Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беларуская мова 03.01.2013.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.69 Mб
Скачать

Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Этнаграфія Беларусі»

Падрыхтуйце вуснае паведамленне па тэме “Этнаграфія Беларусі”. Выканайце заданні да прапанаваных тэкстаў.

ЗАДАННЕ 1. Вызначце сінтаксічную ролю дзеясловаў у тэксце, іх сінтаксічную функцыю.

Варыянт 1. Адзенне – неад’емная частка матэрыяльнай культуры. Яго агульны стан і характэрныя рысы залежаць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў гаспадаркі і спосабу гаспадарчай дзейнасці, маёмасных адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. У гісторыі грамадства адзенне выконвала або выконвае некалькі функцый: абрадавую, адрозненне паводле полу, узросту, сямейнага становішча, этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага прызначэння, але найперш утылітарную і эстэтычную.

Адзенне – важная этнічная прымета. Беларусы тканіну выраблялі з лёну і воўны, упрыгожвалі набіўнымі узорамі або ткалі з нітак рознага колеру. Адзенне баярства рабілася пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт і інш.). Аздобаю служылі вышыўкі шоўкам і жэмчугам. Аснову гарнітураў складалі: мужчынскага – сарочка з поясам і парткі, жаночага – сарочка, сукенка, спадніца. Верхняя вопратка – світа (зімой падшытая футрам). Абувалі лапці, боты. Магнаты і гарадская знаць насілі атласныя жупаны, воўчае ці бабровае футра.

Дэкор касцюма беларускага сялянства суладны з мелодыямі народных песень, пластыкай народнага танца, строгай велічнасцю драўлянага дойлідства і скульптуры. Ён натуральна ўпісваўся ў беларускі краявід, гарманіраваў з інтэр’ерам сялянскай хаты. (Л. Маленка)

Варыянт 2. Адзенне – адна з найбольш істотных прыкмет этнасу. Яно фарміравалася на працягу стагоддзяў. Традыцыйны комплекс мужчынскага адзення складаўся з палатнянай кашулі, нагавіц, камізэлькі. Кашулю насілі навыпуск, падпярэзвалі рознакаляровым поясам з кутасамі ці махрамі, калошы абкручвалі анучамі, абувалі лапці, скураныя пасталы, пазней – боты. Галаўны ўбор – саламяны капялюш ці валеная магерка. Закончанасць ансамблю прыдавала скураная сумачка-шабета, якую мацавалі да пояса ці насілі цераз плячо. У касцюме пераважаў белы колер, чырвона-чорнай вышыўкай упрыгожвалі кашулю: каўнер, каўнерцы, пазуху (манішка).

Вызначальным у нашым адзенні з’яўляецца жаночы касцюм. Найважнейшая яго частка – кашуля, якая ўвабрала ў сябе характэрныя канструкцыйныя прыёмы і дэкаратыўныя прынцыпы беларускага касцюма. Па краі вылучаюцца тры тыпы: тунікападобная, з прамымі плечавымі ўстаўкамі (цалікі), з гесткай. Каля адкладнога ці стаячага каўняра тканіна прызбіралася і аблягала шыю, спераду каўнер завязваўся чырвонай жычкай або зашпільваўся на шпонку ці гузік; прызбіраўся на каўнерац і ніз рукава. Найбольшую ўвагу звярталі на ўпрыгожванне рукавоў: верылі ў магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту, які нібыта засцерагаў рукі ад злых духаў, надаваў ім моц і дужасць, неабходныя ў працы. Разнастайнае паясное адзенне беларускіх жанчын, спадніцы (андарак, палатнянік, саян, летнік), панёвы, фартухі. Іх кроілі з некалькіх прамавугольных полак, аздаблялі. Дэкаратыўны малюнак спадніцы і панёвы – клетка, падоўжаныя ці папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Фартух упрыгожваўся карункамі, махрамі, вышыўкай. Гарсэт шчыльна абхопліваў стан і рабіў фігуру зграбнай і жаноцкай. Шылі яго пераважна з фабрычных тканін (аксаміт, парча, шоўк, прасцейшыя – з саціну, паркалю) яркага колеру на падшэўцы з палатна, кроілі з глыбокім выразам, з баскай-фальбонай альбо з клінамі і разрэзамі (каб гарсэт добра ляжаў на зборках шырокай спадніцы), аздаблялі тасёмкамі і гузікамі. Калі не надзявалі гарсэт, абавязкова павязвалі пояс. (П. Церашковіч)

Варыянт 3. Прычоскі і галаўныя ўборы залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. Дзяўчаты запляталі адну касу з каснікамі, павязвалі скіндачку (вузкая ўпрыгожаная палоска тканіны), надзявалі вянок. Замужняя жанчына заплятала дзве касы і не мела права паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Найбольш распаўсюджанай была намітка (тонкае белае палатно шырынёй 30–60 см, даўжынёй ад 2,5 да 5 метраў, звычайна ўпрыгожвалі толькі канцы чырвоным арнаментам), якую павязвалі («завівалі») паверх чапца, пад які прыбіраліся валасы. Існавалі і больш складаныя ўборы – рагацістыя (галовачка, рожкі), насілі таксама каптуры, хусткі. Будзённы абутак – лапці, святочны – скураныя пасталы ці хромавыя чаравічкі («шнуроўкі»).

Верхняя вопратка мужчын і жанчын мала адрознівалася паміж сабой. Яе шылі з валенага сукна (світа, сярмяга, латушка, бурка, бурнос) ці аўчыны (кажух, кажушок, казачына).

Дзіцячае адзенне. Шырока бытавала думка: «Што малое зносіць, а старое з’есць – аднолькава, карысці няма ні ад аднаго, ні ад другога». Таму доўгі час галоўным адзеннем дзяцей была доўгая кашулька, калі падрасталі – шылі штонікі ці спаднічку (у 7–8 гадоў).

З канца ХІХ – пач. ХХ ст. пачынаюць з’яўляцца ў адзенні беларусаў спачатку фабрычныя тканіны, а потым і гатовыя вырабы. Паступова знікае традыцыйнае народнае адзенне. (П. Церашковіч)

Падрыхтуйце праекты «Традыцыйнае мужчынскае адзенне»; «Традыцыйнае жаночае адзенне і сучасны дызайн»; «Вопыт мінулага ў распрацоўцы дзіцячага адзення і абутку».

ЗАДАННЕ 2. Што ўяўляюць сабой катэгорыі трывання, стану, ладу, часу і асобы дзеясловаў і якія граматычныя сродкі выкарыстоўваюцца для іх выражэння? Падмацуйце адказ прыкладамі з тэксту.

Варыянт 1. Беларуская традыцыйная кухня ўяўляе сабой складаную з’яву, асноўнымі элементамі якой з’яўляюцца: прадукты і стравы, якія з гэтых прадуктаў гатаваліся (у тым ліку святочныя і абрадавыя); спосабы і прыёмы арганізацыі трапезы; правілы паводзін, звязаныя з прыгатаваннем і ўжываннем ежы; майстэрства асобы, якая гатуе яе; прадметы хатняга начыння. Усе яны цесна звязаны паміж сабой.

З прадуктаў расліннага паходжання, якія давала земляробства і часткова збіральніцтва, гатавалі мучныя, крупяныя, агароднінныя і грыбныя стравы. Пра­дукты жывёльнага паходжання, рыбалоўства і паляўніцтва выкарыстоўвалі для прыгатавання мясных, малочных і рыбных страў. Асобную групу складаюць напоі. Акрамя таго, ёсць састаўныя стравы, у склад якіх уваходзіць некалькі кампанентаў у розных спалучэннях (верашчака, клёцкі, бігас, камы і г. д.).

Адным з элементаў беларускай народнай кулінарыі з’яўляюцца спосабы і прыёмы прыгатавання ежы. У XIX – пачатку XX ст. асноўнымі з’яўляліся варка і тушэнне. (Т. Наваградскі)

Варыянт 2. Хлеб – галоўны прадукт харчавання. У старажытнасці – цёртая груца (абтоўчаны ячмень). Спачатку хлеб пяклі з прэснага цеста, потым – з квашанага. Рашчынялі на цёплай вадзе з вечара (рашчына, рошчына). Найлепшая дзяжа – з дубовых клёпак (своеасаблівы каталізатар). Саджалі ў печ на драўлянай лапаце, падкладвалі капуснае, дубовае, кляновае ці хрэнавае лісце. Звычайна пяклі адзін раз на тыдзень, 5-8 вялікіх боханаў. Спрадвеку да хлеба адносіліся з вялікай павагай. Існавала шмат звычаяў, звязаных і з выпяканнем хлеба: абавязкова памыцца, быць у чыстым адзенні і ў добрым настроі; забаранялася ў гэты час знаходзіцца на печы, стараліся гучна не размаўляць, тым больш не сварыцца («хлеб можа патрэскацца»), не прымаць выпадковых гасцей (уся увага – толькі хлебу). Пасля абеду на стале звычайна пакідалі хлеб, загорнуты ў ручнік («каб хлеб не зводзіўся»). Да жытняй мукі часта дабаўлялі іншую (грэцкую, аўсяную, ячную), часам бульбу ці буракі, а ў галодныя гады – жалуды, дубовую кару, кветкі канюшыны.

Асабліва любяць беларусы бліны, аладкі, наліснікі. З даўніх часоў з квашанага хлебнага цеста пяклі сачні, скавароднікі, паляніцы, драчоны, з прэснага – праснакі, плешчанкі. Іх бралі ў дарогу, у поле замест хлеба. З мучных страў найбольш вядомыя клёцкі, зацірка, кулеш, кулага; з крупяных – крупнікі і кашы. (Т. Наваградскі)

Варыянт 3. Бульба ў беларусаў – другі хлеб, з яе гатуюць каля 200 страў, у тым ліку бабку, дранікі, клёцкі, калдуны, капытку, запяканку і інш.

З мясам гатавалі стравы не вельмі часта, у асноўным на святы, калі на стол падавалі мачанку (верашчака), каўбасы (крывянка, вантрабянка, сальцісон), квашаніну (халадзец) і інш.; асаблівыя далікатэсы – паляндвіца і смажаныя кумпякі ў цесце (або вэнджаныя).

Значнае месца ў харчаванні адводзіцца малочным прадуктам. На малацэ звычайна не гатавалі, а толькі забельвалі ім стравы; рабілі сыр клінковы, збіралі смятану для аладак, збівалі масла. Дзецям давалі сырадой, дарослыя часцей пілі кіслае малако. Шмат ужывалі агародніны, грыбоў, рыбы.

Харчаванне падчас посту: дазвалялася раслінная, рыбная ежа, гатавалі рэдкія цестападобныя мучныя стравы, грыбны квас. На працягу года – каля 200 дзён посту: штотыднёвы серада і пятніца, вялікі пост – 7 тыдняў да Вялікадня, піліпаўскі пост – 4-6 тыдняў перад Калядамі, інш.

Абрадавыя стравы: каша ячневая (куцця) – на Каляды, на памінкі, «бабіна каша» – на радзіны, салодкая каша – на вяселле (папярэднічала караваю), бліны – на масленіцу, на зажынкі і дажынкі, хлеб – ва ўсіх выпадках: з ім ішлі ў сваты, на вяселле, радзіны, хлебам-соллю сустракалі і праводзілі гасцей.

Традыцыйныя напоі: квас, бярозавік, кляновік, медавуха, бражка, узвар, кісель. (Л. Бойка)

Падрыхтуйце праекты «Беларуская нацыянальная кухня: мінулае і сучаснае»; «Нацыянальная кухня і здаровае харчаванне».

ЗАДАННЕ 3. Адкажыце, як утвараюцца дзеясловы закончанага і незакончанага трывання. Праілюструйце прыкладамі з тэксту.

Варыянт 1. Хата – галоўнае збудаванне сядзібнага комплексу, самая важная частка матэрыяльнай культуры народа. Звычайна дом будаваў сам гаспадар, якому дапамагалі сваякі і суседзі. Адначасова і дойлід, і ўладальнік, ён кіраваўся сваім густам і магчымасцямі, але найперш рабіў збудаванне зручным, трывалым. Старыя будынкі сведчаць, што беларусы былі выдатнымі майстрамі драўлянай архітэктуры. Цягам стагоддзяў лес з’яўляўся адзіным будаўнічым матэрыялам у вёсцы. Драўляныя дамы пераважалі ў мястэчках і гарадах.

Сцены ў хатах рабілі часцей за ўсё з сасны, радзей з елкі – простай і лёгкай у апрацоўцы. Традыцыйнай і адзінай тэхнікай драўлянага будаўніцтва была зрубавая, аснова якой – чатырохкутны зруб.

Матэрыял на новую хату рыхтавалі звычайна зімою, з сярэдзіны снежня да сярэдзіны лютага, але ўжо ўвосень ствалы знізу падсякалі, абразалі галлё, замазвалі зрэзы глінаю. У зруб не клалі бярвення, паваленага навальніцай, бо вецер звычайна валіць аслабленыя, пашкоджаныя дрэвы, а такое бервяно недаўгавечнае.

Існавала шмат будаўнічых сакрэтаў, якімі кіраваўся майстар. З акоранага бярвення ў лесе рабілі часовы зруб, які раскладалі на некалькі невысокіх частак, па 3–4 вянкі ў кожнай. Бярвенне сохла каля году, а часам і больш, а пасля яго перавозілі на месца пабудовы хаты. Бярвёны ў вянках злучалі пры дапамозе ўрубкі аднаго бервяна ў другое па вуглах зруба.

На Беларусі існаваў шэраг рэгіянальных разнавіднасцяў вуглавых счапленняў. Найбольш старажытным і пашыраным спосабам змацавання вянкоў з круглых бярвёнаў было злучэнне ў чашку з выступамі канцоў бярвёнаў за сцены зруба. У ніжнім бервяне на адлегласці каля 20 см ад канца высякалі паўцыліндрычнае паглыбленне, памеры якога адпавядалі злучанаму з ім пад простым вуглом верхняму бервяну. З удасканаленнем будаўніцтва пазы (дранкі) пачалі высякаць у верхніх бярвёнах. Пры гэтым бервяно трэба было апрацаваць да таго, як пакласці ў зруб, але затое ў пазы не зацякала вада.

Там, дзе ўжывалася часанае бярвенне (Падняпроўе, Цэнтральная Беларусь), рубілі вугал з прамакутнай выемкай (просты, ці вугал з астаткам). У Панямонні – хаты рабілі з брусоў – ужываўся і чысты вугал, нямецкі, без астатку. Ва ўсходніх рэгіёнах існавала разнавіднасць чыстага вугла. На Палессі вядомы вугал з фігурнай апрацоўкай астатку – вугал у каню. Пры такім спосабе чашкі вырэзваюцца з выемкамі ў адным бервяне і выступамі ў другім, што забяспечвае больш трывалае злучэнне вянкоў зруба.

На Беларусі, апрача зрубавай, са старажытных часоў была вядомая слупавая канструкцыя, калі бярвёны абчасанымі канцамі закладвалі ў вертыкальныя слупы, у шулы, якія ставілі па вуглах будучай хаты (а калі яна была вялікая, то і пасярэдзіне доўгіх сценаў). Пазней, у XIX – пачатку XX ст., шулы рабілі толькі для нарошчвання даўжыні сценаў і пры будаўніцтве вялікіх гаспадарчых пабудоў, прыкладам, гумнаў. (Л. Масягіна)

Варыянт 2. Будоўля хаты пачыналася з закладкі падмурка, якім служыў зроблены з больш моцнага дрэва, пераважна з дубу, першы вянок. Ён называўся яшчэ падвалінамі. З-за нераўнамернага прамярзання верхніх пластоў глебы ў пабудове з цягам часу маглі ўтварыцца перакосы. Каб пазбегнуць гэтага, зруб звычайна падымалі над зямлёй і ставілі на драўляныя калоды (штандары) ці на камяні (Паазер’е, Панямонне). На балоцістых землях штандары ставілі суцэльна, па перыметры пабудовы. Паступова спосабы падымання зруба ўдасканальваліся, і валуны пад вугламі хаты ператварыліся ў каменныя фундаменты.

Характэрным элементам беларускай хаты была прызба, якую рабілі ўздоўж двух першых вянкоў. Яна засцерагала жыллё ад холаду і сырасці.

Зруб хаты традыцыйна рабілі адкрытым: не абмазвалі глінай, не тынкавалі. Для ўцяплення хату імшылі.

Уваход у хату звычайна быў праз сенцы. Дзверы рабілі нізкія, аднастворкавыя, каб зберагчы цяпло. Даволі часта над уваходам рабілі казырок, перад парогам клалі вялікі камень, радзей – стары жоран ці калоду. Пазней сталі будаваць ганкі – лёгкія, звычайна крытыя прыбудовы з прыступкамі перад уваходнымі дзвярамі.

З парогам і ганкам звязаны шэраг прыкметаў: нельга вітацца цераз ганак – будуць сваркі. Нашы продкі верылі, што пад парогам жывуць душы памерлых родзічаў (калі чалавек пры ўваходзе праз нізкія дзверы прыгінаў галаву, ён як бы вітаў іх).

У канцы XIX ст. на Беларусі сустракаўся і складаны тып ганка ў выглядзе памосціка з двума апорнымі слупкамі, з аднасхільнай стрэшкай. Пазней яго пачалі будаваць з дзвюх прыступак (верхняя з іх была шырэйшай).

Пераважалі два тыпы ганкаў: з аднасхільнай стрэшкай, якая прадаўжала схіл страхі (выступала вышэй ці прыбудоўвалася ніжэй да сцяны), і з двухсхільнай стрэшкай (ён сустракаўся рэдка). Часам рабілі і поручневы ганак. Ганак істотна змяняў канструкцыю і знадворны выгляд хаты.

На пачатку XX ст. сустракаліся напаўзакрытыя ганкі, глухія і крацістыя. Тады ж з’явіўся і закрыты ганак.

З ганкаў развіліся веранды па сутнасці, дадатковыя гаспадарчыя памяшканні, што выкарыстоўваліся як летнія кухні ці кладоўкі. Яны з’явіліся ў XIX ст. у заможных сялянаў і атрымалі значнае пашырэнне ў паслякастрычніцкі час. Найбольш тыповыя веранды – зашклёныя, памерам 10–15 м2. Многія веранды аздоблены разьбой, вітражамі. (Л. Масягіна)

♦ Падрыхтуйце праекты-прэзентацыі а) інтэр’ера традыцыйнага жылля беларусаў; б) дваровыя забудовы; в) сядзібная забудова; г) гарадскія сядзібы і жыллё ХІІ–ХVІІІ ст.; д) жылая і сядзібная забудова гарадоў у ХІХ – пач. ХХ ст.; е) гарадское жыллё ў ХХ–ХХІ ст.

ЗАДАННЕ 4. Якія часы ўласцівы дзеясловам і як яны вызначаюцца? Утварыце формы цяперашняга, прошлага (усіх родаў) і будучага часу ад выдзеленых у тэксце дзеясловаў.

Яшчэ ў каменным веку насілі карáлі з зубоў жывёл і кавалачкаў бурштыну, нанізаных на сухажылле. Са з’яўленнем медзі і бронзы з іх пачалі вырабляць бранзалеты, пярсцёнкі, скроневыя кольцы. Каралі і падвескі насілі не толькі на шыі, але і нашывалі на вопратку, галаўныя ўборы, абутак. З XI стагоддзя ўпрыгажэнні рэзка падзяліліся на жаночыя і мужчынскія. Большасць упрыгажэнняў рабілася мясцовымі майстрамі, але былі і прывезеныя з Кіева, Прыбалтыкі, Візантыі.

Адрозніваліся ўпрыгажэнні княгінь і баярынь, гараджанак і вясковых жанчын. Знатныя жанчыны насілі высокамастацкія ювелірныя вырабы з серабра і золата, упрыгожаныя рознакаляровымі эмалямі, чэрню, сканню, зерню. Тыпова гарадскімі ўпрыгажэннямі былі шкляныя бранзалеты розных колераў і скроневыя ўпрыгажэнні – колты (падвескі круглай ці зоркавай формы) і расны (галоўка, да якой прымацоўваліся ланцужкі, па краях якіх былі ажурныя бляшкі). Сялянкі, а таксама гараджанкі насілі этнічна вызначальныя скроневыя кольцы (крывічанкі – дротавыя бранзалетападобныя, дрыгавічанкі – пярсцёнкападобныя з зярнёнымі пацеркамі, радзімічанкі – сяміпра-мянёвыя). Нагрудныя падвескі, якія насілі на шнурах або ланцужках, былі ў выглядзе каня, птушак, крыжыкаў, сонца, месячыка і адыгры-валі ролю не толькі ўпрыгажэнняў, але і амулетаў.

У ХІ–ХІІІ стст. насілі разнастайныя пярсцёнкі, у тым ліку са шклянымі ўстаўкамі. Распаўсюджаны былі фібулы (зашпількі для адзення). Па форме яны былі падковападобныя, круглыя, падобныя да шкарлупіны. Адным з найбольш распаўсюджаных упрыгажэнняў былі пацеркі. Яны рабіліся са шкла, сердаліку, кварцу, бурштыну. Часта ў ажарэлку пацеркі спалучаліся з металічнымі падвескамі, асабліва бразготкамі. (Беларускі каляндар)