Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беларуская мова 03.01.2013.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.69 Mб
Скачать

Літаратура

  1.  Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне (19411945) [Электронны рэсурс]: інфармацыйна-бібліяграфічнае выданне / Нацыянальная бібліятэка Беларусі; cкладальнікі: С. А. Анохін, Г. І. Антонава, Л. І. Дранец і інш. Мінск: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2005.

  2.  Беларусь напярэдні і ў гады Вялікай Айчыннай вайны: вучэб. дапаможнік. – Мінск: Акад. МУС Рэсп. Беларусь, 2004. – 124 с.

  3.  Вялікая Айчынная вайна савецкая народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны): вучэб. дапам. для студэнтаў. – Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2004. – 279 с.

  4.  Гiсторыя Беларусi. Курс лекцый: у 2 ч. / П. І. Брыгадзiн [и др.]. – Мінск, 2002. – 560 с.

Тэма 12. Асноўныя рысы навуковага стылю. Моўныя сродкі навуковага стылю тэарэтычная частка

Навуковы стыль абслугоўвае разнастайныя сферы навукі (дакладныя, прыродазнаўчыя, гуманітарныя і інш.), галіны тэхнікі і вытворчасці. Гэты функцыянальны стыль мае тры падстылі: уласна навуковы, навукова-вучэбны, навукова-папулярны. Асноўныя жанры ўласна навуковага падстылю – манаграфія, дысертацыя, навуковы артыкул, анатацыя, рэферат, навуковы даклад; навукова-вучэбнага – падручнікі, вучэбныя дапаможнікі; навукова-папулярнага – навукова-папулярны нарыс, публікацыі ў часопісах і навуковых выданнях і г. д.

Характэрныя асаблівасці навуковага стылю – гэта сэнсавая дакладнасць (адназначнасць выражэння думкі), інфармацыйная насычанасць, аб’ектыўнасць выкладу, абстрактнасць, бязвобразнасць, лагічнасць, доказнасць, яснасць, паслядоўнасць выкладу інфармацыі, абмежаванасць эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі. У навуковым стылі, як правіла, захоўваецца дыстанцыя адрасанта да апісаных з’яў, што праяўляецца ў сутнасным апісанні меркаванняў без выкарыстання ацэначных моўных элементаў. Таму аўтары навуковых прац часцей за ўсё ўжываюць форму множнага ліку ці выказваюцца безасабова.

На лексічным узроўні навуковаму стылю характэрны шырокае ўжыванне навукова-тэхнічных тэрмінаў; адцягненасць і абагульненасць лексікі; абмежаванасць слоў, якія выражаюць адзінкавыя паняцці; выкарыстанне нейтральных слоў і выразаў з прамым (намінатыўным) значэннем і спецыяльных тэрмінаў, міжгаліновай лексікі; агульнанавуковы і інтэрнацыянальны характар лексікі; выкарыстанне фразеалогіі тэрміналагічнага характару; абмежаванасць тэрмінаў-сінонімаў і шырокае выкарыстанне антаніміі; наяўнасць моўных клішэ; адсутнасць устойлівых спалучэнняў з эмацыянальна-экспрэсіўнай і размоўнай афарбоўкай, слоў абмежаванага ўжывання (архаізмаў, жарганізмаў, дыялектызмаў); рэдкае ўжыванне эмацыянальных слоў і слоў з пераносным значэннем.

На марфалагічным узроўні навуковаму стылю ўласцівы перавага іменных часцін мовы (шырокае ўжыванне адцягненых назоўнікаў для абазначэння абстрактных паняццяў), формаў адзіночнага ліку назоўнікаў у значэнні множнага, адцягненых і рэчыўных назоўнікаў у форме множнага ліку; перавага роднага склону назоўнікаў у субстантыўных спалучэннях; выкарыстанне аналітычных формаў ступеняў параўнання прыметнікаў у састаўных тэрмінах; ужыванне ў ролі прыназоўнікаў і злучнікаў знамянальных слоў; ужыванне пераважнай большасці дзеясловаў у формах цяперашняга часу, незакончанага трывання; распаўсюджанасць формаў 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку, формы 1-й асобы множнага ліку (разам з займеннікам мы), безасабовых формаў і інфінітываў; неўжывальнасць формы 1-й асобы адзіночнага ліку дзеясловаў і займенніка я, а таксама формы 2-й асобы адзіночнага і множнага ліку; выкарыстанне дзеясловаў шырокай абстрактнай семантыкі, дзеясловаў-звязак; адсутнасць эмацыянальных і суб’ектыўна-мадальных часціц і выклічнікаў.

На сінтаксічным узроўні ў навуковым стылі шырока ўжываюцца пасіўныя канструкцыі; пераважаюць кампактныя сінтаксічныя канструкцыі (простыя развітыя і складаназалежныя сказы); ужываюцца сінтаксічныя сінонімы; назіраецца абмежаванасць намінатыўных сказаў (ужыванне пераважна ў загалоўках і фармулёўках пунктаў плана); часта сустракаюцца двухсастаўныя сказы з састаўным іменным выказнікам (у цяперашнім часе характэрна наяўнасць звязкі ёсць), складаныя сказы (складаназлучаныя і складаназалежныя); распаў-сюджаны такі від сувязі сказаў, як паўтор назоўнікаў, часта ў спалучэнні з указальнымі займеннікамі; характэрны ўскладненыя простыя сказы (наяўнасць пабочных слоў і словазлучэнняў, адасобленых і ўдакладняльных членаў сказа, устаўных канструкцый. Навуковаму тэксту ўласціва пабудова з трох частак (уступ, галоўная частка, заключэнне). Акрамя таго, характэрнай сінтаксічнай асаблівасцю навуковага стылю з’яўляецца выкарыстанне мадальных выразаў (магчыма, несумненна, верагодна, праўдападобна і г. д).

Навукова-папулярны падстыль менш насычаны спецыяльнай тэрміналогіяй. Аўтары прац абмяжоўваюцца ўвядзеннем толькі неабходных тэрмінаў. Дапускаюцца вобразныя элементы, г. зн. параўнанні, метафары і іншыя стылістычныя фігуры. На сінтаксічным узроўні выкарыстоўваюцца кароткія сказы з простай будовай.

Асаблівай увагі патрабуе навукова-вучэбны падстыль. Пры падрыхтоўцы вучэбнага выдання неабходна ўлічваць спецыфіку адрасата, яго асабістыя пазамоўныя рысы (узрост, узровень падрыхтаванасці, чытацкія ўменні, матывацыю і інш.). Стылістычныя патрабаванні да аўтарскіх вучэбных выданняў рэгламентуюцца спецыяльнымі дакументамі і стандартамі.

Як і ў выпадку афіцыйна-дзелавога стылю, аўтары навуковых прац часам свядома ўскладняюць іх будову, каб надаць большую сур’ёзнасць. Такая неапраўданая складанасць і заблытанасць можа ператварыць любы навуковы тэкст у навуковападобны, таму пры падрыхтоўцы і апрацоўцы такіх тэкстаў трэба вельмі ўважліва сачыць за тым, каб форма выказвання не перашкаджала ўспрыняццю яго зместу.