Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беларуская мова 03.01.2013.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.69 Mб
Скачать

Літаратура

  1. Лемцюгова, В. П. Беларуская айканімія: лінгвіст. аналіз назваў насел. пунктаў Мін. вобл. / В. П. Лемцюгова; Акад. навук БССР, Ін-т мовазнаўства. — Мінск: Навука і тэхніка, 1970.

  2. Лыч, Л. М. Назвы зямлі беларускай. – Мінск: Універсітэцкае, 1994.

  3. Шур В. З гісторыі ўласных імёнаў: [Замены ў тапаніміцы і іх вынікі] / пад рэд. П. У. Сцяцко. — Мінск: Выш. шк., 1993.

  4. Юрэвіч, У. Слова жывое, роднае, гаворкае… : навук.-папул. кніга / У. Юрэвіч. — Мінск: Юнацтва, 1992.

  5. Яшкін, І. Я. Слоўнік беларускіх імёнаў / І. Я. Яшкін. — Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2009. 

Тэма № 7. МарФалагічныя нормы беларускай мовы. Асаблівасці ўжывання прыметнікаў тэарэтычная частка

Сярод марфалагічных асаблівасцяў выкарыстання прыметнікаў трэба згадаць поўную і кароткую форму, спецыфіку ўтварэння і ўжывання ступеняў параўнання.

Адносныя прыметнікі маюць толькі поўную форму. Кароткую форму маюць прыналежныя прыметнікі назоўнага склону, а таксама вінавальнага ў спалучэнні з неадушаўлёнымі назоўнікамі (удовін сын, бабіна хустка, буслава гняздо, братавы дакументы, Надзіны падарункі). У гутарковым і мастацкім стылях прыналежныя прыметнікі пад уплывам аналогіі з якаснымі могуць набываць поўную форму: Абудзіла яго бразганне посуду на кухні і прытоенае жончынае мармытанне (В. Мудроў); Гучы, крычы, не моўкні, слова! // Як толькі ўсочыш думкі след, // Гучы, як песня, як замова, // Святая матчыная мова, // Зіхлівых гукаў самацвет (Я. Пфляўмбаўм).

У беларускай мове якасныя прыметнікі могуць ужывацца ў поўнай і кароткай формах, аднак апошняя выконвае толькі прэдыкатыўную функцыю, гэта значыць выкарыстоўваецца ў ролі выказніка: Прасторны, роўны двор, вясёлы // Заўсёды повен быў жывёлы (Я. Колас). У ролі азначэння кароткая форма ў сучаснай мове не сустракаецца. Трэба адзначыць, што ў беларускай мове ў адрозненне ад рускай значна радзей ужываюцца кароткія формы прыметнікаў: рус. он весел – бел. ён вясёлы, она красива – яна прыгожая, оно прекрасно – яно цудоўнае. Яны сустракаюцца пераважна ў паэтычных творах, дзе іх выкарыстанне вымагаецца рытмікай выказвання:

Эх, луг шырокі! Як жывы, ты,

Праменнем сонейка заліты,

Увесь стаіш перад вачыма,

Ты міл і смуцен, як радзіма,

Як наша ціхая старонка,

Дзе смугі сіняя пялёнка

У летні час дымком звісае

І даль задумай спавівае (Я. Колас).

Кароткая форма сустракаецца пераважна ў творах вуснай народнай творчасці, а таксама ў мастацкай літаратуры, асабліва ў мэтах фальклорнай стылізацыі:

І стар, і нядуж, І крывы на нагу, Як убачу маладую, Ашалеўшы бягу.

Адзін

На стол гаспадыня паставіла варыва. Сын першы чарэпнуў лыжкай, сербануў і заплакаў.

– Чаго ты, сынок, плачаш? – пытаецца бацька.

– Што я ў цябе адзін...

– Не плач. Адзін ды ладзін.

Бацька сьмела чарэпае. Варам абдае ўсё ў роце.

– Адзін ты ў мяне, каб ты быў апошні... (Р. Барадулін).

Ад кароткіх формаў прыметнікаў трэба адрозніваць сцягнутыя, або ўсечаныя. Яны сустракаюцца ў паэтычных творах і бываюць у сказе толькі азначэннем:

Устань, галубачка бяскрылая, Заспаны зоры-вочанькі пратры, Збяромся з думкамі і з сілаю Жыцця парадак валачы стары!

Я. Купала

Прыехала Каляда на белым кані,

Яе конічак – ясен месячык,

Яе дружачка – ясна зорачка,

Яе пужачка – ясна звёздачка,

Яе вазочак – з тоўстага лядку,

Яе кажушок – з белага сняжку.

З народнага

На сучасным этапе развіцця беларускай мовы кароткія прыметнікі ў сказе выконваюць функцыю выказніка. Аднак у апошні час назіраецца тэндэнцыя да ўжывання поўнай формы прыметніка, што ўскладняе размежаванне яго выказнікавай і азначальнай функцыі.

Пэўныя асаблівасці характэрны для ступеняў параўнання якасных прыметнікаў. Як вядома, існуюць складаныя (аналітычныя) і простыя (сінтэтычныя) формы вышэйшай і найвышэйшай ступеняў параўнання.

Простыя формы параўнання прыметнікаў утвараюцца пры дапамозе суфіксаў -ейш-(-эйш-) і канчаткаў адпаведнага роду і ліку (высокі – вышэйшы, зялёны – зелянейшы) або пры дапамозе суплетывацыі асноў (добры – лепшы, дрэнны – горшы). У гутарковай мове на месцы націскнога суфікса -ейш-(-эйш-) можа выступаць ненаціскны -айш-: вышайшы, дужайшы, шырайшы ці суфікс -ш-: старшы сын, дужшы хлопец.

Парушэннем літаратурнай нормы будуць утварэнні з суфіксам -ей(-эй): дом вышэй, вучань смялей, бо гэта – нязменныя словы, якія ў беларускай мове выкарыстоўваюцца як прыслоўі (а не прыметнікі). Распаўсюджанасць гэтай памылкі тлумачыцца ўплывам рускай мовы, дзе вышэйшая ступень параўнання прыметніка супадае з вышэйшай ступенню параўнання прыслоўя: он смелее (прыметнік) і сказал смелее (прыслоўе). У друку, рэкламе сустракаецца механічны перанос нормаў рускай мовы на беларускую: сяброўства даражэй за ўсё; бацькі мудрэй. Таксама ўплывам рускай мовы тлумачыцца няправільнае ўжыванне вышэйшай ступені параўнання з назоўнікамі ці іншымі іменнымі часцінамі мовы без прыназоўніка (параўн. руск.: выше меня, сильнее всех). У беларускай мове ў такіх выпадках заўсёды выкарыстоўваюцца прыназоўнікавыя канструкцыі: большы за (ад, над), дужэйшы за (ад, над): святлейшы за сонца; мацнейшы за сябра і г. д.

Складаная форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца шляхам далучэння да прыметнікаў слоў больш (болей), менш (меней)­: больш вузкі, менш шырокі. Яны часта сустракаюцца ў пісьмовым маўленні.

Абедзве формы вышэйшай ступені параўнання ўжываюцца ў розных стылях мовы, аднак для гутарковага стылю больш характэрны простыя формы, а для кніжнага – складаныя.

Простая форма найвышэйшай ступені ўтвараецца шляхам далучэння да простай формы вышэйшай ступені прыстаўкі най-: старэйшы – найстарэйшы, смялейшы – найсмялейшы, багацейшы – найбагацейшы, мацнейшы – наймацнейшы. Зрэдку найвышэйшая ступень параўнання ўтвараецца прыставачна-суфіксальным спосабам: вялікі – найвялікшы, новы найноўшы.

Як правіла, простая форма найвышэйшай ступені выкарыстоўваецца ў мастацкім і публіцыстычным стылях. Дастаткова часта сустракаюцца парушэнні літаратурнай нормы пры ўжыванні гэтай формы: 1) утварэнні з прыстаўкай най-, якая далучаецца да якаснага прыметніка: найсветлы (замест найсвятлейшы), найадважны (найадважнейшы); 2) выкарыстанне прыслоўяў найвышэйшай ступені: ён найстарэй з нас (замест ён найстарэйшы з нас). У рускай мове найвышэйшая ступень параўнання ўтвараецца суфіксальным спосабам – далучэннем націскнога суфікса -ейш- ці -айш- да асновы якаснага прыметніка: мудрый мудрейший, краткий – кратчайший, великий – величайший.

Складаная форма найвышэйшай ступені ўтвараецца шляхам спалучэння прыметніка з займеннікам самы або прыслоўямі найбольш (найболей), найменш (найменей): найбольш падрыхтаваны, найменш прыдатны, самы таленавіты.

Складаныя формы найвышэйшай ступені параўнання распаўсюджаны ва ўсіх стылях мовы, аднак формы з прыслоўямі найбольш, найменш маюць адценне кніжнасці і выкарыстоўваюцца ў навуковым, афіцыйна-дзелавым і публіцыстычным стылях.

Парушаюць норму словаформы, якія складаюцца са слоў больш і найбольш (менш і найменш), самы і формаў вышэйшай ступені прыметнікаў: больш спялейшы, менш падрыхтаванейшы, самы смялейшы, самы лепшы, найбольш спрытнейшы. Памылка заключаецца ў тым, што ў гэтых словаформах двойчы перадаецца значэнне ступені параўнання: больш важнейшы замест больш важны; найбольш важнейшы замест найбольш важны. Для ўзмацнення эмацыянальнага эфекту ў такім разе выкарыстоўваюцца замест слова больш ці найбольш часціцы яшчэ або куды: куды цікавейшы, яшчэ весялейшы, альбо гэтыя часціцы далучаюцца да нарматыўнай аналітычнай словаформы вышэйшай ступені: куды больш цікавы, яшчэ больш знакаміты.

Словаформы найвышэйшай ступені параўнання могуць абазначаць лімітаваную (самую высокую ці самую нізкую) ступень якасці прадмета без параўнання з якасцю іншых прадметаў: адзін з найстаражытнейшых помнікаў, найбагацейшыя паклады карысных выкапняў. Такое значэнне называюць элятыўным (ад лац. elativus – узвышаны, пераўзыдзены). У рускай мове гэта значэнне перадаецца беспрыставачнымі словаформамі найвышэйшай ступені з суфіксамі -ейш-, -айш-: величайшие достижения, древнейшие поселения. У выніку моўнай інтэрферэнцыі часта сустракаюцца элятыўныя беспрыставачныя формы з суфіксам -ейш-(-эйш-) і ў беларускім друку: У бліжэйшыя суткі чакаецца воблачнае надвор’е... (калька з руск. В ближайшие сутки). Або: Тэкст звароту будзе надрукаваны ў бліжэйшых нумарах газеты; адзін з цікавейшых твораў (з руск. в ближайших номерах, один из интереснейших). Памылковымі словаўтварэннямі асабліва засмечана спартыўная і публіцыстычная лексіка: майстар вышэйшага класа, карацейшая дыстанцыя, сустрэча на вышэйшым узроўні і г. д. У беларускай мове гэтыя значэнні перадаюцца формай найвышэйшай ступені: у найбліжэйшыя суткі, у найбліжэйшых нумарах газеты, адзін з найцікавейшых твораў. У элятыўным значэнні выкарыстоўваюцца прыметнікі і ў спалучэнні з прыслоўямі надзвычай, надта, вельмі і пад.: надзвычай цікавая кніга; надта дасведчаны; вельмі старажытны горад.

Для выражэння ступені якасці ужываюцца таксама некаторыя афіксы, якія не ўваходзяць у рэгулярныя мадэлі ўтварэння ступеняў параўнання. Кніжны характар маюць прыметнікі з прыстаўкамі архі-, ультра-, звыш-: архіважны, ультрарадыкальны, звышімклівы, якія абазначаюць вельмі высокую меру якасці; размоўны – утварэнні з суфіксамі -утк-(-ютк-): бялюткі, танюткі, драбнюткі. Часам высокая ступень якасці перадаецца пры дапамозе паўтарэння прыметніка: Яна ела сухі батон нашчак, але і так ён быў смачны-смачны і салодкі-салодкі, як вялікае жыццё, што чакала дзяўчынку наперадзе (З друку); А Леановіч робіць так, як трэба. Ён добры салдат, Леановіч, а я дрэнны... дрэнны (У. Караткевіч); Учора яшчэ стаяў зялёны-зялёны, а сёння, бач, пасівеў (Я. Сіпакоў). Значэнне якасці прыметніка можа ўзмацняць канструкцыя з часціцай аж: Барыбала ён не любіў – вострая морда, цыбаты, гладкая кароткая поўсць, як прылізаная, не буры, а скарэй за ўсё чорны, у дабавак да ўсяго канец вострай морды жоўты, аж белы – так і хочацца ў яго тыцнуць баксёрскай пальчаткай (І. Пташнікаў); Доўга прайшло часу, калі я заўважыў сярод людзей загарэлы, аж чорны, хлапечы твар і шэрую суконную жакетку (К. Чорны).