Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
8 Вучэнні -навуковыя-.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
250.37 Кб
Скачать

Дарогi і бездараж "навуковага светапогляду"

1. Палітычная і праўная думка як навука

У XIX ст. творцы палітычных і праўных тэорый у сваіх працах штораз часцей сцвярджалі, што іхныя канцэпцыі маюць навуковую вартасць. Гэта было раўназначна прызнанню, што яны паўсталі ў выніку назірання або доследу, што яны падлягаюць правілам даказвання, іначай кажучы, што ступень праўдзівасці іхных тэзаў адпавядае той, якую мы звыклі прыпісваць класічным прыродазнаўчым навукам. "Калі Галілей і Н'ютан здолелі вытлумачыць свет пры помачы такіх простых узораў, як закон "падзення целаў" і "адваротнасці квадратаў", дык і сацыяльным філосафам здавалася праўдападобным, што можна знайсці гэткія ж простыя ўзоры для вытлумачэння і кантралявання грамадскіх і палітычных з'яў [...] Паступова трацілі давер да апрыёрных і спекуляцыйных паняццяў: большы націск быў зроблены на кантраляванае назіранне грамадскіх з'яў і іх пільны аналіз з дапамогай навуковых крытэрыяў", — чытаем у класічным падручніку гісторыі грамадскае думкі Бэкера і Барнса. Як відаць з паданае цытаты, пачаткі імкнення да "навуковасці" грамадскіх і палітычных, а ў выніку і праўных тэорый, шмат старэйшыя, і асабліва звязаныя з XVIII ст., эпохай Асветніцтва, а ў XIX ст. штораз шырэй працягваў развівацца навуковы падыход да памянёных пытанняў. Найчасцей у гэтым кантэксце называюць імёны Адама Сміта, прадстаўнікоў школы фізіякратаў Томаса Малтуса, Дэйвіда Рыкарда, Алексіса дэ Таквіля, Джэрэмі Бэнтама, Георга В.Ф.Гегеля, Джэймза Міла і Джона Ст'юарта Міла. Але гэтая інфармацыя была б няпоўная, каб мы не падкрэслілі таго факта, што ў новы час мы спатыкаемся толькі з узмацненнем тэндэнцыі да надання палітычнай і праўнай думцы навуковае вартасці. Бо можна сказаць, што такія тэндэнцыі магчыма было заўважыць ужо ў грэцкай старажытнасці і яны ішлі рука ў руку з палітычнымі тэорыямі на працягу ўсяго іх развіцця, хоць палітыку часта лічылі не за навуку, а за мастацтва.

Першая частка гэтага раздзела прысвечаная важнаму працэсу паўстання новае грамадазнаўчае навукі — сацыялогіі, якая ад таго часу непарыўна звязвае свае даследзіны з разважаннем на тэму права і палітыкі. Вытокі гэтае навукі ляжаць у пазітывізме і звязаныя з імем Агюста Конта. Другі падраздзел апавядае пра найважнейшую з гледзішча палітычнае практыкі спробу правядзення ўжыццё тэорыі, якую яе творцы лічылі навуковай, а менавіта пра тэорыю "навуковага сацыялізму" Маркса і яе вытлумачэнне Леніным. Нарэшце, трэці падраздзел змяшчае абмеркаванне тэорыі, якая цалкам зняпраўджана сучаснай навукай і практычныя наступствы каторай былі гэткія ж, як і ў папярэднім выпадку, значныя для гісторыі XX ст., а менавіта сацыяльнага дарвінізму і расізму.

3 перспектывы, што нам дае XXI ст., мы можам паводле трох крытэрыяў ацаніць тэорыі, якія іх творцы абвяшчалі навуковымі. Па-першае, мы пытаем, ці нашы сучасныя веды пра свет згаджаюцца з тэзамі мысліцеляў XIX ст. Па-другое, застановімся над тым, ці іх палажэнні, незалежна ад таго, ці вытрымалі яны выпрабаванне часам, у пару свайго з'яўлення прычыніліся развіццю нейкае галіны веды, ці былі крыніцай натхнення для наступных даследчыкаў. Нарэшце, па-трэцяе, мы пастараемся адказаць на пытанне, ці спробы ажыццяўлення палажэнняў тэорыі, акрэсленай як навуковая, выклікалі непажаданыя вынікі ў грамадскім і палітычным жыцці. Якраз гэты трэці крытэрый дазволіць нам вырашыць, ці мы маем дачыненне з "дарогамі", ці з "бездаражжу" навуковых тэорый у гісторыі палітычнае і праўнае думкі.

2. Пазітывізм

Народзіны сацыялогіі: Конт. 3 нараджэннем пазітывізму звязаныя сістэмы двух філосафаў. Імі былі Клёд Анры Сэн-Сымон і ягоны вучань Агюст Конт (1798-1857). Імя першага мысліцеля звязанае таксама з развіццём сацыялістычнае думкі, і ў гэтым кантэксце мы і будзем гаварыць пра ягоныя погляды. Між тым Конт быў найперш творцам арыгінальнае гісторыясофіі і аснаванай на ёй тэорыі поступу. У ёй відаць уплыў асветніцкае тэорыі Жана Кандарсэ пра кумуляцыйны поступ, а таксама канцэпцыі Ана Рабэра Жака Турго, але, у адрозненне ад іх, Конт не лічыць гісторыю за несупынны і адзіны працэс. Навуку пра асобныя стадыі поступу ён узяў ад Сэн-Сымона. Як ён піша ў "Курсе пазітыўнае філасофіі" (Cours de philosophie positive, t. 1-6, 1830-1842), гэты поступ адбываецца ў трох стадыях. У кожнай з гэтых стадыяў існуе згоднасць паміж свядомасцю людзей, што жывуць у гэты час, і ўстановамі калектыўнага жыцця. Першай ёсць тэалагічная стадыя, на каторай у грамадстве пануюць фікцыйныя прынцыпы веры, пасля яе настае метафізічная стадыя, што грунтуецца на адцягненых палажэннях, а трэцяя стадыя — навуковая, якая называецца таксама пазітыўнай. На тэалагічнай стадыі людзі шукаюць ува ўсім уплыву надпрыродных сілаў, а свае разважанні засяроджваюць на пошуках адказу на фундаментальныя пытанні пра пачатак і існасць быцця. Унутры тэалагічнае фазы развіцця чалавецтва вылучаецца перыяд фетышызму (прыпісванне боскай чэсці рэчам; лад, што грунтуецца на гвалце), політэізму (многабожжа, міфалагізацыя прыродных з'яў, паўстанне дзяржавы і права, заваёвы, нявольніцтва) і монатэізму. У тэалагічнай фазе значную ролю ў грамадстве грае духавенства, асабліва тады, калі з'яўляецца хрысціянства, творачы Касцёл, які наагул прычыніўся грамадскаму адзінству. Як на тэалагічнай, так і на метафізічнай стадыі людзі перакананыя, што рэчаіснасць вызначана, што надпрыродныя сілы як вызначальны чыннік замяняюць на гэтай стадыі паняцце прыроды. Аднак, калі тэалагічная эпоха, вытокі каторай сягаюць перадгістарычнага часу і каторую Конт прыраўноўвае найперш да Сярэднявечча, была эпохай, вольнай ад унутраных супярэчнасцяў, у якой панаванне рэлігійнага светапогляду вяло да адсутнасці розніцы ў поглядах і, у выніку, да згуртаванасці грамадства (Конт называе яе арганічнай эпохай), дык метафізічная стадыя адметная ўзростам індывідуалізму і крытычнасці. У гэтую эпоху з'явілася рацыянальная крытыка і ў выніку яе грамадскае ўзрушэнне, што выявілася ў рэлігійных войнах, Рэфармацыі, зменах у грамадскай іерархіі, і дасягнула найвышэйшага пункту ў французскай рэвалюцыі 1789 г. Гэта была апошняя дзея руйнавання грамадскага маральнага ладу, які ў метафізічную эпоху падлягаў распаду пад уплывам грамадскае атамізацыі. Рэвалюцыя была няўхільная на гэтым этапе гісторыі, але яна не развязала грамадскіх праблемаў, бо не вярнула грамадскага адзінства. Яно будзе магчымае адно тады, калі ў гісторыі чалавецтва настане пазітыўная стадыя — новая, хоць і ўгрунтаваная на зусім іншых прынцыпах, чым тэалагічная, арганічная эпоха ў гісторыі чалавецтва. Папярэдняй, метафізічнай эпосе ў яе апошняй стадыі, у час Асветніцтва, яна абавязаная з'яўленнем інтэлектуальнага клімату, у якім магчымы пераход да пазітыўнае эпохі. Дадатнай ацэнцы Вальтэра, які ў пару Асветніцтва шмат зрабіў для вызвалення розуму ад метафізікі, Конт процістаўляў Русо, ацэньваючы ягоную дэмакратычную канцэпцыю адмоўна, як тую, што прадстаўляе спосаб мыслення, уласцівы старажытнай эпосе, калі ў імкненні правесці ў жыццё адцягненую тэорыю большасць можна было падпарадкаваць меншасці. У Русо Конт таксама бачыў натхняльніка крывавае дыктатуры Рабэсп'ера.

На думку Конта, у ягоны час, у наступны па французскай рэвалюцыі 1789 г. перыяд, адбываецца пераход ад другога д а трэцяга этапу. Гэта мусіць быць перыяд, у які чалавецтва вызваляецца ад дзіцячае наіўнасці і "разумовае анархіі" і, пасталеўшы, фармуе свае погляды, грунтуючыся на навуковых даследзінах, наглядаючы і аналізуючы толькі факты, адмаўляючыся ад усялякае метафізікі і пазнавальных фікцый, накшталт канцэпцыі прыроджанага закону. Гэтым самым чалавецтва пазбудзецца ілюзій адносна магчымасці пазнання абсалютных праўдаў, што было ягоным імкненнем на тэалагічнай і метафізічнай стадыях. Пазітыўная філасофія зробіць магчымым стварэнне маральнага ладу, які грунтуецца на сістэме свецкіх вартасцяў. Як піша ведамы сучасны польскі сацыёлаг Ежы Шацкі: "Калі навука мае адыграць вызначаную ёй ролю чынніка перабудавання грамадства, дык трэба давесці да канца яе перабудову ў духу пазітыўнага метаду, асабліва пашырэнне гэтага метаду на грамадскія, палітычныя і маральныя праблемы, г. зн. стварэнне сацыялогіі". Як класік сацыялагічнае думкі, Конт угрунтаваў яе на эмпірызме, што, як лічаць даследнікі, ёсць ягоны найкаштоўнейшы уклад у гэтую навуку і ягоная найважнейшая спадчына. Мараль, справядлівасць, як і ўсе іншыя пытанні, звязаныя з грамадскім жыццём, паводле яго, вынік эмпірычнага пазнання і іх можна пазнаць на падставе навуковага аналізу ўзаемнай сувязі фактаў, без разважання пра іх паходжанне і існасць. Контава сістэма прасякнута культам навукі, якую яна лічыць адзіным спосабам пазнання і апісання свету. Гэта звязана з культам людскасці, бо толькі людзі на падставе навуковых даследзінаў здолеюць пазнаць не толькі стан сучаснага свету, але і, грунтуючыся на тым самым метадзе, апрацаваць і ажыццявіць план ягонага перабудавання, бо "навука родзіць прадбачанне, а прадбачанне родзіць дзеянне". Якраз дзеянне, як дадатная (пазітыўная) актыўнасць, дало пачатак і назву гэтай школе думкі. Контавай сістэме ўласцівая непахісная вера ў магчымасці сучаснае навукі і найперш уплыў, які яна здольная рабіць на перакананні і ўчынкі людзей.

Апроч рэлігіі і дзяржавы, Конт прызнаў неабходнасць існавання яшчэ адной формы супольнасці. Хоць хрысціянскую рэлігію ён лічыў перажыткам, але адначасна стварыў праект набліжанай да Касцёлу ўстановы, якая абвяшчае культ ведаў і людскасці, названы культам Вялікае Істоты. Бо філосаф лічыў, што толькі рэлігія злучае ў сабе інтэлектуальны і маральны аўтарытэт са схільнасцю да дысцыпліны і кантралявання грамадства. Дзеля гэтага ён прадставіў праект універсальнае "рэлігіі Чалавецтва", дагматамі якой былі адзінства, узаемная любоў і салідарнасць. Падрабязнасць, з каторай Конт вызначаў прынцыпы новае рэлігіі, яе сакраманты, дэталі культу, зусім апраўдвае прызнанне яго нашчадкамі эксцэнтрычным мысліцелем. Культ, у тым ліку і пасмяротны, належаў выдатным асобам навукі і мастацтва. Духоўнымі гэтае рэлігіі мусілі быць вучоныя, сучаснае ўвасабленне Плятонавых дасканалых мудрацоў, настаўнікаў і вучыцеляў, якіх ад Плятонавых мудрацоў розніла, аднак, тое, што свецкую ўладу яны цалкам пакідалі ў руках людзей, што кіруюць вытворчасцю, гандлем і фінансавымі аперацыямі.

Уплыў на Контавы погляды зрабіў, напэўна, культ розуму, агалошаны ў час Вялікае Французскае рэвалюцыі, які мусіў замяніць хрысціянства і грунтаваўся на ідэях Асветніцтва. Контава канцэпцыя грамадскага ладу несумненна звязаная з ягоным кансерватыўным светапоглядам. Бо філосаф не прызнаваў ніякіх вольных сувязяў паміж людзьмі, а гаварыў пра патрэбу існавання згуртаванае і ўпарадкаванае грамадскае структуры. Ён сцвярджаў існаванне ў чалавеку грамадскага інстынкту. У гэтай структуры галоўную ролю мусіла граць "прадукцыйнае жыццё", вытворчасць, паўстанне прамысловага грамадства. Згодна з гэтым, homo faber, чалавек вытворчы, разумны, прадказальны і прадбачлівы зробіцца найбольш цэнным грамадзянінам. Дзякуючы рацыянальнасці і прадказальнасці ў грамадстве мусілі знікнуць усе канфлікты. Філосаф прадбачыў паўстанне адналітага з погляду на прынцыпы і паняцці (Конт рашуча пярэчыў проціў грамадскае роўнасці), не індывідуалізаванага, дысцыплінаванага грамадства, больш маральнага як палітычнага або эканамічнае адзінства. Асноўнай "грамадскай каморкай (клеткай)" ёсць сям'я, яна становіць і найпрасцейшую форму аб'яднання людзей: пра чалавека як асобу, што застаецца па-за ўсімі формамі аб'яднання, на думку Конта, зусім нельга нічога сказаць. Філосаф не меў спагады да мадэлі лібералаў. Ідэал сацыялізацыі ён паставіў вышэй за патрэбу свабоды для людской індывідуальнасці, пра якую гаварылі лібералы. Конт крытыкаваў, галоўным чынам з маральнага гледзішча, і гаспадарчыя змены, што былі вынікам перамогі ліберальнае канцэпцыі вольнага рынку. На думку Конта, часы дадатнага ўплыву лібералаў мінулі разам з метафізічнай фазай, калі іхны лозунг свабоды паскорыў раскіданне тагачаснага грамадства. У пераходны да пазітыўнае фазы ў гісторыі чалавецтва перыяд філосаф лічыў прыдатнымі выпрацаваныя лібераламі такія інстытуцыі, як вольнасць друку, хаўрусаў (саюзаў), свабоду навукі, а найперш вольнасць сумлення і аддзяленне Касцёлу ад дзяржавы. Ён быў таксама прыхільнік агульных і яўных выбараў. Яны мусілі толькі прыспешыць надыход ладу, які Конт лічыў належным для пазітыўнае эпохі. Бо філосаф хваліў арганічнае, іерархічнае, падпарадкаванае моцнай дзяржаўнай уладзе грамадства, як уласцівае пазітыўнае эпосе. Дасягненне гэтае стадыі гістарычнага развіцця мусіла адбыцца мірна, з выключэннем усялякіх рэвалюцыйных дзеянняў бо Конт пакладаў надзею на вышэйпамянёную маральную перамену чалавецтва. Яна павінна таксама выклікаць змены ў характары ўласнасці, якая, застаючыся далей у руках уласніка, мусіла зрабіцца дастаткам, што спаўняе грамадскія функцыі. Уласнік мусіў дбаць аб прымнажэнне свае ўласнасці, але канчатковы кантроль над гэтым працэсам ажыццяўляе дзяржава, а канцавой мэтай уладання мусіла быць карысць усяго грамадства, якую павінна гарантаваць высокая мараль уласнікаў.

Агульная ацэнка Контавае думкі мусіць грунтавацца на адрозненні ў ягонай канцэпцыі ўтапічных элементаў і выкрэсліванні лішніх дэталяў, затое варта засяродзіцца на цікавым разуменні філосафам агульныхтэндэнцый гістарычнага развіцця, бо якраз яно змяшчае шэраг цэнных сцвярджэнняў і трапных нагляданняў на тэму фармавання грамадства XIX ст. Але найвялікшай Контавай заслугай ёсць, несумненна, канчатковае наданне тэорыям пра грамадства і дзяржаву навуковае вартасці, з чым усе пагадзіліся і што сталася нормаю ў адносінах да сацыялогіі і паліталогіі XX ст., навуковага статусу каторых ніхто цяпер не аспрэчвае.

Далейшае развіццё сацыялогіі неразрыўна звязанае з разважаннем на палітычныя і праўныя тэмы, бо палітычныя і праўныя ўстановы застаюцца непарыўна звязаныя, а нават бываюць адбіткам раскладу грамадскіх сілаў, іхнага стану і ступені развіцця. Некаторыя сацыялагічныя канцэпцыі ўвялі ў гісторыю палітычных і праўных тэорый рашэнні пераломнага характару.

3. Праўніцкі пазітывізм

Праўніцкі пазітывізм не чэрпаў натхнення беспасярэдна з Контавае навукі і ягонае пазітыўнае школы. Але, не зважаючы на адсутнасць такога натхнення, падабенства назваў гэтых кірункаў няможна лічыць выпадковым. Бо ў абодвух выпадках мы маем дачыненне з даследніцкім падыходам, які адкідае ўсе ідэі, што спасылаюцца на Божую волю, прыроджаны закон, традыцыю або звычай, затое кладзе націск на эмпірычныя даследзіны сапраўды існуючых сістэмаў у гэтым выпадку права. Права не трэба ацэньваць, знікае падзел на права вышэйшага і ніжэйшага парадку. Галоўнай мэтай, якую паставілі сабе прадстаўнікі праўніцкага пазітывізму, ёсць вызначэнне, што такое права. Яны таксама імкнуліся зрабіць з даследзінаў права навуку, выпрацаваць тэорыю, якая, падобна да прыродазнаўчых навук, будзе падлягаць эмпірычнаму пацвярджэнню.

Пазітывісты злучалі права з дзяржаваю, не прызнаючы ніякіх даўнейшых формаў права, апроч тых, што паўсталі ў дзяржаве. Яны адкінулі канцэпцыі, якія імкнуцца "адшукаць" ці "згадаць", што такое права ў перад дзяржаўным ладзе. Погляды гэтае школы цесна звязаныя з тым, што ў XIX ст. права ў значнай меры было пісаным, а сфера пытанняў, рэгуляваных гэтым правам, паступова разрасталася разам з развіццём прамысловага грамадства, у якім праўнага запісу вымагаў шэраг спецыялізаваных галінаў, і масавае грамадства, у якім размежавання вымагалі інтарэсы асобных груп грамадзян.

Аналітычная юрыспрудэнцыя: Остын. Галоўным прадстаўніком праўніцкага пазітывізму быў ангелец Джон Остын (1790-1859). Гэта досыць дзіўна, бо ў Англіі, у якой захоўвалася перавага common law, у варунках далёка больш развітага ў гэтым краю, чымся на кантыненце, эканамічнага лібералізму, пазітывістычная тэза Остына — крайняя і якая не дапушчае выняткаў — здаецца, не адпавядала трывалай і выпрацаванай праз вякі традыцыі. Але і ў ангельскай традыцыі Остын меў выдатнага папярэдніка — Бэнтама, каторы адмаўляў прыроджаны закон і ўскладаў на дзяржаву выключны абавязак заводзіць законы, якія зробяць магчымым ажыццяўленне прынцыпу ўсеагульнага шчасця. Адказваючы на пытанне, што такое права, Остын цвердзіў што яно ёсць падтрыманы санкцыяй загад, выданы суверэннай уладай. У сапраўднасці ён вылучаў Божы закон, які змяшчае Божыя наказы чалавеку, але не звязваў яго з пазітыўным правам, дзейным у пэўнай дзяржаве. Сваю волю заканадаўца можа выказаць нават моўчкі, не пярэчачы дзейнаму звычаю (common law, папярэднія судовыя выпадкі) або закону, выданаму ягонымі папярэднікамі. Вось жа, што ёсць законам, вызначае тое, хто яго выдаў, але пра гэта нельга судзіць, спасылаючыся на змест гэтага закону. Праз закон суверэн выказвае сваю волю. Азначэнне, што такое суверэнная ўлада, таксама зварочвалася да эмпірычнага пацвярджэння. Такім парадкам, гэта суб'ект, індывідуальны або зборны, які адзіны карыстае з агульнага паслушэнства з боку пэўнага грамадства (валюнтарыстычная тэорыя). Нішто не дазваляе абмяжоўваць суверэна ў ягоным праве заводзіць законы — ні адносна іх абсягу, ні адносна зместу — хоць бы гэтае абмежаванне змяшчалася ў канстытуцыйных нормах. Гэтае абмежаванне немагчымае і дзеля таго што суверэн у кожную хвіліну можа адвольна змяніць выданы раней закон. Остын, аднак, дапушчаў, што ў фармаванні зместу права заканадаўца будзе кіравацца развагаю, не пагарджаючы пры гэтым думкаю грамадства. Але нават калі б суверэн у сваёй дзейнасці не паважаў нормаў справядлівасці або маралі, гэта не падстава, каб аспрэчыць дзеянне выданага ім закону. Бо важнейшым для Остына быў крытэрый пэўнасці закону, яснасці ў разуменні, што ёсць закон і што ім не ёсць, і ў выніку бяспекі, якую гэты закон дае грамадзянам. Хібы Остынавага азначэння лёгка заўважыць: частку цывільнага права наагул цяжка тлумачыць у катэгорыях наказу або забароны, асабліва гэта датычыць забавязанняў. Апроч таго, у кола гэтак азначанага Остынам закону не ўваходзіць міжнароднае права, бо de facto няможна акрэсліць суверэна, які сілаю свае волі надаваў бы яму статус дзейных нормаў.

Вялікую ўвагу Остын аддаваў пытанням, звязаным з ужыццём права. Ён лічыў, што ў агульным фармуляванні праўных правілаў вялікая роля належыць судовай практыцы, яна тоўпіцца ў дастасаванні агульных нормаў да канкрэтных выпадкаў. Аналітычная юрыспрудэнцыя, прынцыпы каторай развіваў Остын, уводзіла ў судовую дзейнасць прынцыпы семантычнага аналізу і правілы вываду, што грунтуецца на фармальнай логіцы, асабліва на сілагізме. Апроч таго, Остын вылучаў філасофію пазітыўнага права, заданнем каторай ёсць даследзіны існуючых сістэмаў пазітыўнага права ў развітых краёх, каб знайсці ў іх супольныя элементы і, значыцца, усеагульныя і неабходныя прынцыпы ў праве цывілізаванага свету

Мэта ў праве: Ерынг. Да развіцця тэорыі праўніцкага пазітывізму ў нямецкіх краінах прычыніліся найперш Рудольф фон Ерынг (1818-1892) і Георг Елінэк. Ерынг распачаў сваю навуковую дзейнасць з даследавання метадалагічных пытанняў права. Паводле яго, праўніцкія даследзіны можна іерархізаваць, вылучаючы тры ўзроўні. Першы, найніжэйшы, становіць аналіз, які мае на мэце рассартаванне матэрыялу і вылучэнне з праўных суджэнняў агульных і асобных пытанняў. Наступны ўзровень — гэта канцэнтрацыя, якая тоўпіцца ў фармуляванні праўных прынцыпаў, што сістэматызуюць праўны парадак і становяць падставу азначэння лагічных прынцыпаў будавання права, найперш ягонае мэты. Згодна з назваю свайго асноўнага твору "Мэта ў праве" (DerZweck іт Recht, 1852-1865), Ерынг быў прыхільнік тэлеалагічнае канцэпцыі права, і дзеля гэтага асноўную ролю для яго іграла мэтазгоднае вытлумачэнне. Іерархію вянчае ўзровень будавання, дзе адбываецца сінтэз двух папярэдніх этапаў і паўстае праўная сістэма, несупярэчная ўнутры, беззаганная і нават "прыгожая" з моўнага гледзішча і адпаведная патрабаванням грамадскае рэчаіснасці. Апошняе патрабаванне звязанае з тэлеалагічнай канцэпцыяй Ерынга, каторы сваё дынамічнае бачанне права звязваў з канкрэтнаю мэтай, якую становіць патрэба ажыццяўлення і адначасна пагаджэння паміж сабой зменных і штораз іншых інтарэсаў як асобы, так і грамадства як цэласці. Разуменне мэты як інтарэсу ("закон — гэта нормы, што бароняць інтарэсы"), у тым ліку і асабістага, змушала яго ўвесці ў правазнаўства элементы псіхалогіі і наблізіла Ерынгаву канцэпцыю да ўтылітарызмуў разуменні, падобным да Бэнтамавага.

Ерынг вызнаваў погляды, якія называюць праўніцкім фармалізмам. Ён бо лічыў, што строгае захаванне формы права спрыяе свабодзе, якую разумеў як грамадскі парадак і ахову гэтага парадку перад знешнімі і ўнутранымі пагрозамі. Папраўдзе права — не нязменная і пазачасная канструкцыя: няма нічога такога, як прыроджаны закон; але адначасна Ерынг засцерагаў перад стыхійным развіццём права, вымагаючы ад заканадаўцы пільнаваць ягонае формы і зместу Але, несумненна, што змест закону і, значыцца, вышэйпамянёную грамадскую мэту права, Ерынг стаўляў на першае месца. Такім парадкам, дарма што ён быў фармаліст, Ерынг скрытыкаваў безумоўны праўніцкі фармалізм пазітывістаў, але сам застаўся пазітывістам, бо падзяляў асноўныя палажэнні гэтае школы наконт прызнання выключнасці дзейнага закону. Ягонае перакананне ў грамадскай мэце права абумовіла тое, што ў сваёй канцэпцыі ён звязваў праўніцкі пазітывізм з сацыялогіяй.

Фармаванне права адбывалася ў час ягонага дынамічнага развіцця ў варунках несупыннае барацьбы. Кожны закон адмаўляюць, ён спатыкае адпор, уводзіцца "проціў волі", вось жа правядзенне закону ў жыццё вымагае ўжыцця сілы або кампрамісу.

"Барацьба за права" (Der Kampfums Recht, 1872), як называўся ведамы Ерынгаў даклад, ёсць барацьба за справядлівасць, барацьба, што ніколі не скончыцца, гэтаксама як не мае канца гульня інтарэсаў асобных грамадскіх сілаў Зрэшты, гэткая ж барацьба адбывалася ў папярэднія эпохі пры стварэнні звычаёвага права. Між тым, на думку Ерынга, усеагульная згода і рацыянальнае прыняццё праўных рашэнняў, пра якія гаварылі прадстаўнікі асветніцкае думкі, ёсць выяўленне надмернае наіўнасці.

Гарантыі выканання закону: Елінэк. 3 тэлеалагічнай пазіцыі аналізаваў права і Георг Елінэк (1851-1911). Паводле яго, права — гэта нормы, якія, па-першае, займаюцца знешнімі паводзінамі людзей пры ўзаемадзеянні з іншымі людзьмі; па-другое, яны паходзяць ад прызнанага знешняга аўтарытэту; па-трэцяе, парукай іх дзеяння ёсць знешняя сіла. Якраз гэта розніць праўныя нормы ад рэлігійных і маральных. Людзі павінны ўсведамляць дзеянне права. Ягонае выкананне падтрымана або ўгрунтаваным на матывацыі псіхічным прымусам, што загадвае чалавеку чыніць згодныя з законам акты волі, або, у выпадку цывільнага, міжнароднага і, часткова, канстытуцыйнага права, гарантыямі з боку дзяржавы і публічных арганізацый. Яны павінны даваць людзям пэўнасць, што змест праўных нормаў можа быць ператвораны ў канкрэтныя дзеянні. Галоўнай гарантыяй ёсць дзяржаўны лад, заснаваны на падзеле ўлады, які Елінэк разумеў як усялякі падзел кампетэнцыі, што, на ягоную думку становіць адзіны спосаб, які запэўнівае ўмацаванне існуючага парадку.

Змест права творыць дзяржава, але Елінэк быў перакананы ў неабходнасці мець увагу на псіхалагічныя крыніцы права: ухваленне кіраванымі заведзеных дзяржаваю нормаў гарантуе іх стварэнне з прыняццём пад увагу грамадскіх фактаў. Елінэк выказваў тэорыю пра нарматыўнае дзеянне рэчаіснасці. Паводле яе, грамадскія факты, якія ацэньваюцца свядомасцю чалавека, робяцца для яго вызначальным фактарам нормаў паводзінаў, а часта выяўленне нейкага факта павялічвае ягоную нарматыўную сілу і можа зрабіцца падставай закону. Гэтак паўстае і звычаёвае права — паўтаральнасць нейкага факта надае яму характар нормы. Вызначальнай тутака ёсць людская свядомасць, якая прымае існаванне гэтае нормы, бо, як пісаў Елінэк: "Законам у кожным грамадстве найперш ёсць тое, што фактычна выконваецца як закон".

Дзяржава, якая творыць права, таксама яму падлягае. Разважанні на тэму дзяржавы — асобны фрагмент поглядаў Елінэка. Як права, так і дзяржаўная ўлада абавязаныя сваім існаваннем фактычнаму стану рэчаў, які ўмацоўваецца ў людской свядомасці і прымаецца грамадствам. Дзяржаву ён азначыў як адзінства, зложанае з тэрыторыі, грамадства і ўлады. Суверэннай ён называў уладу, што не мае па-над сабою ніякае вышэйшае ўлады, што сама ёсць крыніца свайго панавання і сама заводзіць законы, згодна з каторымі дзейнічае. Але суверэннасць — неабавязковая рыса існавання дзяржавы, важна толькі, каб яна была здатная стварыць уласную арганізацыю і панаваць над жыхарамі — Елінэк часта ўжываў азначэнне "самародная ўлада". Між тым, другі член азначэння дзяржавы — грамадства злучаецца дзякуючы супольным мэтам, а гэта вядзе да таго, што дзяржава ёсць таксама адзінства ў імкненні да мэты. У выніку вытвараецца адзінства паміж уладай і жыхарствам, бо "грунт дзяржавы становяць людзі, якія выдаюць загады, і людзі, якія іх слухаюць", і пры такім азначэнні істоты дзяржавы тэрытарыяльны чыннік мае маргінальнае значэнне. У Елінэкавай тэорыі была выразна падкрэслена роля псіхалагічных чыннікаў — свядомасці і волі, што граюць першарадную ролю як у адносінах да дзяржавы, так і да права.

Заданні дзяржавы Елінэк фармуляваў падобна да лібералаў. Ён быў прыхільнік абмежаваных функцый дзяржавы, якая не павінна мяшацца ў рэлігію, мараль, мае пакінуць поўную аўтаномію мастацтву і навуцы, абмежаваць уплыў на гаспадарку, адмаўляючыся ад беспасярэднай вытворчасці тавараў. Сувязі паміж людзьмі ўлучаюць шмат далікатнейшыя формы, бо існуе штось, што можна назваць масавымі псіхічнымі з'явамі, у выніку каторых паўстае нацыя, рэлігія, класавы падзел унутры грамадства, і ў гэтых працэсах дзяржава не бярэ ўдзелу. Яна можа толькі ўзяць на сябе функцыю знешняе адміністрацыі. Затое выключнымі абавязкамі дзяржавы ёсць абарона жыхароў і населенай імі тэрыторыі, дбанне аб становішчы дзяржавы навонкі краю, законатворчая дзейнасць. Дзейнасць дзяржавы мае быць планавая. Усе выключныя сферы дзейнасці дзяржавы адзначаюцца тым, што яны ўплываюць таксама на падвышэнне палажэння і значэння яе самой і звязаныя з працэсам паступовае цэнтралізацыі. Апроч дзеянняў у сферы яе выключнае кампетэнцыі, дзяржаўная ўлада павінна дзейнічаць дапаможна на карысць людзей і іх аб'яднанняў.