Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
курач Света.doc
Скачиваний:
33
Добавлен:
11.09.2019
Размер:
212.99 Кб
Скачать

Іii. Адлюстраванне нацыянальнага характару беларусаў

У дадзенай частцы работы разглядаюцца фактары ўздзеяння на асаблівасці развіцця нацыянальнага характару беларусаў, якія паўплывалі на сучасны стан менталітэту грамадства. Аналіз фактараў уплыву дапаможа прасачыць паслядоўнасць раскрыцця духоўнага свету беларусаў на прыкладзе літаратурных герояў твораў Мележа.

Гістарычны лёс Беларусі склаўся такім чынам, што на працягу многіх стагоддзяў прыйшлося зведаць як перыяды сапраўднай магутнасці, росквіту беларускай дзяржаўнасці і культуры, так і працяглыя перыяды ўсеагульнага заняпаду, штучнага падаўлення нацыянальнай самабытнасці беларусаў, адмаўлення іх багатай духоўна-культурнай спадчыны. Аднак і ў самых неспрыяльных, цяжкіх для развіцця ўмовах беларускі народ ўсё ж ніколі не страчваў свайго нацыянальнага аблічча, захаваў свае адметныя рысы і якасці.

Увогуле, нацыянальны характар (менталітэт, ментальнасць) можна коратка вызначыць як своеасаблівую сукупнасць розных псіхічных рыс і якасцей, уласцівых большачці прадстаўнікоў пэўнай нацыянальнай супольнасці. Асаблівасці нацыянальнага характару прама ці ўскосна адлюстроўваюцца ў найбольш распаўсюджаных рысах паводзінаў, пачуццяў і перажыванняў пераважнай часткі людзей, якія адносяцца да аднага народа.

Адной з рыс менталітэту беларускага народу - адсутнасць у яго пачуцця нацыянальнай перавагі над іншымі народамі, нацыянальнай выключнасці. Патрыятызм, шчырая любоў беларусаў да сваёй Айчыны ніколі не перарасталі ў месіянізм і ваяўнічы нацыяналізм. Беларускі нацыянальны характар вызначаецца большым пастаянствам, устойлівасцю, пазбаўленасцю крайнасцяў у выяўленні сваіх пачуццяў і эмоцый.

Да прыняцця хрысціянства нашы продкі прытрымліваліся язычніцкіх вераванняў. Язычніцтва выхоўвала ў мясцовых жыхароў такія якасці характару, як непасрэднасць, шчырасць выражэння сваіх эмоцый, павагу да памерлых родзічаў, а таксама асаблівую паяднанасць з навакольным асяроддзем, усёй прыродай.

Пашырэнне хрысціянства на нашых землях прыўносіла ў псіхалогію, менталітэт жыхароў Беларусі новыя рысы. Хрысціянская вера паступова выпрацоўвала і прыкметна ўзмацняла ў беларусаў мяккасардэчнасць, міласэрнасць, гуманнасць, паважлівасць у адносінах да блізкіх, старых, знямоглых, дзяцей. Можна сказаць, што хрысціянства прывяло да складвання дастаткова спакойнага, ураўнаважанага і як бы “акруглага” характару беларусаў.

Даследчыкі фадьклору справядліва падкрэсліваюць што “беларусы стварылі мноства мяккіх і гуманных легендаў, у якіх нават сацыяльна-эканамічныя пытанні вырашаюцца ў духу хрысціянскай любові і лагоднасці.” [7, с.174]

Беларусы заўсёды адмаўлялі насілле, але, з другога боку, на думку некаторых даследчыкаў, ім нібы падабалася быць ахвярамі. На самой справе беларускаму нацыянальнаму характару практычна ва ўсе часы (асабліва ў перыяд войнаў і ўсялякіх выпрабаванняў) былі ўласціваы мужнасць і вынослівасць, жыццястойкасць і нескаронасць. У сувязі з гэтым можна меркаваць. што пагранічныя небяспечныя сітуацыі абуджалі ў беларусаў глыбока схаваныя інстынкты самавыжывання і іншыя лепшыя якасці продкаў.

Даволі моцнае ўдзеянне на фарміраванне нацыянальнага характару аказвае прыродна-геаграфічны фактар. Паколькі Беларусь мае пераважна раўнінны і нізінны рэльеф, то і да беларусаў можна аднесці выснову псіхолагаў аб тым, што жыхарам раўнінных тэрыторый, як правіла, уласцівы спакойны, разважлівы характар.

Пастаяннае жыцце на зямлі вымушала няспынна і шмат працаваць, пераадольваць розныя перашкоды і цяжкасці, каб пракарміць сябе і сваю сям'ю. Магчыма, досыць моцная біяэнергетыка нашых лясоў абумовіла знакамітую жыццястойкасць, вынослівасць, цягавітасць беларусаў.

Прывязанасць нашых продкаў да зямлі была ледзь не містычнай. Імкненне мець уласны кавалак зямлі, беражлівае, любоўнае стаўленне да яе з'яўлялася адной з найбольш выразных рысаў беларускага нацыянальнага характару. Іван Мележ у “Палескай хроніцы” паказвае, што зямля для селяніна - карміцелька. Яна абароніць ад голаду, дасць надзейны “кавалак хлеба”. Жыццё Васіля - гэта мара выбіцца з беднасці, быць незалежным адчуваць сябе годна. “Не Васілём яна выдумана, вякамі мара пра зямлю, імкненне набыць яе жылі ў душы селяніна, усмоктваліся з малаком маці” [9, с.29].

Аднак зямля патрэбна селяніну не толькі, каб з яе карміцца. Стары Цімох у роспачы, у адчаі са злосцю загаварыў пра Палессе. Вядома, што сам Чарнушка - украінец, родам з Чарнігаўшчыны, але прыкіпеў сэрцам да гэтай неўрадлівай зямлі. І яна стала ўжо яго зямлёй. Мачыха Ганны адразу ж пакрыўдзілася, ваяўніча выступіла на абарону сваёй радзімы. Пісьменнік тут выкарыстоўвае эпітэт “раўніва”, які характарызуе пярэчанне мачыхі. У ім любоў, замілаванне да роднага кута, хай тут і нялёгка жывецца. Цімошыху падтрымалі Дзятлы.

Яшчэ адна характэрная рыса беларусаў - гэта працавітасць і працаздольнасць. Некаторыя даследчыкі на падставе параўнальнага аналізу рабілі выснову аб тым, што беларус - гэта, па сутнасці, самы працавіты чалавек, якога бедная глеба і прырода-мачыха навучыла небываламу цярпенню, бязмежнай гатоўнасці да працы

Неад'емнай рысай беларускага менталітэту з'яўляецца міралюбівасць, памяркоўнасць, талерантнасць да прадстаўнікоў розных нацый, канфесій, да людзей з іншым складам мыслення, светаўспрымання. Беларус - чалавек незласлівы, незлапамятны і няпомслівы. Калі ён сустракае добразычлівае стаўленне да сябе, то заўсёды адкажа тым жа.

Большасць беларусаў ва ўсе часы вызначала шырокая любоў да зямлі, да роднага кутка. Амаль усе, хто прыязджае на Беларусь, заўсёды падкрэсліваюць, што беларусы - народ шчыры, добразычлівы і вельмі гасцінны.

Але можна і да беларусаў прымяніць вядомае выказванне: “Недахопы чалавека - гэта працяг яго вартасцей”[6, с.174]. Напрыклад, нерашучасць і некаторая абыякавасць, інертнасць, магчыма, з'яўляюцца вынікам празмернай талерантнасці, дабразычлівасці, памяркоўнасці беларускага народа. Памяркоўны, няпомслівы беларус часам даруе нават сваім ворагам. Тыповы беларус хутчэй за ўсё зверне ўвагу на свае недахопы, чым на дрэнныя рысы характару другіх людзей, што часам прыводзіць да крайняга, нічым не абгрунтаванага самазневажэння, самакрытычнасці.

Актыўная дзейнасць спачатку польскіх, затым расійскіх улад па асіміляцыі ціхмянага народа неўзабаве абярнулася для яго тым, што беларусы пачынаюць саромецца ўсяго нацыянальна-беларускага. Нізкі ўзровень нацыянальнай свядомасці, нацыянальны негілізм - рысы, якія таксама ўласцівы беларускаму нацыянальнаму характару.

Яшчэ адной рысай псіхалогіі беларусаў можа, напэўна, лічыцца і кансерватыўнасць, нежаданне хуткіх і радыкальных пераўтварэнняў, змен, схільнасць да традыцыі. Адсюль вынікае і ўласцівая і іншым славянскім народам нейкая марудлівасць ў прыняцці рашэнняў і выкананні практычных спраў.

Такім чынам, у беларускім нацыянальным характары адначасова, узаемазвязана існуюць розныя, а часам і супрацьлеглыя рысы. Беларуская душа надзвычай разнастайная, загадкавая і невычарпальная, прычым у ёй заўсёды будуць існаваць і нейкія глубінныя таямніцы, да разгадкі якіх можна толькі імкнуца.

З першых старонак рамана “Людзi на балоце” чытача захоплiваюць праўдзiвыя сцэны жыцця глухой палескай вескi Куранi сярэдзiны 20-х гг. У свеце адбылiся вялiкiя перамены: рабочыя i сяляне ўзялi ўладу ў свае рукi, Ленiн распрацаваў кааперытыўны план перабудовы вёскi (НЭП).

Іван Мележ неаднойчы паўтараў, што “яму хацелася стварыць кнігу пра Палессе па-сапраўднаму народную. І ён напісаў такую кнігу, у якой раскрыў народны погляд на свет і людзей. Гэта выявілася, як адзначалася вышэй, у аўтарскім паказе кахання, узаемаадносін чалавека і прыроды і інш. Народны погляд Івана Мележа асабліва выразна раскрываецца ў створаных ім вобразах палешукоў” [9, с.75].

У рамане адлюстраваны першыя гады савецкай улады на Палессi. Сяляне працуюць на сваiх вузкiх палосках, працуюць церпялiва, упарта, але неўрадiмая зямля не можа забяспечыць самых сцiплых патрэб. Вёска, адорваная ад свету непралазнымi балотамi, жыве старымi забабонамi. На вячорках дзяўчата сур'езна расказваюць пра ведьмакоў, i большасць гэтаму верыць. Ёсць у апісанні духоўнага свету палешукоў тое, што яднае Івана Мележа з Якубам Коласам, - вера народа ў патаемнае. якое нараджае страхі. Варта ў гэтым плане параўнаць расказы Просі пра сустрэчу з ведзьмаком ў рамане “Людзі на балоце” і бабкі Мар'і з аповесці ў “Палескай глушы” пра тое, як ля карчмы насупраць могілак нешта ледзьве не звяло яе сына Міхалку на той свет.

Перад чытачом паўстае невялічкая, нічым асабліва непрыкметная вёска Курані, быццам асобная дзяржава. “Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаваў за востраў - аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп'істая дрыгва ды моклі панурыя лясы. Вёска тулілася ля берага вострава - платы агародаў дзе-нідзе забягалі на куп'ё ўзбалотка, з другога боку, на поўнач, балоты крыху адступалі, дорачы людзям пясчанае поле. Адступалі балоты і на заходнім баку, дзе рунелі ці жаўцелі да краю лесу палі...” [2, с.9]

Ахоп жыццевага матэрыалу ў творы вельмi шырокi. Пiсьменнiк паказвае спрадвечнае ў побыце куранёўцаў i новае. Жыцце, праца, быт, буднi, святы куранёуцаў у рамане намаляваны ўсебакова, з глыбокiм веданнем усiх дэталей i падрабязнасцей.

Раман пачынаецца малюнкам працоўнай чэрвеньскай ранiцы. Звычайны для куранёуцаў клопаты i нялёгкi час. Цiхiя ранiшнiя дымочкi, цырканне малака ў даёнкi, пошчак малаткоў, якiмi адбiваюць косы, плач санлiвага дзiцяцi - усе гэта звычайны для куранёуцаў побыт. З рамана даведваемся, як куранёўцы косяць i жнуць, як малоцяць i сеюць, як святкуюць каляды i ловяць рыбу, як гуляюць вяселле.

Час быў iншым i адметным. Новае насенне, кiнутае Савецкай уладай у беларускую веску, зарунела ў Куранях. Усе больш Куранёўцы гавораць пра перадзел зямлi. Павевы новага жыцця асаблiва пачынаюць адчувацца ў Куранях, калi вяртаецца са службы з армii Мiканор Дамецiк. Ён гуртуе вакол сябе некаторых аднавяскоўцаў, узначальвае перадзел зямлi. Аднак яго ўражвае беднасць, галеча роднай вёскi. У вяскоўскiм побыце адсутнiчае элементарная гiгiена. Сяляне прывыклi да бруду i не заўважаюць яго. Мiканор спрабуе сказаць пра гэта мацi, але яна адказала яму, што так ва ўсiх, што яму толькi здаецца. Абураюць Мiканора не толькi бруд, але i п'янкi, якiя атупляюць чалавека, выклiкаюць жорсткiя, ледзь не да смерцi, бойкi.

Важнай падзеяй для Куранёў робiцца пабудова грэблi цераз балота. Нялёгка было пераадолiць недавер, тугадумства, спрадвечную сялянскую хiтрасць. Грэбля ператвараецца ў сiмвал далучэння куранёўцаў да вялiкага свету. Адарваныя ад усяго свету непралазнымi балотамi, яны не страцiлi цiкавасцi да свету, ім хочацца даведацца, як жывуць людзi пад Мiнскам, якая там зiма, яiя краявiды, выклiкае захапленне спрадвеку ўласцiвае сялянам пачуцце гасцiннасцi i павагi да чалавека. Разам з тым куранёўцы вызначаюцца коснасцю, калi размова заходзiць пра iх асабiстае жыцце.

Дружнае пярэчанне выклiкае думка асушыць балота. Але найбольш моцна гучыць выказванне, што няма такой сiлы, якая б магла саарганiзаваць усе сяло на агульную справу. Пры будоўлi грэблi мы заўважаем змены, якiя адбылiся ў свядомасцi сялян. Гэта iх першая калектыўная праца на карысць усiх. Яна захапляе сялян. Вяскоўцы пераконваюца, што дружна, грамадой можна адолець тое, што, здавалася раней, было непадсiлу

На спосаб жыцця куранёўцау наклала свой след прырода. З усiх бакоў вёску абступаюць балоты, вечна мокрыя лясы. Людзi жывуць, як на востраве. Нават зiмою сюды нялегка дабрацца. Доўгiмi асеннiмi начамi туляцца да цеплых чараноў. Здаецца ў такi час вымiрае ўвесь свет. Зiмою да хат, укутаных снегам, падыходзiлi ваўкi i будзiлi цiшыню нудным выццем. У творы дакладна намаляваны час. Бедная частка вёскi дужыцца на неўрадлiвых палосках зямлi. Поле скупа плацiць за нялегкую працу. Лепшыя землi - у кулака Халiмона Глушака. Кулак думае, як павялiчыць свае багацце, нажытае праўдамi i няпраўдамi.

У сваёй большасці куранёўцы карыстаюцца лучынай, душацца на няшчымніцы. Скварка на стале для многіх вялікая раскоша. Невыпадкова Дзятліха, калі Васіль выбіраўся касіць першы раз як мужчына, як гаспадар, засмыжыла рудое сала. Скваркай спадзявалася задобрыць малодшага сына Валодзьку, каб не рваўся на сенакос. Куранёўцы апранаюцца ў латанае-пералатанае зрэб'е, асноўны абутак іх - лапці. Мала хто ходзіць у крамным, мае боты. У старых падслепаватых хатах поўна прусакоў, іх часта знаходзяць нават ў страве.

Усё у рамане суаднесена са светам чалавечых характарау, пададзена у непарыуных сувязях з часам, сацыяльнымi пераўтварэннямi, прыродай, бытам. А на перадзе герояў чакаюць яшчэ больш складаныя жыццевыя дарогi.

У “Палескай хроніцы” пісьменнік па-майстэрску тонка стварыў яркія народныя характары, зусім непадобныя адзін на другі. Жыхары Куранёў - самабытныя палітыкі і філосафы, як Андрэй Руды і Нібыто-Ігнат, неўгамонныя жартаўнікі, як Хоня, самадзейныя паэты, якія літаральна да кожнага жыццёвага выпадку падбяруць трапнае выслоўе і нават рыфму, як Сарока. Героі твора маюць свой воблік: лясны, зацяты, як звер, Хрол, вечна п'яны ляснік Міця, прамы, як аршын, бясстрашны міліцыянер Шабета, хітраваты гандляр Нохім, дурнаваты Бугай, маўклівы цяжкадум Пракоп.

Героі Мележа - жыхары Палесся, таму ў сваёй мове яны выкарыстоўваюць асаблівасці ўсходнепалескіх гаворак. У адным са сваіх выступленняў пісьменнік прызнаваўся, што яго героі спачатку гаварылі на агульналітаратурнай мове. “Я, аднак, увесь час адчуваў нейкую дзіўную, непераадольную ненатуральнасць, фальшывінку ў іх мове. І чым далей, тым больш расло гэта адчуванне… Тады ўсё настойлівей пачала браць мяне спакуса: а ці не паспрабаваць дазволіць героям гаварыць так, як яны гавораць у жыцці. Увесці ў раман іх сапраўдную, няхай, можа, і дзіўную для другіх мову…І адразу адчуў, як мае героі ажылі, сталі тымі людзьмі Палесся, якіх мне хацелася бачыць і чуць”. [9, с.86].

Асаблівае захапленне выклікае ў чытача спрадвечнае адчуванне Мележавымі героямі далікатнасці, пачуцця гасціннасці і павагі да чалавека. Хоня жартам прызнаецца, што раней з Алёшам не наведалі Міканора, бо былі ўпэўнены: няма Дамецікам асабліва чым частаваць гасцей, як таго вымагае звычай, нават з прычыны звароту сына з арміі. Маці напамінае Міканору, што нягожа ісці на вячоркі, пакінуўшы ў хаце гасцей. А Васіль і Міканор, спрачаючыся са сталымі мужчынамі, робяць гэтак жа, каб не пакрыўдзіць старэйшых.

Розныя партрэты людскіх архетыпаў прадстаўлены ў творы, якія так ці інакш можна ўбачыць у розныя часы. Былі Васілі Дзятлы, на якіх трымалася наша зямля, якія з прыходам новага звязвалі свае надзеі, атаясамліваючы іх з працай на сваёй зямлі і гаспадарствам. Былі і Зайчыкі, якіх вабіла магчымасць працаваць яшчэ менш, хаця, здавалася б, куды яшчэ менш? Прыгадаем той трагікамічны эпізод у творы, калі Міканор, шчыра ўзяўшыся за навядзенне новага ладу і парадку, абураўся страшэнным брудам у Зайчыкавай хаце і тымі “антысанітарнымі ўмовамі”, у якіх Зайчыкавы недагледжаныя дзеці елі з парасятамі з аднаго карыта. I справядлівым было тое абурэнне, бо якую ўладу трэба чакаць, каб вычысціць бруд ва ўласнай хаце і вынесці смецце на сметнік. А Зайчыку - ні бяды: “Го! Яшчэ невядома, каго лепш даглядаць! Дзяцей вунь сколькі, а парасят усяго двое!” [3, с.38]

Зайчыкі былі вызвалены ад пакут за абагульненне лепшага на вёсцы стаенніка - такога ў іх не было. 3 непрытоенай радасцю такія Зайчыкі чакалі моманту завалодаць суседскім.