Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ТАЦЯНА СЬЛІНКА пра Абдзираловича.doc
Скачиваний:
10
Добавлен:
25.11.2019
Размер:
153.09 Кб
Скачать

4.1. Падзеленасць "беларускай душы"

Адпаведна з тагачаснай сітуацыяй, 1-ы раздзел Абдзіраловіч пачынае са згадкі пра тое, што нашую культуру звыклі лічыць невыразнай, а мінулае — цьмяным: "На беларускую справу прызвычаіліся глядзець як на нешта надта невыразнае, нявызначанае, ня маючае ў сабе духу жывога, каторы можа даць беларусам права на законнае сярод іншых народаў істнаваньне. У невыразнасці беларускай культуры хочуць бачыць духовую сьмерць народу, яго няздольнасць вызначыць свой духовы ідэал".

Варта зазначыць, што пытанне нявызначанасці і невыразнасці беларускай культуры, ейнае залежнасці паўстае ў пераважнай большасці артыкулаў інтэлектуалаў таго часу. Так, Антон Луцкевіч, адзін са стваральнікаў БНР, пачынае свой артыкул "Краёвае становішча" (1918) з пытання: "Чаму гібее народ беларускі?", і ў якасці прычын нагадвае пра падзеленасць паводле рэлігійных канфесій, эканамічную залежнасць, адсутнасць веды пра сябе, а таксама адсутнасць нацыянальнага ўніверсітэту.

Абдзіраловіч не аспрэчвае цверджання пра невыразнасць беларускай культуры, але адзначае, што прычына гэтага ў падзеленасці/падвойнасці, якую называе "трагедыяй народнага духу" (Ніцшэ), і ў адсутнасці "ўласных формаў жыцьця". Некаторыя іншыя даследчыкі таксама бачылі прычыны культурнага заняпаду ў падвойнасці беларускай душы:

"Dusza czlowieka czy narodu w wewnetrznej rozterce, nie wyda zadnego zbawczego czynu — bo walczy sama z soba".

Але істотна прыкмеціць: для Абдзіраловіча з падобнай фармулёўкі праблемы вынікае не заклік пазбавіцца ад уплываў праз іх адмаўленне, а ідэя сінтэзу супрацьлеглых тэндэнцый, з'яднання іх у адно — каб на гэтай аснове будаваць уласную сістэму каштоўнасцяў ("уласных форм жыцьця"). Дзеля таго ён даволі падрабязна аналізуе гісторыю гэтых уплываў, сродкі, праз якія адбываецца ўплыў (ці, іначай, асіміляцыя беларускай культуры). І на гэтай аснове вызначае спосаб, пры дапамозе якога можна пазбегнуць як асіміляцыі адным з бакоў іншага, так і змагання паміж "дзвюма душамі" беларускага народу.

Кажучы пра падвойнасць, аўтар найперш мае на ўвазе падзеленасць Беларусі паміж Захадам і Ўсходам на рыма-католікаў і праваслаўных. "Рэлігія ў гэтым выпадку выступае ня проста як разнавіднасць веравызнання, але як носьбіт нечага большага. Яна з'яўляецца знакам, сымбалем у гегелеўскім разуменні, адзінствам, змест якога пераважае над формай. Гэта азначае, што асоба, якая стаіць перад выбарам рэлігіі, выбірае адначасна і пэўны тып цывілізацыі, культурную традыцыю, сьветагляд, грамадзкі і дзяржаўны лад… Сапраўднай жа прычынай… з'яўляецца сутыкненне геапалітычных і эканамічных інтарэсаў суседніх дзяржаў".

Янка Купала таксама лічыў рэлігійнае пытанне на Беларусі вельмі важкім для нацыянальнага самавызначэння і сцвярджаў, што, "апрача палітычнай і эканамічнай залежнасьці, была і другая прычына, асьляпіўшая сьветапогляд беларуса,— гэта рэлігійная нязгода двух хрэсціянскіх абрадаў у нашым краю: каталіцтва і праваслаўя… Гэтае змаганьне двух вер ня толькі дзеліць беларусаў на дзве часьці па рэлігіі, але, самае важнае, забіваіць у іх сьведамасьць і пачуцьцё національной еднасьці. Беларусу-каталіку ўгаварываюць, што раз ён каталік, то ён — паляк і не павінен братацца з тым, хто іншай веры; беларусу-праваслаўнаму кажуць, што раз ён праваслаўны, то ён — расеец і каталіка-беларуса павінен сьцерагчыся, бо ён — паляк… Расьце нязгода, расьце нянавісьць — рэчы нікому не патрэбныя, апрача хіба ворогом нашога народу".

Такім чынам, падзеленасць паводле веравызнання вядзе да падзеленасці на два цывілілзацыйныя і культурныя тыпы ў межах адной культуры. Зыходзячы з гэтай тэзы, Абдзіраловіч ставіць пытанне пра прычыны такой падвойнасці і знаходзіць яе ў гісторыі Беларусі.

4.2. Гісторыя "ваганьняў паміж Захадам і Ўсходам"

Асноўнай адзнакай гісторыі беларускага народу Ігнат Абдзіраловіч называе "ваганьне паміж Захадам і Ўсходам і шчырае непрыманьне абодвух". Аналізуючы гісторыю Беларусі паводле Абдзіраловіча, Міхась Баярын у сваім артыкуле "Адраджэнне і беларускі шлях" падзяляе гісторыю "ваганняў паміж Захадам і Ўсходам" на два перыяды: экстэрнальны і інтэрнальны. Падчас першага, экстэрнальнага, перыяду спрэчка адносна прыналежнасці Беларусі да аднаго з двух бакоў паўстае як "абгрунтаванне тэрытарыяльных прэтэнзій вонках Беларусі". На думку даследчыка, "заходняя экспансія пачынаецца з крыжацкімі паходамі нямецкіх ордэнаў", а "пачаткам спрэчкі з'яўляецца абгрунтаванне прэтэнзій на беларускую тэрыторыю Маскоўскага княства ў часе Івана ІІІ, калі сфармавалася канцэпцыя Масквы-Трэцяга Рыму".

Пачаткам другога, інтэрнальнага, пэрыяду Баярын лічыць з'яўленне ўласнабеларускай гістарыяграфіі (беларускага летапісання ў ВКЛ). Такім чынам, спрэчка набывае ўнутраны характар, і ейным пытаннем стаецца самаідэнтыфікацыя. Аднак гэта не азначае, што тэрытарыяльныя прэтэнзіі зніклі, — хутчэй, яны былі задаволены. У сваю чаргу, даследчык падзяляе інтэрнальны перыяд на наступныя падперыяды:

1. Эпоха Рэфармацыі і Контррэфармацыі, калі дыскусія вядзецца ў рэчышчы рэлігійнай палемікі паміж рыма-каталікамі, праваслаўнымі, уніятамі і пратэстантамі. У гэты час вызначаюцца тры асноўныя бакі ў дыскусіі, якія можна ўмоўна назваць усходнікамі, заходнікамі і цэнтрыстамі.

2. Эпоха позняга Асветніцтва, калі дыскусія заваёўвае навуковае поле. У якасці прыкладу аўтар згадвае працы выкладчыкаў Віленскага ўніверсітэту і так званых "западно-руссистов". У гэты ж час адбываецца вывучэнне Беларусі польскімі і рускімі фалькларыстамі.

3. Час фармавання беларускай нацыі і станаўлення беларускай дзяржаўнасці. У гэты перыяд дыскусіі вызначаны развіццём беларускай нацыянальнай ідэі і ахопліваюць філасофію, літаратуру і палітыку.

Аднак сам Абдзіраловіч не дае дакладнай перыядызацыі і, на ягоную думку, "гісторыя ваганьняў паміж Захадам і Ўсходам" пачынаецца ў Х стагоддзі, з хрышчэннем Русі. Прыняўшы праваслаўе, беларусы тым самым прымаюць усходні тып цывілізацыі і спадчыну Візантыйскай Імперыі. Аднак хрост быў прымусовым, бо, "як тая Рагнеда, узятая ў палон кн.Валадзімірам, Беларусь павінна хрысьціць сваіх дзяцей пад прымусам на ўсходні ўзор, але выхоўвае іх на стары капыл паганцамі", і "новая" візантыйская культура "ня творыцца арганічна, а пакідаецца неперапрацованая народным духам", а значыць — не ўлучаецца ў сістэму каштоўнасцяў. Добрай ілюстрацыяй гэтага з'яўляецца згаданая Абдзіраловічам постаць князя Ўсяслава Чарадзея, які "слухае утраню ў Полацку, але абяртаецца сівым ваўком і бяжыць да кіеўскай Сафіі на абедню". Па сутнасці, беларусы так і застаюцца паганцамі, наступствам чаго паўстае аб'яднанне з паганскай Літвой супраць праваслаўнай Масковіі.

Наступны этап беларускай гісторыі — часы Вітаўта, зноў часы ваганняў "паміж Захадам і Ўсходам", якія заканчваюцца на карысць Захаду і пасля якіх на Беларусь у хуткім часе прыходзяць каталіцызм ды заходняя цывілізацыя. Адпаведна, з гэтага моманту, паводле Абдзіраловіча, Беларусь стаеца арэнай адкрытага змагання дзвюх хрысціянскіх канфесій, дзвюх культур. Ад гэтага часу ваганні не перапыняюцца і спалучаюцца з бясконцымі зменамі дзяржаўнай мяжы. Такім чынам, беларусы падзяляюцца на католікаў і праваслаўных, але гэты падзел ілюзорны, знешні, бо, па сутнасці, у сэрцы яны застаюцца паганцамі. "Толькі па форме мы лічыліся каталікамі альбо праваслаўнымі, грамадзянамі Масквы і Расеі, або Польшчы. Напавер, мы былі благімі сынаміі цэрквы і касцёлу і "ojczyzny" і "отечества". У гэтым кантэксце цікава згадаць артыкул Пятра Васючэнкі "Наша здрада", у якім ён называе гісторыю Беларусі гісторыяй здрады — як духоўнай, так і палітычнай — і робіць выснову, што толькі здрада дазваляла беларусам захаваць уласную ідэнтычнасць. Паводле Абдзіраловіча, "да нашага часу беларускі народ ня ставіў апору ні ўсходняй, ні заходняй хвалі, і яны вольна перакочваліся над яго галавой". "Прыклад Скарыны, аб якім да гэтай пары няведама, хто ён быў такі, ці каталік, ці праваслаўны, і пэўна, што і той і другі разам, адбівае гэта зьявішча беларускага духу ў індывідуальнасьці". Але "паміралі паганскія багі, а новых так і не прызнаў беларускі народ", вынікам страты паганства (а з ім, паводле Абдзіраловіча, і нацыянальнай рэлігіі, на якой грунтаваўся нацыянальны светапогляд) беларусы згубілі свой шлях, "уплывы Захаду і Ўсходу ў перакручаных, спэцыфічна-славянскіх, часам карыкатурных выразах, круцілі і гвалцілі душу беларуса, толькі прымушаючы яго ўбачыць, што ў чужой скуры заўсёды дрэнна". Сціслы выклад гісторыі ваганняў паміж Захадам і Ўсходам па-іншаму можна назваць і генеалогіяй падвойнасці "беларускай душы".