
6. Марксізм у расійскай рэвалюцыі: Ленін
Гісторыя пайшла дарогаю, якую ў сваёй сістэме практычнае філасофіі Маркс не зусім прадбачыў. Першым і на доўгі час адзіным краем, дзе выбухнула рэвалюцыя, якую яе творцы называлі пралетарскай, была Расія, і натхняльнікам гэтае рэвалюцыі і правадыром дзяржавы, абвешчанай першай пралетарскай дзяржавай у свеце, стаў, хоць адно на колькі гадоў, Уладзімір Ульянаў-Ленін (1870-1924). Істотнай рысай поглядаў Леніна і ягоных наступнікаў, а таксама ў так званых краінах народнае дэмакратыі было сталае падкрэсленне, што духовым бацькам іх пачынанняў ёсць Карл Маркс і што ўведзеныя імі ў навуку вучыцеля новыя элементы — толькі творчае развіццё марксізму, а зусім не адыход або спрэчка з тэзамі Маркса і Энгельса. Гэта спалучалася з барацьбой з іншымі групамі сацыялістычнае мыслі, якія правадыр бальшавікоў называў рэвізіяністамі, закідаючы ім імкненне да перагляду Марксавых ідэяў, каб зрабіць кампраміс з буржуазіяй або аслабіць рэвалюцыйныя імкненні пралетарыяту. У сваю чаргу тыя, хто закідаў падобныя дзеянні самому Леніну, заслужылі на абвінавачанне ў апартунізме, довадам чаго мусіла быць літаральнае, а не творчае вытлумачэнне марксісцкае сістэмы.
У сапраўднасці Ленінава навука сама грунтоўна рэвізавала шмат якія з Марксавых канцэпцый. He было іншай магчымасці ў сітуацыі, калі гэтыя канцэпцыі намерваліся праводзіць у жыццё і да таго ж у краю, які выразна адрозніваўся ад мадэлі развітага капіталізму (а якраз у такім краю мусіла, на думку Маркса і Энгельса, стацца рэвалюцыя), ён уласна быў толькі ў пачатковай стадыі капіталізму, захоўваючы шмат папросту феадальных інстытуцый і не маючы шматлікага і асвечанага работніцкага класу.
Ленін прынцыпова гаварыў што мадэль марксісцкай філасофіі гісторыі мае ўніверсальную вартасць, а тэорыя грамадска-эканамічных фармацый і іх дыялектычнага развіцця датычыць усяго свету Выходзіць, ён пагарджаў Марксавай тэорыяй пра так званы "азіяцкі спосаб вытворчасці", уласцівы Індыі і Кітаю, дзе геаграфічныя ўмовы вымагаюць моцнай дэспатычнай улады, слабога развіцця прыватнай уласнасці, формаў супольнай, грамадовай уласнасці. Маркс не пашыраў на азіяцкую мадэль уплыў гістарычных правілаў уласцівых эўрапейскай культуры. Як Расія таксама не надта пасавала да гэтай мадэлі, асноўнай зменай, якую Ленін увёў у Марксаву сістэму, была тэорыя, што абгрунтоўвае выбух рэвалюцыі ў Расіі. Дзеля гэтага Ленін высунуў тэорыю "найслабейшага каленца ў ланцугу імперыялізму". Бо, на ягоную думку, паўстанне імперыялістычнае дзяржавы грунтоўна змяніла аблічча капіталізму, чаго Маркс за свайго жыцця не мог прадбачыць. Вось жа Ленін уважаў што рэвалюцыя мае шанцы на поспех у найменш развітым з капіталістычных краёў, якія перайшлі на апошнюю стадыю гэтае фармацыі, якой, на ягоную думку, быў імперыялізм, перыяд канцэнтрацыі і, што найважней, інтэрнацыяналізацыі капіталу. Рэвалюцыя ў краю —"найслабейшым каленцы" павінна выканаць дваякае заданне, ажыццяўляючы адначасна заданні, уласцівыя буржуазна-дэмакратычнай і пралетарскай рэвалюцыі. Такім парадкам, яна набывае мешаную форму, выражаную Леніным у тэорыі пра "перарастанне" адной рэвалюцыі ў другую.
Вынікам слабога развіцця работніцкага класу ў Расіі было відавочнае ў Ленінавай канцэпцыі імкненне перадаць лёс рэвалюцыі і будаванне сацыялістычнае дзяржавы ў рукі партыйнага авангарду зложанага ў пераважнай большасці з непралетарскіх пластоў у пачатковы перыяд па рэвалюцыі з "прафесійных рэвалюцыянераў". Гэтыя людзі, вызнаючы прынцыпы новае сацыялістычнае маралі, зрабілі яе вызначальным фактарам лозунг інтарэсу пралетарыяту, які яны разумелі досыць інструментальна. 3 бегам часу Марксаў лозунг дыктатуры пралетарыяту пачаў азначаць дыктатуру камуністычнае партыі, уласна кажучы, яе кіраўнічага ядра, што было звязана з лозунгам "дэмакратычнага цэнтралізму".
Наступны адыход Леніна ад марксісцкае сістэмы быў таксама абумоўлены ціскам рэчаіснасці. Дык вось прадказаная сусветная рэвалюцыя не адбылася, а Расія, якая назвала сябе першым сацыялістычным краем, не выказвала прыкметаў "адмірання дзяржавы". Наадварот, па першых спробах перадачы ўлады ў рукі Радаў работніцкіх і салдацкіх дэпутатаў і па дэкларацыях Леніна: "Мы хочам, каб свядомыя работнікі і салдаты вучыліся кіраваць дзяржавай [...] каб яны пачалі ўцягваць у гэтую справу ўсіх людзей працы, усю беднату", — савецкая сістэма падлягала сістэматычнай цэнтралізацыі, іерархізацыі і бюракратызацыі. Бо быў прыняты погляд, што дзяржава не можа цалкам адмерці, калі яна застаецца ў ізаляцыі, з усіх старон аточаная капіталістычнымі дзяржавамі, у кожную хвіліну гатовымі знішчыць яе. 3 другога боку, ліквідацыі дзяржавы перашкаджаў, на думку Леніна, той стан, у якім знаходзілася грамадства, як і даўней, нявольнае ад астаткаў буржуазнае свядомасці. Асабліва трывожнай была традыцыйная свядомасць сялянства, якое Ленін хацеў уцягнуць у пераходны і скарэй тактычны хаўрус з пралетарыятам. Тактычны характар меў і ленінскі лозунг самаазначэння нацый, якое, аднак, заўсёды мусіла даваць дарогу інтарэсу пралетарыяту.