Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беларуская мова 03.01.2013.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.69 Mб
Скачать

Практычная частка Фарміраванне лінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі: тэма “Помнікі беларускага пісьменства”

Падрыхтуйце вуснае паведамленне па тэме “Помнікі бела-рускага пісьменства”. Выканайце заданні да прапанаваных тэкстаў.

ЗАДАННЕ 1. Прачытайце тэкст згодна з нормамі беларускага літаратурнага вымаўлення. Выпішыце словы, у якіх назіраецца асіміляцыйная мяккасць.

Беларуская зямля здаўна слаўная імёнамі сваіх знакамітых сыноў і дачок. Жылі яны ў розныя часы, нярэдка аддзеленыя ад нас не адным стагоддзем, аднак аднолькава шчыра былі адданы Бацькаўшчыне. Мужныя ваяры і руплівыя сейбіты, вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы, таленавітыя вучоныя і пісьменнікі, мастакі і артысты – прадстаўнікі розных прафесій імкнуліся зрабіць усё ў імя таго, каб працвітала Радзіма. Нярэдка даводзілася ім дзеля свабоды і незалежнасці брацца за зброю, каб абараніць бацькоўскі кут ад захопнікаў. Ды найчасцей беларусы, як і іншыя народы, якія здаўна жывуць на нашых землях, славіліся мірнымі справамі. І найчасцей галоўнай зброяй у іх была адна – веды. Памяталі яны – веды, тое святло, запаленае аднойчы, здольна нязгаснай лампадай свяціць скрозь вякі. Несла нязгаснае святло ведаў і славутая Еўфрасіння Полацкая. Вядомая асветніца ХІІ стагоддзя, яна стала першай беларускай жанчынай, пра якую загаварыў увесь свет. І хоць з таго часу, калі жыла Еўфрасіння Полацкая, мінула больш за восем стагоддзяў, нельга згадваць яе імя без пашаны і павагі. Еўфрасіння Полацкая не вяла ў бой княжацкія дружыны, як не менш слаўная княгіня Анастасія Слуцкая.

Еўфрасіння Полацкая не лячыла ў многіх краінах хворых, як гэта рабіла першая беларуская лекарка Саламея Пільштынова-Русецкая.

Еўфрасіння Полацкая не праславілася падобна Пелагеі і Кацярыне Азарэвічам, якія яшчэ ў канцы XVII – пачатку ХІХ стагоддзя праславілі беларускі балет.

Еўфрасінню Полацкую не параўнаць з Варварай Кашаваравай-Рудневай – ураджэнкай Беларусі і першым дыпламаваным урачом ва ўсёй царскай Расіі. Гэтаксама, як і першай жанчынай – геолагам, якая пачала працаваць у палявых умовах, Ганнай Місуна.

І ўсё ж Еўфрасіння Полацкая ўзвышаецца і над гэтымі, і над іншымі славутымі беларускімі жанчынамі. Бо яна сваёй дзейнасцю на некалькі стагоддзяў абганяла час. Еўфрасіння Полацкая стала першай у гісторыі Беларусі мецэнаткай. Дзякуючы ёй былі створаны першыя школы. Еўфрасіння Полацкая клапацілася аб перапісванні кніг, развіцці дойлідства. Пры ёй дойлідам Іаанам была пабудавана вядомая царква Спаса ў Полацку. Па заказу Еўфрасінні Полацкай выдатнейшы майстар – ювелір Лазар Богша зрабіў знакаміты крыж. Не без удзелу Еўфрасінні Полацкай ствараліся ў полацкіх храмах унікальныя фрэскавыя замалёўкі. (В. Марціновіч)

ЗАДАННЕ 2. Выразна прачытайце тэкст, захоўваючы нормы беларускага літаратурнага вымаўлення. Прасачыце за асаблівас-цямі вымаўлення галосных і зычных гукаў.

Тады, калі ў Полацку пачала служыць народу асветніца Еўфрасіння, у Тураве з’явіўся на свет яшчэ адзін наш выдатны зямляк – Кірыла.

Хлопчык нарадзіўся ў сям’і багатых гараджан. Бацькі паклапаціліся, каб ён атрымаў добрую адукацыю. У той час жонкаю тураўскага князя была грэцкая царэўна. З радзімы яна прывезла шмат вучоных і мудрых прыдворных. Яны сталі настаўнікамі кемлівага хлопчыка. Кірыла вельмі шчыра верыў у Бога. З дзяцінства ён марыў служыць Ісусу Хрысту і славіць ягонае імя ў сваіх кнігах. Дзеля гэтага ён у юначыя гады пайшоў у манастыр.

Каб нічога не перашкаджала яму чытаць царкоўныя кнігі і пісаць уласныя творы, малады манах загадаў замураваць сябе ў манастырскай вежы.

Тут ягонымі суразмоўнікамі заставаліся толькі кнігі, зоркі на небе і птушкі, што прыляталі на вузкае акенца. Акенца было адзіным шляхам, што звязваў Кірылу з чалавечым светам. Адтуль яму перадавалі сціплую ежу, а таксама пергамент, пёры і чарніла для пісьменніцкай працы.

Такім ахвярным жыццём Кірыла заслужыў у гараджан і ў самога князя глыбокую пашану. Землякі папрасілі манаха выйсці з вежы і абралі яго епіскапам – галоўным святаром Тураўскай зямлі.

Кірыла быў таленавіты чалавек і не шкадаваў часу і сіл, каб ягоны талент раскрыўся як мага паўней. Ягоная юначая мара здзейснілася: ён стаў славутым пісьменнікам і прамоўцам. Найбольш уражвалі чытачоў і слухачоў Кірылавы творы, напісаныя ў гонар вялікадня і іншых хрысціянскіх святаў. У гэтых творах, якія называліся «Словамі», Кірыла Тураўскі ўслаўляў хараство чалавека і прыроды, вучыў жыць праўдзіва, з чыстай душой ды любасцю да Бога і людзей.

Калісьці ў Візантыі жыў пісьменнік і прапаведнік Іаан, якому за незвычайны талент далі імя Златавуст – чалавек з залатымі вуснамі. Асветніка з Турава сучаснікі называлі другім Златавустам, а пасля смерці абвясцілі святым.

Кірыла Тураўскі разам з Еўфрасінняй Полацкай – нашы першыя пісьменнікі. Кірылавы творы перапісвалі і друкавалі на працягу некалькіх стагоддзяў. Іх і цяпер вывучаюць беларускія школьнікі і студэнты. (В. Марціновіч)

ЗАДАННЕ 3. Выразна прачытайце тэксты. Вызначце іх стыль і тып маўлення. Патлумачце на прыкладах з тэксту нормы вымаўлення зычных.

Варыянт 1. Паважаныя сябры!

Прыміце маё сардэчнае віншаванне з Днём беларускага пісьменства.

За час свайго існавання гэта свята стала адметнай з’явай культурнага жыцця краіны, сімвалам шанавання яе духоўных каштоўнасцей.

Беларускае пісьмовае слова пачыналася ад Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага, набірала моц у друкаваных кнігах Францыска Скарыны, Сымона Буднага і Сімяона Полацкага, узнялося на сусветны ўзровень у творах Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, Івана Мележа, іншых выдатных літаратараў Беларусі.

Удзельнікаў Дня беларускага пісьменства гасцінна сустракае Смаргоншчына, якая ўзгадавала нямала слынных асветнікаў і дзеячаў культуры. З гэтай зямлёй непарыўна звязана імя Францішка Багушэвіча – нашага вялікага паэта, творчасць якога была прысвечана сцвярджэнню высокіх ідэалаў сацыяльнай справядлівасці, годнасці простага чалавека.

Шчыра жадаю ўсім арганізатарам і гасцям свята жыццёвага аптымізму, шчасця, дабрабыту і творчага плёну.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. (Газета «Літаратура і мастацтва»)

Варыянт 2. За апошнія пятнаццаць гадоў Дзень беларускага пісьменства сустракалі такія адметныя ў гістарычна-культурным плане беларускія гарады, як Полацк – двойчы: у 1994 і 2003 гадах, Тураў – таксама двойчы: у 1995 і 2004 гадах, Навагрудак – у 1996, Нясвіж – у 1997, Орша – у 1998, Пінск – у 1999, Заслаўле – у 2000, Мсціслаў – у 2001, Мір – у 2002, Камянец – у 2005, Паставы – у 2006, Шклоў – у 2007, Барысаў – у 2008. І кожны раз у люстэрку горада – гаспадара свята па-свойму адкрывалася наша дарагая Радзіма, яе гісторыя, культура, мова. Успомнім, чаго толькі вартае было адкрыццё помніка літары “Ў” у Полацку, рэканструкцыя музея Камянецкай вежы або адбудова Палаца Тызенгаўзаў у Паставах! Колькі было эмоцый і гордасці за сваё, беларускае!

І вось сёлета – Смаргонь, Смаргоншчына. Самы паўночны куток Гродзенскай вобласці. Край, на вякі праслаўлены імёнамі Міхала Клеафаса Агніскага і Францішка Багушэвіча, авеяны таямнічымі міфамі і паданнямі, упрыгожаны унікальнымі рэальнымі гістарычнымі фактамі.

Як напісаў вядомы паэт, ураджэнец Смаргоншчыны Мар’ян Дукса ў сваёй “Смаргонскай урачыстай”:

І самы добры, і гасцінны самы

Заўсёды быў і будзе твой народ.

Твае ўсе расчыненыя брамы

На поўдзень, поўнач, захад і ўсход.

Табе расці, квітнець і красавацца,

Наш горад, будзь заўсёды маладым.

А нам тут жыць і вечна заставацца

Шчаслівым у горадзе сваім. («Настаўніцкая газета»)

Раскажыце, як праходзіць святкаванне Дня беларускага пісьменства ў рэгіёнах Беларусі.

ЗАДАННЕ 4. Кантрольнае чытанне тэксту ў адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем.

Варыянт 1. З першых гадоў XX ст. пачалося адраджэнне беларускай асветы і культуры. Адным з цэнтраў, дзе вельмі актыўна працавалі адраджэнцы, быў Санкт-Пецярбург. Тут знаходзіліся людзі, апантаныя беларускай нацыянальнай ідэяй, якія добра ведалі, чым жыве беларускі селянін і гараджанін, ведалі іх патрабаванні лепшай долі. Частка беларускай інтэлігенцыі добра валодала педагогікай, была зацікаўлена ў развіцці беларускай літаратуры і мастацтва, і перш за ўсё ў наладжванні выпуску вучэбнай літаратуры на беларускай мове. 5 мая 1906 г. было створана беларускае выдавецкае таварыства «Загляне сонца і ў наша аконца». У ім выдаваліся кнігі Каруся Каганца, Цёткі, Якуба Коласа. Адным з арганізатараў з’яўляўся прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла. У 1906 г. выдавецтва выпусціла кнігі для першапачатковага навучання грамаце – лемантары (ад лац. elementarius – першапачатковы). Назва «Лемантар», мяркуецца, звязана з лацініцай – асобым беларускім алфавітам, што быў распаўсюджаны ў ХVII–ХІХ стст. сярод грэка-католікаў (уніятаў).

У 20-х гг. XX ст. у Савецкай Беларусі асобая ўвага надавалася ліквідацыі непісьменнасці гараджан і сялян, іх навучанню грамаце на беларускай мове. Народны камісарыят асветы БССР быў заклапочаны тым, як падрыхтаваць і зрабіць падручнікі для навучання грамаце. Трэба было знайсці дасведчаных аўтараў і вырашыць, дзе надрукаваць вучэбныя кнігі. Пасля грамадзянскай вайны гэта было вельмі складанай справай. Знайшоўся такі аўтар – Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч, які напісаў «Лемантар». Вырашылі надрукаваць яго за мяжой, у Германіі. Падручнік быў выдадзены ў 1922 г. у Берліне пры садзейнічанні беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча Цішкі Гартнага (З. Жылуновіча), які знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Германіі. (Паводле М. Батвінніка)

Варыянт 2. У савецкі час на працягу многіх гадоў дзеці вучыліся па падручніку, напісанаму Н. I. Сіўко. Яна мела сваё ўяўленне навучання чытанню і пісьму. У 1933 г. у Мiнску выйшаў «Лемантар» Н. I. Сіўко, які быў асноўным падручнікам у школах Беларусі. Трохі пазней, у 1937 г., на вокладцы падручніка з’явілася прозвішча сааўтара – З. В. Ліхачова. Назва была зменена на слова «Буквар», якое ўпершыню ў Беларусі ўвёў Спірыдон Собаль.

Аўтар-складальнік падручніка дваццаць гадоў (1938–1958) працавала інспектарам-метадыстам Міністэрства асветы БССР. Н. I. Сіўко прытрымлівалася гукавога аналітыка-сінтэтычнага метаду. Кніга зроблена так, што ў ёй прасочваецца дабукварны, букварны і паслябукварны перыяды навучання. У дабукварны перыяд настаўнік павінен быў праводзіць гутаркі па малюнках у «Буквары» з мэтаю выдзялення вучнем з жывой мовы сказа, далей ён даведваецца, што сказ раскладаецца на словы, словы на склады, апошнія на гукі. Асаблівая ўвага ўдзялялася букварнаму перыяду, які падзелены на этапы вывучэння зычных і галосных, ётавых і дыфтонгаў [дз, дж], адкрытых і закрытых складоў, цвёрдых і мяккіх зычных.

На думку Н. I. Сіўко, навучанне чытанню і пісьму павінна пра-водзіцца ў адзінстве, таму ў падручніку амаль на кожнай старонцы ёсць пропісі. У паслябукварны перыяд падаюцца тэксты для самастойнага чытання.

Аўтар многа працавала над сваім «Букваром», імкнулася зрабіць яго больш прывабным, добрым па змесце, простым па методыцы навучання. Кожнае новае выданне было палепшаным, «Буквар» станавіўся больш прыгожым, з каляровымі малюнкамі. Аднак трэба адзначыць, што «Буквар» Н. I. Сіўко вельмі яскрава адлюстроўвае час і ўмовы жыцця, у якія ствараўся падручнік: вядома, без палітычнай кан’юнктуры такая кніга выйсці не магла. Вучні павінны былі выхоўвацца ў духу вернападанніцтва, узнёслых адносін да савецкага ладу і яго правадыроў. Лексіка кнігі адпавядала гэтаму. «Буквар» быў палітызаваны, накіраваны на выхаванне савецкага чалавека-барацьбіта за ідэалы марксісцка-ленінскай ідэалогіі, лад жыцця якога залежаў ад установак кампартыі. (Паводле М. Батвінніка)

Варыянт 3. У Заходняй Беларусі, у гады знаходжання пад уладай Рэчы Паспалітай, першапачатковую адукацыю на беларускай мове дзеці атрымлівалі ў школе па лемантары Аляксандры Смоліч, які вытрымаў больш за адзінаццаць выданняў у Вільні. Поўная назва яго: «Зорка. Першая навука чытання і пісання для беларускіх дзетак». Аўтар прытрымлівалася складовага метаду навучання грамаце. У лемантары змешчаны разразная азбука і кароткі беларускі слоўнік.

Для хатняга навучання беларускіх дзяцей у 1936 г. у Вільні быў выдадзены буквар «Першыя зярняткі. Беларуская граматка для хатняга навучання» Сяргея Паўловіча. Ён прытрымліваўся больш прагрэсіўнага гукавога метаду навучання чытанню. З мэтай навучання тэхніцы чытання і фарміравання мастацкага густу, а таксама, галоўнае, выхавання ў дзяцей пачуцця гонару за сваю Бацькаўшчыну ў кнізе былі выкарыстаны творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Максіма Танка, Міхася Машары і інш. На тытульным лісце змешчаны эпіграф – словы Янкі Купалы: «...Вучэнне паможа змагацца з нядоляй, няволяй...» Кніга багата ілюстравана, над ёй працавалі вядомыя беларускія мастакі, у тым ліку Я. Драздовіч. (Паводле М. Батвінніка)

Варыянт 4. Савецкая краіна вылучалася сваім уніфікаваным падыходам да справы навучання грамаце. Ад настаўнікаў пачатковых класаў патрабавалі прытрымлівацца гукавога аналітыка-сінтэтычнага метаду навучання. Адпаведна і першае выданне «Буквара» А. К. Клышкі, якое адбылося на конкурснай аснове ў 1969 г., было падпарадкавана гэтаму метаду навучання грамаце. Аднак аўтар узбагаціў лексіку падручніка, увёў шмат фальклорнага і літаратурнага матэрыялу. Ён удыхнуў у «Буквар» новыя струменьчыкі жывога беларускага слова. Упершыню ў кнізе з’явіліся цікавыя загадкі, рэбусы, задачы, прымаўкі, казкі. Аўтар імкнуўся вучыць грамаце, выкарыстоўваючы класічную беларускую літаратуру і паэзію, выхоўваючы любоў і павагу да роднага слова.

А. К. Клышка – чалавек з высокім пачуццём адказнасці за сваю працу. Ён на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў удасканальваў метады і сістэму навучання грамаце. Школа атрымала якасна новы, вельмі прыгожы, прадуманы ў дэталях, дабротны па зместу падручнік. Змест «Буквара» А. К. Клышкі, яго структура і сістэма размеркавання матэрыялу для вывучэння гукаў і літар вызначаюцца сваім асабістым метадам, які распрацаваны і значна ўдасканалены ў апошні час аўтарам-складальнікам гэтай выдатнай кнігі. (Паводле М. Батвінніка)

♦ Падрыхтуйце эсэ на тэму «Традыцыі мінулага ў сучасным кнігадрукаванні».