Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ПЭРЭГРЫНАЦЫІ або КАРОТКАЕ І СЦІСЛАЕ АПІСАННЕ ВА...doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
30.08.2019
Размер:
141.31 Кб
Скачать

ПЭРЭГРЫНАЦЫІ або КАРОТКАЕ І СЦІСЛАЕ АПІСАННЕ ВАНДРАВАННЯЎ ГЕНРЫХА ВОЛЬФА З ЦЮРЫХУ

Дзённік падарожжа 1570—1578 гг.

(...)

1572 год, у Ляйпцыгу.

4-га студзеня бачыў я вярблюда, паказваў яго на рынку тамтэйшы лекар. М.Таў1[1] кіраваў возам для электара2[2], паказваючы на ім мадэль руху сонца і месяца. Нікаляўс Эшэнбурк3[3] з Любэка, мясцовы настаўнік.

31-га пан Сімонэ Сімоні пачаў тлумачыць трактат “Аб гніенні”4[4].

2-га сакавіка пан Гітлер5[5] распачаў выклад кнігі “Аб душы”.

7-га красавіка атрымаў ліст, перададзены панам Лянге6[6], палякам.

9-га выехаў Георг Сарторыюс з Вінтэнтура7[7].

10-га я занямог ліхаманкаю, праз добрае апекаванне доктара Сімоні меў толькі тры параксізмы8[8].

8-га чэрвеня Ёган Фрызэ, брат Якуба, даставіў мне лісты ад бацькоў9[9].

19-га жніўня я займеў пасаду хатняга настаўніка, з ласкі пана Карсніцкага10[10], маршалка двара князёў Радзівілаў11[11], а менавіта, выязджаю ў Літву з панам Альбрэхтам Савіцкім12[12], польскім шляхціцам, каб там навучаць яго паспалітым мовам ды навукам, у плату ж за гэта буду мець 36 флярэнаў на год, вопратку, харч і піццё13[13].

27-га жніўня выехаў з Ляйпцыгу трохконным поездам з шляхціцам Альбрэхтам Савіцкім і трыма слугамі пры ім.

28-га прыехалі ў Гінзбург.

29-га -- у Будзішын.

30-га -- у Згажэлец і Баляславец.

31-га -- у Шанэгаў.

1-га верасня прыехаў ва Уроцлаў.

4-га пакінуў Уроцлаў.

6-га згубіў плашч.

8-га прыехаў у Кракаў, дзе тым часам лютавала пошасць14[14], так што я нават і не мог з дому выйсці, тым болей парупіцца аб лістах, якія меў для Дудыча15[15], Трэцэ16[16], Длускага17[17] ды іншых.

10-га пакінуў Кракаў.

11-га прыехаў у Вісліцу, у 8 мілях ад Кракава.

13-га мы пераправіліся праз Віслу ды заначавалі на беразе пры вогнішчы, бо з прычыны пашыранае пошасці не маглі выбрацца ў места. Такім спосабам начавалі мы трое сутак, коні нашыя, адпушчаныя на ноч, жывіліся травою, мы ж везлі з сабою хлеб і сыры.

Калі аднаго разу заехалі ў вёску, то нас, пасля многіх просьбаў, ледзьве пусцілі ў вясковую хату; калі мы стрэлілі з ружжаў, то жаўнеры, што пільнуюць польскія межы ў часе бескаралеўя18[18], амаль нас не забілі. Меліся ўзяць нас за шпегаў, бо ўбранні нашыя былі нямецкага ўзору, пасля таго ж, як прачыталі ліст, узяты панам Альбрэхтам у Ляйпцыгу ад князёў Радзівілаў, адпусцілі нас мірна.

17-га верасня прыехалі ў Мельнік, у сядзібу бацькі пана Альбрэхта Мацея Савіцкага19[19], які меў чын пісара і сакратара Вялікага Княства Літоўскага, старосты мельніцкага, войта драгічынскага ды інш., ён жа сам быў непрысутны -- выбраўся на генэральны з'езд20[20], што тады на Літве адбываўся; староства ж гэтае знаходзіцца на Падляшшы.

Вяльможная Пані21[21] на той час была за горадам, у адным з сваіх маёнткаў, жывучы ў гумне, бо ўцякла ад заразы ў замку, пасля смерці адной з служак. Таму пан Альбрэхт заехаў у Мельнік, у адной з мельніцкіх вёсак з'еў абед, паслаўшы ганца да маткі сваёй, якая неўзабаве і прыбыла з дзвюма прыслужніцамі, дачкою Зузанаю да трыма слугамі. Перш чым яе павітаць, мы падпалілі сена ды абкурылі сябе і свае ўбранні, каб не пакінуць на сабе якой згубнай пошасці, а ўчыніўшы гэта, павіталіся. Пад'еўшы, заехалі ў Мельнік, у гумно, дзе і жылі два тыдні. Пазней, як пошасць апанавала ўсе маёнткі пана на Падляшшы, пані выехала ў Літоўнікі22[22], вёску янаўскага біскупа, па ягоным запрашэнні і там чакала пана.

4-га кастрычніка выклікаў мяне луцкі біскуп23[23] і гаварыў пра навучанне пана Альбрэхта.

15-га кастрычніка кабету, абвінавачаную ў крадзяжы, польскім звычаем каралі бізунамі, прывязаўшы яе да адмысловага ганебнага слупа.

24-га кастрычніка, як прыйшлі весткі, што прыбывае пан староста, мы выехалі з Літоўнікаў і дабраліся да Янава, сядзібы луцкага біскупа24[24]. Там заставаліся яшчэ два дні, бо пан староста быў хворы на падагру.

27-га прыехалі ў вёску біскупа.

28-га выехалі адтуль; дарогаю за вёскаю звалілася з каня мая шабля, то вярнуўся, каб яе шукаць. У хуткім часе іншыя слугі пана яе знайшлі, я ж, вяртаючыся, заблукаў і патрапіў у вялікі лес, дзе, не ўгледзеўшы слядоў поезду і коняў, заехаў у найбліжэйшую вёску. Звярнуўся да сялянаў, якія да мяне, як да якога дзіва, збегліся і пасміхаліся. Ні я іх не разумеў, ні яны мяне, пакуль, урэшце не ад'ехаў, угневаны, з вёскі ў самае поле, дзе стаў разглядацца, ці не ўбачу каго са слугаў пана. Неўзабаве заўважыў паблізу двух вершнікаў, воляю лёсу, тых самых, што знайшлі маю шаблю, дык пагнаў каня і паспяшаўся за імі, аж пакуль не дагнаў. Заначавалі мы ў вёсцы, населенай габрэямі.

1-га лістапада дабраліся да лесу пана старосты, шырынёю ў 4 мілі і даўжынёю ў 5. У тым лесе ўласнасці пана адно 4 вёскі, большасцю ж яны належаць іншым, як старосце жмудскаму25[25]. Лес называецца Silva Czarnaloza, што азначае “чорны лес”.

4-га лістапада паехалі на паляванне, але нічога не злавілі, бо не мелі дастаткова сялянаў. Паляванні ж ладзяцца ў такі спосаб: вечарам высылаюць выведнікаў, якія цікуюць, у якім гаю сабралася большая колькасць звяроў, ды якраз там з самага ранку робяць аблогу, часткаю сеткамі, часткаю людзьмі з коллем і рагацінамі; па агульным размеркаванні пан з сям'ёю і слугамі пад'яжджае да сетак, і там хаваюцца за дрэвамі, пільнуючы звера з каламі ў руках. Лоўчыя з сабакамі і стрэльбамі ходзяць насупраць сетак, высочваюць звера і скіроўваюць проста на іх; калі звяры разбягаюцца ў бакі, абложаныя сялянамі, тыя ўсе калоцяць па дрэвах і робяць такі вэрхал, што перапуджаны звер вяртаецца назад. Калі ж трапляе ў сеткі, пан і слугі забіваюць яго коллем, патрапіўшы ж на лоўчых, звер гіне ад стрэльбаў. Паляванні ладзяць толькі ўзімку, бо летам лес недаступны з увагі на багну.

7-га лістапада зноўку выехалі на паляванне і злавілі трох туроў. Аднаго забілі ў сетцы, у двух іншых пацэлілі са стрэльбаў. Два дзікі, заблытаўшыся ў сетках, перагрызлі іх зубамі і выбраліся на волю без перашкод.

1-га пакінулі мы “Герцынскі лес”26[26], заначавалі ў святара рускага; яны ўсе адпускаюць даўгія валасы і ўбараюцца ў даўгія апранахі, ніводнае мовы, апроч сваёй, не ведаюць.

13-га прыехалі ў Зэльву, вёску пана старосты, што ляжыць на Русі, складаецца яна з некалькіх паселішчаў.

17-га прыехалі ў Лапеніцу27[27], вёску пана з некалькімі паселішчамі.

25-га лістапада прыехалі ў Малую Зэльву, вёску пана, называную так ад рэчкі.

30-га прывезлі нам лася, тура і дзіка, упаляваных ужо па ад'ездзе пана.

2-га снежня выехалі паляваць на зайцоў; было шмат пагоркаў, усе раз'ехаліся ў розныя бакі, каб падганяць зайцоў да лоўчых, тады ж я, з волі лёсу, убіўся ў месца, поўнае снегу, адкуль не мог выбрацца, круціўся там узад-уперад ды згубіў астатніх, якія ўжо кіраваліся да дому, і адзін блукаў сярод пагоркаў. Выехаў да лесу, праз які ехаць не хацеў, урэшце іншым шляхам дабраўся да нейкай вёскі, дзе не мог намовіць сялянаў, каб паказалі мне дарогу; урэшце, з цяжкасцю па-польску ім патлумачыў, што абяцаю грошы, калі яны мяне скіруюць, чаго яны рабіць не хацелі, пакуль я не заплачу наперад. Я нічога з сабою не меў, дык у якасці платы даў пячатку і срэбную манету, падараваную мне на развітанне Крыштафам Сульцэрам28[28]; адно тады мяне, ноччу, правёў нейкі стары. Калі я з'явіўся, то цешыліся і віншавалі мяне, што я не забіты сялянамі.

13-га выехалі з Малой Зэльвы і прыбылі ў Вялікую Зэльву, места князя маршалка Радзівіла29[29], у адной мілі ад Малой Зэльвы.

14-га прыехалі ў места Масты, названае так ад крытага маста праз раку Нёман, які вядзе да места. Заначавалі ў месцы Ражанка30[30], на двары лютаранскага біскупа31[31], і там слугі пана старосты біліся на кіях з слугамі маршалка за доступ да сена.

Места адлеглае на 6 міляў ад Вялікай Зэльвы.

16-га начавалі ў самотным заезным двары. На начлег прынялі нас у вёсцы Руднікі, дзе адбываюцца каралеўскія паляванні. Двор каралеўскі ўвесь з дрэва, з прыбітымі вакол галавамі туроў. Наўкруг яго колькі дамкоў, збудаваных для сенатараў, бо тут часамі адбываюцца і нарады32[32].

19-га прыехалі ў Вільню, сталіцу Літвы; тут пан староста мае два дамы.

20-га слухаў дыспуты езуітаў аб дзесяці запаведзях.

1573 год

6-га дня лютага. Каб не траціць у Вільні марна часу, вырашыў слухаць езуітаў разам з панам Альбрэхтам. Маючы, аднак, сумнеў у тым, што нам дазволяць што-небудзь слухаць або наведваць выклады і дыспуты, звярнуўся я найперш да пана рэктара Варшавіцкага33[33], які не хацеў гэта дазволіць, адно пры ўмове, што ёсць надзея нашага навяртання да Царквы, калі ж не, сказаў, то ён не хоча нас супраць Царквы ўзбройваць. Пад канец усё ж, хаця мы і найменшую падобную надзею адмаўлялі, яны самы адносна пана такую мажлівасць прызналі; таму і мне, з увагі на пана Альбрэхта, таксама дазволілі вольны ўваход і бесперашкоднае выйсце. І так мы пачалі слухаць філасофскія выклады аднаго шкота34[34], 8-га лютага. Пан шкот тлумачыў “Другую аналітыку”, досыць мудра і прыстойна, паводле схалястычнага звычаю ўсё дыктуючы і чытаючы з канспектаў. Слухалі мы езуітаў цэлых 6 тыдняў, калі ж яны пачалі на філасофскіх выкладах звяртацца да тэалогіі, то і пана Альбрэхта часта заклікалі да прыватных дыспутаў, клапоцячыся усё аб тым, каб нас навярнуць, таму мы іх слухаць перасталі.

14-га лютага паехаў разам з панам да аднаго з ягоных маёнткаў, у дзвюх мілях ад Вільні.

17-га лютага выбраўся з панам да віленскага замка, дзе ўсё было пазамыканае, мы ж увайшлі да верхняга замку, заснаванага на ўзвышэнні, адкуль аглядалі ўсё места. Замак гэты аточаны мурамі і вежамі, а ў найбольш даступнай яго частцы знаходзіцца царква, якая ўжо рассыпаецца ад старасці. Месца выглядае не так, каб надта пышна.

17-га; таго самага дня атрымаў апошні ліст ад светлай памяці найдаражэйшага майго бацькі, пісаны рукою брата, бацька ж з прычыны хваробы пісаць не мог.

26-га сакавіка пан староста паехаў у Варшаву на элекцыю35[35].

28-га з пані і сынам выехалі з Вільні ў накірунку Падляшша. Дабраліся да Руднікаў; 4 мілі.

29-га прыехалі ў мястэчка Радунь; 5 міляў.

30-га прыехалі ў Васілішкі; 5 міляў.

31-га прыехалі ў каралеўскае мястэчка Масты над ракою Нёман; 6 міляў.

Красавік.

1-га прыехалі ў Зэльву, вёску пана старосты, названую так ад ракі36[36]; 7 міляў.

3-га захварэў на чухаўку, ад якой вылечыўся ўстрыманнем ад ежы, піцця, сну і пасцелі; перанёс толькі тры параксізмы.

5-га; на гэты дзень прызначаны з'езд для выбрання караля Польшчы, аднак з пэўных прычынаў перанеслі яго на іншы час.

20-га атрымаў лісты з Ляйпцыгу ад Габрыэля Бляўнэра37[37] і ад пана Бэнэдыкта Войны38[38], брата пісара і каралеўскага падскарбія39[39].

5-га мая пакінулі мы Малую Зэльву і апоўдні прыехалі ў Кунікову, вёску пана старосты, начавалі ў месце Мсцібаў; 7 міляў.

6-га прыехалі на абед да мястэчка Янаўка, начавалі ў каралеўскім мястэчку Нарэў, названым так ад ракі, тут пан староста войтам, мае таксама свой двор з маёнткам; 8 міляў.

7-га выбраліся па абедзе і прыехалі ў Бельск, каралеўскае места, дзе пан староста таксама войтам; 4 мілі.

8-га прыехалі ў вёску пана пад назваю Жэрчыцы, прыналежную да староства; 5 міляў.

9-га прыехалі ў Мельнік, сядзібу староства, у каралеўскі замак пад самы абед; 2 мілі.

7-га з Мельніка выправіліся ў Драгічын40[40], каралеўскае места, дзе пан староста войтам, а сын войскім, мае тут таксама двор паміж іншымі валоданнямі каля места.

19-га пан староста вярнуўся з выбараў. У Савічах41[41], яго бацькаўшчыне, мы выйшлі яму насустрач.

20-га вярнуліся ў Драгічын; 2мілі.

24-га прыехаў пан Хадкевіч, стараста жмудскі, адміністратар Інфлянтаў, вялікі маршалак і інш. Заначаваў у пана ды наступнага дня ад'ехаў.

30-га выбраліся мы ў двор пана Касінскага42[42], пісара драгічынскага, якога пан староста хацеў мець сабе за зяця.

31-га вярнуліся ў Мельнік.

Чэрвень.

3-га выбраліся мы на двор пана Войны, каралеўскага пісара Вялікага Княства Літоўскага і падскарбія. Уначы, калі ўсе былі п'яныя, слуга пана Сарнацкага43[43] непрыстойна жартаваў з ім, намаўляў яго танчыць па-італьянску ды інш. Тады ўгневаны пан ганяўся за ім з шабляю, а як той літасці запрасіў, то звязаў яго і так пакінуў на цэлую ноч. Раніцаю вызваліў яго з путаў.

Магнаты п'юць з шапак.

4-га; наступнага дня вяртаемся ў Мельнік.

9-га ў Мельнік прыехалі ўтрох Іжыковічы, сыны ранейшага мельніцкага старосты44[44].

7-га (?) прыехаў пан Бака45[45], слуга пана Хадкевіча, старосты жмудскага з жонкаю.

13-га паехалі ў Драгічын, прыбыў туды і Касінскі, пісар драгічынскі.

16-га ўначы вярнуліся ў Мельнік; у тую самую ноч згарэла вялікая частка лесу паблізу места.

23-га паехалі за Буг, рэчку, што абмывае Мельнік, каб агледзець парэшткі старой царквы над ракою, ад царквы ж нічога не ацалела, апроч абваленых муроў пасярод густога лесу.

28-га выправіліся да маёнтка пад назваю Патковіцы, адлеглага на 4 мілі ад Мельніка. Паткоўскі46[46] выдаваў сваю дачку за аднаго шляхціца, а служку за месціча. Рэлігійныя ўрачыстасці адбыліся ў адзін час.

30-га выправіліся ў двор драгічынскага пісара, а адтуль 1 дня ліпеня -- у Драгічын дзеля ўфундавання і асвячэння збору, які пан староста будаваў у двары.

Ліпень.

2-га было вызначана, ўфундавана і асвечана праз казанне слова Божага месца для драгічынскага [кальвінісцкага] збору, які пан стараста пачаў будаваць.

3-га пан Альбрэхт разам з панам Сарнацкім, маршалкам двара князёў Радзівілаў, падаліся да двара пана пісара драгічынскага.

4-га вярнуліся ў Мельнік.

7-га прыехаў пан Сабашэнскі47[47], шляхціц, які пазней заарандаваў у пана вайтоўства ў Нарэве. Анабаптыст, каторы мне, якому дужа бракавала грошай, падараваў чвэртку талера. Я ж вельмі ўсцешаны гэтым, такім двухрадкоўем занатаваў для сябе гэты дзень:

Цябе пазначу белай крэйдай, дзень шчаслівы.

Хто ж шчасце даў?-- спытаеш. Сам Бог міласцівы.

19-га выбраліся ў Драгічын.

23-га пану старосце данеслі, што назаўтра мае прыехаць ваявода падляшскі48[48], каб разбурыць збор, які пан будаваў. Дзеля гэтага ад самага ранку 24-га ліпеня, паколькі слугаў не было, пан разам з сынам Альбрэхтам і мною ратаваўся ўцёкамі і мы выехалі з Мельніка, а людзей з усіх службаў, каторыя былі на месцы, пан паслаў у Драгічын, каб баранілі збор. Аднак жа, як кажуць, паспелі яны толькі свечкі тушыць, бо ваяводавы слугі збор ужо зруйнавалі.

26-га пан староста выехаў у места Берасце, каб выказаць там скаргу на крыўду.

27-га я адзін паехаў у Драгічын.

Жнівень.

3-га паехаў у Мельнік да пана Альбрэхта, ён жа іншаю дарогаю выбраўся з Мельніка ў Драгічын.

4-га раніцай вярнуўся ў Драгічын.

8-га пані і мы з панам вярнуліся ў Мельнік.

13-га пан Альбрэхт падараваў мне нямецкі штылет.

З'явіўся пан Бака, ноччу прыехаў таксама пан Турчын, слуга князёў Радзівілаў, і прывёз панавы рэчы, пакінутыя ў Ляйпцыгу. У той самы час праз 14 дзён на замку былі ўвязненыя два каралеўскія пахолкі.

31-га з панамі бацькам і сынам паехаў на двор берасцейскага ваяводы49[49], дзе тады спыніўся пан Троцкі50[50], які кіраваўся ў Кракаў з целам караля; 6 міляў.

Верасень.

1-га выехаў адсюль з панам маім да князёў Радзівілаў, паноў Альбэрта і Станіслава, у Чарнаўчыцы51[51]. Пан бацька вярнуўся ў Мельнік.

14-га пан Альбрэхт разам з князямі выбраўся да пана Пякарскага.

16-га ўсе вярнуліся. Прыехаў Шыскі, малады слуга пана.

Кастрычнік.

1-га выехалі з Чарнаўчыцаў ад князёў, на развітанне пан Станіслаў падараваў мне камэнтар да “Аналітыкаў”. Прыехалі ў Мельнік.

11-га прыехаў пан Баркоўскі52[52], стары прыяцель, каторы з панам дэ Лянсакам53[53], паслом караля Францыі, праз Нямецкае мора намерваўся плыць у Францыю, аднак жа быў затрыманы каралём Даніі54[54]. А менавіта, з тае прычыны, што дэ Лянсак наняў у Гданьску марака55[55], які меўся давезці яго да самых берагоў Францыі. Марака таго кароль Даніі, як толькі яны да Даніі даплылі, увязьніў, як вінаватага ў нейкім забойстве, і ўкараў смерцю, а пану дэ Лянсаку, каторы дзяржаўнага злачынцу ўзяў сабе за капітана, далей ехаць не дазволіў, але загадаў вяртацца ў Кракаў.

22-га пан даў мне талер, які пасля захацеў назад узяць і ніколі ўжо не аддаў.

24-га пасля купання выскачыў у мяне нарыў на шчацэ і доўга трымаўся, пакуль яго не прарвала.

29-га пан мой разам з маткаю выбраўся ў Драгічын, калі ж вярнуўся, падараваў мне сінюю шапку, называную каўпаком.

Лістапад.

3-га раскрыў сабе жылу, сярэднюю на правым плячы, каб перасунуць нарыў на твары куды ў іншае месца.

11-га прыехалі італьянскія акцёры князя маршалка Радзівіла56[56] і пад наглядам пана практыкаваліся, каб у масках выступіць на вяселлі Паткоўскага.

14-га ўсе выбраліся на вяселле Паткоўскага.

15-га пан стараста жмудскі прыехаў у Мельнік, але, як наш пан быў непрысутны, то на наступны дзень выехаў.

23-га пан падараваў мне авечае футра.

24-га ў мяне ссунуўся дыск на шыі57[57] і так заставаўся колькі дзён, пакуль манах з Драгічына, італьянец, што прыехаў у Мельнік да суда, і дыск мне паставіў, і шмат якім рэчам мяне навучыў дзеля захавання здароўя.

Снежань.

17-га пан староста паехаў у Драгічын да старосты троцкага58[58], каторы тады быў у Драгічыне, і даведаўся ад яго, што кароль вярнуўся ў Францыю, з-за гугенотаў, аб якіх яму данеслі.

На велікодныя святы59[59] з'явілася пані Паткоўская, жонка мельніцкага суддзі, з сынам Андрэем і дачкою, пасля ж з нашым панам паехала ў Кракаў.

1574 год.

5-га [студзеня] пан Тарлецкі60[60], пісар пана старосты, прывёз з Варшавы новыя весткі, што прыязджае кароль [Генрых Валуа] і ўжо 15-га студзеня мае быць у межах Польшчы.

Люты.

2-га павезлі з Мельніка трох медзвядзёў ад старосты жмудскага на каранацыю. Раней ужо 17 такіх медзвядзёў адаслалі.

3-га пан Война, падскарбі і каралеўскі пісар, па дарозе на каранацыю з'еў абед у пана старосты і ўначы выехаў.

6-га з Мельніка мы выехалі ў накірунку Кракава. (...)

1[1] Асоба дакладна не вызначаная.

2[2] Саксонскі герцаг Аўгуст (1526—1586), электар з 1567 г. Менавіта яму адрасаваўся падарунак пфальцграфа Фрыдрыха ІІІ Пабожнага — выява злоўленага ў ВКЛ у 1566 г. вялізарнага зубра (гл. артыкул “Літоўская кунсткамера” ў мінулым нумары “Спадчыны”).

3[3] Нікаляўс Эшэнбурк з Любека выдаў у 1571 г. у Франкфурце па-нямецку падручнік “Лягічная арыфметыка”.

4[4] Cімонэ Cімоні (Simone Simoni, 1532—1602), італьянец з Лукі, лекар і філосаф, з 1569 прыдворны лекар саксонскага герцага Аўгуста. Аўтар трактата “Пра гніццё” (гл., напрыклад, польскае выданне: S. Simonius. Rozprawa o gniciu. Krakуw, 1584).

5[5] Бальтазар Гітлер (Balthasar Gittler, пам. 1617) з Сілезіі, філосаф і прафесар медыцыны ў Ляйпцыгу, ў 1572 абраны рэктарам універсітэту.

6[6] Юбэр Лянгэ (Hubert Languet, 1518—1581), француз, доктар права, падарожнік і палітычны дарадца нямецкіх пратэстанцкіх князёў і галандскага стадхаўдэра Вільгельма Аранскага.

7[7] Георг Сарторыюс іматрыкуляваўся у Ляйпцыгскім універсітэце ў летнім семестры 1572 г. Вінтэртур — места ў Швайцарыі, ў кантоне Цюрых.

8[8] Пазней у лісце да Cімоні Ян Вольф, бацька Генрыха, дзякаваў таму за клопат пра здароўе сына.

9[9] Магчыма, сын Ёганэса Фрызэ (Johannes Friese, 1505—1565), габраіста, правазнаўцы і арганізатара школ у Цюрыху.

10[10] Найверагодней, Станіслаў Карсніцкі гербу Ястрабец, серадзкі падсудак земскі і (1574--1576) бурграф кракаўскі. Паводле Папроцкага (с. 517), Карсніцкія гурбу Адравуж паходзілі з сандамірскага ваяводства, цеханоўскага павету. Паводле Банецкага ж, Карсніцкія гербу Ляліва былі і ў павеце касцянскім.

11[11] Юры (1556--1600), Станіслаў (1559--1599) і Альбрэхт (1558--1592) Радзівілы, сыны Мікалая Радзівіла Чорнага, запісаныя на вучобу ў зімовым семестры 1570 г., плацілі па 5 і 1/3 поўных флярыны.

12[12] Альбрэхт Войцех Савіцкі гербу Юноша (магчыма таксама, Клямры-з-мечам альбо Навіна -- Kojalowicz, Compendium, cc. 89 i 183). Сын падляшскага кашталяна Мацея Савіцкага. Бацька па чарзе перадаў яму ўрады драгічынскага войскага (1570) і мельніцкага старасты (1576). Ажаніўся з дачкою Мікалая Длускага. Запісаны на вучобу ў зімовым семестры 1570 г., плаціў 1 флярын і 3 грошы.

13[13] Параўнай, у лісце бацькі Генрыха Вольфа, да Каспара Пойцэра, які апекаваўся Г.Вольфам у Ляйпцыгу: “У кожным разе хацеў бы, каб сын заставаўся ў Вас альбо ў Ляйпцыгу ці Вітэнбергу да таго часу, пакуль французскія справы не дойдуць да ладу, а найперш, пакуль сярод французаў не ўсталюецца цалкам супакой і мы зможам паслаць яго ў Парыж. Бо так зручней і выгодней можом перасылаць яму лісты, ды і грошы. Але, тым часам, можа стацца так, што ён зробіцца пэдагогам якога-небудзь шляхціца ці багатага купца, і такім чынам зможа і вызваліць мяне ад часткі выдаткаў, і, навучаючы, вычыцца сам, і ў Францыю выехаць на ўласны кошт.” Бацька Генрыха Вольфа яшчэ ў ліпені пісаў, каб з увагі на здароўе той ехаў лепш у Францыю і тое самае перадаў брату (Яну Якубу). Паведамляў таксама, што яго ўжо наведаў Лянге і забраў з сабою лісты да Радыгнуса ў Марбургу. Грошы Генрых меў браць з прызначаных для яго ў Фогеліна або пазычаць у Сімоніюса.

14[14] Аб пошасці 1572 г. глядзі: A.Walawender. Kronika klesk elementarnych w Polsce i w krajach sasiednich w latach 1450--1586, t.1. Lwуw, 1932, s.142--143. У верасні 1572 г. у Кракаве памірала штотыдзень болей за 300 асобаў, у Казімежы -- каля сотні (тамсама, s. 283). Успрыняцце пошасці 1571--1572 гг. вачыма еўрапейцаў ілюструе таксама “лятучы” лісток” на перадапошняй старонцы вокладкі.

15[15] Андрэй Дудыч (дакладней, Дудзіч Сбардэляці) (1533--1589), венгр з паходжання, гуманіст і імпэрскі дыплямат; біскуп Pieciukosciolуw (1563), пазбаўлены біскупства (1567) пасля выяўлення ягонага шлюбу з Рэгінай Страшоўнай. У 1567 г. атрымаў польскае шляхецтва. Сябраваў з Янам Вольфам і Сімоніюсам.

16[16] Крыштаф Трэці (пам. 1590), мешчанін з Мысленіцаў (?), атрымаў шляхецтва ў 1581 г. і прылучаны Фірлеямі да гербу Ляліва. Пісьменнік і кальвінскі святар, каралеўскі сакратар пры Стэфане Баторым.

17[17] Мікалай Длускі гербу Котвіч (к.1540--1584), сын Андрэя, валадара Івановіцаў, і Агнешкі з Мышкоўскіх. У 1564 г. ажаніўся з Ганнай Міноцкай.

18[18] Глядзі: “Ухвала радаў і рыцарства кракаўскай і сандамірскай зямлі пра нагляд з падгорскімі і сілезскімі межамі, Кракаў, 19 ліпеня 1572 г.” у: “Akta sejmikowe wojewуdztwa krakowskiego, wyd. St. Kutrzeba, Warszawa, 1932, t.1, № 1.2, s. 3--5. Бескаралеўе ў Рэчы Паспалітай пачалося 7 ліпеня 1572, калі памёр Жыгімонт ІІ Аўгуст, і працягвалася да абрання каралём і вялікім князем Генрыха Валуа (11--15.5.1573).

19[19] Мацей Савіцкі гербу Юноша (пам. 1581), названы “Матысікам”. Польскага паходжання, пачынаў кар'еру як “дзяк” у канцылярыі Мікалая Радзівіла Рудога. Мельніцкі стараста з 1569 г., літоўскі пісар з 1566 г., падляшскі кашталян з 1574 г.

20[20] Савіцкі, можна меркаваць, затрымліваўся ў Вільні, дзе ў сярэдзіне верасня 1572 г. афіцыйны літоўскі пасол Ян Хадкевіч выступаў з адозвамі кнышынскага з'езда.

21[21] Жонка Мацея Савіцкага, асоба, больш дакладна не вядомая.

22[22] Цяпер Старыя і Новыя Літоўнікі, недалёка ад Галоўчыцаў.

23[23] Віктарын Вярбіцкі гербу Радван (пам.1587), біскуп жмудскі, затым, з 1566 г.,-- луцкі (з сядзібай у Янаве Падляшскім). Юрысдыкцыя Луцкага біскупства, першага каталіцкага біскупства ў ВКЛ (з 1375 г.), ахоплівала і паўднёвы захад Беларусі (Берасцейскае ваяводства).

24[24] Янаў Падляшскі або Біскупскі. Заснаваны паводле хэлмскага закону ў 1465 г., перад пажарам у 1575 г. налічваў 500 дамоў.

25[25] Ян Хадкевіч гербу Грыф (каля 1537--1579), староста жмудскі (1563), маршалак земскі Вялікага Княства Літоўскага (1566), адміністратар Інфлянтаў (1566), кашталян віленскі (1574), ковенскі староста (1574).

26[26] Алюзія на “Гальскую вайну” Юлія Цэзара (VІ, 24--28). Тут гэты выраз дастасаваны да Белавежскай пушчы.

27[27] Лапеніца, мястэчка ў ваўкавыскім павеце (зараз вёска ў Ваўкавыскім раёне).

28[28] Магчыма, сын Сымона Сульцэра (Sulzer, 1508--1585), тэолага з Бэрна і Базэля. Сульцэры вядомы ў Вінтэртуры ад пачатку ХІІІ ст.

29[29] Мікалай Крыштаф Радзівіл, называны “Сіроткаю” (1549--1616), брат Альбрыхта і Станіслава (а таксама Юрыя), на той час (з 1569) надворны маршалак Вялікага Княства Літоўскага, пасля земскі маршалак (1579), троцкі кашталян (1586), троцкі ваявода (1590) і нарэшце віленскі ваявода (1604).

30[30] Ражанка над р. Тур'я. Зараз вёска ў Шчучынскім раёне.

31[31] Мікалай Пац гербу Газдава (к. 1527--1585), намінат на кіеўскае біскупства (1557). Як прыхільнік Рэфармацыі, не дамагаўся папскай ухвалы, неабходнай для атрымання біскупскага пасвячэння. У 1564 г. высунуты Радзівіламі на жмудскае біскупства. У 1583 г. пастаўлены Стэфанам Баторым на смаленскае кашталянства, г.зн. цывільную пасаду, чым і завяршыўся скандал даўжынёю у чвэрць стагоддзя, калі пасаду каталіцкага біскупа займаў пратэстант!

32[32] Тры невялічкія палацы з сасновых паляў, на месцы сціплага паляўнічага павільёну, паставіў у Рудніках на рацэ Мерач (Троцкі павет; зараз у Літве) Жыгімонт Стары ў 1511 г. Іх атачалі сажалкі і паркі. У агароджаны звярынец можна было страляць нават з вокнаў. Непадалёку пабудавалі стайні ды памяшканні для двара. Знаходзячыся на галоўным шляху з Вільні ў Варшаву (па якім і праязджаў Вольф) зусім побач са сталіцай, Руднікі карысталіся вялікай папулярнасцю сярод віленскай арыстакратыі як месца банкетаў і паляванняў. Віленская брама, праз якую выходзіў “біты” шлях у Варшаву, называлася Рудніцкай. Улетку 1573 г. у Рудніках адбыўся з'езд шляхты ВКЛ, на якім было ўхваленае абранне каралём Генрыха Валуа, здзейсненае на элекцыйным сойме ў Варшаве ў траўні 1573 г.

33[33] Станіслаў Варшавіцкі, езуіт (1527—1591), першы рэктар віленскага калегіюма (з 1570 г.), у 1579 пераўтворанага ў акадэмію (пазней ва ўніверсітэт).

34[34] Джон Хэй (John Hay, 1546--1607), “шкот” (шатляндэц), вучань славутага езуіта Станіслава Косткі, “здольны і глыбока адукаваны, пасля навучання ў Рыме выкладаў з 1570 г. у віленскім калегіюме, вучыў найперш катэхізму, а таксама як асістэнт прафэсара Тамаша Здэлярыча (пам.1572 г.), харвата, і рыторыцы. Пасля смерці апошняга ў 1572 г. стаў прафэсарам” (L. Piechnik, Poczatki Akademii Wilenskiej 1570--1599, Rzym 1984, t.1). Пад час побыту Вольфа ў Вільні “пасля камэнтараў Яна Хэя да Арыстотэля, зробленых паводле Яна Дунса Скота, што было досыць нязвыклай рэччу ў езуіцкай установе, пачыналіся лекцыі таміста Пятра Віяны, “гішпанца” (тамсама, с. 124). Хэй быў выдатным паслядоўнікам філасофіі ў ХVІ ст.” (тамсама, с.127). Пасля канфлікту з Віянам ён пакінуў Вільню ў 1575 г.

35[35] Час элекцыі быў прызначаны на 6 красавіка 1573 г.

36[36] Зэльва, левы прыток Нёмана.

37[37] Аднакурснік і сусед Вольфа ў Ляйпцыгу, Габрыэль Вляўнэр з Берну (Gabriel Blauner, 1547--1577).

38[38] Бенедыкт Война гербу Трубы, віленскі біскуп ( 1600--1615).

39[39] Ваўжынец Война гербу Трубы (пам.1580), брат Бэнэдыкта, літоўскі пісар (1566) і падскарбі надворны (1569), пасля падскарбі земскі (1576), староста пінскі і з 1578 г. гродзенскі.

40[40] Драгічын Падляшскі на Бузе, староства гродскае.

41[41] Савічы, вёска паблізу Сакалова Падляшскага.

42[42] Ян Касінскі гербу Равіч, драгічынскі пісар земскі.

43[43] Шматлікія Сарнацкія жылі ў мельніцкім ды драгічынскім паветах.

44[44] Гэта былі сыны Яна Іжыковіча гербу Ляліва, аднаго з папярэдніх мельніцкіх старостаў -- Геранім, Пшэслаў, Войцах ці Актавіян (О. Halecki, Przylaczenie Podlasia, Wolynia i Kijowszczyzny do Korony w roku 1569, Krakуw, 1915, s. 128). Брат Яна, Кацпар Іжыковіч, мельніцкі падкаморы, быў паслом ад Падляшша на люблінскі сойм 1569 г. У часе абмеркавання ўніі ды далучэння Падляшша да Кароны ў ім пачулася літоўская кроў Манівідавічаў. Ён ад'ехаў з Любліна, пасля ж, услед за адмоваю скласці прысягу польскаму каралю, быў пазбаўлены свайго ўраду (тамсама, сс. 33--34). Такі ж лёс напаткаў многіх іншых патрыётаў ВКЛ, якія за адмову прызнаць перадачу Падляшша Кароне Польскай былі пазбаўленыя ўрадаў і маёнткаў, у тым ліку падканцлер Астафій Валовіч. Аднак большасць землеўласнікаў Падляшша паставілася да пераносу мяжы досыць спакойна, захаваўшы і свае маёнткі, і ўрады ў Вялікім княстве.

45[45] Магчыма, Ян Бака з Астушына (пам. 1579).

46[46] Пётр Паткоўскі гербу Прус, мельніцкі суддзя земскі.

47[47] Магчыма, ідзе гаворка пра прозвішча Сабацінскі. Аднак, у той самай ступені гэта мог быць Сабяшчанскі, Сбясерскі альбо гаспадар Сабешчак гербу Халява.

48[48] Мікалай Кішка (пам. 1587), падляшскі ваявода з 1569 г.

49[49] Берасцейскім ваяводам быў на той час Юры Тышкевіч (пам. 1576).

50[50] Астафій Валовіч (пам. 1587), берасцейскі старjста (з 1567), троцкі кашталян і літоўскі падканцлер (1569--1579), пасля віленскі кашталян і вялікі канцлер літоўскі (1579).

51[51] Чарнаўчыцы, зараз вёска у Брэсцкім раёне.

52[52] Баркоўскі, верагодна, належаў да світы рацёнжскага кашталяна Станіслава Крыскага, каторы, як удзельнік афіцыйнага пасольства, што мела накіравацца да абранага караля, рабіў спробы апярэдзіць сваіз калегаў і дабрацца да Францыі марскім шляхам. Мажліва, той самы Баркоўскі браў удзел у сінодзе ў Бельжыцах у сакавіку 1569 г. Магчыма таксама, што гэта Андрэй Дунін-Баркоўскі, люблінскі пісар, якому прысвячаў свае працы Марцін Чаховіц, што бываў у Цюрыху і сябраваў з Янам Вольфам. Сын Андрэя Пётр (пам. 1619), у 90-х гадах навучаўся ў Страсбургу.

53[53] Гі дэ Сэн-Жэле-і-Лянсак (Guy de Saiut Gelais et de Lansac). Трэцім значным пасажырам быў удзельнік парыжскага пасольства да караля рацёнжскі кашталян Станіслаў Крыскі. Судна называлася “Канкордыя”.

54[54] Фрэдэрык ІІ Ольдэнбург, кароль Даніі і Нарвэгіі (1559--1588).

55[55] Міхаіл Фігэнаў быў энэргічным вайскоўцам і адважным, знакамітым у Польшчы капітанам. Атрымаў шляхецтва на люблінскім сойме 1569 г. 24 жніўня 1573 г. быў сцяты ў замку Гельсінгёр (Эльсінор). Галовы капітана і 17 ягоных маракоў развесілі на палях каля замка ў перасцярогу іншым мараходцам, што парушалі спакой дацкага ўзбярэжжа.

56[56] Мікалай Радзівіл “Сіротка” (гл. заўв. 29).

57[57] Праўдападобна, гаворка ідзе аб topticolis spastica, аднабаковай спазме шыі.

58[58] Маецца на ўвазе Астафій Валовіч, кашталян троцкі (гл. заўв. 50).

59[59] Відавочная памылка. Трэба чытаць: Свята Божага Нараджэння (25 снежня).

60[60] Магчыма, той самы Станіслаў Тарлецкі, што разам з Янам Кратоўскім малодшым ды Янам Ласіцкім запісаўся на навучанне ў Вітэнбэргу 2 кастрычніка 1570 г.

Пераклад з польскай мовы

Аляксея Крукоўскага.

Падрыхтоўка тэксту і каментарыяў да публікацыі Алеся Белага

Сайт «История Беларуси IX – XVIII веков. Первоисточники» выказвае шчырую ўдзячнасць сп. Алесю Беламу, які прадаставіў нам гэтую публікацыю для стварэння электроннай версіі.

Олег Лицкевич.

Описание путешествия Стефана Какаша и Георга Тектандера в Персию в 1602-1604 гг. /Выписки, касающиеся истории Речи Посполитой и белорусских земель - сделаны в марте 2004 г./

Доктор права Стефан Какаш был отправлен в Персию императором Священной Римской империи Рудольфом II в качестве посла в августе 1602 года. Его спутником был саксонец Георг Тектандер. 6 ноября посольство прибыло в Москву (в его составе было несколько жителей Речи Посполитой). В 1603 году - отправилось в Персию, где многие участники посольства, в том числе Ст.Какаш, умерли. Описание посольства сделал вернувшийся на родину Георг Тектандер. Оно вышло в нач. 17 века: данных о 1-м изд. нет, а 2-е изд. вышло в 1609 году в Альтенбурге[1]. На русском языке впервые вышло в изд.: Какаш и Тектандер. Путешествие в Персию через Московию 1602-1603 гг. Перевел с немецкого Алексей Станкевич. // Чтения в императорском обществе истории и древностей Российских при Московском университете. 1896 год. Книга вторая (177). Изд. под заведыванием Е.В.Барсова. М., 1896. Раздел ІІІ. С.1-54. - В дальнейшем даны ссылки на страницы этого издания.