
ЦЕРАБЯЖОЎСКАЯ БАЗАВАЯ АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЯ ШКОЛА
Гісторыя і культура сядзібава-паркавага комплекса вёскі Ніжні Церабяжоў
ПАШПАРТ
ПРАЕКТА КРАЯЗНАЎЧАЙ ЭКСПЕДЫЦЫІ “МОЙ КРАЙ”
Аўтар праекта:
Калоша Алег Паўлавіч
Удзельнікі праекта:
Члены краязнаўчага гуртка Церабяжоўскай базавай агульнаадукацыйнай школы
Дата выканання: з 20 лістапада 2004 года па 10 красавіка 2005 года
Вёска Церабяжоў.
Гістарычная даведка.
Стары Ніжні Церабяжоў у пойме Гарыні датуецца археолагамі не пазней VI ст., па характары пахаванняў на пагосце з боку украінскай вёскі Гарадзішча (1 км). Навукоўцы звязваюць назву з дзеясловам “церабіць”: выцерабленае месца, лес, поле. Іпацьеўскі летапіс сведчыць: “ Се ізнадош место такова ... і отеребі е і потом срубі на нем город”. (СПб; 1908).
Верхні Церабяжоў, куды ад паводак каля трохсот год назад пачалі перасяляцца людзі, звязваюць з уцёкамі (“цераз бегчы”) прыгонных ад жорсткіх прыцясненняў уніз, на поўдзень. У паданні, зафіксаваным вядомым фалькларыстам прафесарам В. Дз. Ліцьвінка (нарадзіўся ў В. Церабяжове), церабяжоўцы расказваюць:
“Буў одзін бідны хлопец наш на селі, улюбіўся ў красіву дочку пана з Ніжнёго, у ёго пацац буў вэлікі, 4 повірхі, 80 покоюў, знаходзіўся з боку Городзішча. Вун буў, кажучь, з знакомітого роду Олешукоў і нэ хоціў оддаваць дочку за бідного. Тому посадзіў дочку пуд замок на чэтвэртум повірсі. Одны кажуць, шчо вона кінулася з гора ўніз чэрэз окно і розбілася, а другіе- шчо воны утэклі на Украіну і пан іх, хоць до смэрці шукаў,- нэ знайшоў.Ужэ пэрэд смэрцю дочка і зяць прыйшлі до ёго лужка. Вун іх просціў і благословіў, а, коб замоліць грэхі, даў грошы на цэркву на Ніжнёму”.
А славуты беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч у сваім творы “Зямля пад белымі крыламі” таксама апавядае пра Церабяжоў:
“ Нядаўна, ловячы рыбу з жыхарамі вёскі Церабяжоў на Століншчыне, убачыў на беразе поўна ракаў, дзе жывых, дзе і высахлых. Выявілася, што, калі выцягваюць нерат, ракаў выкідваюць, “каб не паскудзілі раку”.
Што ж вы робіце? Смакоцце такое!
Гадка.
Але, як наварыў, сабраўшы (цяпер ужо аддавалі ракаў мне), і паказаў, што і як, то ўмялі за мілую душу...”
Уладальнікі вёскі.
У пісьмовых крыніцах маёнтак Церабяжоў упершыню ўпамінаецца з 1558г. (у некаторых з 1524г.), як уласнасць князя Багдана Саламярэцкага. У XVI ст. Саламярэцкія валодалі навакольнымі землямі Столінскага ключа, у склад якога ўваходзіў і Церабяжоў. У пачатку XVIII ст. уладальнікамі былі Вішнявецкія, пасля якіх ключ перайшоў да роду Каранеўскіх. Дачка Каятана Каранеўскага, пінскага земскага суддзі, жанатага з Разаліяй Красіцкай, Ганна была замужам за Аляксандрам Пацеем (герб “Вага”) і атрымала ў якасці пасагу Столінскі ключ. Іх дачка Ідаліна выйшла замуж за Адама Перасвет-Солтана (1792-1863), сына Станіслава і Францішкі з Радзівілаў, і прынесла Столін у спадчыну мужа. Пасля Адама Солтана ключ быў падзелены. Непасрэдна Столін перайшоў да яго старэйшага сына Аляксандра, жанатага з Марыяй Крашэўскай, частка ключа- маёнтак Рэчыца з фальваркам Глінка - дасталіся сястры Аляксандра Марыі, замужняй за Альфонсам Серакоўскім. Брат жа, Адам Солтан, атрымаў Церабяжоў, які прадаў Цезарыю Алешы.
Род Алешаў знакаміты і вельмі слаўны. Большасць прадстаўнікоў роду прысвяцілі свае жыццё дзяржаўнай і ваеннай службе. Паводле меркавання асобных даследчыкаў, з гэтага роду выйшаў вядомы савецкі пісьменнік Юрый Карлавіч Алеша.
На ўласным гербе Алешаў меліся палымяныя словы “Non omnis moriar”. Верагодна, гэтыя словы “Усе не памром!” паходзілі з часоў Пятра Алешы, падстолія мазырскага, які, трапіўшы ў турэцкі палон, нават пад страхам смерці не адрокся ад хрысціянскай веры. Алешы спачатку былі прыхільнікамі праваслаўнага веравызнання, потым перайшлі ва уніяцтва і, нарэшце, сталі рыма-католікамі.
Паводле даследавання Р. Афтаназы, род бярэ пачатак ад валынскага баярына Аляксандра, празванага “Алешам” ці “Алешкам”. Ён быў жанаты з Аленай Макасей. Іх сын Фёдар (Тэадор) Алеша Алешкавіч у 1482-1486 гг. служыў сакратаром караля Казіміра Ягелончыка і быў жанаты з князёўнай Ганнай Астражэцкай. У Фёдара і Ганны быў сын Пётр, жанаты з Вольгай Чалганскай. Іх першы сын Пётр Пятровіч Алеша, жанаты з Еўдакіяй Фурса, атрымаў ад князя Фёдара Яраславіча Бароўскага ў 1508 г. маёнтак Беражное на Палессі. У 1524 г. каралева Бона падцвердзіла правы Пятра Алешы на Беражное. З таго часу Алешы сталі ўжываць прыпіску ў прозвішчы Беражноўскія. Другі сын Пятра – Фёдар Пятровіч, жанаты з Ганнай Гамшэй, стаў кадравым ваенным і даслужыўся да ротмістра. Яго сын Ян, жанаты з князёўнай Шуйскай, служыў зборшчыкам падаткаў, а сын Яна Фларыян, жанаты з Агнежкай Каранецкай, меў пасаду пінскага старасты, а з 1583 г. служыў каралеўскім сакратаром. На Варшаўскім сейме 1607 г. Фларыян быў прызначаны ваенным камісарам для падаўлення казацкага бунту. Яго сын Станіслаў Фларыянавіч, жанаты з Жанетай Гарайновай, не меў вялікіх пасад. Іх сын Міхаіл Станіслававіч, жанаты з Соф’яй Дубянецкай, займаў пасаду пінскага суддзі. Акрамя Беражнога, ён меў маёнткі Старыя Коні, Каскі і Дубянец.
На працягу XIX ст. спадчына Алешаў значна ўзрасла, хоць яшчэ ў XVIII ст. яны страцілі Дубянец, які перайшоў да роду Кіневічаў.
Апошнім 12-м гаспадаром Старога і Новага Беражнога, Церабяжова (набытага у1856г.) , Гарадзішча, шэрагу іншых зямель, маёнткаў і дамоў у Вільні, Рызе і Пінску быў Цэзарый Антоній Алеша (1820-1892), жанаты з Аляксандрай Орда. Першапачаткова ён служыў ротмістрам у расійскай арміі, але перад 1863 г. выйшаў у адстаўку, шчыра заняўся ў сваіх маёнтках жывёлагадоўляй, вытворчасцю цукру і распрацоўкай ўласных лясоў. У паўстанні 1863 г. не ўдзельнічаў, не верыў у яго вынікі, але актыўна дапамагаў яго ўдзельнікам выехаць за мяжу, уладкоўваў іх на работу, ратаваў маёнткі ад канфіскацыі.
Цэзарый Антоній Алеша меў 11 дзяцей: 6 сыноў і 5 дачок, якім даў добрае выхаванне і адукацыю. Яшчэ пры жыцці падзяліў паміж імі свае маёнткі і землі. Канстанціну,старэйшаму сыну, які ў свой час вывучыўся на матэматыка-астранома, дасталося Нова-Беражное. Другі сын Цэзарыя Эдмунд Алеша, які стаў гаспадаром Гарадзішча, выехаў у Францыю і трагічна загінуў у Парыжы. Трэці сын Эдвард пачаў вайсковую кар’еру, выехаў да Тэгерана і Канстанцінопаля, вярнуўся на радзіму, ажаніўся з Вандай Скаржынскай, атрымаў грашовую кампенсацыю за Церабяжоўскі маёнтак, выехаў у Польшчу, нарабіў мноства даўгоў і не пакінуў пасля сябе нашчадкаў. Чацвёрты сын Эдвард, жанаты з Людвікай Гувальд, набыў маёнткі ў Лідскім і Навагрудскім паветах, меў дзве дачкі і сына. Пяты сын Цэзарыя Цэзарый Алеша-малодшы быў жанаты з Марыяй Жук-Скаршэўскай, атрымаў у спадчыну маёнтак у Церабяжове. Стара-Беражное атрымаў малодшы сын Цэзарыя Уладзіслаў, жанаты з Тэрэзай Межаеўскай. Уладзіслаў і Тэрэза мелі адзінага сына Міхаіла, які пасля атрымання дыплома інжынера-лесавода пайшоў у армію, ваяваў, быў захоплены ў палон і загінуў у канцлагеры Асвенцім. Род Алешаў-Беражноўскіх спыніў свае існаванне ў 1965г. на Чаславе Алешы, які памёр, не пакінуўшы нашчадкаў.
Род Алешаў быў распаўсюджаны не толькі на Беларусі, але і на Украіне і ў Расіі. У прыватнасці, Стафан Алеша, намеснік харугвы гетмана Станіслава Жулкоўскага, які ўдзельнічаў у паходзе супраць Маскоўскай дзяржавы, застаўся ў Масковіі , перайшоў на царскую службу. З гэтай лініі паходзіў Алекса – сын Васіля Алешы (1724-1788), які быў жанаты з дачкой Аляксадра Суворава, літаратар, публіцыст. З другой лініі, заснаванай Юрыем Каралём Алешай, шэраг нашчадкаў аселі на Віцебшчыне і Украіне.