Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беларуская мова 03.01.2013.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.69 Mб
Скачать

Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Беларускі тэатр»

ЗАДАННЕ 1. Прачытайце тэкст. Знайдзіце прыметнікі, вызначце іх граматычныя катэгорыі і сінтаксічную функцыю.

Мы, беларусы, здаецца, і нарадзіліся з тэатрам у душы.

Праўда, тады між людзей не было яшчэ раздзялення на выканаўцаў і гледачоў. Кожны глядач мог стаць удзельнікам спектакля, а кожны ўдзельнік – гледачом. Асабліва калі нехта, прыкладам, прыйдзе са сваім мядзведзем...

Купалле – таксама наш тэатр. Відовішчны, яркі, шматлюдны. З карагодамі, танцамі, песнямі. З варажбою, скаканнем праз агонь, з качаннем распранутымі па святаянскай расе. Усе ўдзельнікі, усе гледачы.

А нашы каляды! Якое дзейства!

А які тэатр наша вяселле! Якое стараннае размеркаванне роляў, які руплівы падбор акцёраў! А колькі добрых пажаданняў, колькі смеху і жартаў!

Першыя нашы акцёры – скамарохі. Яны ўмелі ўсё: спяваць, танцаваць, іграць на любых музычных інструментах. Скамарохі спалучалі ў сабе драматычнае, музычнае, вакальнае, танцавальнае мастацтва. Спачатку яны былі вольныя, вандроўныя, а потым магнаты, рупячыся пра тое, каб лепей весяліць сваіх гасцей, пачалі трымаць іх у палацах, а то і будаваць для вандроўнікаў свае тэатры.

У развіцці тэатральнага мастацтва на Беларусі вялікую ролю адыгралі школьныя тэатры ў калегіумах, духоўных семінарыях, брацкіх школах. У XVI–XVIII стагоддзях такія тэатры існавалі ў шмат якіх гарадах Беларусі – у Полацку, Пінску, Гародні, Віцебску, Наваградку, Мінску, Нясвіжы, Бярэсці, Оршы, Слуцку, Магілёве, Слоніме, Бабруйску.

А наша батлейка – народны лялечны тэатр, у якім, здаралася, удзельнічала да сарака лялек, – не мае нічога падобнага ва ўсім славянскім свеце! (Я. Сіпакоў)

Апішыце свой досвед знаёмства з тэатральным жыццём краіны. Назавіце прагледжаныя вамі спектаклі, вядомых рэжысёраў і пастаноўшчыкаў, акцёраў.

ЗАДАННЕ 2. Прачытайце тэкст. Вызначце, да якога лексіка-граматычнага разраду адносяцца прыметнікі ў тэксце. Ад якіх прыметнікаў ступені параўнання не ўтвараюцца? Зрабіце марфалагічны разбор аднаго прыметніка (на выбар).

Асаблівае развіццё наша тэатральнае мастацтва атрымала ў XVIII стагогоддзі. У Альбе пад Нясвіжам 13 чэрвеня 1746 года была пастаўлена камедыя «Дасціпнае каханне» Францішкі Уршулі Радзівіл, жонкі князя Міхала Рыбанькі. Гэта падзея адбылася на дзесяць гадоў раней, чым з’явіўся першы спектакль у Яраслаўлі «бацькі рускага тэатра» Ф. Волкава. Уршуля Радзівіл напісала 16 сцэнічных твораў – трагедый, камедый, оперных лібрэта. Яе п’есы ставіў у Альбе і ў Нясвіжы створаны ёй жа аматарскі калектыў, які пасля стаў прафесійным. Усе яе творы – ад п’ес, любоўных вершаў, загадак, твораў для дзяцей да вершаваных лістоў да мужа – і сёння ўяўляюць для нас вялікую цікавасць.

У нашай тэатральна-музычнай культуры застаўся вядомым прыгонны тэатр, тэатральныя трупы якога, што дзейнічалі ў замках і сядзібах феадалаў, складаліся ў асноўным з прыгонных сялян.

Найбольш вядомымі былі Ружанскі тэатр Сапегаў, Слонімскі тэатр Агінскага, Гарадзенскі тэатр Тызенгаўза, тэатры ў Слуцку, Магілёве, Чачэрску, ужо названы тэатр Радзівілаў у Нясвіжы.

Свіслач, гарадок на самым ускрайку Белавежскай пушчы, у XVIII стагоддзі быў слаўны сваім тэатрам, які пабудаваў тагачасны яго ўладальнік Вінцэнт Тышкевіч. Карнавалы, канцэрты, тэатральныя відовішчы наладжваліся і ў тэатры, і на вольным паветры. У іх удзельнічалі ўсе, каму пашчасціла на той час бываць у Свіслачы.

Своеасаблівай тэатральнай з’яваю быў у пачатку ХІХ стагоддзя прыгонны цырк памешчыка Оштарпа ў Дукоры, у якім выступалі як замежныя, так і свае штукары і блазны, сярод якіх вылучаўся вядомы беларускі фокуснік Даўгяла.

Прыгонны тэатр Зорыча ў Шклове меў балетна-оперна-драматычныя трупы, вялікія аркестры і капелы, тэатральныя будынкі з добра абсталяванай сцэнай і наладжанай машынерыяй.

Хто з беларускіх літаратараў паказаў жыццё прыгонных артыстаў у сваіх творах? Назавіце галоўных герояў, раскрыйце іх мастацкі вобраз.

ЗАДАННЕ 3. Прачытайце тэкст. Вызначце склон прыметнікаў. Акрэсліце іх сінтаксічную ролю.

Пачатак нацыянальнага тэатра даследчыкі звязваюць з асобаю Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. У 1852 годзе ён наладзіў у Мінску прэм’еру спектакля «Сялянка», пасля якой дзейнасць трупы была забаронена, аднак «Сялянку», нягледзячы на забарону, яшчэ некалькі гадоў паказвалі патаемна ў розных гарадах Беларусі.

А ў якое вялікае і шчырае свята вылілася пастаноўка непераўзыдзенай купалаўскай «Паўлінкі», здзейсненай у Вільні ў 1913 годзе Беларускім музычна-драматычным гуртком!

Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага, якая была спробаю стварэння прафесійнага нацыянальнага тэатра, працавала ў 1910–1913 гадах і наведала шмат якія гарады і мястэчкі Беларусі, выступала ў Пецярбургу, Варшаве.

У 1920 годзе пачаў сваё жыццё вандроўны Беларускі тэатр Уладзіслава Галубка, які аб’ехаў амаль усю Беларусь і быў жаданы ў самых далёкіх вёсках. Сам Галубок адначасова з’яўляўся драматургам, рэжысёрам, акцёрам, мастаком-дэкаратарам, і яго яшчэ хапала на тое, каб выконваць абавязкі адміністратара.

Беларускі дзяржаўны тэатр, які сёння мы ведаем як Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, быў створаны ў 1920 годзе пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча, якога сучаснікі называлі беларускім Мальерам.

Затым Беларускі тэатр узначаліў Еўсцігней Міровіч, пры якім тэатр дасягнуў сапраўднага росквіту. У ім ставіліся спектаклі як па п’есах беларускіх аўтараў – Купалы, Чарота, Аляхновіча ды іншых, так і па творах замежных аўтараў. Спектакль «Мешчанін у дваранах» Мальера, да прыкладу, пратрымаўся на сцэне амаль дзесяць гадоў і быў паказаны 700 разоў. Купалаўская ж «Паўлінка» трымаецца ўжо звыш 90 гадоў.

Назавіце вуліцы горада Мінска, якія сведчаць пра тэатральную гісторыю краіны.

ЗАДАННЕ 4. Прачытайце тэкст. Вызначце, да якога лексіка-граматычнага разраду адносяцца прыметнікі.

Беларускі тэатр выхаваў вялікую плеяду славутых акцёраў-купалаўцаў. Барыс Платонаў – майстра вельмі шырокага творчага дыяпазону. Яго ролі – гэта і псіхалагічна раскрыты складаны характар Федзі Пратасава з «Жывога трупа» Л. Талстога, і напышлівы, пуставаты пан Быкоўскі з «Паўлінкі» Я. Купалы, і дзяржаўны на той час, але і чалавечны вобраз Леніна з «Трэцяй патэтычнай» М. Пагодзіна. Аднак вяршыня яго трыумфу – стварэнне вобраза Эзопа ў «Лісе і вінаградзе» па Фігейрэду: гарбаты, несамавіты Эзоп у выкананні Платонава на вачах у гледачоў рабіўся велічным, мудрым і надзвычай прыгожым – мы, узрушаныя студэнты, тады па некалькі разоў хадзілі на платонаўскага раба.

Уладзімір Крыловіч умеў поўнасцю пераўвасабляцца ў вобраз і падпарадкоўваць волю і ўвагу гледачоў. Яго раннія рамантычныя ролі Машэкі і Кастуся Каліноўскага былі такімі ж глыбокімі, як і пазнейшае пераўвасабленне ў вобразы іншых нацыянальных спектакляў: «Пінская шляхта», «Паўлінка», «Канец дружбы».

Уладзімір Дзядзюшка, для якога першым універсітэтам быў тэатр Галубка, не іграў на сцэне, а па-сапраўднаму жыў жыццём сваіх герояў, а таму нават невялікія ролі ў яго выкананні станавіліся цэнтральнымі.

Для Генадзя Аўсянікава Андрэй Макаёнак спецыяльна пісаў ролі ў новых п’есах, ды і іншыя драматургі нярэдка і сёння кажуць: «Гэтага героя можа сыграць толькі Аўсянікаў».

Колькі вобразаў каларытных беларускіх сялянак увасобіла ў сваіх ролях Галіна Макарава, зрабіла іх жывымі – жанчын з ласкавай душою, добраю ўсмешкаю, з непадробнаю сарамлівасцю. А якую Агату Пустарэвіч стварала яна ў «Паўлінцы»!

А колькі выдатных актрыс бліскуча пераўвасабляліся ў самую Паўлінку за доўгі час яе жыцця на роднай сцэне: пасля Паўліны Мядзёлкі хораша сябе адчувалі ў гэтай ролі Раіса Кашэльнікава, Лідзія Шынко, Бірута Дакальская, Наталля Гайда, Ала Доўгая, Зоя Белахвосцік! Актрысы старэлі, выходзілі з дзявочага ўзросту, а Паўлінка заўсёды заставалася на сцэне маладою і гарэзліваю. Неўміручаю!

С. Станюта, П. Кармунін, З. Браварская, Г. Глебаў, У. Уладамірскі, I. Ждановіч, З. Стома, М. Яроменка, В. Белахвосцік, В. Тарасаў, Л. Далідовіч, М. Захарэвіч, П. Дубашынскі, Г. Гарбук, В. Манаеў, Г. Кірычэнка – якое пашаноўнае суквецце адданых тэатру талентаў! (Я.Сіпакоў)

Напішыце водгук на прагледжаны вамі спектакль.

ЗАДАННЕ 5. Прачытайце тэкст. Растлумачце правапіс вялікай і малой літары ў прыметніках.

Тэатры, канцэрты, выставы, музеі, розныя таварыствы – тое, чым духоўна жыла тагачасная мінская інтэлігенцыя, для пераважнай большасці гараджан, можна лічыць, не існавалі. У псіхалогіі бедняка, заклапочанага пошукамі кавалка хлеба, гэта ўяўлялася панскай забавай, недазволенай простаму чалавеку раскошай. Але вось цырк – іншая справа. У Мінск пастаянна прыязджалі вандроўныя цыркавыя акцёры, час ад часу наведваліся і знакамітыя гастралёры.

Цырк пачынаўся з базарных плошчаў, дзе ўзводзіліся часовыя балаганы, у якіх за невялікую плату можна было паглядзець эстрадна-цыркавую праграму. Вакол балаганаў размяшчаліся розныя атракцыёны, раскладвалі свае рэквізітныя прыстасаванні і прылады фокуснікі, вулічныя акрабаты, жанглёры, назойліва прапаноўвалі паслугі гадалкі, хадзілі цыганы з вучонымі мядзведзямі.

Першы драўляны будынак цырка прастаяў у Мінску з 1884 да 1886 года. Ён знаходзіўся на Саборнай плошчы, і гараджане ведалі яго як цырк Нікіціна. Акрамя цыркавых, тут паказваліся і тэатральныя спектаклі. Затым (да 1901 года) рабіліся часовыя збудаванні, якія пасля закрыцця сезона штогод разбіраліся.

I вось у мінскага цырка нарэшце з’явіўся пастаянны дом. Пабудаваў яго прадпрымальнік і антрэпрэнёр Дэвінье на пляцы, арандаваным у Вольнапажарнага таварыства, на рагу Каломенскай і Пецярбургскай вуліц (сквер на скрыжаванні вуліц Ленінградскай і Свярдлова). Першымі ў новым гмаху выступалі акцёры італьянскага цырка братоў Труці. Яны гастралявалі ў Мінску і ў 1905 годзе. (З. Шыбека, С. Шыбека)

Напішыце рэкламны тэкст «Сардэчна запрашаем…» (у тэатры, кінатэатры, на выставы, у цырк, музеі і інш.).