Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Асновы журналістыкі. Амерыканскі досвед.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
17.11.2018
Размер:
325.12 Кб
Скачать

Асновы журналістыкі. Амерыканскі досвед.

Укладзены журналістамі-практыкамі Злучаных Штатаў і Еўропы

Мн., 1993.

ПРАДМОВА

Дзеля таго, каб стаць добрым журналiстам, нейкага адзiнага рэцэпту не iснуе. Адны, маючы малую або зусiм нiякую адукацыю ў эканомiцы, тым не менш, робяцца ў гэтай галiне выдатнымi рэпарцёрамi цi рэдактарамi, у той час як другiя, нягледзячы на гады спецыяльнай падрыхтоўкi, не выяўляюць у ёй нiякiх журналiсцкiх здольнасцяў i пазбаўленыя ўсякае перспектывы. Добрых рэпарцёраў i рэдактараў — незалежна ад таго, спецыялiзуюцца яны ў пэўнай галiне цi не — аб’ядноўвае адно: глыбокае разуменне журналiсцкай справы. Зыходзячы з упэўненасцi, што такое разуменне можа быць выхаванае i развiтае ў iншых, група амерыканскiх журналiстаў прапануе ўвазе калегаў з нядаўна паўсталых дэмакратычных краiнаў гэты дапаможнiк.

У кнiзе даюцца звесткi пра ўвесь iнструментар, якiм карыстаюцца ў сваёй працы журналiсты:

• Што ўяўляюць сабой навiны, i як iх падаваць у рэпартажы?

• Як разгортваць iдэi сюжэта?

• Калi варта браць iнтэрв’ю, i як знайсцi патрэбнага суразмоўцу?

• У чым адрозненне памiж рэпартажам i аналiтычным аглядам?   

• Як зрабiць свой аповед болей жывым i дзейсным?

• У якiм плане пытаннi журналiсцкай этыкi тычацца непасрэдна мяне?

Але адразу зазначым: калi нейкага адзiнага шляху, каб стаць журналiстам, не iснуе, дык, безумоўна, не iснуе i адзiнага для ўсiх спосабу ажыццяўлення сваёй прафесiйнай дзейнасцi. Газеты i iншыя выданнi адрознiваюцца адно ад аднаго як паводле сваiх магчымасцяў, так i паводле сваiх мэтаў i поглядаў на тыя цi iншыя падзеi, дый сама журналiсцкая практыка можа мець асаблiвасцi ў розных краiнах. Таму парады, прапанаваныя ў гэтым дапаможнiку, павiнны ўспрымацца як агульны агляд прынцыпаў журналiстыкi, якiя практыкуюцца сёння найбольш уплывовымi амерыканскiмi газетамi. Не ўсе пададзеныя тут iдэi акажуцца прыдатнымi для ўсiх сiтуацыяў. Мы заклiкаем чытачоў прааналiзаваць гэтыя парады i выбраць з iх тыя, якiя будуць для iх найболей карыснымi.

Важна адзначыць i тое, што ў адрозненне ад заходнееўрапейскай мадэлi, якая дапускае прыняцце рэпарцёрам або выданнем пэўнага пункту погляду, у амерыканскай журналiстыцы галоўны нацiск робiцца на аб’ектыўнай падачы асноўнай iнфармацыi. Гэта не трэба разумець у тым плане, што нейкая адна мадэль лепшая за другую, але чытач дапаможнiка павiнен ясна ўсведамляць, што пададзеныя нiжэй iдэi грунтуюцца на амерыканскай мадэлi.

I ў завяршэнне прадмовы прызнаемся, што амерыканскiя спецыялiсты, якiя стварылi гэты дапаможнiк, адрасуюць яго сваiм чытачам з вялiкаю доляй павагi i зайздрасцi. Мы паважаем жаданне нашых калегаў з новых дэмакратычных краiнаў дасканалiць сваё журналiсцкае майстэрства. I мы зайздросцiм тым магчымасцям, якiя яны маюць для ўдзелу ў нараджэннi вольнай i творчай прэсы. Мы ўпэўненыя, што гэты складаны i цiкавы працэс пасуне наперад справу свабоды ў гэтых грамадствах.

Дэвiд Эвэрэт Washington Correspondent, Detroit Free Press, Knight Ridder Newspapers Director, Part-time Graduated Writing Program, The John Hopkins University

Чэрвень 1995 г.

ПРАДМОВА

Газетныя навіны

Ідэі для артыкулаў

Інтэрв'ю

Рэпартаж-даследаванне

Напісанне

Этыка

ДАДАТКI

Дадатак А — Этычны кодэкс “Вашынгтон Пост”

Дадатак Б — Этычны кодэкс “Ю-Эс-Эй тудэй”

Дадатак В — Абрысы журналiсцкай кухнi

ГАЗЕТНЫЯ НАВIНЫ

Што гэта такое

У заходняй журналiстыцы навiны вызначаюцца дасведчанасцю рэпарцёра ў пэўнай сферы, або яго адказнасцю за яе, а штодзённыя намаганнi, якiя рэпарцёр робiць у гэтай сферы, называюцца “працай з навiнамi”. Як палiцыянт робiць дзяжурны абыход пэўнай часткi горада, так i прафесiйны журналiст павiнен быць у курсе ўсяго, што адбываецца ў сферы яго службовых iнтарэсаў.

Навiны — гэта тое, што рэпарцёры рэгулярна асвятляюць у прэсе. Навiны агульнага характару, якiя падаюцца ва ўсiх газетах,— гэта звесткi з урадавых установаў, такiх, як, напрыклад, палiцэйскiя цi пажарныя часткi, мясцовыя органы ўлады цi школы. Няўрадавыя навiны могуць складацца з паведамленняў пра падзеi ў рэлiгiйным жыццi, спорце або кiнематографе. Болей спецыялiзаваныя рубрыкi навiнаў могуць асвятляць бягучыя падзеi ў грамадскiм жыццi (напрыклад, апошнiя выступленнi падлеткаў), дэмаграфiчную iнфармацыю цi газетную крытыку.

Пры падачы бiзнес-iнфармацыi навiны найчасцей тычацца дзейнасцi якiх-небудзь буйных кампанiяў. Гэта могуць быць i фiрма “Кока-Кола”, i тэлефонная манаполiя, i адна з аўтамабiльных фiрмаў. Звычайнымi для газеты з’яўляюцца i навiны са сферы гандлю (напрыклад, iмпартна-экспартныя аперацыi) або са сферы вытворчасцi.

Чаму яны карысныя

Навiны з’яўляюцца дзейсным спосабам паведамлення пра падзеi, якiя закранаюць шырокi спектр iнтарэсаў грамадства i могуць асвятляцца такiм чынам на рэгулярнай аснове. Пры гэтым большасць “сенсацыйных звестак” (эксклюзiўных паведамленняў, якiя робяцца ўпершыню) паступае менавiта ад рэпарцёраў, якiя спецыялiзуюцца на навiнах. Сакрэт большасцi такiх паведамленняў просты: гэта — цвёрдыя ногi (а гэта значыць, што рэпарцёр мусiць настойлiва працаваць i шмат хадзiць). Удалыя рэпарцёры звяртаюць увагу на ўсе дробязi ў даследаванай iмi справе, у тым лiку i тыя, што, на першы погляд, здаюцца не надта прываблiвымі. Яны рэгулярна наведваюць людзей, ад якiх звычайна паступае новая iнфармацыя, i гутараць з iмi. Дапушчальныя i кантакты па тэлефоне, але асабiстае наведванне — лепш.

Нярэдка падчас такiх пешых паходаў найбольш упартыя рэпарцёры якраз i натрапляюць на штось незвычайнае. А вось тыя, хто не любiць надта хадзiць, бадай што, так i не здолеюць дасягнуць поспеху ў якасцi рэпарцёра навiнаў. Найчасцей такiя журналiсты сканчваюць сваю кар’еру ў малапрэстыжных аддзелах газет.

 

Падача навiнаў — каштоўнасць скептыцызму

Спосабаў падачы навiнаў столькi ж, колькi i самiх рэпарцёраў. Галоўная ж задача адна: ахапiць як мага большую аўдыторыю. З iншага боку, усе — ад прэзiдэнта краiны да вартаўнiка суседняй школы — маюць пэўную iнфармацыю, якую можа скарыстаць рэпарцёр.

Рэпарцёр абавязаны як мага рэгулярней гутарыць з прадстаўнiкамi афiцыйных органаў, падштурхоўваючы iх да як мага большай шчырасцi, бо тэксты навiнаў часта грунтуюцца менавiта на афiцыйных паведамленнях. Але абавязкам рэпарцёра з’яўляецца i пошук незалежных ад афiцыйных крынiц асобаў, якiя могуць быць карыснымi для ўзбагачэння падаванае iнфармацыi. Афiцыйныя паведамленнi з вуснаў вышэйшых урадавых чыноўнiкаў толькi на першы погляд могуць падацца прыярытэтнымi для вашага рэпартажу, але ж насамрэч гэта толькi пачатак працы.

Афiцыйныя крынiцы даюць бясспрэчную карысць, бо дзякуючы iм рэпарцёр мае доступ да найбольш аўтарытэтнай iнфармацыi. Але ж у афiцыйных паведамленнях можа i шмат што апускацца, калi начальства не хоча выглядаць у прэсе ў кепскiм святле, i ў гэтым выпадку iнфармацыя можа аказацца небесстаронняй або няпоўнай. Кемлiвы рэпарцёр насцярожана ставiцца да “майстроў распавядаць байкi” — да тых знаўцаў, якiя так умеюць “растлумачыць”, чаму iх бос не лепшым чынам выглядаў у апошнiх тэледэбатах або чаму мiльённы дэфiцыт гарадскога бюджэту — гэта зусiм не так кепска, як падаецца. Без здаровай долi скептыцызму рэпарцёр мае шанцы страцiць давер чытачоў i, што гэтаксама немалаважна, давер сваiх iнфарматараў.

Добры рэпарцёр ведае, калi iнфарматар робiць нацяжку цi падфарбоўвае праўду. Так, напрыклад, калi кампанiя бадзёра абвяшчае, што даход ад продажу яе тавараў склаў сёлета 1 мiльён долараў, дасведчаны рэпарцёр павiнен ведаць, што летась гэты даход складаў 2 мiльёны, а значыць, сёлетнi вынiк напраўду азначае падзенне продажу ў параўнаннi з мiнулым годам на 50 %. Цi калi банк паведамляе, што рост яго капiталу ў параўнаннi з леташнiм узроўнем склаў 200 %, дык гэта можа ўразiць толькi навiчка. Дасведчаны ж аглядальнiк фiнансавага рынку зразумее, што падобны рост служыць сiгналам, што з банкам не ўсё ў парадку.

Кожны рэпарцёр, калi даводзiцца сутыкнуцца з падтасоўкай цi нават хлуснёй, якая гучыць з афiцыйных крынiц, павiнен яшчэ раз звярнуцца да iх i ветлiва, але цвёрда папрасiць растлумачыць прычыны паведамлення непраўдзiвае iнфармацыi. Большасць чыноўнiкаў, калi вы ловiце iх на памылцы або падмане, у далейшым ставяцца да вас i да вашай дасведчанасцi ўжо болей паважлiва, i калi яны будуць мець з вамi справу наступны раз, менш верагодна, каб яны зноў сталi ўводзiць вас у зман.

 

Крынiцы iнфармацыi — уключаць цi не ўключаць дыктафон

Заўсёды цяжка прымусiць чалавека гаварыць “на дыктафон”, г.зн. казаць тое, што потым можа быць падпiсана яго iмём. Чалавек, можа, i згодзен паведамiць вам цiкавую iнфармацыю, але толькi пры ўмове, што вы не будзеце называць ягонага прозвiшча, бо людзям часта не хочацца несцi адказнасць, за тое, што яны кажуць. У гэтым выпадку таксама нялiшняя здаровая доля скептыцызму. Бо, з аднаго боку, iнфарматар можа мець цалкам законныя падставы не жадаць, каб ягонае iмя недзе гучала,— напрыклад, з-за страху помсты свайго працадавальнiка альбо ўладаў. Але з другога боку, сам iнфарматар можа кiравацца пачуццямi неапраўданай непрыязнасцi да сваiх калегаў па працы цi да ўсёй кампанii.

Правiла, якое цяжка вытрымаць, але якiм карыстаюцца ў некаторых амерыканскiх газетах, прадугледжвае адмову ад “безаблiчных” цi ананiмных цытатаў. Гэта якраз тая сфера, дзе рэпарцёр павiнен спадзявацца на сваю добрую iнтуiцыю i ўмець тонка вызначаць iндывiдуальныя асаблiвасцi свайго iнфарматара. Вам, безумоўна, не хочацца адмаўляцца ад iнфармацыi, атрыманай з вартай даверу крынiцы, толькi таму, што чалавек не пажадаў быць запiсаным на дыктафон. Але тады, перш чым яе публiкаваць, вы павiнны яе праверыць, спраўдзiўшы паводле iншых крынiцаў.

Вы не павiнны недаацэньваць карысць, якую можаце атрымаць, звярнуўшыся да незадаволеных сваёй працай работнiкаў (як да тых, хто па-ранейшаму працуе, так i тых, хто ўжо звольнiўся з фiрмы цi ўрадавай установы). Але не забывайце ставiцца да iх поглядаў з пэўнай доляю скептыцызму, бо яны могуць быць заражаныя нядобрымi пачуццямi. Проста пагутарыце яшчэ з некалькiмi людзьмi, якiя могуць даць вам iнфармацыю па тэме, што вас зацiкавiла, тады ў вас будзе магчымасць аддзялiць сапраўдную iнфармацыю ад перадузятай цi перабольшанай.

 

Вернасць крынiцам iнфармацыi — хаджэнне па канаце

Рэпарцёру часта даводзiцца балансаваць, як пры хадзе па нацягненым канаце. Бо нярэдка здараецца, што апублiкаваны вамi артыкул засмучае чалавека, якi даў вам цiкавую iнфармацыю, а пазней у вас узнiкае патрэба звярнуцца да яго зноў. Некаторыя пакрыўджаныя наадрэз адмовяцца з вамi размаўляць (назаўжды цi на пэўны час), i гэта непазбежна. Рэагуйце на гэта спакойна: працягвайце працу i пастарайцеся знайсцi новыя крынiцы iнфармацыi. Вы нiколi не павiнны перапрашаць за сваю публiкацыю, калi яна праўдзiвая i дакладная. Наадварот, вам трэба дамагчыся, каб людзi, якiя паведамляюць вам iнфармацыю, ведалi, што найпершы ваш абавязак — не абараняць iх, а публiкаваць сумленныя i змястоўныя рэпартажы.

 

Станьце экспертам

Рэпарцёр павiнен быць знаўцам у тым, пра што пiша. У iдэале ён мусiць быць здольным весцi гаворку з такой самай дасведчанасцю, як i прэзiдэнт кампанii,— прынамсi, да пэўнага ўзроўню. Так, напрыклад, у практыцы паветраных перавозак iснуе тэндэнцыя, калi авiякампанii атрымлiваюць свой найбольшы прыбытак у чацвёртым квартале года, калi, дзякуючы шматлiкiм святам, усе месцы на рэйсы занятыя. У першым жа квартале авiякампанii маюць найменшы прыбытак, а, па сутнасцi, нават мацнейшыя з iх нясуць страты. I калi прэзiдэнт якой-небудзь авiякампанii кажа, што ў чацвертым квартале яны атрымалi малы прыбытак, але ён будзе павялiчаны ў першым квартале наступнага года, спрактыкаваны рэпарцёр зразумее, што гэта не адпавядае iсцiне, i аспрэчыць заяву кiраўнiка.

 

Парады

Тэлефануйце сваiм iнфарматарам кожную ранiцу

Вашымi iнфарматарамi могуць быць кожны дзень адны i тыя ж чатыры чалавекi — у прынцыпе, тэлефанаваць кожны дзень адным i тым жа людзям можа быць нават лепш, бо гэта дазваляе завязаць добрыя адносiны. Зусiм не абавязкова размаўляць доўга. Досыць адной хвiлiны, каб запытацца: “Цi ёсць сёння што-небудзь цiкавае? Якiя падзеi чакаюцца да канца тыдня?” Калi можаце, тэлефануйце сваiм iнфарматарам кожны дзень і заўжды ў аднолькавы час. Калi вы будзеце тэлефанаваць досыць рэгулярна, то вашыя iнфарматары ўжо самi будуць чакаць вашага званка. Нават калi ў вас з’явiцца ўражанне, што яны не надта схiльныя размаўляць з вамi, тэлефануйце ўсё роўна. Калi iм кожны дзень будуць перадаваць паведамленне: “Тэлефанаваў рэпарцёр Вэйхар з Бiзнес Таймс. Ператэлефануйце яму, калi ласка”,— то аднойчы яны сапраўды ператэлефануюць самi.

А калi нават i не — яны, тым не менш, будуць ведаць, што вы трымаеце iх у полi сваёй увагi.

Трымайцеся блiжэй да людзей, з якiмi падтрымлiваеце кантакт, але не рабiцеся часткай iх кола

Рэпарцёру патрэбны добрыя, блiзкiя працоўныя стасункi з людзьмi, якiя могуць даваць яму звесткi па яго тэматыцы. Аднак лепей, як правiла, устрымлiвацца ад спакусы завязаць з iмi добрыя сяброўскiя дачыненнi, прынамсi, да той пары, пакуль вы не зменiце тэматыку цi чалавек не пяройдзе на iншую працу.

Чытайце па сваёй тэматыцы ўсё, што магчыма, звяртаючы ўвагу на кожную дробязь

Карысць можна знайсцi нават у чытаннi як унутраных цыркуляраў, так i публiкацыяў замежнай прэсы. Добры рэпарцёр умее чытаць i памiж радкоў, як гэта ў свой час прызвычаiлiся рабiць журналiсты, якiя па адной толькi прысутнасцi на першамайскiх трыбунах падчас дэманстрацыi, маглi вызначыць, хто сёння ў Крамля ў мiласцi, а хто не. Такая здагадка, безумоўна, яшчэ не дакладнае веданне, але i яна можа быць карыснай i падштурхнуць да пытання: “Нешта я не заўважыў у гадавой справаздачы iмя старшынi Буткуса. З чаго б гэта?”

Сачыце за тэндэнцыямi

Рэпарцёр павiнен уважлiва сачыць за тэндэнцыямi. Нават пяць фактаў, калi iх разглядаць паасобку, могуць не ўяўляць сабою нiчога новага, але ва ўзаемасувязi яны могуць стацца сенсацыяй года. Калi ў вас, напрыклад, ёсць звесткi, што нейкая кампанiя панесла ў пэўным квартале невялiкiя фiнансавыя страты, гэта яшчэ можа нiчога не значыць. Калi гэтая кампанiя нязначная, дык можа i не варта асвятляць такi факт у газеце. Але ж калi яна несла страты на працягу яшчэ чатырох папярэднiх кварталаў запар, а да таго некалькi гадоў заўсёды мела прыбыткi, дык гэта ўжо сведчыць, што кампанiя перажывае сур’ёзныя фiнансавыя праблемы. I пра такi факт варта ўжо напiсаць.

Апроч таго, час ад часу бывае важна адысцi ад штодзённай журналiсцкай руцiны i напiсаць праблемны артыкул пра будучыя перспектывы, напрыклад: “Чаго можна чакаць у выпадку, калi не будуць пабудаваныя новыя школы?”, “Якiя наступствы для горада будзе мець далейшае развiццё (заняпад) мясцовай эканомiкi?” Знаходзьце магчымасць дзялiцца з чытачамi сваiмi квалiфiкаванымi назiраннямi i ў форме разгорнутых артыкулаў — напрыклад, праз серыю газетных выступленняў або праз публiкацыю ў часопiсе.

Самае галоўнае — дакладнасць i праўдзiвасць

Прытрымлiвацца гэтага прынцыпу трэба хоць бы з тае прычыны, што ён дазваляе захаваць сваё працоўнае месца: калi рэпарцёр надта часта падае непраўдзiвыя звесткi, яму вельмi хутка даводзiцца шукаць сабе iншую працу.

Тэматыка павiнна рэгулярна мяняцца

Большасць краiнаў рэгулярна праводзяць ратацыю персаналу ў сваiх замежных службах, што робiцца дзеля таго, каб дыпламаты не надта “прыжывалiся” на адным месцы (не пачыналi занадта сiмпатызаваць краiне свайго знаходжання). З гэтай прычыны i журналiст таксама павiнен рэгулярна мяняць тэматыку, у якой ён працуе. Гэта забяспечвае яму свежае ўспрыманне прадмета i гарантуе ад празмернага зжывання з той сферай дзейнасцi, якую ён асвятляе, i ад зблiжэння з людзьмi, якiя з’яўляюцца крынiцамi яго iнфармацыi.

Не бойцеся каго-небудзь пакрыўдзiць

Рэпарцёрская праца — гэта не спаборнiцтва ў папулярнасцi. Калi вы будзеце пiсаць дакладна i праўдзiва, вы заваюеце большую павагу i прыцягнеце да сябе больш крынiц iнфармацыi, нават публiкуючы жорсткiя артыкулы, чым калi б вы друкавалi лiслiвыя i незмястоўныя матэрыялы. Але самае важнае заключаецца ў тым, што, калi вы робiце сваю справу добра — спрыяеце, напрыклад, таму, каб дзяржаўныя ўстановы трымалi адказнасць перад грамадскасцю,— вы гэтым самым спрыяеце паляпшэнню працы дзяржаўных службаў. Дзеля добрага функцыянавання дэмакратычнаму грамадству неабходна добрая iнфармаванасць. Добрая журналiсцкая праца можа часта служыць асновай для прыняцця правiльных рашэнняў як пры галасаваннi на выбарах, так i ў прадпрымальнiцкай справе.

Iдэi для напiсання артыкулаў

Журналiст сам адказвае за выпрацоўку iдэяў для сваiх артыкулаў. Супрацоўнiкi рэдакцыi, безумоўна, таксама нясуць адказнасць за падбор матэрыялаў, якiя будуць змешчаныя ў газеце, але яны знаходзяцца ў офiсе i кантактуюць памiж сабой цi з iншымi журналiстамi-рэпарцёрамi. А рэпарцёры маюць кантакты па-за офiсам, гутарачы непасрэдна з людзьмi-носьбiтамi iнфармацыi, i таму мусяць лепш адчуваць, што адбываецца ў той сферы дзейнасцi, якую яны асвятляюць.

Парады

Не пакiдайце нiчога па-за ўвагай

Здаецца, што гэта само сабой зразумела. Але нямала журналiстаў проста прыходзяць на прэс-канферэнцыю, сядаюць, слухаюць i — сыходзяць. Добры журналiст прыйдзе загадзя. Ён абавязкова адзначыць для сябе, хто, апроч яго, прысутнiчае ў зале яшчэ i каго няма. На аўтамабiлях якой маркi прыехалi прадстаўнiкi кампанii? (Цi не прыехаў дылер фiрмы “Хонда” на “Мерсэдэсе”?) Добры рэпарцёр адзначыць, i ўва што апрануты кожны служачы. (Мэр мястэчка з насельнiцтвам у 5 тысячаў жыхароў — i на iм дарагi iтальянскi гарнiтур?) На пляцоўцы перад фабрыкай шмат грузавых аўтамабiляў — што гэта значыла б? Можа, што справы на фабрыцы iдуць кепска? Каб усё было добра, грузавiкi былi б у рэйсах i дастаўлялi б тавар. А можа, яны патрабуюць рамонту, i ў фабрыкi не стае на яго сродкаў?

Беручы iнтэрв’ю ў офiсе, паглядзiце вакол. Што вiсiць на сценах? Цi вывешаны на iх якi дыплом? Цi праўда, што службовец, з якiм вы гутарыце, скончыў названую iм навучальную ўстанову? Прадумвайце пытаннi загадзя на свежую галаву. Не спадзявайцеся, што нехта падкажа вам, як пабудаваць ваш артыкул.

Не бойцеся пазычаць iдэi

Калi вы прачыталi ў нейкай газеце артыкул пра першую жанчыну-кiраўнiка банка, падумайце, як можна было б развiць гэтую тэму? Якiмi яшчэ кампанiямi кiруюць жанчыны? Якiмi кампанiямi кiруюць замежнiкi? Якая практыка найму i павышэння па службовай лесвiцы ў iншых банках?

Чытайце замежную прэсу. Калi вам трапляецца артыкул пра тое, якую шкоду банкаўскай сферы ў Польшчы нанесла павышэнне там працэнтавай стаўкi, гэта можа быць добрай нагодай паразважаць, якую шкоду банкам можа нанесцi павышэнне працэнтавай стаўкi ў вашай краiне. Калi вы чуеце цiкавую iдэю ў тэлевiзiйных навiнах, выкарыстайце i яе, палепшыўшы i развiўшы.

Задавайце пытаннi ўсiм, у тым лiку самому сабе

Задавайце пытаннi ўсiм — нават сябрам, сваякам i проста знаёмым — пра тое, што неяк звязана з тэматыкай, якую вы асвятляеце. Калi вы будзеце ўважлiвы, вы зможаце пачуць шмат цiкавага. Улiчыце, што кожны любiць пагаварыць пра самога сябе. Вашае ўменне слухаць прынясе вам дывiдэнды.

А чым вы цiкавiцеся самi? Калi вам даспадобы джазавая музыка, якi артыкул вы маглi б пра гэта падрыхтаваць? Якiя заробкi ва ўдзельнiкаў джаз-бэнда? Колькi музыкантаў у Вiльнi даюць сёння канцэрты джазавай музыкi? А калi параўнаць гэта з тым, што было пяць гадоў назад? Павялiчылася цi паменшылася колькасць джазмэнаў? Калi ў iх няма магчымасцi даваць поўныя джазавыя канцэрты, якое яны знаходзяць з гэтага выйсце? Колькi ў горадзе клубаў аматараў джазу? Больш iх сёння цi менш, чым год назад?

Пагутарыце з уладальнiкам камерцыйнага шапiка. Ён, мусiць, скажа вам, што сёння, як зазвычай, найбольшаю папулярнасцю карыстаюцца шакаладныя батончыкi “Снiкерс”, але апошнiм часам усё больш папулярнымi робяцца i батончыкi “Болтык наццi”. Калi ж гэтая тэма ўзнiкне ў размове i падчас вашай вечарынкi з сябрамi, дык можа яна будзе цiкавая i вашым чытачам?

Старайцеся атрымаць iнфармацыю пра кампанiю ў яе канкурэнтаў

Мала хто ведае пра кампанiю А больш за ўладальнiка кампанii Б. Таму не пытайцеся ва ўладальнiка кампанii толькi пра самога ж яго. Ён можа не пажадаць размаўляць з вамi на гэтую тэму цi дасць толькi выгодную для яго iнфармацыю. Лепш папытайцеся ў яго пра ягоных працiўнiкаў i пацiкаўцеся, чаму ў яго справы iдуць лепш (цi горш), чым ва ўладальнiка кампанii А.

Найноўшае i найбуйнейшае

Падзея, якая здараецца ўпершыню,— добрая тэма для артыкула. Першы бесперасадачны рэйс Рыга — Каiр. Гэта можа быць добрым сюжэтам. Падайце яго ў кантэксце. Складзiце таблiцу з датамi першых бесперасадачных рэйсаў Рыга — Варшава, Рыга — Нью-Ёрк i г.д. Чытачам будзе цiкава прачытаць i iншую ўскосную iнфармацыю, якая нейкiм бокам тычыцца гэтай падзеi. Напэўна, гэта будзе не самым важным, пра што iм давядзецца прачытаць у гэты дзень, але ўрэшце гэты факт можа стаць якраз тым, пра што ўсе гавораць.

Добрай тэмаю для артыкула з’яўляецца i паведамленне пра штось найбуйнейшае. Нават калi самы вялiкi будынак у Эстонii не такi ўжо й вялiкi, параўнайце яго памеры з Пентагонам цi Палацам Народа ў Бухарэсце, цi з якiм iншым буйным грамадскiм будынкам. Урэшце такi артыкул можна пабудаваць так, што ён стане не горшым за гумарэску.

Або паведаміце, дзе яшчэ гэтая ж кампанiя ўзводзiла iншыя будынкi. Дапусцiм, сёння ёй належыць узведзены ёю пусты 10-павярховы будынак у Будапешце. У такiм выпадку, вы адзначыце ў сваiм артыкуле, што “Iнтэрнэшнл Бiлдынг Кампанi”, якая збiраецца распачаць у красавiку ўзвядзенне найбуйнейшага ў Эстонii будынка, не змагла здаць у арэнду памяшканнi ў аналагiчным будынку, узведзеным ёю летась у Будапешце.

Перспектыўныя спiсы

Прымусьце сябе заўсёды мець перспектыўны спiс, якi ўключаў бы 25 iдэяў пад вашыя будучыя артыкулы. Нават калi вы не знойдзеце ўсiх адказаў на пытаннi, якiя збiраецеся ўзняць, у вас усё роўна могуць атрымацца неблагiя артыкулы.

Пiшыце артыкулы на тэму: “Дзе яны сёння?”

Дзе сёння працуе былы кiраўнiк дзяржаўнай службы бяспекi? Можа быць, вы думаеце, што гэта ўсiм вядома? Такое бывае рэдка. Раскажыце чытачам, чым ён сёння займаецца, i пры магчымасцi вазьмiце ў яго iнтэрв’ю. Нават калi iнтэрв’ю аказваецца немагчымым, падобныя тэмы — цi iдзе ў iх гаворка пра былых рок-зорак, якiя страцiлi голас, цi пра палiтыкаў, якiя ўзначальваюць сёння рэлiгiйныя арганiзацыi — заўжды цiкавыя кожнаму.

Збiрайце ўласны архiў

Збiраць паперы не падабаецца нiкому. Але журналiст цi рэдактар, якiя акуратна збiраюць архiў, робяць жыццёва неабходную працу, якая вызваляе iх ад праседжвання ў чытальных залах. Як правiла, журналiсты — людзi не надта арганiзаваныя. Але ж тыя, хто можа хутчэй знайсцi адказ на любое, нават самае недарэчнае пытанне, маюць i больш вольнага часу на iншыя справы. Апроч таго, добры архiў вельмi карысны i пры прадумваннi iдэяў для новых артыкулаў.

Завядзiце асобныя папкi: адну — на кожны месяц i другую — на кожны дзень месяца. Калi, скажам, вы ведаеце, што пэўная кампанiя збiраецца з 1 лiпеня распачаць выпуск новай прадукцыi, зрабiце для сябе пра гэта нататку i пакладзiце яе ў папку на чэрвень. З надыходам чэрвеня перакладзiце ўсе нататкi, якiя назбiраюцца да гэтага часу, у папку штодзённага месячнага архiву. Такiм чынам вы за тыдзень цi два да пачатку вытворчасцi новай прадукцыi ў лiпенi нагадаеце самi сабе, што пара праверыць, як ажыццяўляюцца планы кампанii.

Архiў можа служыць i для напiсання агляду падзеяў года. Злоўжываць такiмi гадавымi абзорнымi артыкуламi няварта, але часам бывае карысна адзначыць, як бы падводзячы рысу гадавым навiнам: “За год з моманту адкрыцця першага супермаркета ў Рызе, у iншых раёнах Латвii былi адкрытыя яшчэ два такiя магазiны”.