Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беларуская мова 03.01.2013.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.69 Mб
Скачать

Літаратура

  1. Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад рэд. З. В. Шыбекі. – Мінск : Харвест, 2007. – 272 с.: іл.

  2. Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / пад агул. рэд. А. В. Сабалеўскага. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2002 – 2003. – 2 т.

  3. Тэатры Беларусі = Theatres of Belarus / пад рэд. А. Сабалеўскага ; [аўт. тэкстаў : Тамара Гаробчанка, Дзіяна Стэльмах ; пер. на англ. мову Наталлі Лейзер]. – Мінск: Беларуская навука, 1998. – 135 с. : фат. – Тэкст парал. на бел. і англ. мовах.

Тэма № 8. МарФалагічныя нормы беларускай мовы. Асаблівасці ўжывання займеннікаў і лічэбнікаў тэарэтычная частка

Займеннікі па сваёй прыродзе могуць выступаць у якасці замяняльнікаў практычна ўсіх іменных часцін мовы, яны, адпаведна, могуць пераймаць іх функцыі. Гэтым і тлумачыцца здольнасць займенніка выражаць самыя розныя экспрэсіўна-эмацыянальныя адценні. У першую чаргу гэта датычыцца асабовых займеннікаў.

Частае паўтарэнне займенніка я акцэнтуе ўвагу на адрасанце паведамлення. Калі ж займеннік я прапускаецца, гэта надае выказванню непасрэднасць, лаканічнасць ці рашучасць:

А цi навекi развiтанне?

Табе кажу, мая каханая,

Што слова полымем паўстане,

Бо ў сэрцы мроя несцiханая (Р. Крушына) .

Займеннік першай асобы адзіночнага ліку выконвае важную ролю пры перадачы інфармацыі з месца падзей. Рэпартаж, які вядзецца ад першай асобы, амаль заўсёды мае характар асабістага сведчання аўтара аб падзеях.

Сінанімічным з’яўляецца ўжыванне формаў звароту на вы і на ты. Першая з іх літаратурная і ўспрымаецца як праява павагі да суразмоўцы. Зварот да незнаёмых людзей на “ты” не адпавядае нормам беларускага моўнага этыкету. Трэба адзначыць, што ў многіх рэгіёнах Беларусі традыцыйным лічыцца зварот на “вы” да старэйшых і паважаных асоб, напрыклад бацькоў, сваякоў.

Займеннік ты часта ўжываецца ў абагульнена-асабовым або няпэўна-асабовым значэнні. У такіх выпадках ты – гэта не толькі той, да каго звяртаюцца, а наогул кожны. Займеннік ты ў адносінах да другой асобы можа ўжывацца і ва ўнутраным маналогу:

Ты згадваеш, як калiсьцi сядаў у сваiм Полацку на начны суботнi аўтобус, каб у нядзелю пабыць у Пецярбургу-Ленiнградзе, якi мроiўся табе еўрапейскiм горадам. Вiльню, Рыгу i Талiн ты любiў нязмерна больш, але ўспрымаць iх як “еўрапейцаў” табе замiнала iхняя, няхай сабе й iстотна дазаваная параўнаўча з Беларуссю, але ўсё адно вiдавочная залежнасць ад метраполii. А Пiцер здаваўся наiўнаму i невыязному табе вольным i вальнадумным горадам-мiфам, блукаючы па якiм можна было ўяўляць сябе то ў Лондане, то ў Парыжы, то ў Амстэрдаме. [...]

Ты абрываеш ланцужок небяспечных успамiнаў i проста любуешся амстэрдамскiмi набярэжнымi – суладнымi галандцам, клiмату, шэраму небу і паўночна-заходняму ветру.

Ты думаеш, што прыехаў сюды з краiны, да якой кнiга Астольфа дэ Кюстына не мае непасрэднага дачынення (Паводле У. Арлова).

Пры ўжыванні займеннікаў 3-й асобы трэба захоўваць правільны парадак слоў, паколькі яны не маюць пастаяннага лексічнага значэння (не называюць прадметаў, прымет, колькасці, а толькі ўказваюць на іх). Значэнне займенніка канкрэтызуецца папярэднім кантэкстам. Таму трэба сачыць, каб было зразумела, на якое слова паказвае займеннік. Лагічнасць маўлення парушаецца, калі ў сказе няма выразнай сувязі паміж назоўнікам і займеннікам, які яго замяняе. Займеннік, як правіла, паказвае на бліжэйшы папярэдні назоўнік таго самага роду і ліку.

Прыналежныя займеннікі ­мой, твой, наш, ваш, утвораныя ад асабовых, – экспрэсіўныя. Як і асабовыя, яны могуць надаваць выказванню эмацыянальную афарбоўку, таму часта выкарыстоўваюцца ў назвах газет, дэвізах, закліках, рэкламе: Наша ніва, Наша доля, Купляй сваё, Гэта мой выбар і пад.

У сучаснай беларускай мове ўжываюцца сінанімічныя адпаведнікі прыналежных займеннікаў: яго – ягоны, яе – ейны, іх – іхні, наш – нашанскі (наскі) і г. д. Другія займеннікі ў гэтых парах маюць прастамоўны характар, аднак у многіх выпадках ужыванне гэтых варыянтаў дапамагае пазбегнуць двухсэнсоўнасці, выкліканай аманіміяй асабовых і прыналежных займеннікаў ва ўскосных склонах. Акрамя таго, у апошні час ужыванне поўных формаў прыналежных займеннікаў імкліва пашыраецца і такія займеннікі, як іхні, ягоны, страчваюць сваю гутарковую афарбоўку.

Экспрэсіўнымі з’яўляюцца займеннікі, утвораныя ад няпэўных, адмоўных і азначальных займеннікаў пры дапамозе памяншальна-ласкальных суфіксаў: нічагусенькі, нічагенька, нічагутка, саменькі, усенькі, нештачка і інш. Яны ўжываюцца пераважна ў размоўным і мастацкім стылях.

Свае асаблівасці маюць няпэўныя займеннікі. Напрыклад, словы кожны, усякі і ўсялякі вельмі блізкія па значэнні. Займеннік кожны мае раздзяляльна-вылучальнае значэнне, займеннік усякі – абагульняльнае. У сваю чаргу, займеннік усялякі больш экспрэсіўны і таму пашыраны ў мастацкай літаратуры і публіцыстыцы. Яму трэба аддаць перавагу, калі трэба падкрэсліць разнастайнасць прадметаў.

Блізкія па значэнні няпэўныя займеннікі нехта – хтосьці – хто-небудзь абы-хто, нешта – штосьці – што-небудзь – абы-што. Адрозненне паміж гэтымі займеннікамі заключаецца ў ступені няпэўнасці прадмета гаворкі. З сінанімічных займеннікаў нехта і хтосьці (нешта і штосьці) першы больш няпэўны, чым другі. Хтосьці мае вылучальнае, канкрэтнае значэнне. Гэта выразна бачна пры звароце да групы асоб: Хтосьці з вас не выканаў дамашняга задання (не “нехта”)? Займеннікі што-небудзь і штосьці адрозніваюцца тым, што ў апошнім адценне вылучальнасці падкрэсліваецца мацней. Сінанімічная замена дапускаецца, калі маецца ўказанне на які-небудзь факт: Вы нешта сказалі? або Вы што-небудзь сказалі? У сваю чаргу займеннікі нехта, нешта, нейкі (замест якісьці) пераважаюць у вусным маўленні.

Трэба звярнуць увагу, што звароты не хто іншы, як; не што іншае, як і ніхто іншы не; нішто іншае не адрозніваюцца не толькі правапісам, але і значэннем, стылістычнай афарбоўкай і сінтаксічнай функцыяй у сказе.

Кніжныя спалучэнні не хто іншы, як (не хто іншы, а); не што іншае, як (не што іншае, а) ужываюцца толькі ў сцвярджальных сказах (дзе няма другога адмоўя), яны маюць значэнне ўзмацняльнай часціцы і членамі сказа не з’яўляюцца. Такія звароты можна замяніць сінанімічнымі да іх часціцамі іменна, толькі або зусім апусціць: Любыя прыгожыя словы без добрых учынкаў застаюцца нічым іншым, як проста прыгожымі словамі.

Міжстылявыя спалучэнні ніхто іншы не, нішто іншае не ўжываюцца толькі ў адмоўных сказах, яны могуць абмяжоўвацца зваротамі з прыназоўнікамі апрача (акрамя). У сказе першыя займеннікі гэтых спалучэнняў (ніхто, нішто) выконваюць ролю дзейніка або дапаўнення, другія (іншы, іншае) з’яўляюцца азначэннямі: Нічым іншым, апрача музыкі, ён не цікавіўся.

У першых двух спалучэннях часціца не пішацца асобна, у двух астатніх прыстаўка ні пішацца разам з асноўнай часткай адмоўнага займенніка. Словы хто, што, ніхто, нішто ў гэтых спалучэннях ужываюцца і ва ўскосных склонах: не каму іншаму, як; не чым іншым, як; нікому іншаму не; нічым іншым не.

Лічэбнік, абазначаючы абстрактную катэгорыю ліку, г. зн. колькасць прадметаў або іх паслядоўнасць пры лічэнні, з’яўляецца адным з найбольш інтэлектуальных сродкаў мовы.

Зборныя лічэбнікі больш уласцівы вуснаму маўленню. У адрозненне ад адпаведных колькасных лічэбнікаў яны абазначаюць шэраг аднародных прадметаў, што ўспрымаюцца як адно цэлае. Экспрэсіўнасць зборных лічэбнікаў узмацняецца пры іх субстантывацыі.

Неяк мы класам ездзілі ў Батанічны сад. Усе сабраліся а дзевятай гадзіне, як і дамовіліся, а Міхася з Сашам усё не было. Мы так і паехалі без іх. А яны не толькі спазніліся на паўгадзіны, ды яшчэ і пакрыўдзіліся на нас: “Маглі і пачакаць!” А мы ім у адказ: “Эх, хлопцы! Сямёра аднаго не чакаюць! І двух таксама. Абое рабое!” (З друку)

Колькасныя і парадкавыя лічэбнікі звычайна ўжываюцца ў афіцыйна-дзелавым і навуковым стылях:

У XVI – першай палове XVII стагоддзя Полацк быў самым буйным горадам у Беларусі і ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім.

Да сярэдзіны XVI стагоддзя Полацк уяўляў з сябе першакласную на тыя часы крэпасць, асноўнай часткай якой былі замкі. Іх умацаванні складаліся з рова, вала, агароджы і дзевяці вежаў ад 4 да 7 метраў у вышыню. Кожная з іх была складзена “ў 3 сцяны”. Пра памеры гэтых вежаў можна меркаваць па тым, што на рамонт адной з іх у 1552 годзе нарыхтавалі 1200 бярвёнаў і 300 драўляных брусоў. У байніцах вежаў было ўстаноўлена некалькі дзесяткаў гармат. Два масты злучалі Верхні замак з пасадамі Запалоцкім і Вялікім. Агульная даўжыня валоў і равоў, якія акружалі горад, да сярэдзіны XVI стагоддзя складала 301 сажань, а даўжыня сцен – 2249 сажняў, ці прыкладна 4 кіламетры. За гэтымі сценамі жыў багаты і мнагалюдны па маштабах таго часу горад (Полацк. Гістарычны нарыс).

***

Уздзенскі раён, як і іншыя населеныя пункты нашай шматпакутнай беларусі, панёс у гады Вялікай Айчыннай вайны незлічоныя страты.

Статыстыка сведчыць: “На тэрыторыі раёна было поўнасцю спалена 19 вёсак, у іх знішчана 576 двароў з насельніцтвам 246 чалавек, угнана ў рабства 139 чалавек. Часткова знішчана 19 вёсак, у іх двароў – 558, насельніцтва 132 чалавекі, угнана ў рабства – 67 жыхароў. Акрамя таго, у астатніх населеных пунктах знішчана 44 двары і 788 чалавек, угнана ў рабства 349 чалавек. Усяго ў раёне знішчана двароў 1178, насельніцтва 1166 чалавек, угнана ў рабства 546 чалавек. На франтах вайны загінула 2187 чалавек, у партызанскіх атрадах і ў падполлі 395 чалавек”.

Наша вёска таксама згубіла ў гады вайны 73 чалавекі. Толькі 48 з іх не вярнуліся з фронту. Імёны загінуўшых высечаны на помніку, што стаіць ля ўезда ў Нізок. Яго клапатліва даглядаюць мясцовыя школьнікі (В. Суткаленка).

Прыведзеныя тэксты навуковага і публіцыстычнага стылю ўтрымліваюць вялікую колькасць лічэбнікаў, што абумоўлена іх агульным прызначэннем – даць дакладныя звесткі, а ў першым тэксце – падаць статыстычныя даныя, якія падмацоўваюць аўтарскае апавяданне. Публіцыстычны тэкст мае большае эмацыянальнае ўздзеянне на чытача дзякуючы выкарыстанню статыстычных звестак па тэме. Навуковы тэкст неэмацыянальны, лічэбнікі часцей абазначаюцца лічбамі, а не словамі, што цалкам абгрунтавана стылістычнымі і правапіснымі нормамі. Акрамя таго, у параўнанні з напісаннем словамі лічбавая форма больш заўважальная і запамінальная.

Вельмі пашыраны лічэбнікі ў дзіцячай літаратуры, дзе яны служаць для навучання арыфметыцы:

Вася, хлопчык невялічкі,

Нахіліўся да крынічкі:

– Ой, дзядулечка, зірні:

Хто глядзіць там з глыбіні?!

І рукою мне махае,

І язык свой выстаўляе…

Дзед нагнуўся:

– Сапраўды:

Двое ўжо глядзяць з вады…

У здзіўленні тварык Васеў:

А другі адкуль узяўся?!

Можа, там вадзянікі

Вытвараюць цуд такі?..

Дзед усмешку ў вус хавае –

І ў вадзе: усмешка тая…

Рагатнуў і Вася з дзедам –

А з крыніцы: рогат следам…

Хітравата дзед маўчыць.

І пачаў унук лічыц:

– Раз і два… Два і раз…–

Так і гэтак – двое нас! –

Дзед з унукам – і не болей!

І не болей рук і ног…

Зноў злічылі: толькі двое! –

А смяюцца ўчатырох… (В. Зуёнак)

У размоўным і мастацкім маўленні лічэбнікі ўжываюцца рэдка, толькі са спецыяльнай устаноўкай на дакладнасць, калі гэтага вымагае змест выказвання. Часцей ужываюцца прыблізныя, недакладныя лічбы.

Калі лічэбнік стаіць у сказе пасля назоўніка, то мае значэнне прыблізнасці. Яно выражаецца ў мове спалучэннямі слоў каля, прыблізна, больш за, з гакам з лічэбнікам: На беларускай мове, якую называюць русінскай альбо літоўска-русінскай, таксама размаўляе каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта сама багатая і сама чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і выдатна распрацавана (А. Міцкевіч); а таксама пры дапамозе няпэўна-колькасных лічэбнікаў некалькі, столькі, колькі, гэтулькі, многа, мала, шмат: У Беларусі жывуць рускія (прыблізна 10%), палякі (прыблізна 4%), украінцы (прыблізна 2.5%), а таксама чэхі, славакі, літоўцы, латышы, яўрэі, татары, азербайджанцы, армяне, карэйцы, немцы, грузіны, шведы, эстонцы, малдаване, цыгане і іншыя (З друку); Рэльеф Беларусі пераважна раўнінна-пагоркавы. Сярэдняя вышыня над узроўнем мора – 160 м. 45% тэрыторыі займаюць сельскагаспадарчыя ўгоддзі, 36% – лясы. У Беларусі больш за 20 тысяч рэчак і ручаёў і прыблізна 11 тысяч азёраў. Самае вялікае возера – Нарач (прыблізна 80 кв. км.) (З друку); I цi ўся сотня з гакам сённяшнiх “птушанят” у стане атабарыцца на роднай зямлi, каб мець ад яе хлеб i да хлеба? (З друку).