Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
2013 г. Культурология. Хрестоматия Гафарова Ю.Ю...doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
7.06 Mб
Скачать

Мікалай Улашчык

Мікалай Улашчык (1906–1986) – вядомы беларусіст, доктар гістарычных навук, аўтар на вуковых прац па гісторыі ВКЛ, праблемах летапісання, крыніцазнаўства і археаграфіі. З 1924 г. ён працаваў ў галіне беларускага краязнаўства, браў актыўны ўдзел у нацыянальным жыцці Мінска. У 1929 г. скончыў БДУ. З 1948 г. выкладаў у Маскоўскім універсітэце. Да 1986 працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН СССР.

Даследванне "Была такая вёска..." пісалася Улашчыкам з 1926 па 1979 гг. Менавіта з 1926 г., быўшы яшчэ студэнтам, ён пачаў збіраць матэрыял для нарыса пра родную вёску Віцкаўшчыну, якая знаходзілася паміж Койданавым і Самахвалавічамі, у 20 вярстах ад Мінска. На прыкладзе яе ўсебаковага апісання Улаўчык імкнуўся паказаць, як праходзіла мадэрнізацыя беларускай вёскі на мяжы XIX і ХХ стагоддзяў, як ў побыце і паўсядзённасці беларусаў спалучаліся рысы традыцыйнасці і новыя ўплывы.

Была такая вёска... 58

Уводзіны Здавён усталявалася думка, што ... Беларусь была "адной з самых адсталых ускраін Расійскай імперыі" ... Такое меркаванне настолькі недарэчнае, што нават не патрабуе абвяржэння.

Наогул, узровень развіцця прадукцыйных сіл беларускай вёскі быў нізкі, аднак там было нямала гаспадарак, якія напярэдадані Першай сусветнай вайны мелі розныя машыны ... , шырока выкарыстоўвалі наёмную працу і асноўную частку прадукцыі збывалі на рынку. ... Дагэтуль пануе ўяўленне, нібыта ці не ўсе беларускія сяляне аралі сахою, хадзілі ў лапцях і былі непісьменныя. Шмат хто з іх сапраўды араў сахою і хадзіў у лапцях, але нямала было і тых, хто араў плугам, насіў боты, малаціў малатарняй, чытаў кнігі і выпісваў газеты.

У маёй працы развіццё капіталістычных адносін у беларускіх вёсках паказана на матэрыяле адной з іх – Віцкаўшчыны. ... Вёска гэтая нічым не знакамітая... Ці варта ў такім разе пісаць пра яе? ... На гэта можна адказаць, што аб'ектам даследвання мае права быць кожны населены пункт, і вельмі шкада, што гісторыі вёсак і невялікіх паселішчаў наогул у нас няма. <...>

... [Віцкаўшчыну заснавалі] у 1883 г. ... Нарыс асвятляе [яе] гіторыю ... ў 1883–1917 гг. ...

Галоўную сваю задачу аўтар бачыў у тым, каб паказаць значныя змены, што нягледзячы на знешнюю маларухомасць жыцця, адбыліся ў вёсцы за адносна кароткі час.

Пачатак

Людзі, якія куплялі зямлю і будавалі вёску, не уяўлялі, што яны самі ці іхнія дзеці могуць займацца чым-небудзь іншым, апрача земляробства. Аднак, каб гаспадар жыў заможна, яму трэба было каля 20 дзесяцін. Напачатку памеры ўчасткаў адпавядалі такой умове, але сыны сталелі, і ўзнікла неабходнасць драбнення. Паводле звычаёвага права ў Беларусі ва усіх сыноў былі роўныя правы на бацькоўскую зямлю. Дочкі такіх правоў не мелі, і калі дзяўчына выходзіла замуж, бацька або браты мусілі забяспечыць яе пасагам.

Сем'і навасельцаў у большасці сваёй былі вельмі вялікія. Сям'я з трыма-чатырма дзецьмі лічылася малой. У добрай жа сям'і было 6–7 дзяцей, і з іх трое-чацвера сыноў. Калі ўзяць сярэдні ўчастак ... і падзяліць яго на тры часткі, дык на гаспадарку прыпадзе па 10 дзесяцін, што на той час лічылася нормаю нездавальняючай. <...>

... Жыхары Віцкаўшчыны напачатку бачылі выратаванне ад пагрозы малазямеллля ў набыцці новых участкаў. <...> Купіўшы новы участак без пабудоў, браты ці наогул уся непадзеленая сям'я разам будавалі хату, хлявы, гумны і інш., а калі ўсё было гатова, дзяліліся і межаваліся. Адным са спосабаў пазбегнуць падзелу быў адыход у прымы: малады муж пераходзіў на жончыну гаспадарку ..., а браты давалі яму пасаг.

З часам высветлілася, што праца на зямлі – не адзіны занятак і ёсць магчымасць навучыць моладзь рамяству. <...> Пасля 1905 г. з'явіліся новыя шляхі адыходу моладзі ад сялянства: дзяцей пачалі аддаваць "у навуку". <...> Працэс адыходу у горад адно пачаўся, і да Першай сусветнай вайны з Віцкаўшчыны пайшло толькі сем чалавек, хоць на ... невялікую вёску гэта было наогул даволі шмат. <...>

Хаты, гумны, свірны...

<...> Паводле даўнейшых правілаў у хаце было чатыры акны: два глязелі на вуліцу (хата стаяла да яе вузкім бокам) і два – на двор. ... Але трэба сказаць, што жытла такога тыпу ў вёсцы амаль не было, ..., і колькасць вокнаў, і іхняя размяшчэнне ўжо не адпавядалі старым правілам.

Як і ўсе іншыя элементы быту, на пачатку другога дзесяцігоддзя ХХ ст. хаты ... адлюстроўвалі эвалюцыю жылля за апошнія 30–40 гадоў. <...> Усе ... хаты ў Віцкаўшчыне былі пяцісценкамі розных відаў. ... У ... заможных ... хата складалася з сенцаў, частку якіх займала камора, з кухні, жылога пакоя, траціну якога адгароджвалі ... (тут спалі бацька і маці), і чыстай палавіны ... Як бачым, ... хата мела шэсць асобных памяшканняў. <...>

[На кухні] праходзіла большая частка жыцця сям'і. Тут гатавалі ежу сабе і корм скаціне, тут елі і спалі, пралі і ткалі, вілі вяроўкі, рапаравалі збрую, плялі кошыкі, вязалі венікі, сталярнічалі і г. д.

[На кухонным стале заўсёды ляжаў хлеб. Праваруч ад чалеснікаў мясціўся кухонны рыштунак – вілкі, качарга, чапяла, памяло і г. д. Гэтае месца звалася качаргешнікам. Ад печы і да сцяны, а таксама ўздоўж другой сцяны да дзвярэй цягнуліся лавы, дзе стаялі вёдры з вадой, агульная на ўсіх кварта або конаўка, збаны з малаком, дзяжа ... і іншае начынне. Пад лаваю стаяла балейка, над якой мыліся і ў якую злівалі памыі...]

Параднаю часткаю жылля была "новая хата". ... У "новай хаце" звычайна былі стол і лавы; у ХХ ст. у некаторых ... там стаяў засланы белай посцілкаю жалезны нікеляваны ложак з матрацам. Ніхто з гаспадароў на ім ніколі не спаў, права на гэта мелі толькі вельмі ганаровыя госці. Гэты ложак лічыўся своеасаблівым сімвалам заможнасці ...

У тым самым пакоі мясціўся куфар, у якім гаспадыня калісьці прывезла ў мужаву хату свой пасаг. Калі ў сям'і былі дочкі, тут стаяла яшчэ камода з пасагам. Камоды з'явіліся толькі ў ХХ ст. ... У ХХ ст. у "новай хаце" ... можна было ўбачыць зробленыя мясцовымі майстрамі дыхтоўныя сталы, шафы і фабрычныя венскія крэслы – таксама адзнакі багацця. <...>

Абстаноўка ў ["старых"] хатах была ... простая, бо амаль усё рабіў ... вясковы майстар... Покуць заўсёды была па дыяганалі ад печы. На покуці стаяў стол, а ўсцяж сцен цягнуліся нерухомыя лавы з тоўстых дошак. ... У куце над лавамі віселі абразы. На покуці ставілі невялікі сноп жыта...

Віцкаўцы жылі заможна, але мужчыны мелі не болей за адну пару парадных убораў, і на ўсё гэтае багацце хапала адной шафы. Што да будзённага адзення – кажухоў, бурак, шапак, дык іх вешалі на цвікі ў жылой хаце або на кухні. Абутак усіх рангаў звычайна запіхвалі пад ложак. <...>

Лазняў у вёсцы тады не меў ніхто.

Чым аралі, жалі, пралі

У час заснавання Віцкаўшчыны сяляне карысталіся характэрнымі прыладамі эпохі прыгону: аралі сахой, скарадзілі драўлянай бараной..., жалі сярпом, касілі касой, малацілі цэпам... Усё гэта – цяжкое і грувасткае. <...>

... Неўзабаве пачалі ... набываць фабрычныя прылады, якія значна павялічвалі прадукцыйнасць працы. ... Ужо ў канцы XIX ст. саху амаль дазвання выцесніў плуг: спачатку з драўлянай асновай, а затым – цалкам жалезны. Пакаленне, што нарадзілася ў ХХ ст., пра саху ведала толькі ад старэйшых. Перад 1914 г. у вёсцы карысталіся аднаконнымі і двухконнымі жалезнымі плугамі. <...> ... На пачатку ХХ ст. у вёсцы з'явіліся жняяркі... Усе машыны былі сістэмы Мак-Корміка або Дырынга. Спачатку віцкаўцы куплялі драўляныя малатарні, пазней – больш лёгкія жалезныя. <...> Усе першыя дзесяцігоддзі гісторыі Віцкаўшчыны сяляне веялі веялкай або шуфлем. ... На пачатку ХХ ст. усе ... мелі арфы. ... У параўнанні са старым спосабам прадукцыйнасць працы павялічылася ў тры-чатыры разы.

Амаль ва ўсіх гаспадароў былі сячкарні. ... Улетку сячкарняю рэзалі на корм скаціне рознае пустазелле, а таксама салому. Раней такую работу рабілі старой касой, і гэта вымагала значна больш часу.

Бадай кожны гаспадар меў і драпач – культыватар...

Бульбу абганялі бясколавым плужком, у які запрагалі аднога каня. Новы спосаб у параўнанні са старым, мытычным, паскараў работу ў некалькі разоў. <...>

Пераход на новую тэхніку закрануў і іншыя сферы гаспадаркі. Напрыклад, раней кожная сям'я мела ступу і таўкач і сама рабіла сабе крупы. Пасля ... высветлілася, што недалека ... ёсць млын з крупэрняй. ... "Тэхніка" перамагла. Цікава, што тут узнікла супярэчнасць са старымі звычаямі. Віцкаўцы разважалі прыкладна так: есці кашу з абадраных на млыне круп у будзённыя дні, відаць, не грэх, але ці можна варыць з такіх круп куццю? Каб не саграшыць, у першыя гады ... таўклі прызначаныя на куццю крупы ў ступах. Але людзі ўжо так прывыклі да чыстай кашы, што, калі згатавалі "свойскую" куццю, яна ... стала колам у горле: і нясмачная, і повен рот шалупіння. У выніку ... віцкаўцы пачалі варыць з добрых круп і куццю.

Сям'я

У ёй было звычайна два пакаленні: бацькі і дзеці, зрэдку – дзяды і бабулі (найчасцей па бацьку). Выпадкаў, каб двое жанатых братоў доўга жылі разам, не было. <...>

Галавой у сям'і быў бацька. Ён кіраваў гаспадаркай, прадаваў на рынку прадукты, вёў усе грашовыя справы. У ягоных руках былі нават тыя грошы, якія жонка прыносіла ў пасаг. Уладнасцю маладзіцы лічыліся толькі яе асабістыя рэчы. ...

Бацька заставаўся галавой сям'і і гаспадаркі датуль, пакуль меў досыць сілы, прыкладна гадоў да 60–65, а пасля гэтага мусіў перадаць сваю ўладу сыну. Тут ... не было ніякіх узроставых нормаў, і ўсё залежала ад абстаноўкі ў сям'і. Бацька пакрысе слабеў, ён ужо не мог касіць і рабіць іншую цяжкую работу, пакідаў ездзіць на рынак. У такіх умовах дарослы сын, які меў сваіх дзяцей, не лічыў патрэбным слухацца бацькавых загадаў, тым больш што і гаспадарыць часта даводзілася ўжо па-новаму. Няўзнак старых зусім адхілялі ад кіравання гаспадаркаю, і на іх долю заставаліся адно работы, якія не вымагалі вялікай сілы – пасвіць кароў, глядзець дзяцей і г. д.

Да бацькоў, дзядоў, цётак і дзядзькоў дзеці мусілі звяртацца заўсёды на "вы". Зварот да іх на "ты" лічыўся надзвычайнай грубасцю і хуліганствам. На "вы" дзеці павінны былі называць наогул усіх дарослых, і знаёмых і незнаёмых.

За 34 гады гісторыі вёскі ў дачыненнях дзяцей і бацькоў ... адбыліся вялікія змены. У першыя дзесяцігоддзі ... бацькі вучылі сваіх дзяцей папругай, дубцом, а часам і бізуном. У ХХ ст. ... формы гэтага выхавання былі ўжо значна мякчэйшыя. ... Хлопец ці дзяўчына выбіралі сабе пару пераважна па асабістых сімпатыях. ...

Збіраючыся заслаць да дзяўчыны сватоў, хлопец звычайна зангадзя дамаўляўся са сваёй абранніцаю... Бывала і так, што жаніх спачатку раіўся са сваякамі наконт навакольных дзяўчат на выданні, даведваўся прі іхні пасаг і пра гаспадарскія здольнасці...

Нявесты таксама мелі сваі разлікі. У новай сям'і маладая жонка мусіла прыстасоўвацца да іншых звычак і іншага распарадку жыцця і працы. Найцяжэй было наладжваць дачыненні з ятроўкай і са свякроўю. Таму з пункту погляду нявесты вартасць жаніха, апрача ўсяго іншага, вызначалася і тым, ці ёсць у яго браты, і тым больш жанатыя, ці жывая ягоная маці і які ў яе характар.

Пасля таго, як абодва бакі дамаўляліся ..., рабілі заручыны, ці запоіны. Цяпер справу лічылі вырашанай і пачыналі рыхтавацца да вяселля. <...>

Вяселлі найчасцей гулялі ўвосень, перад Піліпаўкай. Пачыналася вяселле з прыезду маладога з ягонымі гасцямі ў нявесціну хату... Гадзіне а чацвертай – а пятай жаніх і нявеста паасобку выпраўляліся разам з гасцямі ў царкву, а пасля вянчання вырталіся да маладой, дзе пачыналіся бяседа і скокі. Тыя, каго афіцыйна запрасілі на вяселле, мусілі прыносіць ... розныя пачастункі... Гэтых ганаровых гасцей садзілі за стол першымі...

Раней, у час заснавання вёскі, вяселле было значна больш складанаю з'яваю. Маладую перад тым, як выпраўляць у царкву, садзілі на прыкрытую вывернутым кажухом дзяжу. Абавязковаю часткаю вясельнага абраду была выпечка каравая. Гэтым займаліся некалькі замужніх жанчын, якія ведалі адпаведныя рытуалы. ... Увесь гэты час безупынна гучалі вясельныя песні.

Ці не з першых гадоў гісторыі Віцкаўшчыны такія звычаі былі прызнаны забабонамі... Што да каравая, дык яго на вяселлі замяніў куплёны ў Мінску торт. Купіць яго было значна лягчэй, чым пячы каравай дома, не кажучы ўжо пра тое, што куплёны торт быў смачнейшы і выглядаў нашмат шыкоўней. Маладое пакаленне віцкаўцаў увогуле не магло ўявіць сабе якога-небудзь іншага каравая. <...>

Праца мужчынская і жаночая

... Працу ў вёсцы строга дзялілі на мужчынскую і на жаночую. ... Мужчыны ... касілі, аралі, скрадзілі, разгружалі з калёсаў снапы, сена і канюшыну, ездзілі ў лес па бярвенне і па дровы, цяслярылі, секлі дровы, даглядалі коней. Мужчыны таксама прадавалі свае вырабы і амаль заўсёды самі куплялі ўсё патрэбнае ў гаспадарцы.

Жанчыны жалі, падварочвалі сена, пралі, ткалі, даглядалі кароў і свіней... Галоўным клопатам ... было гатаванне ежы... Жанчыны глядзелі дзяцей, мылі бялізну, ..., а таксама прыбіралі ў хаце і насілі ваду.

Падзел працы на мужчынскую і жаночую ... быў такі строгі, што жанчыны, пражыўшы ўсё жыццё ў вёсцы, не ўмелі запрэгчы ... каня... Адначасова мужчына лічыў знявагаю сваёй годнасці падаіць карову, прынесці вады, ... і нават дастаць, калі жанчын не было дома, згатаваны полудзень. <...>

Працаваць віцкаўцы пачыналі прыкладна з пяці гадоў і працавалі практычна да скону. Пяці-шасцігадовыя дзеці ўжо няньчылі малодшых... Апрача таго, малыя павінны былі ўвечары заганяць авечак, дапамагаць маці садзіць гародніну, насіць у поле полудзень, падмятаць у хаце. ... У 9–10 ... хлапчукі рабіліся пастушкамі. ... Пастухоўская служба сканчвалася гадоў у 13–14, калі хлопчыку прызначалі больш складаную работу – араць, скарадзіць, ... касіць. Гадоў каля васемнаццаці сялянскі сын ... умеў рабіць усё тое, што і ягоны бацька.

Дзяўчынкі глядзелі малых, дапамагалі маці, а гадоў з сямі-васьмі іх ужо прывучалі прасці. ... Затым іх прывучалі сушыць сена, даглядаць скаціну, даіць кароў, вучылі шыць і гатаваць.

Вёска і рынак

<...> Віцкаўшчына размяшчалася паблізу ад гандлёвых цэнтраў, і яе жыхары мелі магчымасць збываць свае тавары не толькі хутка, але зазвычай і за самыя высокія ў губерні цэны. <...>

Найбольш вабіў віцкаўцаў Мінск: і цэны на сялянскія тавары ... вышэйшыя..., і прадаць, і купіць прасцей. Да таго ж і базарных дзён тут было чатыры. Тагачасны Мінск меў тры рынкі: Брэсцкі – там, дзе цяпер таварная станцыя; Віленскі – каля сучаснага чыгуначнага вакзала і трэці – на Траецкай гары...

Гаспадаркі не мелі спецыялізацыі, а таму сяляне прадавалі размаітыя тавары, хоць галоўны даход атрымлівалі ад продажу жывёлы і збожжа. ...

Расходы на зямлю і прылады працы

... Розныя машыны и прылады набывалі ўсе. <...> ...За 10 перадваенных гадоў вёска закупіла прыладаў працы на суму каля 4000 руб. ...

Наколькі гэта было тыпова для сялянская гаспадаркі ... Беларусі...?

... Віцкаўшчына не была нейкім выключэннем. У 1901 г. [пісалася], што ... у 1886 г. "адной прыватнай асобаю ў Мінску быў заснаваны невялікі склад земляробчых машын, які меў абарот не болей за некалькі тысяч рублёў у год. Цяпер гэты склад належыць Мінскаму сельскагаспадарчаму таварыству і вырас да велізарных памераў". "Да велізарных памераў" склад мог вырасці толькі ў тым выпадку, калі машыны пачалі купляць сяляне.

Расходы на прадукты і напоі

Галоўны расход прыпадаў на гарэлку. ... Найбольш гарэлкі віцкаўцы набывалі да вялікіх святаў – да Калядаў, Новага года, Вялікадня, Сёмухі, фэсту і г. д. Выпіць належала і на дажынкі. Апрача гэтых звычайных штогадовых святаў бывалі і незвычайныя: хрэсьбіны, вяселле, талака. <...>

У пост усе сяляне куплялі алей... Багацейшыя ... куплялі ў гэты час селядцы... Усе набывалі соль; цукру, нават самыя багатыя, куплялі і спажывалі вельмі мала... Хто быў не надта ашчадны, купляў да гадавых святаў пшанічную муку..., рознае зелле на заправу, зрэдку цукеркі.

Усе гэта разам з гарэлкай нават не вельмі ашчаднаму гаспадару каштавала наўрад ці болей за 150 рублёў.

Расходы на адзенне і абутак Асноўным відам вопраткі быў кажух... Саматканае сукно валілі на бліжэйшым млыне; з сукна шылі буркі, зімовыя нагавіцы і пінжакі. На вопратку ішоў таксама шарачак – тканіна, у якой на аснову пускалі ільняныя ніткі, а на ўток – ваўняныя. Кажухі, буркі, нагавіцы і г. д. шыў кравец ..., які меў швейную машыну. ...

Апрача даволі падношанага будзённага адзення кожны селянін і сялянка мелі таксама святочнае, якое набывалі гатовае... Усе мужчыны ... насілі толькі куплёныя шапкі ... Шмат хто з мужчын меў параднае зімовае паліто, у якім хадзілі толькі ў царкву ці на гасціны. Шмат у каго былі і модныя парадныя гарнітуры: штаны, пінжак, камізэлька, кашуля з цвёрдымі цэлулоіднымі зарукаўнікамі і каўняром і гальштук. <...>

Жаночы ўбор быў ... багацейшы ад мужчынскага. У будзённыя дні жанкі апраналіся вельмі проста і ўсю цёплую пару года хадзілі басанож. На святы ... [мелі] дыхтоўныя зімовыя і летнія паліто, добры, часам фарсісты абутак і некалькі сукенак, пашытых кваліфікаванымі краўчыхамі з моднай тканіны. Жанчыны ... імкнуліся не адстаць ад гарадскіх модніц ні ў сукенках, ні ў прычосках. ... Выпраўляючыся да царквы або на гасціны, жанчыны не толькі апраналі модныя сукенкі, але і бралі парасоны, а на рукі надзявалі модныя пальчаткі да самых локцяў. <...>

Старыя кабеты прыгадвалі, што даўней насілі андаракі, гарсэты, што верхнія сарочкі вышывалі ў розныя ўзоры. Але ўсё гэта яны ... лічылі за адзнаку некультурнасці. <...>

Колькі ж каштавала апрануць і абуць вялікую сям'ю? ... Можна лічыць, што ў сярэднім на гэтыя патрэбы ... ішло штогод 100 рублёў.

Бытавыя рэчы

У ХХ ст. сяляне пачалі купляць насценныя гадзіннікі. ... Калі з'явіліся гадзіннікі, людзі хутка развучыліся ... вызначаць час па сузор'ях. Праўда, па сонцу ... час па-ранейшаму вызначалі даволі дакладна... <...>

... Віцкаўцам даводзілася купляць і нямала іншых тавараў. Раней вёдры былі драўляныя ..., потым пачалі купляць бляшаныя. Лучыну замяніла газа. ... У ХХ ст. амаль кожны гаспадар меў адны або двое калёсаў "на жалезным хаду"...

Пэўныя сродкі ішлі на збрую. ... У ХХ ст. усе віцкаўцы ўжо мелі скураную збрую...

Расходы на культурныя патрэбы

Асвета таксама вымагала выдаткаў. Раней, калі дзяцей вучыў грамаце бацька, гэтыя выдаткі былі мінімальныя: на лемантар, сшыткі, грыфельную дошку, якія потым пераходзілі ад старэйшых да малодшых. Калі наймалі "дарэктара" (падлетка ці юнака, які ўмеў чытаць і пісаць), расходы павялічваліся, бо хатняга настаўніка трэба было карміць і, акрамя таго, яму сёе-тое плацілі. Значна большымі расходы зрабіліся, калі падлеткаў пачалі аддаваць у навуку ў Мінск ці ў Койданава...

Кнігі куплялі выпадкова, газету выпісваў толькі адзін гаспадар, аматар чытання. <...>

Культурнае жыццё

Сярод заснавальнікаў Віцкаўшчыны ўсе мужчыны, нават самыя старыя, былі пісьменныя. З жанчын пісьменных было каля паловы. ... Ніхто з іх ніколі не хадзіў у школу; вучыліся яны ў бацькоў і зрэдчас у "дарэктара". ...

... На пачатку ХХ ст. чытаць і пісаць умелі ўсе віцкаўцы ... Школы вёска не мела, і грамаце можна было навучыццы ў старэйшых сямейнікаў, у "даректара" або ў народным вучылішчы, якое адчынілі ў суседнім Грычыне. <...> У народным вучылішчы займаліся тры гады. <...>

На ўсю воласць у Самахвалавічах было адзінае двухкласнае вучылішча з пяцігадовым курсам навучання. ... Там вучыліся пераважна дзеці заможных сялян і валасной знаці. Што да дзяцей беднаты, дык іхнія бацькі разважалі прыкладна так: скончыць сын трохгадовы курс ці пяцігадовы – усе адно будзе працаваць на гаспадарцы.

... Выпускнікі ... даволі грунтоўна ведалі поўны курс арыфметыкі і скарочаны – геаметрыі, а ў пісьме рабілі пераважна памылкі, непазбежныя для беларусаў, якія не маюць школы на роднай мове: няправільна (з пункту погляду рускіх) будавалі сказы, няправільна ўжывалі словы, якія ў беларускай і рускай мовах гучаць аднолькава, але маюць рознае значэнне, і г. д. <...>

[Уменне хоць неяк гаварыць па-польску віцкаўцы ставілі вельмі высока, бо яно ў нейкай ступені далучала чалавека да шляхетства. Але ва ўмовах палітыкі русіфікацыі, адсутнасці беларускай школы ў Віцкаўшчыне з часам усё большую вагу набывала руская мова. Яна пачала лічыцца сведчаннем культурнага ўзроўню чалавека. Ці не найперш гэта выяўлялася ... ў імёнах: Міхась ператварыўся ў Мішу, Аделя – у Дуню і гэтак далей.]

На пачатку ХХ ст. аднаго хлопчыка з Віцкаўшчыны адправілі вучыцца ў Мінск, у гарадское чатырохкласнае вучылішча ..., а адна дзяўчынка, адзіная дачка багатага селяніна, паступіла ў гімназію. ... Шмат гаманілі пра будучыню дзяўчынкі. Крытыкі казалі, што з такім багатым пасагам яна і без навукі магла хутка і выгадна выйсці замуж, але некаторыя ... ухвалялі яе вучобу ў гімназіі: маўляў, пасаг не ўцячэ, а да яго яшчэ і адукацыя дадаецца.

Самы адукаваны чалавек у вёсцы быў поп. Відаць, ён меў сякія-такія кнігі, ..., але ніхто не мог прыгадаць, каб бацюшка раіў каму-небудзь гэтыя кнігі пачытаць...

Па Віцкаўшчыне хадзіла кніга "Соннік"... Адзін селянін меў таксама кнігу "Таямніца чорнай магіі"... Часам у вёску траплялі і зусім іншыя кнігі. Пра адну з іх доуга гаварылі, як пра нешта надзвычай цікавае. Кніга апавядала пра вясельныя абрады ў розных мясцінах Беларусі, і чытачы, а разам з імі і слухачы, дзівіліся, хто здолеў сабраць усе гэтыя апісанні. Аказалася, што гэта быў адзін з тамоў "Матэрыялаў да вывучэння мовы і быту насельніцтва Паўночна-Заходняга краю" П. В. Шэйна. Пазней, прыкладна у 1912 г., нехта прынёс "Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў" А. К. Сержпутоўскага – кнігу на вельмі чыстай беларускай мове з тымі асаблівасцямі вымаўлення, якія ўласцівыя мясцоваці, дзе аўтар рабіў запіс. <...>

Аднак у вёсцы жыў адзін селянін ..., які аддаваў кнігам увесь свой вольны час... Гэты чалавек пачаў прывозіць кнігі з маленькай прыватнай бібліятэкі ... ў Мінску. <...> ... Да гэтага селяніна трапіла і ўразіла яго "Анна Карэніна". ... Яшчэ мацнейшае ўражанне пакінула "Хаціна дзядзькі Тома", над якой вясковыя чытачы часта плакалі. Вельмі папулярныя былі "Прыгоды Тома Соера". ... Пазней віцкаўскі кніжнік прывёз "Рабінзона Круза"... Па папулярнасці "Рабінзон Круза" амаль не саступаў "Прыгодам Тома Соера". Кніга пераходзіла з хаты ў хату і да гаспадара ўрэшце не вярнулася.

Кніжнік даў добры прыклад... ... Моладзь пачала шукаць кнігі па ўсім наваколлі... <...> ... Асабліва падабаліся віцкаўцам творы, аўтары якіх высмейвалі папоў і гарадскіх гультаёў. Уздзеянне такіх вершаў узмацнялася тым, што некаторыя з іх былі напісаны па-беларуску. Слухачы дзівіліся з таго, што пісаць і чытаць вершы можна і на "простай мове". Часам уражанне ад гэтых вершаў было такое моцнае, што шмат хто з сялян запамінаў іх, паслухаўшы толькі раз. <...>

Слухаючы дэкламацыю і чытаючы кнігі, маладыя віцкаўцы і самі – вусна і пісьмова – спрабавалі свае сілы ў творчасці. З такіх "сачыненняў" у свой час былі вядомыя паэмы ..., [якія] мелі пераважна сатырычны характар, што і было галоўнай прычынай іхняй папулярнасці. <...>

Кажучы пра культурны ўзровень, трэба адзначыць, што ведаючы мацерную лаянку, жыхары вёскі карысталіся ёю надзвычай рэдка, толькі ў стане афекту... Брудную лаянку сяляне ... замянялі ... наборам розных праклёнаў: "каб цябе халера забрала", "бадай цябе воўк маленькую з'еў" і г. д.

Большасць мужчын была не супраць выпіць, але п'янага да божай моцы селяніна можна было ўбачыць вельмі рэдка... Да таго ж, гэты чалавек імкнуўся як найхутчэй схавацца. ... Жанчын, якія б любілі ўзяць чарку, у вёсцы не было. <...>

Святы

Вёска строга трымалася святаў: у гэтыя дні не рабілі ніякай работы, апрача догляду жывёлы і гатавання ежы. <...>

Гадавыя святы і абрады пачыналіся з ... Калядаў, адзначаць якія пачыналі 24 снежня. Адвячоркам хата і яе жыхары ўжо мелі святочны выгляд. Старэйшыя сямейнікі мусілі абавязкова ісці да вячэрні, але галоўнаю падзеяй дня была святочная вячэра – куцця. ... Паводле старых звычаяў гаспадыня мусіла падаць у гэты вечар на стол 12 посных страў, а сама куцця называлася першай. <...>

Увечары 31 снежня святкавалі другую куццю – багатую. ... Увечары перад Вадохрышчам святкавалі трэцюю куццю – галодную. Яна была поснаю... Гасцей на куццю не запрашалі, і ўся сям'я таксама заставалася дома. Гэтыя звычаі былі такія моцныя, што нікому і ў галаву не прыходзіла парушаць іх. ...

Паміж Калядамі і Вялікаднем было толькі два значныя святы: Грамніцы і Звеставанне... На Грамніцы рабілі захады супраць перуна. ... Да Грамніц маці пякла з цеста сынам косы, а дочкам – сярпы. Такім чынам, Грамніцы ... мелі найбольш слядоў дахрысціанскага земляробчага культу.

Самым вялікім святам быў Вялікдзень. ... Вялікдзень нельга было ўявіць без валачобнікаў, ..., мужчын самага рознага веку, ..., якія ... хадзілі ... па вёсцы і спявалі валачобныя песні. ... У апошнія перадваенныя гады на рэпертуар валачобнікаў паўплывала царква: разам з традыцыйнымі валачобнымі песнямі яны пачалі спяваць царкоўную "Вялік святы нам дзень настаў".

У аўторак пасля велікоднага тыдня спраўлялі Радаўніцу, або, па-старому, Дзяды. У гэты дзень усе хадзілі на могілкі папраўляць магілы сваякоў, а вячэралі тым, што засталося ад святочнага пачастунку. ... Сёмуху ў Віцкаўшчыне ... святкавалі чатыры дні. Напярэдадні Сёмухі хаты ... знадворку аздаблялі маем, а на ганку і ўсярэдзіне раскідвалі аер. На Купалле хаты ўпрыгожвалі пераважна палявымі краскамі.<...>

... Трэба сказаць і пра рэлігійнасць віцкаўцаў. Частка жыхароў вёскі калісьці належала да уніятаў, але пра гэта ўжо мала хто памятаў. Усе ... віцкаўцы былі праваслаўныя... Сяляне спраўна выконвалі ўсе царкоўныя павіннасці: хрысцілі немаўлятаў, ..., вялі дзяцей да споведзі і прычасця. Шлюб лічыўся законным толькі пасля вянчання ў царкве. Хавалі абавязкова з папом.

Раніцою і ўвечары ўсе, пачынаючы прыкладна з сямі гадоў, павінны былі чытаць пацеры, веданне якіх лічылася абавязкоым элементам адукацыі. Малітвы ўспрымаліся як нейкія формулы, праз якія толькі і можна было звяртацца да Бога. Тыя, хто маліўся, гэтых формул не разумелі, але ніхто не спрабаваў растлумачыць іхні сэнс...

Элементам рэлігійнага выхавання былі таксама пасты. У XIX – на пачатку ХХ ст. іх ... няўхільна выконвалі ўсе віцкаўцы.<...>