Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
1к_Арх_Муз_Док_ДО_2к_Ист_ДО_лекции.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
337.41 Кб
Скачать

Заняпад Рэчы Паспалітай і яе першы падзел

Заняпад, а ўслед за ім і знікненне з карты Еўропы некалі магутнай дзяржавы былі абумоўлены шэрагам прычын.

Шматлікія войны знясілілі Рэч Паспалітую эканамічна. Разбурэнні, прынесеныя шведскім "патопам" (1655 – 1660), вайной з украінскім казацтвам (1648 – 1654) і Расіяй (1654 – 1667), Паўночнай вайной (1700 – 1721), выклікалі ў дзяржаве дэмаграфічны і гаспадарчы крызіс, адкінулі на дзесяткі гадоў назад яе ў эканамічным развіцці.

Шэраг прычын заняпаду Рэчы Паспалітай быў закладзены ў самім яе грамадскім і дзяржаўным ладзе. У той час, як суседнія дзяржавы перажывалі уздым і пашыралі свае тэрыторыі, Рэч Паспалітая "трымалася беспарадкам". Яна апынулася ў стане поўнай анархіі і бязладдзя, якія сталі вынікам злоўжывання "залатымі шляхецкімі вольнасцямі". У боязі згубіць свае правы і прывілеі літвінска-польская шляхта рашуча супраціўлялася любым рэформам. Прынцып "непарушнасці" палітычнага ладу знайшоў адлюстраванне ў Канстытуцыі 1669 г.: "... ніякая навіна ў Рэчы Паспалітай не можа быць дапушчана як пагроза разлажэння і вялікіх рэвалюцый". Палітычная праграма ліцвінскай шляхты зводзілася да адзінага найгалоўнейшага патрабавання – нічога новага.

Для дасягнення сваіх мэт і абароны сваіх правоў шляхта на чале з магнатамі аб'ядноўвалася ў канфедэрацыі (узброеныя палітычныя саюзы), а тыя пераходзілі ў рокашы (мяцяжы), што час ад часу бударажылі краіну. "Залатая шляхецкая вольнасць" абарочвалася самавольствам, беспарадкамі, анархіяй, асабліва ў перыяды бескаралеўя. Калі ў Еўропе мацнелі абсалютысцкія манархіі, то ў Рэчы Паспалітай, наадварот, адбывалася аслабленне каралеўскай улады. Выбарнасць караля, які мусіў гарантаваць шляхце ўсё большыя уступкі, хутка прывяла да канцэнтрацыі ў яе руках фактычна поўнай заканадаўчай і выканаўчай улады.

Разам з аслабленнем цэнтральнай улады ўзмацнялася магутнасць буйнейшых зямельных магнатаў якія ператварыліся па сутнасці ва ўдзельных князёў. Радзівілы, Сапегі, Вішнявецкія акружылі сябе шматлюднымі, поўнымі залежнай шляхты дварамі, якія здзіўлялі сучаснікаў сваім багаццем. Заможныя і уплывовыя магнаты мелі прыватнае войска (так званыя "надворныя харугвы"), з дапамогай якога вялі паміж сабой барацьбу за ўплыў у дзяржаве. Іх землі вартавалі шматлікія замкі-крэпасці, нярэдка больш сучасныя і ўмацаваныя, чым дзяржаўныя. Эканамічна адасобленыя ўладанні ўяўлялі своеасаблівыя "дзяржавы ў дзяржаве". У XVII і XVIII стст. магнатэрыя стала рашаючай сілай у краіне, яна фактычна кіравала дзяржавай ці, дакладней, сваімі непамернымі амбіцыямі вяла яе да скону. У сваіх бойках за першынство магнаты ўсё часцей звяртаюцца за падтрымкай да іншаземных дзяржаў. У канцы XVII – пачатку XVIII стст. амбіцыі магнацкіх родаў у ВКЛ даходзяць да ўзброенага саперніцтва, перарастаюць у грамадзянскія войны.

Рэч Паспалітая, якая з 60-х гг. пачала інтэнсіўна праводзіць рэфармацыйную дзейнасць, пэўна ж здолела б пераадолець эканамічны і палітычны крызіс. І разбор яе суседнімі дзяржавамі не быў гістарычнай наканаванасцю. Але першыя памкненні палітычных рэформ прывялі да выбуху незадавальнення з боку рэакцыйнай магнатэрыі, якая імкнулася да неабмежаванай улады. А уладу ў тагачасных абставінах падносілі на сваіх штыках суседнія Расія і Прусія. Слабасць цэнтральнай улады і шляхецкая анархія, слабыя сувязі паміж рознымі часткамі дзяржавы, рэзкія сацыяльныя канфлікты, канфесійныя і этнічныя супярэчнасці – усё гэта рабіла Рэч Паспалітую лёгкай здабычай суседзяў.

У пачатку 60-х гадоў у Рэчы Паспалітай найбольшую вагу мела сям'я Чартарыйскіх і яе бліжэйшыя крэўныя. Пасля смерці Аўгуста III гэтая магнацкая групоўка вырашыла абаперціся на дапамогу Расіі, каб на выбарчым сойме правесці на трон Рэчы Паспалітай свайго кандыдата. Найбольш верагодным прэтэндэнтам быў стольнік Вялікага княства Літоўскага, пляменнік канцлера Міхала Фрэдэрыка Чартарыйскага, ураджэнец маёнтка Волчын Берасцейскага павета Станіслаў Панятоўскі. Гэтая кандыдатура задавальняла Кацярыну II – Панятоўскі доўгі час быў паслом у Пецярбургу і карыстаўся асабістай прыхільнасцю імператрыцы. На выбарчым сойме 1764 г. намаганнямі Чартарыйскіх і ціскам прысутных пад Варшавай рускіх войскаў, Панятоўскі быў абраны на трон Рэчы Паспалітай і прыняў каралеўскае імя Аўгуст.

Пасля першага поспеху Чартарыйскія і іх прыхільнікі прапанавалі план рэформ, які з некаторымі абмежаваннямі быў прыняты. Было ліквідавана права "ліберум вета", створана так званая "канферэнцыя караля з міністрамі" – прататып кабінета міністраў, які ажыццяўляў выканаўчую ўладу, зроблены захады па ўпарадкаванні фінансавай сістэмы дзяржавы, скасаваны ўнутраныя мытні, уведзены генеральны мытны тарыф і інш.

Расія і Прусія не жадалі ўзмацнення Рэчы Паспалітай, выступілі з пратэстам супраць асобных пунктаў праграмы рэформ. Яшчэ ў 1764 г. гэтыя дзве дзяржавы заключалі паміж сабой пагадненне, згодна з якім яны абавязваліся перашкаджаць сілай зброі рэфармаванню дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Пытаннем, якое зрабіла магчымым для Расіі і Прусіі ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, была праблема дысідэнтаў –праваслаўных і пратэстантаў, абаронцамі якіх дзве вышэйназваныя дзяржавы выступалі згодна з ранейшымі пагадненнямі. У Рэчы Паспалітай правы дысідэнтаў былі значна абмежаваныя.

Пасля абрання на трон Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага палітыка ўлад у дачыненні да іншаверцаў не змянілася. На сойме 1764 г. была нават прынята пастанова аб пакаранні смерцю кожнага, хто асмеліцца перайсці з каталіцтва ў іншае веравызнанне. Спагнанні на дысідэнтаў з боку ўлад у гэты час можна растлумачыць не толькі націскам з боку фанатычных католікаў, якіх шмат было сярод магнатаў і шляхты, але таксама агульным накірункам унутранай палітыкі на уніфікаванне, кансалідацыю розных частак Рэчы Паспалітай, што павінна было, на іх думку, узмацніць дзяржаву. З другога боку, ліквідаванне розніцы ў веравызнанні паміж рознымі часткамі Рэчы Паспалітай пагражала асіміляцыяй беларускаму, украінскаму і іншым народам. Але далейшыя падзеі паказалі, што вырашэнне пытання іншаверцаў у Рэчы Паспалітай хвалявала яе суседзяў менш, чым магчымасць павялічыць свае тэрыторыі за кошт аслабленай польска-літоўскай дзяржавы.

Станіслаў Аўгуст і Чартарыйскія не далі згоды на хуткае ўраўнаванне дысідэнтаў у правах з католікамі, што было ўспрынята Кацярынай II і Фрыдрыхам II як спроба выйсці з-пад кантролю Расіі і Прусіі. Пад патранатам Расіі і Прусіі ў 1767 г. стварылася ў Слуцку праваслаўная, а ў Торуні пратэстанская канфедэрацыі, якія ставілі мэтай дасягненне роўнасці канфесій. Да Рэчы Паспалітай былі накіраваны новыя царскія войскі.

У кастрычніку 1767 г. пачаў працу сойм, у парадку дня якога стаяла пытанне аб ураўнаванні ў правах дысідэнтаў і вяртанні дарэформенных парадкаў. Сойм стварыў спецыяльную Камісію, якая павінна была выпрацаваць праект рашэнняў у справах дысідэнтаў. Праз год на пасяджэнні сойма былі прыняты так званыя "Кардынальныя правы", якія мелі сілу закона і вярталі былыя парадкі і прывілеі: 1) выбарнасць караля, права "ліберум вета"; 2) выключнае права шляхты на займанне дзяржаўных пасад; 3) валоданне зямлёй; 4) права суда над прыгоннымі і г.д.

У "Кардынальных правах" меліся і некаторыя новыя нормы. У прыватнасці, памешчыкі былі пазбаўлены права прыгаворваць прыгонных сялян да пакарання смерцю, на тэрыторыі Польшчы была пашырана норма права, якая існавала ў Статуце Вялікага княства Літоўскага, аб крымінальнай адказнасці шляхціча за забойства простага чалавека. "Кардынальныя правы" дэкларавалі нязменнасць дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай і абвяшчалі гарантам гэтага Расійскую імперыю. Так упершыню дэ-юрэ ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай былі пастаўлены ў залежнасць ад пазіцыі Расійскай дзяржавы. На гэтым жа сойме дысідэнты былі ўраўнаваны ў правах з католікамі. Ім дазвалялася займаць дзяржаўныя пасады, браць шлюб з католікамі і г. д.

Ураўнаванне ў правах дысідэнтаў, узмацненне залежнасці Рэчы Паспалітай ад Расіі і Прусіі выклікалі незадавальненне часткі шляхты і магнатаў. У лютым 1768 г. у крэпасці Бар на Украіне імі была створана канфедэрацыя, якую ўзначаліў Юзаф Пуласкі. Канфедэраты выступілі супраць караля, змагаліся за панаванне каталіцтва ў Рэчы Паспалітай, за незалежнасць і цэласнасць краіны. Да гэтага руху далучыліся магнаты і шляхта ў іншых рэгіёнах Рэчы Паспалітай. У 1770 – 1771 гг. на Беларусі дзейнічалі асобныя атрады канфедэратаў, якія вялі партызанскую вайну. У Барскай канфедэрацыі ўдзельнічалі буйнейшыя магнаты, у тым ліку К. Радзівіл і М.К. Агінскі. Рашучая бітва паміж войскамі канфедэратаў і царскай арміяй адбылася на Беларусі 23 верасня 1772 г. Войскі канфедэратаў (3 тыс. чалавек), якімі камандаваў М.К. Агінскі, былі разбіты А. Суворавым.

У гэты час прускі кароль Фрыдрых ІІ пачаў рабіць захады, накіраваныя на падзел тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У пачатку 1772 г. было дасягнута пагадненне паміж Расіяй і Прусіяй па гэтым пытанні, затым да іх далучалася Аўстрыя. 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу была падпісана канвенцыя, згодна з якой акрэсліваліся ўмовы і межы падзелу. Прусія анексіравала паўночна-заходнюю частку Польшчы, Аўстрыя – поўдзень Польшчы і Галіцыю. Расія атрымала землі на ўсход ад Дзвіны і Дняпра – Інфлянцкае ваяводства, вялікую частку Полацкага і Віцебскага ваяводстваў, Мсціслаўскае ваяводства і Рагачоўскі павет Мінскага ваяводства – ўсяго 92 тыс. кв. км. і 1 млн. 300 тыс. жыхароў.