Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
910 вариант.rtf
Скачиваний:
9
Добавлен:
01.04.2014
Размер:
489.71 Кб
Скачать

3. Чые інтарэсы абараняў акт Люблінскай уніі. Разважанні на тэму

Напачатку неабходна падкрэсліць, што у беларускай гістарыяграфіі стала замацаваўся погляд на XVI стагоддзе як на "залаты век" нашай дзяржаўнасці. Насамрэч такі эпітэт правамерна ўжываць толькі ў адносінах да старабеларускай культуры. Менавіта ў гэты час разгортваецца дзейнасць Ф. Скарыны і С. Буднага, М. Гусоўскага і В. Цяпінскага. Але ж для дзяржаўна-палітычнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага ХVІ стагоддзе стала векам катастрофы. Гэта было абумоўлена ў першую чаргу неадпаведнасцю дзяржаўнага ладу краіны надзённым патрабаванням часу.

Суседства з жорстка цэнтралізаванымі краінамі, якія маглі ў кароткі тэрмін перавесці на ваенныя рэйкі ўсе свае матэрыяльныя, чалавечыя і эканамічныя рэсурсы, вымагала дзеля дзейснага супраціву іх экспансіі ўзмацнення апарату кіравання Вялікага Княства Літоўскага. Аднак, нягледзячы на тое, што дзяржаўная сiстэма ВКЛ i характарызавалася шырокаразгалiнаванай сiстэмай органаў дзяржаўнага кiравання, iх дзейнасць была малаэфектыўнай. У вялікай ступені слабасць краіны была абумоўленая і фактычнай аўтаномнасцю складовых яе частак. Сітуацыя пагаршалася таксама сталай адсутнасцю вялікага князя, які з’яўляўся адначасова і каралём польскім. Рост прывілеяў шляхты паступова прыводзіў да страты ёю сваёй галоўнай функцыі — абароны межаў дзяржавы. З цягам часу асноўная збройная сіла краіны — паспалітае рушанне — станавілася ўсё больш архаічнай і неэфектыўнай.

Маскоўскія валадары па меры росту магутнасці сваёй дзяржавы выказвалі ўсё большыя прэтэнзіі на землі Вялікага Княства. Калі Васіль ІІІ не хаваў імкнення далучыць да сваёй краіны Кіеўшчыну, Смаленшчыну і Полаччыну, ягоны сын Іван IV Жахлівы жывіў планы далучэння да Масковіі ўжо ўсяго Вялікага Княства Літоўскага.

Мілітарныя магчымасці Масковіі дазволілі ёй, нягледзячы на шэраг паразаў ад велікакняскага войска, паступова рухацца да сваёй мэты — поўнага падпарадкавання земляў Вялікага Княства Літоўскага. Ужо з 1494 году ўсходняя мяжа дзяржавы (за некаторымі невялікімі выключэннямі) няўхільна пасоўвалася на захад. У той год Вялікае Княства Літоўскае страціла землі ў вярхоўях Акі і Вязьмы. У 1503 годзе да Масковіі перайшлі Чарнігаў, Старадуб, Ноўгарад-Северскі, Пуцівель, Рыльск, Гомель,Любеч, Бранск і іншыя — агульным лікам 29 гарадоў і 70 валасцей . У 1514 годзе быў страчаны Смаленск.

Краіна імкліва набліжалася да страты незалежнасці. І канец існавання дзяржавы, здавалася, стаў неўнікнёны з уступленнем Вялікага Княства Літоўскага ў Інфлянцкую вайну. Гэтая вайна ішла нешчасліва для нашай дзяржавы. Дарма што ў паасобных бітвах велікакняскія войскі дасягалі перамогі (прычым, як правіла, над большымі сіламі непрыяцеля), катастрофа імкліва набліжалася. У лютым 1563 году войскі Івана Жахлівага ўзялі Полацак, што фактычна адкрывала ворагу дарогу на сталіцу Вялікага Княства — Вільню. Спробы авалодаць становішчам патрабавалі ад краіны велізарных высілкаў.

Дзяржава высілілася да рэшты. Аднак сілаў для далейшай барацьбы ўсё роўна не ставала. Дапамогі трэба было шукаць у суседзяў — Кароны Польскай, якая згадзілася даць яе адно пры ўмове уніі. І сапраўды, пасля Любліна чаканая дапамога надышла. У 1579 годзе каля 20 тысяч жаўнераў была накіраваныя Польшчай на дапамогу велікакняскаму войску. Мусім прызнаць, што вяртання Полацку і перамогі ў Інфлянцкай вайне ўдалося дамагчыся толькі дзякуючы заключэнню Люблінскай уніі.

І сапраўды, дзякуючы менавіта Люблінскай уніі Вялікаму Княству Літоўскаму наканавана было праіснаваць яшчэ два стагоддзі. Два стагоддзі, якія далі магчымасць беларусам захаваць сваю тоеснасць і сфармавацца ў нацыю.

Негатыўная ацэнка Люблінскага акту, які нібыта значна абмежаваў незалежнасць нашай краіны, назіраецца ў многіх працах. І сапраўды, Люблінская унія задумвалася кароннай шляхтай як акт інкарпарацыі Вялікага Княства Літоўскага ў склад Польшчы. Аднак гэта зусім не азначае, што гэтыя намеры былі ажыццёўленыя.

Між тым, пры заключэннi Люблiнскай унii Княства захавала свой суверэнiтэт, фактычна аб’яднаўшыся з Каронай у дзяржаўны саюз.

Паводле Люблiнскай унii 1569 году "Карона Польская i Вялiкае Княства Лiтоўскае ёсць адным непадзельным i аднародным целам, а таксама не розная, а адзiная Рэч Паспалiтая, якая з дзвюх дзяржаваў i народаў у адзiны народ злучылася i звязалася". Трываласць гэтай унii павiнны былi забяспечыць лiквiдацыя спадчыннасцi велiкакняскага пасаду ў ВКЛ, супольны манарх i найвышэйшы заканадаўчы орган у выглядзе супольнага сойму Кароны i Вялікага Княства Літоўскага з забаронаю правядзення асобных соймаў.

Аднак ужо ў самiм акце Люблiнскай унii былi закладзеныя i асновы дзяржаўнай адасобленасцi Вялікага Княства Літоўскага, якое заставалася "пры тытуле, дастоiнствах i ўрадах усiх шляхетных станаў". Iснаванне ж асобных урадаў i органаў у Кароне i ў Княстве, кампетэнцыя якiх абмяжоўвалася тэрыторыяй толькi адной з гэтых дзяржаваў, стварала вакуум цэнтральнай выканаўчай улады ў Рэчы Паспалiтай. Такім чынам, была створаная адзiная заканадаўчая ўлада сумеснага сойму пры захаваннi падвойнай выканаўчай улады ў асобных урадах.

Захоўваўся свой звод законаў у выглядзе Статуту Вялікага Княства Літоўскага. Абедзве часткі навастворанай дзяржавы павінны былі мець уласныя войскі, што падпарадкоўваліся асобным гетманам.

Трэба адзначыць, што межы суверэнiтэту Вялікага Княства Літоўскага з цягам часу значна пашырылiся. Нягледзячы на забарону акту Люблiнскай унii, з 70—80-х гадоў XVI стагоддзя тут збiраюцца асобныя соймы, а ў 1581 годзе ствараецца Галоўны трыбунал Вялікага Княства Літоўскага.

Ужо 27 студзеня 1588 году Жыгiмонт Ваза, жадаючы схiлiць на свой бок лiцвiнаў, што не ўзялi ўдзелу ў ягонай элекцыi i каранацыi, зацвердзiў новы Статут, якi юрыдычна замацоўваў асобнасць Княства ад Кароны Польскай.

З 1581 году ў пастановах, якiя прымалiся на соймах, тыя артыкулы, што тычылiся Вялікага Княства Літоўскага, былi сабраныя ў асобныя "Канстытуцыi Вялiкага Княства Лiтоўскага", што вiдавочна падкрэслiвала самастойнасць Княства ў складзе Рэчы Паспалітай.

Вялікае Княства Літоўскае праводзіла адносна самастойную замежную палітыку і неаднаразова падпісвала міждзяржаўныя пагадненні без уліку меркавання Кароны.

Такім чынам, Рэч Паспалітую можна разглядаць як федэратыўную дзяржаву з элементамі канфедэрацыі, у якой Вялікае Княства Літоўскае валодала асноўнымі атрыбутамі дзяржаўнасці. Таму пра поўнае падпарадкаванне нашай краіны Польшчы не можа быць і гаворкі.

Адным з найбольш сур’ёзных абвінавачанняў у адрас Рэчы Паспалітай з’яўляецца тэза пра Люблінскую унію як пра зыходны пункт, ад якога пачалася паланізацыя беларускага народу. Якраз з моманту ўкладанняў гэтага акту, на думку шматлікіх аўтараў, беларуская мова "пачала выцясняцца з усіх сфераў дзяржаўнага жыцця, усяляк ганьбіцца і прыніжацца. Менавіта з гэтага часу і бярэ пачатак заўзятая беларусафобія, зневажанне ўсяго беларускага з боку польска-каталіцкага асяроддзя, што і прывяло ў 1696 годзе да забароны беларускай мовы ў афіцыйнай сферы".

Сапраўды, бясспрэчным з’яўляецца той факт, што ў канцы XVI і на працягу XVII стагоддзя паланізацыя найвышэйшых слаёў грамадства ўзмацнілася. Безумоўна, Люблінская унія адыграла тут сваю ролю. Аднак паспрабуем паглядзець на гэтую праблему шырэй.

Масавая паланізацыя вярхоў беларускага грамадства пачалася значна раней за падпісанне Люблінскага акту і была звязаная найперш з імклівым пашырэннем кальвінізму на землях Вялікага Княства Літоўскага. Пра памеры кальвінізацыі шляхты можна меркаваць нават паводле таго, што на тэрыторыі дзяржавы адным толькі Мікалаем Радзівілам Чорным былі заснаваныя 162 кальвінскія зборы. Так, у Наваградскім павеце з больш чым 600 шляхецкіх сем’яў не далучыліся да пратэстанцтва ўсяго толькі 16. Дзіўная з’ява: той працэс, які меў запачаткаваць стварэнне нацыянальнай беларускай царквы, адасобленай і ад каталіцкай Варшавы, і ад праваслаўнай Масквы, і тым самым садзейнічаць умацаванню незалежнасці Вялікага Княства, спрыяў пашырэнню на тэрыторыі краіны пальшчызны, бо абсалютная большасць твораў выдавалася беларускімі пратэстантамі на польскай мове.

Аднак гэты феномен падаецца дзіўным толькі на першы погляд: у перыяд Сярэднявечча і ранняга Новага часу паняцця нацыянальнасці ў сучасным разуменні гэтага слова проста не існавала. Ягонае месца займалі паняцці веравызнання і дзяржаўнай прыналежнасці. Таму выкарыстанне польскай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім, злучаным з часоў Крэўскай уніі шчыльнымі сувязямі з Каронай, уяўляецца цалкам натуральным: яно забяспечвала еднасць пратэстантаў Вялікага Княства з іх кароннымі адзінаверцамі. У тую эпоху, калі лаціна пачала паступова саступаць свае пазіцыі на карысць нацыянальных моваў, у нашай дзяржаве польская мова набывала статус мовы міжнацыянальных зносінаў, якая выгадна адрознівалася ад лацінскай тым, што была зразумелая беларусам.

Такім чынам, зусім не Люблінская унія паклала пачатак паланізацыі найвышэйшых колаў грамадства Вялікага Княства Літоўскага. Вытокі яе ляжаць нашмат глыбей. Працэс паланізацыі, шырока распачаты рэфармацыяй, працягваўся і пад сцягам контррэфармацыі. Да сярэдзіны XVII стагоддзя гэты працэс дайшоў да такой мяжы, калі патрабаванне выкарыстання ў афіцыйным справаводстве беларускай мовы фактычна не выконвалася. Яно звялося да афармлення кірыліцай у дакументах уступаў і заканчэнняў, якія ўяўлялі сабою абавязковыя формы, сам жа змест, як правіла, пісаўся польскаю моваю з вялікім дамешкам лаціны. Да канца XVII стагоддзя такая практыка набыла ўсёабдымны характар. Таму нельга пагадзіцца з цверджаннем, быццам пастанова ўсеагульнай канфедэрацыі станаў Рэчы Паспалітай ад 29 жніўня 1696 году, паводле якой афіцыйнае справаводства мелася быць пераведзенае на польскую мову, была інспіраваная каралеўскай уладай "у мэтах канчатковага адарвання мас ад роднай духоўнай спадчыны і поўнага апалячвання". Тая пастанова сталася толькі канстатацыяй становішча, якое рэальна склалася на землях ВКЛ. Неабходна таксама памятаць, што ініцыятыва прыняцця гэтага акту зыходзіла менавіта ад шляхты ВКЛ, якая ў барацьбе з засіллем магнацкага роду Сапегаў дамагалася "каэквацыі правоў" з кароннай шляхтай. А правы гэтыя, нашмат шырэйшыя ў кароннай шляхты, у масавай свядомасці часта атаясамліваліся і з мовай, на якой вялося справаводства.

Аднак вельмі памыляюцца тыя, хто абвінавачвае ў гэтым толькі каталіцкі касцёл, супрацьпастаўляючы яму праваслаўную царкву, у дзейнасці якой яны бачаць "справу аховы народнасці, мовы, культуры…"16. Паланізацыйныя працэсы ў асяроддзі праваслаўнага духавенства пусцілі глыбокія карані яшчэ ў перыяд да Берасцейскай уніі 1596 году. Асабліва ж яны ўзмацніліся ў пачатку XVII стагоддзя. Цікава, што тагачасныя апалагеты праваслаўя, якія ў сучаснай гістарыяграфіі нярэдка паказваюцца барацьбітамі за нацыянальную беларускую ідэю, палемічныя творы першай паловы XVII стагоддзя пісалі ў асноўным па-польску (у той час як "здраднікі"-ўніяты — часцей за ўсё па-беларуску).

Аднак гэтым не вычэрпваецца тая роля, якую адыгрывала праваслаўная царква на беларускіх землях у XVI—XVIII стагоддзях. Культурная паланізатарская роля спалучалася ў ёй з палітычнай русіфікатарскай. Уласна, падпісанне Берасцейскай уніі ў 1596 годзе было выкліканае ў першую чаргу той небяспекай з боку праваслаўнай Масковіі, якая здаўна, яшчэ з часоў Івана ІІІ, падмацоўвала імперскія анексіянісцкія планы ў адносінах да земляў Вялікага Княства Літоўскага рэлігійнымі лозунгамі абароны аднаверцаў ад "каталіцкага прыгнёту". А ў сувязі з утварэннем у 1589 годзе Маскоўскага патрыярхату прэтэнзіі Масквы на ўсе праваслаўныя землі нашай дзяржавы сталі выключна небяспечнымі. Падпісанне Берасцейскай царкоўнай уніі — гэта акт у абарону не толькі духоўнай, але і палітычнай незалежнасці краіны.

Арыентацыя ж "непрымірымых" праваслаўных на Маскву прынесла незлічоныя бедствы Вялікаму Княству Літоўскаму. Гэта — і сцяг, які быў дадзены ў рукі анархічнаму казацтву; гэта — і падстава як для адкрытых ваенных дзеянняў, так і для ўсё большага ўмяшальніцтва Масковіі ва ўнутраныя справы дзяржавы…

Між тым, унія, якую ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі нярэдка кваліфікуюць як сродак каталізацыі і паланізацыі беларусаў, адыграла ў цэлым станоўчую ролю ў лёсе нашай дзяржавы. Ва ўмовах паланізацыі грамадства менавіта яна сталася тым апірышчам беларускасці, якому ў вялікай ступені мы абавязаныя захаваннем беларускай тоеснасці. У канцы XVI — пачатку XVIІ стагоддзяў беларуская мова панавала ўва ўсіх сферах дзейнасці уніяцкай царквы, апроч літургічнай. Нават у другой палове XVIІ і на працягу XVIІІ стагоддзя, калі паланізацыя Вялікага Княства Літоўскага ішла паскоранымі тэмпамі, уніяцкая царква не толькі не ператварылася ў сродак масавай паланізацыі, а, наадварот, стала моцным фактарам захавання нацыянальнай адметнасці.

Калі прыняць пад увагу той факт, што напрыканцы XVIІІ стагоддзя каля 80% сельскага насельніцтва Беларусі належала да ўніяцтва, цяжка пераацаніць ролю апошняга ў станаўленні самаідэнтыфікацыі беларусаў.

А між тым, без Любліна не было б Берасця…

Безумоўна, да ўніяцтва належалі пераважна нізы грамадства. Большасць арыстакратыі і сярэдняй шляхты вызнавалі каталіцтва і, адпаведна, амаль цалкам паланізавалася. Але менавіта ўніяцтва спрыяла захаванню той нацыянальнай глебы, на якой пазней адбыўся працэс нацыянальнага адраджэння.

Хаця і сама шляхта зусім не спяшалася станавіцца палякамі. На працягу ўсяго існавання Рэчы Паспалітай назіраецца найцікавейшы феномен: у свядомасці тагачаснага грамадства трывала ўсведамляецца дзяржаўнасць Вялiкага Княства Лiтоўскага (што, аднак, не замiнала тутэйшай шляхце лiчыць сябе часткаю адзiнай шляхецкай нацыі Рэчы Паспалiтай, але гэта ўжо станавая, карпарацыйная свядомасць).

Гэтае ўсведамленне асобнасцi дзвюх краiнаў, аб’яднаных Люблiнскай унiяй, падмацоўвалася i ўзаемнай непрыязнасцю памiж абывацелямi кожнае з iх, чаму існуе безліч прыкладаў. Нават польскія даследчыкі прызнаюць, што "паняцце Рэчы Паспалiтай уключае ў сябе адну шляхецкую нацыю i дзве ўзаемна непрыязныя цi, як найменш, недаверлiвыя адна да адной дзяржавы".

Гэтае пачуццё асобнасці і не дазволіла б шляхце канчаткова зліцца з польскім этнасам. І адраджэнне беларускасці ў яе асяроддзі прырэчанае было адбыцца. Не магло не адбыцца. Што, урэшце, і здзейснілася ў ХІХ стагоддзі, калі менавіта прадстаўнікі шляхецкага стану запачаткавалі працэс беларускага нацыянальнага адраджэння.

Згадаем, што працэс дэнацыяналізацыі нацыянальнай эліты адбываўся не толькі на беларускай зямлі. Тое самае мы бачым і ў Нарвегіі, дзе паноўны класс фактычна цалкам успрыняў дацкую культуру, і ў германізаванай Чэхіі… Аднак, калі наспелі гістарычныя ўмовы, калі ў Еўропе запанавала ідэалогія рамантызму з ягоным зваротам да нацыянальных вытокаў, адбылося вяртанне асіміляваных вярхоў грамадства да сваіх каранёў. Не была тут выключэннем і Беларусь.

Характэрна, што працэс адраджэння беларускасці ў ХІХ стагоддзі адбываўся ў нашмат больш складаных умовах, чым у перыяд існавання Рэчы Паспалітай. Агульнавядомым з’яўляецца факт, што паланізацыя беларусаў асабліва вялікія памеры набыла менавіта ў складзе Расійскай імперыі, калі гэты працэс пачаў спалучацца з русіфікацыяй. Ні забарона ўніяцтва, ні скасаванне дзеяння Статуту 1588 году, ні насаджэнне расійскага чынавенства, ні перашкоды ў выданні беларускіх кніг, ні замена назваў "Беларусь" і "Літва" на "Северо-Западный край" не здолелі зрабіць гэты край расійскім. Але і польскім ён не стаў: паводле перапісу 1897 году 43,3% тутэйшых дваранаў назвалі роднай мовай беларускую…

Такім чынам, Рэч Паспалітая стала неабходным фактарам захавання не толькі дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага, але і ўвогуле беларускага этнасу ў найскладанейшы перыяд яго існавання. Таму безаглядная крытыка Люблінскай уніі ўяўляецца неканструктыўнай. Рэч Паспалітая прадоўжыла закладзеныя Полацкім княствам і Вялікім Княствам Літоўскім традыцыі беларускай дзяржаўнасці. Таму без перабольшання можна сцвярджаць, што Полацкае княства, Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая — гэта тры калыскі, у якіх адбывалася станаўленне нашага народу.