Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Lektsyya_3_Gistoryya_Belarusi.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
454.14 Кб
Скачать

Мезаліт

Апошні ледавік зышоў прыблізна 13-8 тыс. гадоў таму, пасля чаго на тэрыторыі Беларусі пачаўся мезаліт. Па меры таяння і адступлення ледавіка клімат рабіўся ўсё больш цёплым, тэрыторыя паступова пакрывалася лесам. Пераходзячы з месца на месца, чалавек паступова рухаўся на поўнач. Быў вынайдзены лук, які змяніў характар палявання. Пачалося інтэнсіўнае асваенне новых тэрыторый. На Беларусі вядома 120 мезалітычных стаянак трох асноўных археалагічных культур (грэнскай, свідэрскай і сожскай), а агульная колькасць насельніцтва складала каля 4,5 - 6 тыс. чалавек.

Неаліт

У эпоху неаліту (4-3 тыс. гадоў да н.э.) клімат стаў яшчэ цяплейшым. Прысвойвальая гаспадарка дасягнула свайго росквіту. На Беларусі да неаліту адносяцца плямёны нёманскай, днепра-данецкай, нарвенскай і верхнедняпроўскай культур. Вывучэнне могілак днепра-данецкай культуры ва Украіне даказалі, што прадстаўнікі гэтай культуры належалі да паўночных еўрапеоідаў ці позніх краманьёнцаў. Асноўным заняткам неалітчных плямёнаў было рыбалоўства, усе астатнія заняткі не былі так распаўсюджаныя.

Бронзавы век

Каля 2000 гадоў да н.э. пачаўся бронзавы век, спачатку на поўдні сучаснай Беларусі. Бронза выкарыстоўвалася не так часта як камень, таму што матэрыялаў для стварэння бронзавых прыладаў працы - медзі і волава - тут не было. Але ж медныя і бронзавыя рэчы знаходзяць на тэрыторыі Беларусі, што сведчыць пра гандлёвыя сувязі тагачаснага насельніцтва. Асноўныя культуры гэтага часу - сярэднедняпроўская, вісла-нёманская, тшцінецкая. Паступова Беларусь засялялі індаеўрапейцы, з прыходам якіх пачаўся паступовы пераход да вытворчай гаспадаркі (асноўным заняткам індаеўрапейцаў была жывёлагадоўля). З канца бронзавага веку большасць тэрыторыі сучаснай Беларусі была заселеная балтамі (гл. Культура штрыхаванай керамікі).

Жалезны век

Жалезны век на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачаўся ў 8-7 ст. да н.э. У адрозненне ад медзі, на тэрыторыі Беларусі сустракаюцца радовішчы жалеза (у выглядзе так званых "балотных руд" або "лугавых руд"). Мясцовыя майстры пачалі вырабляць жалезныя прылады працы. З дапамогай жалезных сякераў чалавек паступова засвоіў новы метад земляробства - падсечна-агнявы (лядны). Дрэвы зрубалі, спальвалі і попелам угнойвалі глебу. У яе высявалі зерне і баранавалі "сукаваткай", якую рабілі з верхавіны дрэва. Некалькі гадоў атрымлівалі добрае збожжа. Калі ўраджай рэзка зніжаўся, пераходзілі на новую дзялянку. Вырошчвалі проса, пшаніцу, бабы.

Беларусь у раннім Сярэднявеччы. Станаўленне і развіццё феадалізму (VI – першая палова хііі стст.)

Полацкае княства, Тураўскае княства

Дагэтуль застаецца адкрытым пытанне, калі ўзнікла дзяржаўнасць у народаў Усходняй Еўропы. Гэта абумоўлена недастатковасцю пісьмовых крыніц, што дайшлі да нашага часу. Вынікам гэтага стала шматлікасць тэорый, распрацаваных навукоўцамі розных гістарычных перыядаў, якія называюць свае даты і прычыны паходжання дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі. У адпаведнасці з нарманскай тэорыяй, якая доўгі час панавала ў дарэвалюцыйнай гістарычнай навуцы, першыя дзяржавы ва Усходняй Еўропе былі ўтвораны замежнымі князямі-варагамі ў IX ст. Аднак гэтая тэорыя аспрэчвалася шматлікімі навукоўцамі. Першым антынарманістам быў Міхаіл Ламаносаў, які звяртаў увагу на тое, што запрошаныя ў Расію нямецкія вучоныя ў значнай ступені прыдумалі гэтую тэорыю. У савецкі перыяд нарманскую тэорыю крытыкавалі С.У.Юшкоў, Б.Д.Грэкаў, Б.А.Рыбакоў і іншыя. Так, па меркаванні Б.А.Рыбакова, дзяржаўнасць у славян паўстала на мяжы старой і новай эры. Ён адзначаў, што археалагічныя крыніцы сведчаць пра значнае эканамічнае развіццё ўсходнеславянскага грамадства ўжо ў V - III стст. да н.э., які ў гэты перыяд дайшоў "да ўзроўню дзяржаўнасці", аднак быў прыпынены сармацкім нашэсцем у II ст. да н.э.

У 9 - 10 ст. на тэрыторыі Беларусі рассяліліся славяне. Некаторыя іх племянныя саюзы ператварыліся ў дзяржаўныя ўтварэнні — княствы, з адпаведнымі цэнтрамі — гарадамі. У крывічоў вылучыўся Полацк, у дрыгавічоўТураў. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў адбываўся складаны працэс уваходжання гэтых уладанняў у склад Кіеўскай дзяржавы. Аднак падпарадкаванне Полацкага і Тураўскага княстваў Кіеву не было сталым.

Знаходзячыся на ажыўленым гандлёвым шляху, Полацкае княства хутка ператварылася ў адно з вялікіх і моцных, а Полацк стаў буйным палітычным і гандлёва-рамесным цэнтрам (гл. Рагвалод і Рагнеда). Найбольшага росквіту Полацкае княства дасягнула ў XI — XII ст. пры княжанні тут Усяслава Брачыславіча (1044 — 1101; гл. Усяслаў Чарадзей) і Барыса Усяславіча (1101 — 1128; гл. Барысавы камяні). Аднак у гэты час з яго раздрабілася на ўдзелы — Менскі (кан. XI — пач. XII ст.), Віцебскі (пач. XII ст.), Друцкі, Лагожскі (Лагойск, другая пал. XII ст.), утварылася Полацкая епархія.

Тураўскае княства — найбуйнейшае пасля Кіева, Ноўгарада і Полацка, займала вялікую тэрыторыю ў басейне ракі Прыпяць, знаходзілася ў залежнасці ад Кіева, звычайна вялікія князі кіеўскія давалі Тураў сваім трэцім сынам. 3 другой паловы XII ст. Тураўскае княства набыло незалежнасць ад Кіева і хутка раздрабілася на ўдзелы, якія трапілі ў кола інтарэсаў уладзіміра-валынскіх князёў: Пінскае, Клецкае, Слуцкае, Дубровіцкае, Сцяпанскае княствы. У XIII ст. у залежнасці ад Турава-Пінскага княства былі такія княствы, як Капыльскае, Брагінскае, Клецкае, Нясвіжскае, Мазырскае, Рэчыцкае.

Лёс тэрыторый заходняй часткі Беларусі быў не менш складаным і супярэчлівым. Найбуйнейшым княствам тут з'яўлялася Гарадзенскае, з якога пазней вылучыліся Новагародскае, Ваўкавыскае. У сяр. XIII ст. гэтыя землі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага.

Княствы беларускіх земляў: Барысаўскае, Ваўкавыскае, Віцебскае, Гарадзенскае, Друцкае, Дубровіцкае, Ізяслаўскае, Клецкае, Лагожскае, Лукомскае, Менскае, Наваградскае, Полацкае, Свіслацкае, Слонімскае, Слуцкае, Тураўскае.

Першыя згадкі пра гарады Беларусі: Полацк - 862, Віцебск - 947, 1021, Тураў - 980, Заслаўе - 986, Друцк - 1001 (?), 1078, Берасце - 1017, 1019, Копысь - 1059, 1060, Браслаў - 1065, Менск - 1067, Лагойск - 1078, 1127, Лукомль - 1078, Пінск – 1097, Барысаў - 1102, 1127, Орша - 1116, Слуцк - 1116, Наваградак - паводле ўскосных дадзеных 1228, 1235, Гародня - 1127, Клецк - 1127, Мсціслаў - 1135, Слаўгарад (Прупой, Прапошаск, Прапойск) - 1136, Крычаў (Крэчут) - 1136, Гомель - 1142, Рагачоў - 1142, Брагін - 1147, Мазыр - 1155, Чачэрск - 1159, Рэчыца - 1213/14, Слонім - 1252, Ваўкавыск - 1252, Здзітаў - 1252, Турыйск - 1253, Магiлёў - 1267, Капыль - 1274, Камянец - 1276, Кобрын - 1287.

Вялікае Княства Літоўскае (другая палова ХІІІ – першая палова XVI стст.)

"Пагоня" - герб ВКЛ (прыняты Віценем)

У пач. XIII ст. было ўтворана Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ), якое ўлучыла значную частку этнічных беларускіх земляў (гл. каранацыя Міндоўга 1253 г. (~1195 — 1263), сталіца — Наваградак).

3 сярэдзіны XIII ст. ў дзяржаўнай пабудове земляў, адпаведных тэрыторыі сучаснай Беларусі, адбыліся кардынальныя змены. Землі Полацкага княства (на той час у яго ўваходзілі буйныя надзелы) былі ўключаныя ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У аснове гэтага паступовага працэсу было мноства прычын, аднак галоўныя падпарадкаваліся мэце стварэння палітычнага, ваеннага і эканамічнага саюзу паміж Полацкай і Літоўскай землямі супраць крыжакоў, галіцка-валынскіх князёў, татара-манголаў. Канчаткова Полацкая зямля ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага на правах аўтаноміі, паводле дамовы, у 1307. У 1320 туды ўвайшло Віцебскае княства.

Працэс фармавання Вялікага Княства Літоўскага быў працяглым. Дынастычныя шлюбы, пагадненні (у рэдкіх выпадках захоп) паміж асобнымі княствамі прывялі да ўзнікнення федэратыўнага аб'яднання. Вядучую ролю ў ім адыгрывалі старажытнарускія формы кіравання дзяржавай з адпаведнымі законамі, мовай, рэлігіяй.

Пасля смерці вялікага князя Гедыміна (~1275 — 1341; сталіца — Вільня) і адносна кароткага перыяду адасаблення некаторых тэрыторый на чале дзяржавы стаў сын Гедыміна Альгерд (~1295 — 1377). Яго намаганнямі ўладанні Вялікага княства Літоўскага пашырыліся і ўключалі Чарнігава-Северскія, Валынскія, Пераяслаўскія землі, Смаленскае княства, а таксама тэрыторыі ў басейнах Днястра, Паўднёвага Буга, паўднёвага Дняпра. Пасля перамогі войск Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Альгердам над войскамі Залатой Арды ў 1363 былі поўнасцю далучаны землі паўднёва-ўсходніх раёнаў Беларусі, у тым ліку і ўладанні Тураўскага княства. У выніку ваенных дзеянняў з Маскоўскім княствам у 1368—1372 да княства былі далучаны значныя раёны на паўночным усходзе да Мажайска і Каломны.

У 1377 на княжацкі стол узыходзіць сын Альгерда Ягайла (~1348 — 1434). 3 гэтага часу пачынаецца складаны перыяд барацьбы за ўладу ў княстве паміж братам Альгерда Кейстутам (~1297 — 1382), яго сынам Вітаўтам (~1350 – 1430) і Ягайлам. Але яна спынілася ў сувязі з узмацненнем агрэсіі Тэўтонскага ордэна. Такая ж небяспека пагражала і Польскаму каралеўству. Таму ў 1385 ў Крэўскім замку была ўкладзеная вунія, паводле якое Ягайла быў абвешчаны польскім каралём і атрымаў новае імя Уладыслаў I. Пасля шлюбу з польскай каралевай Ядвігай ён павінен быў далучыць да Польшчы Вялікае Княства Літоўскае і ўвесці ў ім каталіцкую рэлігію (гл. Крэўская вунія, 1385). Гэта паслужыла пачаткам вострай унутрыдзяржаўнай барацьбы, якую ўзначаліў гродзенскі князь Вітаўт (брат Ягайлы). Ягайла і польскія магнаты вымушаны былі змяніць умовы Крэўскай вуніі. 5 жніўня 1392 было ўкладзенае Востраўскае пагадненне, паводле якога за Вялікім Княствам Літоўскім захоўвалася самастойнасць (незалежны ўрад, казна, войска), а вялікім князем быў абвешчаны Вітаўт. Пагадненне таксама забараняла палякам набываць ці атрымліваць у спадчыну землі ў Вялікім княстве Літоўскім. Вітаўт, абапіраючыся на сваіх намеснікаў, імкнуўся да поўнай незалежнасці дзяржавы. 3 гэтай мэтай ён збіраўся стаць каралём. Але ажыццявіць задумы перашкодзіла заўчасная смерць, магчыма, і забойства (гл. каранацыя Вітаўта).

З кан. 14 ст. вярхі ВКЛ узялі курс на хаўрус з Польшчай. Да 1430, падчас княжання Вітаўта, княства дасягнула максімальна вядомай магутнасці і тэрытарыяльнага пашырэння (гл. Статуты ВКЛ, Літоўская метрыка), аднак, хутка пачало страчваць тэрыторыі, найперш на карысць Польшчы (паўднёва-заходнія рускія землі), а з кан. 15 ст. на ўсходзе на карысць Масквы.

Пасля Крэўскай вуніі ВКЛ і Польшча аб'ядналiся на аснове дынастычна-персанальнай вунii пры захаванні імі пэўнай самастойнасці ва ўнутранай і знешняй палiтыцы. Неаднаразовае аднаўленне і перазаключэнне вунiй (у 1401, 1413, 1446, 1501) сведчыць, па-першае, пра іх нетрываласць, па-другое, пра наяўнасць у жыццi абедзвюх дзяржаваў такiх фактараў, якiя падштурхоўвалi iх да зблiжэння. У XV-XVI стст. вызначылася трывалая тэндэнцыя: чым больш абвастралiся адносiны Вiльнi з Масквой, тым больш ВКЛ схiлялася да аб'яднання з Польшчай. Няўдачы ў Лiвонскай вайне, захоп войскам Iвана Жахлівага Прыбалтыкi i Полацка адсекла ўсходнюю i цэнтральную часткі Беларусi ад мора, што было цяжкiм ударам па гандлi. Сiлы дзяржавы былi на мяжы магчымага. Гэтая вайна, як адзначалi пазней палiтыкi, прыгнала ВКЛ да новай вунii з Польшчай.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]