасць работы. Рашэнне такіх і падобных ім праблем — важная задача методыкі працоўнага навучання, накіраваная на абгрунтаванне канкрэтных рэкамендацый для настаўнікаў.

4. Даследаванне заканамернасцей спалучэння навучання з грамадска карыснай, прадуцыйнай працай.

Усведамленне грамадскай значнасці сваёй працы ў школьных майстэрнях, ВВК, вучнёўскіх вытворчых брыгадах, на прышкольным участку, калі ствараюцца розныя прадметы (матэрыяльнай каштоўнасці) ці прадумовы да выбару прафесіі, дае падставы асобе вучня ў той цi іншай ступені зразумець аб'ектыўную сувязь яго працы з патрэбамі грамадства. Настаўніку варта развіваць гэтую сувязь, фарміраваць разуменне вучняў у тым накірунку, што рэальная патрэба грамадства ў выніках іх працы павінна ператварацца ў асабістую патрэбу чалавека-працаўніка. Канчаткова і трывала сфарміраваць такое разуменне — адна з важнейшых прыватных задач методыкі працоўнага навучання і тэхналагічнай адукацыі. Менавіта ў працэсе зносін настаўніка працы (тэхнікі, тэхналогіі) з вучнямі і вучняў паміж сабой у працоўнай дзейнасці максімальна раскрываюцца і мадэліруюцца ўзоры адпаведных паводзін.

Умовы для ўдзелу вучняў у грамадска карыснай, прадукцыйнай працы ствараюцца пры вывучэнні асноў навук, а не толькі ў працэсе працоўнага навучання. Патрэбна творча выкарыстоўваць усе веды і ўменні, атрыманыя як на ўроках, так і ў іншых відах дзейнасці вучняў. Школе патрэбна не любая прадукцыйная праца, а толькі такая, якая садзейнічае выкананню пастаўленых вучэбна-выхаваўчых задач. Пагэтаму методыка працоўнага навучання шукае найлепшыя шляхі спалучэння навучання і выхавання вучняў з іх грамадска карыснай, прадукцыйнай працай, выяўляе заканамернасці гэтага працэсу і дае рэкамендацыі па іх выкарыстанню.

5. Абгрунтаванне задач, зместу і методыкі пазакласнай і пазашкольнай работы вучняў па тэхніцы, працы і тэхналогіі.

Гэта работа атрымала шырокае распаўсюджанне ў працоўнай падрыхтоўцы моладзі. Паўсюдна ў школах ствараюцца гурткі па апрацоўцы драўніны і металаў, гурткі юных тэхнікаў, народных рамёстваў і інш. Адпаведныя гурткі працуюць пры станцыях юных тэхнікаў, дамах тэхнічнай творчасці і іншых дзіцячых установах.

Практыкай работы гурткоў выпрацаваны разнастайныя формы арганізацыі заняткаў у іх. Задача методыкі працоўнага навучання — абагульніць гэты вопыт і выдзеліць найбольш удалыя, эфектыўныя формы і метады правядзення заняткаў у іх, распаўсюдзіць перадавы вопыт, зрабіць яго здабыткам усіх настаўнікаў працы і кіраўнікоў гурткоў.

Пры вырашэнні разглядаемай задачы методыка працоўнага навучання абапіраецца на агульныя палажэнні дыдактыкі, на вопыт пазакласнай работы па іншых школьных прадметах. Разам з тым і тут методыка працоўнага навучання вырашае шэраг спецыфічных для сябе задач: адбор матэрыялу для праграмы таго ці іншага гуртка, вызначэнне крытэрыяў адбору аб’ектаў працы, развіццё канструявання і мадэліравання, вызначэнне шляхоў тэхналагічнай адукацыі ўдзельнікаў гурткоў і інш.

6. Распрацоўка і праверка на практыцы матэрыяльнай забяспечанасці вучэбнага працэсу па працоўнаму навучанню.

Вырашэнне гэтай задачы прадугледжвае наданне адпаведнай увагі аснашчэнню лабараторый, кабінетаў, майстэрняў, вучэбных цэхаў і ўчасткаў, забеспячэнню іх неабходным абсталяваннем, прыстасаваннямі, інструментамі і матэрыяламі. Толькі пры наяўнасці адпаведнай матэрыяльнай базы магчыма паспяховае правядзенне вучэбных і пазакласных заняткаў па тэхніцы і працы.