Драматургія і тэатр
Развіццё беларускай драматургіі ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе было запаволенае, толькі ў жанры гераічнай драмы і сатырычнай камедыі назіраліся пэўныя поспехі. Жывым сведчаннем бесперапыннасці развіцця драматургічных традыцый з’явілася творчасць К. Крапівы. З яго сатырычнай камедыі “Мілы чалавек” пачынаецца беларуская драматургія пасляваеннага часу. З 40-х гадоў у Беларусі пачаў ажыўляцца такі жанр, як лірычная камедыя. Адна з найбольш вядомых – п’еса К. Крапівы “Пяюць жаваранкі”.
Да мастацкага асэнсавання ваенных падзей звярнулася большасць беларускіх драматургаў: К. Крапіва “З народам”, А. Маўзон “Канстанцін Заслонаў”, А. Кучар “Гэта было ў Мінску” і інш.
Пачынаючы з 1953 г. выяўляюцца новыя тэндэнцыі ў эстэтычным асэнсаванні падзей сучаснасці:
першы такі твор – сатырычная камедыя А. Макаёнка “Выбачайце, калі ласка”;
крытыка сацыяльных недахопаў рэчаіснасці таго часу – К. Губарэвіч “На крутым павароце”;
гісторыка-рэвалюцыйныя п’есы – П. Глебка “Святло з Усходу”, І. Мележ “Дні нараджэння”;
тэма вайны - “Людзі і д’яблы” К. Крапівы, “Рашэнне” В. Быкава.
Вельмі плённымі для беларускай драматургіі былі канец 60-х – 70-я гады, калі быў створаны шэраг п’ес, якім было суджана стаць літаратурнай класікай. Менавіта ў гэты час тэатральная грамадскасць нашай рэспублікі і іншых рэспублік былога СССР пазнаёмілася з арыгінальнымі п’есамі “Брама неўміручасці” К. Крапівы, “Трыбунал”, “Зацюканы апостал”, “Таблетку пад язык”, “Кашмар” (“Святая прастата”) А. Макаёнка, “Вечар”, “Парог” А. Дударава”, “Соль”, “Трывога” А. Петрашкевіча, з новымі творамі М. Матукоўскага, К. Губарэвіча, У. Караткевіча і многіх іншых.
Вялікі ўклад у развіццё беларускага тэатра зрабілі:
рэжысёры Б. Луцэнка, В. Мазынскі, В. Раеўскі;
акцёры З. Браварская, А. Клімава, Г. Макарава, С. Станюта, З. Стома, В. Тарасаў, Ф.Шмакаў, Г. Глебаў, Р. Ржэцкая, У. Дзядзюшка, Н. Радзялоўская, Р. Янкоўскі, М. Яроменка.
Кадры акцёраў, рэжысёраў, сцэнографаў, тэатразнаўцаў рыхтаваў усе гэтыя гады Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.
З існаваўшых да 1985 г. 17 тэатраў 9 былі драматычных, 6 лялечных, 2 музычныя. Велізарную ролю ў культурным жыцці рэспублікі іграў Вялікі тэатр оперы і балету. Тут працавалі таленавітыя артысты Л. Александроўская, З. Бабій, І. Сарокін, Н. Ткачэнка, Т. Ніжнікава, Т. Шымко, В. Чарнабаеў, А. Карзянкова, Н. Давідзенка, Р. Красоўская, Л. Бржазоўская, Ю. Траян, В. Саркісьян і іншыя.
Музычная культура
У музычнай культуры ў пасляваенныя гады інтэнсіўна развіваюцца жанры сімфоніі і інструментальнай музыкі. Аб гэтым сведчаць творчасць М. Аладава, Я. Цікоцкага, А. Багатырова, У. Алоўнікава, П. Падкавырава. Напісана значная колькасць музычна-сцэнічных твораў пераважна гераічнай і гераічна-легендарнай тэматыкі (оперы “Машэка” і “Марынка” Р. Пукста, “Андрэй Касценя” М. Аладава, “Кастусь Каліноўскі” Дз. Лукаса і інш., балет “Князь-возера” В. Залатарова).
З другой паловы 1950-х гадоў у развіцці беларускай музыкі пачаўся новы этап, характэрны больш глыбокім засваеннем рэчаіснасці і адыходам ад ілюстрацыйнасці. У сімфанічным жанры паспяхова працуюць М. Аладаў, Л. Абеліёвіч, Р. Бутвілоўскі, Я. Глебаў, А. Мдывані, Дз. Смольскі, Г. Вагнер, у творах канцэртнага жанру – С. Картэс, Г. Вагнер, Дз. Смольскі, В. Раінчык. З’явамі культурнага жыцця сталі балеты “Выбранніца”, “Курган”, “Альпійская балада”, “Маленькі прынц” Я. Глебава (апошні быў пастаўлены ў Вялікім тэатры СССР у 1983 г.), “Пасля балю” Г. Вагнера, оперы “Новая зямля” Ю. Семянякі, “Сцежкаю жыцця” Г. Вагнера, “Сівая легенда” Дз. Смольскага, “Матухна Кураж” С. Картэса.
Цікава, што кампазітары звяртаюцца да лёсу рэальных гістарычных асоб, напрыклад оперы “Францішак Скарына” Дз. Смольскага, “Зорка Венера” (вобраз М. Багдановіча) Ю. Семенякі.
У жанры аперэты актыўна працуюць Ю. Семяняка, А. Мдзівані, Р. Струс; у песенным жанры Ў. Алоўнікаў, Э. Зарыцкі, В. Іваноў, Э. Ханок, І. Лучанок.
У 60-80 гг. пачалі творчую дзейнасць Дзяржаўны ансамбль танца БССР, вакальна-інструментальныя ансамбалі «Песняры», «Верасы», «Сябры», фальклорна-хараэграфічны ансамбль «Харошкі» і інш.
