Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЛУЦКЕВІЧ Ан..doc
Скачиваний:
11
Добавлен:
22.07.2019
Размер:
138.75 Кб
Скачать
  1. Літаратуразнаўчыя кнігі а.Луцкевіча.

Канец 20-х гадоў – асобны перыяд у жыцці Луцкевіча-крытыка. У 1929 годзе ў Вільні выйшла новая кніжка яго крытыкі «Адбітае жыццё» з падзагалоўкам : «Лекцыі і стацці з беларускае адраджэнскае літаратуры. Кніжка 1», у якую сабраны, па меркаванні аўтара, артыкулы, напісаныя за гэты час. Акрамя таго, канец 20-х гадоў вызначаецца і рэзкаю зменаю палітычнай сітуацыі. Калі папярэдняе дзесяцігоддзе мела пэўную стабільнасць і нарастанне беларускага руху, ідэі нацыянальнага адраджэння, то канец 20-х гадоў прынёс пагромы нацыянальнай інтэлігенцыі ва Усходняй Беларусі, а таксама масавыя рэпрэсіі ў Заходняй Беларусі. Усе гэтыя падзеі не маглі не паўплываць на беларускую літаратуру, якую А.Луцкевіч паважаў за “адбітае жыццё”, “бо ж літаратура наогул, а наша адраджэнская – асабліва, і ёсць адбітак жыцця”.

Яна ўяўляе сабой зборнік лекцый і крытычных артыкулаў розных гадоў. Паводле задумы гэта была першая кніжка, падрыхтаваная аўтарам як дапаможнік па беларускай літаратуры для настаўнікаў, студэнтаў і вучняў. Гэты зборнік вылучаецца дастатковай кампазіцыйнай прадуманасцю. Ён змяшчае паэтапна выкладзеныя матэрыялы: ад тэарэтычных пытанняў адносна сутнасці літаратуры да разгляду творчасці пісьменнікаў, асэнсавання найбольш значных тэмаў і праблем у беларускай літаратуры. Нельга аддаць перавагу нейкаму аднаму метаду, якім карыстаецца крытык. Прааналізаваўшы ранейшыя працы, а зараз і зборнік «Адбітае жыццё», мы можам убачыць сінтэз, спалучэнне сацыялагічнага метаду з эстэтычным асэнсаваннем мастацкіх вартасцей твораў. Яго дапаўняе прынцып гістарызму, як і арыентацыя на выяўленне нацыянальна-адраджэнскай значнасці літаратурных з`яў.

На думку крытыка Уладзіміра Конана, гэтая кніжка “магла б стаць сапраўдным адкрыццём беларускай літаратуры для еўрапейскага чытача, каб у свой час яе пераклалі на французскую, нямецкую ці англійскую мову. Тут крытык паспрабаваў развіць тую плынь літаратурна – эстэтычнай думкі, якую гвалтоўна спынілі рэпрэсіі супраць «Узвышша»: хацеў “упісаць” нашу літаратуру ў кантэкст агульнаеўрапейскай эстэтыкі і мастацкай культуры” [7, 38].

Адметнасць некаторых артыкулаў у зборніку «Адбітае жыццё» -- аульнатэарэтычныя развагі аўтара. Сваю арыгінальную сістэму поглядаў на прыгожае пісьменства А.Луцкевіч развівае ў першым сваім артыкуле зборніка літаратуразнаўчага характару «Істота літэратуры і яе грамадскае значэньне». Аўтар даследуе ўзнікненне розных відаў мастацтва і яго ўзнікненне звязвае з зараджэннем і развіццём чалавечага маўлення. Усе віды мастацтва, -- разважае А.Луцкевіч, -- гэта вынік патрэбы самавыяўлення. Літаратура – гэта самавыяўленне ў слове, якое мае мастацкую форму. Слова, як лічыць крытык, -- найбольш аб`ектыўны спосаб самавыяўлення. Крытык асэнсоўвае праблему ўзаемасувязі формы і зместу. Па ступені іх гарманічнага ўзаемадапаўнення ён вызначае мастацкі ўзровень твор: “Чым мацней узварушаецца душа наша, чым большая ілюзія праўды выклікаецца ў нас гэтым творам, тым вышэй мера ягонае мастацкасьці” [11, 305]. Калі размова заходзіць пра форму, то галоўным пытаннем у літаратуры з`яўляецца рытм, “бо ж і ў творах, пісаных прозай, і ў вершаваных творах бачым зусім натуральны падзел мовы і прыпынкі ў ёй, выкліканыя, з аднаго боку, патрэбай “перавесці дух”, з другога – біццём нашага сэрца. Стуль – разнароднасць будовы і верша, і сказаў у прозе, залежныя ад нашага ўласнага ўзварушэння, ад тэмпу, шыбкасці біцця сэрца і дыхання” [11,305].

Найважнейшым у мастацкім творы А.Луцкевіч лічыць прыгажосць, красу. Ён разглядае красу як тое, “што дае духавое ўзварушэнне”. Разглядаючы адрозненні паміж паэзіяй і прозай, паэтамі і празаікамі, А.Луцкевіч прызнае менавіта за паэтамі надзвычайную ролю ў жыцці нацыі. Ён называе Вялікіх паэтаў “правадырамі”, “прарокамі народаў” і лічыць, што менавіта яны ўяўляюць сабе шляхі лепшай будучыні лягчэй, чым “кожны звычайны чалавек, маючы ў сваім творстве элемент прадбачаня, яснавідства”. Крытык бачыць вялікае грамадскае значэнне паэзіі па прычыне таго, што “гэта выяўленне не толькі індывідуальнасці поэта, але і зборнае душы народа, які яго ўзгадаваў”. Што датычыцца літаратуры наогул, то крытык лічыць яе “найлепшым правадніком новых ідэй”, “сапраўднай школай народаў”.

А.Луцкевіч выказвае свае меркаванні наконт перыядызацыі беларускай літаратуры, паклаўшы ў яе аснову нацыянальна-грамадскія тэндэнцыі і выдзяляючы два асноўныя перыяды : ад пачатку пісьменства да канца ХVIII стагоддзя і перыяд Адраджэння – ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Але гэта перыядызацыя даволі схематычная.

Заканамерна, што другі артыкул зборніка «Адбітае жыццё» прысвечаны шляхам станаўлення нацыянальнай самасвядомасці ў ХІХ - пач. ХХ ст., а таксама ролі літаратуры ў гэтым працэсе. Артыкул носіць назву «Эвалюцыя беларускае адраджэнскае ідэолёгіі і адбіцьцё яе ў літэратуры». Гэты артыкул сугучны разгледжанай намі працы «Пуцяводныя ідэі беларускай літэратуры» (1921г.) паводле вызначэння этапаў развіцця адраджэнскай ідэалогіі, ролі паэтаў у іх. А.Луцкевіч пачынае свой гістарычна-літаратурны агляд з дзейнасці фалькларыстаў (“краёвых інтэлігентаў”), шляхоцкіх пісьменнікаў і заканчвае творамі У.Жылкі. Крытык вылучае станаўленне нацыянальнага і сацыяльнага ідэалаў як характэрных з`яў літаратуры пэўных этапаў. На яго думку, сваё зліццё ідэалы атрымалі яшчэ ў народніцкім руху. Гэта знайшло сваё адлюстраванне ў творчасці Ф.Багушэвіча : культ роднае мовы (“каб не ўмёрлі”) і “апофеёз мужыцкага мазаля” ў вершы «Не цурайся».

Рамантызм пачатку ХІХ стагоддзя аб`ектыўна зварочваў погляды творцаў на мінуўшчыну свайго народа. Але прыналежнасць пісьменнікаў да шляхты, якая і па нацыянальнай свядомасці ўжо шмат у чым адрознівалася ад беларускага сялянства, прывяла да таго, лічыць А.Луцкевіч, што “літаратура ХІХ ст. страшэнна бедная па сваёй ідэалогіі”. Крытык падае і прычыну такога становішча. Ён лічыць, што такое становішча ў беларускай літаратуры тлумачыцца становішчам у грамадстве, дзе “шляхта баіцца актыўнасці масы”. Крытык называе тых, хто хоча бачыць у сваіх творах такую актыўную масу. Сярод іх – “лірнік вясковы” У.Сыракомля ды К.Каліноўскі.

Наступны крок у развіцці нацыянальнай ідэалогіі зроблены народнікамі – Ф.Багушэвічам, Я.Лучынай і г. д. Крытык падкрэслівае, што яны абапіраюцца на патрыятызм, але “іх нацыянальны ідэал – дужа вузкі, аднабокі: усё зводзіцца да культу роднае мовы, -- «каб не ўмёрлі»” [11, 306]. І толькі новая адраджэнская плынь прыводзіць творцаў да разумення і асэнсавання імі ў літаратуры ідэі нацыянальнай незалежнасці, як перадумовы развіцця нацыі: “Ад дамагання звычайнага мясцовага самаўрадовання, палітычны ідэал беларускіх адраджэнцаў... праходзе праз фазы аўтанамізму, федэралізму і ўрэшце – дзяржаўнае незалежнасці” [11, 307].

У наступных артыкулах А.Луцкевіч звяртаецца да асэнсавання творчасці асобных пісьменнікаў перыяду Адраджэння. Праца «Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.)» напісана на пятыя ўгодкі смерці пісьменніка. У ёй крытык разглядае жыццё і творчасць Ядвігіна Ш., дзе адбіўся светапогляд прадстаўніка “нашае спольшчанае краёвае інтэлігенцыі”. Як сцвярджае крытык, фарміраванне гэтай краёвай інтэлігенцыі адбывалася пад уплывам рамантызму, які “імкнуўся да ўсяго свайго – свае мінуўшчыны, свайго народнага творства, сваіх уласных асаблівасьцей”. У светапоглядзе пісьменніка як характэрная рыса творчасці вызначаецца спалучэнне шляхецкіх і народніцкіх элементаў. Яго апавяданні, лічыць крытык, з`яўляюцца “па свайму зьместу як быццам пераказам у прозе таго, што даў Бурачок у вершах” [13, 30]. У іх -- той жа пратэст, абурэнне, вострая крытыка («Рабы», «Цырк» і інш). Заслугу Ядвігіна Ш. А.Луцкевіч бачыць найперш у тым, што мастак здолеў выявіць народную душу – і ў гуманістычных апавяданнях («Суд», «Важная фіга», «З маленькім білецікам»), і ў бытавых абразках («Гаротная»), байках, дзе “не чуецца, нягледзячы на шляхотны сьветапогляд, ні фальшывых нотак, ні ненатуральнасці ” [13, 32]. Такім чынам, крытык дае высокую ацэнку творчасці Ядвігіна Ш. Ён называе яго першым, калі не па вартасці, дык храналагічна беларускім пісьменнікам-празаікам. Падкрэслівае свежасць яго апавяданняў, шчырасць пачуцця і лёгкасць формы, багацце мовы, у чым і з`яўляецца цэннасць яго твораў.

Да 20-годдзя творчага шляху паэта быў напісаны артыкул «Якуб Колас». Захоўваецца той жа прынцып паслядоўнай падачы матэрыялу: коратка падаецца эпоха, біяграфія і, менавіта, разгляд творчасці. А.Луцкевіч называе Я.Коласа наватарам. Гэта бачна з наступных радкоў: ён “вялікі мастак слова, які сам выйшаў з народнае гушчы і даў сапраўднае і поўнае выяўленьне беларускае сялянскае душы... праз ягоныя вусны прамовіў сам народ” [13, 37]. Крытык прасачыў змену настрояў Я.Коласа і заўважыў “нервовасць і хваравітую ўражлівасьць” вершаў паслярэвалюцыйнага перыяду, але ў той жа час і прысутнасць аптымістычных настрояў у зборніку «Водгульле». На яго думку, асноўнай жывіцельнай крыніцай, якая натхняе на творчасць, з`яўляецца сам народ і сама прырода. “Цудоўнаю паэмаю” лічыць А.Луцкевіч «Новую зямлю» і падкрэслівае выключнасць таленту Коласа-пейзажыста : “Першы сярод нашых песняроў у галіне малявання прыроды, і поэма яго «Новая зямля» з гэтага погляду ня мае сябе роўнае ў нашай літэратуры” [13, 39]. Крытык раскрывае адметнасці мастацкага стылю Коласа і бачыць яго асноўную рысу ў “мяккасьці тонаў”, мілагучнасці, лёгкасці вершаў, багацці паэтычных вобразаў: “І сіла ілюзіі, якую нам дае аўтар у сваіх творах, з`яўляецца сапраўднай мерай мастацкасьці іх” [13, 39].

Жыццёваму і творчаму шляху, эвалюцыі мастацкага светаадчування Я.Купалы прысвечаны артыкул А.Луцкевіча «Напевы ліры Янкі Купалы». Гэты артыкул пісаўся А.Луцкевічам у 1929г. Як лічыць даследчыца К.Мароз у сваім аналізе крытыкі А.Луцкевіча, ён “падае змястоўныя біяграфічныя звесткі, прычым некаторыя з іх уяўляюць пэўную цікавасць. Напрыклад, факт, што першыя вершы па-беларуску Купала паказаў Ул.Самойлу ў Менску, Яну Офенбэргу ў Радашковічах і пазней – самому А.Луцкевічу, -- менавіта яны ўпэўнілі пачынаючага паэта, што толькі ў беларускай, народнай стыхіі можа развіцца яго талент” [11, 308]. Крытык паказвае, што “вялікі паэт” вырас са звычайнага ”вясковага хлопца” і стаў “правадыром свайго народа”, надзвычай тонка падкрэслівае прыроду яго таленту: “Глыбока схоплены дух, здольнасць схопліваць самае істотнае ў рэчах і з`явішчах, утоены юмор – усё гэта злучалася ў Купалы ад самага пачатку з лёгкасьцю мовы, пачуццём рытму, сілай экспрэсіі і музыкальнасцю” [13, 45].

У сувязі з духоўным ростам Я.Купалы, удасканаленнем яго мастацкага густу і “сьвядомага пачуцця красы” звязвае крытык творчую эвалюцыю паэта. Дзякуючы гэтаму, ён падзяляе творчасць Я.Купалы на 4 перыяды і на кожным з іх спыняецца падрабязна. Так, першы перыяд “абыймае пачатковую творчасьць” – зборнік «Жалейка», калі Купала тварыў пераважна ў вёсцы, дзякуючы ”іскры Божай”. Крытык гаварыў, што малады паэт развіваў багушэвіцкія матывы, але адначасова бачыў і істотныя адрозненні ў тым, што пайшоў далей – да сцверджання чалавечай і нацыянальнай годнасці беларусаў і барацьбы за яе.

Крытык звяртае ўвагу на неакрэсленасць паэтычнага credo паэта, хоць ужо “два імпульсы ўзварушаюць яго душу” – гэта краса прыроды і ідэя нацыянальнага адраджэння. Ён адзначае, што паэт “яшчэ ня шмат вырас па-над духовым узроўнем сваёй вясковай сфэры” [13, 47]. Паводле А.Луцкевіча яшчэ няма “захаплення красой прыроды дзеля самой красы”. А гэта значыць, што пакуль няма выпрацаванага эстэтычнага густу, што ў сваю чаргу, падкрэслівае Луцкевіч, вельмі важна для творчай натуры.

Другі перыяд – гэта перыяд пераходны, калі выходзіць зборнік «Гусляр». У ім Купала “стаўляе першыя самастойныя крокі на мясцовым бруку”. Зборнік мае сумны, песімістычны настрой, таму што прыпадае на час жорсткай палітычнай рэакцыі. У зборніку Я.Купала звяртаецца да філасофскіх праблемаў быцця. Ён “пазнаў чароўную сілу мастацкай творчасьці... як той гусляр, па струнах душы сваёй ударае... паказваючы «к сонцу зорны шлях»” [13, 48].

Трэці перыяд – перыяд поўнай самасвядомасці паэта як мастака і правадыра народа. Гэты перыяд, на думку Луцкевіча, аб`ядноўвае зборнікі «Шляхам жыцця» і «Спадчына», а заканчваецца ён “мамэнтам будаваньня самастойнай Беларусі”. Аўтар выяўляе ўплывы на Купалу польскіх рамантыкаў – А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай і інш., рускіх паэтаў – Бальмонта і Брусава, украінскага кабзара Т.Шаўчэнкі. Польскія рамантыкі навучылі глядзець у мінуўшчыну, выкарыстоўваць фальклор, а іншыя паэты далі яму новыя формы верша, навучылі звязваць форму са зместам і вар`іраваць з рытмам. На думку крытыка, гэтым тлумачыцца “велізарны поступ у творчасьці песняра”. Паглыбіўся і светапогляд Купалы, ускладнілася яго разуменне катэгорый – красы, кахання. У іх бачыцца крыніца творчага натхнення: “Ён ужо інакш убірае ў сваю сьвядомасьць красу, знаходзе яе там, дзе раней не шукаў і не спадзяваўся знайсьці... Любоў для яго – гэта імпульс, пабуджэньне да тварэньня красы” [13, 50]. Гэта датычыцца, напрыклад, верша «Для яе». На думку А.Луцкевіча, у зборніках гэтага перыяду Купала ў поўнай меры выступае як прарок свайго народа, як прарок Адраджэння. Прыклад таму – вершы «Ужо днее», «Прарок», «Наша песня». Ён свядома становіцца і на шлях “павадыра”, зноў яму ўяўляецца рух масаў як “вялікі сход”, на які заклікаў яшчэ ў 1913 годзе ў п`есе «Раскіданае гняздо». Гэты матыў гучыць у вершах «Час», «На сход» і інш.

Чацвёрты ж перыяд – “перыяд аканчальнага сацыяльнага самавызначэньня поэта” (зборнік «Безназоўнае»). Тут А.Луцкевіч выказвае ненатуральна аптымістычныя сцверджанні наконт рэалізацыі нацыянальнай ідэі ва Усходняй Беларусі, настрояў “вольнага чалавека” у паэзіі Купалы .

Наступны артыкул -- «Максім Багдановіч» з падзагалоўкам «У дзесятыя ўгодкі смерці яго» -- істотна дапаўняе сказанае крытыкам раней. Стану душы і эстэтычным поглядам крытыка вельмі блізкай была паэзія “чыстай красы” Багдановіча. Крытык пачынае артыкул кароткімі біяграфічнымі звесткамі з жыцця М.Багдановіча. Затым плаўна пераходзіць да тлумачэння таго, што мы павінны зразумець і ацаніць “велізарную ўтрату” [10, 12] у асобе песняра. Крытык параўноўвае паэзію Багдановіча, Купалы, Коласа і заўважае арыгінальнасць паэта, яго адметны індывідуалізм. Ён называе М.Багдановіча “паэтам паўтонаў”, які “свае фарбы... бярэ з паблеклых старадаўніх тканін, з малюнкаў сьвятых кніг, пісаных многа сот лет таму назад на пергаменце, з засохшых красак родных палёў...” [10, 12]. Крытык заўважае, што сама прырода дапамагае М.Багдановічу ў яго творчых пошуках. Гэта і “маўклівыя русалкі”, і “лясун”, і “вадзянік, пакрыты адвечным ілам” [10, 12]. Такім чынам, А.Луцкевіч робіць вывад, што Багдановіч – “паэта паўтонаў... паўтонаў у фарбах, у гуках, перажываньнях...Вось асноўная рыса творчасьці Максіма Багдановіча” [10, 12].

Крытык лічыць, што ён стварыў у беларускай паэзіі “новую гармонію”, раскрыў новыя магчымасці для яе развіцця. Прычым у аснову гэтай гармоніі, па меркаваннях Луцкевіча, Багдановіч “паклаў лад мінорны”. І зноў жа тлумачыць гэта яго індывідуальнасцю. Трэба адзначыць, што тон паэзіі песняра крытык параўноўвае з “сумам і тугой бесьсмяротных твораў Шопэна” [10, 12]. Як ні ў кога, крытык назірае поўную гармонію суадносін формы і зместу ў творах паэта: “Багдановіч датуль працаваў над кожным сваім вершам, датуль шліфаваў яго, пакуль не даходзіў да таго, чаго жадаў”[10, 13].

Неацэнную каштоўнасць паэзіі “паэта чыстае красы” бачыць Луцкевіч і ў тым, што ён змог “выказаць роднай мовай усё, што перажывае не толькі народ просты, але і інтэлігент еўрапейскага тыпу” [10, 13]. Ён сцвярджае, што паэзія М.Багдановіча носіць агульнанацыянальны характар. Крытык адзначае, што “нацыянальнае стаецца агульналюдскім праз укрытую ў ім чыстую красу. Праўдзівая краса прамаўляе да душы і сэрца кожнага, хто здолен яе адчуваць, незалежна ад таго, які народ творыць яе” [10, 14]. На думку даследчыка, Багдановіч адкрыў сапраўднае хараство ў сваім, родным, таму яго творы маюць такую агульначалавечую каштоўнасць. Заканчваючы артыкул, Луцкевіч упэўнены, што творчасць Багдановіча ніколі не згубіць сваёй каштоўнасці, “бо краса ніколі ня ўмірае... ён будзе прамаўляць таксама да душы і сэрца нашых унукаў, як прамаўляе цяпер да нас” [10, 14].

Сярод артыкулаў, якія прысвяціў А.Луцкевіч “песняру чыстае красы” яшчэ адзін – «Праблемы красы й мастацтва ў творах М.Багдановіча». Даследчыка захапіла незвычайная глыбіня паэзіі паэта і сіла яго эстэтычнага ўздзеяння. Высвятленню гэтай праблемы і прысвечаны артыкул. А.Луцкевіч пачынае свае разважанні з прыроды інстынкту размнажэння, які спалучаецца ў чалавека са складаным і асабістым пачуццём, якое для жывёл невядомае. А пачуццё гэтае – каханне. Ён сцвярджае, што з развіццём чалавецтва развіваецца і пачуццё кахання, яно перарасло межы свайго першапачатковага прызначэння, стала самамэтай: “любоў... родзе гэтулькі цудоўных, захопліваючых усю нашу істоту настрояў і перажываньняў... любоў сталася для нашае сьвядомасьці як быццам самамэтай, нечым непрыраўнальна вышэйшым за самае нашае існаваньне...” [10, 16].

Паняцце красы ўключае ў сябе сукупнасць прыгажосці знешняй (“краса фізічная”), на думку крытыка, а таксама і красы ўнутранай (“краса духовая”). Толькі ў такім выпадку можна гаварыць аб тым, што “краса... стымул, пабудзіцель да любві” [10, 16]. І каханне, і краса прыводзяць да буджэння новых сілаў, да духоўнага самавыяўлення. Праз “эстэтычную эмоцыю” сваёй паэзіі Багдановіч дае “абраз магутнага ўплыву красы на душу чалавека” [10, 17]. Менавіта ў гэтым уплыве і заключаецца сутнасць красы, якую крытык знаходзіць у творах паэта. Сярод іх : «Музыка», «У вёсцы», «Вераніка», «Апавяданне аб іконніку і залатару...».

А.Луцкевіч бачыць разыходжанні М.Багдановіча з англійскай школай эстэтаў другой паловы ХІХ стагоддзя, прадстаўнікі якой лічылі адну з функцый красы ў задавальненні мастака ад прынесенай карысці. Але мы можам заўважыць, што крытык пагаджаецца з Багдановічам, што паэзія павінна выклікаць эстэтычныя эмоцыі, удасканальваць душы людзей.

У заключэнні Луцкевіч звяртаецца да асэнсавання праблемы суадносін сацыяльнага зместу твора з яго эстэтычным пачаткам : “Грамадзкія матывы, заклікі, ідэалы могуць складаць зьмест мастацкага творства, могуць служыць магутным пабуджэньнем да тварэньня, але не могуць дыктаваць сваіх законаў красе. І мастацтва... забылася б хоць на адзін мамэнт аб тым, што істотай яго з`яўляецца буджэньне эстэтычнай эмоцыі,... утраціла б адразу і ўвесь свой сэнс, і сваю чарадзейную сілу, і сваю ўладу над душамі” [10, 26].

Цікавіць Луцкевіча і праблема інтэлігенцыі. Гэтай праблематыцы прысвечаны наступны артыкул са зборніка «Адбітае жыццё», назва якога – «Ідэолёг народнае інтэлігенцыі». Прысвечаны ён творчасці М.Гарэцкага, яго пошукам мастацкага ідэалу героя. Спачатку падаюцца публіцыстычныя разважанні А.Луцкевіча пра нараджэнне блізкай да вёскі новай народнай інтэлігенцыі. Гэта свайго роду ўступ да тэмы. Мы можам заўважыць, што для першых пакаленняў інтэлігенцыі з народа характэрным з`яўляецца тыповае і сёння расслаенне на чыноўнікаў-кар`ерыстаў, нацыянальных нігілістаў, тых, хто замыкаўся ў коле асабістых інтарэсаў і тых, хто служыў дзеля грамадскай, нацыянальнай ідэі. Менавіта да апошніх адносіць Луцкевіч і М.Гарэцкага. Крытык лічыць, што Гарэцкі імкнецца да выяўлення сутнасці духоўнага жыцця “новага чалавека”: “Як натура багата абдароная, чуткая і адзыўчывая на ўсё, што робіцца навакол, Гарэцкі асабліва востра перажывае і шуканьне грамадзкага ідэалу, і захапленьне агульналюдзкімі пытаньнямі і містычныя настроі, і ўрэшце даходзіць да яснага нацыянальнага ідэалу” [13, 78]. Луцкевіч і паважае М.Гарэцкага за гэтую “абдораную натуру”. Менавіта гэтым ён тлумачыць няспынныя пошукі пісьменнікам свайго ідэалу: “Гарэцкі асабліва востра перажывае і шуканне грамадскага ідэалу, і захапленне агульналюдскімі пытаннямі і містычныя настроі, і ўрэшце даходзіць да яснага нацыянальнага ідэалу” [13, 79].

Крытык разглядае апавяданні са зборніка «Рунь», аповесці «Антон», «Дзве душы», раскрываючы станаўленне светапогляду герояў-інтэлігентаў першага пакалення, якія цесна звязаны “родным карэннем”. Напрыклад, у аповесці «Дзве душы» Луцкевіч выяўляе нацыянальна – грамадскі аспект. Ён паказвае, што “гвалтоўна адарваная ад “роднага караня” душа Абдзіраловіча абязсілела ад інтэлігенцкіх хваробаў”. Нягледзячы на духоўныя пошукі, блуканні, “ён так і астаецца да канца чалавекам калекім, расхлябаным, нікчэмным...” [13, 81]. Заслугай М.Гарэцкага крытык лічыць тое, што ў аповесці ўпершыню паказана беларускае жыццё ў пачатку бальшавіцкага перавароту, раскрыта “духоўнае хараство барцоў за беларускую нацыянальную ідэю (Мікола Канцавы, Іра Сакавічанка...)” [13, 84].

А.Луцкевіч падтрымлівае М.Гарэцкага ў яго жаданні сінтэзаваць духоўнае і нацыянальнае, таму што бачыць менавіта гэты шлях перспектыўным для адраджэння беларускага народа : “Безумоўна, да “новага чалавека” дарога ідзе праз паглыбленне свайго духовага Я, праз узбагачэнне сваёй душы. А з скарбаў ДУХА калі не нарадзішся, дык народзіцца і шуканы Гарэцкім, дый не адным толькі ім, запраўды новы “чалавек-беларус” [13, 88].

Артыкул «На новых шляхах» (1923) літаратуразнаўчага характару. Ён прысвечаны назіранням аўтара за развіццём формы і рытмікі ў беларускай паэзіі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Будучы гісторыкам літаратуры, А.Луцкевіч падхоплівае і развівае ідэю М.Багдановіча аб паскораным развіцці беларускай літаратуры. Ён робіць невялікі агляд вершаскладання ХІХ стагоддзя і лічыць яго даволі прымітыўным, хоць і выдзяляе сілабіку верша Дуніна-Марцінкевіча, танічны верш Ф.Багушэвіча. А беларускую паэзію пачатку ХХ стагоддзя ён бачыць больш дасканалай паводле багацця і разнастайнасці формы і зместу. А.Луцкевіч адзначае ўплыў экспрэсіянізму на паслярэвалюцыйную паэзію Я.Коласа, а ў яшчэ большай ступені – на паэзію М.Багдановіча і Я.Купалы : “Гэта ўсё людзі, узгадаваныя агульнаеўрапейскай культурай” [13, 93]. Лічыць, што больш маладая беларуская паэзія шукае новых, свабодных форм, тым самым набліжаючыся да рытмікі футурыстаў, што крытык вызначае ў творчасці У.Дубоўкі (зборнік «Строма»), М.Чарота («Босыя на вогнішчы») і У.Жылкі (зборнік «Уяўленне»).

Знаходзіў А.Луцкевіч адметныя тэндэнцыі развіцця і ў паэзіі Заходняй Беларусі, да якой таксама звяртаўся з крытыкай. Але яго ўвагу найперш прыцягвае блізкая яго душы паэзія “чыстай красы”, якой ён не бачыў ва Усходняй Беларусі. Так, эстафету М.Багдановіча пераняла Наталля Арсенева. Яе артыкул – «Пад сінім небам» з падзагалоўкам «Характарыстыка творчасці Наталлі Арсеневай» уяўляе сабой рэцэнзію на аднайменны зборнік вершаў паэткі (зборнік «Пад сінім небам»). А.Луцкевіч піша, што яе першая кніжка вершаў «Пад сінім небам» (Вільня, 1927) “край, такі далёкі ад усяе нашае сучаснасці з яе цывілізаванымі заваяваннямі, край фантазіі і хараства, дзе пануе непадзельна музыка гукаў” [13, 111].

Наступны артыкул – «Бунт проці Бога», прысвечаны Казіміру Сваяку. Вядома, што ў артыкул увайшоў і ранейшы газетны матэрыял 1926 года (газета «Беларуская справа»), але зараз нам прадстаўляе большую цікавасць частка, дапрацаваная аўтарам пазней. Разгледзеўшы “бунт проці Бога” у творах К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, А.Луцкевіч знаходзіць “бунт” і ў вершах паэта-ксяндза К.Сваяка. Крытык лічыць, што бунт Сваяка, як і іншых, “не проці ідэі Бога, а проці бязсільля гэтай ідэі перавярнуць, перастроіць чалавечае жыцьцё на асновах праўды, справядлівасьці [13, 121].

У тэматычным артыкуле зборніка «Вільня ў беларускай літаратуры», які выйшаў і асобнай манаграфіяй у 1925 годзе, Луцкевіч робіць цікавы агляд сабранага ім літаратурнага матэрыялу пра спрадвечную сталіцу Беларусі – Вільню. Па назіраннях крытыка, жыццё горада ўвогуле займала невялікае месца ў беларускай паэзіі. Галоўная прычына таму – стварэнне гэтай паэзіі сынамі з вёскі. Але ж Вільня выключэнне з правіл. Як мяркуе крытык, яна прываблівае паэтаў-адраджэнцаў, таму што мае 600-гадовую гісторыю з яе нацыянальнымі традыцыямі, старажытнымі помнікамі культуры і мастацтва, а галоўнае – мае сваю “асаблівую Душу..., якая вызірае з кожнае вулкі старых кварталаў Вільні” [13, 135]. Крытык заўважае, што ў кожнага з беларускіх творцаў ёсць свая Вільня. У ХІХ стагоддзі горад знаходзіць эпізадычнае апісанне (В.Дунін-Марцінкевіч, Абуховіч), а ў творчасці Цёткі паэзія набліжаецца да горада ў час рэвалюцыйных падзей. На думку крытыка, першым, хто захапіўся горадам і знайшоў “дастойную апявання красу”, быў М.Багдановіч. Натхненне да яго прыйшло менавіта ў родным горадзе – Вільні. А.Луцкевіч спыняецца на аналізе найбольш значных твораў розных аўтараў, прыводзячы іх амаль цалкам.

Луцкевіч дзеліць усе творы на дзве группы : па-першае, тыя, што малююць знешняе хараство Вільні, а, па-другое, тыя, якія выяўляюць унутранае жыццё адвечнае сталіцы і яе людзей. Напрыклад, Я.Колас, паэтычнае апісанне Вільні ў «Новай зямлі», называе «высокамастацкім», але лічыць, што Вільня і так засталася для яго (Коласа) нейкай «незнаёмай красуняй» [13, 138]. Сучаснасць і багацце гістарычнае мінулае Вільні раскрыў М. Багдановіч : “ён выкрыў у Вільні гэтую старую яе Душу і зачарпнуў з гэтае крыніцы поўнай жменяй натхнення да сваёй творчасці, калі пісаў сваю знамянітую візію «Пагоні»[13, 141].

А.Луцкевіч разглядае і трэцюю Вільню – галоўны цэнтр беларускага руху. Як называе яе крытык, “кузьню беларускае адраджэнскае ідэалогіі – сэрца новай Беларусі” [13, 156]. Менавіта такой яна бачыцца З.Бядулю і У.Жылку. Напрыклад, У.Жылка ўяўляе Вільню Меккай, “з якой беларуская ідэя аказалася прымушанай уцячы ў Медыну – Мэнск, скуль... яна, як некалі Магамэт у Мэкку, вернецца ізноў у Вільню ва ўсёй сваёй велічы і славе...Гэта Вільня – будучыні” [13, 159]. Што ж датычыцца З.Бядулі, то ён лічыць Вільню “святым месцам”.

Артыкул «Жыдоўскае пытаньне ў нашым пісьменстве» з`яўляецца апошнім у кнізе «Адбітае жыцьцё». Ён працягвае развіццё А.Луцкевічам беларускай ідэі, а таксама пошукаў шляхоў яе (ідэі) ажыццяўлення (хоць і датуецца 1921 годам). Гэты артыкул закранае адносіны паміж беларусамі і яўрэямі, адлюстраванне гэтых адносін. Гістарычны лёс з`яднаў шляхі беларусаў і яўрэяў, якія знайшлі другую радзіму на беларускай зямлі. У артыкуле крытык наглядна паказвае дэмакратычнасць працэсу адраджэння. Ён з публіцыстычным запалам адзначае, што “беларускі адраджэнскі рух – гэта рух шчыра дэмакратычны, і ўжо з гэтае прычыны ў ім нямашака месца для нацыянальнага шавінізму, для нацыянальнай ненавісьці” [13, 138]. Іменна такія адносіны і да яўрэяў, хоць “купецкі стан” некаторых з іх выявіў і эксплуататарскія элементы, да якіх народ адчуваў “благія пачуцьці”. Вобразы жыдоў-эксплуататараў вёскі стварылі В.Дунін-Марцінкевіч, М.Бурачок, Я.Лучына, Ядвігін Ш., якія, як сцвярджаў даследчык, асноўваліся “”ня гэтулькі на нацыянальным мамэнце, сколькі на экономічным” [13, 140].

У гэтым артыкуле крытык разглядае вобраз Шмулькі з апавядання «Зялёнка» Цёткі, ідэйны змест верша Я.Купалы «Жыды» (1919). Ён вылучае думку паэта пра неабходнасць нацыянальнага самасцвярджэння двух народаў і пра тое, што яўрэі павінны сплаціць беларусам “стары доўг” і падтрымаць іх у барацьбе за волю і незалежнасць.

Такім чынам, зборнік «Адбітае жыццё» -- пэўны этап у творчасці А.Луцкевіча. Гэта свайго роду кніжка лекцыяў і артыкулаў, якая можа служыць свайго роду дапаможнікам па беларускай літаратуры, як для настаўнікаў, так і для вучняў, студэнтаў. У зборнік увайшлі два эстэтычныя нарысы : «Істота літаратуры і яе грамадскае значэнне» і «Праблема красы і мастацтва ў творах Максіма Багдановіча». Акрамя таго, закранаецца праблема шляхоў станаўлення нацыянальнай свядомасці («Эвалюцыя беларускае нацыянальнае ідэолёгіі»). Шэраг артыкулаў прысвечаны асэнсаванню творчасці асобных пісьменнікаў, эвалюцыі іх поглядаў, адзначаны адметныя рысы іх творчасці і пададзена ацэнка іх творчага метаду (Ядвігін Ш., Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч). Закранаецца і праблема інтэлігенцыі (артыкул «Ідэолёг народнае інтэлігенцыі»).

Кніжка «Адбітае жыццё» завяршаецца артыкуламі «Бунт проці Бога» (пра богаборчыя матывы і экспансію атэізму ў беларускай літаратуры), «Вільня ў беларускай паэзіі», «Жыдоўскае пытанне ў нашым пісьменстве». І гэта зусім новыя тэмы, якія яшчэ ў нашай навуковай літаратуры не даследаваныя.

А.Луцкевіч (Навіна)