Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
DYPLOM_1.doc
Скачиваний:
30
Добавлен:
30.08.2019
Размер:
385.02 Кб
Скачать

Структура і аб’ём дыпломнай работы

Работа складаецца з уступа, дзвюх глаў, шасці параграфаў, заключэння, бібліяграфічнага спісу, які складаецца з 14 крыніц і дадатка. Аб'ём працы без бібліяграфічнага спісу складае 65 старонкі.

Глава 1. Свята Гуканне вясны – гісторыя і сучаснасць

    1. Гістарычныя аспекты ўзнікнення свята Гуканне вясны

Адным з найважнейшых складнікаў любой нацыянальнай культуры з’яўляецца народная святочна-абрадавая культура, як сямейна-бытавая, так і каляндарная. Каляндарныя святы мелі вялікае значэнне для нашых продкаў. Яны мелі не толькі мастацка-забаўляльную вартасць, але ў першую чаргу рэгламентавалі жыццё і дзейнасць чалавека. Яны данеслі да нас водгукі старажытнай барацьбы чалавека за існаванне, яго імкненне авалодаць таямніцамі прыроды. У народных святах у першую чаргу нас павінна цікавіць іх светапоглядная аснова, без якой цалкам немагчыма зразумець і патлумачыць пэўную з’яву, а значыць, і выкарыстоўваць гэты досвед у cваім паўсядзённым жыцці.

Светапогляд нашых продкаў грунтаваўся на ўяўленнях аб цыклічнасці жыцця і смерці, паўторнасці абнаўлення ўсяго існага. Пачатак новага сельскагаспадарчага года, натуральна, атаясамліваўся з веснавой парой. І да сёньняшніх дзён многія народы, чые традыцыі асноўваюцца на месячным календары, святкуюць новы год вясною. Веснавыя абрады з’яўляліся часткай складанага комплексу падрыхтоўкі да будучага ураджаю. Як зазначае вядомы рускі даследчык Я. В. Анічкаў, падобныя абрады меліся ў многіх еўрапейскіх народаў (скандынаваў, полякаў, чэхаў, сербаў і інш.)

На думку даследчыкаў, Гуканне вясны найбольш характэрна для Усходняй Беларусі. На Захадзе загукальная абраднасць болей неакрэсленая і хутчэй зліваецца з масленічнымі святкаваннямі. [7, с. 23]

Як ні адна іншая пара года вясна прыносіць з сабой спадзяванні на аднаўленне, безліч клопатаў, звязаных з лёсавызначальным і жыватворным колазваротам чалавека-земляроба. Ідэя адраджэння і абнаўлення – прыроднага і чалавечага – вымагала ад людзей самага актыўнага дыялога з Сусветам, з Богам, з прыродным наваколлем і сваімі продкамі.

У аснове гэтага дыялога ляжалі шматлікія вытворчыя, засцерагальныя абрады, селськагаспадарчыя, земляробчыя і жавёлагадоўчыя рытуалы, абрадавыя песні, замовы, прыкметы і павер'і.

Менавіта вясною ўсё жывое адчувае ўздым жыццёвых сіл, расце, квітнее, імкнецца да новага і лепшага. Дык як жа ж падштурхнуць вясну-красну, каб хутчэй прыходзіла, прыносіла дабрабыт і парадак? Гукаць, зваць, клікаць! І чым вышэй забрацца, чым далей разнясецца песня-заклічка, тым лепей. Таму і збіраліся звычайна на высокіх адкрытых месцах: пагорках, беразе ракі ці возера, на ўскрайку лесу ці проста на дахах хат і лазняў, ды складалі вогнішча, каб сагрэць зямельку, каб зазваць сонейка. А яшчэ спальвалі ў ачышчальным агні старызну і непатрэбшчыну, каб пазбавіцца ад ўсякага ліхога і марнага. Сам жа веснавы карагод валодаў магічнай сілай, бо кола – старажытны сімвал абароны, захаванасці. Наспяваўшыся-нагукаўшыся, моладзь ішла на арэлі гушкацца, ды чым вышэй, тым лепей! Гэта ж не проста забава – вышэйшы лён уродзіцца, ды ўраджай багацейшы будзе. [13, с. 302]

На Беларусі ў розных мясцінах гуканне вясны адбывалася ў розны час. У адрозненне ад пераважнай большасці каляндарных свят, якія маюць дакладную па часе прымеркаванасць, гуканне вясны адзначалася ў розных геаграфічных зонах і нават невялікіх лакальна-рэгіянальных традыцыях у розны час. Амплітуда ваганняў часавой прымеркаванасці была даволі значнай — ад Масленіцы да другога дня Вялікадня. Такі вялікі дыяпазон рухомасці можна патлумачыць двума прычынамі. Па-першае, геаграфічна-кліматычнымі ўмовамі; па-другое, значным уплывам хрысціянскага календара і ўвядзеннем Вялікага посту. Якраз гэтыя фактары “прымусілі” вяскоўцаў выйсці за межы посту і сумясціць абрад “Гуканне вясны” з Масленіцай або прымеркаваць яго да значных свят хрысціянскага календара — Саракоў (дакладней, дня ушанавання Сарака севастыйскіх мучанікаў) — 22 сакавіка (9 сакавіка) і Дабравешчання (Благавешчання, Звеставання) — 7 красавіка (25 сакавіка). У той год, калі Вялікдзень святкавалі даволі рана (сакавік, пачатак красавіка) свята “Гуканне вясны” адзначалі на другі дзень яго святкавання, зноў-такі выходзячы за межы посту і саступаючы дарогу найвялікшаму святу Уваскрэсення Хрыстова. [4, с 46]

• Фактычна, вясну на Беларусі пачыналі клікаць з 1 сакавіка, на Аўдакею (Аўдоцця-вясноўка).

• у некаторых раёнах гукалі вясну 9 сакавіка, на Саракі, дзень, у які, на думку беларуса, павінныя былі прыляцець сорак выраяў – вестуноў лета.

• У некаторых мясцовасцях вясну пачыналі клікаць на Звеставанне (Дабравешчанне), якое адзначалася 25 сакавіка.

Гуканне вясны пачыналася 14 сакавіка (1 па старому стылю) (Аўдоцця-вясноўка, Аўдакея, Яўдоха, Аўдоння).

Калi на Еўдакею курыца з-пад страхi нап’ецца, так на Благавешчанне (7 красавiка) — вол.

Калi гэты дзень туманны, то будзе ўраджай на стручковыя раслiны; калi ж мяцелiца i завiруха, то ў гэтым годзе трэба чакаць вялiкага холаду.

Аўдоцця пагодна — усё лета прыгодна.

Еўдакiя красна i вясна красна (цёплая).

Усе сельскагаспадарчыя работы актывiзавалiся пасля Еўдакii.

Пасаджанае ў гэты дзень калiва ў гаршчочках, па народных уяўленнях, не пацерпiць ад маразоў.

На Аўдоццю снег, па старажытным павер’i, набывае асаблiвую лекавую моц. Яго збiраюць па пагорках, якiя ўжо сагрэтыя сонейкам, i пасля гэтага даюць хворым для пазбаўлення ад розных немачаў.

Вельмi ўдалым лiчылася ў гэты дзень сустрэча з ластаўкай. У такiм выпадку неабходна было кiнуць ёй услед жменю зямлi i сказаць: "На табе, ластаўка, на гняздо!". Такiя дзеяннi прынясуць чалавеку дабрабыт i здароўе.

А яшчэ ў гэты дзень з лесу неслi галiнкi дрэў i падпальвалi iмi ў печы — "каб вясна была цёплай". [5, с. 75]

Галоўнае месца ў вясновых святах, дзе панаваў культ раслін і розных палявых духаў, займалі абрадава-магічныя дзеянні ахоўнага характару. Гаспадарчая неабходнасць дыктавала земляробу як мага больш уважліва прыглядацца да змены надвор'я, своечасова рыхтавацца да будучых пасеваў і выгану жывёл на луг. Вясна магла быць і ранняй, і позняй. Позняя вясна прыносіла голад. Таму на Беларусі шырока існавалі абрады сустрэчы і гукання вясны.

У поўдзень моладзь збіралася гуртам і ішла за ваколіцу, на ўзвышша, спяваць. Высокае месца выбіралі таму, што яно першае вызвалялася з-пад снегу.

Хлопцы збіралі з усяе вескі розную старызну і зносілі іх у адно месца і распалівалі вогнішча. Вясна бачылася нашым продкам часам новага ўваскрэсення, святам пачатку новага года, лета. Нараджэнне новага магчыма толькі праз адміранне старога. Таму і ачышчалі хлопцы зямлю, а дзяўчаты поўнілі яе песнямі-гаканнямі.

Відавочнік гэтага свята ў Гомельскім павеце ў 1880-х гадах этнограф З. Радчанка ўспамінала:

Дзяўчаты збіраюцца ўвечары па канчатку сваіх прац і становяцца групамі на беразе ракі, а калі няма ракі ці возера, то за вёскай, на пляцоўцы, часам жа на ўзгорку. Гэтыя групы ўсталёўваюцца на далёкай адлегласці адна ад другой; калі адна група скончыць свой куплет і ледзь суціхае яе апошняя нота, тады ў аддаленні іншая група працягвае свой куплет". Далей этнограф заўважае: "Вяснянкі адрозніваюцца ад усіх іншых песень сваім прыпевам, накшталт гукання (у сярэдзіне песні), што гучыць вельмі хораша, калі песня раздаецца ў лесе, пранясецца па вясновым разліве і адгукнецца далёкім рэхам.

Абстрактнае для старажытных людзей паняцце надыходу вясны ўвасаблялася ў зразумелыя чалавечыя вобразы - прыгожую, квітнеючую дзяўчыну, з’яўленне якой звязывалі з прылетам птушак з выраю і таму іх клікалі-гукалі:

Жавароначкі, прыляціце - у-у-у-у!

Вы нам лецейка прынясіце - у-у-у-у!

А зімачку забярыце - у-у-у-у!

Бо нам зімачка надаела - у-у-у-у!

Усе хлебушкі пераела - у-у-у-у!

Спевы вяснянак і гукальных карагодаў на ўзгорках суправаджаліся падкідваннем уверх печыва ў выглядзе жаўрукоў, кулікоў, буслоў, што павінна было вызваць хутчэйшы надыход вясны.

Цікава апісваў гэты момант Г. Цітовіч у каментарыі да лепшай з такіх песен “Жавароначкі, прыляціце”: -- “адной з тых песен, якімі беларускія дзяўчаты клікалі жаданую вясну. У час выканання песні яны падкідвалі ўгару выпечаных з цеста жаўрукоў, а мужчыны “скампанугавалі” гэтаму магічнаму абраду на берасцяных трубах” (у в. Ланская Маларыцкага раёна). [6, с 37]

Гукалі вясну і на Саракі. А святочным гэты дзень стаў не дарма. Па-першае, асаблівае спалучэнне цёмнай і светлай часткі сутак надавала гэтым дням магічнае адценне. Нам і зараз хочацца верыць, што веснавы дзень перамагае зімовую цемру не толькі на зямлі, але і у чалавечых душах, а ў самую кароткую ноч проста немагчыма абысція без цудаў.

Але не менш значнай была і другая, сельскагаспадарчая істотнасць святаў. У даўніе часы не было друкаваных каляндароу і сродкаў масавай інфармацыі, таму з пакалення ў пакаленне патрэбна было перадаць накоплены опыт - калі сеяць, калі жаць, калі паляванне распачынаць. А што запомніцца лепш, чымсі вяселае, шумнае свята ў асаблівы дзень? Вось яна, мудрасць стагоддзяў. [11, с. 43]

22 сакавіка, дзень, як зараз кажуць, "вясенняга раўнадзенсва". Гэты дзень лічыўся нараджэннем новага года, пачаткам абуджэння зямлі ад зімовага сну. Некалькі назваў мае ен. Найбольш распаўсюджаны - "саракі". Сення існуе некалькі тлумачэнняў, чаму менавіта так. Найбольш верагодным можна лічыць тлумачэнне, звязанае з коранем "рок" (год) - пачатак новага году. Акрамя таго, з гэтага дня пачыналі адлічваць яшчэ 40 дзен, адмечаных маразамі па начах, па заканчэнні якіх можна было пачынаць сеяць - адну з самых важных сельскагаспадарчых спраў на увесь год. Кліматычные ўмовы не дазвалялі памыліцца, пасееш рана - вымерзне, позна - высахне, і можна застацца без збожжа зімой, што было раўнаважна смерці. Таму так уважліва адносіліся нашые продкі да гэтага дню.

Ужо пазней, з насаджэннем хрысціянства, калі спатрэбілася замяніць свята адпаведным не паганскім, пад лічбу "сорак" падстроілі "сорак Севастыйскіх пакутнікаў", надаўшы аднаму з галоўных славянскіх святаў іх імя.

Яшчэ адно тлумачэнне звязана з птушкамі, сарокамі, жаўрукамі альбо кулікамі, якіе таксама далі назву святочнаму дню. На раўнадзенства пяклі з цеста "кулікі" і выстаўлялі іх на дах, а таксама ва ўсіх значных месцах - у хляве - каб скаціна радзіла, у гумне - каб зерне вялося, і нават кідалі у печ. Такіе смачные птушкі павінны былі прывабіць жывых, а з імі і вясну, бо вяртанне птушак заўжды было звязана з яе надыходам. Акрамя таго, птушкі, як сапраудные так і рукатворные, гналі прэч зімовые пачвары, кшталту мары, зюзі і іншых. Адстаяўшы ганаровую вахту на даху, "жаўрукі" ды "кулікі" пераходзілі да дзяцей, каторым у гэты дзень упершыню дазвалялася выйсці з дому без абутку - каб набрацца сілы ад зямлі. Яны насіліся з "птушыным пячэннем", насажаным на доўгіе палкі, па весцы, заклікаючы птушак ды вясну, а пасля з асалодай сваіх татэмаў елі, бо лічыліся яны магічнымі і прыносілі здароўе і дабрабыт. Часта "куліковые" галовы аддавалі скаціне, каб яна лепш пладзілася.

На печыве ладзілі варажбу. У "жаўрукоў" запякалі розные дробязі, і па тым, каму што дастанецца, рабілі прагнозы на будучае лета. Пярсценак прадракау вяселле, шчэпка - пахаванне, грошык - багацце.

Ад паганскіх вясенніх "кулікоу" пайшлі пазней і пасхальные "кулічы". [13, с. 310]

Вечарам дзяўчаты раскладвалі вогнішча, спявалі ля яго гукальныя вяснянкі і вадзілі карагоды, а таксама, як на Купалле, скакалі праз агонь. Гэтае вогнішча сімвалізавала канец зімы і ачышчэнне зямлі. Тут жа пад дрэўцам, на праталіне, сядалі кругам і елі сыр, масла, кашу і абавязкова вараныя яйкі.

Благаславіце, старыя дзеды,

Ой, вясну красну пагукаці,

Пагукаці,

Цёплага лета даждаці,

Даждаці.

Цёплае лета на вуліцы,

На вуліцы,

Халодная зіма ў каморачцы,

У каморачцы.

А зірну-гляну на вуліцу,

На вуліцу:

Ці ўсе вулачкі падмецены,

Падмецены,

Ці ўсе дзевачкі павенчаны,

Павенчаны?

Адна й вулачка не мецена,

Не мецена,

Адна дзевачка не венчана,

Не венчана.

Пантэон славянскіх багоў таксама не заставаўся ў баку. На "саракі" ўшаноўваліся Белабог - пакравіцель жыцця, прарадзіцель людзей, чые ймя пайшло ад словаспалучэння "на белым свеце" - на гэтым свеце, не "на тым". І Жыва, яго жонка, багіня-маці, адказная за нараджэнне, адраджэнне, абуджэнне зямлі, народзіны і нованарожджаных дзетак. У сучасным жыцці можа лічыцца пакравіцельніцай акушэраў. У гонар Белабога і Жывы спявалі песні, а іх сымбалі упрагожвалі першымі кветкамі. [13, с. 311]

Галоўнай ідэяй веснавога цыклу народных свят была ідэя адраджэння і аднаўлення прыроды. Вясной пачынаюцца самыя адказныя сялянскія работы: ворыва, сяўба, выган скаціны ў поле.

Абуджэнне прыроды пасля працяглай зімовай спячкі патрабавала аднаўлення чалавека. Ён імкнуўся ачысціць сваю душу, падрыхтаваць арганізм да пераходу на новую ежу. На гэты час выпадае самы працяглы Вялікі пост. Як бы просячы прабачэння ва ўсяго жывога, селянін не толькі не забіваў у пост ніякай скаціны, але не гатаваў малочных і мясных страў.

Нашы продкі лічылі пачаткам года вясну. Год пачынаўся альбо 1 сакавіка па старому стылю, альбо 21 сакавіка - з тыдня веснавога раўнадзенства.

— Да вясна красна,

Дзе ты была?

Да што ты нам прынясла?

— Прынясла хлопцам па лясачцы,

А малым дзецям па кружочку,

Малоданькам па чэпчыку,

А дзевачкам па кветачцы.

Каб хлопчыкі ў войска пайшлі,

А малыя дзеткі хутка раслі,

Малоданькі ўбраны былі,

Красны дзеўкі замуж пайшлі.

Ты, пчолачка ярая,

Ды вылець за мора,

Ой, ляло, ляло,

Ты вылець за мора.

Ты вынесі ключыкі,

Ключыкі залатыя,

Ой, ляло, ляло,

Ключыкі залатыя.

Адамкні лецечка,

Лета цёплае,

Ой, ляло, ляло,

Лета цёплае.

Замкні зіманьку,

Зіму сцюдзёную,

Ой, ляло, ляло,

Зіму сцюдзёную.

Асноўны матыў песняў-гуканняў зводзіўся да проціпастаўлення састарэлай зімы доўгачаканаму лету.

Зіма з летам сустракаецца,

Пра здаровейка пытаецца:

- Ой, чалом, чалом, да цёпла лецечка!

- Ой, здарова была, да халодна зімачка!

- Што цябе, лецейка, узвелічаюць,

Мяне, зімачку, праклінаюць?

- Бо ты, зімачка, халодная,

Лугі, балоты памарозіла,

Ой, я, лецечка, да вясёлае,

Лугі, горы ізмачыла,

Лугі, горы ўзвесяліла;

Ой, там хлопчыкі збіраюцца

Да на мёд, віно складаюцца;

Ой ты, Іваначка, кладзі больш за ўсіх,

Твая Ганначка лепш за ўсіх.

Заспяваная на пагорку песня далёка неслася ў чыстым паветры. Спявачкі з дзвюх вёсак па чарзе выконвалі па адным радку. Кожны радок песні заканчваўся працяглым рэфрэнам-гуканнем: "у-у-у" . Перагукванне спявачак доўжылася да самага вечара.

Благаславі, Божа,*

Прачыстая маці,

Вясну закукаці,

Зіму замыкаці.

Лета ў карэце,

Зіма ў вазочку -

Па белым сняжочку.

Благаславі, Божа,

Вясну клікаць,

Зіму праважаць,

Лета дажываць!

Вылеці, сізая галачка,

Вынесі залатыя ключы,

Замкні халодную зіманьку,

Адамкні цёплае лецечка.

* - кожны радок паўтараецца.

Практычна па ўсёй тэрыторыі Беларусі распаўсюджана песня на матыў "Вол бушуе - вясну чуе".

Вол бушуе - вясну чуе.

Годзе, воле, бушаваці,

Паедземо ў поле араці.

Там травіца шаўковая

І вадзіца крынічная.

Шуміць, гудзе - вясна ідзе,

Шчасце й радасць людзям нясе.

У небе песня зазвінела,

Лясы, палі абудзіла.

Пралесачкі зацвівелі

І птушачкі прыляцелі.

Вол бушуе - вясну чуе,

Дзеўка плача - замуж хоча.

Досыць, волік, бушаваці,

Яшчэ ў полі наарэшся.

Досыць, дзевачка, плакаці,

Пойдзешь замуж - нажывешся.

Благаславі, Божа,

Вясну заклікнуці,

Лета сустракаці!

Прыйдзі, вясна,

Прыйдзі красна!

Кожны радок гэтай песні заканчваецца працяглым выгукам выклічніка “Гу-у-у!”, з дапамогай якога выканаўцы пасылалі ў наваколле моцныя энергетычныя вібрацыі, якія, меркавалася, павінны абудзіць зямлю, наваколле, даляцець да птушынага выраю і свету памерлых продкаў. Зразумела, што найбольшага эфекту рэфрэн-узбуджальнік мог дасягнуць тады, калі абрад праводзіўся на ўзвышшах або іншых адкрытых прасторах. Калектыўная магія ўвогуле была адной з самых важных складовых частак каляндарных сямейна-родавых абрадаў беларусаў.

Вясна-вясна на калочку - 2р.

Не напрала на сарочку. “Гу-у-у!”

Вясна-вясна на прыпечку

Не напрала на світэчку. “Гу-у-у!”

Вясна- вясна да й на печы

Не напрала ды й на плечы. “Гу-у-у!”

Вясна -вясна ў калітцы

Не напрала на спадніцы. “Гу-у-у!”

Вясна-вясна дай на ганку

Не напрала на вышыванку. “Гу-у-у!”

Пумажы, Маці, нам вясну гукаці

Божа дай ,Божа дай,

Божа пумажы (паўтор)

Зарадзі, Божа, жыта густыя

Жыта густыя, каласістыя

Хоць адзін колас дык на ўвесь голас

Хоць адно зярно, дык на ўсе гумно. [8, с. 65]

У некаторых мясцовасцях вясну пачыналі клікаць на Звеставанне (Дабравешчанне), якое адзначалася 25 сакавіка. Месцам правядзення свята звачайна было высокае адкрытае месца: горка, бераг ракі ці возера, край лесу ці проста дахі хат і лазняў. Вось як апісаны абрад гукання ў Гомельскім павеце Магілёўскай губерні ў кнізе П. В. Шэйна: “Звычайна само гуканне адбываецца ў нас так: гурты дзяўчат збіраюцца на самыя ўзвышаныя месцы ў вёсцы, каля гумнаў; пасцілаюць там салому і, пасеўшы на яе ў рады, пяюць да позняй ночы веснавыя песні. Гэтыя песні разносяцца тады па ўсіх навакольных “зборных пунктах”. Часта спяваюць па чарзе: у адным месцы пачнуць і спыняцца, у другім працягваюць”. На Палессі існаваў звычай збірацца на беразе ракі, возера.

А вясна, вясна, вясеначка,

Вясеначка,

Развесяліла ўсе вулачкі,

Усе вулачкі.

Да ўсе вулачкі-праталачкі,

Праталачкі.

Да дзе хлопчыкі збіраліся,

Збіраліся,

На мёд-гарэлку складаліся,

Складаліся.

— Кладзі, дзяцінка, болей за ўсіх,

Болей за ўсіх,

Твая дзевачка луччы за ўсіх,

Луччы за ўсіх:

Яна беленька, румяненька,

Румяненька,

На работачку слухмяненька,

Слухмяненька.

Яна свёкарку паслухае,

Паслухае,

Возьме вядзерца пастукае.

Прыйдзі, прыйдзі, вясна,

Прыйдзі, прыйдзі, красна,

К нам у таночак,

Прынясі нам збожжа,

Прынясі нам красак,

Каб нам звіць вяночак.

Едзіць вясна, едзіць

На залатым кані,

У зялёным саяні,

На сасе седзячы,

Сыру зямлю аручы,

Правай рукой сеючы,

А смыком скародзячы.

Вязець, вязець вясна,

Вязець, вязець красна

Ясныя дзянёчкі,

Частыя дажджочкі,

Зялёныя травы,

Красныя цвяточкі

Нам на вяночкі. [7, с. 54]

Важным момантам было паленне агню. Складалі вогнішча з мялля і ўсякай старызны і спявалі ля яго вяснянкі. Часам, як і на купальскія ігрышчы, моладзь ладзіла скокі праз агонь. У Чачэрскім раёне існаваў звычай падпальваць старое кола і пускаць яго на плыце па рэчцы. У рытуале раскладання агню мы бачым адгалоскі старажытных магічных дзеяў: пазбаўленне ад непатрэбнай рэчы па прынцыпе падабенства цягне за сабою пазбаўленне ад непажаданай з’явы; таксама ўзнікаюць асацыяцыі з ахвярным полымем.

К. Кабашнікаў запісаў на Палессі Чачэрскага раёна тэатралізаваны элемент Гукання вясны на Звеставанне: “звязваюць плот”, на яго кладуць старое калясо, запальваюць, пускаюць па рэчцы і ідуць з песнямі вяснянкамі ў край сяла, да маста, потым сустракаюцца з другім сялом, вуліцай, святкуюць”. Запаленае кола тут магічна “гукала” разгаранне сонца.

На Звеставанне клікалі і буслаў: “Бусел, бусел, на табе галёпу (пірог), а ты мне дай жыта копу, на табе сярпа, а ты мне жыта снапа”, дражнілі іх: “Бусел-клекатун цягаў бабу за каўтун”. [6, с. 76]

Культ расліннасці з траецкіх святкаванняў часам трапляў і ў раннюю веснавую абраднасць (у Любанскі раён Мінскай вобласці быў зафіксаваны звычай кідаць на бярозу кастрыцу).

У шмат якіх мясцовасцях у абрад гукання вясны ўваходзіў звычай пячы “жаваранкаў”. Увогуле, абрадавае печыва ў выглядзе больш ці менш стылізаваных птушак ці бусліных лапак характэрна для ўсіх славянскіх народаў. Птушкі з’яўляюцца часта сустракаемым вобразам, да якога звяртаюцца ў вяснянках.

Выпяканне птушак і найперш “жаўранкаў” тлумачыцца тым, што якраз гэтыя птушкі з’яўляліся першымі і самымі раннімі вестунамі набліжэння цяпла. Назіранні за паводзінамі птушак дапамаглі нашым продкам бездакорна арыентавацца ў зменах прыроды. Яны маглі прадказаць надвор’е як на некалькі дзён наперад, так і на больш аддаленую перспектыву, што было для селяніна надзейным прадказальнікам для правядзення адпаведных земляробчых работ. Напрыклад, ранні прылёт ластавак прадказваў дружную вясну. Лічылі, калі гракі прыляталі раней святой Аўдакеі (14 сакавіка) -- быць лету мокраму. Лепшым тэрмінам прылёту гракоў лічылі 17 сакавіка -- дзень ушанавання святога Герасіма, на Беларусі казалі так: “Святы Герасім гракоў прыгнаў”; “Калі гракі сядзяць ужо ў гнёздах -- вясна будзе дружная, праз тры дні можна выходзіць на поле; калі лётаюць бязмэтна або іх увогуле не відаць -- вясна будзе позняя”. [5, с. 342]

Вялікая колькасць прымет звязана з бусламі, шпакамі, варонамі, жураўлямі і некаторымі іншымі відамі птушак. Паралель прасочвалася самая непасрэдная. З далёкага выраю птушкі прыляталі ў пэўнай паслядоўнасці: “На Саракі, паводле народнага павер’я, вылятае з цёплага краю вястун вясны жаваранак; пасля яго -- гракі, што бывае за 12 дзён да адкрыцця вады; потым качкі і журавы і нарэшце зязюля, якая, як кажа народ, пачынае кукаваць за 12 дзён да святога Георгія (6 мая)”. Апошнімі прыляталі салаўі -- птушкі кахання.

Да птушак беларусы ставіліся як да істот, якія звязаны з вы-Раем -- месцам знаходжання душ памерлых продкаў. Таму іх прылёт з Выраю ўспрымаўся абвесткай новага жыцця, адушаўлення-ажывання прыроды. Разуменне зместу дадзенай міфалагемы дазволіць нам патлумачыць некаторыя асаблівасці пэўных абрадавых дзеянняў.

Да выпякання “птушак” гаспадыня запрашала дзяцей. Яны пры дапамозе спецыяльных папяровых або драўляных форм выразалі з цеста выявы птушак і клалі іх на хлебную лапату або на капусныя лісты, а потым на патэльню. Колькасць “птушак” вагалася ў залежнасці ад мясцовай традыцыі -- недзе ад дваццаці да сарака. Такое вялікае разыходжанне тлумачыцца тым, што сорак галушак выпякалі ў тым выпадку, калі гуканне вясны праводзілася адначасова з Саракамі.

Палявыя запісы, зробленыя ў канцы 20-га ст. студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф.Скарыны пад кіраўніцтвам В.С.Новак, яскрава сведчаць пра тое, што фактычна ў кожным раёне Гомельшчыны былі свае адметнасці ў выкананні абрадаў гукання вясны. Вось толькі некаторыя з іх:

-- у Рэчыцкім раёне птушак не выпякалі, а рабілі з гліны. Моладзь бегала з імі па вёсцы, падкідвала ўгару і спявала песні-вяснякі:

А святое Благавешчанне,

А святое Благавешчанне,

Благаславі, Божа.

Дай, Божа, вясну красну

Да на цёплыя лета,

Да на густыя жыта,

На густыя, ядраністыя,

Коласам каласістыя!

А ў полі -- капамі,

А ў клеці -- караблямі.

— Ой ты, жаваранку, ранняя пташка,

Чаго так рана з выраю вылецеў?

— Мяне пташкі белыя з выраю ганілі:

Ляці, жаваранку, у сваю старонку,

Там табе вадзіцы па самыя крыльцы,

Там табе гарошку па самы дзюбочак,

Там табе травіцы па самы каленцы.

У Буда-Кашалёўскім раёне рабілі птушкі-свісцёлкі, у якія хлапчукі спачатку свісталі, а затым гучна казалі:

Прыйдзі, вясна, прыйдзі, красна,

Адамкні лецечка, замкні зімачку. [11, с. 54]

Адразу пасля таго як печыва дастануць з печы, гаспадыня выконвала абавязковае рытуальнае дзеянне -- кідала назад у печ адну “птушачку” -- прыносіла ахвяру, можа, вясне, можа, агню, можа, добраму духу хаты...

Пэўную абрадава-магічную ролю грала і гушканне на арэлях. Чым вышэй арэлі падляталі, тым вышэй, паводле павер’яў, будзе расці лён і іншыя расліны.Існаваў цыкл “арэльных” песень, які выконваўся падчас гушканняў.

У Салігорскім раёне Мінскай вобласці захаваўся абрад “затанцоўвання” вясны. Па структуры ён падобны да калядных і валачобных абыходаў. Моладзь збіралася ў гурт і абыходзіла кожны двор, дзе вадзіла карагод. Гаспадарам зычылі добрага ўраджаю і дабрабыту. Самому карагоду таксама прыпісваліся магічная сіла: па-першае, кола – старажытны сімвал абароны, захаванасці; па-другое, падчас яго выконвалася абрадавая песня-замова: “Дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць...” [11, с. 65]

Дзякуй Богу, што вясна прыйшла - 2р.

Я малода каля жыта пайшла

Расці жыта караністае

Караніста лапушыстае

Каб у трубы пакачалася

Каб я малада нажалася

І снапочкаў нанасілася.

Багаславі, Божа, Прачыстая Маці,

Вясну загукаці, зіму замыкаці.

Лета ў карэце, зіма ў вазочку

Па белым сняжочку.

Харашо вясной (карагод)

Харашо вясной да поле чыстае

Вой лі, вой люлі да поле чыстае

Муравой травой да поле ўкрашана

Ўсё цвяточкамі да ўсё душыстамі

А ранняй вутраю да прымаражу я

Ад сырой зямлі да жыта краснае,

К небу чыстаму да падымаецца

Залатой (і) колас (і) да расцвітаецца

Залатой (і) колас (і) да наліваецца

Залатой (і) колас (і) да паспяваецца.

Мядуніца (карагод)

Мядуніца,мядуніца лугавая ,

Ой,лугавая.

Чом ня пахнеш,

чом ня пахнеш па усім лузе,

Ой, па ўсім лузе.

Як мне пахнуць,

як мне пахнуць па ўсім лузе.

Ой, па ўсім лузе!

Стары бабы, стары бабы прысядзелі,

Ой, прысядзели.

Маладухі, маладухі прыстаялі,

Ой, прыстаялі.

Красны дзеўкі,

красны дзеўкі прыскакалі,

Ой, прыскакалі.

Малы дзеткі, малы дзеткі прытапталі,

Ой, прытапталі.

У іншых славянскіх і еўрапейскіх народаў не было звычаю выдзяляць сустрэчу вясны ў асобны абрадава-святочны комплекс. Гуканне вясны уваходзіла ў іншыя святы, таму было рухомым па часе. У заходнееўрапейскіх народаў яно перакрывалася масленічнымі карнаваламі, не без уплыву хрысціянскай традыцыі.

У сучасным сьвеце, дзе пануе глабалізацыя і уніфікацыя, для любога народа вельмі важна не згубіць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Зварот да духоўных здабыткаў продкаў дазваляе нам глыбей пазнаць іх уяўленьні аб навакольным свеце і аб месцы ў ім чалавека.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]