Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Конспект первокурсника.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.03.2025
Размер:
314.82 Кб
Скачать

§ 46. Марфалогія як раздзел граматыкі. Асноўныя папяцці марфалогіі

Граматыка — навука пра лад мовы, яго законы. Марфалогія і сінтаксіс — раздзелы граматыкі.

Марфалогія вывучае часціны мовы, іх граматычныя катэгорыі, формазмяненне і словаўтварэнне.

Большасць слоў зменныя і функцыяніруюць у розных формах. Напрыклад, назоўнік трава мае наступныя формы: трава, травы, траве, траву, травой (-ою), (на) траве; травы, траў, травам, травы, травамі, (на) травах. Марфалогія ў першую чаргу вывучае правілы змянення граматычных формаў слова. Прадметам марфалогіі з'яўляюцца таксама часціны мовы — класы слоў, аб'яднаныя на аснове пэўных лексіка-граматычных асаблівасцей.

Як адзін з раздзелаў граматыкі марфалогія цесна звязана з другім яе раздзелам — сінтаксісам, які вывучае сувязь слоў, словазлучэнні і сказы. Значэнні розных формаў слова выяўляюцца ў словазлучэннях і залежаць ад сінтаксічнай функцыі слоў у сказе. Аб'яднаць словы ў словазлучэнні, пабудаваць з іх сказ у значнай ступені магчыма таму, што многія словы могуць змяняць сваю форму.

Асноўныя паняцці марфалогіі — граматычнае значэнне, граматычная форма і граматычная катэгорыя.

Граматычнае значэнне — гэта абагульненае значэнне аднатыпных слоў, якое не залежыць ад іх лексічнага (індывідуальнага) значэння. Так, абагульненым значэннем слоў вецер, зямля, сонца з'яўляецца значэнне прадметнасці, слоў сіні, добры, высокі — значэнне прыметы, ісці, касіць, гаварыць — значэнне дзеяння. Граматычныя значэнні выражаюцца рознымі граматычнымі сродкамі: афіксамі, зменай націску, службовымі словамі і інш.

Граматычныя формы — гэта змяненні слова, якія служаць для выражэння таго ці іншага граматычнага значэння. Так, граматычныя формы стол, сталы выражаюць граматычныя значэнні адзіночнасці-множнасці. Адной граматычнай формай можа выражацца некалькі граматычных значэнняў: формай назоўніка зімой выражаюцца значэнні жаночага роду, адзіночнага ліку, творнага склону. Граматычныя формы слова могуць быць простымі (сінтэтычнымі) і складаньші (аналітычнымі). У простых граматычных формах граматычныя значэнні выражаюцца рознымі афіксамі, якія з'яўляюцца часткамі формы слова: напрыклад, суфікс у форме прошлага часу дзеяслова чыта-ў; прыстаўка пра- ў форме закончанага трывання дзеяслова пра-чытаць. У складаных граматычных формах граматычнае значэнне выражаецца дапаможнымі словамі: напрыклад, дапаможны дзеяслоў у форме дзеяслова будучага часу буду спяваць; прыслоўі ў формах вышэйшай ступені параўнання прыметніка больш разумны, менш разумны.

Граматычная катэгорыя — гэта клас аб'яднаных граматычных значэнняў. Так, граматычныя значэнні цяперашняга, прошлага і будучага часу аб'ядноўваюцца і ўтвараюць катэгорыю часу дзеяслова. Асновай для аб'яднання гэтых розных граматычных значэнняў з'яўляецца тое, што яны маюць самае агульнае абстрактнае значэнне — выражаюць адносіны дзеяння да моманту гутаркі. Катэгорыя часу дзеяслова выражаецца рознымі граматычнымі формамі, супрацьпастаўленымі адна адной: пішу, пісаў, буду пісаць; напішу, напісаў.

§ 47. Часціны мовы

Часціны мовы — гэта лексіка-граматычныя разрады слоў, для якіх характэрны абагульненае значэнне, агульныя граматычныя катэгорыі, асноўныя сінтаксічныя функцыі, асаблівасці формазмянення і словаўтварэння.

Абагульненае значэнне кожнай часціны мовы з'яўляецца адцягненым ад лексічных значэнняў слоў гэтага класа. Так, да назоўнікаў адносяцца словы з рознымі лексічнымі значэннямі: аловак, брат, гай, кніга, ліпа, мора, поле, аднак усе назоўнікі маюць абагульненае значэнне прадметнасці. Для дзеяслова абагульненае значэнне — гэта значэнне дзеяння, стану як працэсу, для прыметніка — прыметы.

Кожнай часціне мовы ўласцівы свае граматычныя катэгорыі. Так, абагульненае значэнне прадметнасці ў назоўніку выражаецца катэгорыямі роду, ліку і склону, а абагульненае значэнне дзеяння, стану як працэсу ў дзеяслове — катэгорыямі часу, ладу, асобы, трывання, стану і інш.

Словам, кожнай часціне мовы ўласцівыя свае асноўныя сінтаксічныя функцыі. Напрыклад, назоўнік у сказе выконвае ролю дзейніка або дапаўнення, дзеяслоў — выказніка. Адрозніваюцца словы розных часцін мовы сваім словаўтварэннем і формазмяненнем.

У сучаснай беларускай мове традыцыйна выдзяляюць дзесяць часцін мовы: назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, часціцы, выклічнік. Усе часціны мовы падзяляюцца на дзве групы — самастойныя і несамастойныя. Сярод самастойных часцін мовы адрозніваюць пяць зменных (назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік скланяюцца, дзеяслоў спрагаецца) і адну нязменную (прыслоўе). Словы, якія ўваходзяць у склад гэтых часцін мовы, выконваюць намінатыўную функцыю (называюць прадметы, прыметы, дзеянні) і з'яўляюцца членамі сказа. Сярод несамастойных часцін мовы адрозніваюць службовыя словы (прыназоўнік, злучнік, часціцы) і выклічнік. Службовым словам не ўласціва намінатыўная функцыя, яны не з'яўляюцца членамі сказа. Яны выконваюць службовыя функцыі ў словазлучэннях і сказах: паказваюць на адносіны паміж словамі (прыназоўнікі), звязваюць паміж сабой словы і часткі сказа (злучнікі), надаюць словам або сказам розныя сэнсавыя, мадальныя і эмацыянальныя адценні (часціцы). Выклічнікі не выконваюць ні намінатыўнай, ні службовай функцЫі. Гэта нязменныя словы, якія выражаюць пачуцці і волевыяўленні чалавека, не называючы іх.

Разгледжаныя часціны мовы не ахопліваюць усіх слоў. У некаторых граматыках і падручніках вылучаюцца ў асобны лексіка-граматычны разрад безасабова-прэдыкатыўныя словы. Гэта нязменныя словы, якія выконваюць ролю выказніка ў безасабовых сказах: весела, добра, прыемна, светла, чыста. Настаўнікам было прыемна за сваіх вучняў. (К-с) На вуліцы было ціха. (К. Ч.)

Не ўключаюцца ў часціны мовы мадальныя словы, якія з'яўляюцца сродкам выражэння адносін асобы да зместу выказвання і ў сказе выступаюць у ролі пабочных слоў: безумоўна, канечне, напэўна, мусіць, відаць. Відаць, спрадвек цягнула чалавека ў нязнаны шлях, к чужым мацерыкам. (Бач.) Так зычліва ззяюць зоры, мабыць, радыя вясне. (К-с)

Па-за межамі часцін мбвы застаюцца гукапераймальныя словы, якія перадаюць гукі жывой і нежывой прыроды: мяў, му, кукарэку, ш-ш-ш.

Словы могуць пераходзіць з адной часціны мовы ў другую, што найчасцей абумоўлена зменай сінтаксічнай функцыі. Напрыклад: Добрае слова не забываецца. (Прык.) Добрае чуваць далёка, а благое яшчэ далей. (Прык.) Такі пераход разглядаецца як адзін са спосабаў утварэння новых слоў.