УА “Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў
медыцынскі ўніверсітэт”
Кафедра рускай і беларускай моў ФПДП
Абмеркавана на пасяджэнні кафедры
рускай і беларускай моў ФПДП
Пратакол № 1 ад 2.09.2011 г.
МетадычнАя распрацоўка для студэнтаў № 12
для правядзення заняткаў
на I курсе стаматалагічнага, фармацэўтычнага, лячэбнага факультэта
па дысцыпліне “Беларуская мова (прафесійная лексіка)”
Афицыйна-дзелавы стыль
75 хвілін
І. ПЫТАННІ ДЛЯ АЎДЫТОРНАГА КАНТРОЛЮ:
Асаблівасці фарміравання афіцыйна-дзедлавога стылю ў беларускай мове.
Паняцце афіцыйна-дзелавога стылю і яго падстыляў.
Лексічныя асаблівасці афіцыйна-дзелавога стылю.
Марфалагічныя асаблівасці афіцыйна-дзелавога стылю.
Сінтаксічныя асаблівасці афіцыйна-дзелавога стылю.
Рубрыкацыя і рэквізіты.
ІІ. МАТЭРЫЯЛ ДА САМАПАДРЫХТОЎКІ
1. З гісторыі фарміравання афіцыйна-справавога стылю
Афіцыйна-справавы стыль вылучыўся раней за іншыя стылі дзякуючы таму, што абслугоўваў важнейшыя сферы дзяржаўнага жыцця: знешнія адносіны, замацаванне прыватнай уласнасці і гандаль. Неабходнасць пісьмовага замацавання дагавораў, законаў, афармлення спадчыны пачала фарміраваць асобую «мову», якая, зведаўшы мноства змен, захоўвае і па сённяшні час свае асноўныя адметныя рысы. Беларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім на працягу некалькіх стагоддзяў, таму на ёй створана багатая літаратура розных стыляў і жанраў. Сапраўднага росквіту ў гэты час дасягнула таксама беларускае справаводства і заканадаўства. Выдатнае месца сярод тагачасных прававых актаў займае Статут Вялікага Княства Літоўскага, Літоўская метрыка.
Перыяд з канца ХVІІ і да ХІХ ст. быў неспрыяльны для беларускай мовы наогул і справаводства ў прыватнасці: яно было выцеснена спярша польскім, потым – рускім. Таму калі на пачатку ХХ ст. паўстала задача адраджэння беларускай мовы, то асноўная апора была на жывую гаворку народа і на ўзнаўленне занядбаных літаратурна-пісьмовых традыцый. Значны ўклад у развіццё грамадска-палітычнай і афіцыйна-справавой лексікі зрабілі ўдзельнікі палітычных рухаў, культурна-асветніцкіх, дабрачынных і іншых аб’яднанняў і суполак.
У 20-я гады ХХ стагоддзя разгарнулася інтэнсіўная распрацоўка і ўпарадкаванне беларускай нацыянальнай тэрміналогіі, і справавой у тым ліку. Наколькі грунтоўна рыхтаваліся тэрміны, паказвае невялічкая даведка-прадмова, змешчаная ў зборніку «Беларуская навуковая тэрміналогія. Выпуск 10». (Мінск, 1926): «Апрацаванне тэрміналогіі права навукова-тэрміналагічная камісія даручыла ў верасні 1921 года члену камісіі Міколу Гуткоўскаму; апрацаваны ім праект тэрміналогіі быў першы раз разгледжаны і прыняты ў Тэрміналагічнай камісіі гуманітарнае секцыі Інстытута беларускае культуры ў ліпені 1924 года ў складзе Якуба Коласа, Янкі Купалы, Язэпа Лёсіка, Сцяпана Некрашэвіча, Уладзіслава Чаржынскага і Міколы Гуткоўскага».
Пасля рэарганізацыі Інстытута беларускай культуры тэрміналогія права была другі раз перагледжана ў камісіі. У час перагляду былі зроблены некаторыя папраўкі. Разам з тым камісія імкнулася, каб тэрміналогія адпавядала жывой мове народа і была зразумелая ўсім куткам Беларусі.
Пасля рэдакцыйнага перагляду тэрміналогіі ў правапісна-тэрміналагічнай камісіі Інстытута беларускай культуры тэрміналогія яшчэ раз была перагледжана асобнай секцыяй, дапоўнена новымі тэрмінамі, і гэтыя дапаўненні, а таксама спрэчныя пытанні былі канчаткова ўзгоднены з правапісна-тэрміналагічнай камісіяй. Пераважная большасць тэрмінаў права і грамадазнаўства замацавалася ў моўнай практыцы. У прыватнасці, вытрымалі выпрабаванне часам словы, звароты, ужытыя ў назвах дзяржаўных устаноў, органаў улады. Напрыклад: выканаўчы камітэт, дзяржаўнае выдавецтва, замежныя справы, сацыяльнае выхаванне і інш.
У 20-я гады выйшлі з друку кнігі, прысвечаныя справаводству. «Падручнік справаводства сельскіх і местачковых саветаў. Выпуск першы» (Мінск, 1926), складзены на аснове падручніка справаводства, «шырока ўжыванага ў РСФСР». Аналагічна рыхтаваўся «Падручнік справаводства раённых выканаўчых камітэтаў. Выпуск першы». У гэтыя кнігі ўвайшлі агульнае справаводства, адміністрацыйнае, паштовае справаводства, узоры трафарэтаў, штампаў і інш., паказаны парадак вядзення агульнага справаводства па адзінай сістэме, парадак «выдання дазваленняў, пасведчанняў і справак».
Такім чынам, узоры папер, дакументаў, распрацаваныя ў рускім справаводстве, пераносіліся на беларускую глебу. Нацыянальная спецыфіка канцылярскіх папер выяўлялася галоўным чынам у іх лексічным напаўненні, у марфалогіі і сінтаксісе афіцыйных запісаў, тэкстаў. Апрача агульных тэрмінаў справаводства, ужываюцца шматлікія больш прыватныя словы і выразы: уступныя і выходныя паперы; адрасаваць на ўстанову або на службовую асобу па яе пасадзе; мы, ніжэйпадпісаныя; давераная асоба; хадайніцтва; выдаткі; абвестка; загад і інш. Замацоўвалася беларуская тэрміналогія і ў кнізе Сяргея Серады «Дзелавод. Узоры афіцыяльных папер, слоўнік тэхнічна-канцылярскіх выразаў і іншыя патрэбныя ў дзелаводстве веды» (Мінск, 1926). Вось некалькі прыкладаў: даручэнне на атрыманне грошай, пасведчанне асабовае, заява, запіс аб нараджэнні і інш. Такім чынам, афіцыйна-справавы стыль – адзін са стыляў, які пачаў развівацца яшчэ ў перыяд ВКЛ, а асновы сучаснай справаводчай тэрміналогіі пачалі вызначацца ў 20-я гады ХХ ст.