Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
пособие для ККР.doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
954.37 Кб
Скачать

Утварэнне Рэчы Паспалітай

Лівонская вайна. У 1558 г. маскоўскі цар Іван IV, больш вядомы як Іван Жахлівы, распачаў вайну супраць былога Лівонскага ордэна. Асноўнай мэтай маскоўскага цара была здабыча выхаду да Балтыйскага мора, гэта давала магчымасць самастойна гандляваць з Еўропай без дапамогі шматлікіх пасрэднікаў. Атрымаўшы выхад да Балтыкі, Расія магла больш актыўна ўдзельнічаць і ў еўрапейскіх справах. Лівонія была аб’яўлена спадчынай маскоўскіх князёў на падставе таго, што ў старажытныя часы гэтай тэрыторыяй валодалі князі Кіеўскай Русі. Спадчынай Масквы таксама была названая і частка ВкЛ – беларускія і ўкраінскія землі з Полацкам, Віцебскам, Оршай, Магілёвам, Кіевам і іншымі буйнымі гарадамі.

Вялікая маскоўская армія ў першыя месяцы ваенных дзеянняў у Прыбалтыке. Ордэн запрасіў перамір’я, адначасова актыўна стаў шукаць саюзнікаў у Еўропе, аднак Швецыя, Данія і Польша адмовіліся ваяваць супраць Расіі, толькі Вялікае княства Літоўскае, разумеючы небяспеку маскоўскага заваявання Лівоніі, вырашыла аказаць дапамогу Ордэну. У 1559 г. Лівонія перайшла пад пратэктарат ВкЛ, у выніку ваенныя дзеянні аднавіліся, і зноў паспяхова для Івана IV. У ліпені 1561 г. войска ВкЛ на чале з Мікалаем Радзівілам Рудым уступіла ў Лівонію, але было разбіта каля горада Пярну. Ордэн фактычна перастаў існаваць.

31 студзеня 1563 г. войска Івана IV асадзіла Полацк, а праз 2 тыдні гераічнай абароны (15 лютага) захапіла горад. Вільня запрасіла міру, але патрабаванні маскоўскага цара былі празмерныя – Полацк і Лівонія павінны быць далучаны да Расіі. У 1564 г. ваенныя дзеянні аднавіліся. Невялікаму войску Мікалая Радзівіла Рудога ўдалося разбіць дзве рускія арміі – каля ракі Ула 25 студзеня і пад Оршай 2 лютага 1564. Спробы Івана IV пранікнуць у цэнтр дзяржавы былі сарваныя.

У гэтых умовах княству патрабаваўся саюзнік, бо аднаму яму адбіць напады маскоўскага цара было немагчыма. Найбольш верагодным саюзнікам была Польшча, з якой у 1569 г. была заключана Люблінская ўнія.

Люблінская ўнія. У Польшчы, пачынаючы з Крэўскай уніі 1385 г., шырылася ідэя паглынання ВкЛ, што давала польскім магнатам і шляхце магчымасць займаць новыя пасады, набываць новыя багацці, у сваю чаргу, каталіцкая царква магла больш рашуча распаўсюджваць свой уплыў. Асабліва відавочна гэта было пад час Лівонскай вайны. Палякі патрабавалі поўнага ўключэння княства ў склад Польшчы. Тым часам дзяржаўныя дзеячы ВкЛ згодны былі пайсці на аб’яднанне з Польшчай, але толькі на ўмовах ваенна-палітычнага саюза. Агульны сейм, на якім трэба было распрацаваць умовы аб’яднання, быў назначаны ў Любліне на 23 снежня 1568 г. Перамовы ішлі на працягу 6 месяцаў, але так і не скончыліся поспехам. Сітуацыя ўскладнялася тым, што шляхта ВкЛ горача падтрымлівала ўнію, бо ў выніку яе яна атрымлівала, як і ў Польшчы, роўныя з магнатамі правы, у тым ліку ў кіраванні дзяржавай. Калі перамовы нічога не далі і паслы ад ВкЛ пачалі раз’язджацца, палякі пайшлі на прамую інкарпарацыю княства. Жыгімонт Аўгуст падараваў Польшчы на вечныя часы ўкраінскія тэрыторыі княства – Валынь, Падляшша, Падолле і Кіеўшчыну. Ва ўмовах Лівонскай вайны гэта было цяжкай стратай для дзяржавы. Да того, вялікі князь (адначасова і кароль польскі) Жыгімонт Аўгуст загадаў дзяржаўным дзеячам і паслам ВкЛ падпісаць умовы ўніі пад пагрозай ліквідацыі дзяржаўнасці ВкЛ.

Сутнасцю новай уніі было стварэнне адзінай дзяржавыРэчы Паспалітай, але яна мела федэратыўны характар. Па ўмовах падпісаных дакументаў у Рэчы Паспалітай выбіраўся адзіны гаспадар, каранаваўся ён толькі ў Кракаве; сабіраўся агульны сейм, яго рашэнні павінны былі выконвацца на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай; касаваліся законы ВкЛ, што супярэчылі ўмовам уніі; феадалы аб’яднанай дзяржавы маглі набываць маёмасць у любым рэгіёне новай дзяржавы; павінна была праводзіцца агульная знешняя палітыка; уводзілася агульная грашовая адзінка, ліквідавалася мяжа паміж дзяржавамі і мытні на ёй; страчаныя ВкЛ украінскія тэрыторыі навекі адыходзілі да Польшчы, а Лівонія знаходзілася ў сумесным валоданні ВкЛ і Польшчы. Але ВкЛ не перастала існаваць пасля Люблінскай уніі. Княства было пастаўлена ў залежнае ад Польшчы становішча, але пэўная самастойнасць была захаваная. У княстве захавалася асобнае войска, дзейнічала сваё заканадаўства, свая судовая сістэма, свая адміністрацыя. Захавалася свая пячатка і беларуская мова дзяржаўнага справаводства. Фактычна, насуперак рашэнням Люблінскага сейма, засталася і свая грашовая сістэма, пры Стэфане Баторым была адноўлена і мяжа.

У наступныя дзесяцігоддзі ў княстве праводзіліся мерапрыемствы, накіраваныя на аслабленне наступстваў аб’яднання: працягвалі сабіраць асобныя ад палякаў сеймы, стварылі ў 1581 г. Галоўны Трыбунал – вышэйшую судовую ўстанову ў княстве замест вялікакняскага суда. У 1588 г. быў прыняты трэці Статут ВкЛ. У гэтым галоўным зводзе законаў княства Люблінская ўнія наогул не згадваецца. Насуперак рашэнням 1569 г., у княстве забаранялася прадаваць маёнткі іншаземцам (да іх адносіліся і палякі), дзяржаўныя пасады мелі права займаць толькі ўраджэнцы княства. У Статуце была замацавана норма, згодна з якой гаспадар нес адказнасць за захаванне тэрытарыяльнай адзінасці дзяржавы. Аднак унія засталася, яе вынікамі была паланізацыя і акаталічванне пануючага саслоўя княства – шляхты і магнатаў. Узмацнілася запрыгоньванне сялянства, княства ўцягвалася ў новыя знішчальныя войны. Узмацніўся польскі культурны націск, рэзка пагоршыліся ўмовы для развіцця беларускай культуры. Але ўнія была меньшым злом для ВкЛ у параўнанні з перспектывай быць заваяванымі Іванам IV.

Юрыдычна Люблінская ўнія была ліквідавана 3 мая 1791 г. з прыняццем Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, згодна з якой дзяржава страчвала свой федэратыўны лад.

Выбары караля. Са смерцю Жыгімонта Аўгуста скончылася дынастыя Ягеллонаў, якая правіла ў ВкЛ і Польшчы на працягу амаль 200 год. З’явілася новая традыцыя – выбранне караля з-за мяжы, з іншых каралеўскіх дынастый.