
5. "Навуковы сацыялізм"
Класікі: Маркс, Энгельс. Назва гэтага падраздзела ўзятая ў двукоссе з увагі на тое, што прыметнік "навуковы" ў гэтым выпадку не ўсімі прымаецца, наадварот, ёсць шмат крытыкаў гэтае канцэпцыі, схільных бачыць у ёй больш небяспечную ўтопію, чымся бесстаронны навуковы аналіз рэчаіснасці. Зразумела, закід адносна ненавуковасці шматкроць рабілі і поглядам, якія выказвалі Вэбэр або Дзюркейм, але ў выпадку навуковага сацыялізму гэты закід мае далёка большае значэнне, бо датычыць не толькі тэорыі. На тэорыю навуковага сацыялізму часта пазіраюць праз прызму практыкі і, значыцца, спробаў правесці гэтую тэорыю ў жыццё, што мелі месца ў XX ст. Бо самыя творцы гэтае сістэмы Карл Маркс (1818-1883) і Фрыдрых Энгельс (1820-1895) казалі, што іхняя філасофія — практычная. Славутым было апавешчанне Маркса, які ўмеў выразна, ясна і сцісла абагульняць свае погляды і які цвердзіў: "Дагэтуль філосафы апісвалі свет, а рэч у тым, што яго трэба змяніць".
Філасофія, на якой Маркс і Энгельс грунтавалі сваю тэорыю, была ў іх разуменні паслядоўна матэрыялістычная, хоць крытыкі ў шмат якіх выпадках закідалі ім ідэалістычны вобраз грамадскага жыцця. Вытокам філасафічнага натхнення творцаў навуковага сацыялізму былі вялікія сістэмы нямецкае філасофіі, найперш Гегеля і Людвіга Феербаха. Зразумела, іх уплыў быў абмежаваны. Феербахаў матэрыялізм быў для Маркса і Энгельса як натхненнем, так і прадметам крытыкі. Несумненна, яны падпісаліся б пад ягоным выказваннем: "Думка паходзіць з быцця, а не быццё з думкі". Але яны закідалі яму натуралізм у аднабаковым біялагічным разуменні чалавека, адсутнасць гістарычнага падыходу да грамадскіх з'яў, універсалізм у этыцы, якую яны самыя лічылі класавай з'явай. На іхнюю думку, Феербах спыніўся ў сваёй матэрыялістычнай філасофіі як бы ў палове дарогі, не робячы з яе поўных высноў. Але больш за ўсё яны крытыкавалі Феербаха за адыход ад гэгелеўскае дыялектыкі. У сваю чаргу Гегелеву сістэму, хоць і паслядоўна ідэалістычную, Маркс з Энгельсам цанілі якраз з увагі на дыялектыку і гістарызм (які прадбачыць, што грамадскія з'явы ёсць вынік гістарычнага развіцця), і канкрэтна за дыялектычнае разуменне гістарычнага працэсу. Затое з Гегелевым ідэалізмам Энгельс змагаўся, сцвердзіўшы, што гэтая філасофія "з галавы, на якой яна дагэтуль стаяла, зноў пастаўлена на ногі", — і, як трэба разумець, зрабілі гэта якраз Маркс з Энгельсам. У сваіх працах творцы марксізму карысталі таксама з працы брытанскіх філосафаў, пачынаючы ад Адама Сміта і канчаючы прадстаўніком палітычнага радыкалізму Дэйвідам Рыкарда. У Смітавых поглядах найбольш прывабным было для іх, напэўна, прызнанне законаў эканомікі аб'ектыўнымі. Вынікі даследзінаў гэтых эканамістаў паслужылі Марксу і ў крытыцы капіталістычнае гаспадаркі і вытлумачэнні яе як прылады класавае эксплуатацыі. Нарэшце, Маркс з Энгельсам спасылаліся і на сваіх папярэднікаў — "утапічных" сацыялістаў прадаўжаючы іхнюю крытыку капіталістычнага ладу, гістарычны погляд на рэчаіснасць, патрабаванні адносна функцыянавання будучага, сацыялістычнага грамадства. Розніца была ў тым, што марксісты лічылі патрабаванні сваіх папярэднікаў за невыканальныя, а самых сябе — творцамі практычнае філасофіі. Яны рабілі націск на тое, што мірны пераход да сацыялістычнага ладу, прапанаваны "ўтапістамі", нерэальны і толькі рэвалюцыя, пачатая на месцы і ў пору, можа забяспечыць поспех і зруйнаваць капіталістычны парадак.
Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс, якія паходзілі з Нямеччыны, большую частку жыцця правялі ў Лондане, дзе стварылі свае асноўныя працы. Палітычнай дэкларацыяй быў выданы ў 1848 г., годзе вясны народаў, "Маніфест камуністычнае партыі" (Manifest der Kommunistischen Partei) аўтарства абодвух тэарэтыкаў. Вынікам іх супрацоўніцтва была таксама "Святая Сям'я" (Die heilige Familie oder Kritik der kritischen Kritik, 1845), спрэчка з новымі гэгельянцамі, і "Нямецкая ідэалогія" (Die deutsche Ideologie, 1845-1846), што змяшчае выклад гістарычнага матэрыялізму. Да найвыдатнейшых індывідуальных твораў належаць працы, якія выйшлі з-пад пяра Карла Маркса: "Эканамічна-філасафічныя рукапісы" (Okonomisch-Pbilosopbische Manuskripte) 1844 г., у якіх каментатары адзначаюць наймацнейшы ўплыў Гегеля на маладога Маркса; "Нэндза філасофіі" (Misere de la philosophie, 1847), якая змяшчае крытыку ўтапічнага сацыялізму Прудона; "Да крытыкі палітычнае эканоміі" (Zur Kritik derpolitischen Okonomie, 1859) i фундаментальны "Капітал" (Das Kapital Kritik derpolitischen Okonomie), першы том каторага з'явіўся ў 1867 г. Марксава спадчына вялізарная і абдымае шэраг твораў, у каторых ягоная думка фармулявалася ў кантэксце сучасных палітычных падзей — вясны народаў або парыжскае камуны. У сваю чаргу галоўныя творы Энгельса — "Становішча работніцкага класу ў Англіі" (Die Lage der arbeitenden Klasse in England, 1845), "Сялянская вайна ў Нямеччыне" (Der deutsche Beuernkrieg, 1850), "Развіццё сацыялізму ад утопіі да навукі" (Die Entwicklung des Socialismus von der Utopie zur Wissenschaft, 1880), "Паходжанне сям'і, прыватнае ўласнасці і дзяржавы" (Der Ursprung der Familie, des Privateigentums und des Staats, 1884) i "Людвіг Феербах i захад класічнае нямецкае філасофіі" (LudwigFeuerbach undderAusgangderKlassischen Philosophie, 1886).
Выклад асноўных палажэнняў марксізму трэба распачаць з праблемы адчужэння асобы. На думку Маркса, які сфармуляваў гэтую тэорыю яшчэ ў 1840-х гадох, чалавек мае зменную і гістарычна абумоўленую прыроду. Галоўны ўплыў на прыроду чалавека мае праца, якую ён робіць. Але праца ва ўмовах, калі існаванне прыватнае ўласнасці робіць так, што ўсіх наёмных работнікаў разглядаюць як прадмет, як прыладу, якую выкарыстоўваюць для атрымання штораз большага прыбытку, вядзе да адчужэння. Адчужаная праца — гэта дэгуманізаваная праца, якая вядзе да адчужанай свядомасці, праз каторую работнікі ўспрымаюць свет. Тады яны разглядаюць працу не як істоту свае людскасці, а як тавар, які ёсць прадметам звароту Зварот тавараў, грошы, адносіны ўласнасці і далей інстытуцыі дзяржаўнае ўлады — усё гэта, беспасярэдна або пасярэдна, творы працы чалавека, які, аднак, не мае на іх уплыву, наадварот, ён робіцца ад іх залежны. Адзіны спосаб змяніць такі стан рэчаў — грунтоўнае перабудаванне адносінаў уласнасці, скасаванне прыватнае ўласнасці і падзелу працы. Гэтыя разважанні выклікалі з'яўленне наступнае важнае катэгорыі ў Марксавай думцы, а менавіта свядомасці, а дакладней, да ўстанаўлення адносінаў паміж быццём і свядомасцю асобы, што ў сваю чаргу вяло да яшчэ больш агульных разважанняў пра базу і надбудову. "Творачы сваё грамадскае жыццё, людзі ўваходзяць у пэўныя, неабходныя, незалежныя ад іх волі зносіны, у вытворчыя адносіны, якія адпавядаюць пэўнаму ўзроўню развіцця іх матэрыяльных вытворчых сілаў. Сукупнасць гэтых вытворчых адносінаў творыць эканамічную структуру грамадства, рэальную аснову, на якой уздымаецца праўная і палітычная надбудова і якой адпавядаюць пэўныя формы грамадскае свядомасці. Спосаб вытворчасці матэрыяльнага жыцця вызначае грамадскі, палітычны і духовы працэс жыцця наагул. He свядомасць людзей вызначае іхняе быццё, а, наадварот, іхняе грамадскае быццё вызначае іхнюю свядомасць. На пэўным узроўні свайго развіцця матэрыяльныя вытворчыя сілы грамадства уваходзяць у супярэчнасць з існуючымі вытворчымі стасункамі, або, што ёсць толькі праўным выразам гэтага, — з адносінамі ўласнасці, у рамках каторых яны дасюль развіваліся. 3 формы развіцця вытворчых сілаў гэтыя адносіны змяняюцца ў іх кайданы. Тады настае эпоха сацыяльнае рэвалюцыі. Разам са зменай эканамічнае асновы больш ці менш хутка адбываецца пераварот у ва ўсёй вялізарнай надбудове" (курсіў Маркса).
Гэтую цытату польскі аўтар Адам Шаф справядліва прызнаў "класічным удакладненнем прынцыпаў марксаўскага гістарызму". 3 яе вынікае, што гістарычны працэс творыцца ў залежнасці ад ступені развіцця вытворчых адносінаў і, значыцца, ад эканамічных з'яу Яны таксама твораць матэрыяльную базу грамадскага жыцця, на якой як вытворная з'ява ўзнікае надбудова, а ў яе склад уваходзяць творы духоўнага і матэрыяльнага жыцця, у тым ліку рэлігія, мараль, філасофія, дзяржава і права. У надбудове таксама ёсць месца для людской свядомасці. Як вытворная з'ява, надбудова развіваецца ў залежнасці ад змен, што адбываюцца ў базе. Але робіць яна гэта з пэўным спазненнем, і якраз гэтае спазненне становіць досыць важны элемент марсісцкай канцэпцыі. Бо калі мы кажам, што быццё вызначае свядомасць, дык тут мы маем дачыненне з пэўным працэсам, што адбываецца ў часе. Надбудова і, значыцца, людская свядомасць і створаныя чалавекам інстытуцыі развіваюцца павольней за вытворчыя адносіны, г. зн. за асноўныя формы ўласнасці, прынятыя ў гэтым грамадстве.
Засяроджваючыся цяпер на развіцці сродкаў вытворчасці і звязанага з імі дынамічнага чынніка — вытворчых сілаў (людская праца ў працэсе вытворчасці) як на галоўных фактарах, што вызначаюць гістарычнае развіццё і характар вытворчых адносінаў, мы можам адрозніць пяць так званых грамадска-эканамічных фармацый. Гэта: першабытная грамада, нявольніцтва, феадалізм, капіталізм і сацыялізм. Кожнай з гэтых фармацый уласцівы як асаблівы спосаб вытворчасці, так і асаблівыя вытворчыя сілы, яны таксама ствараюць асаблівую надбудову, гэта значыць, што ў кожнай фармацыі тып дзяржавы, права, рэлігійныя вераванні або маральныя прынцыпы не толькі ўласцівыя якраз гэтай фармацыі, але і спаўняюць пэўнае заданне, а менавіта ахоўваюць і ўмацоўваюць існуючыя адносіны. Яны ахоўваюць інтарэсы грамадскага класу, які ў гэтай фармацыі займае пануючае становішча. Як нявольніцтва, так і феадалізм з капіталізмам — фармацыі, у якіх грамадства падзелена на класы. Азначэнне грамадскага класу ў марксісцкай сістэме неадназначнае, але найбольш адпаведным здаецца дапушчэнне, што прыналежнасць да пэўнага класу вызначаюць адносіны да сродкаў вытворчасці і, значыцца, кажучы проста, тое, ці ёсць чалавек уласнікам гэтых сродкаў. Падзел на маёмасны і немаёмасны класы прадбачыць існаванне паміж імі няўхільнага канфлікту — марксізм не прымае ніякіх тэорый салідарнасці класаў. Гэты канфлікт, які няраз набывае лютыя формы і прыносіць членам ніжэйшага класу шмат цярпенняў аднак, няўхільны, бо дзякуючы яму адбываецца дыялектычны поступ чалавецтва.
Вышэй ужо спаміналася, што марксізм, чэрпаючы з Гегелевай сістэмы, натхнёнай у сваю чаргу Кантам і Фіхтэ, грунтаваўся на дыялектычным метадзе даследавання існасці быцця і гісторыі. Дыялектычнае развіццё гісторыі адбываецца праз трыяду: тэза, антытэза, сінтэз. У сваю чаргу законамі, якім падлягае дыялектычнае развіццё, ёсць: закон пераходу колькасці ў якасць, закон барацьбы процілегласцяў і закон адмаўлення адмаўлення. Згодна з палажэннямі марксізму, дыялектычнае развіццё датычыць матэрыі, а пасрэдна і сферы свядомасці, якую марксісты разумеюць шырока. Паводле прынцыпаў гэтага развіцця, трэба прыняць, што ў кожным разуменні "дакананай (закончанай) формы" змяшчаецца "разуменне яе адмаўлення, яе няўхільнага заняпаду". У безупыннай барацьбе, змаганні процілегласцяў даходзіць да якасных змен, тэза — "дакананая форма" абарочваецца ў сваю процілегласць — антытэзу, і пасля яны злучаюцца разам у сінтэзе, які ў бегу гісторыі адразу абарочваецца ў наступную "дакананую форму" — тэзу наступнае трыяды. Калі ў дасюлешняй гісторыі змены ў спосабе вытворчасці апярэджвалі развіццё людское свядомасці, дык канцавая мэта гістарычнага развіцця ў тым, каб людская свядомасць запанавала над бегам гісторыі. Вось жа настане "адзінства гісторыі і свядомасці гісторыі", але гэта можа стацца толькі пасля пераможнай пралетарскай рэвалюцыі. Яна ўпісана ў правілы дыялектычнага развіцця, якое да пэўнага часу адбываецца эвалюцыйным спосабам, але ў найважнейшы момант змены колькасці ў якасць здараецца гвалтоўны пералом. Такі гвалтоўны пералом можа выклікаць, з аднаго боку, сітуацыя, калі развіццё вытворчых сілаў шмат апярэдзіць вытворчыя адносіны, а з другога, пераход класавае барацьбы ў стадыю вострага канфлікту. He зважаючы на засцярогі, што ў тэорыі марксізму паняцце рэвалюцыі азначае гвалтоўны пералом і якасны скок, яно — зусім не сінонім вострага канфлікту і адкрытае барацьбы, хоць прынялося якраз такое разуменне гэтага тэрміна, што прадбачыць разуменне тэрміна "рэвалюцыя" як змены, ажыццёўленай з дапамогаю сілы.
Сацыялістычная рэвалюцыя мае шанцы на поспех толькі ў краінах з развітымі капіталістычнымі адносінамі, а такія застаюцца ў меншасці. Маркс з Энгельсам прадбачылі, што рэвалюцыя найхутчэй можа выбухнуць у Нямеччыне або ў Вялікай Брытаніі, г. зн. у краёх з найбольш развітымі капіталістычнымі адносінамі і найбольш свядомым і арганізаваным работніцкім класам. Па пераможнай рэвалюцыі, здзейсненай у адным краю, яны прадбачылі яе выбух у астатніх краёх, дзе работніцкі клас, "не маючы чаго траціць, апроч кайданаў", пачне барацьбу згодна з канцавым лозунгам "Маніфеста камуністычнае партыі": "Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!" Наступная тэза, выказаная марксізмам, — тэза пра "адміранне дзяржавы", каторая, як прадмет класавага панавання і апарат уціску аднаго класу другім, страціць падставу існавання ў парэвалюцыйным грамадстве. Але як Маркс, так і Энгельс, а потым іх паслядоўнікі падкрэслівалі, што перыяд парэвалюцыйнага дасягнення мадэлі сацыялістычнага, бяскласавага грамадства можа быць расцягненым у часе працэсам і як такі вымагае існавання пераходнага стану, каторы яны разумелі як перыяд, у каторы поўнай змене і дастасаванню да новае сітуацыі будзе падлягаць свядомасць усіх чыста членаў грамадства. Пераходны перыяд да сацыялістычнага бяскласавага грамадства — гэта перыяд дыктатуры пралетарыяту; паводле Энгельса, у пераходны перыяд маглі б захавацца інстытуцыі дэмакратычнае рэспублікі, заснаваныя на функцыянаванні парламенцкае сістэмы. Перыяд дыктатуры пралетарыяту мае прывесці дзяржаву гэтым разам ужо эвалюцыйным і мірным спосабам, да поўнага камунізму, калі ва ўмовах абсалютнае бяскласавасці пралетарыят, кажучы словамі Энгельса, "сам сябе зліквідуе як клас".
Ліставанне Маркса з ягонымі расійскімі прыхільнікамі не змяшчае канчатковага адказу на пытанне, ці можа рэвалюцыя выбухнуць у Расіі. 3 аднаго боку, станоўчы адказ быў яўна немагчымы ў звязку з грунтоўнай супярэчнасцю гэтага намеру тэарэтычным дапушчэнням марксізму з другога, гэтаксама выразна Маркс не хацеў знеахвоціць сваіх расійскіх прыхільнікаў.