Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Онім у мастацкім тэксце.doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.43 Mб
Скачать

2.4. Тапанімічныя назвы ў творах беларускай мастацкай літаратуры

Тапанімічныя назвы – неад’емны кампанент тэкстаў мастацкіх твораў. У розных пісьменнікаў і нават у розных жанрах літаратуры выяўляюцца свае адметнасці адлюстравання мастацкай прасторы твора і ўключэння самых разнастайных тапонімаў (урбанонімаў, мікратапонімаў, айконімаў, гідронімаў, дрымонімаў і інш.) у мастацкі тэкст. Традыцыйна ў літаратуры шырока выкарыстоўваюцца тапонімы рэальныя і створаныя аўтарскай фантазіяй. Такія адзінкі, як адзначаюць даследчыкі, прыўносяць у сюжэтную канву “канкрэтнасць і дынамізм, жывасць і дакладнасць пры абмалёўцы сюжэтных сітуацый і прасторавых уяўленняў персанажаў і самога пісьменніка”, “...лакалізуюць месца дзеяння, дапамагаючы акрэсліць контуры мастацкай прасторы, адлюстраванай у творы, і разам з іншымі выяўленчымі сродкамі садзейнічаюць агульнай рэалізацыі ўсіх узроўняў кампазіцыі твора” [180, с. 88].

Я. Колас шырока выкарыстоўваў самыя разнастайныя тапанімічныя назвы: айконімы, мікратапонімы, гідронімы, урбанонімы Стаўбцоўшчыны, Піншчыны, Случчыны, Чэрвеньшчыны, Міншчыны і іншых мясцін, дзе пісьменніку даводзілася жыць, працаваць ці бываць у часы камандзіровак, падарожжаў, проста чэрпаць неабходны матэрыял з народных легендаў, паданняў, успамінаў людзей і інш. У шэрагу твораў пісьменніка, прысвечаных апісанню канкрэтных падзей і мясцін (трылогія “На ростанях”, аповесць “Дрыгва”, паэма “Новая зямля”, раннія апавяданні, цыкл апавяданняў, прысвечаных Куршчыне і інш.), рэальныя тапанімічныя назвы або часткова змененыя аўтарам, але пазнавальныя чытачом, выконваюць у мастацкім тэксце асабліва важную ролю: служаць дзейсным сродкам дакументальнасці і праўдападобнасці ў мове пісьменніка, па-рознаму раскрываючы вобраз аўтара-апавядальніка. Такія онімы ўзаемазвязаны з развіццём сюжэту і мікратэм тэксту, ужываючыся і ў мове аўтара і персанажаў, яны выконваюць самыя разнастайныя мастацка-эстэтычныя і семантычныя функцыі. У цэлым такія тапонімы, на думку даследчыкаў, садзейнічаюць праўдзівай абмалёўцы прасторы і часу, апісаных у творы, выступаючы як важнейшы кампанент стылю ў творы мастацтва [180, с. 55].

Многія тапонімы ў творах Я. Коласа створаны фантазіяй мастака, яны словаўтваральнымі мадэлямі, семантычнымі асаблівасцямі, канатацыйнымі “прырашчэннямі” нагадваюць характэрныя тапанімічныя назвы канкрэтных мясцін Беларусі і іншых рэгіёнаў і служаць у канве твораў у якасці асноўнага рэгіянальнага моўнага кампанента для перадачы мясцовага каларыту і ўсебаковага апісання і раскрыцця мастацкіх вобразаў. Яны ў творах па-свойму адлюстроўваюць асаблівасці мясцовага рэльефу, расліннага і жывёльнага свету і інш. Ёсць у творах пісьменніка і тапонімы-сімвалы, якія ён ужывае як абагульненыя назвы Радзімы-Бацькаўшчыны ці пэўнага значымага для яго рэгіёна, аб’екта: Нёман, Палессе, Загібелька, Галадранка, Галапузаўка, Уол-стрыт і інш. Выкарыстаўшы сабраны анамастычны матэрыял (творы пісьменніка, слоўнікі, уласныя запісы, звесткі з музеяў), даследчыкі рабілі спробу прааналізаваць некаторыя тапанімічныя назвы з тэкстаў Я. Коласа (В. Вярэніч, А. Станкевіч, Л. Кузьміч, Дз. Паўлавец).

Так, В. Вярэніч зрабіў лінгвістычны аналіз тапонімаў з трылогіі “На ростанях”. Ім была, у прыватнасці, разгледжана суадноснасць тапанімічных назваў твора з назвамі рэальна існуючых тапанімічных аб’ектаў Палесся і Панямоння – мясцінамі, дзе адбываліся асноўныя падзеі, апісаныя ў трылогіі. Пры параўнальным аналізе такіх адзінак, ужытых у трылогіі, і тапонімаў Стаўбцоўскага Панямоння выяўлена 44 назвы, якія адпавядаюць існуючым, ці назвам аб’ектаў, якія да нашага часу зніклі. У пераважнай большасці (2/3) яны і па форме супадаюць з рэальнымі найменнямі прататыпаў. У сямі выпадках Я.Колас зрабіў частковую замену слоў-тапонімаў (Верхань Верхмень, Бярвянка Бервянец, Стаўбцы Стоўбцы або Стаўбуны і інш.). І толькі ў чатырох выпадках пісьменнікам былі зроблены замены назваў рэальна існуючых аб’ектаў: Нямнішча – Стаялец, Панямонь – Новы Свержань, Рачулка – Крынічка, Уса – Уша [47, с. 35]. Прыкладна гэтак жа паставіўся Я. Колас і да тапонімаў Піншчыны, што сустракаюцца ў трылогіі [48, с. 42].

А. Станкевіч у артыкуле “Тапонімы ў творах Якуба Коласа” на падставе матэрыялаў “Анамастычнага слоўніка твораў Якуба Коласа” зрабіла кароткі агляд тапаніміі, выкарыстанай класікам у яго самых розных мастацкіх, публіцыстычных і іншых творах: вызначыла асноўныя разнавіднасці тапанімічных назваў (айконімы, гідронімы, урбанонімы, аронімы, мікратапонімы і інш.), адзначыла асноўныя прадуктыўныя мадэлі ўтварэння самых розных тапанімічных адзінак, ужытых пісьменнікам (суфіксальныя, суфіксальна-прэфіксальныя дэрываты, асноваскладанне, субстантывацыя, тапонімы-словазлучэнні і інш.). У творах Я. Коласа, як лічыць А. Станкевіч, большасць тапонімаў выконвае тыповую для іх намінацыйную функцыю [159, с. 59–61].

Мы ставім на мэце прасачыць лексіка-стылістычныя і іншыя асаблівасці тапонімаў у творах, звярнуўшы асаблівую ўвагу на канатацыйны змест такіх адзінак, заснаваны на другасных, асацыятыўных і эмацыянальна-сэнсавых “прырашчэннях”, якія выяўляюцца ў асобных тапанімічных назвах. Асаблівая ўвага найменням, створаным фантазіяй пісьменніка, а таксама тапонімам, змененым часткова ці поўнасцю, што дае магчымасць часам прасачыць працэсы стварэння мастацкіх палотнаў, заглянуць у творчую лабараторыю мастака слова, выявіць тыповае і прыватнае ў яго пісьменніцкай працы. Усе тапонімы ў творах мастакоў слова дзеляцца на рэальныя і створаныя творчым уяўленнем пісьменніка дзеля спецыяльных літаратурна-выяўленчых задач. Мастацкая прастора тэксту не ўяўляецца без анамастычных адзінак, у тым ліку і тапонімаў, стылістычны патэнцыял якіх далёкі ад нуля, і ў іх даследчыкі выразна адрозніваюць самыя разнастайныя кантэкстуальныя прыкметы і асаблівасці, характэрныя іншым анамастычным адзінкам, а таксама адметнасці, уласцівыя толькі тапонімам. Такім чынам, усе рэальныя, рэальна зашыфраваныя, іншасказальныя і інш. тапанімічныя ўтварэнні і адзінкі ў мастацкім тэксце заўсёды маюць свае ўяўныя і прыхаваныя мастацкія матывацыі, прамыя ці ўскосныя падказкі, якія раскрываюцца ў літаратурнай кампазіцыі тэксту ці за яго межамі (гістарычныя матывацыі і асацыяцыі). Усяго ў сваіх творах Я. Колас выкарыстаў 629 самых розных тапанімічных назваў. Гэта назвы мацерыкоў, краін, тэрыторый-астравоў, горных масіваў, адміністрацыйных адзінак – 131; назвы гарадоў – 196, вёсак, мястэчак, хутароў, фальваркаў, засценкаў – 144; гідронімаў – назваў рэк, азёр, вадасховішчаў, крыніц, брадоў і інш. – 68; мікратапонімаў – урочышчаў, палёў, невялікіх узвышшаў, сенажацяў, лугавін – 54; урбанонімаў – гарадскіх кварталаў, вуліц, плошчаў, паркаў, астрогаў, вакзалаў і інш. – 76.

Сярод самых розных тапонімаў у творах пісьменніка пераважаюць рэальныя тапанімічныя назвы, якія з’яўляюцца прыналежнасцю не толькі беларускай анамастыкі, а і іншых тапанімічных сістэм (Азоў, Адэса, Вільня, Аравійская пустэля, Ваалам, Бахчы-сарай, Валынь, Ватыкан, Візантыя і інш.). Такія рэальныя онімы, асабліва тыя, што набылі ў мове вядомасць і шырока выкарыстоўваюцца ў разнастайных стылях мастацкай і навуковай літаратуры (Брэст, Полацк, Чарнобыль, Тураў, Беразіна, Нёман, Палессе, Нарач, Белая Русь і інш.), вызначаюцца багаццем канатацый і шырокімі асацыяцыйнымі магчымасцямі. На думку даследчыкаў, такія онімы (імёны вядомых гістарычных асоб, герояў літаратурных і фальклорных твораў, асобныя геаграфічныя назвы-тапонімы) для мовы ў цэлым або для асобных яе стыляў маюць значную каштоўнасць, з’яўляючыся важнейшым тэкстаўтваральным кампанентам: яны нярэдка выкарыстоўваюцца як адзінкі тэксту абагульняльнага характару, што абумоўлівае іх распаўсюджанае ўжыванне з пераносным значэннем і вядзе да пераўтварэння асобных онімаў у імёны агульныя [118, с. 224].

Асабліва вядомыя ўсім рэальныя беларускія тапонімы, іх варыянты тыпу Мінск (Менск), Брэст (Бярэсце), Мазыр (Мозыр), Тураў, Полацк, Бярэзіна, Нёман, Прыпяць, Нарач, ужытыя ў канкрэтным мастацкім творы, ідэнтыфікуючы рэгіянальную прыналежнасць аб’екта, выконваюць тыповую для гэтых адзінак намінацыйную функцыю, гэта значыць, сведчаць, дзе адбываюцца падзеі, што апісваюцца ў творы, апрача гэтага, выконваюць таксама разнастайныя мастацка-эстэтычныя задачы, напрыклад, могуць з выкарыстаннем іншых сродкаў выклікаць у чытача шэраг гістарычных, культуралагічных, этнаграфічных асацыяцый, а ў мастацкіх перакладах на іншыя мовы яшчэ выкарыстоўваюцца і як кадыфікаваныя ўласныя адзінкі [52, с. 125].

Беларускія тапанімічныя назвы (рэальныя, створаныя Я. Коласам або часткова падпраўленыя пісьменнікам) можна ўмоўна суадносіць з наступнымі рэгіёнамі Беларусі: Стаўбцоўскае Панямонне – рэгіён, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады класіка беларускай літаратуры. Для Я. Коласа Радзіма ў яго творах паўставала ў вобразах роднага краю. Праз усё жыццё звяртаўся наш вялікі пясняр да сваёй калыскі, песенна-казачнага Нёмана, адкуль струменіла жывая крыніца яго творчасці. В. Вітка адзначаў, што такія назвы, як Мікалаеўшчына, Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Смольня – жывуць у нашай свядомасці і ў памяці ўсіх, хто яшчэ са школьнай парты далучаецца да класічнай спадчыны паэта. А назвы суседніх паселішчаў: Рубяжэвічы, Свержань, Вялікія Навікі, Вішнявец, Залужжа, Засулле, Заямнае, Налібокі, Рудня Налібоцкая? Іншыя вакол Мікалаеўшчыны назвы вёсак, урочышчаў, лясоў, лугоў, рэчак, крыніц, хіба не лашчылі яны слых паэта, дый усіх яго землякоў, хто там нарадзіўся або нават пабываў, увабраўшы ў сябе пачуцці, чарадзейнае хараство гэтых краявідаў і музыку гучання роднага слова [43, с. 5]. Такім чынам, асацыятыўная сутнасць такіх онімаў відавочна выразная.

Толькі ў трылогіі “На ростанях” Я. Колас выкарыстаў больш за 40 самых розных тапонімаў Стаўбцоўшчыны: Мікуцічы (сапр. Мікалаеўшчына), Сямёнаўкі, Сярэдняя гара, Прыстанька, Клешчыцы, Асінкі, Дзям’янавы гуз, Смольня, Ёлава, Лядзіны, Алешнікі, Сустрэнаўка, Акінчыцкая грэбля, Засценак, Фальварак, Нейгертава, Русінава, Занямонне, Сёлы, Нёман, Нямнішча, Гасцінец, Панямонь (Новы Свержань), Трайчаны, Хаімава кузня, Вапельная гара або Драздова гара, Сіняўскі гай, Гнілое возера, Рачулка (Крынічка), Стаўбуны (Стоўбцы), Шынок Шварца, Смалярня, Цёмныя Ляды, Двор, Ячонка, Засулле [47, с. 35].

Гэтыя назвы заставаліся ў памяці паэта ўсё яго жыццё, гучалі матчынай песняй. Гэта яны абудзілі ў свядомасці песняра класічныя радкі, стаўшыя афарызмам: Мой родны кут, як ты мне мілы! Мастацкае асэнсаванне назваў мясцін малой радзімы ў творах пісьменніка, іх канатацыйны патэнцыял звычайна напаўняецца эмацыйнымі прырашчэннямі, уражаннямі дзяцінства і юнацтва, застаючыся на ўсё творчае жыццё. У назвах роднага кута пісьменніка, як заўважана не адным даследчыкам, істотнымі з’яўляюцца не толькі празрыстая матывацыя, якую рознымі спосабамі і сродкамі выяўляе і мэтанакіравана ажыўляе мастак слова, а і “гучанне, інструментоўка імёнаў” [148, с. 107]. Для Я. Коласа такі запас незабыўных уражанняў дзяцінства дала Стаўбцоўшчына з яе рэальнымі айконімамі Ластком, Альбуццю і Мікалаеўшчынай, якія апеты ў яго шматлікіх празаічных і вершаваных творах або сталі анамастычнымі ўзорамі і мадэлямі ў мастацкім адлюстраванні іншых мясцін Беларусі. Прычым такі творчы працэс у стварэнні онімаў уласцівы іншым пісьменнікам. У творах сапраўдных мастакоў можна беспамылкова пазнаць прыкметы іх малой радзімы. Дз. Бугаёў на прыкладах з твораў вядомых беларускіх пісьменнікаў пераканальна паказаў, як родны кут мастака слова, яго назвы, пейзажы, вобразы становяцца залатым запасам, які падтрымлівае эмацыйную сілу ўсёй іх творчасці. Такімі незабыўнымі ўражаннямі, на яго думку, на ўсё жыццё для Я. Купалы былі Прудзішча, Селішча, Акопы, для М. Гарэцкага – Малая Багацькаўка на Магілёўшчыне, а таксама куляшоўскія Саматэвічы, у слуцка-капыльскім рэгіёне чорнаўскія Боркі і Цімкавічы, мележаўскае Палессе з Глінішчамі і Каранёўкай пад пяром мастака стала Куранямі, чыгрынаўскі Вялікі Бор у яго раманах атрымаў назву Верамейкі і г.д. Для творчасці Я. Коласа найярчэйшым прыкладам таго, з якімі любасцю і замілаваннем услаўляецца родны кут, назвы родных мясцін, найперш з’яўляецца яго унікальная ў сусветнай літаратуры паэма “Новая зямля” з яе незабыўным для кожнага беларуса запевам [34, с. 12]. У мастацкай інтэрпрэтацыі творчым асэнсаванні і апісанні некаторыя рэальныя назвы малой радзімы становяцца сімваламі, якія ўвасабляюць не толькі родны кут пісьменніка, а і ўсю радзіму. Такой, напрыклад, назвай ў Я. Коласа з’яўляецца гідронім Нёман, які ў творах пісьменніка ўспрымаецца не толькі як назва ракі, а і як слова-сімвал, што ўвасабляе Радзіму-Беларусь (гл. пра гэта больш падрабязна на стар.

Другая частка Беларусі, з якой звязаны цесна творчы лёс пісьменніка, – Пінскае Палессе. Гэты рэгіён у творах Я. Коласа вызначаецца ўласцівай яму тапаніміяй. Толькі ў трылогіі “На ростанях” пісьменнік выкарыстаў больш за 40 назваў-тапонімаў, звязаных з Піншчынай: Цельшына (Люсін), Могілкі (Могліца), Карчма, Балотца, Рэчачка, Сяльцо (Сялцо), Целяшоў Дуб, Яшукова гара, Татарка, Раз’езд, Будка, Лозацкі пераезд, Завітанкі, Хатовічы (Хаценіча), Макавічы (Малкавіча), Малевічы, Ганцавічы, Любашава, Поле, Кажановічы, Прыпяць (раз’езд і станцыя), Выганы (сапр. Пінкавічы), Высокае (сапр. Вышавічы), Выган, Альбрэхтова (Альбрэхтава), Купяцічы, Гарадышча, Заазер’е, Лунінец, Пінск, Лешча (Лешч), Каралінскі рынак, Купецкая вуліца, Прыстань, Піна, Струмень, Стаход, Стыр, Зарэчча, Піншчына, Пінскае Палессе, Палессе [48, c. 52].

Прымыкае да гэтай групы анамастычнай лексікі і тапанімія, якая засведчана ў творах Я. Коласа, прысвечаных падзеям, што адбываліся на Мазырскім Палессі (аповесць “Дрыгва”, драма “У пушчах Палесся”). Аднак, як паказвае аналіз тапонімаў, выяўленых у аповесці “Дрыгва”, – яны ў пераважнай большасці створаны фантазіяй пісьменніка: Сухое поле, Глухі востраў, Гудароў лог, Доўгі брод, Высокая Рудня, Віркуцце, Вепры, Высокае, Ганусы, Замосце, Карначы, Крыўцы, Макушы, Паставы, Прымакі, Селішча, Прыцькі, Цернішчы. Відаць, такі выбар тапонімаў і мікратапонімаў у гэтым творы можна растлумачыць той акалічнасцю, што Я. Колас на Петрыкаўшчыне да 1934 г. не бываў, а сустрэўся з В.І. Талашом толькі пасля таго, калі аповесць была апублікавана. У адзінкавых выпадках пісьменнік выкарыстаў рэальныя, пераважна добра вядомыя ўсім тапанімічныя назвы: Прыпяць, Палессе, Мазыр, Петрыкаў, Піншчына, Рэчыцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомель, Эўропа (Еўропа). Некаторыя рэальныя тапанімічныя найменні або блізкія па гучанні, словаўтварэнні і інш. Я. Колас па аналогіі перанёс з родных мясцін Міншчыны, якія добра ведаў, на Петрыкаўшчыну. Параўн.: Высокае – вёска ў трылогіі і Высокае – вёска ў аповесці “Дрыгва”; Целяшоў Дуб – рэчка ў аповесці “У палескай глушы” і Целяшоў Дуб – лясная мясціна ў “Дрыгве”. Заямнае, Залужжа – на Стаўбцоўшчыне і Замосце ў “Дрыгве”, Высокая Рудня ў “Дрыгве” і Высокі Бераг – урочышча каля Мікалаеўшчыны, Ганусоўшчына – вёска каля Нясвіжа і Ганусы ў “Дрыгве”. Доўгі Брод на Міншчыне і Доўгі Брод у драме “У пушчах Палесся” і ў аповесці “Дрыгва” і інш. Відаць, падобным чынам паставіўся Я. Колас і да тапонімаў, якія ён выкарыстаў у аповесці “На прасторах жыцця”, апісваючы падзеі 30-х гадоў, якія адбываліся ў жыцці сялянства і моладзі савецкай Беларусі. У гэтым творы ўпамінаецца рэчка Міранка. Аднак такі гідронім ёсць толькі ў Прынёманскім краі – гэта правы прыток рэчкі Уша (басейн Нёмана), што працякае ў Карэліцкім раёне (побач з радзімай Я. Коласа – В. Ш.), які на той час быў у складзе буржуазнай Польшчы. А мікратапонім Рэмусава лука, які пісьменнік выкарыстаў у гэтай аповесці [К VII, с. 59], хутчэй за ўсё перанесены з родных мясцін класіка. Параўн.: у артыкуле “Дарагія землякі” Я. Колас у ліку незабыўных для яго мясцін з ваколіц Мікалаеўшчыны называе і Раймусава шырокая. Такім чынам, тапанімія родных мясцін класіка на працягу ўсяго творчага жыцця была ўзорам для стварэння паэтонімаў, з’яўлялася невычэрпнай крыніцай, адкуль мастак падбіраў неабходныя яму назвы, якія арыгінальна ўключаў у мастацкую канву яго шматлікіх тэкстаў.

Трэці рэгіён Беларусі, тапанімія якога адлюстравалася ў творах пісьменніка часткова ці з пэўнымі зменамі – Міншчына – Пухаўшчына – Чэрвеньшчына (Ігуменшчына): Верхань, Грабёнка, Тумель, Клінкі, Шабуні, Уса, Астрашыцкі Гарадок, Сёмкава, Дараўка, Ждановічы, Свіслач, Забалаць, Сёмкаў Гарадок, Талька (вёска), Талька (станцыя), Талька (рэчка), Загібелька, Падбярэжжа, Вусце, Вусцянскі грудок, Вусцянка, Балачанская зямля, Балачанка, Вусцянска-Балачанская зямля.

Можна выдзеліць і іншыя рэгіёны Беларусі, тапанімія якіх натуральна ці часткова трансфармаваная адлюстравалася ў мастацкіх і іншых тэкстах пісьменніка:

Віцебшчына: Арахі, Арахоўскае возера, Арахоўская ваколіца, Арахоўская выспа, Арахоўскае ўзвышша, Арэхаўск, Выдрыца, Аршыца, Орша, Капысь, Ляўкі, Аршаншчына, Дняпро, Хлюсціна, Замчышча і інш.

Куршчына: Абаянь, Першы Ліпавец, Другі Ліпавец, Малыя Крукі, Вялікія Крукі, Курск, Хмянькі, Стрыгосла, Бушман, Гочава, Бабрышова, Краснікава, Рудавец, Харланаўка, Рыльскі шлях, Рыбінскія Буды, Гахаў, Псёл, Псялец, Залаціна і інш.

Засведчана ў творах пісьменніка і тапанімія іншых рэгіёнаў, дзе Я. Коласу прыходзілася жыць і працаваць: Узбекістан (у часы Вялікай Айчыннай вайны); Урал (служба ў войску ў 1914-1918 г.); Масква і Падмаскоўе (у гады першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, у іншыя перыяды).

Усе тапанімічныя назвы з улікам іх мастацкай апрацоўкі Я.Коласам можна ўмоўна падзяліць на 4 значныя семантычныя групы:

1) тапонімы выдуманыя, створаныя фантазіяй пісьменніка: Галапузаўка, Галадранка, Цернішчы, Затонне, Віркуцце, Карначы, Вепры, Крыўцы, Бабры, Высокае, Прыцькі, Прымакі, Паставы, Мёртвае поле, Падбор’е, Кажаны і інш.;

2) тапонімы рэальныя, якія ёсць ці былі ў розных частках Беларусі і за яе межамі, якія пісьменнік без змен увёў у мастацкі тэкст: Балачанка, Нёман, Занямонне, Негарэлае, Лявонаў лужок, Парня, Вусце, Міранка, Кліны, Астрашыцкі Гарадок, Заслаўе, Ігумен, Вільня, Слуцк, Сустрэнаўка, Хаімава кузня, Драздова гара, Доўгі Лужок, Дзямянаў Гуз, Замчышча, Карчэведзь, Лядзіны, Канцывалокі, Княжое, Сіняўскі гай, Вапельная гара, Купецкая вуліца, Гасцінец, Трайчаны;

3) тапонімы рэальныя, але часткова змененыя Я.Коласам: Смольня – Смалярня, Могілкі – Могліца, Сяльцо – Сялко, Хатовічы – Хатынічы, Малевічы – Малькавічы, Стаўбуны – Стоўбцы, Русінава – Русаковічы, Верхань – Верхмень, Бервянка – Бервянец, Нейгертава – Негертава, Клінкі – Клянік, Альбрэхтова – Альбрэхтава, Уша – Уса;

4) тапонімы, якія называлі рэальныя аб’екты, але былі заменены пісьменнікам поўнасцю: Парэчча (сапр. Альбуць), Панямонь (сапр. Новы Свержань), Мікуцічы (сапр. Мікалаеўшчына), Цельшына (сапр. Люсіна), Завітанкі (сапр. Пакамэр), Выганы (сапр. Пінкавічы), Высокае (сапр. Вышавічы), Фальварак (сапр. Караліна), Рачулка (сапр. Крынічка).

Ужываў пісьменнік у сваіх творах і агульныя тапанімічныя назвы, калі адным найменнем ідэнтыфікавалася некалькі паселішчаў, аб ‘яднаных па нейкай характэрнай і тыповай прымеце. Так, у аповесці “На ростанях” ужываецца агульная назва вёсак – Сёлы, што размешчаны на беразе Нёмана: На процілеглым баку даліны раскінуліся палеткі, вузкія палоскі ўзгоркаватай зямлі занямонскіх сялян, дзе туліліся закрытыя пагоркамі невялікія вёскі, якія мелі агульную назву – Сёлы [К ІХ, с. 259].

Такія онімы з’яўляюцца выразным паказчыкам парадыгмы індывідуальнага стылю пісьменніка, яны арганічна ўваходзяць у яго актыўны слоўнік, які Л. Шчэрба ў свой час назваў “дзейсным слоўнікам пісьменніка”. Даследчыкі кваліфікуюць іх як універсальныя ў мастацкім тэксце, яны ўдзельнічаюць у эстэтычнай рэалізацыі зместу і яго дынамікі ў прасторы і часе. Самыя агульныя семантычныя функцыі онімаў, характэрныя любому жанру мастацкага тэксту, зводзяцца да наступных інтэгральных семантычных функцый: чалавек – падзея – час – прастора. У лінгвістыцы тэксту іх называюць адпаведна катэгорыямі антрапацэнтрычнасці і лакальна-тэмпаральнага кантыніуму, які ляжыць у аснове пабудовы мастацкага адлюстравання любога твора. Інакш кажучы, уласныя імёны, асабліва рэальныя онімы, як універсальная лексічная катэгорыя тэксту ўдзельнічаюць у эстэтычнай рэалізацыі мастацкага вобраза (персанажа, героя, апавядальніка і г.д.), яго ўчынкаў у прасторы і часе [258, с. 278–279; 180, с. 67].

З асаблівай пашанай, увагай Я. Колас ставіўся да родных яму назваў Стаўбцоўшчыны. Так, тапонім Мікалаўшчына (Мікалаеўшчына) ужываецца пісьменнікам не толькі як назва яго роднага паселішча, а і як абагульненая назва забітых дарэвалюцыйных паселішчаў царскай Расіі: І Люсіна, і Пінкавічы, і шматлікія паселішчы Палесся, дзе пачалася мая настаўніцкая работа больш за сорак гадоў назад, – усе яны былі такімі ж беднымі, закіданымі, цеснымі і забітымі Мікалаўшчынамі [К ХІ, с. 371]. Некаторыя свае творы пісьменнік падпісваў псеўданімам Мікалаевец [Сал., с. 189].

У артыкуле “Дарагія землякі” (1947 г.) пісьменнік адзначаў: Даўно мяне цягне свой родны куток, дзе я гадаваўся, вучыўся, дзе правёў свае маладыя леты, куток, якога я не бачыў з 1915 г. З гэтага часу я бываў у Мікалаеўшчыне толькі ў мыслях ды ў сне. Сніліся мне і Канцывалокі, і Міхалаў крыж, і Дуброўкі, і Лядзіны, і Бервянец, і Раймусава шырокая, і Высокі бераг, і сотні іншых урочышч, якія цяжка пералічыць і назвы якіх быць можа забыліся або перайначыліся [К ХІ, с. 214]. Пра гэта ж яго паэтычныя радкі, навеяныя ўспамінамі аб родных мясцінах, іх назвах: Разгарні гэту кніжку, дружок, Прачытай, Бярвенец і Лявонаў лужок, Прыгадай Ды прыпомні Карчэведзь, Кліны і ўздыхні: Адышлі, адзвінелі яны, Нашы дні [К П, с. 365]. Я. Колас ганарыўся сваёй радзімай, назвамі Бацькаўшчыны. Вось што ён гаварыў пра гэта М. Лужаніну: “Паслухай толькі, якія прыгожыя назвы ў нашых мясцінах: Негарэлае, Коласава, Стоўбцы, Ацэдала, Арцюхі, Акінчыцы, Шацілаўка, Свержанскія маргі, Свержанская града, Альбуць, Мікалаўшчына. Любата! І ў кожнай назве свой сэнс прытоены. Стоўбцы могуць паходзіць і ад слупа і ад стапца ў граблях. Пра Акінчыцы яшчэ мудрэй можна прыдумаць. Ці не чуцён тут дзеяслоў – акінуць, значыць – глухі куток, акінуты богам і людзьмі...” [103, с. 21].

Любоў да краявідаў роднай Стаўбцоўшчыны, сваіх землякоў Я. Колас перадаў сваім дзецям. Свайму меншаму сыну Міхасю ён прысвяціў паэму “Міхасёвы прыгоды”, дзе шмат малюнкаў роднага яму Панямоння. Ужо ў сталым узросце Міхась – сын класіка нашай літаратуры, стаўшы доктарам фізіка-матэматычных навук, успамінаў, што ўсёю душою прыкіпеў да прыроды, родных мясцін яго бацькі, назаўсёды палюбіў прынёманскія краявіды. Ён, як піша С. Белы, неаднойчы прызнаваўся:

Ведаю, дзе Акінчыцы, грэбля, Арцюхі, Чортаў камень, Смалярня, Лядзіны, Цёмныя Ляды... Ну і, вядома, славутая Альбуць. Я іх неаднойчы бачыў у сне, мроіў імі, у думках дзесяткі разоў прабягаў па родных сэрцу мясцінах. Што бацьку было міла, тым і сына адарыла... Кожны год я езджу туды, да сваіх вытокаў, каранёў. Бяру з сабой дзяцей і збіраюся і ўнукам паказаць радзіму прадзеда... [14, с. 10].

Родная зямля, родныя мясціны, мясцовыя назвы ў яго творах, як адзначаюць даследчыкі, не столькі паэтычна ўмоўныя, эстэтычна высокія, колькі звычайныя, дакладныя геаграфічнымі, этнаграфічнымі, прыродаапісальнымі назіраннямі аўтара. І сапраўды, пералічаныя мікратапонімы ваколіц вёскі Мікалаеўшчыны лёгкія для разумення. Напрыклад, Канцывалокі – складанае слова, утвараюць яго два назоўнікі канцы і валокі ў форме множнага ліку. Канец – мяжа, край; Валока – былая мера зямлі (прыблізна 21 га). Лядзіны – ад назоўніка ляда – расчышчаная мясціна ў лесе пад пасеў або сенажаць; Бервянец – у аснове назоўнік бервяно – круглы, тоўсты ачышчаны ад галін і сучча ствол вялікага дрэва. У гэтым выпадку, мабыць, месца ў лесе ці на беразе Нёмана, дзе складзіравалі некалі бярвёны і інш. Такія назвы не адзінкавыя: у розных варыянтах яны сустракаюцца на ўсім беларускім этнаграфічным арэале. Так, назву Цёмныя Ляды – лясное ўрочышча, што было каля леснічоўкі Смалярня, падрабязна тлумачыць В. Вярэніч: назва ўзнікла ад раскарчаваных лясоў, на месцы якіх засявалася “на трацяк” збожжа людзьмі з навакольных вёсак. Назва захавалася, хоць яшчэ з часоў Я. Коласа, як і цяпер, там лес [47, с. 40]. Такія тапонімы пісьменнік абавязкова падрабязна каменціруе, прыводзячы шматлікія лінгвістычныя або гісторыка-этнаграфічныя звесткі.

У творах пісьменніка можна знайсці не толькі мастацкае апісанне тапанімічнага аб’екта, а і гісторыю ўзнікнення яго назвы, здагадацца аб яе паходжанні і ўтварэнні. Так, у аповесці “На ростанях” падрабязна тлумачыцца ўзнікнення назвы Смалярня: Каля чыгункі, што злучае Мінск і Брэст, непадалёку ад станцыі, у малапрыкметным кутку сярод высокага цёмнага лесу, тулілася леснікова сяліба. Калісь была тут смалярня. Ад яе засталіся толькі глыбы гліняных пячэй, дзе парыліся смалякі ды дробныя рэшткі пранятых смалою карчоў. Яшчэ і цяпер адчуваўся тут душок дзёгцю і тарпатыны. Назва “Смалярня”, як спадчына, перайшла на леснікову сядзібу [К ІХ, с. 522]. Застаецца толькі зрабіць лінгвістычнае абагульненне: у выніку метафарызацыі адбыўся перанос назвы ад аб’екта (прымітыўнага прадпрыемства па здабычы дзёгцю, смалы) на пасяленне, якое ўзнікла ў ваколіцах з такой вытворчасцю. Гэты тэкст – выразная ілюстрацыя да працэсаў тапанімізацыі і этымалагізацыі, якія ў такім апісанні ўзаемазвязаны і ўзаемаабумоўлены. Апелятыў смалярня – “смалакурнае прадпрыемства”, перажыўшы пэўныя этапы тапанімізацыі, становіцца айконімам – назвай паселішча з выразнай унутранай формай, якая адпавядае тыповай беларускай словаўтваральнай мадэлі: аўчарня, грыбаварня. Падобныя назвы месцаў былых промыслаў, прадпрыемстваў, як вядома, даволі часта станавіліся тапонімамі: рудня Рудня, буда Буда, паперня Паперня і г.д. А мікратапонім з празрыстай семантыкай Сустрэнаўка, які Я. Колас выкарыстаў у двух мастацкіх творах – паэме “Новая зямля” і аповесці “На ростанях”, пісьменнік тлумачыць у кантэксце аповесці, перадаючы ўнутраны сэнс гэтай рэальнай анамастычнай адзінкі ў разважаннях Андрэя Лабановіча. Тлумачыць ён і такі мікратапонім, як Драздова гара: Сіняўскі гай, выцягнуты тонкаю палоскаю з прыўзнятым адным канцом, як заліхвацкі вус маладога зуха, прыкрываў Панямонь з паўночнага захаду. Лявей і бліжэй да мястэчка сурова ўзнімалася вапельная гара. Называлі яе Драздоваю – ад імя панямонскага жыхара Драздоўскага, які арандаваў гару і здабываў вапну [К ІХ, с. 350].

Асаблівую цікавасць для даследчыкаў мовы пісьменніка ўяўляюць онімы выдуманыя, створаныя фантазіяй мастака слова, а таксама тыя, якія Я. Колас падпраўляў, змяняючы іх мэтанакіравана з улікам рэалізацыі і ўвасаблення творчай задумкі. Так, характарыстычнымі ў яго з’яўляюцца тапонімы Галадранка і Галапузаўка, што ў апавяданнях “Соцкі падвёў” і “Ванька Кудлаты”: імі (тапонімамі з семантычна-празрыстай унутранай матывіроўкай) пісьменнік дакладна перадае сацыяльны і матэрыяльны стан жыхароў вёсак. Так, сутнасць даволі выразнага па паходжанні тапоніма Галадранка не прама, а ўскосна раскрываецца ў наступным дыялогу пільнага ўрадніка са стражнікам. Ураднік пасылае свайго памочніка навесці “дакладныя спраўкі” аб “падазрыцельным чалавеку” і папярэджвае: “Зайдзі да соцкага Рамана Камлюка. Але не надта выкладай яму ўсё на талерку: трэба помніць, што ён – галадранец, забастоўшчык” [К ІV, с. 28]. У гэтым кантэксце назоўнік галадранец – мнагазначнае слова: 1. Жыхар вёскі Галадранцы. 2. Абадранец, бядняк. 3. Ненадзейны чалавек, забастоўшчык. Такім чынам, сутнасць тапоніма памацняецца, раскрываецца не прама, а праз адтапанімічнае ўтварэнне – назву жыхара такога паселішча, якая ў кантэксце, набыўшы мнагазначнасць, павялічвае і канатацыйны аб’ём оніма. Выбар такіх гаваркіх тапонімаў Я. Коласам тлумачыцца тым, што пісьменнік нават уласнай назвай дае вобразнае, выразнае ўяўленне аб вёсцы і яе жыхарах. У гэтым плане ён творча прадаўжаў традыцыі сваіх папярэднікаў – М. Някрасава, М. Гогаля, В. Дуніна-Марцінкевіча. Так, падобныя найменні ўмела ўжываў М.Някрасаў у паэме “Каму на Русі жывецца добра”: Заплатава, Гарэлава, Няелава, Дыравіна, Неўражайка і інш. Падобныя па семантыцы тапонімы былі даволі частымі на Беларусі. В. Жучкевіч прыводзіць наступныя: Скулавічы, Худзені, Гразная, Свіное, Халуі, Балтухі, Жыраспёры, Кукішы, Бяда, Цуцкі, Звягі, Торбінка, Пляшыўцы, Каросцін, Лапці, Галоднічы, Парасятнікі, Бяднішкі, Цыцкавічы і інш. [63, с. 94].

На жаль, пад катэгорыю падобных у савецкі перыяд трапілі шматлікія тапанімічныя назвы, бяскрыўдныя па ўнутранай форме, у якіх мясцовыя чыноўнікі, не ўнікшы часта ў сутнасць такіх онімаў, выяўлялі іх неадпаведнасць тагачаснаму дзяржаўнаму ладу. Яны абавязкова падлягалі заменам. Гэта назвы, якія нагадвалі пра асоб царскага, панскага паходжання, ворагаў Савецкай улады: Троцкае, Раманава, Юдзенічы; назвы, якія былі прама ці ўскосна звязаны з рэлігіяй, служыцелямі культу: Божы Двор, Гапоны, Ігумен і інш.; назвы, якія ўяўлялі немілагучныя, абразлівыя словы-мянушкі: Неўмывакі, Старцы, Бясхлебічы, Мухаеды; назвы-этнонімы: Мазуры, Жыдавічы, Ляхі і інш.

Не патрабуе вялікіх каментарыяў і такі тапонім-урбанонім з апавядання “Дзяліцьба”, як Свіная вуліца, на якой Я. Колас “пасяліў” маладых, гарачых, неўраўнаважаных сялян-братоў Сымона і Міколу: А ў Свіной вуліцы, каля хаты Сымона і Мікалая, была ўжо цэлая камедыя. Сымон і Мікола ў нашым сяле былі тым, чым у горадзе тэатр, толькі што білетаў не трэба было браць, прыходзь сабе, слухай, пазірай, весялі сваю душу… Мікола наклаў воз на борздую руку. Толькі што ён нукнуў на каня, –шусь ячмень з воза! Мікола закіпеў, узлажыў другі раз. Не паспеў выехаць на дарогу – зноў бух ячмень з воза! – То ты гэтак?! – крыкнуў Мікола. Схапіў тут рубель і давай малаціць ячмень. Памалаціў, вытрас, салому палажыў на воз і сам сеў. – Вось ты цяпер раскідайся, пракляты! Другі раз Мікола пабіў у сваёй хаце вокны, міскі, гаршкі [К ІV, с. 66].

Такім чынам, апісваючы паводзіны жыхароў вёскі, якія жывуць на Свіной вуліцы, Я. Колас праз апісанне для характарыстыкі персанажаў выкарыстаў мастацкую аналогію: паводзіны і ўзаемаадносіны жыхароў вуліцы, асабліва братоў Міколы і Сымона, адпавядалі пераноснаму значэнню прыметнікаў-апелятываў свіны, свінячылаянк. Паганы, свінскі, які не заслугоўвае павагі [ТСБМ V, c. 92], і таму назва-характарыстыка натуральна замацавалася за часткай вёскі, дзе жылі такія гаспадары. А урбанонім Уол-стрыт – вуліца ў Нью-Йорку, на якой знаходзяцца буйнейшыя банкі, фондавыя біржы і інш., у творах мастака стаў сінонімам-абагульненнем амерыканскага і сусветнага фінансавага капіталу, амерыканскай фінансавай алігархіі: Паўзе зараза з Уол-стрыта, Бацыла пошасці, чумы: “Джэнтэльмены”, наглыя бандыты, Імкнуцца бачыць свет, заліты Крыві патокамі, нямы [К ІІ, с. 355].

У апавяданні “Так і трэба ашуканцу” Я. Колас ужыў урбанонім “Неўскі праспект” як назву галоўнай вуліцы заштатнага павятовага гарадка, на якой у лужынах і непралазнай гразі купаюцца ў спёку свінні: Спірыдон накіраваўся на галоўную вуліцу горада N..., куды выпаўзала ўсё панства-чынавенства. Наўперад трэба было прайсці колькі глухіх, залітых гразёю вуліц, потым пратраляваць праз рынак, дзе сягоння быў кірмаш, і ўжо тады толькі можна было трапіць на “Неўскі”, як называлі тут галоўную вуліцу [К ІV, с. 175]. Пры шырокім апісанні гэтага урбаноніма Я. Колас выкарыстаў антыфразіс – троп, заснаваны на спецыфічным ужыванні слова з супрацьлеглым значэннем. Параўн.: у дарэвалюцыйнай царскай Расіі Неўскі праспект – галоўная, самая багатая і дагледжаная вуліца краіны. Змяненне канатацыйнага кампанента оніма ў такім апісанні з’явілася вынікам саркастычнага эфекту – прыхаванай насмешкі, якая выяўляецца за знешняй пачцівасцю выказвання. Інакш кажучы, у выніку “насмешлівага выкарыстання слова (урбаноніма – В. Ш.) станоўчага значэння з супрацьлеглым сэнсам”. Такім чынам, змяненне канатацыі на супрацьлеглую пры іранічным ужыванні урбаноніма звязана найчасцей з неабходнасцю экспрэсіўна выражаць думку.

Некаторыя тапанімічныя назвы ў творах Я. Коласа, узятыя з рэальнага жыцця ці створаныя фантазіяй мастака слова (Глухі востраў, Гнілое балота, Сухія груды, Доўгі брод, Заблонне і інш.), вельмі дакладна перадаюць сутнасць рэалій Беларусі – асаблівасці яе рэльефу, флоры, фауны. Такія ці падобныя назвы вядомыя і натуральныя для беларускага тапанімічнага ландшафту. У мастацкай літаратуры – яны лёгкія на ўспрыманне, ствараюць выразна вобразнае ўяўленне аб тапанімічным аб’екце, яго асаблівасцях. Так, мікратапонімам Глухі востраў Я. Колас у аповесці “Дрыгва” назваў узгорак сярод балота, дзе хаваюцца ад ворагаў партызаны. У аснове гэтай анамастычнай адзінкі апелятыў глухі – які знаходзіцца ў глушы, далёка ад населеных месцаў; далёкі ад жыццёва важных цэнтраў: Востраў прадстаўляў сабой высокі груд, заросшы густым лесам сярод непраходнага балота. Дабрацца летам да Глухога вострава мог толькі той, хто дасканала ведаў звілістыя сцежкі між дрыгвы і куп’я, заросшага алешнікам, дзікаю лазою, кустамі нізкарослага бярэзніка і рознаю зараслю. Па гэтых сцежках можна было ісці па адным чалавеку ад купіны да купіны, месцамі прабіраючыся па бярвенцах-кладках. Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Зімою Глухі востраў быў болей даступным, хоць пад снегам часамі таілася яшчэ большая небяспека, як летам. Сюды рэдка хто заходзіў, хіба толькі самыя дасціпныя паляўнічыя зазіралі зрэдку сюды сваім зоркім вокам [К VІІ, с. 275].

В. Жучкевіч у “Кароткім тапанімічным слоўніку Беларусі” прыводзіць наступаныя назвы паселішчаў, утвораныя ад апелятыва глухі: Глуск, Глухавічы, Глухі, Глухое, Глуша, Глухаўка, Глушэц, Глушкі, Глушніцы і інш. [Жуч., с. 72]. Як бы прадаўжаючы напісанае Я. Коласам пра Палессе, В. Вольскі называе шэраг падобных па семантыцы і словаўтварэнні айконімаў, якія дакладна перадаюць характэрныя асаблівасці унікальнай часткі поўдня Беларусі, яе адметнасць і тыповасць у тапаніміцы: Прыслухайцеся да такіх назваў палескіх сёл, як Белая Лужа, Жоўты Бераг, Ставок, Прудок, Бродніца, Парэчча, Макрэц, Гліна, Пяскі, Замошша, Рагозна, Арэхава, Бярозцы, Сосны, Вербавічы. У гэтых назвах трапна і выразна адлюстраваны прыродныя асаблівасці нізіннага, лясістага і пясчанага краю... Мясцовыя жыхары часта дамешвалі да жытняй мукі кару дрэў, сухія травы, мох і розныя карэнні. Памяць аб гэтых нядобрых часах захавалася ў такіх красамоўных назвах палескіх вёсак, як Караеды і Махаеды. Удумайцеся ў сэнс гэтых слоў [В. В., с. 18]. Такія тапонімы – выдатны матэрыял для стварэння рэалістычных мастацкіх палотнаў. Дастаткова ў гэтым пераканацца, перачытаўшы, напрыклад, творы І. Мележа, сюжэты якіх заснаваны на фактах і рэаліях, што адбываліся на яго радзіме – Мазырскім Палессі.

У творах Я. Коласа можна выявіць мастацкую апрацоўку народных легенд пра паходжанне тапанімічных назваў. Так, у аповесці “У глушы Палесся” дзядзька Раман паведамляе настаўніку Лабановічу аб бяздушным, жорсткім пану Яшуку, які загінуў на паляванні, а тое месца, дзе ён прапаў, палешукі назвалі Яшуковай гарой: Усялякія былі паны – і добрыя, і ліхія. Апошні з іх роду і быў пан Яшук, ды гэтакі ўжо вырадак, гвалтаўнік, што і свет не бачыў такога. Здзекаваўся з людзей, забіваў іх бізунамі і такія вытвараў штукі, што ўрэшце і зямлі цяжка стала насіць яго. Людзі цярпелі, бо думалі, што калі цярпець, то лягчэй ад гэтага будзе, дый баяліся пана. Але часамі і дзерава не сцерпіць і скіне галіну, каб прыбіць чалавека. На свеце ёсць мера ўсяму. І тут так вось было. А пан гэты тое і рабіў, што або людзей катаваў, або баляваў, назганяўшы дзяўчат ды маладзіц, або на паляваннях прападаў. Так і прапаў на адным паляванні. Скончылася паляванне, збор трубіць пачалі, пазбіраліся паны, а пана Яшука няма і няма... І толькі на трэці дзень знайшлі пана. Вісеў пан Яшук паміж двух тоўстых асін. Дрэвы таўшчэзнаю вяроўкаю з лазы перавіты былі, а на гэтай вяроўцы гайдаў вецер пасінелы труп пана Яшука. Тут і пахавалі яго, і курган над ім насыпалі. Над балотам, калі заўважылі, горка такая даўгаваценькая цягнецца. На гэтай горцы курганок ёсць невялікі. Вось і сталі людзі гару гэтую называць Яшуковаю [К ІХ, с. 184]. Тапанімічная назва Яшукова гара засталася да нашага часу. Гэта, як устанавіў В. Вярэніч, лясное ўрочышча па дарозе з Люсіна ў Малькавічы [46, с. 47].

У легендзе пра Шведскае Паленне, запісанай Я. Коласам у Мікалаеўшчыне і ўключанай пісьменнікам у тэкст аповесці “У глушы Палесся” пры апісанні ваколіц і самога сяла Мікуцічы, паведамляецца пра вайну Швецыі з Расіяй (1706–1708 г.), калі войскі шведскага караля Карла ХІІ ішлі, спусташаючы ўсё, праз Беларусь. Як і ў большасці легенд на гэтую тэму, сюжэт засяроджваецца на канкрэтнай мясціне (у даным выпадку роднай вёсцы пісьменніка. – В. Ш.). Калісь тут, як расказваюць старыя людзі, праўда, самі яны не помняць, быў мост. І цяпер яшчэ сям-там па баках грэблі засталіся рэшткі паляў, і тырчаць яны з гразі, як згніўшыя зубы ў сківіцы. Мост гэты быў знішчаны ў час Шведскага Палення. Жыве яшчэ ў памяці людзей вайна са шведамі. Нават імя сваё мае ў вуснах народа – Шведскае Паленне. Вось і спалілі тады шведы мост. Вялікія бойкі адбываліся тут. А над самым Нёманам, вышэй трохі сяла, ёсць курган-магіла. Размывае рака грудзі гэтай невядомай магілы, вымывае чалавечыя чарапы і старасвецкую зброю. І перадаюць мацяркі сваім дзецям аб гэтай страшнай часіне Шведскага Палення. Многа тады народу пабіта было, а будынкі папалілі [К ІХ, с. 242].

Некаторыя рэальныя тапанімічныя назвы Я. Колас умела абыгрывае, выяўляючы ў іх канатацыйны змест, заснаваны на другасных “прырашчэннях”, якія “ажываюць” у тапоніме пры яго супастаўленні з іншымі тапанімічнымі найменнямі, якія па задуме паэта таксама з’яўляюцца канатацыйна насычанымі. Так, вядома, што ў 1935 г. мастак слова адпачываў у невялікай вёсачцы Загібелька на Пухаўшчыне. У час адпачынку Я. Коласу нечакана выпала паездка ў Парыж на Сусветны кангрэс міру, дзе прадстаўнікі народаў Еўропы і іншых частак планеты выступілі супроць праяўленняў фашызму. Вярнуўшыся з Францыі, як успаміналі сябры і родныя Я. Коласа, ён з вялікай радасцю акунуўся ў штодзённы побыт у Загібельцы: лавіў рыбу, збіраў грыбы, сустракаўся з таварышамі, любаваўся маляўнічай прыродай роднай зямлі. К. Крапіва, заўважыўшы такі ўзнёслы настрой Коласа, як сведчылі сябры пісьменніка, напісаў наступную эпіграму: Быў я ў Парыжы на кангрэсе – То ў Загібельцы, браце, лепш: Грыбоў няма ў Булонскім лесе, А ў Сене – хоць бы адзін лешч [67, с. 175]. Такі жарт Я. Коласу спадабаўся, і ён адказаў наступнымі радкамі: І гэты кут пазнаеш бліжай, Збіраючы баравікі, – То вывад я раблю такі: Мне Загібелька лепш Парыжа [К ІІ, с. 84].

Такім чынам, у гэтым кантэксце падсвядома ажыўляецца ўнутраная сутнасць онімаў (тапонімаў): Парыж – як назва, якая сімвалізавала раскошу, багацце, усямерны дастатак, і кантрастны тапонім Загібелька – назва-характарыстыка, назва-сімвал, якой некалі ідэнтыфікавалі паселішчы, жыхары якіх гібелі – пакутавалі, мучыліся ад нястачы, голаду, цяжкай працы і інш. Прыкладна такі ж канатацыйны падтэкст выяўляецца ў тапоніме Францыя, што засведчаны ў наступных радках рамана І. Навуменкі “Вецер у соснах”: Францыя – не рускае балота з драўлянымі неахайнымі вёскамі. Вечарам нуднае празябанне ў казарме – ні казіно, ні жанчын [І.Н., с. 227].

Аднак для Я. Коласа гэтая назва на фоне урбанізаванага Парыжа ўспрымалася зусім па-іншаму: яна ўяўляла, сімвалізавала для яго малую, сціплую радзіму, дзе ён знаходзіў душэўны спакой і адпачынак. Выразы “Грыбоў няма ў Булонскім лесе” і “Мне Загібелька лепш Парыжа” сталі крылатымі [264, с. 69]. У гэтых творах тапонімы Загібелька і Парыж – кантэкстуальныя антонімы. Сталі афарызмам і наступныя радкі Я. Коласа, дзе паэт успамінае Загібельку: Быць можа, крыху я дзівак, Але люблю я Загібельку, якія прыводзяць у вялікай падборцы “Выслоўі і афарызмы Якуба Коласа” А. Міхневіч і Ю. Назаранка [120, с. 237]. Сімвалічнымі ў мове беларускага фальклору з’яўляюцца некаторыя вельмі вядомыя рэальныя тапанімічныя назвы (Нёман, Вільня, Бярэзіна, Дунай і інш.). Так, пра назву Вільня, засведчаную ў шматлікіх народных песнях, прыказках, жартах і інш. (параўн.: Рабі пільна, то і дома будзе Вільня), Ф. Янкоўскі адзначаў: “Узнікла прыказка, трэба думаць, недалёка ад Вільні. Вільня – старадаўні горад, культурны цэнтр. Выражаецца павучанне: каб жыць культурна, трэба старанна і рупліва працаваць” [266, с. 478]. Такім чынам, гэты онім у выніку метафарызацыі набыў канатацыйную ўскладненасць, стаўшы сімвалам культурнага жыцця.

Сімваламі Беларусі і кантрастывамі да тапоніма Парыж успрымаюцца самыя старажытныя беларускія айконімы Полацк і Тураў у вершы Н. Гілевіча “Мой Парыж”: “Парыж? А як жа! О, канешна! Уразіў моцна – што й казаць... Таму й пішу – у лад з натурай: “Штоноч у сне, браткі, штоноч Гляджу на... Полацк і на Тураў – І не магу адвесці воч” [Гіл., 233]. Тут тапонімы Полацк і Тураў не толькі вызначальныя кампаненты анамастычнай прасторы тэксту, якія ствараюць сугучча паэтычных радкоў (у лад з натурай – – – гляджу... на Тураў), але і ключавыя словы-кантрастывы, ускосна матываваныя тэкставай тыпалагізаванай апазіцыяй Парыж – Полацк, Тураў, пададзенай у творы па ўмоўнай схеме “чужое – сваё, роднае, дзе ў “сваім” выразна выяўляецца і эмацыйна-сімвалічная канатацыя радзімы–Беларусі”. Актуалізатарам такой ускладненай семантыкі названых онімаў (Полацк, Тураў) у паэтычных радках выступае постпазіцыйны фразеалагізм не адвесці воч са значэннем “не пераставаць з замілаваннем глядзець на каго-, што-н” [Леп. ФС І, с. 68].

Вядома, што некаторыя тапанімічныя назвы, уступаючы ў аманімічныя адносіны ў кантэксце, гучаць аднолькава з іх апелятывамі-адпаведнікамі. Наўмыснае збліжэнне такіх слоў, а часам і іх унутранай формы вядзе да стварэння каламбура. Такую гульню слоў у мастацкім тэксце выкарыстоўваў і Я. Колас, напрыклад, у вершы “Нямецкі бінокль”: На Маскву і то здалёк Глянуў Гітлер у бінокль, Глянуў, засмуціўся: Заганяў так моцна клін Пад Калінін і пад Клін, што аж клін скрывіўся [К ІІ, с. 338].

У кантэксце паэт умела стварае каламбур, пабудаваны на аснове паранамазіі; абыгрываюцца наступныя значэнні слоў: 1) клін – парадак пастраення войск, які яшчэ з часоў тэўтонскіх рыцараў называўся “свіннёй” і быў у асаблівай пашане ў нямецкіх захопнікаў розных масцей; 2) Калінін – горад у Расіі; 3) Клін як назва горада ў Маскоўскай вобласці, які ў 1941 г. быў на вастрыі “кліна” на картах фашысцкіх захопнікаў; 4) фразеалагізма заганяць (забіваць) клін – раз’ядноўваць для знішчэння. У даным выпадку па задуме фашысцкіх генералаў савецкія войскі, якія гераічна абаранялі сталіцу. І, безумоўна, прамое значэнне назоўніка клін – завостраны ўнізе і расшыраны ўверсе кусок дрэва або металу, якім расколваюць што-небудзь. Гармонія вершаваных радкоў завяршаецца слыхавой алітэрацыяй – частым паўтарэннем у словах кл, к, якія ўзмацняюць гукавую і інтанацыйную выразнасць верша.

У вершы “Дучэ” паэт выкарыстоўвае скарочаны варыянт оніма Адзіс-Абеба – Абеба, каб зарыфмаваць радкі трэба – Абеба: А набіт як лепш не трэба Тоўсты чмыс. Без цябе жывуць Абеба і Туніс [К V, с. 410]. Каб стварыць сугучча ў вершаваных радках да назоўніка кукуруза, паэт выбірае самыя нечаканыя тапонімы з іншых тапанімічных сістэм: Ад Інгула да Вазузы Ходзіць слава кукурузы [К ІІ, с. 374]. Дзеля рыфмы часам змяняў і націск у оніме: Я паехаў бы з разгону Следам за Пятрусем Выпіць шклянку самагону У “Сабачым Вусе”. У цішы-глушы зімовай я ж да іх імкнуся – Прывітаў бы я прамовай Порсткага Пятруся [К ІІ, с. 438].

Між іншым, Сабачае Вуха – аўтарскі тапонім-наватвор. Як сведчаць успаміны, пасля Вялікай Айчыннай вайны П. Броўка са сваёй сям’ёй некаторы час жыў у Дукоры. Туды да яго часта наведваўся Я. Колас, якога зачароўвалі навакольныя краявіды і цішыня. Аднойчы Я. Колас сказаў: “Ну і цішыня, браце, як у сабачым вусе!” З таго часу пісьменнікі пачалі называць гэты куток “Сабачым Вухам” [К ІІ, с. 535]. Відаць, такое трапнае і нечаканае параўнанне Я. Колас засвоіў з мовы паляўнічых яшчэ ў дзіцячыя гады, жывучы сярод маляўнічай прыроды, выхоўваючыся ў сям’і лесніка. Выраз ціха, як у вусе фіксуе слоўнік “Беларускія народныя параўнанні” [Янк., с. 189]. Ускосна такія параўнанні сведчаць, што Колас глыбока ведаў і мастацкую літаратуру ХІХ ст. (рускую і польскую), у якой паляўнічая тэматыка знайшла рамантыка-рэалістычнае адлюстраванне, з якой класік нашай літаратуры засвоіў багаты свет паляўнічых міфаў, прыкмет і павер’яў, што праявіліся ў сюжэтах і аўтарскіх адступленнях яго вершаваных і празаічных твораў (напрыклад, аповесці «Дрыгва», паэме-энцыклапедыі «Новая зямля» і інш.), у гэтым таксама выразна адлюстраваўся і аўтабіяграфізм некаторых твораў як выразная адзнака яго стылю.

У мастацкіх тэкстах у адпаведнасці з аўтарскай задумкай некаторыя тапанімічныя назвы замяняюцца іншымі, найчасцей аднакаранёвымі ці тымі, якія ўнутранай формай (зместам), блізкія значэннем, словаўтварэннем з былой ці існуючай цяпер назвай.

Парэчча – назва лесніковай пасады ў паэме “Новая зямля”. Парэчча – слаўная мясціна. Куток прыгожы і вясёлы: Як мора – лес, як неба – долы, Зіхціць у кветках лугавіна... А колькі ягад і парэчак! Як пахне мёдам поле грэчак, Калі пачнуць яны цвісці!.. Ну, як тут пчол не завясці... [К VІ, с. 106]. Сапраўдная назва гэтай мясціны – Альбуць. Гэтую сядзібу ляснік Міхал Міцкевіч прыняў у 1890 г. пасля пярэбараў з Ластка. У архіўных матэрыялах на рускай і польскай мовах сядзіба палясоўшчыка і ўрочышча падавалася пад назвай Альбута [153, с. 173]. Замену паэтам назвы Альбуць на Парэчча ў паэме “Новая зямля”, магчыма, трэба звязваць з тым, што Парэчча – тапонім з выразна-празрыстай семантыкай – паселішча ля ракі, што адпавядала сапраўднасці і агульнаму тону паэмы. Гэты онім часты на Беларусі: паселішчы з такой ці вельмі блізкай па гучанні і ўтварэнні назвай ёсць у Гродзенскім, Дзятлаўскім, Лідскім, Акцябрскім і іншых раёнах Беларусі. Альбуць жа – назва літоўскага паходжання, дзе alba – белая, светлая. На думку В. Лемцюговай, айконім быў створаны штучна і першапачаткова з’яўляўся назвай аднаго з маёнткаў Радзівілаў. Альбуць – ад alba + памяншальны суфікс –уць ад літоўскага – utis, што азначае “маленькая альба – Альбуць” [91, с. 7].

Пра Альбуць-Парэчча любіў узгадваць і брат народнага паэта, дзядзька Юзік. Яго ўспаміны ў нейкай ступені падказваюць тлумачэнне і паходжанне Коласавай назвы Парэчча: “Гэта сапраўды цудоўны куток, акружаны з аднаго боку прыгожым разнастайным лесам, з другога боку адкрываўся луг як скінуць вокам. Пасярод лугу прарабіў свой шлях слаўны Нёман, куды часта мы з дзядзькам Антосем улетку хадзілі лавіць рыбу. А з лесу з яловага выцякала рэчачка-крынічка, у якой мы ў летні час таксама бавіліся” [98].

Выганы – назва вёскі ў аповесцях “У глушы Палесся” і “На ростанях”, куды паводле сюжэту атрымаў назначэнне на працу ў школу Андрэй Лабановіч: У вагоне ён распытаўся аб сваіх Выганах у тутэйшых людзей. Аказалася, што яго новае месца ў пяці вярстах ад Пінска, і гэта вельмі ўзрадавала маладога настаўніка. І яшчэ даведаўся ён, што воласць ад школы зусім блізка. Яму тут і раду далі, як даставіцца да Выганаў [К ІХ, с. 256]. Сапраўдная ж назва гэтага паселішча – Пінкавічы. Аднак у даследчыкаў творчасці Я. Коласа адносна такой ідэнтыфікацыі назваў вёсак на Піншчыне, дзе працаваў К. Міцкевіч (Якуб Колас), былі розныя меркаванні. Адны лічылі, што Выганы ў трылогіі – гэта ў рэальнасці Пінкавічы, другія – суседняя з Пінкавічамі вёска – Вышавічы (у трылогіі – Высокае – В. Ш.). Унёс адпаведную яснасць у гэтую праблему В. Вярэніч. “Паколькі вёскі (Пінкавічы і Вышавічы – В. Ш.) межаваліся паміж сабой і раздзяляў іх толькі шырокі школьны пляц, то, магчыма, што Я. Колас аб’яднаў (абагуліў іх у аповесці), захаваўшы пры гэтым уласцівыя для іх адметныя назвы. Хоць дадзеныя фізіяграфічнай стратыфікацыі даюць падставу аднесці назву Выганы да Вышавіч, аднак такія факты як наяўнасць воласці, прыхадской царквы і ўказанне на сялянскі бунт супраць памешчыка Скірмунта – не ў меншай меры сведчаць на карысць аднясення гэтай назвы да Пінкавіч. Адсюль вывад, што Выганы – гэта абагулены вобраз дзвюх суседніх вёсак Пінкавіч і Вышавіч. Пры разглядзе аповесці “У глыбі Палесся” сам гэты факт павінен усведамляцца, але разам з тым ён не дае падстаў для замены існуючай ідэнтыфікацыі: Выганы – Пінкавічы, Высокае – Вышавічы” [48, с. 45].

У аснову літаратурнага тапоніма Выганы Я. Колас, відаць, паклаў мясцовы мікратапонім Выган – назву ўрочышча каля Пінкавіч, куды калісьці ў часы К. Міцкевіча гаспадыні выганялі кароў “перад пашай” (В. Вярэніч). Пісьменнік па-свойму абыгрывае гэтую назву. У аповесці “У глушы Палесся” А. Лабановіч атрымаў назначэнне на працу пасля летніх вакацый: Нядаўна прыйшоў казённы пакет – назначэнне ў Выганаўскую школу. Углядаўся Лабановіч у гэтае слова: якраз яно і падыходзіць яму. Проста аж нейк дзіўна трохі, бо ў гэтым слове чуецца як бы нейкае выгнанне [К ІХ, с. 248]. Такім чынам, хоць словы Выганы і выгнанне розныя ў семантычных характарыстыках, пісьменнік, выявіўшы ў іх значэннях пэўныя асацыяцыі, звязаў іх агульным значэннем дзеяслова выгнаць – гонячы, прымусіць выйсці, выехаць, выдаліць [ТСБМ І, с. 528].

У творах Я. Коласа нярэдка можна выявіць варыянтнае ці дублетнае ўжыванне тапонімаў і іншых тапанімічных адзінак, абумоўленае найчасцей сітуацыйным выкарыстаннем такіх найменняў у мове прадстаўнікоў розных сацыяльных груп, узростаў, або апісаннем падзей у розныя часы: Расія – Расея, Нясвіж – Несвіж, Бяроза – Картуз-Бяроза, Англія – Ангелька, Японія – Апонія, Мурманск – Мурман, Маскоўшчына – Маскоўская вобласць, Навагрудскі павет – Навагрудскі уезд, Міншчына – Мінская губерня, Арахоўская выспа – Арахоўскае ўзвышша, Мінская акруга – Мінскі павет, Прусія – Прусы, Германія – Нямеччына, Панямонне – Панямонь, Папоўскія хутары – Папоўшчына, Одэр – Одра, Вусце – Вусцянска – Балачанская зямля, Вілія – Вілля, Цымлянскае вадасховішча – Цымлянскае мора, Межыгарскі Спас – Межыгорскі Спасе, Асінбуд – Асінбудаўская станцыя, Стаўбуны – Стоўбцы – Стапцы, Ласток – Сухоншчына, Драздова гара – Вапельная гара, Мікалаўшчына – Мікалаеўшчына, Сібір – Сібір-Катарга і інш. Сярод названых тапонімаў – частка створаных фантазіяй пісьменніка, якія суадносяцца з рэальнымі тапанімічнымі аб’ектамі.

Каб падкрэсліць адметнасць тапаніміі і антрапаніміі Беларусі, паказаць яе спецыфічнасць на фоне іншых анамастычных сістэм суседніх народаў, пісьменнікі звычайна выбіраюць такія частыя (рэальныя ці створаныя на ўзор тыповых) айконімы, прозвішчы, гідронімы, якія ўспрымаюцца натуральнымі на ўсім беларускім этнаграфічным абшары: Там край лясны, і людзі там лясныя: Сасноўскія, Каліны, Лазнявыя, Паддубскія, Дуброўскія, Дубягі, Альхоўскія, Альшэўскія, Карагі; І гарады лясныя там і вёскі: Дубровы, Дзераўныя, Бары Святыя, Добрыя, Старыя; І рэкі там лясныя: Дзеравянкі, Бярозы, Лані, Бераставічанкі [Лойка ІІ, с. 120]. Такія назвы ў гэтым творы, як лічыць В. Рагойша, ствараюць непаўторны вобраз ляснога краю – Беларусі. Памацняе мастацкае ўспрыняцце вершаваных радкоў умелы і прадуманы набор тыповых і аднародных па словаўтваральных мадэлях прозвішчаў, айконімаў, гідронімаў, якія, “накопліваючыся” і маючы форму множнага ліку ў паэтычным тэксце, ствараюць ампліфікацыю трох асноўных разнавіднасцей онімаў і такім чынам па-мастацку арыгінальна перадаюць анамастычны каларыт Беларусі [Раг., с. 120]. Гэтую ж асаблівасць тыповых беларускіх тапонімаў падкрэсліваюць і перакладчыкі твораў беларускай мастацкай літаратуры на рускую мову. Як звярнуў на гэта ўвагу А. Гіруцкі, назвы буйных рэк, лясных масіваў, якія функцыянуюць у перакладах, апрача прамой намінацыі, часта выступаюць як спецыфічныя сімвалы беларускага краю, як апаэтызаваныя найменні: Нёман, Прыпяць, Свіслач, Гарынь, Шчара, Налібоцкая пушча і інш., мясцовы, лакальны каларыт ствараюць тапонімы, што ўжываюцца як назвы пасёлкаў, сёл, вёсак: Гарасіца, Падвалока, Нівішчы, Вуглы, Гарэліца, Сувалкі, Ніжнія Байдуны, Плёхава, Хлюпічы, Вадовічы, Загародкі, Міхалёва, Міхалі, Сяльцо, Княжава, Скрылёва, Хвойны, Загалле, Алешнікі, Стары Двор, Курані, Глінішчы, Хваенка, Княжыца, Смолка, Выселкі, Задуб’е, Хаткі, Крыніцы, Селішча, Ліпнякі. Пераклад названай групы тапонімаў ажыццяўляецца спосабам транскрыпцыі або транслітэрацыі [52, с. 126].

Коласаўскія традыцыі ўмелага выкарыстання рэгіянальнага анамастычнага матэрыялу для стварэння натуральных мастацкіх палотнаў працягваюць іншыя пісьменнікі. Так, Іван Мележ не адзін раз зазначаў, што многія яго персанажы, тапанімічныя назвы з “Палескай хронікі” не прыдуманыя ім, не створаны мастацкай фантазіяй, а ўзяты з рэальнага жыцця і арганічна ўпісаны ў мастацкую канву яго раманаў. Землякі і знаёмыя класіка, перачытваючы старонкі яго раманаў, пазнаюць многія персанажы, прататыпы якіх жылі ў Глінішчах, Хойніках, Алексічах, Юравічах, Мазыры. Назвы гэтых паселішчаў Мележ умела ўводзіць у мастацкі тэкст, прыводзячы да іх падрабязнае этнаграфічнае апісанне, а часам і народнае тлумачэнне онімаў.

Другі вядомы пісьменнік, таксама ўраджэнец Палесся, Іван Навуменка для стварэння рэгіянальнага каларыту, усебаковага раскрыцця вобразаў у сваіх раманах “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”, “Сорак трэці” і інш. шырока ўводзіць тапанімічныя і антрапанімічныя назвы, якія семантычна і словаўтваральнымі мадэлямі характэрны для Мазырскага Палесся, дзе прайшла маладосць пісьменніка, апаленая вайной. Не аднойчы даследчыкі яго творчасці змаглі паказаць, што гэты мастак слова, прадаўжаючы творча развіваць коласаўскія традыцыі, шырока ўводзіў у тэксты поруч з гістарычнай асновай і рэгіянальныя элементы. Так, у названых раманах канкрэтныя месцы дзеянняў (Азяркі, Бацькавічы, Вербічы, Гарбылі, Грамы, Журавічы, Піляцічы і інш.), імёны і прозвішчы літаратурных герояў (Бондар, Драгун, Дрозд, Міця Птах, Іван Лобік, Мазурэнка і інш.) значна ўзмацняюць рэгіянальную плынь раманаў, бо такія тапанімічныя і антрапанімічныя адзінкі з’яўляюцца арганічнай часткай мясцовай анамастыкі, яны тыповыя для ўсходняга Палесся – радзімы пісьменніка, а ў мастацкіх замалёўках Гарбылёў (у сапраўднасці – Калінкавічаў), Журавічаў (Юравіч), Бацькавічаў (Васілевічаў – радзімы І. Навуменкі), Грамоў (ст. Нахаў) і інш. угадваюцца паселішчы, іх ваколіцы, рэальныя назвы, дзе адбываліся падзеі, апісаныя ў раманах [134, с. 151; 71, с. 151]. Развівае гэтыя традыцыі Іван Навуменка і ў аповесці “Вір”, апісваючы падзеі пасляваеннай пары ў Мінску і на перыферыі. Сярод персанажаў твора – рэдактар часопіса “Юнацкі свет” (трэба разумець “Маладосць” – В. Ш.) Гулікоўскі (відаць, Аляксей Кулакоўскі – В. Ш.), у аповесці ўпамінаецца паўднёва-прыпяцкае мястэчка Хвойнае – у сапраўднасці, мабыць, сучасны горад Хойнікі. З адценнем гумару намаляваны ў аповесці паэт Піліп Жарстак, без асаблівай цяжкасці чытач пазнае ў ім вядомага беларускага празаіка з былой Заходняй Беларусі Піліпа Пестрака.

Г. Юрчанка ў пародыі “Бабкавічы” (на творы С. Кухарава) умела абыгрывае тыповую не толькі для поўдня Беларусі анамастычную мадэль тапонімаў на –ічы і стварае шэраг штучных “сваяцкіх” онімаў з гэтымі фармантамі: Бабкавічы, Дзедкавічы, Цёткавічы, Браткавічы, Швагрэнічы, а таксама Сестрын і Дзевяроўшчыну. У аснове гэтых онімаў – беларускія апелятывы роднасці і сваяцтва баба, дзед, цётка, брат, швагер, сястра, дзевер. Названымі тапонімамі парадыст з гумарам умела падкрэслівае “рэгіянальны патрыятызм” пакрыўджанага зяця з Бабкавіч, які “пазамінулае лета хадзіў зяцем у Дзедкавічы, але аблетаваць не справіўся: праз тыдзень ачомаўся і збег” назад у свае Бабкавічы. Пра іншыя паселішчы дзедкавіцкі зяць паведамляе самыя розныя небыліцы, напрыклад, “пра Дзевяроўшчыну зусім расказвае несусвецце. Нібыта Гараська Лантух цягнуў тамацька жаробку на хлеў, штоб травіцу са страхі стравіць...” [АБП (2), с. 119–121]. І хоць пародыя заканчваецца патрыятычнай фразай: “Я – бабкавец!”, чытач, безумоўна, шчыра і прыхільна будзе ўспрымаць радство і сваяцтва і дзедкаўцоў, і цёткаўцоў, і браткаўцоў, і прадстаўнікоў іншых вёсак вакол Бабкавіч.

Такім чынам, прааналізаваны тапанімічны матэрыял з твораў пісьменнікаў сведчыць, што мастакі слова шырока выкарыстоўваюць рэальныя і створаныя іх фантазіяй тапанімічныя назвы не толькі для ідэнтыфікацыі пэўных канкрэтных мясцін, паселішчаў, рэгіёнаў і іншых аб’ектаў навакольнага асяроддзя, а і ў якасці асноўнага рэгіянальнага кампанента для перадачы ў творах мясцовага каларыту і ўсебаковага апісання і раскрыцця вобразаў. У мастацкіх палотнах пісьменнікаў выяўляюцца ўсе асноўныя разнавіднасці тапанімічных назваў – айконімы, гідронімы, урбанонімы, аронімы, мікратапонімы і інш. Сярод іх пераважаюць рэальныя анамастычныя адзінкі, якія ўласцівы не толькі беларускаму анамастыкону, а і іншым тапанімічным сістэмам. Так, у творах Я. Коласа большасць тапанімічных адзінак можна ўмоўна суадносіць з наступнымі рэгіёнамі Беларусі і суседніх краін: Стаўбцоўскае Панямонне, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады класіка; Пінскае Палессе, з якім цесна звязаны творчы лёс пісьменніка. Прымыкае да яго анамастычная лексіка і тапанімія, што засведчана ў творах, прысвечаных падзеям, якія адбываліся на Мазырскім Палессі; трэці рэгіён Беларусі, тапанімія якога адлюстравалася ў яго творах без змен ці з пэўнымі зменамі – Міншчына – Пухаўшчына – Чэрвеньшчына. Засведчана ў творах пісьменніка і тапанімія іншых рэгіёнаў, дзе Я. Коласу прыходзілася жыць, працаваць (Віцебшчына, Куршчына, Падмаскоўе, Урал, Узбекістан і інш.).

Усе тапанімічныя назвы (а такіх адзінак у яго творах 629) з улікам іх мастацкай апрацоўкі і ўжывання можна выдзеліць у 4 значныя семантычныя групы:

а) тапонімы выдуманыя, створаныя фантазіяй пісьменніка;

б) тапонімы рэальныя, якія ёсць ці былі ў розных частках Беларусі і за яе межамі, якія Я. Колас увёў у мастацкія тэксты;

в) тапонімы рэальныя, але часткова змененыя мастаком слова;

г) тапонімы, якія называюць рэальныя аб’екты, але былі заменены пісьменнікам поўнасцю.

У залежнасці ад жанравай разнавіднасці мастацкага тэксту, яго эмацыйнай афарбоўкі ў творах мастацкай літаратуры выдзяляюць некалькі функцый тапанімічных адзінак. У творах Я. Коласа, напрыклад, яны наступныя:

1) рэальна-геаграфічная, нейтральна-апісальная: Мінск, Вільня, Масква, Курск, Орша, Ташкент і інш.;

2) канкрэтна-біяграфічная: Мікалаеўшчына (Мікалаўшчына), Ласток, Альбуць, Смольня, Пінск;

3) прастамоўна-гумарыстычная: Загібелька, Свіная вуліца, Галадранка, Галапузаўка, Апонія, Ангелька;

4) узвышана-лірычная, паэтычная: Нёман, Сустрэнаўка, Вусцянска-Балачанская зямля і інш.

Частка такіх онімаў створана пісьменнікам з пэўнымі літаратурна-эстэтычнымі задачамі: яны ў тэкстах выконваюць разнастайныя стылістычныя функцыі, ствараючы неабходны мастаку фон у развіцці сюжэту і кампазіцыі твора і інш. Цікавасць для даследчыкаў мовы і стылю пісьменніка ўяўляюць найменні, створаныя фантазіяй мастака слова, а таксама тапонімы, якія Я. Колас падпраўляў, змяняючы іх мэтанакіравана з улікам рэалізацыі і ўвасаблення творчай задумкі. У сваіх творах пісьменнік ужываў і тапонімы-дублеты, а таксама тапонімы-сімвалы. Частка такіх онімаў у яго творах мае празрыстую семантыку, якая ўмела рэалізуецца і тлумачыцца пісьменнікам ў народных легендах, паданнях. Асобныя тапанімічныя назвы мастак слова, выкарыстоўваючы разнастайныя прыёмы, арыгінальна абыгрываў, выяўляючы іх канатацыйны змест.