Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беларуская мова 03.01.2013.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.69 Mб
Скачать

Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма “Славутыя беларускія навукоўцы”

Падрыхтуйце вуснае паведамленне па тэме “Славутыя беларускія навукоўцы”. Выканайце заданні да прапанаваных тэкстаў.

ЗАДАННЕ 1. Ахарактарызуйце лексіку дадзеных тэкстаў з пункту гледжання яе паходжання і стылёвай прыналежнасці.

Варыянт 1. Гісторыю беларускай нацыянальнай літаратурнай мовы нельга ўявіць без імя Браніслава Адамавіча Тарашкевіча (1892–1941), вядомага беларускага грамадскага і палітычнага дзеяча, пісьменніка і вучонага, акадэміка Акадэміі навук БССР.

Б. Тарашкевіч упершыню распрацаваў сістэму фанетыка-граматычных і правапісных норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы і выканаў гэта на такім узроўні, што задаволіў найбольш надзённыя патрабаванні тагачаснай выдавецкай і школьнай практыкі. Праца Б. Тарашкевіча, невялікая па аб’ёму (62 старонкі рускімі літарамі і 112 старонак лацініцай), увогуле проста, але па-навуковаму складзеная, атрымала ўсеагульнае прызнанне і тым самым надала беларускай літаратурнай мове так неабходную ёй унармаванасць. Ёю канчаткова быў сцверджаны фанетычны прынцып напісання галосных, а для зычных – марфалагічны, з некаторымі адхіленнямі ў бок фанетычнага прынцыпу, каб захаваць на пісьме спецыфіку беларускай мовы. Асобна быў сфармуляваны правапіс слоў іншамоўнага паходжання паводле ступені асіміляцыі іх беларускай мовай. Усё гэта рабілася ў самым сціслым выглядзе, з арыентацыяй у першую чаргу на школьную практыку і, што асабліва важна, упершыню. Нямала таго, што датычыць арфаграфіі і граматыкі, тут наогул не закраналася; некаторыя правілы, прапанаваныя Б. Тарашкевічам, патрабавалі ўдакладнення або нават замены, але галоўнае – быў пакладзены пачатак стабілізацыі норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы і, акрамя таго, была створана трывалая аснова для яе далейшай паглыбленай граматычнай распрацоўкі, удасканалення ўласцівых ёй структурных элементаў. У гэтым сэнсе значэнне працы Б. Тарашкевіча немагчыма пераацаніць. (Паводле Л. Шакуна)

Дапоўніце тэкст звесткамі пра іншыя аспекты жыцця і дзейнасці Браніслава Тарашкевіча.

Варыянт 2. Беларусы – гэта славутыя і самыя звычайныя людзі, якія стварылі ў стагоддзях гонар і славу нашай зямлі. А колькі беларусаў сталі і сваімі, і славутымі ў іншых землях! Гэта і Ігнат Дамейка – народны герой Чылі, якому ў Сант’яга пастаўлены помнік з надпісам: «Вялікаму асветніку»; і Мікалай Судзілоўскі – прэзідэнт Гавайскіх астравоў; і Восіп Кавалеўскі – прафесар Казанскага і Варшаўскага універсітэтаў, аўтар «Кароткай граматыкі мангольскай кніжнай мовы», «Мангольскай хрэстаматыі» і «Мангола-руска-французскага слоўніка»; Іван Чэрскі, які добрым успамінам застаўся назаўсёды на зямлі – яго імем названа сістэма горных хрыбтоў у Сібіры, у Забайкаллі і інш.; Тадэвуш Касцюшка – герой грамадзянскай вайны ў Амерыцы і кіраўнік паўстання 1794 года, помнікі якому пастаўлены ў Кракаве, Лодзі, Вашынгтоне, Чыкага, Мілуокі, Кліўлендзе, у швейцарскім Салюры, а яго імем названы гара ў Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы. Сэрца Тадэвуша Касцюшкі захоўваецца ў каралеўскім палацы ў Варшаве, цела – у каралеўскім замку Вавель у Кракаве, а душа несумненна жыве на Радзіме, у адноўленай сядзібе Мерачоўшчына, што каля мястэчка Косава, якое цяпер знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне.

Адукаваны палачанін Сімяон Полацкі вучыў дзяцей расійскага цара Аляксея Міхайлавіча, стаў першым у Расіі прафесійным пісьменнікам, па творах якога славуты Міхайла Ламаносаў вучыўся вершаскладанню.

Беларуская зямля нарадзіла Казіміра Семяновіча, вынаходніка шматступеневай ракеты, і Якуба Наркевіча-Ёдку, які ўпершыню адкрыў электраграфію і бяздротавую перадачу электрычных сігналаў.

Барыс Кіт, вядомы амерыканскі спецыяліст у галіне ракетнай тэхнікі, Павел Сухі, славуты авіяканструктар, стваральнік вядомых самалётаў «СУ», якія і цяпер знаходзяцца на ўзбраенні беларускай арміі, – таксама нашы землякі.

А тры нашы суродзічы ўшанаваны Нобелеўскай прэміяй – найвышэйшай адзнакаю іхніх навуковых даследаванняў: вядомы амерыканскі фізік-тэарэтык, сапраўдны член Нацыянальнай акадэміі ЗША Шэлдан Глэшаў, у дзяцінстве Глухоўскі; бельгійскі фізік і хімік, сапраўдны член Бельгійскай АН, дырэктар Міжнароднага інстытута фізікі і хіміі, замежны член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ілья Прыгожын; а таксама Жарэс Алфёраў – віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі навук, замежны член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Вядома, каб яны працавалі для роднай Беларусі, каб, да прыкладу, Адам Міцкевіч ці Фёдар Дастаеўскі пісалі па-беларуску, нам было б прыемна, аднак жа і тое, што нашы землякі спатрэбіліся чалавецтву і сталі ў ім знанымі, – таксама не менш ганарова: працуючы для ўсяго свету, яны працавалі і для Беларусі. (Паводле Я. Сіпакова)

Распрацуйце творчы праект на тэму «Славуты беларускі навуковец». Зрабіце яго электронную прэзентацыю.

Варыянт 3. Імя выдатнага беларускага вучонага Тэадора Нарбута доўгія гады было незаслужана забыта. Гісторык, археолаг, фалькларыст, літаратар, інжынер, перакладчык, краязнаўца, бібліяфіл, калекцыянер – што толькі не спалучалася ў гэтай высокаадукаванай і адоранай асобе!

Тэадор Матэвуш Остык-Нарбут паходзіў са старажытнага беларускага роду. Нарадзіўся ён у маёнтку Шаўры Лідскага павета ў сям’і адстаўнога паручніка гвардыі. Пасля заканчэння Віленскага універсітэта быў прыняты ў Пецярбургскі кадэцкі корпус, дзе рыхтавалі вайсковых інжынераў. Потым была служба ў дзеючай арміі. Удзельнічаў у будаўніцтве крэпасці ў Рэвелі, батарэі на востраве Руген, цытадэлі ў Бабруйску. З-за пагаршэння слыху афіцэр падаў у адстаўку і пераехаў у свой родны маёнтак Шаўры.

Захапленне Нарбута археалогіяй узнікла падчас яго паездак і экспедыцый па службовых справах, удзелу ў правядзенні гідратэх-нічных работ на берагах Нёмана, Дняпра, Бярэзіны. Нарбут быў першым сярод беларускіх археолагаў, хто даў вызначэнне курганоў як помнікаў старажытнага пахавальнага абраду. Галоўным жа дасягненнем напружанай шматгадовай археалагічнай і збіральніцкай дзейнасці Нарбута і яго паплечнікаў стала заснаванне ў 1855 г. Віленскага музея старажытнасці.

Амаль адначасова з археалогіяй Нарбут пачаў займацца і краязнаўствам. Абагульніўшы сабраны матэрыял, у 1846 г. ён выдаў працу «Помнікі гісторыі Літвы».

Справай жыцця «беларускага Карамзіна» (так называлі Нарбута калегі-навукоўцы) стала стварэнне дзесяцітомнай «Старажытнай гісторыі літоўскага народа».

Вядомыя вучоныя, што ў розныя гады наведалі маёнтак Нарбута, былі ў захапленні ад яго унікальнай хатняй бібліятэкі і багатай калекцыі старажытнасцяў, энцыклапедычных ведаў самога гаспадара, які, дарэчы, ведаў дзевяць моў.

Навуковая дзейнасць вучонага вызначалася разнастайнасцю – ад спроб удасканалення земляробчых працэсаў да апісання царкоўных званоў. Маёнтак Шаўры стаў выпрабавальным полем найбольш перадавых тэхналогій у цукраварстве, ткацтве, гарбарстве. У 1816 г. Нарбут выдаў працу па ўдасканаленні льнаводства, якая атрымала ганаровы медаль.

Нарбут не толькі плённа займаўся навукай у цішы кабінетаў. Ён быў сапраўдным патрыётам сваёй радзімы, Беларусі, і рабіў усё магчымае, каб пабачыць яе вольнай ад прыгнятальнікаў. (Энцыклапедыя «Беларуская мова»)

Варыянт 4. Выдатны беларускі славіст, заснавальнік беларус-кага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, бібліёграф, фаль-кларыст, акадэмік Расійскай імператарскай акадэміі навук Яўхім Карскі нарадзіўся 20 снежня 1860 (паводле новага стылю – 1 студзеня 1861 г.) у вёсцы Лаша Гродзенскага павета ў сям’і настаўніка Хведара Навіцкага і Марылі Карскай – дачкі дзяка Лашанскай Святамікала-еўскай царквы, на чыё прозвішча ён потым і запісаўся. Ужо ў юначым узросце будучыня бачылася Карскаму ў слугаванні Бацькаўшчыне на ніве асветнай дзейнасці. Студэнцкія семінары на славяна-рускім аддзяленні можна залічыць да ўдалага працягу адукацыі і самаадукацыі Карскага. Духоўныя ўстановы, дзе першапачаткова навучаўся дапытлівы юнак (Ятранскае народнае вучылішча, Мінская духоўная семінарыя), давалі адмысловае веданне стараславянскай і грэчаскай моў, што пазней прыдалося яму як лінгвісту.

Прыход Карскага ў айчынную навуку абумоўлены ўсім папярэднім развіццём духоўнай культуры нашага народа.

У 1893 г. ён абараніў магістарскую дысертацыю па фанетыцы і граматыцы беларускай мовы, у 1896 – доктарскую дысертацыю пра беларускія пераклады Псалтыра ў ХІV–ХVІІ стст.

Карскі быў сапраўдным філолагам-энцыклапедыстам. Ён займаўся старажытнымі славянскімі мовамі, палеаграфічнымі асаблівасцямі пісьмовых помнікаў, літаратурай і фальклорам усходніх славян, узаемаадносінамі сучасных славянскіх моў. Але галоўны яго навуковы подзвіг – стварэнне навукі пра беларускую мову.

Даследаванне акадэміка Я. Ф. Карскага «Беларусы» (у трох тамах), прысвечанае беларускай мове, літаратуры і народнай творчасці з XIII да 1-й чвэрці XX ст., па глыбіні навуковага асвятлення, шырыні ахопу фактаў, культурна-грамадскай значнасці не мела на той час роўных сабе філалагічных прац ні ў адной славянскай краіне. (Энцыклапедыя «Беларуская мова»)

Адшукайце звесткі пра знакамітых постацяў сваёй малой радзімы. Падрыхтуйце прэзентацыю аб іх дзейнасці.