Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекцыя 14. Развіццё сучасн. бел мов-ва.doc
Скачиваний:
6
Добавлен:
26.04.2019
Размер:
46.59 Кб
Скачать

Тэма 14 распрацоўка пытанняў лексікалогіі, фразеалогіі, стылістыкі і культуры мовы

1 Распрацоўка лексікалогіі сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Задачы беларускага мовазнаўства ў галіне лексікалогіі і лексікаграфіі сфармуляваў Я.Ф.Карскі ўжо ў самым пачатку 20-х гадоў у артыкуле “Што яшчэ трэба зрабіць у справе беларускай мовы” (1920). Шэраг цікавых назіранняў над асаблівасцямі словаўжывання ў творах беларускіх пісьменнікаў ХІХ – пач. ХХ ст. прывёў у сваёй манаграфіі “Беларусы” у трэцім выпуску трэцяга тома “Мастацкая літаратура на народнай мове”. У працах М.Байкова, П.Бузука, Я.Лёсіка, С.Некрашэвіча і іншых мовазнаўцаў 20-х гадоў змешчана нямала каштоўных матэрыялаў, прысвечаных культуры мовы, шляхам развіцця і ўдасканалення лексічных сродкаў, прынцыпаў адбору іх для замацавання ў лексікаграфічных працах. Аднак агульнае апісанне лексічнай сістэмы сучаснай беларускай літаратурнай мовы ўпершыню з’явілася толькі на пачатку 40-х гадоў – у “Курсе сучаснай беларускай мовы” 1940 года выдання. Асобны раздзел у кнізе прысвечаны лексікалогіі. У ім разглядаецца семантычная структура слова, характарызуюцца з’явы лексічнай аманіміі, параніміі, сінаніміі, антаніміі. Праводзіцца класіфікацыя беларускай лексікі паводле паходжання, сфер выкарыстання, стылістычнай дыферэнцыяцыі.

У пасляваенныя гады агульнае апісанне лексічнай сістэмы сучаснай беларускай літаратурнай мовы значна паглыбілася, набыло больш строгае навуковае асэнсаванне ў шэрагу падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для вышэйшай і сярэдняй школы. Да такіх прац адносяцца дапаможнікі для сярэдняй школы В.П.Краснея “Лексіка і фразеалогія сучаснай беларускай мовы” (Мн., 1982), “Грані слова” (Мн., 1986), а таксама прызначаны студэнтам педагагічных інстытутаў дапаможнік М.В.Абабуркі “Беларускае слова і яго вывучэнне” (Мн., 1986), у якім разглядаюцца асноўныя паняцці лексікалогіі, семантычная прырода беларускага слова і падаюцца метадычныя парады для вывучэння лексікі ў сярэдняй школе.

Лексікалагічныя даследаванні беларускіх вучоных на сучасным этапе беларускага мовазнаўства сканцэнтраваліся галоўным чынам на распрацоўцы семантычнай структуры асобных слоў і цэлых лексіка-семантычных аб’яднанняў, характарыстыцы розных лексічных пластоў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, асаблівасцей фарміравання іх складу і адметнасцей ва ўжыванні. Акрамя асобных публікацый у розных выданнях, з’явіліся спецыяльныя зборнікі па розных пытаннях беларускай лексікалогіі: Беларуская мова. Даследаванні па лексікалогіі (1965), З жыцця роднага слова (1968), Лексікалогія і граматыка (1969), Актуальныя праблемы лексікалогіі (1970) і інш.

Шляхі фарміравання і развіцця лексічнай сістэмы беларускай мовы даволі разгорнута асвятляюцца ў калектыўнай працы супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства “Гістарычная лексікалогія беларускай мовы” (Мн., 1970) – аўтары А.С.Аксамітаў, У.В.Анічэнка, А.Я.Баханькоў, А.М.Булыка, А.І.Жураўскі і інш. Даследаванню лексікі сучаснай беларускай мовы прысвечана манаграфія А.Я.Баханькова “Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд. Сацыялінгвістычны нарыс” (Мн., 1982). Галоўная ўвага ў манаграфіі звяртаецца на высвятленне ролі народных гаворак ва ўзбагачэнні лексікі літаратурнай мовы. Аўтар паказвае арганічную сувязь працэсаў фарміравання і ўдасканалення сучаснай беларускай літаратурнай мовы з асваеннем лексічных багаццяў народна-дыялектнай мовы.

Пытанням развіцця і ўдасканалення лексічным сродкаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы прысвечаны таксама манаграфічныя даследаванні М.Г.Булахава “Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў ХІХ – ХХ стст. Ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі” (Мн., 1958) і М.І.Крукоўскага “Рускі лексічны ўплыў на сучасную беларускую літаратурную мову” (мн., 1958). Манаграфія М.І.Крукоўскага з’яўляецца найбольш грунтоўным даследаваннем вынікаў уплыву рускай мовы на лексічны склад сучаснай беларускай літаратурнай мовы. У якасці крыніц фактычнага матэрыялу для сваіх назіранняў аўтар выкарыстаў лексікаграфічныя распрацоўкі.

Вялікая ўвага беларускіх даследчыкаў надаецца выкарыстанню лексічных сродкаў у тэкстах сучаснай мастацкай літаратуры. Найбольш грунтоўныя працы на гэту тэму наступныя: манаграфіі М.В.Абабуркі “Развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры” (Мн., 1987) і “Стылістычна абмежаваныя словы ў мове беларускай мастацкай літаратуры”, у якіх асвятляюцца працэсы ўіаемадзеяння літаратурнай і народна-гутарковай лексікі, дапаможнік Г.М.Малажай “Сучасная беларуская мова. Перыфраза” (Мн., 1980), у якім характарызуюцца своеасаблівыя апісальныя назвы, сінанімічныя асобным словам і фразеалагізмам, і паказваюцца асаблівасці іх ужывання.