Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

bel_lit / 46. Постмадэрнізм

.docx
Скачиваний:
29
Добавлен:
08.06.2015
Размер:
30.46 Кб
Скачать

2. Постмадэрнізм і беларуская літаратура (Васючэнка)

Існуе некалькі вэрсій тлумачэньня такой зьявы, як постмадэрнізм.

Паводле адной зь іх, постмадэрнізм зьяўляецца працягам мадэрнізму (пра тое ўскосна сьведчыць ягоная назва). Сапраўды, асобныя рысы мадэрнізму паўтараюць сябе ў найноўшай культурнай сытуацыі (суб’ектывізм, экспэрымэнтальнасьць, антытрадыцыяналізм, эпатажнасьць). Але ёсьць істотнае адрозьненьне: постмадэрністы не намерваюцца сваімі творамі пераствараць карціну сьвету — ні ў якім, нават у дэфармаваным выглядзе. Можна сказаць і пра дэкляраваную постмадэрністамі дысфункцыянальнасьць найноўшага мастацтва, якое створана, здаецца, толькі дзеля таго, каб самааднаўляцца.

Паводле другой з вэрсій, постмадэрнізм узьнік як альтэрнатыва або антытэза дачынна мадэрнізму. Як азначалася вышэй, ён падкрэсьлена антыфункцыянальны, антыідэалягічны, антыгнасіялягічны, антыдыдактычны. Ён далёкі ад стварэньня творчых канонаў, праграм, плятформ, не ўтварае “клясыкі” (у агульнапрынятым значэньні гэтага слова), бо, маючы антыгіерархічны характар, не вылучае з свайго кола шэдэўраў або ўзораў на перайманьне.

Паводле трэцяй вэрсіі, постмадэрнізм не мае генэтычнай сувязі з мадэрнізмам, а зьвязаны зь ім сінхраністычным спосабам і некаторымі момантамі тыпалягічнага падабенства.

Прымаючы за аснову трэцюю вэрсію, прапаную ўласную фармулёўку постмадэрнізму.

Постмадэрнізм я разумею не як стыль і не як кірунак, а як унівэрсальную гісторыка-культурную сытуацыю мяжы ХХ—ХХІ стст., зьвязаную з адчуваньнямі пераходнасьці, крызыснасьці, вычарпанасьці быцьця.

У літаратуры гэтае адчуваньне можна выказаць наступным чынам: усё ўжо было. Найбольш пераканаўча і ляпідарна гэтую зьяву пераказаў Х.Л.Борхес у сваім эсэі “Чатыры цыклы”. Ён пералічыў чатыры асноўныя матывы, да якіх зводзіцца сума створаных ува ўсясьветнай літаратуры тэкстаў: гісторыя гораду, які атакуюць і які абараняюць героі (“Іліяда”); гісторыя вяртаньня героя (“Адысея”); гісторыя пошуку (“Арганаўтыка”); самагубства бога (Атыс, Асырыс, Тамуз, Хрыстос).

“Гісторый усяго чатыры, — даводзіць Борхес. — І колькі б часу нам не засталося, мы будзем пераказваць іх — у тым або іншым выглядзе”. Сваё выказваньне Борхес дапаўняе ўласнай літаратурнай практыкай, у якой стае прыкладаў кантамінацыі старых сюжэтаў, зьвязаных зь літаратурнай містыфікацыяй, пераказваньнем агульнавядомых матываў.

З той тупіковай для дітаратуры сытуацыі, якой пабачыў яе Борхес, праглядаюцца прынамсі два спосабы выйсьця.

Першы — пошук прарыву ў новую культурную сытуацыю, свайго кшталту канструяваньне “пятага цыклу”.

Другі — вяртаньне да старых тэкстаў, сэнсаў, зьместаў і сюжэтаў літаратуры з дапамогай той практыкі, якую Ж.Дэрыда вызначыў як “дэканструкцыю”.

З адсутнасьці канца шляху постмадэрністы паварочваюцца назад — тварам да старой літаратуры — і перайначваюць яе. Вось чаму постмадэрнізм можна параўнаць з амялой, якая цягне сокі з дрэва. Дрэва старой літаратуры будзе жыць і без амялы, а яна бязь першай ня можа.

Але ёсьць у амяле нейкія чары, што вабілі да яе Ўладзімера Караткевіча і Джорджа Фрэзэра.

Такім чынам, дэкляраваная другаснасьць — адметная рыса постмадэрновай творчасьці.

У творчасьці беларускіх літаратараў, на якіх мы будзем спасылацца, шмат праяў, зьвязаных менавіта з постмадэрнізмам. І хаця значная частка аўтараў адмаўляе сваю прыналежнасьць да постмадэрнізму, а некаторыя наагул не прызнаюць постмадэрнізм за рэальную культурную зьяву, мы будзем усё ж больш давяраць іх творчай практыцы. Постмадэрнізм як унівэрсальная літаратурная сытуацыя захоплівае ўвесь працэс, у той або іншай ступені датычыцца кожнага з сучасных аўтараў.

Азначаная вышэй другаснасьць выяўляецца ў творчасьці многіх аўтараў, хоць стаўленьне да старой літаратуры ў іх адрознае.

Для некаторых зь іх прынцып дэканструкцыі зьяўляецца нагодай для стварэньня бурлескава-парадыйных твораў, што, між іншым, ня ёсьць адступленьнем ад беларускай літаратурнай традыцыі, дзякуючы якой мы маем паэмы “Энэіда навыварат”, “Тарас на Парнасе”, “Сказ пра Лысую Гару” і г.д.

Аб’ектам для парадыяваньня або травэстацыі ў гэтых аўтараў, як правіла, робяцца творы старой беларускай літаратуры, школьнай клясыкі, агульнавядомыя тэксты (“А хто там ня йдзе?” Ігара Сідарука).

Ахвотна пераніцоўваюцца творы “бээсэсэраўскай” эпохі (“Хлопчык і копчык” Андрэя Хадановіча).

Больш складаную інтэрпрэтацыю старых сюжэтаў і літаратурных фактаў прадэманстраваў у зборніку “Шлях-360” Алесь Разанаў, перапоўніўшы паэтычныя тэксты алюзіямі і далёкімі асацыяцыямі, дэшыфроўка якіх уяўляе зь сябе надзвычай складаную задачу.

Дэканструкцыя спараджае літаратурныя каляжы, мазаікі, фрагмэнтарныя гіпэртэксты, ператвараючы гэты від творчасьці ў своеасаблівую “гульню шкляных пацерак”. Каб быць паўнавартасным удзельнікам гэтай гульні, трэба мець шырокую культуралягічную, філялягічную эрудыцыю. Апошняя характэрна для асобы паэта-інтэлектуала Андрэя Хадановіча, у чыёй паэзіі значнае месца займае інтэртэкстуальнасьць.

Элемэнты гульні ўласьцівыя літаратурна-крытычным праектам Юрася Барысевіча. Яны паўстаюць у выглядзе мрояў пра літаратурныя тэксты, большасьць зь якіх ніколі ня будзе створана. Праўда, часткова лятункі Ю.Барысевіча ажыцьцявіліся праз выданьне зборніка “Друкапісы”.

Экспэрымэнт з абжываньнем нязвыклай прасторы назіраецца ў п’есе (“SMS-п’ес-Цы”) Алеся Анціпенкі і Аксаны Спрынчан, пэрсанажы якой, Філёзаф і Паэтка, вядуць нясьпешную гутарку пра існасьць марнага і марнасьць існага з дапамогай мабільнай сувязі.

Паэтычныя практыкаваньні Юрася Пацюпы выдаюць на доўжаньне традыцыі М.Багдановіча — паэта, які спрабаваў “віно” новай беларускай літаратуры пераліць у “мяхі” старых літаратурных форм.

Эпатажнай палемікай з “жывымі клясыкамі” літаратуры і іхнымі тэкстамі споўнены раман Зьмітра Вішнёва “Трап для сусьліка”.

Дэканструктыўнае стаўленьне да старой літаратурнай традыцыі часам набывае прыкметы татальнай гіроніі, праявы якой назіраюцца ў прозе Ільлі Сіна, Альгерда Бахарэвіча.

Неадменныя спадарожнікі літаратурнай гульні — правакацыя і містыфікацыя. Правакацыйнымі паводле ўжо самой задумы зьяўляюцца “чорныя”, “белыя”, “празрыстыя” ды іншыя аркушы Алеся Туровіча. Яны апэлююць да эстэтычнай памяці рэцыпіента, у якой ужо занатаваліся “квадраты” К.Малевіча.

Стварэньне вакол сябе арэолу шматлікіх псэўданімаў — містыфікацыйны прыём, вынайдзены Лявонам Вольскім, аўтарам паэтычнага зборніка “Калідор”.

Момант містыфікацыі заўважны і ў выданым Леанідам Галубовічам зборніку “Апошнія вершы Леаніда Галубовіча”.

Містыфікуе й зборнік паэткі Аксаны Спрынчан “Вершы ад А.”, назва якога і зьмест перагукаюцца з цыклам Леаніда Дранько-Майсюка “Вершы да А.”, ствараючы падвойную паэтычную загадку.

Працягам літаратурных містыфікацый у пазалітаратурнай прасторы зьяўляюцца пэрфомансы, аўтарамі і ўдзельнікамі якіх паўстаюць пісьменьнікі. Пазытыўны сэнс такіх паказаў бачыцца ў мадэрацыі літаратуры, павелічэньні яе здатнасьці запаўняць сабою жыцьцёвую прастору. На беларускай глебе прыжылася й такая дэмакратычная форма паказу, як слэм.

Постмадэрнізм выглядае, такім чынам, ня пудзілам, а, хутчэй, дадзенасьцю, якую можна пазначыць і іншым, менш страшлівым словам. Ён не адвечны. Філёзафы кажуць ужо, што постмадэрнізм саступіў сваё месца новай эпосе мультыкультуралізму.

За словамі і тэрмінамі варта шукаць існасьць, сэнс і пэрспэктывы. А пэрспэктыва, на мой погляд, у тым, каб літаратура пачала больш эфэктыўна выконваць сваю жыцьцятворчую місію. Замкнёнасьць літаратуры на самой сабе істотна абцяжарвае гэтую задачу.