Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
1к_Арх_Муз_Док_ДО_2к_Ист_ДО_лекции.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
337.41 Кб
Скачать

Матэрыялы да лекцый па гісторыі Беларусі перыяду Рэчы Паспалітай.

Люблінская унія і ўтварэнне Рэчы Паспалітай

Гісторыя збліжэння Вялікага княства Літоўскага з Польскім каралеўствам бярэ свой пачатак з Крэўскай уніі 1385 г., калі дзве дзяржавы ўпершыню аб'ядналіся на аснове дынастычна-персанальнай уніі пры захаванні імі пэўнай самастойнасці ва ўнутранай і знешняй палітыцы. Неаднаразовае аднаўленне і перазаключэнне уній (у 1401, 1413, 1446, 1501 гг.) сведчыць, па-першае, аб іх нетрываласці, па-другое, аб наяўнасці ў жыцці абедзвюх дзяржаў такіх фактараў, якія падштурхоўвалі іх да збліжэння. У ХV – ХVІ стст. вызначылася трывалая тэндэнцыя: чым больш абвастраліся адносіны Вільні з Масквой, тым больш правячая вярхушка ВКЛ схілялася да аб'яднання з Польшчай. Асабліва востра пытанне аб уніі зноў паўстала у 60-я гады XVI ст., што мела пад сабой як знешне, так і ўнутрыпалітычную прычыны.

Амаль няспынныя з канца XV ст. войны Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ, пад час якіх яно страціла 1/3 сваёй тэрыторыі на карысць усходняга суседа, і набегі крымскіх татар аслабілі княства. Няўдачы ў Лівонскай вайне і, у прыватнасці, страта Полацка была самым моцным палітычным і ваенным паражэннем ВКЛ за усю гісторыю войнаў з Маскоўскай дзяржавай. Захоп войскам Івана Грознага Прыбалтыкі і Полацка адсекла усходнюю і цэнтральную часткі Беларусі ад мора, што было цяжкім ударам па гандлі. Сілы дзяржавы былі на мяжы магчымага. Гэта вайна, як адзначалі пазней палітыкі, прыгнала ВКЛ да новай уніі з Польшчай.

У першай палове XVI ст. на змену рэлігійным супярэчнасцям, уласцівым палітычнаму жыццю княства ў XIV – XV стст., прыходзяць іншыя – ўнутрысаслоўныя супярэчнасці паміж магнатэрыяй (багатай шляхтай) і шляхтай сярэдняй ды дробнай. Пераважнае, дамінуючае становішча ў дзяржаве належала магнатам, якія адціскалі шляхту на другі план. Элітарнае магнацтва, буйныя землеўласнікі мелі амаль неабмежаваную ўладу ў ВКЛ, праводзілі на соймах і сойміках свае рашэнні, маніпулюючы большасцю шляхты, якая не мела ў дзяржаве ніякай рэальнай улады. Літвінскую шляхту прываблівалі "залатыя вольнасці" польскай шляхты, якая мела доступ да ўлады, рашуча ўплывала на ўнутраную і знешнюю палітыку ўрада. Дасягненне гэтых мэтаў яна звязвала з заключэннем уніі з Польшчай.

Альтэрнатывай саюза з Польшчай для ВКЛ магло быць заключэнне уніі з Масковіяй і прызнанне над сабой улады Івана IV ці яго сына. Але ў 60-я гг. XVI ст. беларуская шляхта шукала менавіта саюза з Польшчай, бо маскоўскае дваранства не мела такой вольніцы, як польскія шляхцічы. Больш таго, гэта быў час апрычніны, дэспатычны рэжым Івана IV адпужваў літвінскую шляхту. Вольнасці шляхецкай рэспублікі павярнулі пануючы клас гаспадарства ў бок Польшчы.

На перамовах урад ВКЛ і кіруючыя колы Польшчы прапаноўвалі розныя ўмовы злучэння дзяржаў. Літвінскія палітыкі хацелі абмежавацца ваенна-палітычным саюзам, які б захаваў незалежнасць і самастойнасць княства. Прадстаўнікі Польшчы не згаджаліся з такой пастаноўкай пытання, а стаялі за першынство Польшчы і за скасаванне незалежнасці ВКЛ. Кожны бок цвёрда стаяў на сваім.

Для канчатковага вырашэння пытання аб уніі на 23 снежня 1568 г. быў прызначаны з'езд у Любліне. Паслы ВКЛ, у ліку якіх было шмат магнатаў, адчувалі, што абставіны складваюцца не на іх карысць, збіраліся памалу і як бы нехаця. Больш-менш значная колькасць іх сабралася толькі да 10 студзеня 1569 г. У склад дэлегацыі ВКЛ уваходзілі канцлер і віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Руды, падканцлер Астафей Валовіч, жамойцкі стараста Ян Хадкевіч, падскарбій Мікалай Нарушэвіч і іншыя ўплывовыя асобы. На сойм прыбылі кароль і каля 160 паслоў і сенатараў Польшчы і ВКЛ. У гэты ж дзень пачаліся перамовы. Амаль шэсць месяцаў працягваўся сойм. Кожны бок ставіў свае ўмовы, якія не прымаліся супрацьлеглым. Ніхто не саступаў. Больш таго, дэлегацыя ВКЛ раскалолася на магнацкую і шляхецкую групы, з якіх першая была супраць, а апошняя стаяла за ўтварэнне уніі з Польшчай.

Калі паслы княства ўбачылі пагрозу гвалтоўнага заключэння уніі на непрымальных для сваёй дзяржавы ўмовах, яны ў знак пратэсту ў ноч на 1 сакавіка 1569 г. пакінулі Люблін з намерам сарваць перамовы. Пры падтрымцы польскіх паслоў вялікі літоўскі князь, кароль польскі Жыгімонт Аўгуст, скарыстаўшы цяжкае знешнепалітычнае становішча княства, фактычна здзейсніў акт дзяржаўнай здрады – незаконна, насуперак сваім абяцанням і прысягам аб захаванні цэласнасці тэрыторыі ВКЛ, 5 сакавіка 1569 г. выдаў універсал аб перадачы Польшчы Падляшша з гарадамі Бельск, Беласток, Драгічын-на-Бугу, Мельнік. Такімі ж незаконнымі актамі без згоды сойма былі адарваны ад княства і далучаны да Польшчы Валынь, Падолле, Кіеўшчына.

Супрацьпраўныя акты Жыгімонта Аўгуста, разбурэнне адзінага фронту барацьбы за незалежнасць княства з-за пазіцыі ўкраінскіх паслоў і сенатараў зламалі супраціў магнатаў. У чэрвені на пагрозлівы выклік караля яны вярнуліся ў Люблін. Жыгімонт загадаў дэпутатам літвінам прыняць унію. Магнаты пайшлі на згоду.

1 ліпеня 1569 г. быў падпісаны акт уніі. Паводле гэтага акта, Каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае злучаліся ў адну дзяржаву, якая атрымлівала назву Рэч Паспалітая. Унія была заключана на наступных умовах:

Злучаныя дзяржавы маюць аднаго гаспадара – караля, які носіць тытул "кароль польскі і вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, мазавецкі, жамойцкі, кіеўскі, валынскі, падляшскі і ліфляндскі. Яго пасада была не спадчыннай, а выбарнай. Абіраюць яго народы абедзвюх дзяржаў разам, для гэтай мэты збіраецца сойм у Варшаве. Каранацыя караля адбываецца ў Кракаве. Літва не мае права абраць для сябе асобнага вялікага князя. Для вырашэння найважнейшых дзяржаўных спраў збіраецца агульны сойм Рэчы Паспалітай. Ён складаецца з дэпутатаў, абраных на павятовых сойміках. Пасяджэнні сойма праходзяць на польскай зямлі. Скліканне асобных соймаў для ВКЛ і для кароны не прадугледжвалася. Усе нязгодныя з умовамі уніі ранейшыя пастановы ВКЛ касуюцца. Украіна (Кіеўшчына, Валынь, Падолле) і Падляшша аддзяляюцца ад ВКЛ і далучаюцца да Польшчы. Лівонія аб'яўляецца сумесным валоданнем княства і кароны. Дзяржавы праводзяць агульную знешнюю палітыку.

Разам з тым, княству не адводзілася роля каланіяльнай ускраіны. Люблінская унія захоўвала пэўную самастойнасць ВКЛ. Яно мела сваё войска, асобнае ад Польшчы заканадаўства і судовую арганізацыю, захоўвала даўні адміністрацыйны апарат і сваю пячатку. Польшча і ВКЛ захоўвалі самастойныя назвы і да канца XVII ст. мелі розныя дзяржаўныя мовы. Афіцыйнай дзяржаўнай мовай ВКЛ заставалася старабеларуская, у Польшчы – лацінская. Нягледзячы на ўмовы уніі, у XVI – першай палове XVII стст. грошы ў кароне і княстве былі асобныя. Захавалася нават мытная мяжа паміж імі.

Для іншых дзяржаў Рэч Паспалітая была адзіным цэлым утварэннем, але ўнутры яе існавала дзяленне на карону, або Польшчу, – у яе склад уваходзілі польскія і ўкраінскія землі, і княства, ці Літву, – яна складалася з зямель сучаснай Літвы, Беларусі і некаторых рускіх зямель.

Большая частка пануючага класа ВКЛ у апошняй трэці XVI ст. праяўляла незалежніцкія, антыпольскія настроі. Вялікакняжацкія палітыкі імкнуліся вывесці сваю дзяржаву з таго тупіка, у якім яна апынулася ў выніку Люблінскай уніі. Насуперак акту уніі ў ВКЛ у 70 – 80-я гг. XVI ст. рэгулярна збіраліся агульнадзяржаўныя соймы. У 1581 г. была створана асобная вышэйшая судовая інстанцыя для ВКЛ – Галоўны трыбунал. А прыняты ў 1588 г. Статут, па сутнасці, скасоўваў многія пастановы Люблінскай уніі.

Барацьбітом за незалежнасць княства ў складзе Рэчы Паспалітай, які пастаянна дбаў пра ўмацаванне яго эканамічнай і палітычнай магутнасці, быў буйнейшы палітычны і грамадскі дзеяч ВКЛ Леў Сапега (1557 – 1633) – сакратар, потым пісар дзяржаўнай канцылярыі, падканцлер і ўрэшце канцлер. Сапега вёў барацьбу з Жыгімонтам III за поўную самастойнасць княства, імкнучыся прымусіць яго паважаць законы сваёй дзяржавы. Ён дамогся таго, што кароль мусіў узгадняць свае рашэнні па ўсіх пытаннях на тэрыторыі княства з канцлерам.

Водгаласкі незалежніцкіх настрояў паслялюблінскага перыяду часам адчуваліся у XVII ст. Яны ўвасабляліся ў спробах аднаўлення дзяржаўнай самастойнасці ВКЛ.