Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекцыя 13. Сучаснае бел. мовазнаўства.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
26.04.2019
Размер:
60.42 Кб
Скачать

2 Вывучэнне словаўтваральных сродкаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы

Словаўтваральныя сродкі беларускай мовы – прыстаўкі, суфіксы, асобныя словаўтваральныя мадэлі – апісваліся яшчэ ў працах дарэвалюцыйных вучоных – К.Ю.Апеля і С.П.Мікуцкага. Яфім Фёдаравіч Карскі у другім выпуску другога тома манаграфіі “Беларусы” змясціў вялікі гістарычны нарыс словаўтварэння ў беларускай мове, у якім вызначыў асноўныя спосабы беларускага словаўтварэння, ахарактарызаваў асобныя суфіксы ў межах тых ці іншых часцін мовы, раскрыў гісторыю гэтых суфіксаў і асаблівасцей іх ужывання.

Звесткі пра марфемную структуру слова і некаторыя з’явы словаўтварэння былі ўведзены і ў самыя першыя нарматыўныя граматыкі сучаснай беларускай мовы – Б.Тарашкевіча, Я.Лёсіка.

Аднак усебакова, як асобная навуковая дысцыпліна словаўтварэнне стала вывучацца толькі пасля Айчыннай вайны. Значнае месца словаўтварэнню адвялі аўтары “Граматыкі беларускай мовы” (1962). У гэтай акадэмічнай працы яно заняло больш за сотню старонак. Тут разгледжаны сродкі і спосабы ўтварэння такіх часцін мовы, як назоўнік, прыметнік, дзеяслоў, прыслоўе. Асабліва дэталёва апісана словаўтварэнне іменных часцін мовы – назоўнікаў і прыметнікаў. Тыпы афіксальнага ўтварэння пададзены паводле адпаведных суфіксаў і прэфіксаў. Адзначана ступень прадуктыўнасці кожнага словаўтваральнага тыпу.

У наступнай абагульняючай акадэмічнай працы – “Беларуская граматыка” (1985) словаўтварэнне вылучана ў асобны раздзел, аўтары якога – П.У.Сцяцко і В.П.Лемцюгова. Ён займае амаль 150 старонак. Даецца сціслая характарыстыка марфемікі і марфаналогіі, а затым апісваецца словаўтварэнне назоўнікаў, прыметнікаў, лічэбнікаў, займеннікаў, дзеясловаў і прыслоўяў.

Тэарэтычнаму асвятленню сучаснага беларускага словаўтварэння прысвечаны працы П.П.Шубы “Уводзіны ў граматыку беларускай мовы” (1969) і Л.М.Шакуна “Словаўтварэнне” (1978). У першай з іх пытанням словаўтварэння адводзіцца цэнтральнае месца. Акрамя марфем, што традыцыйна вылучаліся ў беларускім мовазнаўстве (прэфіксы, суфіксы, флексіі), тут разглядаюцца новыя марфемы – цыркумфіксы, інтэрфіксы, гаворыцца таксама пра марфемы пераходнага тыпу – афіксоіды. Праводзіцца размежаванне паміж марфемным і словаўтваральным аналізам. Апісваюцца асноўныя спосабы словаўтварэння ў беларускай мове, упершыню асобным раздзелам падаецца марфаналогія.

У працы Л.М.Шакуна “Словаўтварэнне” ахарактарызаваны марфемныя сродкі сучаснай беларускай літаратурнай мовы з боку іх выражэння, значэння і функцый, раскрыты паняцці словаўтваральнага тыпу і словаўтваральнай мадэлі, апісаны асноўныя спосабы сучаснага беларускага словаўтварэння, прыведзены звесткі аб распрацоўцы тэорыі словаўтварэння ў айчынным мовазнаўстве.

З дапаможнікаў, прызначаных для вывучэння марфемнага складу слоў і словаўтварэння, неабходна адзначыць “Марфемны слоўнік беларускай мовы” А.М.Бардовіча і Л.М.Шакуна (1975, 1989). Тут у алфавітным парадку падаюцца словы сучаснай беларускай літаратурнай мовы, падзеленыя на марфемы з пункту гледжання прынцыпаў іх марфемнай члянімасці.

Падрыхтаваны яшчэ адзін вельмі патрэбны дапаможнік – “Словаўтваральны слоўнік сучаснай беларускай літаратурнай мовы” ў аб’ёме каля 50 тысяч слоў, аўтары якога А.М.Бардовіч, М.М.Круталевіч, А.А.Лукашанец.