Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беларуская мова 03.01.2013.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.69 Mб
Скачать

Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Гераічная Беларусь»

ЗАДАННЕ 1. Прачытайце тэкст, вызначце яго стыль і жанр.

А якая ж яна наша, Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гадоў! Колькі гора і страт прынесла яна нам!

У гэтай вайне Беларусь страціла больш як палавіну свайго нацыянальнага багацця. Зруйнавана і спалена 209 гарадоў, 9200 вёсак, разбурана 100 465 прадпрыемстваў, больш за 6 тысяч кіламетраў чыгункі, 219 бібліятэк, 5425 музеяў, амаль усе электрастанцыі.

Разам з людзьмі немцы спалілі за сувязь з партызанамі 185 вёсак. Пасля вайны яны так і не аднавіліся – не было каму ставіць на тых месцах хаты, бо нават дзеці, немаўляты пагарэлі ў тых вёсках разам з бацькамі. А зямля з усіх пагарэлых вёсак сімвалічна пахавана ў вялікім могільніку на Лагойшчыне – на месцы вёскі Хатынь, у якой згарэла 26 двароў, 149 чалавек, з якіх 75 чалавек – дзеткі. Самаму маленькаму было сем тыдняў.

I ў гэтай вайне мы, як заўсёды, ваявалі шчыра.

У беларускіх лясах дзейнічалі 1255 партызанскіх атрадаў, 199 брыгад, 40 партызанскіх злучэнняў.

Нямецка-фашысцкія захопнікі, ваюючы з партызанамі, правялі 116 найбольш буйных карных аперацый супраць іх і супраць цывільнага насельніцтва, якое памагала ім.

Як толькі карнікі не дасціпнічалі, даючы назвы гэтым сваім аперацыям: «Прыпяцкія балоты», «Хрушч», «Балотная ліхаманка», «Клетка малпы», «Зімовы лес», «Свята ўраджаю», «Паляванне на зайцоў», «Чароўная флейта», «Русалка», «Шаравая маланка», «Муха», «Прагулка на сёмуху» і інш. Супраць партызан было задзейнічана 9 нямецкіх дывізій, знятых з фронту.

Аднак партызан на Беларусі яны так і не знішчылі.

Больш як 260 канцэнтрацыйных лагераў стварылі немцы ў Беларусі. У іх знішчаны сотні тысяч беларусаў: у Мінску – каля 80 тысяч, каля Полацка – 150 тысяч, у Віцебску больш як 90 тысяч, у Гомелі ­– 100 тысяч, у Пінску – каля 60 тысяч...

У Трасцянецкім лагеры смерці, што быў створаны непадалёк ад Мінска, фашысты знішчылі 206,5 тысячы чалавек. Па колькасці спаленых ахвяр ён стаіць на чацвёртым месцы ў свеце пасля Асвенцыма, Майданека і Трэблінкі. У ім у крэмацыйную печ людзей кідалі жывымі, а іх попелам фашысты ўгнойвалі палі сваёй падсобнай гаспадаркі.

Трасцянец – найвялікшы міжнародны могільнік на беларускай зямлі. Урочышча Трасцянец на ўскраіне Мінска мяркуецца зрабіць мемарыяльным комплексам.

Увесь комплекс зойме 135 гектараў зямлі. На спецыяльнае плато мяркуецца пакласці 80 камянёў, якія будуць абмывацца чыстаю светлаю вадою.

Вучоныя падлічылі: войны і ваенныя канфлікты, што праходзілі на тэрыторыі Беларусі, склалі 250 гадоў, а ўсяго войнаў на беларускай зямлі было 80. Пра іх і будуць напамінаць 80 камянёў у светлай, як надзея, вадзе.

А ў апошняй вайне, якая доўжылася для нас 1113 дзён і начэй, загінула 2,5 мільёна беларусаў. Кожнага чацвёртага чалавека, а па іншых падліках – кожнага трэцяга, страціла наша зямля.

Падлічана, што каб кожнага беларуса, які загінуў у ёй, ушанаваць хвілінай маўчання, нам спатрэбілася б маўчаць аж 38 гадоў...

А колькі ж стагоддзяў павінна была б маўчаць Беларусь, каб ушанаваць хвілінаю маўчання ўсіх сваіх дарагіх дзяцей, што загінулі ва ўсіх яе і не яе войнах! (Я. Сіпакоў)

Падрыхтуйце тэматычны радавод на тэму «Вайна праз лёс маёй сям’і». Прэзентуйце яго ў студэнцкай групе.

ЗАДАННЕ 2. Напішыце тэкст па пачатку, выкарыстоўваючы моўныя сродкі адпаведнага стылю і тыпу маўлення.

Пакуль жыве народ, датуль дзейнічае і ягоная памяць. Яна самая сумленная, што ёсць на свеце, і самая справядлівая. (І. Чыгрынаў)

ЗАДАННЕ 3. Прачытайце тэксты. Падбярыце да іх загалоўкі. Вызначце стыль і жанр. Пракаментуйце ролю складаных сказаў з рознымі відамі сувязі ў дадзеных тэкстах. Патлумачце, чым ускладнены простыя сказы і з якой мэтай.

Варыянт 1. Усяго давялося нагледзецца, наперажывацца за вайну. Здавалася, нічым яна ўжо не можа цябе ні ўразіць, ні здзівіць. Але і ўражвала, і здзіўляла.

Адно лета, неўзабаве пасля вызвалення, мне выпала па радоўцы быць падпаскам. Кароў нам з Германіі прыгналі. Мы іх пасвілі на выгане за чыгуначным пераездам. Гэта была досыць вялікая раўнінная сенажаць. З тае пары, як пачалася вайна, гады з тры ці болей тут не ступалі капыты жывёлы. Гэтая сенажаць пры чыгунцы ў вайну сталася плацдар­мам баёў. I вось пасля ліхалецця сюды зноў пачалі ганяць кароў. Што мяне тады ўразіла на гэтай сенажаці, дык гэта цёмна-зялёныя лапікі травы, якія нагадвалі раскрыжаваныя чалавечыя постаці. I такіх лапікаў я напаткаў на сенажаці нямала. Я паказаў іх дзядзьку Сямёну, да якога мяне прыставілі падпаскам. Той трошкі памаўчаў, нібы нешта прыгадваючы, а пасля патлумачыў, што гэтыя зялёныя травяныя постаці на зямлі – абрысы палеглых салдат. Дзе каторага прыспела куля, ён так і застаўся раскрыжаваны ляжаць на тым лапіку, сцякаючы крывёй. Пасля целы тых салдатаў пазвозілі, пазбіралі, а на іхняй крыві парасла вось такая буйная цёмна-зялёная трава.

Гэтыя лапікі зямлі з буйнай цёмна-зялёнай травой, з абрысамі раскрыжаваных людскіх постацяў мне і цяпер ўваччу. Што цікава, каровы абыходзілі гэтыя зялёныя травяныя постаці, не цягнуліся да іх, хаця, здавалася, цёмна-зялёная, такая незвычайная сакаўная трава павінна была прывабліваць іх. Мусіць, і каровы разумелі, што гэта за трава буяла на сенажаці. (У. Содаль)

Варыянт 2. Такога ў нашым мястэчку даўней ніколі не было. Калі мы прыйшлі раніцай дзевятага мая 1945 года ў школу, нашы настаўнікі радасна сказалі:

– Сёння, дзеці, заняткаў не будзе. Сёння вялікае свята, вялікі дзень: скончылася вайна! Сёння дзень перамогі! Выходзьце ўсе на школьны двор. Гэтую вестку мы панясём усёй нашай вёсцы.

Вёска Мормаль і колісь была вялікая, але радыё мала ў каго было, а пасля вайны – тым больш, і мы хадзілі па вуліцах і гучна выгуквалі:

– Перамога! Перамога! Мы перамаглі! Вайна скончылася! Вайны больш не будзе!

Хадзілі, як належыць на вялікае свята, як у горадзе, з чырвонымі сцягамі. У той дзень мы абышлі разам з сваімі настаўнікамі ўсе вуліцы. Праўда, не ўсе разумелі, пра якую перамогу ідзе гаворка, пра якое сканчэнне вайны. Ужо амаль цэлы год, як няма немцаў, ніхто нідзе не страляе. Мы ходзім у школу, адбудоўваецца вёска... А тут пра якуюсь перамогу кажуць. I толькі пасля, як падраслі, зразумелі: тое, што мы лічылі канцом вайны, было толькі вызваленнем, што вайна працягвалася пасля гэтага яшчэ амаль цэлы год. Але яна ад нас была далёка. Мы ўжо жылі мірным жыццём... I настроі нашы былі мірныя, хоць, праўда, усё яшчэ моцна нагадвала пра вайну. (У. Содаль)

Напішыце эсэ «Дзеці і вайна». Папярэдне азнаёмцеся з творамі беларускіх пісьменнікаў, якія паказваюць трагічны лёс дзяцей падчас вайны (В. Казько «Суд у Слабадзе», Б. Сачанка «Апошнія і першыя», А. Адамовіч «Карнікі», «Хатынская аповесць» і інш.).

ЗАДАННЕ 4. Прачытайце тэкст. Зрабіце яго стылістычны аналіз.

Настасся Купрыянава пражыла доўгае жыццё за ўсіх сваіх дзяцей. Манумент гэтай жанчыне стаіць у Жодзіне. Там жа ў яе хаце яшчэ за савецкім часам быў адкрыты музей. Але гэта музей у гонар усіх жанчын, якія страцілі сваіх дзяцей падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Маці, якая падарыла свету пяцёра сваіх дзяцей, жанчына, якая мела спадзяванне, што, паслужыўшы Радзіме, яны вернуцца да яе, у роднае Жодзіна, стануць апорай у старасці. У нейкім сэнсе так і здарылася: яна жыла памяццю пра іх і гонарам, што сыны выканалі свой абавязак, абараняючы родную зямлю і сваю маці. Не ўсе з іх атрымалі ганаровыя званні, як малодшы Пётр – ён закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота, стаў Героем Савецкага Саюза пасмяротна. Уладзімір і Міхаіл не сталі адседжвацца ў тыле ворага, абралі партызанскі шлях. Мікалай і Сцяпан былі сярод тых простых салдат, якія сядзелі ў акопах, ішлі ў атаку і гінулі на перадавой.

А ёй лёс падарыў доўгіх сто сем гадоў жыцця. Якія былі тыя трыццаць пяць гадоў, калі яна жыла ўжо без сваіх сыноў? Напэўна, была і радасць, што недарэмна яны аддалі жыцці дзеля перамогі, магчыма, быў і матчын боль, што яе гады ды на ўсіх іх бы падзяліць... Яна пайшла з жыцця ў 1979 годзе. Яе імя і сёння ўспамінаюць жыхары Беларусі – яно стала сапраўдным сімвалам Маці-радзімы, за якую варта аддаць жыццё. (Л. Цімошык)

♦ Раскажыце, як ушаноўваецца памяць аб Вялікай Айчыннай вайне на вашай малой радзіме.

ЗАДАННЕ 5. Прачытайце тэкст. Назавіце яго стылёвыя асаблівасці.

Кожны народ мае свае асаблівасці, што склаліся падчас гістарычнага развіцця, традыцый, ладу жыцця. З пакалення ў пакаленне перадаюцца чалавечыя арыенціры, якія робяць больш відовішчнай пакручастую і цяжкую дарогу да дабра і справядлівасці. Памяць беларусаў захоўвае ў сабе заўсёды старонкі барацьбы нашага народа са шматлікімі заваёўнікамі, што пакінулі чорны след на беларускай зямлі і незагойныя шрамы ў сэрцах людзей.

Павага да подзвігу ў імя Айчыны была ва ўсе часы. Вытокі патрыятычных традыцый беларускага народа пачынаюцца ў глыбіні сівых стагоддзяў, калі грымелі бітвы пад Грунвальдам з крыжакамі, пад Койданавам – з татара-манголамі, пад Полацкам – з войскам Івана Грознага, са шведамі – пад Лясной. У народнай памяці назаўсёды захаваліся назвы «Напалеонаўскі тракт», «шведскі курган», «нямецкія акопы».

Кожная пядзя нашай зямлі – старонка летапісу Вялікай Айчыннай вайны. Глыбокі і балючы след пакінула яна ў беларусаў. Засталіся ў памяці ўдзячных суайчыннікаў імёны патрыётаў, што абаранілі нас ад ворагаў, адстаялі нашу свабоду: гэта нацыянальныя героі дзед Талаш, Мікалай Гастэла, Міхаіл Сільніцкі, Канстанцін Заслонаў, Вера Харужая і іншыя, а таксама сыны і дочкі многіх народаў, антыфашысты розных нацыянальнасцей: масквічка Алена Колесава, ленінградка Зінаіда Партнова, казах Гулям Якубаў, славак Ян Налепка, француз Жан Гастон, іспанец Рубен Ібаруры, немец Фрыц Шменкель. Нялёгкі лёс народа прадвызначыў традыцыю ўшанавання на стагоддзі найбольш важных падзей нашай гісторыі для памяці нашчадкам, для жыццёвых арыенціраў.

Людзям блізкія манументальныя сімвалы, што нясуць у сабе жывую памяць гісторыі і звяртаюцца да будучых пакаленняў з урокамі мінулага. Яны зрабіліся адлюстраваннем сумлення эпохі, высокай маральнасці нашых людзей. У гэтых сімвалах, як адзначаюць заўсёды госці нашай рэспублікі, увасоблены галоўныя рысы беларусаў: сціпласць, працавітасць, глыбокі інтэрнацыяналізм, нянавісць да гвалту. Канцэнтраванае праяўленне гэтых рыс народа адбылося падчас барацьбы з фашысцкімі акупантамі.

У Беларусі, відаць, няма дарогі, якая б не вяла да помніка або абеліска. Больш сямі тысяч помнікаў і мемарыяльных знакаў існуюць сёння як пільныя вартавыя гісторыі. (А. М. Ваніцкі)

ЗАДАННЕ 6. Прачытайце наступныя вершаваныя радкі. Вызначце, у чым адметнасць іх сінтаксічнай будовы і стылістычнай функцыі. Як называюцца такія сінтаксічныя канструкцыі? У чым асаблівасць іх інтанацыйнага афармлення?

У Хатыні, дзе камні

Пасівелі ад гора

Зрубы хат дамавінамі брацкімі сталі,

Дзе смерч ваенны

Выпіў ваду з усіх студняў,

Дзе з буслянак буслы

Адляцелі ў апошні,

Беззваротны свой вырай,

Тры бярозы шумяць

Пад вятрамі, дажджамі,

Тры бярозы

Чацвёртую ўспамінаюць. (М. Танк)

І калі ў паходнай палатцы прысніцца мне

Светлы гай з залатымі суніцамі,

Плёскат сініх азёр на зары,

Спеў драздоў у смалістым бары,

Тады гасне туга, адыходзіць самота,

Толькі ў сэрцы палае вялікасны гнеў:

Не, не стопчуць красы тваёй [Беларусь]

брудныя боты,

Не, народа майго аніхто не сагне. (П. Панчанка)

ЗАДАННЕ 7. Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып маўлення. Адзначце сінтаксічныя асаблівасці тэксту.

Вайна… самае жудаснае – вайна. Самае немагчымае – вайна. Калі мы вымаўляем гэтае слова, сэрца сціскаецца ад крыўды і болю. Колькі праліта слёз, скалечана лёсаў, колькі сірот і ненароджаных дзяцей!..

На самай страшнай вайне ХХ стагоддзя жанчыне прыйшлося стаць салдатам. Яна не толькі выратоўвала, перавязвала раненых, але і страляла са снайперкі, лятала на бамбардзіроўшчыках, мініравала масты, хадзіла ў разведку… Жанчына забівала ворага, якія абрынуўся з нябачанай жорсткасцю на яе зямлю, на яе дом, на яе дзяцей. «Не жаночая гэта доля – забіваць», – скажа адна з гераінь кнігі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча», выкрываючы ўсю жудаснасць і ўсю жорсткасць таго, што адбылося. Другая напіша на сценах рэйхстага: «Я прыйшла ў Берлін, каб забіць вайну». Яны забівалі яе ў 41, 42, 43, 44, 45-м. Яны хацелі забіць яе назаўсёды. (Часопіс «Беларуская мова і літаратура»)

Падрыхтуйце творчае даследаванне на тэму «Дзеці вайны ўспамінаюць».

ЗАДАННЕ 8. Вызначце стыль тэкстаў. Ахарактарызуйце асаблівасць іх сінтаксічнага афармлення.

Варыянт 1. Вялікая Айчынная вайна была для савецкага народа і яго Узброеных сіл самым цяжкім і разам з тым гераічным перыядам. Яна сфарміравала аблічча цэлай эпохі. Перамога над фашысцкай Германіяй і яе саюзнікамі была атрымана сумеснымі намаганнямі краін антыгітлераўскай кааліцыі, барацьбітоў руху Супраціўлення ў акупіраваных краінах. Але савецкі народ і яго ўзброеныя сілы на сваіх плячах вынеслі асноўны цяжар вайны, адыгралі вырашальную ролю ў барацьбе з агрэсарам. Яны не толькі адстаялі сваю Айчыну, але выратавалі народы свету ад пагрозы фашызму. Дарагой цаной – 27 млн. чалавечых жыццяў – заплацілі народы СССР за перамогу. Больш за палову з гэтых ахвяр складалі мірныя жыхары. З былых саюзных рэспублік найбольшыя страты (адносна агульнай колькасці насельніцтва) панесла Беларусь: загінуў амаль кожны трэці яе жыхар. Сума матэрыяльных страт Беларусі склала 75 млрд. руб. (у цэнах 1941). Перамога над фашызмам – гэта нацыянальная і ваенная гордасць беларускага народа, як і ўсіх народаў былога СССР. (Памяць Беларусі: Рэспубліканская кніга)

Варыянт 2. У складзе Узброеных Сіл СССР супраць гітлераўцаў разам з прадстаўнікамі іншых савецкіх народаў змагалася больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. У баях пад Масквой вызначыліся Л. М. Даватар, А. І. Лізюкоў, Г. А. Палаўчэня, П. Ф. Сычэня і інш.; у Сталінградскай бітве – А. Я. Вашчанка, які закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота, Ф. Я. Макавецкі, А. І. Пастрэвіч, М. П. Сыдзько, І. Я. Сяржантаў і інш. Пад Ленінградам снайпер Ф. А. Смалячкоў знішчыў 125 фашыстаў. У час Курскай бітвы 1943 г. лётчык-знішчальнік А. К. Гаравец у адным баі збіў 9 варожых самалётаў (дагэтуль не перасягнуты вынік). Беларусь дала шмат праслаўленых палкаводцаў і флатаводцаў, сярод якіх контр-адмірал В. Е. Ананьіч, генерал арміі А. І. Аптонаў, генерал-лейтэнант Е. У. Дабравольскі, віцэ-адмірал В. П. Дрозд, генерал-палкоўнік І. П. Камера, маршал авіяцыі С. А. Красоўскі. Маршал Савецкага Саюза В. Д. Сакалоўскі, генерал-лейтэнант А. Дз. Церашкоў і інш. Усяго больш за 400 генералаў і адміралаў – беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў час вайны камандавалі вайсковымі злучэннямі сухапутных войск, авіяцыі і флоту. За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў Вялікую Айчынную вайну, 300 тыс. воінаў-беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 441 чалавеку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, 66 чалавек сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Лётчыку П. Я. Галавачову, камандзірам танкавых злучэнняў І. І. Гусакоўскаму, С. Ф. Шутаву, І. І. Якубоўскаму званне Героя Савецкага Саюза прысвоена двойчы. (Памяць Беларусі: Рэспубліканская кніга)

Варыянт 3. Вайна пакінула крывавы след у гісторыі нашага народа, у кожнай сям’і, у чалавечых лёсах. Бяда не абышла і тых, хто вярнуўся дадому з крывавых палёў вайны. Многія памерлі ад франтавых ран, засталіся інвалідамі. Вайна пакінула меткі на кожным пакаленні.

Але не гасне памяць пра яе жудасныя і гераічныя падзеі, не сціхае боль, не затуманьваецца слава подзвігу нашага народа. З пакалення ў пакаленне перадаецца эстафета гэтай памяці.

60 гадоў мінула з дня пераможнага завяршэння Вялікай Айчыннай вайны. Зямля залячыла нанесеныя ёй раны. Але людзі помняць вайну. Вечным агнём гарыць яна ў іх сэрцах і на брацкіх магілах загінуўшых салдат, партызан, падпольшчыкаў, мірных жыхароў, закатаваных гітлераўцамі. На Беларусі ўстаноўлена каля 8,5 тыс. помнікаў героям і ахвярам вайны.

Помнікам 9200 беларускім вёскам, якія поўнасцю ці часткова былі знішчаны фашыстамі, стаў Хатынскі мемарыял, адкрыты 5.7.1969 г., у дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У 1946, 1959, 1966, 1967 гг. урад Беларусі прымаў пастановы пра добраўпарадкаванне пахаванняў воінаў Чырвонай Арміі, партызан і мірных грамадзян. (Памяць Беларусі: Рэспубліканская кніга)

♦ Распрацуйце праграму канферэнцыі «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне». Падрыхтаваныя матэрыялы прэзентуйце ў студэнцкіх групах.