Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беларуская мова 03.01.2013.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.69 Mб
Скачать

Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Беларуская тапаніміка і анамастыка»

Падрыхтуйце вуснае паведамленне па тэме “Беларуская тапаніміка і анамастыка”. Выканайце заданні да прапанаваных тэкстаў.

ЗАДАННЕ 1. Прачытайце тэкст. Вызначце яго асноўную думку. Знайдзіце ў тэксце назоўнікі, згрупуйце іх паводле лексіка-граматычных разрадаў і тыпаў скланення.

Тапонімы з’яўляюцца духоўна-інтэлектуальнымі сімваламі прысутнасці людской супольнасці ў канкрэтнай прасторы, адлюстроў-ваюць іх гістарычную ўзаемасувязь. Кожная грамада заўсёды акрэслі-вае межы тэрыторыі, на якой існуе.

Жывёлы інстынктыўна пазначаюць межы сваіх мясцінаў (на фізічным узроўні). Права на тэрыторыю людзі дэманструюць і на духоўна-інтэлектуальным узроўні – праз мову. Кожная краіна, дбаючы пра сваю незалежнасць і самастойнасць, замацоўвае межы ўласнай тэрыторыі паказальнікамі, шыльдамі, надпісамі на мове тытульнай нацыі (менавіта тытульнай, каб падкрэсліць трывалую згуртаванасць гэтай людской супольнасці і яе здольнасць у вымушаных выпадках смела выступіць на абарону, а не прыстасоўвацца). Яны пераканальна сведчаць пра занятасць пазначанай тэрыторыі (і адметнасць гукавой прасторы, выяўленай пісьмова) і адгароджваюць яе ад суседзяў. Не толькі памежнікі аберагаюць краіну. Найбольш трывала, грунтоўна і працягла яе тэрыторыя ахоўваецца моваю. І вядома ж, тапонімамі. Яны нясуць гістарычную інфармацыю з мінулага і перадаюць гераіч-ны і творчы дух продкаў. Напісанне тапонімаў на роднай мове – мове тытульнай нацыі – выяўляе яе годнасць, актывізуе стваральны дух усіх насельнікаў краіны, неўпрыкмет натхняе іх на творчыя пошукі, на самаўдасканаленне і развіццё.

Адначасова ў такой прыродна-нацыянальнай моўнай стыхіі паспяхова фармуюцца патрыятычныя пачуцці маладога пакалення, яго беражлівае стаўленне да спадчыны, духоўных здабыткаў папярэднікаў і сучаснікаў.

Асабліва запатрабаваная мова тытульнай нацыі для дзейнасці дзяржавы (апарату кіравання) і сутнасных частак яе структуры (мініс-тэрстваў, камітэтаў, дэпартаментаў; узброеных сілаў; заканадаўства). Справаводства, надпісы на паказальніках, шыльдах, транспарантах – і доказ мэтанакіраванага самастойнага існавання, і праява суладнай дзейнасці з пераважнай большасцю грамады (карэннымі насельніка-мі), і падтрыманне касмічна-зямных заканамернасцяў – прыродных (фізічных і духоўных) хваляў, што асабліва выразна адлюстроўваецца ў мове. Ужыванне іншых моваў у дакументацыі і справаводстве, пры напісанні тапонімаў міжвольна нагадвае пра пэўную залежнасць. Часам для ўзгаднення дзеянняў устаноў, прадпрыемстваў і іншых структур розных краін, а таксама ў экскурсійных і рэкламных мэтах патрабуецца універсальная – інтэрнацыянальная – мова. Тады яна выкарыс-тоўваецца як сродак элементарных зносінаў, перадае інфармацыю і звычайна пазбаўлена духоўнага напаўнення. Для духоўна-інтэлектуальнага развіцця нацыі патрэбна толькі родная мова, якая найбольш дакладна, разнастайна і глыбока выяўляе нацыянальна-прасторавы дух. Надзвычай разбуральна дзейнічае на псіхіку насельнікаў перайменаванне населеных пунктаў і іх частак (плошчаў, вуліц і г. д.), геаграфічных аб’ектаў. Змена назваў пэўным чынам перапыняе духоўную плынь, якая праз тапонімы цягнецца да наступнікаў, і адчужае сучаснікаў ад канкрэтнай тэрыторыі, стварае блытаніну ў іх памяці, робіць сацыяльную атмасферу нестабільнай, імкліва-мітуслівай, адлучанай ад вечнасці! Нездарма ж перасяленцы Амерыкі, Сібіры, Казахстана везлі з сабою не толькі пажыткі, але і назвы родных мясцінаў, якія прысвойвалі новым населеным пунктам на чужых землях. А паралельнае ўжыванне назваў населеных пунктаў (у арыгінале і ў перакладзе на іншыя мовы) духоўна спусташае насельнікаў. (М. Шавыркін)

Раскажыце пра тапанімічныя назвы вашай малой радзімы і раскрыйце іх паходжанне.

ЗАДАННЕ 2. Выпішыце з тэксту назоўнікі І скланення, праскланяйце іх у адзіночным ліку. Растлумачце правапіс канчаткаў.

Разгадваць назвы рэк і азёраў, вялікіх і малых, заўсёды цяжка. I не толькі таму, што многія найменні водных аб’ектаў нашмат больш старажытныя, чым назвы паселішчаў. Справа ў іншым. Вада, рака, возера даравалі чалавеку жыццё. Быў час, калі людзі ўспрымалі ваду як жывую істоту, раіліся з ёй, абагаўлялі яе. Калі ўзнікала неабходнасць надаць рацэ імя, людзі імкнуліся не пакрыўдзіць гэтую таямнічую і свавольную істоту, здольную то разліцца, быццам мора, то звузіцца да невялікага ручая, і звычайна прыдумвалі такое найменне, якое з пункту погляду сённяшняга дня можа тлумачыцца як сакральнае і зашыфраванае.

Зразумела, што выбар назвы мог матывавацца не толькі абавязкова абагаўленнем вады, ракі, возера ўвогуле. У аснову маглі класціся самыя разнастайныя прыкметы, але з цягам часу яны забываліся, страчваліся, назва ператваралася ў звычайны моўны знак, сімвал, з дапамогай якога людзі арыентаваліся. Вось чаму разгадваць старажытныя найменні заўсёды цяжка. Цяжка, але цікава. (А. Рогалеў)

Як называюцца назвы водных аб’ектаў у вашай мясцовасці? Што захоўвае людская памяць аб паходжанні іх найменняў?

ЗАДАННЕ 3. Выпішыце з тэксту назоўнікі ІІ скланення і праскланяйце іх. Растлумачце правапіс канчаткаў ІІ скланення ў родным і месным склонах адзіночнага ліку.

У тыя даўнія ўжо часы Стоўбцы – населены пункт Вялікага княства Літоўскага – належалі Слушкам, Радзівілам, Чартарыйскім. У 1621–1640 гадах тут пабудаваны касцёл дамініканцаў. У 1729 годзе Стоўбцы атрымалі магдэбургскае права.

Назву горада гістарычныя даведнікі звязваюць са словам «столб», якое шырока ўжывалася раней. Слупамі адзначалі дарогу цераз мясцовасць без добрых арыенціраў, асабліва зімой, імі абазначалі межы княстваў і дзяржаў. Але чаму так назвалі менавіта гэта мястэчка за 78 км на паўднёвы захад ад Мінска? Ці толькі ў дарожных і памежных знаках тут спра­ва? У Тлумачальным слоўніку рускай мовы У. I. Даля згадваецца, што былі берагавыя, прывязныя слупы. Ці не яны далі імя гораду, які быў некалі адной з галоўных прыстаней на Нёмане? Тут бойка гандлявалі збожжам і пянькой, мёдам і воскам, скурамі, лесаматэрыяламі, рознымі вырабамі мясцовых майстроў. Вядома, што ў XIX стагоддзі асабліва развіта было рамесніцтва, працавалі запалкавая фабрыка, лесапільны завод, смалакурня. (У. Малішэўскі, П. Пабока)

Падрыхтуйце паведамленне «Стоўбцы: учора і сёння». Правядзіце завочную экскурсію па мясцінах, звязаных з імем Якуба Коласа.

ЗАДАННЕ 4. Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып маўлення. Выпішыце ўласныя назоўнікі множнага ліку і растлумачце ўжыванне іх канчаткаў. Праскланяйце падкрэсленыя ў тэксце ўласны­­­я назвы.

Варыянт 1. Тапаніміка – навука, якая займаецца даследаваннем паходжання, сэнсавага значэння і развіцця геаграфічных назваў. Геаграфічныя назвы – гэта найбольш старажытная частка лексічнага складу мовы, часта адзінае сведчанне аб народах, якія тут жылі і далі гэтыя назвы. Такія назвы даваліся людзьмі для адрознення аднаго аб'екта ад другога, для лепшай арыентацыі, для абазначэння месцаў гаспадарчай дзейнасці, родавых, фамільных уладанняў і г.д. У аснове назвы – прымета, якая лічылася на той час самай істотнай. Кожная гістарычная эпоха пакінула свой пласт тапанімікі ў залежнасці ад гістарычных абставін і мовы, на якой гаварыла насельніцтва. Самымі раннімі лічацца гідронімы – назвы рэк, азёраў і іншых вадаёмаў. У Беларусі сустракаюцца гідронімы фіна-ўгорскага, іранскага, балцкага паходжання – этнічных груп, якія жылі да славянскай каланізацыі зямель сучаснай Беларусі. Гідронімы могуць сведчыць аб міграцыях этнічных груп, нават аб адносінах між імі. Так, на думку лінгвістаў, захаванне старажытнай гідранімікі сведчыць аб суіснаванні і ўзаемадзеянні розных у моўных адносінах груп насельніцтва.

Краязнаўцы могуць паспрабаваць вызначыць моўную прыналежнасць гідроніма. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што для розных моўных груп характэрны свае суфіксы (фарманты). Так, да фіна-ўгорскіх назваў можна аднесці гідронімы з фармантамі -ега, -юга, -ага, -яга і часткова -ыга. Гідронімы з фармантамі -ся, -ія, -упля характэрны для балцкіх назваў, славянскімі з’яўляюцца гідронімы з суфіксамі -оў (-еў), -ін, -ск, -ец, -іца, -ка, -ізіна, -ішча, -ічы, -аўцы (-інцы), -ікі, -нікі, -еж, -гошч і інш. Аднак трэба пазбягаць механічнага дзялення гідронімаў па моўных групах. Свае вывады патрэбна суадносіць з распрацоўкамі вучоных.

Сярод назваў паселішчаў найбольш старажытнымі лічацца назвы з канчаткамі -ея, -ель (-ля), -еж (з аналагамі), больш познімі – назвы з канчаткамі -шчына, -ка. Тапонімы даволі выразна азначаюць грамадскую структуру свайго часу. Так, у перыяд распаўсюджвання выплаўкі і апрацоўкі жалеза ўзніклі назвы тыпу Рудня, Рудзенск і г. д. З пераходам ад палявання і збіральніцтва да земляробства з’явіліся Жары, Верацеі, Рубяжы і інш. З ростам сёлаў, двароў, селішчаў і гарадзішчаў гэтыя тэрміны становяцца тапонімамі – Гарадок, Гарадзішча, Гарадзея, Селішча, Дварэц і інш. Са з’яўленнем прозвішчаў тапаніміка абагацілася патранамічнымі назвамі, якія абазначаюць уладальніка зямельнага надзелу або пасялення – Багушэвічы, Дарашэвічы, Скірмунтава і інш.

Каштоўную інфармацыю заключаюць тапонімы, якія абазначаюць прафесію. Разам з адасабленнем рамяства ў асобную галіну вытворчасці з’явіліся назвы Ткачы, Баброўнікі, Дойліды, Кавалі, Млыны. З расшырэннем вытворчасці ўзніклі назвы Гута, Тартак, Паташня, Смалярня. Рост насельніцтва і развіццё гаспадаркі прывялі да з’яўлення Засценкаў, Выселкаў, Будаў, Хутароў, Фальваркаў, Атрубоў. Перахрэсці, Перавозы, Броды, Масты, Грэблі сведчаць аб існаванні транспартных сувязяў. Тапонімы тыпу Стоўб, Стоўбцы, Рубяжэвічы, Край часцей за ўсё звязаны з існаваўшымі ў час іх узнікнення адміністратыўнымі або землеўладальніцкімі межамі. (А. Лозка)

Варыянт 2. На тэрыторыі Беларусі вучоныя выдзяляюць некалькі тапанімічных раёнаў у залежнасці ад паходжання тапонімаў. 1. Сярэдняе і Заходняе Палессе з вялікай колькасцю старажытных славянскіх назваў. Балтыйскія тапонімы адсутнічаюць. Тыповыя назвы – Тонеж, Бездзеж, Лоўча, Остраўск, Тураў. 2. Усходняе Палессе і Ніжняе Пасожжа характарызуюцца прысутнасцю старажытных славянскіх формаў, але меншай колькасці, чым у першай групе. Балцкая тапанімія не даказана. Тыповыя назвы – Буды, Баршчэўка, Стасаўка і інш. 3. Верхняе Падняпроўе (Быхаўскі, Магілёўскі, Шклоўскі, Аршанскі, Горацкі р-ны) характарызуецца чыста славянскай тапаніміяй. Напрыклад, Круглае, Коханава, Барань, Копысь і іншыя. 4. Цэнтральная Беларусь (басейн рэк Бярэзіна, Свіслач, Прадпалессе) з’яўляецца раёнам старажытных славяна-балцкіх кантактаў. Чаргуюцца старажытнаславянскія тапонімы з балцкімі. Захаваліся «Балцкія ачагі», дзе, верагодна, балцкая мова захоўвалася доўгі час. Да іх ліку адносіцца раён Слуцка-Грэска, арэал Мінск-Заслаўе-Крайск, Бягомль, Лепель, Чарэя-Бобр-Барысаў-Мінск. Тыповыя славянскія назвы – Барысаў, Лагойск, Навагрудак, Любань; балцкія – Жажалка, Кімія, Жартай, Брожа. 5. Поўнач Беларусі – раён славянска-балцкіх кантактаў з асобнымі фінскімі элементамі. Тыповыя славянскія назвы ­– Мяжа, Тураўя, Гарадок, Віцебск, Полацк, Асвея; балцкія – Обаль, Супроны, Аўгулі і інш. 6. Пераходная зона на Паўночным Захадзе Беларусі з выразным балцкім пластом, асабліва ў гідраніміцы. Побач са славянскімі назвамі – Іўе, Шчучын, Маладзечна, Вілейка існуюць балцкія – Юрацішкі, Мядзель, Смаргонь. 7. Зона змешанай балта-славянскай тапанімікі ў беларуска-прыбалтыйскім памежжы. Тут сустракаюцца як славянскія, асіміляваныя балцкімі, так і балцкія, асіміляваныя славянскімі тапонімамі (славянскае афармленне балцкіх назваў). Балцкія назвы складаюць тут да 15–30%. Славянскія – Радунь, Воранава, Паставы, Астравец; балцкія – Валейкішкі, Рындзюны, Відзы, Ромуці.

Асаблівую цікавасць уяўляе мікратапанімія – назвы ручаёў, крыніц, урочышчаў, лугоў, участкаў лесу, поля, балот (у вёсцы) і назваў вуліц, раёнаў (у горадзе). З дапамогай мікратапонімаў можна атрымаць інфармацыю пра асаблівасці мясцовага ландшафту ў прошлым, аднавіць гісторыю фармавання гарадской забудовы, высветліць старажытныя цэнтры гарадоў, іх памеры і г. д. (А. Лозка)

Напішыце творчую працу пра тое, чаму так названы адзін з населеных пунктаў вашай малой радзімы.

ЗАДАННЕ 5. Выпішыце з тэксту ўласныя назвы, растлумачце, якія з іх ўжываюцца толькі ў множным ліку. Праскланяйце выдзеленыя ў тэксце назвы.

Янка Купала шмат дзе быў, наведаў шмат розных мясцінаў. Адны з іх усім нам вядомыя, і Купалава жыццё ў іх апісана да драбніцы. Іншыя ж і сёння застаюцца невядомымі. Калісбэраг, Гайдукоўка, Рубеж, Верацейкі, Раптуноўшчына, Здарэнне, Прытыкі, Радзькаўшчына, Ляўшова, Калдукоўка, Корань, Сілінцы. Кожная з гэтых мясцін асвечана Купалавым імем. Амаль у кожнай з іх Купала некалі меў ці знаёмых, ці сваякоў, не раз і не два сустракаўся з імі, а ў некаторых жыў і працаваў. У Гайдукоўцы, прыкладам, ён напісаў вядомы верш «Беларускія сыны», у Калісбэргу – «Мая навука», у Казімераве рыхтаваўся ў рэальнае вучылішча. Тут скрозь – ад Бараўцоў да Мачанаў, Бясядаў і далей аж да са­мых Радашковічаў і Мігаўкі – ведалі Купалу. Гэта ж тут рос і гадаваўся Янка, сталеў і мужнеў, выходзіў у людзі, набіраўся паэтычнай моцы. То чаму ж і нам не прайсціся па Купалавых сцежках, не пагутарыць пра народнага песняра з жыхарамі згаданых тут хутароў і вёсак, тым больш, што ўсе гэтыя паселішчы паблізу Мінска. (Часопіс «Роднае слова»)

Раскажыце пра іншыя вядомыя купалаўскія мясціны. Якія падзеі жыцця паэта з імі звязаны?

ЗАДАННЕ 6. На прыкладах з тэксту праілюструйце асаблівасці скланення назоўнікаў, якія абазначаюць геаграфічныя назвы.

Аляксандр Ельскі не паленаваўся і з уласцівай яму педантычнасцю пералічыў усе рэкі і рэчкі тагачаснай Наваградчыны, тагачаснага павету: «Найважнейшая рака ў павеце – славуты Нёман, які на працягу 122 вёрст утварае паўночна-заходнюю граніцу павета; прыстані знаходзяцца ў Ярэмічах, Калядзіне, Шчорсах, Любчы, Дзяляцічах, Морыні і Крывічах. Сплаў з прычыны значнай звілістасці ракі адбываецца без ветразяў, з дапамогаю толькі вёслаў або шастоў. Не лічачы шматлікіх ручаёў і безыменных рачулак, прыгадаем 65 рэк, за якімі замацаваліся трывалыя назвы: Аса, Асоўка, Балайца, Беніна, Бяроза, Бярозка, Валовіч, Валоўня, Ведзьма, Дарагоўка, Дзвея, Дзеламлянка, Дзеравянка, Драчылаўка, Змейка, Ізаўка, Ізва, Ішкалдзь, Калпяніца, Капаніца, Качарыжка, Котаўка, Крамашоўка, Ліпніца, Ляшчанка, Малатоўка, Малчадка, Мар’янаўка, Міранка, Моўчадзь, Мутвіца, Мышанка, Мязаўна, Навасадка, Налібоўка, Неўда, Нягрымаўка, Няжатка, Петухоўка, Пліса, Рудзіца, Рута, Рэціма, Сваротава, Свіцязь, Слочва, Сноўка, Сэрвач, Сянежыца, Тартак, Трапячанка, Трасцянка, Уша, Хадоса, Хмарка, Цытранка, Чарняўка, Чорная, Чэшаўля, Шавялёўка, Шарава, Шчара, Шчорсаўка, Ябланаўка, Ятра...» Сапраўды гідранімічны партрэт краю! Дадаць бы да яго крыху інфармацыі з экалагічнай біяграфіі рэк, распавесці пра іх сённяшні стан – і чытанне будзе патрэбным і захапляючым. Увесь час лічыўшы, што гідронімам болей шчасціць у перыпетыях пераймена-ванняў, што іх зазвычай не чапаюць, я рашыў зрабіць «рэвізію» навагрудскай «блакітнай энцыклапедыі» Ельскага. А ў ролі дарадца ўзяў энцыклапедыю «Блакітная кніга Беларусі». Асы я там не знайшоў. I Асоўкі – таксама. Праўда, ёсць ў Навагрудскім раёне Асоцка, у яе яшчэ і другая назва – Балайце. Левы прыток Немана. У Ельскага: Балайца. Дык, можа быць, адна і тая ж рака – Асоўка ці Асоцка і Балайце? Бенічанкі не знайшоў. Не дапамаглі і сённяшнія навагрудскія краязнаўцы. Бяроза – на тэрыторыі сучасньх Зэльвенскага і Слонім-скага раёнаў, левы прыток Шчары. Ёсць і Бярозка (яшчэ носіць назву Бярэзка). Валовіч не знайшоў ні ў энцыклапедыі, ні на карце раёна. А Валоўка – і Валова, і Валуўка, відаць, усё тая ж, па Ельскаму, Валоўня. Пачынаецца на ўскраіне Навагрудка, упадае ў Нёман за 1 км ад гарадскога пасёлка Любча. I з астатнімі рэкамі некаторая нявыкрутка. Выходзіць, што і гідронімы не вечныя? Альбо самі рэкі?..

«Блакітную біяграфію» Навагрудчыны можна вывучаць у асаблівасці каля Любчы. Калі вас стоміць вандроўка па вулачках Навагрудка, то сюды і скіроўвайце. Асалоду набудзеце неймаверную. (М. Міршчына)

♦ Выкажыце меркаванне наконт этымалогіі гідронімаў, згаданых у тэксце.

ЗАДАННЕ 7. Зрабіце паведамленне аб правапісе канчаткаў назоўнікаў множнага ліку. Падмацуйце адказ прыкладамі з тэксту.

Цікавасць у людзей выклікаюць прозвішчы. Лексічны склад беларускіх прозвішчаў надзвычай багаты і разнастайны. Так, наш вядомы вучоны акадэмік Мікалай Бірыла сабраў унікальную калекцыю беларускіх прозвішчаў – больш за 20 тысяч адпаведных антрапонімаў (паводле апошніх звестак – 54 тысячы гэтых найменняў). Яму ўдалося растлумачыць у сваіх працах каля 70 працэнтаў старых народных імёнаў, што выкарыстоўваліся спачатку як уласныя назоўнікі (XVI–XIX стст.).

Багатая пісьмовая спадчына беларускага народа, а таксама матэрыялы дыялектных слоўнікаў, этнаграфічных прац, мемуары далі магчымасць даследчыкам прасачыць, як з былога, надзвычай багатага іменаслова старых і новых царкоўных імёнаў, мянушак, клічак-характарыстык у іх разнастайных формах і варыянтах паступова складвалася сучасная сістэма беларускіх прозвішчаў, як выяўлялася іх спецыфіка, яе тыповыя адметныя асаблівасці.

Значная колькасць прозвішчаў трапіла да нас ад суседніх народаў і іх моў. На працягу многіх стагоддзяў побач з беларусамі пражывалі палякі, літоўцы, рускія, яўрэі, украінцы, татары, латышы, немцы, чэхі, цыганы і інш. Землі сучаснай Беларусі ў мінулыя стагоддзі ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага, затым Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі. Усё гэта, безумоўна, адбілася на складзе лексікі беларускай мовы, у тым ліку і на складзе імёнаў, прозвішчаў, тапанімічных назваў.

На жаль, ёсць людзі, якія абыякава адносяцца да сваіх прозвішчаў, свядома і несвядома перакручваючы іх, спрабуючы вымаўляць, пісаць іх на ўзор блізкіх па гучанні і напісанні прозвішчаў іншых народаў. Найчасцей беларускія прозвішчы падганяюць пад польскія або рускія, надаючы ім адпаведнае польскае або рускае гучанне. Многія людзі ў наш час нават не ведаюць, што іх прозвішчы перацярпелі пэўныя змены, выкліканыя самымі рознымі абставінамі. Носьбіты такіх прозвішчаў прывыклі да знявечанага, скажонага вымаўлення (напісання) і нават абураюцца, калі нехта называе або запісвае іх прозвішча ў адпаведнасці з натуральнымі законамі беларускай арфаграфіі ці арфаэпіі. (Паводле В. Шура)

Выкажыце пісьмова меркаванне аб паходжанні ўласнага прозвішча. Пры неабходнасці карыстайцеся кнігамі В. Шура «Беларускія ўласныя імёны» (Мн., 1998) і У. Юрэвіча «Слова жывое, роднае, гаваркое…» (Мн., 1992).

ЗАДАННЕ 8. Напішыце сачыненне тыпу разважання на тэму «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся». Выкарыстайце ў якасці эпіграфа ніжэйпрыведзеныя словы В. Дуніна-Марцінкевіча.

Што мне пекны Парыж, Рым прыгожы і слынны,

Што швейцарскія горы, старыя Афіны,

Што мне Вена, Мадрыд, што мне Лондан туманны,

Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы!