Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беларуская мова 03.01.2013.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.69 Mб
Скачать

Літаратура

  1. Беларуская мова: энцыкл. / пад рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БелЭн, 1994.

  2. Булыка, А. М. Слоўнік іншамоўных слоў: у 2 т. / А. М. Булыка. – Мінск: БелЭн, 1999. – Т. 1: А – Л.; т. 2: М – Я.

  3. Гамеза, Л. М. Комплексны лексічны слоўнік беларускай мовы (сінонімы, антонімы, амонімы, паронімы) / Л. М. Гамеза. – Мінск: ТетраСистемс, 2008.

  4. Грабчыкаў, С. М. Слоўнік паронімаў беларуская мовы / С. М. Грабчыкаў. – Мінск: Выд-ва БДУ, 1977.

  5. Клышка, М. К. Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў / М. К. Клышка; пад. рэд. А. А. Антанюк. – Мінск: Выш. шк., 1976.

  6. Лазоўскі, У. М. Слоўнік антонімаў беларускай мовы. Канкрэтныя выпадкі ўжывання / У. М. Лазоўскі. – Мінск: Універсітэцкае, 1994.

  7. Лепешаў, І. Я. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы: у 2 т. / І. Я. Лепешаў. – Мінск: БелЭн, 1993. – Т. 1: А- Л.; т. 2: М – Я.

  8. Плотнікаў, Б. А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум / Б. А Плотнікаў, Л. А. Антанюк. – Мінск: Інтэрпрэссэрвіс; Кніжны Дом, 2003. – 672 с.

  9. Тлумачальны слоўнік беларуская літаратурнай мовы / пад рэд. М. Р. Судніка, М. Н. Крыўко. – Мінск: БелЭн, 1996.

Тэма 6. МарФалагічныя нормы беларускай мовы. Асаблівасці ўжывання назоўнікаў тэарэтычная частка

Марфалагічныя нормы рэгулююць ужыванне слова ў слова-злучэннях і сказах згодна з уласцівымі яму граматычнымі катэго-рыямі, правільнае ўтварэнне формаў слова.

Назоўнік. Склонавыя формы. У рэчышчы фарміравання прафесійнай кампетэнцыі будучых спецыялістаў асаблівае значэнне набывае ўменне правільна карыстацца склонавымі формамі.

Хоць катэгорыя склону, з’яўляючыся агульнаўжывальным срод-кам мовы, у цэлым не мае асаблівай экспрэсіўнасці, варыянтнасць многіх склонавых формаў можа залежаць ад стылю. У некаторых склонах вылучаюць варыянтныя канчаткі, уласцівыя, з аднаго боку, гутарковай і мастацкай мове, і з другога – навуковай і афіцыйна-дзелавой.

Асобныя варыянты, што існуюць побач з агульнаўжывальнымі формамі, успрымаюцца як стылістычна маркіраваныя. Ужыванне назоўнікаў тыпу кляны, туманы, балаты з націскам на канчатку абмяжоўваецца пераважна гутарковым і мастацкім стылямі. Haд хлопцам з дзяўчынай кляны разгараюцца (П. Панчанка). Памкнуўся ўправа – багавінне, пайду наперад – балаты (П. Броўка). У строга кніжнай мове (навуковай, афіцыйна-дзелавой), ужываюцца формы гэтых назоўнікаў з націскам на корані: балоты – балот, туманы – туманаў і г. д. Іранічны сэнс выказваецца формай назоўнага склону множнага ліку слова чалавекі: Усе мы людзі, усе мы чалавекі (I. Шамякін).

Назоўнікі мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку маюць канчаткі -а(-я) або -у(ю). Выбар канчатка залежыць у першую чаргу ад лексічнага значэння слова. Хоць у гутарковай мове сустракаюцца пэўныя варыянты канчаткаў назоўнікаў для гэтай склонавай формы, правапіс іх у мужчынскім родзе роднага склону адзіночнага ліку дастаткова падрабязна апісваецца ў нарматыўных граматыках, падручніках і слоўніках па сучаснай беларускай мове.

Родны склон. Назоўнікі другога скланення мужчынскага роду ў родным склоне маюць канчатак (-я) або (-ю). Размежаванне гэтых канчаткаў залежыць у асноўным ад семантыкі назоўніка. На сённяшні дзень можна прывесці пералік лексіка-семантычных прыкмет і выдзеліць асноўныя групы назоўнікаў, за якімі замацоўваецца адзін з названых канчаткаў.

Канчатак -а () маюць назоўнікі, якія абазначаюць:

1) агульныя і ўласныя назвы людзей (за выключэннем зборных назваў тыпу люд – люду, народ – народу), а таксама назвы жывёл: вучня, настаўніка, трактарыста, педагога, чытача, токара, Івана, Міхася, Якубовіча, аленя, ваўка, вужа, дразда, жука, зайца, камара, каня, пеўня, салаўя;

2) канкрэтныя прадметы рэчаіснасці, што паддаюцца лічэнню, або іх часткі: агурка, айсберга, бурака, вулея, гадзінніка, камбайна, касцюма, каўняра, кургана, маятніка, пня, руля, рычага, стала, стога, тралейбуса, чахла, яблыка;

3) органы і часткі цела чалавека, жывёлы: зуба, ілба, капыта, носа, падбародка, пальца, рога, рота, страўніка, хваста, хрыбта, языка, але: твару;

4) навуковыя і тэхнічныя тэрміны: абзаца, аксюмарана, алфавіта, апострафа, атама, балета, верша, вадэвіля, вугля, дыялога, інтэграла, катода, катэта, каэфіцыента, квадрата, конуса, косінуса, круга, куба, мерыдыяна, модуля, назоўніка, параметра, перпендыкуляра, ромба, радыуса, санета, сінуса, сказа, склона, суфікса, сюжэта, твора, трохвугольніка, харэя, эліпса, ямба;

5) меры даўжыні, плошчы, вагі, аб’ёму, акрэсленыя адрэзкі часу, грашовыя і іншыя адзінкі вымярэння: ампера, акра, ара, аўторка, вечара, вольта, гектара, герца, года, грама, дзесятка, дзюйма, кілаграма, кіламетра, літра, месяца, метра, мільёна, панядзелка, пенса, пуда, пятака, рубля, сакавіка, семестра, снежня, тыдня, франка, цэнтнера, чацвярга, чырвонца. Але: веку, ранку, без году тыдзень, з году ў год;

6) грамадскія арганізацыі, прадпрыемствы, установы, вайсковыя падраздзяленні: гарнізона, дывізіёна, завода, інстытута, калгаса, кааператыва, камітэта, камбіната, клуба, палка, прафсою­за, саўгаса, трэста, узвода, штаба;

7) назвы танцаў, народных, спартыўных і картачных гульняў: баскетбола, бейсбола, бокса, брыджа, валейбола, вальса, кракавяка, крыжачка, паланеза, покера, прэферанса, танца, тэніса, факстрота, футбола, хакея, чардаша;

8) агульныя і ўласныя назвы населеных пунктаў і мясцовасцей, геаграфічныя і астранамічныя назвы, гідронімы: горада, пасёлка, раёна, райцэнтра, хутара, Лондана, Магілёва, Мінска, Полацка, Рыма, Алжыра, В’етнама; архіпелага, акіяна, вострава, кантынента, мыса, ручая, узгорка, Фіёрда, Алтая, Крыма, Урала, Мар­са, Месяца, Рака (сузор’е), Сатурна, Буга, Нёмана, Паліка (возера).

Канчатак маюць таксама назоўнікі з ацэначнымі суфіксамі -ішч-а (-ышч-а), -іск-а (-ыск-а): дамішча, халадзішча, вятрыска, даміска.

Канчатак -у (-/о) маюць:

1. Абстрактныя назоўнікі, якія абазначаюць:

а) абстрактна-разумовыя паняцці (у тым ліку назвы грамадска-палітычных, эканамічных, рэлігійных і іншых фармацый і напрамкаў): валюнтарызму, капіталізму, рамантызму, сацыялізму, дарвінізму, цэнтралізму, атэізму, гуманізму, рэалізму, пацыфізму, прагрэсу, адцягненыя якасці, прыметы і пад.: абавязку, аўтарытэту, вопыту, густу, ідэалу, інтэлекту, кампрамісу, кантрасту, клопату, колеру, крызісу, лёсу, матыву, нораву, нюансу, нябыту, патрыятызму, поспеху, прагрэсу, прынцыпу, розуму, характару, блакіту, гераізму, гумару, задору;

б) дзеянні, працэсы, стан, розныя адчуванні, пачуцці і пад.: абеду, аб’езду, ад’езду, адпачынку, бою, вываду, гоману, даходу, загаду, замесу, зачыну, звароту, кашлю, крыку, лёту, ляманту, маршу, масажу, набору, нагрэву, накіду, намалоту, павароту, падагрэву, пад’ёму, памолу, пачыну, пералёту, перапісу, разліку, старту, штурму, шуму, апетыту, болю, голаду, гневу, гумару, задору, жалю, смутку, страху, сну, сораму, спакою.

в) розныя формы прасторы, месца, а таксама неакрэсленыя прамежкі часу: абшару, верху, выгану, гаю, долу, космасу, краю, ландшафту, лесастэпу, логу, лесу, лугу, маршруту, масіву, нізу, прастору, разлогу, свету, стэпу, сусвету, сухадолу, схілу, узлеску, узмежку, інтэрвалу, моманту, тэрміну.

Некаторыя з пералічаных назоўнікаў могуць ужывацца з су- фіксам -ок. У такім выпадку ў родным склоне яны ўжываюцца з канчаткам -а: верх вяршок вяршка, луг лужок – лужка, лес – лясок ляска, гай – гаёк гайка, сад садок – садка;

г) розныя захворванні: апендыцыту, бранхіту, вогніку, гаймарыту, грыпу, дальтанізму, інфаркту, коклюшу, паралічу, плеўрыту, радыкуліту, рахіту, рэўматызму, слупняку, тыфу, яшчуру;

д) з’явы прыроды, стыхійныя бедствы, розныя падзеі ў грамадскім жыцці: агню, ветравею, ветру, ветрыку, віхру, галалёду, голаду, грому, дажджу, досвітку, замаразку, змроку, інею, марозу, норду, патоку, павадку, самуму, сіверу, світанку, смерчу, сухавею, туману, урагану, холаду (халадку), кірмашу, фестывалю, фэсту.

Матэрыяльна-рэчыўныя назоўнікі, якія абазначаюць уласна рэчывы, хімічныя элементы, матэрыялы, прадукты харчавання, алею і пад.: алюмінію, асфальту, бензіну, вадароду, воску, гіпсу, глею, жвіру, здору, кампосту, кіслароду, клею, крухмалу, лаўсану, лёду, маргарыну, металу, мёду (мядку), натрыю, нашатыру, парафіну, парашку, пластэліну, пластыру, попелу, пораху, пылу (пылку), пяску, раствору, радону, рысу, салідолу, сіласу, сіропу, соладу, стэарыну, сульфату, сургучу, сурыку, сырцу, тварагу (тваражку), цукру, цынку, цэменту, ячменю, бастону, крэпдэшыну, паркалю, шавіёту, шоўку, шыфону, біфштэксу, гуляшу, кактэйлю, квасу (кваску), кефіру, рамштэксу, ростбіфу, супу, халадніку, шашлыку, аспірыну, анальгіну, валідолу, кальцэксу, пеніцыліну, пірамідону, папазолу. Але: аўса, бітка, хлеба, таксама торта, варэніка, бліна (разнавіднасць выпечкі).

Назоўнікі са зборным значэннем: актыву, аўтатранспарту, багажу, грузу, гурту, інвентару, кансіліуму, лістажу, літражу, люду, натоўпу, посуду, рою, рэпертуару, тавару, танажу, тыражу, тэкстылю, утылю, фальклору, флоту, фуражу, хору.

Да гэтай групы можна аднесці таксама назвы раслін (траў, злакаў, кустовых раслін), у якіх форма адзіночнага ліку абазначае непадзельную множнасць як нешта адзінкавае: агрэсту, арэшніку, асінніку, асоту, барвенку, бэзу, бярэзніку, верасу (вераску), вішняку, гушчару, дубняку, зябру, кукалю, лопуху, малачаю, павою, палыну, плюшчу, ракітніку, рэвеню, сасонніку, сіўцу, сланечніку, чабору (чабарку), ячменю.

Аднак у залежнасці ад таго, разумеецца прадметнасць, абазначаная тым ці іншым назоўнікам, як канкрэтнае паняцце, як асобная адзінка ці як сукупнасць прадметаў, як выражэнне якасці, уласцівасці, дзеяння, як нейкае адцягненае паняцце ў моўнай практыцы сустракаюцца выпадкі дублетных форм з канчаткамі і -у. Напрыклад, назоўнікі арыгінал, лабірынт, малюнак, п'едэстал, твор, якія могуць ужывацца ў пераносным значэнні, усведамляюцца часам носьбітамі мовы як абстрактныя паняцці, ужываюцца з канчаткам , які для прыведзеных слоў патрэбна трактаваць як адступленне ад нормы: прыступкі алімпійскага п’едэсталу гонару, надрукаваны тэкст блізкі да аўтарскага арыгіналу, знайсці выхад з лабірынту, дакладнасць знешняга малюнку вобразу, падзеі новага твору пісьменніка.

Як вядома, канчаткі вінавальнага склону залежаць ад катэгорыі адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці. У вінавальным склоне адзіночнага ліку неадушаўлёныя назоўнікі мужчынскага і ніякага роду маюць канчатак назоўнага склону, а назоўнікі, якія абазначаюць адушаўлёныя прадметы, – роднага. Паколькі паняцце граматычнай адушаўлёнасці не заўсёды праяўляецца выразна, сустракаецца варыянтнае ўжыванне: купіў ровера, збіў фашысцкага знішчальніка, знайшоў грыба, пасвіў каровы. У мастацкай і гутарковай мове побач з формай вінавальнага склону курэй, гусей, кароў ужываецца форма з канчаткамі -і, -ы (куры, гусі, каровы) як адлюстраванне асаблівасцей гаворак: Па надворку певень ходзіць, за сабою куры водзіць і крычыць: “Сюды! Сюды!” (Я. Колас) і пад. Так, назоўнік вецер, калі ён абазначае жывую істоту, у вінавальным склоне адзіночнага ліку ўжываецца з канчаткам -а. Праўда, крумкач-гарапашнік не адзін раз чуў тыя размовы-шэпты Ветра і Дрэва (Я. Колас). Назвы літаратурных і мастацкіх твораў, фільмаў, спектакляў, калі ў іх склад уваходзяць адушаўлёныя назоўнікі – назвы жывых істот, скланяюцца як адушаўлёныя: чытаў Ідыёта”, глядзеў Чалавека-павука”.

Назоўнікі жаночага роду ў творным склоне адзіночнага ліку маюць канчаткі -ой(-ою), -ай(-аю), -ёй(-ёю), (-ёю), -яй(-яю): рукой – рукою, дзяўчынай – дзяўчынаю, зямлёй – зямлёю, кроўю – крывёю, хваляй – хваляю і інш. Поўныя формы характэрны мастацкаму стылю, яны надаюць выказванню дадатковую экспрэсію. У афіцыйна-дзелавым і навуковым стылях выкарыстоўваюцца пераважна формы на -ёй, -ай, -яй.

Назоўнікі трох родаў у родным склоне множнага ліку маюць паралельныя формы без канчатка і з ім: партызан – партызанаў, салдат – салдатаў, год – гадоў, кілаграм-кілаграмаў, азёр – азёраў. У адпаведнасці з літаратурнай нормай назоўнікі мужчынскага роду маюць пераважна канчатак –аў (-оў): салдатаў, гадоў, партызанаў. Назоўнікі жаночага роду ужываюцца звычайна з нулявым канчаткам: бяроз, фабрык, моў. Назоўнікі ніякага роду могуць мець нулявы канчатак і канчатак -аў, які ўжываецца, як правіла, у назоўніках на збег зычных: вёслаў, сёдлаў. Хоць у мастацкай мове сустракаюцца адхіленні ад нормаў ужывання назоўнікаў ніякага і жаночага роду, выкарыстанне формаў на -аў для назоўнікаў жаночага роду ў наву-ковым, афіцыйна-дзелавым і публіцыстычным стылях не апраўдана (за выключэннем некаторых аднаскладовых слоў, напр., мэтаў.

Пераважна ў мастацкім і публіцыстычным стылях ужываюцца назоўнікі з канчаткам -ыма ў творным склоне множнага ліку: грашы-ма, вачыма. Агатка праводзіць вачыма кожную фурманку (Я. Колас). Пэўнае стылістычнае адрозненне выяўляецца паміж формамі назоўнікаў на -мі і -амі: людзямі – людзьмі, касцямі – касцьмі, слязамі – слязьмі. Канчатак -мі характэрны для назоўнікаў, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку (грудзьмі, саньмі). Форма на -мі больш архаічная і экспрэсіўная, таму яна характэрна для гутарковага, мастацкага і публіцыстычнага стыляў.

Свае асаблівасці мае таксама месны склон адзіночнага ліку. У месным склоне назоўнікі мужчынскага роду ўжываюцца з канчаткамі -е, -у (-ю), -ы, -і. Выбар аднаго з гэтых канчаткаў залежыць ад якасці зычнага асновы і ад семантыкі назоўніка.

Асабовыя назоўнікі ў месным склоне ўжываюцца з канчаткамі -е, -у (-ю).

Канчатак маюць асабовыя назоўнікі, аснова якіх заканчваецца на цвёрды зычны (пры сыне, аб артысце, аб аграноме). Назоўнікі дзед і прадзед могуць мець варыянтны канчатак(жыве пры дзедзе, прадзедзе і жыве пры дзеду, прадзеду).

Канчатак маюць назоўнікі з асновай на шыпячыя, г, к, х, р і ц (аб чытачу, астролагу, настаўніку, пастуху).

Асабовыя назоўнікі з асновай на мяккі зычны ўжываюцца з канчаткам -ю (аб вучню, аб кавалю).

Неасабовыя назоўнікі мужчынскага роду ў залежнасці ад апошняга зычнага асновы маюць канчаткі -е, -ы, -і, -у().

Канчатак -е характэрны для назоўнікаў з асновай на цвёрды зычны. Ён можа быць пад націскам і не пад націскам: у хляве, на слане, у рукаве, на дубе, на плоце, у лесе, у садзе, у рамане, у аўтобусе, на марозе. Выключэнне складае толькі назоўнік пост у значэннях ‘месца, з якога можна назіраць за кім-, чым-н., ахоўваць каго-, што’ і ‘адказная пасада’, які ўжываецца з націскным канчаткам -у: стаяць на пасту, на высокім пасту, а таксама некаторыя назоўнікі ў складзе ўстойлівых зваротаў: на хаду падноскі адарваць, жыць у ладу, не ў ладу, злавіць на ляту, быць на віду.

Канчатак е- маюць таксама некаторыя ўласнабеларускія назоўнікі з асновай на г, х у такім выпадку г, х чаргуецца з з, с; звычайна канчатак ненаціскны: у астрозе, на беразе, у гаросе, у кажусе, на лузе, на марозе, на начлезе, на паверсе, на парозе, на плузе, на розе (жывёлы), у снезе, у стозе, на струзе.

Канчатак маюць:

а) уласнабеларускія і запазычаныя назоўнікі з асновай на -к: аб абавязку, на агурку, у бярэзніку, на досвітку, на медзяку, у мядоўніку, аб напарстку, у пяску, на ручніку, у садку, у банку, на блоку, на бруку, у люку, у рукзаку, аб фаршмаку,

б) уласнабеларускія назоўнікі з асновай на г, х, якія абазначаюць адцягненыя паняцці, дзеянні, якасці: (у, на, пры) абсягу, агрэху, аўтапрабегу, ачагу, бегу, брэху, выбуху, вывіху, выдыху, граху (грэху), доўгу, духу, жаху, забегу, залогу, замаху, мігу, набегу, нюху, паху, прабегу, пралогу, прасцягу, промаху, разбегу, разлогу, размаху, руху, слыху, смеху, спалоху, спеху, шолаху, шораху, уздыху, уздрыгу, узмаху, чыху.

в) частка ўласнабеларускіх канкрэтных назоўнікаў з асновай на г, х: на абуху, аднарогу, агрэху, берлагу, біцюгу, быльнягу, жэраху, катуху, каўчэгу, логу, лопуху, мозгу, моху, мурагу, мяху, насарогу, пасагу, пірагу, полагу, пораху, праху, посаху, прадмагу, прарэху, пругу, пуху, рагу (вуліцы), рычагу, сычугу, тварагу, трыснягу, універмагу, чартапалоху.

г) назоўнікі іншамоўнага паходжання з асновай на г, х: на абшлагу, на айсбергу, аншлагу, архіпелагу, браўнінгу, брыгу, бульдогу, бумерангу, гмаху, гонгу, грогу, даху.

догу, допінгу, дыптыху, дыфтонгу, дыялогу, жэмчугу, зігзагу, каталогу, клірынгу, краху, крэкінгу, ланцугу, лемінгу, лозунгу, маналогу, мітынгу, пудынгу, фартуху, фартынгу, флангу, цэху.

д) назвы населеных пунктаў, рэк, якія маюць аснову на г, х: у Браўншвейгу, Вініпегу, Гамбургу, Ганконгу, Данцыгу, Капетдагу, Лейпцыгу, Люксембургу, Меконгу, Пітсбургу, Страсбургу, Харогу, Цюрыху, у Арэнбургу, Выбаргу, Таганрогу, Краменчугу, Санкт-Пе цярбургу, на Бугу, на Гангу.

Канчатак маюць назоўнікі з асновай на шыпячыя, р і ц: у бары, аб вужы, у гушчары, на дажджы, на нажы, на явары, на пальцы.

Канчатак -і маюць назоўнікі, аснова якіх заканчваецца на мяккі зычны і й: у агні, на кані, у кашалі, на корані, аб стылі, у тунэлі, у цяні, у чэрвені, на ячмені, у гаі, аб маі, у музеі.

У беларускай літаратурнай мове своеасаблівую стылістычную функцыю выконвае клічная форма назоўнікаў: браце, дружа, чалавеча, народзе, хлопча. Яна выступае пераважна ў ролі зваротка і можа набываць самыя разнастайныя пачуццёвыя адценні, а таксама выкарыстоўвацца для стылізацыі на ўкраінскую ці польскую мову, дзе клічная форма з’яўляецца літаратурнай нормай.

Гутарковую афарбоўку мае форма творнага склону гразёю, якая ўжываецца паралельна з нейтральнай формай граззю: Прадушына паверх яшчэ і гразёю замазана (А. Мрый).

Пры пераносным ужыванні назоўнік можа мець іншы канчатак, чым адпаведнае слова з прамым значэннем. Ён ішоў ад рэчкі паволі, калі было відаць, што ногі яго рвуцца шпарчэй ісці; ён разглядаў навокал сябе “чортавы вокі”, траву, чаротавыя зараснікі, калі вочы прасіліся прыжмурыцца, каб не перашкаджаць думкам трымацца аднаго пункта (К. Чорны). Ты васількамі вочаў // Цвіла ў маёй журбе (Р. Крушына).

Формы ўскосных склонаў назоўнікаў меч, мяч супадаюць (мяча, мячу, мячы, мячоў і г. д.). Каб пазбегнуць аманімічнасці, слова меч часта ўжываюць з націскам на корані: меча, мечу, мечам, мечаў, мечамі і пад. Першую Конную армію наш народ называў мечам рэвалюцыі (“Звязда”). Каб салдаты на вайну не сталі, ружжаў, мечаў у ручкі не бралі (З народнага).

Ужыванне варыянтаў канчаткаў у паэтычных творах дыктуецца ўмовамі вершаскладання (рытмам, рыфмай, памерам і пад.). Паэзія гэта адвечная цяга вяршынь да нябёс, // А траваў і дрэваў да сонца (М. Танк).

У асобных выпадках перавагу аддаюць таму варыянту, якім больш дакладна выказваецца думка або дасягаецца мілагучнасць мовы. Гэта датычыцца ў першую чаргу назоўнікаў ніякага і жаночага роду са збегам зычных у аснове: прозвішч – прозвішчаў, кафедр – кафедраў, кнігарань – кнігарняў.

Зрэдку ў пэўных стылістычных мэтах могуць скланяцца іншамоўныя нескланяльныя назоўнікі. Так, у адным з вершаў Р. Барадуліна скланяецца слова бюро: Дзеда для дзяцей бяром – // Сазваніся ты з бюром. Трэба адзначыць, што ў жывой размоўнай мове могуць скланяцца не толькі нязменныя іншамоўныя словы, але і абрэвіятуры, параўн.: я ўчора была на узях (пра ультрагукавое даследаванне).

Вобразна-выяўленчыя асаблівасці і спецыфіка назоўнікавых граматычных катэгорый датычаць і іншых іменных часцін мовы, у прыватнасці прыметнікаў і займеннікаў.

Асаблівасці ўжывання роду назоўнікаў. Многія назвы асоб паводле прафесіі, пасады, роду заняткаў (т. зв. nomina agentis) маюць форму мужчынскага роду нават для абазначэння асоб жаночага полу: інжынер, майстар, рэдактар, прафесар, лаўрэат, доктар, педагог, міністр. Наяўнасць такіх прабелаў тлумачыцца як уласна моўнымі прычынамі, так і тым, што такія пасады раней былі недаступнымі для жанчын або неўласцівымі для іх. Аднак многія падобныя словы маюць паралельныя формы для мужчынскага і жаночага роду: касір – касірша (касірка), настаўнік – настаўніца, кандуктар – кандуктарша (кандуктарка), лабарант – лабарантка, дэлегат – дэлегатка. Колькасць слоў з паралельнымі родавымі формамі паступова павялічваецца, але ў афіцыйна-дзелавым і навуковым стылі прынята выкарыстоўваць форму толькі мужчынскага роду. Формы жаночага роду з суфіксамі -ш-, -к-, -іц, -ыц, -ых: доктарша (доктарка), фельчарыца, краўчыха – уласцівасць размоўнага стылю. Пры гэтым трэба заўважыць, што словаўтваральны тып на -к-: доктарка, кандуктарка, сакратарка, паэтка, касірка, білецёрка – губляе адценне размоўнасці.

Некаторыя назоўнікі ў беларускай мове маюць дзве формы роду. У такіх выпадках часцей за ўсё адна з формаў лічыцца ўстарэлай або характэрнай для пэўнага стылю мовы: зал – зала, замш замша, клавіш – клавіша, прастор – прастора, салат салата, ціш – ціша. Форма мужчынскага роду такіх назоўнікаў заўсёды найбольш нейтральная ў стылістычных адносінах, а форма жаночага роду можа мець разнастайныя стылістычныя адценні: клавіша – гэта ўстарэлая форма, салата – размоўная, прастора і ціша – характэрныя для паэтычнай мовы.

Адрозненні ў родзе нярэдка маюць дастаткова вялікую пачуццёвую афарбоўку ў памяншальна-ласкальных формах. Такія формы ўжываюцца пераважна ў вусным маўленні, часта сямейным (напрыклад, братка, сынка). З памяншальна-ласкальным звязана вядомае здаўна ўтварэнне мужчынскіх імён пры дапамозе суфіксаў, уласцівых жаночаму і ніякаму роду (напрыклад, Слаўка). Замена роду ва ўласных імёнах часцей за ўсё сустракаецца ў гаворках, народных песнях і паэзіі.