- •В. А. Кузьміч, р. В. Міксюк беларуская мова. Прафесійная лексіка Дапаможнік для студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцей
- •Тэма 1. Агульныя звесткі пра беларускую мову тэарэтычная частка
- •Правапіс галосных Літары о, ё
- •Літары э, е
- •Перадача акання на пісьме
- •Правапіс літар а, о, э ў складаных словах
- •Перадача якання на пісьме
- •Правапіс е, ё, я ў складаных словах
- •Нескладовае й
- •Правапіс зычных Некаторыя спалучэнні зычных
- •Нескладовае ў і у складовае
- •Правапіс мяккага знака і апострафа Змякчальны мяккі знак
- •Раздзяляльны мяккі знак і апостраф
- •Правапіс абрэвіятур Правапіс абрэвіятур
- •Правапіс некаторых марфем Прыстаўкі
- •Правапіс вялікай і малой літар
- •Вялікая і малая літары ў найменнях асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў
- •Вялікая і малая літары ў найменнях пасад і званняў, ветлівых зваротаў і спецыяльных абазначэннях
- •Вялікая і малая літары ў назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, святаў
- •Правілы пераносу Правілы пераносу простых, складаных, складанаскарочаных слоў, умоўных графічных скарачэнняў і іншых знакаў
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма “Мова – душа народа”
- •Літаратура
- •Тэма 2. Арфаэпічныя нормы тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма “Помнікі беларускага пісьменства”
- •Літаратура
- •Тэма 3. Лексіка паводле паходжання і сферы ўжывання. Актыўная і пасіўная лексіка тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма “Славутыя беларускія навукоўцы”
- •Літаратура
- •Тэма 4. Беларуская навуковая тэрміналогія на сучасным этапе. Прадуктыўныя спосабы ўтварэння тэрмінаў тэарэтычная частка
- •Практычная частка
- •Утварэнне тэрмінаў
- •Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма “Беларусь на карце свету”
- •Тэма 5. З гісторыі беларускай тэрміналагічнай лексікаграфіі. Тыпы слоўнікаў. Тэрміналагічныя слоўнікі тэарэтычная частка
- •Тыпы слоўнікаў і прынцыпы іх класіфікацыі
- •1. Паводле будовы слоўнікавага артыкула:
- •2. Паводле адбору лексікі слоўнікі падзяляюцца на:
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма “Беларускае кнігадрукаванне”
- •Літаратура
- •Тэма 6. МарФалагічныя нормы беларускай мовы. Асаблівасці ўжывання назоўнікаў тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Беларуская тапаніміка і анамастыка»
- •Літаратура
- •Тэма № 7. МарФалагічныя нормы беларускай мовы. Асаблівасці ўжывання прыметнікаў тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Беларускі тэатр»
- •Літаратура
- •Тэма № 8. МарФалагічныя нормы беларускай мовы. Асаблівасці ўжывання займеннікаў і лічэбнікаў тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Экалогія Беларусі»
- •Літаратура
- •Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Мінск – сталіца Беларусі»
- •Літаратура
- •Тэма № 9. МарФалагічныя нормы беларускай мовы. Асаблівасці ўжывання дзеясловаў і прыслоўяў тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Этнаграфія Беларусі»
- •Літаратура
- •Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Нацыянальныя супольнасці Беларусі»
- •Каардынацыя дзейніка і выказніка
- •Практычная частка
- •Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Музычная культура Беларусі»
- •Фарміраванне лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі: тэма «Рэлігія на Беларусі»
- •Літаратура
- •Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Беларускае дойлідства»
- •Тэма 11. Функцыянальныя стылі маўлення тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Гераічная Беларусь»
- •Літаратура
- •Тэма 12. Асноўныя рысы навуковага стылю. Моўныя сродкі навуковага стылю тэарэтычная частка
- •Практычная частка
- •Васільковы звон
- •Как были открыты витамины
- •Беларускі бурштын
- •Лазеры служаць чалавеку
- •Адстрат, субстрат і суперстрат
- •Тэма 13. Жанравая разнастайнасць навуковага стылю. Кампазіцыя пісьмовага навуковага тэксту і вуснага выступлення, іх афармленне тэарэтычная частка
- •Арганізацыя навукова-тэхнічнага перакладу
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі:
- •Тэма 14. Асноўныя рысы, моўныя сродкі афіцыйна-справавога стылю. Тыпы і кампазіцыя афіцыйна-справавых тэкстаў тэарэтычная частка
- •Літаратура
- •Тэма 15. Паняцце культуры маўлення. Асноўныя камунікатыўныя якасці маўлення тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Народная педагогіка»
- •Літаратура
- •Тэма 16. Правільнасць маўлення і моўныя нормы тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма “Беларуская літаратура”
- •Тэма 17. Маўленчы этыкет і культура зносін тэарэтычная частка
- •Найлепшым сведчаннем нацыянальнага моўнага этыкету служыць верш Пятруся Броўкі “Калі ласка!”. У ім выяўляецца гасціннасць нашага народа, яго шчырасць і сардэчнасць.
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма “Нацыянальны характар і менталітэт. Маўленчы этыкет беларусаў”
- •Літаратура
- •Літаратура Асноўная літаратура
- •Дадатковая літаратура
- •Беларуская мова прафесійная практыка
Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма “Беларускае кнігадрукаванне”
♦ Падрыхтуйце вуснае паведамленне па тэме “Гісторыя беларускай кнігі”. Выканайце заданні да прапанаваных тэкстаў.
ЗАДАННЕ 1. Адзначце ў тэкстах тэрміналагічную лексіку. Ахарактарызуйце, да якой галіны ведаў належаць словы-тэрміны.
Варыянт 1. XV і XVI стагоддзі – час нябачанага ўзлёту ва ўсіх галінах культуры еўрапейскіх народаў, перыяд яе глыбокіх змен. Рэнесанс, Рэфармацыя і контррэфармацыя перайначылі ўсю гісторыю Еўропы. Менавіта ў гэтую пару адбываецца рэвалюцыя і ў кніжнай справе – з’яўляецца кнігадрукаванне, нараджаецца велізарная «галактыка Гутэнберга», бесперапыннае развіццё якой і забяспечыла поспех новага сацыяльнага-палітычнага і інтэлектуальнага перавароту.
Хвалі Рэнесансу, яго гуманістычныя ідэі дайшлі і да ўскраін кантынента. Як і ўсюды, правадніком іх перш за ўсё выступала друкаваная кніга. 485 гадоў назад, 6 жніўня 1517 г., у Празе была выдадзена першая беларуская друкаваная кніга – Псалтыр, частка «Бивлии руской», якая выходзіла ў свет асобнымі выпускамі на працягу некалькіх гадоў. Біблію гэтую выдаў беларускі гуманіст, выхаванец еўрапейскіх універсітэтаў доктар Францыск Скарына, які пакінуў значную літаратурную спадчыну на мове, блізкай да народнай – беларускай.
У далейшым беларускае кнігадрукаванне працягвае паспяхова развівацца, а ўскладненая моўная сітуацыя, выкарыстанне ў літара-турнай практыцы побач з царкоўнаславянскай і старабеларускай мовамі лацінскай і польскай, прыводзіць да з’яўлення разнастайнай шмат-моўнай друкаванай літаратуры, якая абслугоўвала інтарэсы не толькі беларускага насельніцтва, але і літоўскага, а таксама польскага, украінскага, рускага і іншых.
Беларускія кірылаўскія выданні склалі крыху менш палавіны ўсіх кірылаўскіх выданняў XV–XVI стст., што пабачылі свет у розных краінах. Прыкладна такія ж суадносіны і сукупных тыражоў гэтых выданняў, дзе беларускія таксама складаюць крыху менш палавіны. Лічбы гэтыя асабліва ўражваюць, калі ўлічыць, што ў Расіі да 1569 г. выйшла ў свет усяго толькі больш дзесяці выданняў, а ў Украіне – трыццаці.
Асаблівасцю ўсёй друкаванай літаратуры дадзенага перыяду з’яўляецца тое, што большая частка арыгінальных аўтарскіх твораў напісана тымі, хто нарадзіўся або жыў у ВКЛ, звязваў з ім свой лёс, доўгія гады ўдзельнічаў у беларускім літаратурным працэсе. Беларускія выдаўцы і друкары XVI ст. амаль ніколі не былі выканаўцамі чужой волі, яны друкавалі тое, што лічылі патрэбным – гэта адна з важнейшых асаблівасцяў іх дзейнасці, якая аказала каласальны ўплыў на развіццё культурнага працэсу. Беларускім друкарам і выдаўцам удалося стварыць некалькі тыпаў друкаваных кніг, якія маюць свае ўласныя рысы, што адрозніваюць іх ад іншых падобных выданняў. Асаблівая заслуга тут належыць друкарням Францыска Скарыны, Пятра Мсціслаўца, Мамонічаў, Віленскага брацтва.
Усе магчымыя колькасныя падлікі і аналіз змястоўнага боку сведчаць пра вядучую ролю беларускай друкаванай літаратуры XVI ст. сярод літаратур шэрагу народаў усходу і поўдня Еўропы, у тым ліку рускага, украінскага, балгарскага, сербскага і іншых, неабвержна даказваюць, што беларуская кірылаўская друкаваная літаратура праваслаўнай арыентацыі была тады буйнейшай у свеце, багацейшай як па кольскасці выданняў, так і па складу. (Паводле Ю. Лабынцава)
♦ Падрыхтуйце паведамленне пра славутых дзеячаў беларус-кага кнігадрукавання (у форме прэзентацыі).
Варыянт 2. Іван Фёдараў (каля 1510–1583) – кнігавыдавец-асветнік, заснавальнік кнігадрукавання ў Расіі і на Украіне. Месца яго нараджэння невядома, але, зыходзячы з геральдычнай трактоўкі друкарскага знака Ф., некаторыя вучоныя лічаць, што ён паходзіць з беларускага роду Рагозаў. Паводле некаторых звестак, вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, дзе ў 1532 атрымаў ступень бакалаўра.
У 1550-я гады працаваў у т. зв. ананімнай друкарні ў Маскве. З 19.4.1563 да 1.3.1564 разам з Пятром Мсціслаўцам выдаў у Маскве першую дакладна датаваную рускую друкаваную кнігу «Апостал» (захаваўся 61 экз.). Рыхтуючы яе да выдання, першадрукары правялі вялікую тэксталагічную і рэдактарскую работу, аб чым сведчыць С. Будны ў прадмове да Новага Запавету (Лоск, 1574). 48 заставак гэтай кнігі, надрукаваных з 20 дошак, 22 буквіцы і іншыя друкарскія аздабленні вызначаюцца высокім мастацкім майстэрствам і працягваюць традыцыі арнаментальнага ўбранства старажытнарускіх рукапісных кніг школы Феадосія Ізографа. Перапрацаваўшы арнаментальныя прыёмы гэтай школы, Фёдараў і Мсціславец стварылі т. зв. старадрукарскі стыль, які потым атрымаў вялікае пашырэнне ў мастацкім афармленні друкаваных і рукапісных кніг. Шрыфт «Апостала», які выкарыстоўваў Фёдараў і ў іншых сваіх выданнях, створаны на аснове маскоўскага паўустава канца 15 – пач. 16 ст. 29.9 і 29.10.1565 Ф. і Мсціславец выпусцілі ў Маскве 2 выданні «Часоўніка» (зберагліся 6 экз.) – кнігі для пачатковага навучання грамаце.
У 1566 з-за ганенняў з боку рэакцыйных свецкіх і царкоўных колаў Фёдараў і Мсціславец пакінулі Маскву і накіраваліся на Беларусь. Новую друкарню яны заснавалі ў Заблудаве (зараз Беластоцкае ваяводства ў Польшчы) у маёнтку гетмана Вялікага княства Літоўскага Р. А. Хадкевіча. У Заблудаўскай друкарні ў 1568–1569 імі надрукавана «Евангелле вучыцельнае» (захаваліся 44 экз.) – зборнік гутарак і павучанняў з тлумачэннем евангельскіх тэкстаў. У ім змешчана таксама «Слова на Ушэсце» Кірылы Тураўскага – першы друкаваны помнік старажытнай усходнеславянскай літаратуры. На адвароце тытульнага ліста кнігі ў тэхніцы ксілаграфіі змешчаны герб Хадкевіча. Потым гэта кніга неаднаразова перавыдавалася на Беларусі і ў Літве. Пасля ад’езду Мсціслаўца ў Вільню Ф. надрукаваў у Заблудаве ў 1569–1570 Псалтыр з Часаслоўцам (зберагліся 3 экз.). У канцы гэтай кнігі змешчана Пасхалія ў табліцах. Складаючы яе, Ф., відаць, выкарыстаў Пасхалію з «Малой падарожнай кніжкі» Ф. Скарыны, выдадзенай каля 1522 у Вільні.
Паколькі Хадкевіч рашыў спыніць выдавецкую дзейнасць, Ф. у канцы 1572 – пач. 1573 пераехаў у Львоў і заснаваў там першую на Украіне друкарню, дзе ў 1574 выдаў першую ўкраінскую дакладна датаваную друкаваную кнігу «Апостал» (захавалася 97 экз., што сведчыць пра вялікі першапачатковы тыраж кнігі). Гэта кніга была паўторам маскоўскага выдання 1564 з дапаўненнем некаторых уступных тэкстаў і пасляслоўяў «Повесть... откуду начася и како сверится друкарня сия». Гэта пасляслоўе – першы друкаваны твор рускай мемуарнай літаратуры. У кнізе змешчаны 3 гравюры, кожная на старонку: герб Хадкевіча, выява апостала Лукі, геральдычная кампазіцыя з гербам г. Львова і друкарскім знакам Ф. У тым жа 1574 Ф. надрукаваў у Львове «Азбуку» («Буквар») – першы друкаваны рускі падручнік з практыкаваннямі для навучання грамаце, прыкладамі спражэння дзеясловаў, скланення назоўнікаў і прыметнікаў, выкарыстання «прасодый» (узоры выкарыстання над- і падрадковых знакаў). Кнігу завяршаюць тэксты для замацавання і развіцця навыкаў чытання і пісьма, т. зв. тлумачальная азбука, шырока вядомыя малітвы. Урыўкі з біблейскіх кніг у «Азбуцы» падабраны так, што яны фармулююць мэтанакіраваную гуманістычную праграму пачатковай школьнай адукацыі (адзін экзэмпляр гэтай кнігі захоўваецца ў бібліятэцы Гарвардскага універсітэта, ЗША, другі – у Лондане).
У 1575 князь Канстанцін Астрожскі запрасіў Ф. на службу да сябе, дзе Ф. выконваў абавязкі аканома Дзерманскага манастыра. Каля 1578 К. Астрожскі заснаваў у Астрогу друкарню, у якой 18.6.1578 выйшла новае выданне «Азбукі», дапоўненае ў параўнанні з выданнем 1574 паралельнымі грэка-славянскімі тэкстамі, каб дапамагчы вучням авалодаць грэчаскай мовай (захаваліся 2 экз.: у Капенгагене і Гоце, Германія; невялікі яе фрагмент – у Дзяржаўнай Расійскай бібліятэцы ў Маскве). У гэтым выданні ўпершыню надрукаваны помнік старажыт-набалгарскай літаратуры «Аб писменах» Чарнарызца Храбра пад назвай «Сказание како состави святый Кирил Философ азбуку по языку словеньску». У 1580 Ф. надрукаваў у Астрогу Псалтыр і Новы Запавет элегантным малым фарматам (у «васьмёрку»; збераглося 68 экз.). Кнігу адкрывае прыгожы тытульны ліст, заключаны ў гравіраваную па дрэве рамку. Гэта трэці ва ўсходнеславянскай кнізе кірыліцкага шрыфту прыклад выкарыстання такіх рамак пасля тытульнага ліста Бібліі і «Малой падарожнай кніжкі» Скарыны. У тым жа годзе Ф. выдаў паказальнік да гэтых кніг: «Кніжку, збор рэчаў самых патрэбных...» – першы ў гісторыі айчыннай бібліяграфіі і дакументалістыкі алфавітна-прадметны паказальнік і адначасова зборнік афарызмаў і крылатых слоў (збераглося 16 экз.).
5.5.1581 у Астрогу лістоўкай Ф. надрукаваў «Храналогію» Андрэя Рымшы – першы ўсходнеславянскі друкаваны каляндар і першы асобна выдадзены твор беларускай паэзіі (адзіны экзэмпляр зберагаецца ў Санкт-Пецярбургу). Да 12.8.1581 надрукаваў 1-е поўнае выданне славянскай Бібліі кірыліцкага шрыфту, т. зв. «Астрожскую Біблію» (захавалася 275 экз.). У яе змесце і аздабленні адчуваецца ўплыў выданняў Скарыны. Арнаментальнае аздабленне Бібліі зроблена таксама пад пэўным уплывам арнаментыкі скарынінскіх выданняў. Прасоч-ваецца тоеснасць і ў некаторых загалоўных літарах (у Дзяржаўнай Расійскай бібліятэцы зберагаецца экзэмпляр гэтай Бібліі, дапоўнены рукапіснымі копіямі прадмоў і пасляслоўяў Бібліі Скарыны).
З 1582 Ф. зноў у Львове. Імкнучыся сабраць сродкі на адкрыццё новай друкарні, Ф. адліваў гарматы, вынайшаў шматствольную марціру з узаемазаменнымі часткамі.
У 1583 ён пабываў у Кракаве, Вене і, магчыма, у Дрэздэне. Захавалася пісьмо Фёдарава саксонскаму курфюрсту Аўгусту, напісанае з Вены 23.7.1583. У канцы 1583 Ф. вярнуўся ў Львоў, дзе захварэў і памёр. Пахаваны ў Ануфрыеўскім манастыры. На яго надмагільнай пліце, якая захоўвалася да 1883, быў выбіты надпіс: «Друкар кніг дагэтуль нябачаных». (Гісторыя Беларусі. Асобы)
Варыянт 3. Кірылаўская графіка, традыцыйная для праваслаў-ных славян, была першапачатковай у беларускай рукапіснай традыцыі і ў першадрукаваных кнігах Францыска Скарыны. Пры гэтым Скарына змяніў абрысы кірылаўскіх літар: пад уплывам антыквы і некаторых заходнерускіх почыркаў ХIV–XV стст. у яго выданнях літары стано-вяцца больш акруглымі і лёгкімі, што рабіла набраны тэкст больш светлым і празрыстым. Да таго ж Скарына змяняе склад кірыліцы: некаторыя архаічныя дублетныя літары ў яго не сустракаюцца, іншыя дублеты ён выкарыстоўвае радзей, чым у папярэднім царкоўна-славянскім пісьме. Па сутнасці Скарына прадказаў аблічча будучай грамадзянскай азбукі, амаль на два стагоддзі апярэдзіўшы рэформу графікі Пятра І (1710).
Лацініца была здаўна вядома беларусам дзякуючы пастаянным кантактам з польскай пісьмовай культурай, дзякуючы беларускім традыцыям лацінскай адукаванасці, а пазней таксама і знаёмству з пісьменнасцю суседзяў-літоўцаў. Польскі ўплыў на беларускую культуру, у тым ліку на актыўнае беларуска-польскае двухмоўе адукаваных і / ці сацыяльна мабільных беларусаў, прывёў да выкарыс-тання імі лацінскай графікі. Найбольш важкія прыклады такіх запісаў адносяцца да сярэдзіны ХVIII ст. (Н. Мячкоўская)
Варыянт 4. Існуюць рукапісныя кнігі, створаныя на беларускай мове арабскім пісьмом. Называюцца яны Кітабы, або Аль-Кітабы, Ай-Кітабы. Аўтары іх – беларускія татары. Яны звязалі свой лёс з нашай зямлёй яшчэ ў далёкім XIV стагоддзі і цягам 600 гадоў годна і дбайна шчыруюць у агульнай супольнасці. За гэты час змяніўся іхні быт, зыначыўся фальклор, песні, прымаўкі, загадкі. Нават мова стала такой жа, як у беларусаў. Аднак і сваю адметнасць, найперш у рэлігійным жыцці, яны не страцілі.
Пра тое ж сведчаць і Кітабы, гэтыя рукапісныя зборнікі рэлігійнага характару. Ёсць нават беларускі Каран, ці, як завуць яго самі татары, Кур’ан. Гэта самая галоўная свяшчэнная кніга мусульман, дзе сабраны рэлігійныя запаветы, міфы, прававыя асновы ісламу. Таму вытрымкі з яго першачаргова і перакладалі на беларускую мову.
З’яўленне татар на беларускіх землях звязваецца з часам княжання ў Вялікім княстве Літоўскім Гедыміна. У 1319 годзе ў час бітвы з Тэўтонскім ордэнам татары складалі ягонае перадавое войска. Але асабліва спрыяльны час наступіў пры Вітаўце Вялікім. Ён, шчыры апякун татар, прыхільнік хана Залатой Арды Тахтамыша, запачаткаваў татарскія пасяленні на беларускіх землях, ухваляў і падтрымліваў іхняе перасяленне ў Вялікае княства Літоўскае. Вялікі князь надзяляў татар ільготамі і прывілеямі. Ён прыраўняў іхніх вядомых людзей да тутэйшых паноў і шляхты, аддаў у спадчыннае карыстанне землі, вызваліў ад падаткаў, спрыяў незалежнасці рэлігійнага жыцця. Дазволіў нават жаніцца з мясцовымі дзяўчатамі. Праўда, мець можна было толькі адну жонку. На гэткія ласкі татары адказвалі ўзаемнасцю, любілі Вітаўта і называлі яго Ваттад, што азначае наймагутны. Яны ахвотна перасяляліся на землі ВКЛ і храбра змагаліся пад штандарамі вялікага князя.
Шмат татарскіх перасяленцаў з’явілася на беларускіх землях пасля паходу ў 1397 годзе Вітаўта за Дон, супраць Азоўскай Арды. А праз два гады ў Лідзе знайшоў прытулак з дваром і дружынай хан Залатой Арды Тахтамыш. Разам з беларускімі харугвамі ў знакамітай Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе адваджвалі крыжакоў ад звычкі хадзіць паходамі на славян і воіны татарскія.
Аднак беларускія татары былі не толькі ваярамі. Яны аралі зямлю, станавіліся рамеснікамі, гандлявалі, займаліся тымі справамі, што і мясцовае насельніцтва. Таму ад самага пачатку ўзнікла між імі прыязнасць і ўзаемаразуменне, згода і талерантнасць. Яшчэ і да гэтага часу месцамі буйнейшых паселішчаў татар лічацца Іўе, Мір, Нава-грудак, Слонім, Ляхавічы, Мядзел.
Пасяліўшыся на беларускіх землях, татары аказаліся адлучанымі ад мацярынскіх традыцый, паступова страцілі сваю мову. Але ў іх захоўваліся кнігі, выдадзеныя па-арабску. Каб далучаць да гэтай духоўнай скарбніцы моладзь, патрабавалася нейкае выйсце.
I яно было знойдзена. Арабскія кнігі сталі перакладаць на бела-рускую мову. Але не беларускімі літарамі, а арабскім пісьмом і, як правіла, рукапісным спосабам. Часам беларускі пераклад рабіўся проста на старонках друкаваных кніг.
У Кітабах захаваны найперш тлумачэнні малітваў, пастоў, апавяданні з жыцця Магамета і яго прарокаў, апісанні рэлігійных абрадаў і звычаяў. Як і ў іншых арабскіх кнігах, тэкст у Кітабах напісаны і чытаецца справа налева, пачынаецца ў нізе старонкі і ў самым канцы нашых звыклых кніг. Тэкст не мае падзелу на словы, знакаў прыпынку, вялікай літары, прабелаў між асобнымі творамі – суцэльная арабская вязь.
Найбольш багатым на Кітабы было XVI стагоддзе, якое, дарэчы, і для беларускай літаратуры з’яўлялася плённым. А вось з XVIII стагоддзя Кітабы сталі пісацца лацінкай. Аднак і ў гэтых умовах татары не паддаваліся польскай асіміляцыі. Не маючы мажлівасці ствараць новыя кнігі, яны перапісвалі даўнія. Тыя, што стала прапісаліся ў кожнай сям’і. Бо ў іх былі знаёмыя легенды і казкі, паэмы і замовы, рэцэпты лекаў і парады. У іх жыў дух далёкай і ўжо незваротнай першарадзімы. Кнігі захоўвалі маральна-этычныя павучанні для моладзі, вучылі шанаваць бацькоў, гасцей, бедных. Яны мелі матэрыял, прыдатны на кожны дзень. Такія кнігі называліся Хамаіл – тое, што носіцца з сабой. Хамаіл быў самай папулярнай кнігай у беларускіх татар. А яшчэ існаваў Далавар – папяровы скрутак малітваў, які часта клалі ў магілу памерлым.
Тое, што мусульманскія пісьменнікі і перапісчыкі карысталіся беларускай мовай, сведчыць пра яе вялікія магчымасці. Арабскім шрыфтам было найбольш лёгка перадаваць асаблівасці нашай мовы. Калі ў афіцыйных дакументах Вялікага княства Літоўскага ўжывалася старабеларуская літаратурная мова, то ў Кітабах яна была жывой, мясцовай, размоўнай. Аднак ніякіх падручнікаў не існавала. Навыкі перадаваліся ад бацькі да сына.
Так вось у беларускай культуры загадкава перапляліся татарскія матывы. (Паводле А. Бутэвіча)
Варыянт 5. Надрадковыя знакі, падобныя па абрысах на коску, сустракаюцца ўжо ў самых старажытных славянскіх тэкстах. Яўхім Карскі адзначаў іх наяўнасць, напрыклад у такіх помніках, як Астрамірава Евангелле, Савіна кніга, Супрасльскі рукапіс і іншых, дзе яны ўжываліся, як правіла, над галоснымі, хутчэй за ўсё па традыцыі на месцы прыдыханняў і апострафаў, характэрных для грэцкай мовы.
Як радковы (уласна пунктуацыйны) знак коска ў славян пачала сустракацца толькі ў XIV ст. Знешні выгляд радковай коскі ў стара-жытнасці фактычна не адрозніваўся ад сучаснага. Праўда, паводле сведчання Я. Карскага, у помніках так званага малодшага паўустава (які распаўсюдзіўся ў славянскім пісьме прыблізна ў другой палове XV ст.) зафіксаваны своеасаблівыя кароткія коскі – ,,.
Функцыянальна коска пэўны час не адрознівалася ад кропкі. Аднак даволі хутка яна набыла самастойную сінтаксічную ролю і стала служыць для аддзялення або выдзялення асобных слоў і словазлу-чэнняў у межах сказа. Замацаванне коскі менавіта ў такой функцыі выразна адлюстравалася ў тэкстах помнікаў XV–XVI стст.
У «Граматыцы славенскай» Лаўрэнція Зізанія (1596) коска ўжо дакладна кваліфікавалася як раздзяляльны знак, прызначаны для вылучэння асобных тэкставых фрагментаў, якія не ўтрымлівалі закончанай думкі: «Како запятою разделяемъ; егда слово творящей, не съвершенноу речь изрекшей, пишемъ ю». Называецца коска сярод знакаў прыпынку і ў «Граматыцы» Мялеція Сматрыцкага (1618).
Калі агульны функцыянальны статус коскі вызначыўся даволі рана, то працэс выпрацоўкі канкрэтных правілаў яе пастаноўкі быў дастаткова працяглы. У рускай мове ў агульным плане сінтактыка-пунктуацыйная роля коскі была апісана ў «Российской грамматике» М. Ламаносава: «Запятая употребляется между речениями одинакими или и с приложениями и глаголами, к одному принадлежащими». Разгорнутыя ж правілы аформіліся толькі ў канцы XIX ст. у «Русском правописаніи» Я. Грота (1885), дзе падрабязна разгледжаны сінтаксічныя сітуацыі ўжывання коскі.
У беларускіх тэкстах XIX – пачатку XX ст. коска ставілася яшчэ, па сутнасці, інтуіцыйна, бо ў тагачасных нешматлікіх беларускіх выданнях навучальнага кірунку пунктуацыйныя пытанні асвятляліся вельмі сцісла. Напрыклад, у «Лемантары» 1906 г. коска (тут называецца закавыкай) проста ўваходзіць у спіс асноўных знакаў прыпынку.. У «Беларускай граматыцы для школ» Браніслава Тарашкевіча (1918) ёй прысвечаны невялікі параграф, у якім без каментараў пералічваюцца пазіцыі, дзе наяўнасць коскі абавязковая.
Тым не менш на пачатковым этапе фармавання новай беларускай літаратурнай мовы пастаноўка коскі, заснаваная фактычна толькі на лагічных надставах, была ўжо дастаткова паслядоўнай і па болышасці пазіцый супадала з сучаснымі правіламі. (Паводле Ірыны Гапоненкі)
♦ Падрыхтуйце пісьмовае паведамленне «Літара, якой пастаўлены помнік».
ЗАДАННЕ 2. Напішыце тэкст па пачатку, папярэдне пера-клаўшы яго на беларускую мову.
Книга – это духовное завещание одного поколения другому, совет старца юноше, начинающему жить, приказ часового, отправляю-щегося на отдых, часовому, заступающему на его место. Вся жизнь человечества последовательно оседала в книге. Племена, люди, государства исчезали, а книга оставалась. Она росла вместе с челове-чеством, в ней кристаллизировались все учения, потрясающие умы. В неё записана та огромная биография, которая называется всемирной историей.
Но в книге не одно прошедшее. Она составляет документ, по которому мы вводимся во владение настоящим, во владение всей суммы истин и усилий, найденных страданием, облитых иногда потом. Она – программа будущего. Итак, мы будем уважать книгу. Это – след, который оставил человек. (А. Герцен)
ЗАДАННЕ 3. Прачытайце тэксты. Па ўзоры пададзеных відаў навуковай літаратуры складзіце кароткае апісанне выданняў па сваёй спецыяльнасці (у тым ліку слоўнікаў). Ахарактарызуйце прафесійную лексіку, якая складае асноўны паняційны апарат дадзенай галіны ведаў.
Варыянт 1. Падручнік. Прызначэнне гэтага віду кнігі (навучальнай літаратуры) вельмі ўдала перадае руская назва: учебник – кніга, па якой ці з дапамогай якой вучацца. А беларускае найменне падручнік падкрэслівае актыўную пазіцыю суб’екта ў навучанні: вучыцца павінен сам, самастойна спазнаваць свет, спасцігаць яго таямніцы, а кніга выступае сябрам, памочнікам, дарадцам (знаходзіцца побач, пад рукою, каб не збочыць на шляху спазнання). Таму адзначаем, што падручнік – гэта кніга, у якой сістэматычна выкладзены асновы ведаў у якой-небудзь галіне на сучасным узроўні дасягненняў навукі і культуры.
Першыя падручнікі з’явіліся ў глыбокай старажытнасці. На шумерскіх гліняных таблічках, якім больш за чатыры з паловай тысячы гадоў, накрэслены навучальныя тэксты. Многія антычныя творы, што ўтрымліваюць сістэму навуковых ведаў, выкарыстоўваліся ў якасці навучальных кніг. У Сярэднявеччы для навучання служылі такія кнігі, як Псалтыр, Часаслоў і інш. Тады Царква займала вядучае месца ў духоўным жыцці грамадства, але з узнікненнем кнігадрукавання яна пазбавілася манаполіі на адукацыю. З пашырэннем друкарняў і друкаваных кніг пачалі актыўна разгортвацца гуманістычныя тэндэнцыі ў асвеце. Узорам для стварэння падручнікаў на працягу некалькіх стагоддзяў стала ілюстраваная кніга «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» (1658) чэшскага педагога-гуманіста Яна Амоса Коменскага, які абгрунтаваў ролю і значэнне падручніка як масавага навучальнага сродку.
У 1574 г. рускі першадрукар Іван Фёдараў (па адной з версій, паходжаннем з Беларусі) выдаў у Львове першы ўсходнеславянскі падручнік «Азбука» (буквар). Вялікі ўплыў на інтэлектуальнае развіццё ўсходніх і паўднёвых славян мела кніга «Наука ку читаню і разуменю писма словенского», якую выдаў беларускі педагог і царкоўны дзеяч Лаўрэнцій Зізаній у 1596 г. у віленскай брацкай друкарні. У кнігу ён уключыў «Лексіс» (тлумачальны слоўнік) і «Грамматіку словенскую съвершенного искуства осми частій слово». Своеасаблівымі падручнікамі рабіліся пераклады Бібліі і іншыя выданні беларускіх кнігадрукароў.
На пачатку XX ст., пасля працяглага перыяду забароны беларускай мовы, актывізаваўся выпуск падручнікаў. Пецярбургская суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» падрыхтавала «Беларускі лемантар, або Першую навуку чытання» К. Каганца, выдала «Першае чытанне для дзетак беларусаў» (1906) Цёткі, «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» (1909, на вокладцы 1910) Я. Коласа. З 1920-х гг. пастаянна распрацоўваецца і ўдасканальваецца сістэма беларускіх падручнікаў (варта адзначыць, што паступова ствараецца беларуская сістэма падручнікаў).
Жыццё падручнікаў вельмі рознае. Раней яно было доўгім. Кніга грэцкага матэматыка Эўкліда «Асновы» (у лацінізаванай форме – «Элементы», рускі пераклад – «Начала»; каля 300 г. да н. э.) служыла падручнікам па геаметрыі на працягу многіх стагоддзяў (да XIX ст. яна вытрымала каля 2500 друкаваных выданняў у розных краінах). Жыццё сучаснага падручніка значна карацейшае: хутка развіваецца навука, і аб’ём ведаў чалавецтва кожныя дзесяць гадоў падвойваецца. Таму інфармацыя і звесткі падручнікаў хутка старэюць і іх даводзіцца дапрацоўваць, перарабляць. З-за сацыяльна-палітычных зменаў, што пастаянна адбываюцца на планеце, таксама адбываецца карэктаванне зместу падручнікаў. (А. Міраславіч)
Варыянт 2. Дапаможнік. Назва гэтай катэгорыі навучальнай літаратуры падкрэслівае яе ролю ў адукацыйным працэсе. Падручнік выступае як асноўны і вядучы від навучальнай літаратуры, а дапаможнік спрыяе (дапамагае) творчай арганізацыі заняткаў, больш глыбокаму і панарамнаму засваенню навучальнай тэмы. Калі падручнік уключае сістэму асноўных ведаў якойсьці галіны навукі ці культуры, то дапаможнік ахоплівае ўсяго адну ці некалькі навучальных тэм, але аб’ём ведаў часта выходзіць за межы патрабаванняў школьнай праграмы. Звычайна дапаможнікі накіраваны даць больш глыбокія веды, разнастайныя звесткі і інфармацыю па навучальнай дысцыпліне. Яны ствараюцца і для педагогаў (распрацоўка ўрокаў – «Вывучэнне творчасці Янкі Брыля ў школе» В. Ляшук), і для вучняў (серыя «Скарбы мовы»). Навуковыя, педагагічныя, метадычныя часопісы выступаюць своеасаблівымі дапаможнікамі.
Хрэстаматыя. Вядомая ўсім школьнікам. Яе ўспрымаюць як падручнік, дапаможнік і адначасова як кнігу для чытання. Гэта займальны падручнік (з грэцкай мовы перакладаецца: chrestomateia ад chrestos – добры, карысны і manthano – вывучаю). У ім сабраны разнастайныя матэрыялы (творы ці ўрыўкі з іх) – літаратурныя, мастацкія, публіцыстычныя, навуковыя, мемуарныя, дакументальныя і іншыя, – што падаюцца ў сістэме ў адпаведнасці з навучальнай праграмай. У хрэстаматыях могуць быць каментары, даведкі, біяграфічныя звесткі, якія дапаўняюць змест падручнікаў. Хрэстаматыі па літаратуры змяшчаюць творы пісьменнікаў (паводле школьнай праграмы), выказванні пра іх творчасць і яе ацэнку крытыкамі, звесткі з біяграфіі і творчай дзейнасці – усё тое, што дапамагае больш глыбока ўспрыняць асобу літаратара і яго ўклад у развіццё культуры (напрыклад, «Сэрцам роднага слова краніся: Хрэстаматыя для вучняў старэйшых класаў»). У такім самым аспекце складаюцца хрэстаматыі па гісторыі, геаграфіі і іншых навучальных дысцыплінах.
Разнавіднасць хрэстаматыі – кніга для чытання. Гэта адметны від навучальнай літаратуры: на многіх выданнях так і напісана: кніга для чытання (з пазначэннем канкрэтнага класа), кніга для сямейнага чытання. Яны выходзяць па літаратуры, мастацтве, гісторыі, змяшчаюць апісанні прыродных з’яваў і пораў года. Асабліва шмат такой літаратуры выдаецца для школьнікаў малодшага і сярэдняга ўзросту («Каляндар прыроды», «Зямля з блакітнымі вачыма», «Я за сонейкам іду» і інш.). Своеасаблівымі хрэстаматыямі можна назваць падручнікі «Роднае слова», у якіх мастацкія тэксты дапаўняюцца неабходнай інфармацыяй, накіраванай на творчае ўспрыманне школьнікамі рэчаіснасці і на фармаванне іх аб’ектыўнага светапогляду. (А. Міраславіч)
Варыянт 3. Слоўнік. Арфаграфічны, тлумачальны слоўнікі – першыя кнігі даведачнай літаратуры, з якімі школьнікі знаёмяцца ўжо ў пачатковых класах. Паступова ў іх жыццё ўваходзяць перакладныя, тэрміналагічныя слоўнікі. Калі трэба даведацца пра паходжанне слова – звяртаюцца да слоўніка замежных моў. Пры напісанні сачыненняў – даводзіцца разгарнуць слоўнік эпітэтаў, слоўнік сінонімаў. Выяўляецца, што нашы папярэднікі стварылі разгалінаваную сістэму слоўнікаў, якія, перадаючы апрацаваную інфармацыю, істотна дапамагаюць нам у фармаванні філалагічнай культуры, спрыяюць развіццю нашага духоўнага свету, пашырэнню духоўнасці ў грамадстве.
Слоўнік – гэта выданне, якое складаецца са збору слоў (ці словазлучэнняў), сістэматызаваных у алфавітным, тэматычным (тэматычна-алфавітным) ці іншым якім-небудзь парадку, з апісаннем, тлумачэннем або перакладам на іншую мову. Для педагогаў і вучняў нашай краіны падрыхтаваны разнастайныя слоўнікі. Выдавецтва «Народная асвета» выпусціла шэраг выданняў для сярэдняй школы: «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» А. Баханькова, I. Гайдукевіча, П. Шубы, «Фразеалагічны слоўнік» Н. Гаўрош, I. Лепешава, Ф. Янкоўскага. Перыядычна выходзіў «Арфаграфічны слоўнік» М. Лобана і М. Судніка. Папулярнасцю карыстаюцца «Паэтычны слоўнік» В. Рагойшы, «Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў М. Лазарука і А. Ленсу, «Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы» М. Пазнякова, «Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы» Н. Гаўрош, «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М. Клышкі, «Слоўнік сінонімаў беларускай мовы» С. Шведава і інш.
У 1990-я гг. і пазней з’явіліся «Слоўнік націску ў беларускай мове» М. Бірылы, двухтамовы «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» I. Лепешава, «Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў» пад рэдакцыяй Н. Ганчаровай, «Пішам без памылак. Разам, асобна, праз дэфіс: Слоўнік-даведнік» М. Прыгодзіча і інш. (А. Міраславіч)
Варыянт 4. Слоўнікі ўзніклі ў старажытнасці (першыя тлума-чальныя, напрыклад, з’явіліся ў III ст. да н. э. у Кітаі, а глосы ў Шумеры яшчэ ў XXV ст. да н. э.). Звычайна яны выконваюць дзве функцыі: нарматыўную (фіксуюць значэнні і ўжыванні слоў, спрыяюць удасканаленню і уніфікацыі мовы) і інфармацыйную (у кароткі час далучаюць да набытых ведаў). Падзяляюцца на філала-гічныя і тэрміналагічныя, у тым ліку і энцыклапедычныя. Па мэтавым прызначэнні сярод філалагічных слоўнікаў вылучаюць навуковыя, нарматыўныя («Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў 5 т., «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы», «Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія, арфаэпія, акцэнтуацыя, словазмяненне»), навучальныя (арфаграфічныя, перакладныя і інш.) і папулярныя.
Да тэрміналагічных слоўнікаў адносяць выданні, у якіх пададзены тэрміны пэўнай галіны навукі, культуры і практыкі ў вызначаным аб’ёме інфармацыі па алфавіце ці па тэмах. Школьнікам адрасаваны слоўнікі па навучальных прадметах: фізічных і астранамічных тэрмінаў, геаграфічных назваў. Шмат двухмоўных тэрміналагічных слоўнікаў для сярэдняй і вышэйшай школ выйшла ў 1990-я гг., калі Беларусь набыла самастойнасць.
У нашай краіне слоўнікі выходзяць на адной, дзвюх і некалькіх мовах, актыўна выкарыстоўваюцца даведачныя выданні на іншых мовах (рускай, польскай, украінскай, англійскай і інш.).
Апошнім часам пачалі выдавацца слоўнікі мовы пісьменнікаў («Слоўнік мовы Янкі Купалы»), біябібліяграфічныя («Беларускія пісьменнікі» ў 6 т.). Творчыя педагогі наладжваюць з вучнямі збор мясцовай лексікі і выпускаюць слоўнікі тыпу «Рэгіянальныя назвы прылад працы», «Мясцовыя назвы раслін», «Слоўнік тапонімаў» і інш. (А. Міраславіч)
ЗАДАННЕ 4. Раскрыйце значэнне запазычаных слоў у тэкстах, карыстаючыся адпаведнымі слоўнікамі. Дзе магчыма, падбярыце беларускія адпаведнікі.
Варыянт 1. Адзіная інфармацыйная прастора – сістэма сродкаў інфармацыйнага абслугоўвання насельніцтва краіны, накіраваная на ўключэнне ў глабальную інфармацыйную інфраструктуру з улікам забеспячэння інфармацыйнай бяспекі і абароны нацыянальнай інфармацыйнай прасторы.
Сучасная інфармацыйная інфраструктура адкрывае вялікія магчымасці па дыстанцыйнай адукацыі, медыцынскаму абслугоўванню і г. д. Узровень жыцця, адукацыі, культуры людзей залежыць ад магчымасці атрымання і выкарыстання інфармацыі. Традыцыйныя крыніцы ведаў (кнігі, перыядычныя выданні), культурнай і забаўляльнай інфармацыі (друк, радыё, тэлебачанне) зліваюцца ў адзіную інфармацыйную прастору, дзякуючы чаму чалавек атрымлівае доступ да вялікіх рэсурсаў глабальнай інфармацыйнай інфраструктуры.
Краіны Еўрапейскага Саюза, Канада, Японія і іншыя ўсвядомілі небяспеку страты тэмпаў стварэння інфармацыйнага забеспячэння грамадства і прынялі адпаведныя праграмы. У Расійскай Федэрацыі таксама прынята Канцэпцыя дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, якая прадугледжвае стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы Расіі і заключэнне яе ў глабальную інфармацыйную інфраструктуру.
Інфармацыйна-тэлекамунікатыўная інфраструктура Беларусі прызначана забяспечыць стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы, паглыбленне працэсаў інфармацыйнай і эканамічнай інтэграцыі краін СНД і паслядоўнае ўваходжанне ў еўрапейскую і глабальную інфраструктуры.
Урад Беларусі прыняў і паслядоўна рэалізуе праграму развіцця сродкаў сувязі, якой прадугледжваецца стварэнне ў нашай краіне сучаснай інфармацыйнай структуры з выхадам у сусветныя сістэмы камунікацый, забеспячэнне носьбітаў інфармацыі новымі тэхнічнымі сродкамі і выкарыстанне оптыкавалаконных і спадарожнікавых каналаў. (С. Дубовік)
Варыянт 2. Газеты – сродак масавай інфармацыі, адзін з асноўных і старэйшых відаў перыядычных выданняў сістэмы перыядычнага друку. Упершыню газеты з’явіліся ў першай трэці XVII ст. у буйнейшых эканамічна развітых краінах Заходняй Еўропы (у Германіі – 1609 г., у Англіі – 1622 г., у Францыі – 1631 г.) пасля ўзнікнення шэрагу сацыяльна-эканамічных і тэхнічных перадумоў, перш за ўсё – вынаходніцтва друкарскага станка і развіцця кнігадрукавання. Першая газета ў Расіі – «Ведомости» – была створана Пятром І (1702 г.). У 2000 г. у Беларусі выходзіла 746 газет, 302 часопісы, 55 бюлетэняў, 2 альманахі.
Газеты адрозніваюцца паміж сабой заснавальнікам і мэтай іх выпуску, чытацкай аўдыторыяй, рэгіёнам распаўсюджвання, часам і перыядычнасцю выхаду, тыражом, фарматам і аб’ёмам нумара, мовай выдання.
Сярод заснавальнікаў газеты – грамадзяне Рэспублікі Беларусь або аб’яднанні грамадзян, дзяржаўныя органы, ведамствы, прадпрыемствы, фірмы, банкі і грамадскія арганізацыі (прафесійныя саюзы, палітычныя партыі, канфесійныя аб’яднанні і інш.).
Па чытацкай аўдыторыі газеты могуць быць агульнанацыя-нальнымі (гэта значыць адрасаванымі ўсім чытацкім групам), для жанчын, дзяцей і моладзі, пенсіянераў і інвалідаў, прадстаўнікоў якой-небудзь галіны народнай гаспадаркі (у залежнасці ад прафесіі або спецыяльнасці), прадпрымальнікаў і бізнесменаў, камерсантаў і фінансістаў.
Буйныя агульнанацыянальныя газеты распаўсюджваюцца па ўсёй тэрыторыі Беларусі, іншыя – у межах асобных рэгіёнаў, напрыклад у горадзе, вобласці, раёне. У залежнасці ад гэтага мясцовыя газеты падзяляюцца на гарадскія, абласныя, раённыя.
Большасць газет выходзіць раніцай, але ў апошні час у абласных цэнтрах краіны пачалі выдавацца і вячэрнія гарадскія газеты.
Адна з галоўных характарыстык газет – перыядычнасць іх выхаду. Штодзённымі лічацца газеты, якія выходзяць не менш як 5 разоў на тыдзень. Значную частку газет складаюць штотыднёвікі. Разавыя газеты выходзяць у свет да свята, адкрыцця якога-небудзь мерапрыемства і г. д.
Тыраж газеты залежыць ад велічыні яе чытацкай аўдыторыі, рэгіёна яе распаўсюджвання, перыядычнасці выхаду і эканамічнай базы рэдакцыі. Газеты выходзяць рознымі фарматамі (А2, А3, А4) і аб’ёмамі нумароў. Аб’ём нумара штодзённай газеты звычайна складае 4–8 ста-ронак, нумара штотыднёвіка – вагаецца ад 12 да 48 старонак і больш.
У Беларусі большасць газет выдаецца на беларускай мове, астатнія – на рускай, польскай і іншых мовах.
Будучыня газеты залежыць ад удасканалення яе матэрыяльна-тэхнічнай базы. Матэрыяльнасць папяровага нумара газеты забяспеч-вае доўгатэрміновасць уздзеяння яе інфармацыі. Рэдакцыі буйнейшых газет рэспублікі пачалі выпуск электронных версій сваіх друкаваных выданняў. Падключэнне да сусветнай сеткі Інтэрнэт адкрывае для газет новыя перспектывы пашырэння чытацкай аўдыторыі. (С. Дубовік)
Варыянт 3. Друк – адзін са спосабаў фіксацыі інфармацыі (тэксту, фотаздымкаў, малюнкаў, схем, графікаў і г. д.) з дапамогай тыражавання адбіткаў з друкарскай формы.
У сярэдзіне XV ст. у Еўропе вынайшаў кнігадрукаванне I. Гутэнберг. У пачатку XVI ст. пачаў друкаваць кнігі беларус Ф. Скарына. 6 жніўня 1517 г. у Празе выходзіць з друку яго першае выданне – «Псалтыр». У 1522 г. убачыла свет першае віленскае выданне Ф. Скарыны – «Малая падарожная кніжка», якая паклала пачатак кнігадрукаванню ў нашай краіне. Маскоўскі друкарскі двор, дзе працавалі I. Фёдараў і П. Мсціславец, быў заснаваны каля 1563 г.
На тэрыторыі Беларусі развіццё паліграфічнай прамысловасці прывяло да шырокага распаўсюджання разнастайнай друкаванай прадукцыі – кніг, брашур, часопісаў, газет, бюлетэняў, альманахаў, лістовак, буклетаў, карт, нотных выданняў і г. д. Узноўленыя на паперы (а таксама тканіне, іншых прыдатных матэрыялах) творы друку могуць захоўвацца доўгі тэрмін, што дазваляе звяртацца да іх у любы час, чытаць у зручнай паслядоўнасці і тэмпе, захоўваць кнігу, часопіс, газету (у тым ліку ствараць бібліятэку) або выразкі з асобнымі творамі ці іх часткамі. Непазбежнае старэнне і разбурэнне матэрыялу, на якім друкуюцца творы (перш за ўсё паперы), патрабуе або перадрукоўкі твораў (прычым, калі трэба, фотатыпічным спосабам, гэта значыць узнаўляючы твор з усімі першапачаткова зафіксаванымі асаблівасцямі, але на новым «матэрыяльным носьбіце» – паперы), або стварэння фотакопій, ксеракопій, мікрафільмаў і г. д. Аднак друк не можа быць у такой ступені аператыўным, як тэлебачанне і радыё, на яго дастаўку патрабуюцца час, транспарт, дарожная сетка, адпаведныя службы распаўсюджвання. (С. Дубовік)
♦ Зрабіце паведамленне на тэму “Беларускамоўны перыядычны друк на сучасным этапе яго развіцця”.
ЗАДАННЕ 5. Выкарыстоўваючы адпаведныя слоўнікі, зрабіце пераклад тэкстаў. На прыкладзе перакладу пакажыце нацыянальна-адметныя рысы беларускай лексікі.
Варыянт 1. Издательско-полиграфический комплекс Беларуси в его нынешнем виде сложился в 1990-е годы. Для него, как и для многих других отраслей и межотраслевых комплексов, характерна многоукладность: функционируют предприятия государственной, частной и смешанной форм собственности. Сегодня он удовлетворяет различные потребности предприятий и организаций народного хозяйства и населения страны в ряде услуг и товаров в виде книг, журналов, газет, бланочной и другой продукции.
В ходе формирования новой издательской системы одновременно произошла смена модели книжного выпуска. Количественная модель, характерная для 1970–1980-х годов, когда число наименований выпускаемых книг и брошюр было практически неизменным, а рост издательской продукции шел главным образом за счет увеличения тиража, уступила место качественной модели, при которой развитие книгоиздания осуществляется преимущественно путем расширения тематики. Это повышает возможность выбора для отдельных граждан и социальных групп в растущем многообразии изданий. В 1992 г. в республике издано 2364 наименования книг и брошюр, в 2006 г. – 11 569 (в 4,5 раза больше). В то же время общий тираж снизился с 71,9 млн. экземпляров в 1992 г. до 52,0 млн. экземпляров в 2006 г. На одного жителя республики в 2006 г. издано 5,3 книги. Средний тираж одной книги, выпущенной в Беларуси, уменьшился с 30,4 до 4,5 тыс. экземпляров. Это можно объяснить наличием общего с Россией информационного пространства, способствующего насыщению книж-ного рынка республики широким ассортиментом импортируемой книжной продукции по различным отраслям знаний (до 90%), а также развитием альтернативных источников информации (телевидение, Интернет).
Наблюдаются реальные изменения и в структуре современного книжного выпуска с точки зрения тематики и целевого назначения изданий. Если в середине 1990-х годов лидером читательского спроса были литературно-художественные произведения, в основном любов-ные романы, фантастика и детектив, то к концу десятилетия наблюю-дался рост количества социально значимых видов литературы. Количество учебных изданий, занимавших, например, в 1995 г. в общем количестве изданий 16%, к 2005 г. увеличилось до 40%. Количество литературно-художественных изданий уменьшилось за это время с 32% до 13%. Издания научной, учебной, учебно-методической и справочной тематики в 2005 г. составили 58% от всех выпущенных книг и брошюр. (Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска)
Варыянт 2. Преобразования в области издательского дела, начавшиеся в Беларуси с 1990-х годов, содействовали формированию в республике новой издательской системы, главной особенностью которой явилось превалирование в ее структуре негосударственного книгоиздания. Книги, брошюры, другую печатную продукцию стали выпускать различные издательские организации, фирмы, индиви-дуальные предприниматели, министерства и ведомства. Удельный вес государственных издательств в выпуске книг и брошюр снизился с 42,8% в 1991 г. до 5,3% в 2005 г. Это снижение можно объяснить тем, что в 2002 г. путем объединения были реорганизованы издательства: «Беларусь», «Ураджай» и «Полымя» (ныне «Беларусь»); «Вышэйшая школа» и «Універсітэцкае» (ныне «Вышэйшая школа»); «Мастацкая літаратура» и «Юнацтва» (ныне «Мастацкая літаратура»).
В последние годы произошли изменения в структуре тематики и целевом назначении изданий. Возросло количество социально значимых видов литературы. Вышли работы к 60-летию Победы советского народа в Великой Отечественной войне, книги о Беларуси на белорусском и иностранных языках, издания краеведческой, экологической тематики, произведения классиков национальной литературы Янки Купалы, Якуба Коласа, И. Мележа, И. Шамякина, К. Крапивы, В. Короткевича, М. Танка, В. Быкова. В 2005 г. завершен много-томный уникальный издательский проект по выпуску историко-документальных хроник городов и районов Беларуси «Памяць». Увидели свет тома шеститомной энциклопедии «Рэспубліка Беларусь», изданы энциклопедии «Вялікае княства Літоўскае», «Беларускі фальклор», продолжался выпуск книг в сериях «Жыццё знакамітых людзей», «Беларуская проза XX стагоддзя», «Беларуская паэзія XX стагоддзя», серия «Дэбют» знакомила с творчеством молодых талант-ливых поэтов и писателей. Белорусские книги, фотоальбомы не раз становились победителями и призерами на республиканских и между-народных конкурсах. На III Международном конкурсе «Искусство книги стран СНГ», проходившем в сентябре 2006 г. в Москве, белорусские книги получили 7 дипломов.
По количеству наименований выпущенных книг, приходящихся на миллион жителей, Беларусь опережает Россию, Украину, Японию, США.
Еще 15 лет назад издания улучшенного качества, особенно фотоальбомы, книги изобразительного жанра могли претендовать на премии только тогда, когда печатались в типографиях Испании, Югославии, Австрии. Сегодня наивысшие награды – дипломы имени Ивана Федорова, Франциска Скорины присуждаются книгам, отпечатанным на отечественных полиграфкомбинатах. (Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска)
♦ Падрыхтуйце прэзентацыю па тэме “Беларускія слоўнікі ў прафесійнай дзейнасці рэдактара-тэхнолога” (па іншых спецыяль-насцях).
