
- •Тлумачальная запіска
- •Змест тэарэтычнага блока Тэма 1. Мастацтва вуснай традыцыі: аўтэнтчычнасць і фалькларызм
- •Тэма 2. Функцыянальны змест каляндарна-абрадавай этнафоніі беларусаў
- •Тэма 3. Этнафонія калядавання на Гомельскім Палессі
- •Тэма 4. Этнафонія калядавання на Брэсцкім Палессі
- •Тэма 5. Этнафонія калядных цырымоній на Віцебскім Падзвінні
- •Тэма 6. Этнафонія веснавога і летняга цыклаў.
- •Тэма 7. Этнафонія масленічных святкаванняў на Віцебскім Падзвінні і Магілёўскім Падняпроўі
- •Тэма 8. Этнафонія гукання вясны на Гомельскім Палессі і Магілёўскім Падняпроўі
- •Тэма 9. Этнафонія валачобнага абраду на Беларусі
- •Тэма 10. Этнафонія свята Юр’я на Гродзенскім Панямонні і Віцебскім Падзвінні
- •Тэма 11. Этнафонія траецкіх цырымоній у рэгіёнах Беларусі
- •Тэма 12. Этнафонія Купалля на Віцебскім Падзвінні
- •Тэма 13. Этнафонія Купалля на Брэсцкім Палессі
- •Тэма 14. Этнафонія жніва на Беларусі
- •Тэма 15. Этнафонія восеньскага цыкла
- •Тэма 16. Cямейна-абрадавы песенны цыкл
- •Тэма 17. Радзінныя і хрэсьбінныя песні рэгіёнаў Беларусі
- •Тэма 18. Этнафонія вяселля на Беларусі
- •Тэма 19. Пазаабрадавая песенная лірыка
- •Тэма 20. Паставыя песні і духоўныя вершы рэгіёнаў Беларусі
- •Тэма 21. Этнафонія традыцыйнай бяседы на Беларусі
- •Тэма 22. Казацка-сялянская сацыяльная лірыка
- •Тэма 23. Карагоды і карагодна-гульнявыя песні
- •Тэма 24. Прыпеўкі да традыцыйных танцаў
- •Тэма 25. Абрадавыя і прымеркаваныя па часе і абставінах гульні
- •Інфармацыйная частка Літаратура
- •Аўдыёграфія
- •Відэаграфія
- •Прыкладны пералік пытанняў
Тэма 12. Этнафонія Купалля на Віцебскім Падзвінні
Прымеркаванасць купальскага абраду па часе (23-24 чэрвеня/6-7 ліпеня). Разгорнутасць і маштабнасць купальскага песеннага цыкла на Віцебскім Падзвінні. Дэталёвае музычна-драматургічнае развіццё абрадавага дзейства ў прасторы і часе: песні да збору зёлак у лузе і завівання вянкоў (да захаду сонца); абход двароў з заклікальнымі песнямі (у вечары); абыход жытнёвага поля з песнямі аграрнага зместу (вечар); карагоды вакол вогнішча, жартоўныя песні - “высмейванні” хлопцаў і дзяўчат, купалкі любоўнай і сямейнай тэматыкі, купальскія балады, гульні, скокі (ноч); пусканне вянкоў па вадзе, сустрэча сонца (на золку). Этнафанічныя асаблівасці купальскай абраднасці ў раёнах Падзвіння: кацэнтраваная рэфрэннасць меладычнай лексікі песень і безрэфрэнныя напевы; песні рэзкага, воклічнага характару інтанавання і круг купальскага меласу лірычнага напеўнага складу; песні суровага, змрочна-прыкрытага тэмбру, уладарнага характару з напружаным рэчытатыўна-сігнальным тыпам голасавядзення і лірызаваныя напевы раздумлівага няспешна-дэкламацыйнага разгортвання меладычнай думкі; унісонна-гетэрафонны стыль інтанавання і кантрастная поліфанія (абрадавыя антыфоны, каноны з элементамі бурдону, кантрастна-лінеарная “барана” Полацкага, Докшыцкага, Лагойскага, Барысаўскага раёнаў).
Тэма 13. Этнафонія Купалля на Брэсцкім Палессі
Этнафанічныя асаблівасці купальскай абраднасці ў раёнах Брэсцкага Палесся. Драматургічнае разгортванне купальскага абраду ў прасторы і часе. Травестыйныя карнавальныя персанажы; абрадавае пахаванне-патапленне ведзьмы ў паўднёва-заходніх раёнах; як “ведзьмамі прыпяваюць” жанчын, якія не прыйшлі да купальскага вогнішча. Тэмбравая напружанасць і дынамічная моц выканання, сугестыўная падача песеннага слова, сваеасаблівая гартанная “гудлівасць” этнафанічнай традыцыі Брэсцкага Палесся. Разнастайнасць дыялектна-стылявых выканальніцкіх практык.
Тэма 14. Этнафонія жніва на Беларусі
Асноўныя этапы жніва і адпаведныя ім цыклы песень: зажынкі (песні-ўшанаванні першага снапа); жніво (працоўныя песні, лірыка-драматычныя маналогі жняі ў полі); дажынкі (урачыстыя песні заканчэння жатвы, заклікальныя магічныя звароты да духаў нівы). Жаночая выканальніцкая традыцыя. Інтанацыі галашэння, абідлівай скаргі ў песеннных выказваннях жняі на ніве; паходны, прыўзняты характар выканання дажынкавых велічальных песень гаспадару; рэгіянальная адметнасць дажынкавых цырымоній (“завіванне барады”, райковыя і спарышовыя песні, песні дажынкаваму вянку, снапу).
Этнафанічныя асаблівасці жніўных песень на поўдні Беларусі: рэчытатыўна-сігнальны тып інтанавання жніўных песень-галашэнняў, іх рытмічная імправізацыйнасць, доўгія фермата ў канцы і сярэдзіне страфы; гетэрафоннасць гучання “жніва” пры сумесным выкананні, тэмбрава-дынамічная напружанасць сольнага інтанавання з арнаментальнай, нярвова-акцэнтнай экспрэсіяй выканання (уздрыгванні, глісандзіруючыя скідванні, абрывы гуку ўніз і ўгору).
Этнафанічныя асаблівасці жніўных песень на поўначы: манадыйнасць выканання, няспешнае раздумлівае інтанаванне жніўнай песні; антыфонны прынцып арганізацыі галасоў; працяглая пявучасць меладычнай лініі ў светлых тэмбрах.
Рэчытатыўна-вакальны характар голасавядзення дажынкавых песень, застольных.