
- •В. А. Кузьміч, р. В. Міксюк беларуская мова. Прафесійная лексіка Дапаможнік для студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцей
- •Тэма 1. Агульныя звесткі пра беларускую мову тэарэтычная частка
- •Правапіс галосных Літары о, ё
- •Літары э, е
- •Перадача акання на пісьме
- •Правапіс літар а, о, э ў складаных словах
- •Перадача якання на пісьме
- •Правапіс е, ё, я ў складаных словах
- •Нескладовае й
- •Правапіс зычных Некаторыя спалучэнні зычных
- •Нескладовае ў і у складовае
- •Правапіс мяккага знака і апострафа Змякчальны мяккі знак
- •Раздзяляльны мяккі знак і апостраф
- •Правапіс абрэвіятур Правапіс абрэвіятур
- •Правапіс некаторых марфем Прыстаўкі
- •Правапіс вялікай і малой літар
- •Вялікая і малая літары ў найменнях асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў
- •Вялікая і малая літары ў найменнях пасад і званняў, ветлівых зваротаў і спецыяльных абазначэннях
- •Вялікая і малая літары ў назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, святаў
- •Правілы пераносу Правілы пераносу простых, складаных, складанаскарочаных слоў, умоўных графічных скарачэнняў і іншых знакаў
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма “Мова – душа народа”
- •Літаратура
- •Тэма 2. Арфаэпічныя нормы тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма “Помнікі беларускага пісьменства”
- •Літаратура
- •Тэма 3. Лексіка паводле паходжання і сферы ўжывання. Актыўная і пасіўная лексіка тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма “Славутыя беларускія навукоўцы”
- •Літаратура
- •Тэма 4. Беларуская навуковая тэрміналогія на сучасным этапе. Прадуктыўныя спосабы ўтварэння тэрмінаў тэарэтычная частка
- •Практычная частка
- •Утварэнне тэрмінаў
- •Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма “Беларусь на карце свету”
- •Тэма 5. З гісторыі беларускай тэрміналагічнай лексікаграфіі. Тыпы слоўнікаў. Тэрміналагічныя слоўнікі тэарэтычная частка
- •Тыпы слоўнікаў і прынцыпы іх класіфікацыі
- •1. Паводле будовы слоўнікавага артыкула:
- •2. Паводле адбору лексікі слоўнікі падзяляюцца на:
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма “Беларускае кнігадрукаванне”
- •Літаратура
- •Тэма 6. МарФалагічныя нормы беларускай мовы. Асаблівасці ўжывання назоўнікаў тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Беларуская тапаніміка і анамастыка»
- •Літаратура
- •Тэма № 7. МарФалагічныя нормы беларускай мовы. Асаблівасці ўжывання прыметнікаў тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Беларускі тэатр»
- •Літаратура
- •Тэма № 8. МарФалагічныя нормы беларускай мовы. Асаблівасці ўжывання займеннікаў і лічэбнікаў тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Экалогія Беларусі»
- •Літаратура
- •Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Мінск – сталіца Беларусі»
- •Літаратура
- •Тэма № 9. МарФалагічныя нормы беларускай мовы. Асаблівасці ўжывання дзеясловаў і прыслоўяў тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Этнаграфія Беларусі»
- •Літаратура
- •Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Нацыянальныя супольнасці Беларусі»
- •Каардынацыя дзейніка і выказніка
- •Практычная частка
- •Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Музычная культура Беларусі»
- •Фарміраванне лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі: тэма «Рэлігія на Беларусі»
- •Літаратура
- •Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Беларускае дойлідства»
- •Тэма 11. Функцыянальныя стылі маўлення тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Гераічная Беларусь»
- •Літаратура
- •Тэма 12. Асноўныя рысы навуковага стылю. Моўныя сродкі навуковага стылю тэарэтычная частка
- •Практычная частка
- •Васільковы звон
- •Как были открыты витамины
- •Беларускі бурштын
- •Лазеры служаць чалавеку
- •Адстрат, субстрат і суперстрат
- •Тэма 13. Жанравая разнастайнасць навуковага стылю. Кампазіцыя пісьмовага навуковага тэксту і вуснага выступлення, іх афармленне тэарэтычная частка
- •Арганізацыя навукова-тэхнічнага перакладу
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі:
- •Тэма 14. Асноўныя рысы, моўныя сродкі афіцыйна-справавога стылю. Тыпы і кампазіцыя афіцыйна-справавых тэкстаў тэарэтычная частка
- •Літаратура
- •Тэма 15. Паняцце культуры маўлення. Асноўныя камунікатыўныя якасці маўлення тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма «Народная педагогіка»
- •Літаратура
- •Тэма 16. Правільнасць маўлення і моўныя нормы тэарэтычная частка
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма “Беларуская літаратура”
- •Тэма 17. Маўленчы этыкет і культура зносін тэарэтычная частка
- •Найлепшым сведчаннем нацыянальнага моўнага этыкету служыць верш Пятруся Броўкі “Калі ласка!”. У ім выяўляецца гасціннасць нашага народа, яго шчырасць і сардэчнасць.
- •Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма “Нацыянальны характар і менталітэт. Маўленчы этыкет беларусаў”
- •Літаратура
- •Літаратура Асноўная літаратура
- •Дадатковая літаратура
- •Беларуская мова прафесійная практыка
Літаратура
Францыск Скарына і яго час: энцыкл. даведнік. – Мінск, 1988.
Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыкл. даведнік / Б. І. Сачанка [і інш.]; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск: БелЭн, 1995.
Асветнікі зямлі Беларусі: энцыкл. даведнік / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; маст. У. М. Жук. — Мінск: БелЭн, 2001.
Тэма 3. Лексіка паводле паходжання і сферы ўжывання. Актыўная і пасіўная лексіка тэарэтычная частка
Як вядома, мова – гэта сродак адлюстравання і пазнання рэчаіснасці. Сама ж рэчаіснасць няспынна змяняецца ў самых розных сферах чалавечага жыцця. Мова чуйна рэагуе на гэтыя змены, што знаходзіць адбітак у лексіцы. Адны прадметы, з’явы і паняцці існуюць спрадвеку, і словы, што іх называюць, актыўна выкарыстоўваюцца носьбітамі мовы. Другія паняцці адыходзяць у нябыт, а разам з імі знікаюць і іх назвы. У той жа час з’яўляюцца новыя словы для абазначэння невядомых дагэтуль рэалій. З улікам гэтага ў лексіцы кожнай мовы вылучаюць два пласты слоў: словы актыўнага ўжытку і словы, якія ўжываюцца рэдка і знаходзяцца ў пасіўным запасе.
У склад актыўнай лексікі ўваходзяць самыя ўжывальныя словы, зразумелыя ўсім носьбітам мовы. Сюды адносяцца агульнанародныя лексічныя адзінкі найбольш актуальнага значэння, якія абслугоўваюць штодзённую моўную дзейнасць ва ўсіх сферах зносін. У першую чаргу гэта стылістычна нейтральныя словы з разгалінаванай сістэмай значэнняў, шырокай спалучальнасцю і словаўтваральнай прадук-тыўнасцю. Нагляднае ўяўленне пра тое, якія словы найбольш часта ўжываюцца ў мове, даюць спецыяльныя частотныя слоўнікі. Ядро высокачастотнай лексікі кожнай мовы складаюць словы найбольш шырокага ўжывання, звязаныя з жыццём чалавека наогул.
Да пасіўнай лексікі адносяцца словы, ужыванне якіх абмяжоўваецца спецыфікай абазначаных імі з’яў (назвы рэдкіх рэалій, вузкаспецыяльныя тэрміны, уласныя імёны), а таксама словы, якія выходзяць з ужытку (устарэлыя словы) або толькі з’явіліся ў мове і не ўвайшлі ў агульнае карыстанне (неалагізмы).
Так, у пасіўным пласце лексікі вылучаюць устарэлую лексіку – словы, якія ўжываюцца носьбітамі мовы, але ўспрымаюцца імі як несучасныя ці звязаныя з мінуўшчынай.
Прычыны, па якіх слова становіцца ўстарэлым і выходзіць з актыўнага ўжытку, бываюць розныя. Па-першае, перастаюць існаваць у рэчаіснасці асобныя паняцці і адпадае неабходнасць выкары-стоўваць іх назвы (гетман, харунжы, падчашы, войт, ваявода, радца, лаўнік). Па-другое, слова можа быць з нейкіх прычын выцеснена іншым абазначэннем той самай з’явы: атрамант (чарніла), ядваб (шоўк), лемантар (буквар) і інш.
У адпаведнасці з гэтым вылучаюць дзве групы ўстарэлых слоў: гістарызмы і архаізмы.
Гістарызмы – гэта словы, якія называюць паняцці і з’явы, што зніклі з рэчаіснасці. Яны не маюць сінонімаў у сучаснай беларускай мове і растлумачыць іх значэнне можна з дапамогай спецыяльнай літаратуры (слоўнікаў, энцыклапедый і г. д.). У залежнасці ад значэн-ня гістарызмы можна аб’яднаць у розныя прадметна-тэматычныя групы: назвы адзення, абутку, прадметаў быту і т. п. (батфорты, жупан, кафтан, конка); назвы даўнейшых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, органаў кіравання, сацыяльных з’яў (абшчына, ваяводства, губерня, земства); назвы асоб паводле іх роду дзейнасці, сацыяльнага становішча (войт, гарадавы, гетман, канюшы, магнат, скарбнік, рэкрут); назвы старых мер вагі, даўжыні, грашовых адзінак (аршын, асьміна, грош, грыўня, вярста, локаць, беркавец, пуд, фунт); назвы ваеннай амуніцыі, зброі (алебарда, кальчуга, калчан, латы, меч, мушкет, піка, пішчаль, шлем, шчыт) і інш. У стыліс-тычных мэтах гістарызмы разам з архаізмамі выкарыстоўваюцца як элемент архаізацыі, або гістарычнай стылізацыі.
Архаізмы – гэта ўстарэлыя назвы прадметаў і з’яў рэчаіснасці (самі прадметы і з’явы захаваліся і зараз маюць іншыя назвы). У адрозненне ад гістарызмаў, архаізмы маюць у сучаснай мове сінонімы, з дапамогай якіх тлумачальныя слоўнікі паказваюць іх значэнне, суправаджаючы паметай кніжнае, устарэлае.
Нярэдка словы, будучы ўстарэлымі ў прамым значэнні, працягваюць жыць на правах агульнамоўных метафар. Так, халопам мы называем ‘прыслужніка, прыспешніка’, парабкам – чалавека, які працуе на прыніжальных умовах працы. У падобных метафарычных значэннях словы не ўспрымаюцца носьбітамі мовы як устарэлыя; няма паметы ўстар. да указаных значэнняў гэтых слоў у слоўніках. Аднак мы інтуітыўна адчуваем супрацьпастаўленасць гэтай групы слоў сучаснай лексіцы, і гэта робіць метафары такога роду вельмі яркімі характарыстыкамі асоб, прадметаў, што паказваюць самыя розныя эмацыянальна-ацэначныя нюансы.
Сярод архаізмаў вылучаюць некалькі груп. Лексічныя архаізмы – устарэлыя словы, якія ў сучаснай мове маюць адпаведныя сінонімы: лемантар – буквар, тлумач – перакладчык, гарбата – чай, раць – войска. Семантычныя архаізмы – устарэлыя значэнні слова, уласцівага сучаснай мове: пенсія – ‘стыпендыя’, жывот – ‘жыццё’, дружына – ‘князева войска’. Лексіка-марфалагічныя архаізмы – словы, якія маюць устарэлыя марфалагічныя адзнакі (род ці лік): кляса – клас, шынель (ж. р.) – шынель (м. р.). Лексіка-словаўтваральныя архаізмы – словы, якія маюць устарэлую словаўтваральную будову, іншыя афіксы: двухпаверхны – двухпавярховы, дзейца – дзеяч, лятун – лётчык, земляробны – земляробчы. Лексіка-фанетычныя архаізмы – словы, якія захоўваюць устарэлае гукавое афармленне, адрознае ад сучаснага: кроніка – хроніка, філёзофія – філасофія, клясы – класы, хэмія – хімія.
Устарэлая лексіка ў сучасных тэкстах выконвае розныя функцыі. Архаізмы і гістарызмы перш за ўсё з’яўляюцца адным са сродкаў стылізацыі мовы той эпохі, пра якую расказвае аўтар, дапамагаюць чытачу адчуць нюансы мовы таго асяроддзя, пра якое расказваецца ў творы.
Зразумела, пры стылізацыі мова мінулай эпохі не аднаўляецца абсалютна дакладна. Часам, каб дасягнуць жаданага эфекту, аўтару дастаткова некалькіх слоў, якія кладуцца на канву апавядання, адлюстроўваюць стары парадак слоў.
Кажучы аб ролі ўстарэлых слоў у творах, якія апавядаюць пра падзеі мінулага, трэба падкрэсліць, што, у адрозненне ад архаізмаў, якія нясуць чыста стылістычную нагрузку, гістарызмы выконваюць яшчэ і намінатыўную функцыю, з’яўляючыся адзіным магчымым абазначэннем тых рэчаў, пра якія піша аўтар:
Магдэбургскае права мела бальшыня беларускіх гарадоў і мястэчак. Яно вызваляла месцічаў ад феадальных павіннасцяў, ад суда і ўлады вялікакнязёўскіх старастаў, ваяводаў ды іншых дзяржаўных асобаў. Гарадскім жыццём кіраваў выбарны магістрат, што складаўся з дзвюх “палатаў” – рады і лавы. Рада была непасрэднай гарадской уладаю, займалася маёмаснымі і цывільнымі судовымі справамі. Лава разглядала крымінальныя злачынствы. У раду горад штогод выбіраў радцаў, або райцаў, у лаву – на чале лавы стаялі выбарныя бурмістры, у лаве старшыняваў прысланы вялікім князем войт або прызначаны ім з ліку месцічаў намеснік – ленвойт. (У. Арлоў)
Устарэлая лексіка шырока выкарыстоўваецца ў якасці сродку, які надае мове ўрачыстае, патэтычнае гучанне. Менавіта з такой мэтай выкарыстоўваюцца архаізмы ў рэлігійных і іншых сакральных тэкстах. Асабліва часта ўстарэлая лексіка выкарыстоўваецца як стылістычны сродак у мастацкай літаратуры. Сярод беларускіх паэтаў з асаблівым замілаваннем да ўстарэлай лексікі ставіліся Уладзімір Дубоўка, Уладзімір Караткевіч, а сярод сучасных пісьменнікаў – Уладзімір Арлоў, Вольга Іпатава і інш.
Словы ці выразы, створаныя для абазначэння новага прадмета або новага паняцця, называюцца неалагізмамі (інтэрнэт, сеціва, чат). Вылучаюць дзве катэгорыі неалагізмаў: лексічныя і семантычныя. Да лексічных неалагізмаў належаць новыя словы, што з’явіліся ў мове зусім нядаўна для абазначэння новых прадметаў, з’яў, паняццяў і навізна якіх адчуваецца носьбітамі мовы як у форме, так і значэнні гэтых слоў. Напрыклад, лексічнымі неалагізмамі канца ХХ ст. з’яўляюцца такія словы, як брокер, дэпалітызацыя, дэпартызацыя, раздзяржаўленне, свабодна канверсавальная валюта, умоўная адзінка, экстрасэнс.
Семантычныя неалагізмы – гэта новыя значэнні, якія развіваюцца на базе даўніх слоў (спыняць спадарожную машыну ўзняццем рукі – галасаваць).
Неалагізмы ўзнікаюць у самых розных галінах чалавечай дзейнасці. Паколькі яны, як правіла, абазначаюць жыццёва важныя для чалавека паняцці, то знаходзяцца ў пасіўным пласце лексікі нядоўга і хутка становяцца агульнаўжывальнымі.
Ад неалагізмаў, створаных паводле прадуктыўных словаўтвараль-ных мадэляў, трэба адрозніваць лексічныя наватворы, вынайдзеныя пісьменнікамі, публіцыстамі і літаратурнымі крытыкамі з мэтай павышэння мастацкай выразнасці і вобразнасці выказвання. Такія словы называюць аказіяналізмамі (ад лац. occasio – выпадак), а таксама індывідуальна-аўтарскімі, індывідуальна-стылістычнымі неалагізмамі, “словамі-метэорамі”: плытагоніць, абрахманіцца, слупаваць, адлюстровак, мройнавокі, пустазвонства, пасажырства, хлусняры, драмаклёпы, абеданне, сталёвасць, нішчыцель, надроспач, няпамяць, перашум, бяздроўе, надзор’е, няўступка, агняпіс, шпар-кабег, электразара. Многія беларускія пісьменнікі выкарыстоўваюць аўтарскія неалагізмы ў вобразна-выяўленчых і стыліcтычных мэтах. Так, Я. Купала стварыў такія наватворы, як небазор, вечнабыт, нязгледны, Я. Колас – жаўтавецень, вольнаплынны, срэбразвонны, шаўкарунны, цемнакрыліць, М. Танк – вершаруб, небасяжны, блакітнець і інш. У адрозненне ад моўных неалагізмаў, з’яўленне якіх абумоўлена патрэбамі моўнай сістэмы, аказіяналізмы ўзнікаюць выключна як стылістычны сродак, да якога звяртаюцца аўтары для вырашэння тых ці іншых індывідуальных экспрэсіўна-мастацкіх задач. Іменна таму аўтарскія неалагізмы, нягледзячы на іх выразнасць, у пераважнай большасці выпадкаў не выходзяць за межы аўтарскага маўлення. Можна прывесці толькі асобныя прыклады аўтарскіх неалагізмаў, якія сталі агульнанароднымі: мудрагеліць (У. Дубоўка), жартаўлівы зварот свінтус грандыёзус (К. Крапіва).
Аўтарскія неалагізмы можна сустрэць і ў гутарковым, і ў публіцыстычным стылях. Аднак асноўная сфера іх ужывання – мастацкая літаратура, і перш за ўсё паэзія: Скурганіў бы душу чырванцом тваім я; // Гусля, княжа, не пішуць законаў (Я. Купала); Ужо мурожацца далі і шыры // Ужо вясновая ўсходзіць краса! (А. Гурло); Што ж пылае, сэрца, // што крынічыш, кроў? (У. Дубоўка); Вецер // пад гаем // песняю поўдзень аўсяніць (Я. Пушча). Аказіянальныя словы надаюць мове мастацкіх твораў незвычайную вобразнасць, яны часта выкарыстоўваюцца ў ролі аўтарскіх эпітэтаў, метафар, перыфраз: дні навальнічаць (М. Лужанін), санцатканыя словы (А. Александровіч), шумнакрылы сокал [пра юнацтва] (А. Звонак), ясназорны край (Я. Колас).
У некаторых выпадках аўтарскі неалагізм аказваецца адной з праяў своеасаблівай слоўнай гульні, іранічнага стаўлення як да прадмета, з’явы, што абазначаецца па-новаму, так і да самой мовы як мастацкага матэрыялу.
У іншых выпадках утвораныя тым ці іншым аўтарам новыя словы маюць рэгулярны, паслядоўны характар і прадыктавана гэта імкненнем да пошуку такіх лексічных адзінак, што найбольш поўна і адэкватна адлюстравалі б тыя экспрэсіўна-сэнсавыя нюансы, якія хоча перадаць аўтар і для выяўлення якіх традыцыйныя сродкі аказваюцца недастаткова дакладнымі ці недастаткова лаканічнымі.
Нарэшце ў некаторых аўтараў стварэнне неалагізмаў становіцца амаль самамэтай, своеасаблівай слоўнай гульнёй, у якой яны выяўляюць сваё зацікаўленае і поўнае захаплення стаўленне да слова як такога, магчымасць паглядзець на слова новым позіркам і знайсці ў ім нешта нечаканае, новае, выкарыстаць нераскрытыя рэсурсы. Прызнанымі майстрамі такой слоўнай гульні лічацца паэты Алесь Разанаў, Рыгор Барадулін і многія іншыя беларускія мастакі слова.
Трэба адзначыць, што аўтары пры стварэнні неалагізмаў, як правіла, выкарыстоўваюць каранёвыя і службовыя марфемы, якія традыцыйна існуюць у беларускай мове і вядомы кожнаму яе носьбіту. Таму пры ўсёй сваёй свежасці, арыгінальнасці такія неалагізмы зразумелыя, не зацямняюць сэнсу выказвання і лёгка суадносяцца ў свядомасці чытача з той з’явай, якая імі абазначана.
Дзякуючы сваёй эскспрэсіўнасці і эмацыянальнасці, аўтарскія неалагізмы маляўніча апісваюць самыя розныя праявы рэчаіснасці: веснавейны час (Ю. Лявонны), вечнабыт (Я. Купала), радасць лучы-ніць (Я. Пушча), мнагазор’е (М. Багдановіч), снег мяцеліць (М. Маша-ра), светласпеўны лёс (У. Жылка) і інш.
Індывідуальныя і непаўторныя паводле сваёй прыроды аўтарскія ўтварэнні, якія ўжываюцца ў мастацкай і гутарковай мове, значна пашыраюць уяўленне пра семантыка-словаўтваральны і выяўленчы патэнцыял беларускай мовы.
Асаблівасці ўжывання мае запазычаная лексіка, якая ўзнікае ў выніку моўнага кантакту паміж народамі ў розныя перыяды іх гісторыі. Словы з іншай мовы прыходзяць перш за ўсё таму, што яны абазначаюць новыя рэаліі. Аднак запазычанне слоў, якія называюць раней невядомыя прадметы, паняцці, – гэта знешняя, пазамоўная прычына. Існуюць і ўнутраныя, моўныя прычыны. Так, іншамоўнае слова можа ўкараніцца ў мове, паколькі яго з’яўленне дазваляе ліквідаваць полісемію спрадвечна беларускага слова або ўдакладніць, дэталізаваць адпаведнае паняцце (напр., словы імпарт, экспарт замест беларускіх увоз, вываз; рэгіён – замест ранейшага раён). Іншамоўнае слова аказваецца больш “зручным”, калі ранейшае абазначэнне дадзенага паняцця ўяўляла сабой апісальную, а не аднаслоўную назву. Не апошнюю ролю ва ўзнікненні запазычанняў адыгрывае т. зв. моўная мода, якая ў розныя перыяды схіляе да ўжывання разнастайнай запазычанай лексікі. Так, напрыклад у савецкі час беларуская мова была перапоўнена шматлікімі русізмамі, ці т. зв. саветызмамі, чужымі для нашай мовы. Яшчэ раней у беларускай мове было шмат паланізмаў і лацінізмаў. У цяперашні час месца “моднай” мовы, якая з’яўляецца крыніцай запазычанняў, бясспрэчна займае англійская (напрыклад, слова рэальна замест сапраўды, слова опцыя за межамі камп’ютарнай лексікі замест выбар, варыянт).
У залежнасці ад таго як носьбіты пэўнай мовы ставяцца да запазычанай лексікі, могуць назірацца дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі: інтэрнацыяналізацыя і пурызм. Інтэрнацыяналізацыя мовы назіраецца, калі іншамоўная лексіка займае вялікую долю ў агульным слоўным запасе. Такая тэндэнцыя, напрыклад, характэрна для польскай мовы, у якой лацінізмы, англіцызмы і запазычанні з іншых заходнееўрапейскіх моў складаюць значную частку самай актыўнай лексікі. Моўны пурызм (ад лац. purus – чысты) – імкненне ачысціць мову ад запазычанай лексікі. Гэта тэндэнцыя звычайна ўзнікае як рэакцыя на празмерную засмечанасць пэўнай мовы неапраўданымі запазычан-нямі. Класічным прыкладам моўнага пурызму з’яўляецца чэшская, эстонская мовы, носьбіты якіх імкнуцца называць новыя ці невядомыя паняцці, выкарыстоўваючы рэсурсы ўласных моў.
Для беларускай мовы пурызм ніколі не быў самамэтай, а толькі рэакцыяй на празмерную русіфікацыю ці паланізацыю мовы. У пэўных выпадках імкненне ачысціць мову ад іншамоўных слоў ці зваротаў нельга прызнаць мэтазгодным. Напрыклад, агульнаеўрапей-скі зварот ‘пункт гледжання’ (параўн. англ.: point of view, італ. punto di vista) неапраўдана замяняюць словам гледзішча, слова спецыяліст, спецыяльны – адмысловец, адмысловы. Яркімі прадстаўнікамі моўнага пурызму ў беларускай мове былі Вацлаў Ластоўскі і Янка Станкевіч.
Асноўныя прыметы запазычаных слоў наступныя: наяўнасць у слове ф: фарба, шафа, фасоля; пачатковыя э, о і непрыставачнае а: эра, Эма, ода; спалучэнні ге, ке, хе ў корані: агент, схема, кельма; спалучэнні бю, вю, кю, мю, пю, фю: бюро, рэвю, кювет; спалучэнні двух галосных у корані: аул, дуэт, гуаш; цвёрдасць зычных д і т у спалучэннях дэ, ды, тэ, ты: дэтэктыў, дыван, Атэла, тыгр; прыстаўкі а-, анты-, архі-, контр-, рэ-, дэ-, дыс-, амфі і інш.: амаральны, контрмера, дыспрапорцыя; суфіксы -ізм / (-ызм), -іст / (-ыст), -ір / (-ыр) і інш.: арганізм, капіраваць, пацыфіст.
Запазычаная лексіка ўжываецца ва ўсіх функцыянальных стылях беларускай мовы, аднак асабліва насычаны ёй навуковы і публіцыстычны. Вялікая доля запазычанняў выкарыстоўваецца ў тэрміналогіі практычна ўсіх навук.
У складзе запазычанай лексікі вылучаюць інтэрнацыяналізмы і варварызмы. Інтэрнацыяналізмы – гэта словы ці выразы, якія бытуюць у некалькіх мовах розных моўных груп, маюць аднолькавае лексічнае значэнне, аднолькавы або блізкі фанетыка-марфалагічны склад: дэмакратыя, рэспубліка, граматыка і інш. Варварызмы – іншамоўныя словы ці выразы, якія не сталі агульнаўжывальнымі і не засвоіліся мовай поўнасцю: фрау, сэр, авеню, містэр. Варварызмы выкарыстоўваюцца пры характарыстыцы асаблівасцей жыцця, звычаяў, побыту іншых народаў, а часам для дасягнення камічнага эфекту; яны нярэдка захоўваюць графічнае аблічча чужой мовы: memento mori (помні пра смерць), alma mater (маці-карміліца), tabula rasa (чыстая дошка). Стылістычнае выкарыстанне варварызмаў у мастацкім творы можна праілюстраваць на прыкладзе верша Я. Коласа “Панам”:
Эх, панове, “ніц не бэндзе”:
Сапсуе нам справу “вшэндзе”:
Бо занадта пан “гаронцы”!
І не ў панскіх інтарэсах
Здзек такі чыніць “на крэсах”,
Нечуваны здзек пад сонцам”!
Не толькі варварызмы, але і запазычаная лексіка ў цэлым часта выкарыстоўваецца ў мастацкіх мэтах, каб надаць тэксту іранічна-паважны, малазразумелы ці квазі-навуковы характар. Асабліва камічна іншамоўныя словы выглядаюць на фоне прастамоўнай лексікі. Прыклад такога кантрасту знаходзім у сатырычнай аповесці А. Мрыя “Запіскі Самсона Самасуя”. Так, герой твора, даючы сабе характарыстыку, сцвярджае:
Я скажу ўсім, хто гэтага пачаў бы дамагацца, што я – сучасны чалавек. Маё імя Самсон Самасуй. [...]
Я з мужыкоў.
Далей смела ўсім заяўляю, што бацька мой ня кулак. Даю фактычную даведку.
Дзве каровы, конь, жаробка, свіння, здаецца, 4 ці 7 прадстаўніц курынага роду, хата з трыма вакешкамі, ды яшчэ рознае не стандартызаванае хаўбосце. Такім чынам, па эканамічнай адзнацы майго бацьку ніяк нельга залічыць да ганебнага стану кулакоў. А з пункта гледжання ідэалогіі, дык ня ведаю, як зарэгістраваць яго. Хто можа аб гэтым упэўнена сказаць, калі, як кажа мой прыяцель, філосаф Торба, заблытана чалавечае жыццё, і няма ў ім строга акрэсленай наменклатуры.
У іншым месцы твора гаворыцца: “Адна не вельмі разумная жанчына, якую я аднойчы ў вочы назваў індыйскім просам дурро, атэставала мяне, як дэкласаванага мешчаніна”. Галоўны герой апіс-вае сваю новую знаёмую наступным чынам: “Свердзялюк пазнаёміў мяне з другой цікавай дзяўчынай – Сошай-Дошай. У яе блакітныя вочы, выпукленыя, як бурбалкі вадзяныя, тонкі нос Клеапатры, лебядзіная шыйка, стрыжаная галава і добра абсталяваны грудны сектар”. А адзін з раздзелаў аповесці называецца “Гостры гастрыт”. Як бачна, запазычаная лексіка ў кантрасце з прастамоўем стварае моцны камічны эфект і яе выкарыстанне зусім не абмяжоўваецца “высокім стылем”.
Асобнай формай запазычання з’яўляюцца калькі і паўкалькі. Калька (фр. calgue – копія) – гэта слова, утворанае з уласных моўных элементаў на ўзор іншамоўных слоў. Існуе некалькі відаў калек. Лексічная (словаўтваральная) калька – слова, створанае паводле іншамоўнай словаўтваральнай мадэлі, але са сродкаў пэўнай мовы: калгас ад рус. колхоз, пяцігодка ад рус. пятилетка, летапісец ад грэч. chronographos, выдатнік ад рус. отличник. Семантычная калька – вынік замацавання ў слове новага значэння пад уплывам іншамоўнага слова: чырвоны ‘рэвалюцыйны’ ад рус. красный, крыніца ад рус. источник. Кніга – крыніца ведаў. Сінтаксічная калька – сінтаксічная канструкцыя, утвораная па іншамоўнай мадэлі: у сувязі з тым ад рус. в связи с тем, дзякуючы дапамозе ад рус. благодаря помощи, па меры таго ад рус. по мере того. Фразеалагічная калька – літаральны пераклад іншамоўнага выразу па частках: на шчупакова казанне ад рус. по щучьему веленью, берагчы як зрэнку вока ад рус. беречь как зеницу ока, барацьба за існаванне ад рус. борьба за существование.
Паўкалька – гэта слова, якое ўтворана на ўзор іншамоўных слоў і толькі часткова адрозніваецца ад іх словаўтваральнымі элементамі: телебачанне і англ. television.
Калі існаванне словаўтваральных і семантычных калек у мове дазваляецца, то калькаванне фразеалагізмаў і сінтаксічных зваротаў, як правіла, лічыцца стылістычнай памылкай.
З пункта гледжання функцыянальна-стылістычнай дыферэнцыя-цыі лексіку беларускай мовы можна ўмоўна падзяліць на агульнаўжы-вальную, або міжстылёвую, размоўна-бытавую (прастамоўны і дыялектны пласты), спецыяльную.
Функцыянальныя стылі і адпаведная стылістычная афарбоўка слоў размяжоўваюцца ў першую чаргу ў залежнасці ад вуснай ці пісьмовай формы маўлення. Як ужо згадвалася, умовы вусных і пісьмовых зносін сур’ёзна адрозніваюцца, таму разнавіднасці мовы, якая іх абслугоўвае, будуць несці на сабе адбітак таго ці іншага стылю. Разгледзім гэтыя пласты беларускай лексікі.
Агульнаўжывальнай, або міжстылёвай, лічыцца лексіка, якая можа ўжывацца ў пісьмовым і вусным маўленні. Яна выкарыстоў-ваецца ў штодзённых моўных зносінах без абмежавання. У суадносінах з усёй лексікай агульнаўжывальная складае каля 70 %. У яе склад уваходзяць назвы найбольш звыклых і распаўсюджаных прадметаў і з’яў. Міжстылёвая лексіка прадстаўлена ўсімі часцінамі мовы: бацька, маці, вада, радзіма, вялікі, радасны, плесціся, адзіны, хутка, я, ты, мы, па-за, ай, ох і інш. Агульнаўжывальная лексіка – самы багаты лексічны пласт. Яна вызначаецца як шырокай тэматычнай разнастайнасцю, так і семантычным багаццем, зменлівай сінтаксічнай валентнасцю. Гэтым словам уласціва натуральнасць, прастата, агульназразумеласць.
Стылістычна нейтральныя словы ўжываюцца ў розных стылях мовы і не маюць ніякай стылістычнай афарбоўкі, яны складаюць лексічную аснову ўсіх стыляў. Такія словы выкарыстоўваюцца ва ўсіх сферах моўных зносін людзей. Гэта агульнавядомыя назвы з’яў прыроды, раслін, жывёл, працэсаў, станаў, прымет: вада, зямля, хлеб, соль, дрэва, чалавек, галава, рука, лета, зіма, мароз, вялікі, сіні, гарачы, жалезны, далёкі, многа, мала, працаваць, хварэць, спяваць, есці, стаяць, ляжаць, расці, весела, горача, надта, па-новаму і інш. Да стылістычна нейтральных слоў адносяцца лічэбнікі, займеннікі, прыназоўнікі, злучнікі, часціцы. Стылістычна нейтральныя словы выконваюць ролю апорных у сінанімічных радах, дзе яны суадносяцца з кніжнымі і размоўнымі кампанентамі: разам (нейтр.) – плячо ў плячо (кніжн.) – гурбой, агулам (разм.); будаваць (нейтр.) – узводзіць (кніжн.) – стаўляць (разм.); ісці (нейтр.) – плесціся, валачыцца, цягнуцца (разм.).
Да размоўна-бытавой лексікі адносяцца словы штодзённай мовы людзей, не звязаных афіцыйнымі адносінамі. Размоўна-бытавая лексіка, як указвае сама назва, не ўласціва пісьмовым жанрам. Аднак межы яе ўжывання вельмі няпэўныя, а дакладней, досыць шырокія. Размоўная лексіка, прычым лексіка з яскравай размоўнай афарбоўкай, шырока прадстаўлена ва ўласна аўтарскай мове мастацкіх твораў, яна звычайна ўжываецца ў мемуарнай літаратуры, публіцыстычных тво-рах, навукова-папулярных артыкулах і кнігах, у вусным і пісьмовым навуковым маўленні. Правесці мяжу паміж агульнаўжывальнай і размоўнай лексікай дастаткова складана. Асобай прыметай размоўна-бытавой лексікі будзе тое, што яна абсалютна не ўжываецца ў афіцыйнай мове законаў, дакументаў і г. д.
Размоўна-бытавая лексіка ўласціва перш за ўсё гутарковаму стылю. Такія яго рысы, як нязмушанасць, непадрыхтаванасць маўлення, свабода ў адносінах суразмоўцаў, тэматычная неабмежаванасць, абумовілі спецыфіку размоўнай лексікі – павышаную экспрэсіўнасць і эмацыянальнасць, стылістычную зніжанасць, шырокую тэматыку.
Сярод слоў з размоўнай афарбоўкай значны пласт складаюць такія, што абазначаюць канкрэтныя рэаліі бытавых зносін. Асноўны пласт гутарковай лексікі складаюць словы з эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкай: булёнчык, галубачка, мучыца, песенька; адзінюсенькі, добранькі, навюткі, раненька, сённенька, дружбак, дружа, здаравіла, сябрук, таварышок, галавасты. Значную частку гэтага пласта лексікі складаюць словы з адмоўнай ацэнкай. Негатыўная ацэнка можа ўваходзіць у значэнне слова і абазначаць, напрыклад, што пэўнае дзеянне выконваецца дрэнна, неналежным чынам (балбатаць, крэмзаць, мямліць, пілікаць, трэнькаць), можа ўказваць на характар, спосаб дзеяння (дарвацца, змікіціць, перакалу-паць), абазначаць наяўнасць празмернай, непажаданай якасці (даўга-лыгі, галасіна, глухмень, даўжэзны). Негатыўная ацэнка можа адносіц-ца да дзеяння, прадмета, з’явы (галас, гармідар, навалач, прышпандо-рыць). Асабліва характэрнымі тут будуць эмацыянальна-экспрэсіўныя найменні асобы паводле знешняга выгляду (вярзіла, гаргара, граміла, дылда), паводле разумовых якасцей і практычных здольнасцей (дубіна, дурань, дурыла, праныра); па характэрных дзеяннях (абжора, абібок, абірала, абдзірала, гарлахват, жлукта, назола, падбухторшчык).
Асаблівасць размоўнай лексікі не толькі ў яе канкрэтнасці, але і ў вобразнасці, метафарычнасці, выражанай праз канкрэтную прадмет-насць. Спецыфіка гэтага лексічнага пласта заключаецца і ў тым, што адцягненыя, абстрактныя паняцці выражаюцца канкрэтна, праз знешнія прыметы, напрыклад: адвязацца ‘пазбавіцца ад каго-небудзь дакуч-лівага, назойлівага або непрыемнага, непажаданага’. Значэнне ўзнікла як пераноснае ад першасных ‘развязацца’, ‘вызваліцца ад прывязі’.
У размоўна-бытавой лексіцы вылучаюць прастамоўныя словы. Да прастамоўнай лексікі беларускай мовы адносяцца лексічныя адзінкі зніжанага размоўнага пласта – грубыя, лаянкавыя словы з адценнем знявагі, пагарды, неадабральнасці. У слоўніках такія словы пазначаюцца паметамі разм. груб., разм. лаянк., груб., лаянк. Прастамоўныя словы ўжываюцца ў літаратурнай мове ў мэтах зніжанай, грубаватай характарыстыкі прадмета гаворкі, асобы, дзеяння: кумпал ‘галава’, мурло ‘пра чалавечы твар’, морда ‘пра чалавека’; аблапошыць ‘падмануць’, гарлапаніць ‘крычаць’, закапыліць (губы) ‘надзьмуцца’, загнуцца ‘памерці’.
Грубыя размоўныя словы вызначаюцца пераважна негатыўным значэннем (аболтус, абразіна, аздобіна, галган, гіцаль, даўбешка, заразіна, ідал, ідыёт, карова, поскудзь, прахвост, пудзіла і інш.). Ужытыя ў дачыненні да чалавека, яны носяць характар лаянкі. Такая лексіка з пэўнай стылістычнай функцыяй ужываецца ў творах мастацкай літаратуры ў ансоўным як сродак моўнай характарыстыкі персанажаў. Размоўныя зніжаныя, грубыя словы могуць выражаць таксама зняважлівыя, пагардлівыя адносіны да аб’екта гаворкі.
Сканцэнтраванае ўжыванне размоўных і прастамоўных слоў можа ствараць патрэбны эмацыянальны тон грубасці або іранічнасці.
Размоўна-бытавая лексіка вызначаецца развітой словаўтваральнай сінанімікай, асабліва сярод эмацыянальна-ацэначнай лексікі: дурань, дурыла, дуралей, дурында, дурны; доўбня, даўбешка, даўбень, надаўбень.
У размоўны пласт літаратурнай мовы пераходзяць найменні, якія маюць літаратурны эквівалент і якія атрымалі зніжаную кваліфікацыю (галас – крык, скабка – стрэмка, цыбалка – сцябло, уладкавацца – уладзіцца, халепа – слота), эмацыянальна афарбаваныя (лыкаць, фацэт, фацэтны, чапурыцца і інш.), словы, якія абазначаюць прадметы побыту (падворак, рынка, шыдэлак).
Размоўная лексіка не мае абмежавання ў выкарыстанні яе мастакамі слова. Класікі беларускай літаратуры не маглі абыходзіцца без размоўных і прастамоўных слоў пры стварэнні жывых сцэн народнага жыцця, для характарыстыкі мовы персанажаў, іх паводзін і ўчынкаў. Таму выкарыстанне размоўнай лексікі з’яўляецца эфектыў-ным сродкам павышэння выразнасці мовы і ў кніжных стылях, апрача афіцыйна-дзелавога і навуковага.
Часам у асобную групу размоўна-бытавой лексікі вылучаюць спецыфічную грамадска-палітычную лексіку, уласцівую публіцыстыч-наму стылю: агітацыя, аграмадзіць, аграрый, айчына, дактрына, заканамернасць, канон, канфрантацыя, катаклізм, соцыум, экалогія. Акрамя агульных грамадска-палітычных тэрмінаў, сюды адносяцца і назвы палітычных, эканамічных, філасофскіх напрамкаў, класавых, партыйных, ідэалагічных паняццяў: дэмакратыя, гуманізацыя, расізм, сепаратызм, федэрацыя, апазіцыя, маркетынг, інвестыцыя, канфуцыянства, нігілізм, прагматызм, сацыял-дэмакрат, ліберал, манапаліст, экстрэміст.
Частку размоўна-бытавой лексікі складаюць дыялектызмы – словы і выразы з мясцовых гаворак: акараскацца (справіцца з якой-небудзь справай, працай), арэйдала (нязграбны, нягеглы, недарэка), дылда (худы, высокі чалавек), маладзенец (малады, жаніх), пагукальнік (гаворка, гутарка), памаўзніца (ласуха), самасейка (дзіця ад грамадзянскага шлюбу), таройкацца (гутарыць, спрачацца) шайморы (бульба, не выбраная з зямлі ўвосень) і г. д. Дыялектная лексіка – гэта тая частка гаворкі ці дыялекту, якая адрозніваецца ад агульнаўжывальнай. Дыялектныя словы і звароты пазначаюцца ў слоўніках паметай абласное.
У мове мастацкіх твораў дыялектызмы выкарыстоўваюцца як сродак дыялектнай стылізацыі – стварэння мясцовага каларыту праз адлюстраванне моўных асаблівасцяў рэгіёна. Дыялектызмы шырока выкарыстоўвалі беларускія пісьменнікі старэйшага пакалення (Ц. Гартны, М. Гарэцкі, Я. Купала, Я. Колас, К. Крапіва, М. Лынькоў, I. Мележ, К. Чорны), сустракаюцца мясцовыя словы пры апісанні вясковага жыцця ў В. Адамчыка, Р. Барадуліна, I. Пташнікава, Б. Сачанкі, I. Чыгрынава і інш. Выкарыстанне дыялектных слоў пры стварэнні пісьменнікам разгорнутых малюнкаў вясковага жыцця – з’ява заканамерная і неабходная. Мясцовыя словы дапамагаюць аўтару больш выразна абмаляваць побыт, культуру, псіхалогію насельнікаў пэўнай мясцовасці, перадаць індывідуальныя асаблівасці мовы герояў, стварыць мясцовы каларыт.
– Купляйце. У нас – богу дзякуйма – урадзіла! Чыстая, круглая. Як булачкі ці куханы-піражкі. Вельмі смачныя.
Гэта – пра бульбу.
Адкуль жа, вельмі смачная?
З Івенца.
А ў Івенцы ж, казалі, бульбу зусім сушылі.
Ды мы пяць кіламетраў за Івенцам! – сказала і, удзячная, маладзіца, зважыла кош сваіх няшчасных піражкоў. (Ф. Янкоўскі)
Як і ў якой меры выкарыстоўваць дыялектызмы ў творы, вырашае сам аўтар, і гэта характарызуе асаблівасці яго індывідуальнага мастацкага стылю, Адны пісьменнікі не абмяжоўваюць сябе ў карыстанні дыялектнымі словамі, другія ўжываюць іх менш, трэція стараюцца зусім іх пазбягаць. Празмернае насычэнне тэкстаў мясцовымі словамі было характэрна, напрыклад, для творчасці Ц. Гартнага, умерана і ўмела карыстаўся імі Я. Колас, зусім рэдка сустракаюцца правінцыялізмы ў творах I. Шамякіна.
У размоўна-бытавую лексіку ўваходзяць таксама жарганізмы – словы з моўнай гаворкі той ці іншай групы. Жаргонам называецца ўмоўная гаворка якой-небудзь сацыяльна-прафесійнай групы як адгалінаванне ад агульнанароднай мовы. Жаргон характарызуецца спецыфічнымі словамі і выразамі, якія адлюстроўваюць патрэбы і густы пэўнай сацыяльнай групы. Ён не мае свайго граматычнага ладу і асноўнага лексічнага фонду. У ХІХ ст. на Беларусі былі вядомыя “катрушніцкі лемязень” (гаворкі дрыбінскіх шапавалаў), “патрушніцкі лемез” (гаворка шклоўскіх рамеснікаў) і інш. У цяперашні час вялікай адметнасцю характарызуецца студэнцкі і вучнёўскі жаргон. Жарганізмы ў мастацкай літаратуры выкарыстоўваюцца як сродак сацыяльнай стылізацыі.
Вузкае стылістычнае выкарыстанне мае спецыяльная лексіка, да якой адносяцца тэрміны навукі і тэхнікі, наменклатурныя назвы, прафесійная лексіка і прафесіяналізмы. Спецыфічная навуковая лексіка складае тэрміналогію кожнай навукі. Напрыклад, матэматычныя тэрміны актаэдр, біном, бісектрыса, дыферэнцыял, інтэграл; біялагічныя – актывацыя, акукліцца, альбінізм, альбумін, амітоз, амніён, біясінтэз, мікрапапуляцыя, фітацэноз, флора; мовазнаўчыя – афікс, калька, крэалізацыя, парадыгматыка, этымон; медыцынскія – гіпадынамія, калапс, кома, эмфізема. Агульнанавуковая лексіка ў пераважнай большасці адносіцца да кніжнай: аб’ект, абстракцыя, адаптацыя, адэкватны, аналіз, вымяральнасць, гіпотэза, дыяпазон, дэфініцыя, інтэграцыя, канвергенцыя, канструкцыя, карэляцыя, каузальны, лабільны, метад, параметр, праблема, спантанны, сцвярджэнне, трансфармацыя, фактар, элемент, дамінаваць, суадносіцца і г. д.
Ад навуковых тэрмінаў трэба адрозніваць прафесіяналізмы – словы або выразы, якія характэрны для людзей пэўнай прафесіі. Напрыклад, падвал, паласа, перадавіца, разварот, курсіў – друкарскія; восці, крыга, павук, тэлевізар – рыбалоўныя. Прафесіянальная лексіка ў адрозненне ад спецыяльнай бытуе звычайна ў вуснай мове, жывой гаворцы. Калі спецыяльная лексіка ўжываецца па-за межамі тэкстаў сваёй тэматычнай групы, то прафесіянальная, акрамя намінатыўнай функцыі, набывае пэўную стылістычную ролю. Прафесіяналізмы могуць ужывацца ў пераносным значэнні, і ў такім выпадку яны служаць сродкам стварэння гумарыстычнага эфекту або прафесійнай стылізацыі.
Для афіцыйна-дзелавога стылю характэрна высокая стандарты-зацыя маўлення, галоўную ролю ў якой адыгрываюць т. зв. канцыля-рызмы і штампы.
Канцылярызмамі лічацца словы і выразы, пазбаўленыя індывідуальнасці, якія механічна паўтараюцца, становяцца сталымі моўнымі клішэ: быткамбінат выконвае рамонт (рамантуе); пачаліся работы па азеляненні; упершыню ажыццявілі зварку труб вялікага дыяметра (зварылі).
У прававой і дзелавой сферах высокая ступень шматразовасці падрыхтоўкі і прымянення адных і тых жа дакументаў і дзелавых папер сама па сабе вядзе да нязменнасці фармулёвак моўных стэрэатыпаў, якія забяспечваюць адназначнасць і лаканізм. Стандар-тызацыя ў афіцыйна-дзелавой лексіцы стварае зручнасць у карыстанні дакументамі, разуменні законаў. Традыцыйныя клішэ ў адпаведнасці з, на падставе і іншыя падобныя звароты падкрэсліваюць законнасць дзеяння ў спалучэнні з назвамі адпаведных артыкулаў, закона, яны могуць падмацоўваць і ўзмацняць дзелавую аснову выказвання. Такія словазлучэнні адзначаюцца як устойлівыя ў літаратурнай мове, будучы характэрнымі для навуковага і публіцыстычнага стыляў.
Удакладненні, надзвычай характэрныя для мовы законаў, уводзяцца ў тэкст пры дапамозе моўных клішэ: у выпадку (адмаў-лення, адхілення, немагчымасці, выканання, прастою). Устойлівасцю вызначаюцца таксама словазлучэнні з прычыны, у мэтах, у сувязі, з улікам. Для ўдакладнення ўмоў і часу выканання дзеяння ўжываюцца канструкцыі з прыназоўнікам пры: пры нездавальняючым выніку выпрабавання, пры наяўнасці двух і больш дзяцей, пры поўнай працягласці штодзённай работы, пры збегу цяжкіх абставін, пры правядзенні галасавання. Асаблівасцю афіцыйна-дзелавой мовы з’яўляецца ўжыванне назоўнікаў (напр., шлях) у функцыі прына-зоўнікаў: шляхам крадзяжу (падлогаў, растрат, махлярства).
Такія моўныя звароты, якія шматразова паўтараюцца і становяцца шаблоннымі, трафарэтнымі выразамі, называюцца штампамі. Выка-рыстанне канцылярызмаў і штампаў характэрна для афіцыйна-дзелавога стылю і, у меншай ступені, публіцыстычнага. У мове друку часта сустракаюцца заштампаваныя газетныя фразы: ударная праца, высокія тэмпы, у абстаноўцы высокай працоўнай актыўнасці, унесці дастойны ўклад, дапусціць сур’ёзныя пралікі, крочыць у нагу з часам і інш.
У іншых функцыянальна-стылявых разнавіднасцях мовы гэтыя звароты набываюць экспрэсіўную афарбоўку і могуць служыць для дасягнення разнастайных стылістычных эфектаў.
У маўленчых зносінах галоўнае месца адводзіцца намінатыўнай (назыўной) лексіцы, а экспрэсіўныя лексічныя адзінкі адыгрываюць дапаможную ролю як у камунікатыўным працэсе, так і пазнавальнай дзейнасці наогул. Найбольш яскрава і поўна экспрэсіўная функцыя мовы рэалізуецца ў гутарковым маўленні, у мастацкай літаратуры і публіцыстыцы.
Экспрэсіўнае слова не проста называе прадмет, з’яву, але і ацэньвае іх і перадае эмоцыі, якія яны выклікаюць. Яно характарызуе з’яву праз уяўленне, выкліканае асацыятыўнымі сувязямі з іншай з’явай, прадметам: сокал ‘пра чалавека адважнага, смелага, прыгожага’, мядзведзь ‘пра чалавека няўклюднага, непаваротлівага, дужага’; свістаць ‘гультайнічаць, не працаваць’. Такім чынам, экспрэсіўнасць – гэта ўласцівасць адзінкі, якая праяўляецца ў яе здольнасці падкрэсліць якасна-колькасныя рысы рэальнага прадмета, вылучыць яго асаблівасці на фоне аднайменных і даць эмацыянальную ацэнку прадмета маўлення.
Экспрэсіўна афарбаваная лексіка мае больш складаную сэнсавую структуру, чым агульнаўжывальная. Лексічнае значэнне экспрэсіўнай адзінкі складаецца з двух кампанентаў: прадметна-сігніфікатыўнага і дадатковай афарбоўкі. Гэтая афарбоўка можа ўключаць эмацыяналь-ныя адносіны да прадмета гаворкі, эмацыянальную або эмацыянальна-інтэлектуальную ацэнку, інтэнсіўнасць, вобразнасць.
Экспрэсіўная лексіка ўжываецца пераважна ў гутарковым, мастац-кім і публіцыстычным стылях.
У склад экспрэсіўнай лексікі ўваходзяць і лаянкавыя выразы. Да лаянкавай лексікі адносяцца тыя лексічныя адзінкі, якія матывуюцца пэўнымі адмоўнымі якасцямі прадмета, асобы. Вялікую групу складаюць словы, якія абазначаюць адмоўныя ўчынкі асобы, на якую накіравана лаянка: агіднік, гад, гадаўё, гніда, паганец, прахвост.
Лаянкавыя словы сведчаць таксама пра эмацыянальны стан гаворачага – злосць, раздражненне, але прызначэнне іх у тым, каб прынізіць, зняважыць таго, да каго яны звернуты. Лаянкавая лексіка вызначаецца і асаблівасцямі сінтаксічнага характару: найбольш часта лаянкавыя словы ўжываюцца ў клічных аднасастаўных сказах.
Эмацыянальнасць уласціва лексіцы, якая перадае пачуцці, перажыванні, выкліканыя пэўнымі з’явамі ці прадметамі рэчаіснасці. Эмацыянальныя адносіны выступаюць як суб’ектыўныя перажыванні пэўнага індывіда. Чыста эмацыянальных слоў няшмат: да іх, напрыклад, адносяцца выклічнікі, якія не маюць намінатыўнага значэння, а служаць для выражэння пачуццяў (ай! гэй! фу! чорт!), звароты ветлівасці (галубок, браток, братка, дзеткі). Гэтыя словы надзелены таксама і экспрэсіўнасцю.
Спектр эмацыянальных рэакцый чалавека досыць шырокі: ласка, жаль, спачуванне, захапленне, раздражненне, пагарда, абурэнне, іронія, жартаўлівасць і інш. У “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” адзначаюцца такія эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні слоў, як высокае, жартаўлівае, зневажальнае, зніжанае, іранічнае, ласкальнае, лаянкавае, неадабральнае, пагардлівае, фамільярнае. Уся разнастайнасць адценняў экспрэсіўна-эмацыянальнай афарбоўкі можа быць зведзена да падзелу на ўзвышаныя і зніжаныя эмоцыі. Да ўзвышанай лексікі адносяцца словы, што абазначаюць прадметы, з’явы, якія вылучаюцца асаблівай узнёсласцю (бацькаўшчына, геройства, доблесны, карыфей, падзвіжнік і інш.), а таксама словы, уласцівыя тэкстам урачыстым, паэтычным, у якіх выражаюцца высокія і высакародныя пачуцці. Сваім лексічным значэннем такія словы ўзмацняюць эмацыянальнасць тэкстаў (ветразь, вешчаваць, воін, воінства, выгнаннік, вынаходнік, вячысты, змаганне, кагорта, мінуўшчына, нязгасны, палымяны, плеяда, раць, чара).
Эмацыянальна ўзвышанай лексікай насычана публіцыстыка і паэтычная мова, якім уласцівы ўрачысты тон, узнёсласць. Ужыванне ўзвышаных слоў у звычайных жыццёвых сітуацыях (размоўна-бытавы стыль) разлічана на камічны эфект або іранічныя адносіны да прадмета гаворкі: Дай мне прачытаць гэту крыніцу ведаў! Дзе ж наш карыфей?
Узвышанай лексіцы стылістычна супрацьпастаўляецца зніжаная лексіка. Словы гэтага разраду прыніжаюць прадмет гаворкі, падкрэсліваюць яго нязначнасць, будзённасць, нават непатрэбнасць, шкоднасць. Ужыванне стылістычна зніжанага слова паказвае таксама на адмоўнае стаўленне як да суб’екта дзеяння, так і да самога дзеяння.
Эмацыянальна зніжаная лексіка часта ўключае ў свой сэнсавы змест і адмоўную ацэнку: адшкуматаць ‘ададраць абы-як, не разбіраючыся, наспех’, адгыркнуцца ‘груба, рэзка, злосна адказаць на якую-небудзь заўвагу’.
Эмацыянальна зніжаная лексіка можа выражаць іранічныя, часам жартаўлівыя адносіны да прадмета гаворкі: куча ‘многа’, папера ‘дакумент’, клёк ‘розум, развага’, змікіціць ‘зразумець’, умалоць ‘з’есці’. Асаблівасцю слоў, якія выражаюць іранічныя, жартаўлівыя адносіны, з’яўляецца тое, што яны адносяцца да аб’ектаў, надзеленых часцей станоўчымі якасцямі. Жартаўлівыя словы, як правіла, характарызуюць сітуацыю гутаркі.
У штодзённых бытавых зносінах часта ўжываюцца словы, у якіх выяўляюцца ласкавыя, пяшчотныя або паблажлівыя адносіны да прадмета гаворкі. З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца словы з памяншальнымі суфіксамі: матулька, дачушка, дзеткі, галубок, сонейка, золатка, яблычак, хлябок, браток, братка, сястрыца, рэчачка, зямліца, зямелька, разумнічак.
У лексічным фондзе мовы слоў са станоўчай ацэнкай налічваецца значна менш, чым з адмоўнай. Гэта адлюстроўвае агульную тэндэнцыю да таго, што назвы негатыўных дзеянняў, прымет маюць больш сінонімаў у лексіцы, чым назвы пазітыўных з’яў.
З эмацыянальнай ацэнкай як адным з кампанентаў экспрэсіўнасці цесна звязана вобразнасць. Вобразнае слова ўжываецца з мэтай выражэння эмацыянальных адносін да прадмета гаворкі і яго ацэнкі. Акрамя таго, прадмет гаворкі адначасова можа характарызавацца з якасна-колькаснага боку. Гэта характарыстыка даецца вобразным словам праз нагляднае ўяўленне. Вобразнае слова дасягае патрэбнага стылістычнага эфекту тады, калі правільна разумецца адрасатам.
Аналіз лексікі беларускай літаратурнай мовы ў яе функцыянальна-стылістычным аспекце паказвае, што лексічнае багацце мовы можа задаволіць усе сацыяльныя патрэбы грамадства ў цэлым і кожнага індывідуальнага яе носьбіта, а вобразна-выяўленчыя сродкі беларускай лексікі дазваляюць ствараць літаратурныя і публіцыстычныя творы высокай мастацкай каштоўнасці.